У сярэдзіне XIII ст. мангола-татары здратавалі Кіеўскую Русь. Падчас татарскага нашэсця былі спалены гарады, разбураны храмы і манастыры, насельніцтва было перабіта або ратавалася ў лясах, а моладзь выведзена ў палон. Пры спусташэнні татарамі Кіева згінуў без вестак мітрапаліт Іосіф, ён быў забіты ці вярнуўся да сябе на радзіму ў Візантыю. Кафедра мітрапаліта пуставала. Скарыстаўся гэтым становішчам холмскі епіскап Іоасаф, ён абвясціў сябе мітрапалітам кіеўскім. Аднак галіцкі князь Данііл Раманавіч, у валадарствах якога знаходзілася епіскапія Іоасафа, адабраў у яго епіскапію. Далей, у 1242 г., князь Данііл абраў на мітрапалічы пасад нейкага Кірыла, верагодна аднаго з ігуменаў мясцовых манастыроў, і даручыў яму кіраванне Кіеўскай мітраполіяй, у 1250 г. патрыярх высвяціў яго на кіеўскую кафедру. Кірыл не пасяліўся ў Кіеве, дзе была яго кафедра, а адправіўся ў горад Уладзімір-на-Клязьме. Вялікім князем тут быў Аляксандр Яраславіч, які ўгаварыў мітрапаліта Кірыла пасяліцца ў сваім горадзе і ўладкаваць тут сваю кафедру.
Пасля скону мітрапаліта Кірыла ў 1281 г. яго пераемнікам стаў мітрапаліт Максім, грэк, ён сканаў у 1305 г. Кіеў і Галіцыя былі вельмі незадаволеныя перасяленнем мітрапаліта на паўночны ўсход. Незадаволены гэтым былі і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Кіеў быў святым горадам, і таму лічылася, што мітрапаліт павінен мець сваёй сталіцай Кіеў і жыць у ім. Таму галіцка-валынскі князь Юры Львовіч звярнуўся да канстанцінопальскага патрыярха з просьбай прызначыць адмысловага кіеўскага мітрапаліта. Пра гэта ён прасіў і візантыйскага імператара. Патрыярх Афанасій I і імператар Андранік Старэйшы Палеолаг выканалі просьбу Юрыя Львовіча і ў 1303 г. узвялі ў сан мітрапаліта для Галіча мясцовага біскупа Ніфонта, верагодна грэка па нацыянальнасці. Галіцкая мітраполія склалася з сямі епархій якія знаходзіліся ў Валынска-Галіцкім княстве і ў Беларусі.
Калі мітрапаліт Ніфонт неўзабаве памёр, князь Юры Львовіч адправіў у Канстанцінопаль для прызначэння ў сан мітрапаліта свайго выбранніка ігумена манастыра Пятра. У той жа час у Канстанцінопаль для прызначэння мітрапалітам "усяе Русі" прыбыў стаўленік цвярскога князя Міхаіла Гяронцій. Патрыярх прыняў абодвух кандыдатаў і ў 1308 г. высвяціў Пятра не для Галіча, як таго жадаў князь Юры, а для ўсёй Русі, а Гяронцію адмовіў. З-за палітычных складанасцяў Пётр пасяліўся ў Маскве. З часам тут утварыўся новы царкоўны цэнтр. Жывучы ў Маскве, мітрапаліты працягвалі зваць сябе тытулам "Кіеўскі і ўсяе Русі". З кананічнага пункта гледжання самавольнае перанясенне епіскапскай кафедры ў іншы горад забараняецца царкоўнымі правіламі (гэта забараніў Карфагенскі сабор правілам 71 (82)). Згодна з гэтым правіламі, мітрапаліт Пётр не павінны быў перасяляцца з Кіева ў Маскву.
