Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Пра трываласць беларускай рэлігійнай традыцыі (епіскап Іяакім Цехановіч Цеханавецкі) 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 01-11-2019,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Пра трываласць беларускай рэлігійнай традыцыі // Слонімскі край. 2019. № 10(44). С. 14-15.; 2019. № 11(45). С. 12-14.

Спампаваць




У 1839 г. была скасавана царкоўная унія.

Ліквідатары беларускай царквы спадзяваліся, што разам з ёй ў нябыт сыдуць і беларускія нацыянальныя рэлігійныя традыцыі. Пасмяротны лёс шанавання памяці грэка-каталіцкага епіскап Пінскага і Тураўскага ў 1716-1719 г. Іяакіма Цехановіча [1] (?- 04.04.1719) - паказальны прыклад трываласці гэтых беларускіх традыцый. Уладыка Іяакім, як пісаў базыльянін і царкоўны гісторык Ігнат Сцябельскі, вызначаўся вялікай богабаязню і святасцю жыцця. Епіскапам быў толькі тры з паловай гады, аднак у вачах людзей і Бога стаў святым.

На старонцы Jeronim Oleg Hrim былі змешчаныя фота мошчаў Цехановіча.

Яшчэ уніяты дасталі парэшткі свайго епіскапа са склепа пад Успенскім саборам у Жыровіцах. Абгрунтоўвалі тым, што ў сне камусьці з манахаў ён сам нібыта загадаў гэтак зрабіць (раней у гэтай жа капліцы пэўны час перахоўваліся мошчы св. Язафата Кунцэвіча) [2]. Царкоўны гісторык XIX ст. Мікалай Дзікоўскі пацвердзіў, што парэшткі епіскапа Цехановіча былі адкрыты для народа на загад царкоўных уладаў, бо «Цехановіч з'явіўся ў сне аднаму пабожнаму старцу - манаху Жыровіцкага манастыра, а потым настаяцелю і іншым манахам» [3].

Але ксёндз Уладзіслаў Талочка паведамляў, што калі ачышчалі склепы пад саборам ад пахаваных там законнікаў-базыльянаў і свецкіх людзей, дык былі знойдзеныя ў непарушным стане парэшткі грэка-каталіцкага епіскапа Іяакіма і перанеслі іх у царкву Успення [4]. Таксама кс. Талочка пісаў, што «можа і не трэба расказваць пра ўсялякія надпрыродныя феномены, якія пацвердзілі б і ўгрунтавалі веру ў святасць епіскапа, але калі праз пэўны час адкапалі і адчынілі яго труну, вачам прысутных прадставіўся ўражлівы від: цела ўладыкі Іяакіма не падвяргалася разлажэнню, што, аднак, не з'яўляецца яшчэ доказам святасці, але павінна было б прымусіць царкву вывучыць справу бліжэй» [5]. Не на карысць версіі Талочкі кажа тое, што труну епіскапа не маглі выкапаць, бо труны жыровіцкіх базыльянаў проста ставіліся ў нішы каменных сутарэнняў, дзе яны тлелі, і на спарахнелыя парэшткі потым маглі паставіць новую труну [6].

У 1893 г. Мікалай Дзікоўскі стан шанавання парэшткаў епіскапа апісаў так: «У адным з унутраных памяшканняў жыровіцкай саборнай царквы знаходзяцца нятленныя парэшткі Іякіма Цехановіча, Пінскага і Тураўскага уніяцкага епіскапа. Яшчэ зусім нядаўна гэтыя парэшткі стаялі ў храме цалкам адчыненыя і да нятленнага аблічча епіскапа прыкладаліся паломнікі, якія прыходзілі ў Жыровіцкі манастыр» [7].

У 1930-я г. парэшткі пінскага епіскапа абследаваў кс. Уладзіслаў Талочка. Ён пісаў: «На тле нястомных і дзіўных атак у прэсе і ў вусных выступах нашай моцна русіфікаванай праваслаўнай царквы на ўсё, што хоць трошкі можна нагадаць пра унію, ці дазваляе дапусціць, што унія не была гэткая ўжо і нядобрая, здзіўляе тое, што праваслаўны народ разам з духавенствам у такім важным асяродку як Жыровіцы, здаўна шануе святыя мошчы грэка-каталіцкага пінскага і тураўскага епіскапа Іяакіма Цеханавецкага (ці Цехановіча) ... Асаблівасцю гэтага культу ёсць тое, што ні аўтар (архірэй Паісій?) апошняй брашуры пра цудоўным абраз Маці Божай Жыровіцкай і манастыр, ні жыровіцкія прапаведнікі ніводным словам не згадваюць, што святы ўладыка Іяакім быў самым прававерным грэка-каталіцкім епіскапам. Па-праўдзе, спасылаюцца часам на класічнага ў гэтай галіне аўтара Сцябельскага, але не называюць нават імя епіскапа Іяакіма каб прадухіліць любую цікаўнасць праваслаўных вернікаў да прадмету культу. Выглядае гэта так, як быццам яны жадаюць сказаць праваслаўным беларусам, якія цягнуцца да Жыровіцаў: дазваляем вам толькі маліцца да "святителя Божего" Іяакіма, але не дазваляем вам ведаць, ні кім ён быў, ні ў ва што верыў, пра што думаў і што любіў, дзе і як працаваў… Усё гэта "од лукавого" і таму - "не рассуждать" і баста» [8].

Талочка пакінуў цікавейшае і, верагодна, адзінае апісанне парэшткаў Іяакіма Цехановіча, якое я не магу не працытаваць цалкам: «Ад галоўнага ўваходу ва Успенскі сабор у Жыровіцах, знутры з правага боку, ёсць каплічка, у якой пад харамі ў склепе знаходзяцца парэшткі ўладыкі Іяакіма... Цікава, што грэка-каталіцкаму епіскапу да нашага часу праваслаўныя адпраўляюць паніхіду: штогод па два раза - 4 красавіка (дзень смерці епіскапа) і 9 верасня (дзень імянін). З якой мэтай гэта робіцца? Не хочацца верыць, што тут прысутнічаюць выключана ўтылітарныя моманты.

Парэшткі маюць колер цёмнага воску. Працэс муміфікацыі іх насамрэч вельмі цікавы. Як мне непасрэдна ўдалося ўстанавіць, час пашкодзіў парэшткі нязначна. Ногі высахлыя, аднак рукой прамацваюцца закамянелыя цягліцы і лыткі, якія маюць таўшчыню сустава рукі чалавека. Жывот нават ад лёгкай пстрычкі выдае рэха. Немагчыма даведацца, ці былі парэшткі набальзаміраваны, але, здаецца, не былі. Каб катэгарычна адказаць на гэтае пытанне, трэба было б вывучыць унутранасці, што не хацелася рабіць з-за павагі да памерлага, тым больш, што для гэтага трэба было б рэзаць епіскапскія шаты. Галава не злучана з тулавам, што трэба аднесці да часоў нямецкай акупацыі, калі немцы абшуквалі жыровіцкія цэрквы. Скура на галаве захавалася толькі ў некалькіх месцах, але твар, вушы, шыя ў добрым стане. Відавочна, што, як і заўсёды бывае, у носе выкрышыліся берагі ноздраў. Захаваліся вокавыя яблыкі. Вусны высахлі і агалілі вельмі здаровыя зубы. Захаваліся губы, яны нават маюць кармінавае адценне. Шыя выглядае так, што магла б дапамагаць пры вывучэнні анатоміі. Часткова захаваліся нават павекі вачэй.

Не бяруся судзіць, ці гэта прыродная з'ява, ці надпрыродная?

Добра, каб агульны культ святога епіскапа Грэка-каталіцкай царквы яднаў два веравызнанні беларусаў. Аднак дарога да гэтага вядзе праз замоўчванне праўды, і хоць праўда ў кароткатэрміновым плане не патрэбная, але з-за інфармавання народа стане актуальнай» [9].