Невядома калі ідэя высвячэння літоўскага мітрапаліта ўпершыню абмяркоўвалася візантыйскімі ўладамі, або калі яе прапанавалі вялікія князі ВКЛ (Віцень ці Гедзімін), але царкоўны разлад заахвоціў вялікага князя літоўскага прасіць канстанцінопальскага патрыярха заснаваць у яго дзяржаве адмысловую мітраполію. Прафесар Е. Галубінскі пісаў, што "ў адным са спісаў каталога архірэйскіх кафедраў, складзенага пры імператары Андраніку Палеолагу Старэйшым (1282-1328), чытаецца гістарычная заўвага, што Літва … зроблена адмысловай мітраполіяй пры згаданым імператары Андраніку і пры патрыярху Яну Глікісу". Патрыярх Ян XIII Глікіс (Салодкі) заняў пасад патрыярха ў траўні 1315 г. Літоўская мітраполія атрымала нумар 82 і таму з'явілася пасля Галіцыйскай правінцыі, якая мела нумар 81 і была заснавана ў 1303 г. Аўтар кнігі "Уздым Літвы" С. Роўэл лічыць тэрмінам заснавання Літоўскай мітраполіі прамежак паміж траўнем 1315 г. - жніўнем 1317 г. Кіраўнік Літоўскай мітраполіі быў, верагодна, высвечаны каля 1316 г., амаль адразу пасля таго, як Ян Глікіс стаў патрыярхам. Гэтага ж меркавання прытрымліваецца большасць навукоўцаў (але называюцца таксама 1317 і 1291 гг.).
Літоўскі мітрапаліт упершыню ўзгадваецца ў жніўні 1317 г. Ён, без пазначэння імя, прысутнічае ў пратаколах канстанцінопальскага патрыярха як удзельнік дыскусіі ў сінодзе наконт межаў некаторых візантыйскіх мітраполій. Гісторыя не захавала імя першага літоўскага мітрапаліта. Але маюцца гістарычныя нататкі ў патрыяршых актах, пра тое, што ў 1329 г. літоўскі мітрапаліт Феафіл засядаў на Канстанцінопальскім саборы. Гэта дае падставу меркаваць, што першым літоўскім мітрапалітам як раз і быў Феафіл, прысвечаны патрыярхам з грэцкага духавенства. Верагодна, у тым жа, ці напачатку наступнага года, ён памёр, бо яго імя больш не згадваецца ў актах патрыярхіі. У летапісах прысутнічае эпізод пра луцкага князя Любарта Гедзімінавіча, які самавольна захапіў маёмасць літоўскага мітрапаліта Феафіла, і мітрапаліт кіевамаскоўскі Феагност прыязджаў у 1331 г. на Валынь адбіраць гэтую маёмасць. Гэты гістарычны факт паказвае, што мітрапаліт Феафіл жыў у сваёй Літоўскай мітраполіі і меў тут маёмасць, якая, зразумела, належала царкве.
Пасля скону мітрапаліта Феафіла канстанцінопальскі патрыярх не прызначыў больш мітрапаліта ў Літву.
Прафесар Карташоў пісаў, што ў патрыяршым спісе архірэйскіх кафедраў часоў імператара Андраніка Старэйшага маецца нататка адносна Літоўскай мітраполіі наступнага зместу: "Гэта мітраполія адзін раз заснаваная пры імператары Андраніку Старэйшым, які ахвотна ўзводзіў епіскапіі на ступень мітраполій, потым цалкам скасавана, часткова таму, што ў Літве хрысціян занадта мала, часткова таму, што гэты народ па суседстве з Русю можа быць кіраваны рускім мітрапалітам" . З гэтага дакумента відаць, што маскоўскі мітрапаліт Феагност і Іван Каліта багатымі падарункамі здолелі пераканаць патрыярха закрыць Літоўскую мітраполію на той падставе, што ў ёй мала праваслаўных хрысціян.
Наваградак у XIII ст. асацыяваўся з велікакняскай уладай і таму быў выбраны рэзідэнцыяй для новага мітрапаліта, чыімі суфраганамі сталі тураўскі і полацкі епіскапы. Наогул, Наваградак з'яўляўся найважнейшым цэнтрам хрысціянства ў нашым рэгіёне. Ужо ў ХІІ ст. у горадзе мелася Барысаглебская царква, Успенская (Замкавая) царква заснавана ў ХIV ст. На 1323 г. у ВКЛ існавалі толькі тры каталіцкія храмы - з іх два ў Вільні і адзін у Наваградку. Па некаторых звестках, першы (Францысканскі) касцёл у Наваградку з'явіўся яшчэ пры Віцені. Менавіта тут была закладзена першая ў межах сучаснай Беларусі каталіцкая парафія. Пасля ж стварэння ў 1316 г. Літоўскай мітраполіі, нягледзячы на яе хуткае скасаванне, Наваградак на два стагоддзі становіцца царкоўна-рэлігійным цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага і ператвараецца ў буйны ўсходнееўрапейскі цэнтр праваслаўя.