Капліца, дзе захоўваюцца мошчы, знаходзіцца з правага боку ад галоўнага ўваходу ў сабор, але насамрэч не пад хорамі - яны месцяцца проста над уваходам. І трэба ўдакладніць, што ў праваслаўнай царкве па Іяакіму Цехановічу служыліся паніхіды, як па спачылым, а не малебны, як належала б святому.

А. Каламыцкі паведаміў, што у 1964 г. намеснік манастыра архімандрыт Антоні (Мельнікаў - будучы мітрапаліт Мінскі) у сваёй магістэрскай дысертацыі «Жировицкий монастырь в истории западных русских епархий» прывёў гістарычныя звесткі пра епіскапа Іяакіма і яго шанаванне. Паніхіды па Іяакіму служыліся да пачатку 1990-х г., калі, як засведчылі тагачасныя студэнты духоўнай семінарыі, здарыўся прыкры выпадак. У 1991 г. у новаадкрытую (у 1989 г.) Мінскую духоўную семінарыю з Маскоўскай быў прысланы выкладчык царкоўных спеваў у сане дыякана. Ён быў вельмі абураны фактам знаходжання мошчаў уніяцкага епіскапа ў саборы праваслаўнага манастыра і надумаў іх скрасці каб выкінуць у возера. Трапіць у капліцу пры зачыненых дзвярах можна было толькі праз прахон з боку хораў, дзе даволі высока. Кажуць, што няўдалы злодзей зламаў сабе нагу, пасля чаго вольны прыступ да мошчаў быў зачынены і паніхіды па Якіму перасталі служыцца [10]. Успамін пра гэтыя мошчы з тае пары знік з памяці вернікаў, але мясцовае шанаванне мошчаў працягваецца ў асяродку манахаў і студэнтаў, якія маюць паслушэнства несці дзяжурства ў храме. Сярод шанавальнікаў мошчаў называюць архімандрыта Мітрафана (Ільіна), які меў рэпутацыю празарлівага старца (зараз, пасля смерці, пачынае складвацца яго культ як святога), і былога архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стафана (Карзуна), які ў канцы 1980-х г. быў намеснікам манастыра і першым рэктарам семінарыі. Студэнты сведчылі, што архімандрыт Мітрафан перыядычна арганізоўваў прыкладванне да мошчаў - цалаванне панагіі (нагруднага абраза Божай Маці).

Як і раней, шанаванне мошчаў уніяцкага епіскапа адукаванымі вернікамі РПЦ МП дзіўным чынам лёгка сумяшчаецца з іх асабістымі рэзкімі антыўнійнымі перакананнямі пры афіцыйнай экуменічнай пазіцыі кіраўніцтва іх арганізацыі [11].


Пра уніяцкага епіскапа Іяакіма Цехановіча (ці Цеханавецкага) вядома не шмат. Галоўнай крыніцай інфармацыі пра яго з'яўляецца рукапісны тэкст Яна Аляшэўскага, напісаны ў выглядзе некралога на 4 старонках [12] які з'яўляецца частка працы гісторыка з кароткімі біяграфіямі 125 базыльян. Гэты тэкст (ці яго копія) раней знаходзіўся ў адным з рукапісных зборнікаў бібліятэкі Міхаіла Каяловіча. Зборнік уключаў у сябе каштоўныя для навукі дадзеныя па гісторыі уніяцкай царквы і меў назву: «Pominnik, abo wizerunek smiertelnosci ludzkiej ww. Oyców i Braci zmarłych, celnieyszyh tylko y Prałatow w Zakonie S. bazylego w. począwszy od roku 1686 aż do roku 1721». У XIX ст. гэтымі матэрыяламі карысталіся гісторыкі Шчарбіцкі, Крачкоўскі і Хрусцевіч [13].

Іяакім, у свеце Ян Язафат Цехановіч, паходзіў з багатага шляхецкага роду Цехановічаў, якія валодалі вялікімі маёнткамі ў Пінскім старостве. Бацька Іяакіма, Станіслаў Цехановіч - пінскі падкаморы, маці - Канстанцыя з Мацкевічаў. Ян Язафат меў роднага брата Антона [14]. Хлопчык рана застаўся без бацькоў пад апекай сваёй бабулі, пінскай падкамарыны, Кацярыны Пясецкай з Гедройцяў [15], жанчыны суровай і славалюбівай.

Магчыма, з-за суровага бабулінага выхавання, а можа з-за прыроднай схільнасці да самотнага, сузіральнага жыцця, Іяакім рана пачаў думаць аб лёсе манаха і вырашыў уступіць у базыльянскі ордэн: «З інспірацыі Святога духа меў жаданне і схільнасць да таго, каб уступіць не ў любы, а толькі ў наш ордэн. З-за гэтага бабуля... была вельмі незадаволена і на пачатку моцна яго абражала і не слухала яго размовы... Але ён не дазволіў сябе адгаварыць, не адступіў перад яе воляй і ўступіў у ордэн. Прыняў хабіт у навіцыяце і пачаў жыць манаскім жыццём» [16].

Без ведама і згоды бабулі шаснаццацігадовы юнак пакінуў родны дом і стаў навіцыям Быценскага манастыра. Яго апякунка бабуля, калі даведалася дзе знаходзіцца яе ўнук, запатрабавала ад ордэна аддаць яго. Зразумела, што базыльяне выканалі законнае патрабаванне апякункі. Але разам з Іяакімам накіравалі да бабулі Андрыяна Фабрыцыя, высокаадукаванага чалавека (theology rzymski), які павінен быў правесці перамовы са строгай апякункай. На пачатку пінская падкамарына нават не жадала чуць пра манаства ўнука, а загадала зняць з яго манаскі хабіт і апрануць у кароткую мужыцкую світку. Яна выкарыстала ўсе сродкі, каб унук не стаў манахам: «Яна трымала яго ў роспачы пры сабе, рознымі спосабамі гідзіла яго, дапускала розныя глумленні і насмешкі. Гэта ўсё ён мусіў самотна зносіць, бо яго ўсе пакінулі. Даходзіла нават да таго, што рабіліся яму розныя спакусы: да маладога хлопца прысылаліся дваровыя панны, каб жартамі і смехам адвадзіць ад пабожнага жыцця, чынілі яму пабудкі ці рабілі раскошныя святы. Але калі гэта ўсё не дапамагло, бабулі прыйшлося сцішыць свае намеры, бо не магла яна перамагчы» [17].

Тут трэба зрабіць адступленне і ўспомніць лёс св. Тамаша Аквінскага, да якога таксама, каб адвадзіць ад манаскага жыцця, сваякі накіроўвалі дзяўчат «лёгкіх паводзін». Маладога Тамаша, які паходзіў з вельмі шляхетнай сям'і і хацеў стаць манахам, «браты злавілі... разарвалі жабрацкае адзенне, звязалі і замкнулі ў вежы, як вар'ята… … Зняволенню ён падпарадкаваўся, мабыць яму было не так важна, дзе разважаць - у вежы ці ў келлі. ... Толькі адзін раз ён выйшаў з сябе; ні раней, ні пазней ён так не гневаўся. ... Бура вырвалася з вежы разважанняў і сузіранняў, у якой ён звычайна жыў. Было гэта тады, калі браты падаслалі да яго размаляваную блудніцу, жадаючы застаць яго знянацку і спакусіць ці хаця б увесці ў спакусу» [18]. Вось такія паралелі.

Але, як заўважыў аўтар тэксту пра Іяакіма Цехановіча Ян Аляшэўскі: «Ён нудзіўся без жыцця ў ордэне і нецікавымі былі святы, якія для яго рабіла бабуля. Таму яна вярнула яму хабіт ордэна, які меў для яго вельмі вялікі і глыбокі сэнс, бабуля не змагла павярнуць яго ў свой бок і страціла надзею пераканаць» [19].

Не маючы яшчэ і поўных 18 гадоў, ён прымае пострыг у Жыровіцкім манастыры. Перад гэтым Цехановіч робіць запіс на 40 000 злотых на карысць базыльянскага ордэна «для Славы Божай і для распаўсюду уніі» - грошы пайшлі базыльянскую сістэму адукацыі. Сума была забяспечана на палове фамільных маёнткаў Цехановічаў - Драгічыне, Жубчыцах (абодва ў Пінскім павеве) і Слохах (застаўная маёмасць на Падляшшы) [20]. У Яна Аляшэўскага чытаем: «Гэты запіс ухваліў і прызнаў Трыбунал ВКЛ. Дамовіўшыся пра пажыццёвыя умовы, ён дазволіў пасля сваёй смерці ордэну… трымаць яго маёмасць ажно пакуль запісаная сума не будзе выплачана» [21].

Дараванне ордэну вялікай сумы грошай выклікала незадавальненне ў сям'і будучага епіскапа. Нам вядома, што 4 кастрычніка 1705 г. протаархімандрыт ордэна выступіў з пратэстацыяй супраць іску пінскай падкамарыны (бабулі Іяакіма) «аб гвалтоўнай забароне на ўступленне ў наш ордэн а. Язафата Цехановіча, падкаморыча пінскага і надання 40 тысяч зл[отых] ордэну» [22].

Тым не менш будучы епіскап дамогся свайго і «пасля заканчэння няволі ў доме, з-за марнасці для яго здрадлівых пастак гэтага свету, зноў Богу свайму хоча служыць і едзе з айцом Фабрыцыям у Быцень, каб самавіта і з усёй руплівасцю зноў вучыцца ў навіцыяце... ЯВ епіскап (Парфірый Кульчыцкі, пінскі і тураўскі епіскап у 1703-1716 г. - Л. Л.) у 1706 годзе аднавіў яго ў ордэне» [23].

Іяакім нейкі час вучыўся ў езуіцкай школе пры Мінскім манастыры, «потым быў адтуль хутка ўзяты ў Жыровіцы і высвечаны ў дыяканы, і толькі тады пасмеў паехаць да бабулі. Яна ўбачыла яго як законніка і дыякана, і адчыніла яму сваё сэрца і ад таго часу, забыўшы ўсё ранейшае, зноў палюбіла ўнука. Яе сэрца радавалася, яна атрымала вялікую духоўную ўцеху і супакоілася, калі ўбачыла каля алтара... яго разам з епіскапам падчас рочнай службы» [24].

У 1709 г. на Бельскай кангрэгацыі базыльянскі ордэн прымае 40 000 злотых ад Цехановіча «на школы» [25].

Пасля атрымання сану дыякана, Іяакім паступае ў Віленскі папскі алюмінат вывучаць філасофію. У Вільні падкаморыч ахвяруе вялікую суму Св.-Троіцкаму манастыру, і на гэтыя грошы базыльяне робяць у манастырскай царкве алтар св. Язафата Кунцэвіча: «У 1710 г. на грошы, ахвяраваныя а. Іяакімам Цехановічам, які ў той час вучыўся ў Віленскім алюмінаце, зроблены алтар св. Язафату ва ўсім падобны на алтар Божай Маці» [26].

Іяакім Цехановіч два года вывучаў цыкл логікі і фізікі [27], але «хутка зразумеў, што філасофія яму цяжкая для разумення» [28]. Таму пакінуў алюмінат і вярнуўся ў Жыровіцы, дзе атрымаў сан іераманаха. На Віленскай генеральнай базыльянскай кангрэгацыі (у 1713 г.) ён прызначаецца суперыёрам Холмскага манастыра. Недалёка ад гэтага манастыра знаходзіліся маёнткі пінскага падкаморыча. Іяакім кіруе манастыром «добра і пабожна» і, хоць не шукае «гонару і ўлады», атрымлівае ад пінскага епіскапа Парфірыя Кульчыцкага годнасць пінскага афіцыяла [29], але і пасля гэтага застаецца ўзорам манаскага жыцця для братоў ордэна [30].

16 чэрвеня 1716 г. памірае пінскі і тураўскі епіскап Парфірый Кульчыцкі. Трэба заўважыць, што епіскап быў вельмі адукаваным чалавекам, "perfect" у славянскіх мовах, у латыні і французскай мовах, вёў вельмі простае, беднае і багалюбівае жыццё ў невялікім фальварку Храніў пад Пінскам.

Цехановіч вытрымлівае канкурэнцыю за епіскапскую кафедру з Лаўрэнціем Сакалінскім (ён потым стаў Смаленскім архіепіскапам) і Максіміліянам Вятрынскім (у 1717 г. ён стаў протаархімандрытам базыльянскага ордэна, але ў 1719 г. страціў гэтую пасаду, пасля чаго ўцёк за мяжу і ў Швейцарыі прыняў кальвінізм). У 1717 г. у Супраслі Цехановіча хіратаніравалі на епіскапа Пінскага і Тураўскага. Але «дорага каштавала нябожчыку гэта епіскапія, нямала за яе выдаткавана тысяч, нямала засталося запазычанасцяў, якімі былі абцяжараны яго маёнткі». Потым стрыечныя браты Цехановіча праз суд атрымалі ад мітрапаліта Льва Кішкі 50 000 злотых, якія той узяў у Іяакіма за Пінскую епархію [31]. Заўважу, што ў той час у Еўропе гэтак рабілася паўсюдна і плата за пасаду з'яўлялася нормай.

Епіскап Іяакім 15 верасня 1717-га напісаў ліст літоўскаму канцлеру Каралю Станіславу Радзівілу з прапановай аб вызваленні духавенства яго епархіі ад абавязку ваеннай кантрыбуцыі.

Ананімны Ян Аляшэўскі піша, што Цехановіч меў слабое здароўе, да якога потым «дадавалася слабасць і немач, ён часта хварэў. Брат... Антоні Цехановіч, з якім яны ад адной маці паходзілі, у тым жа 1719 годзе неспадзявана пайшоў з гэтага свету, апярэдзіўшы свайго брата на 7 ці 8 тыдняў» [32].

Да таго ж, стрыечныя браты Геранім і Тамаш Цехановічы, нягледзячы на бацькоўскі падзел маёмасці, захапілі епіскапа маёнткі: «Захапіўшы двор, нерухомую маёмасць з ураджаем, быдлам і з усімі гаспадарчымі прыладамі, яны сваіх жонак у гэты двор прывезлі» [33].

Епіскап Іяакім не жадаў абвастрэння сітуацыі і планаваў дзейнічаць толькі праз суд. Смерць роднага брата і паводзіны стрыечных братоў, якія захапілі маёнткі, падарвалі слабое ад прыроды здароўе епіскапа. У поўнай прытомнасці, прычасціўшыся, ціха і мірна Іяакім Цехановіч памёр 29 красавіка 1719 г. ў сваім невялічкім маёнтку каля Пінска. Яго парэшткі былі перавезены ў Жыровіцы і «з усей пабожнасцю…» пахаваны ў фамільным склепе [34].

Пасля смерці епіскапа стрыечныя браты судзіліся з базыльянамі аб ахвяраваных ордэну 40 000 злотых, і ў выніку з маёнткаў, якія адышлі ім пасля смерці епіскапа Іяакіма, выплацілі толькі 18 000 злотых [35].


Іяакім вёў строгае, дбайнае і святое жыццё. І таму не дзіўна, што пасля смерці пачаў развівацца культ епіскапа. Развіццё культу было прыпынена скасаваннем уніі, але нават і ў праваслаўнай царкве існавалі перадумовы для яго зараджэння і нават узмацнення. Тым не менш культ Іяакіма як святога канчаткова мог бы сфармавацца толькі ў больш спрыяльных гістарычных абставінах - у сваёй царкве. Але доўгае рэха памяці пра грэка-каталіцкага епіскапа выклікае вялікую цікавасць як наогул да развіцця культу святасці ў народнай свядомасці, гэтак і да асобы самога епіскапа.



[1] Таксама можа быць як Іахім (Якім, Яўхім) Цеханавецкі.

[2] Каламыцкі А. Некалькі заўвагаў (да артыкула кс. Ул. Талочкі «Уладыка Іяакім») // Наша слова. 2019. № 30 (1441), 24 ліпеня.

[3] Диковский Н. Іоаким Цеханович, епископ Пинский и Туровский (1717-1719) // Литовские епархиальные ведомости. 1893. №39. С. 328.

[4] Soloduch Ad. Władyka Joachim // Pregląd Wileński. 1937. № 6. (Ad. Soloduch - псеўданім кс. Уладзіслава Талочкі).

[5] Soloduch Ad. Władyka Joachim // Pregląd Wileński. 1937. № 6. S. 6.

[6] Каламыцкі А. Некалькі заўвагаў (да артыкула кс. Ул. Талочкі «Уладыка Іяакім»).

[7] Диковский Н. Іоаким Цеханович, епископ Пинский и Туровский… С. 326.

[8] Soloduch Ad. Władyka Joachim ... S. 6.

[9] Там жа. S. 6-7.

[10] Як не тут не ўзгадаць словы апостала Паўла: «Не падманвайце сябе: Бог не дазволіць насміхацца з сябе» Ліст да Галатаў 6:7.

[11] Каламыцкі А. Некалькі заўвагаў (да артыкула кс. Ул. Талочкі «Уладыка Іяакім»).

[12] Санкт-Пецярбургскі інстытут гісторыі Расійскай акадэміі навук (СПб ІГ РАН). - Аддзел рукапісаў. Ф. 52. Воп. 1. Спр. 324.

[13] Диковский Н. Іоаким Цеханович, епископ Пинский и Туровский… С. 326-327.

[14] Акты Виленской археографической комиссии. Т. XI. Вильна, 1880. С. 364.

[15] Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 11. Вильна, 1874. С. 297.

[16] СПб ІГ РАН. Ф. 52. Воп. 1. Спр. 324. Арк. 35.

[17] Там жа.

[18] Честертон Г. Вечный человек. СПб., 2004. С. 335.

[19] СПб ІГ РАН. Ф. 52. Воп. 1. Спр. 324. Арк. 35 адв.

[20] Дарственная запись Пинского подкоморича Иосафата Цехановича на школу при Жировицком

базильанском монастыре, 20 августа 1705 г. // Акты Виленской археографической комиссии. Т. XI., Вильна, 1880. С. 364-366.; Запись данная Яном Цехановичем Виленскому Св.-Троицкому монастырю на 40 т. зл., 20 августа 1705 г. // Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 10. Вильна, 1874. С. 297-299.

[21] СПб ІГ РАН. Ф. 52, Воп. 1. Спр. 324. Арк. 35 адв.

[22] Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 10. Вильна, 1874. С. 216.

[23] СПб ІГ РАН. Ф. 52. Воп. 1. Спр. 324. Арк. 35 адв.

[24] Там жа.

[25] Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 12. Вильна, 1900. С. 158.

[26] Материалы для истории православных и униатских монастырей в Западной России. Отрывки из дневника Виленского св. Троицкого монастыря с 1671 па 1755 гг. // Литовские епархиальные ведомости, 1868, № 20. С. 893.

[27] Wereda D. Biskupi unickiej metropolii kijowskiej w XVIII wieku. Siedlce-Lublin, 2013. S. 44.

[28] СПб ІГ РАН. Ф. 52. Воп. 1. Спр. 324. Арк. 36.

[29] Афіцыял - святар высокага рангу, якому епіскап даручаў ажыццяўляць у царкве кананічную судовую ўладу ад свайго імя.

[30] СПб ІГ РАН. Ф. 52. Воп. 1. Спр. 324. Арк. 36.

[31] Диковский Н. Іоаким Цеханович, епископ Пинский и Туровский… С. 327-328.

[32] СПб ІГ РАН. Ф. 52. Воп. 1. Спр. 324. Арк. 37.

[33] Там жа.

[34] Там жа.

[35] Диковский Н. Іоаким Цеханович, епископ Пинский и Туровский… С. 328.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX