Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Дыспуты паміж уніятамі і праваслаўнымі ў школьных тэатрах першай паловы XVII ст. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 08-09-2019,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Дыспуты паміж уніятамі і праваслаўнымі ў школьных тэатрах першай паловы XVII ст. // Наша Слова. № 46 (1405), 14 лістапада 2018.



У канцы XV ст. ў заходнееўрапейскай літаратуры з'яўляецца новая форма драматычнай творчасці - школьная драма і камедыя. Езуіцкія і піярскія калегіюмы ў Беларусі таксама шырока практыкавалі школьныя тэатры, якія мелі практычныя мэты: палепшыць веданне моладзю лацінскай мовы, прывучыць да рыторыкі ў публічных месцах, навучыць жэстам і патрэбнай міміцы.

Школьныя п'есы мелі моцны рэлігійна-маральны змест. Сюжэты выдумляліся або браліся са свяшчэннай гісторыі, легендаў, жыццяў святых, або свецкай гісторыі (часцей грэцкай ці рымскай). Таму школьная драма часта мела многа супольнага з старажытнымі містэрыямі. П'еса пісалася на лацінскай мове, а яе часткі - пралогі, хоры, эпілогі - на народнай мове. Апрача таго на народнай мове пісаліся інтэрмедыі, якія ставіліся між актамі п'есы, каб даць магчымасць публіцы, зморанай нуднай школьнай драмай крыху пасмяяцца і адпачыць душой, а выкладчыкам і вучням пераставіць дэкарацыі і падрыхтавацца да другога акту. Інтэрмедыі - гэта невялічкія жывыя сцэнкі, змест гэтых вясёлых сцэнак браўся з смешных гісторый, народных анекдотаў ці проста з народнага побыту. Дзейнымі асобамі тут былі ўжо не багі, не каралі, не святыя і не антычныя героі, а - сяляне, цыганы, яўрэі, жаўнеры ды іншыя прадстаўнікі гарадскога або вясковага простага люду.

У Нямеччыне ўжо ў пачатку XVI ст. смешныя сцэнкі на нямецкай мове ўстаўляліся ў лацінскі тэкст школьных п'ес. Езуіты спачатку не дазвалялі рабіць гэткія ўстаўкі на народнай мове, але потым не толькі дапусцілі іх, а нават узаконілі ў сваіх падручніках і пакінулі пасля сябе шмат гэткай літаратуры.

З-за таго, што мовай нашага простага народу была мова беларуская, дык і інтэрмедыі, якія ставіліся ў нашым краі пісаліся галоўным чынам па-беларуску. Тут людзі ніжэйшага стану, як напрыклад селянін, яўрэй, цыган, гаварылі заўсёды па-беларуску, але ролі асоб, якія жылі сярод вышэйшых класаў і ўжо паспелі навучыцца польскай мове напісаны па-польску. Як прадстаўнік больш адукаваных персанажаў з шырокім светапоглядам па-польску вельмі часта размаўляў і чорт [1].

Школьныя спектаклі ставіліся ў Вільні ад 1574 г., у Пінску ад 1662 г., у Наваградку ад 1681 г., у Мінску ад 1692 г., у Слуцку ад 1715 г., у Нясвіжы ад 1723 г. і г. д. [2]

Школьныя інтэрмедыі Эўстаха Пылінскага ад 1651 г. з Гародні, якія захаваліся ў рукапісах, вывучаліся вядомымі даследчыкамі П. О. Марозавым, А. Брукнерам і Я. Ф. Карскім. Гэтыя інтэрмедыі даюць унікальную магчымасць непасрэдна, праз крыніцы XVII ст., дакрануцца да спрэчак паміж уніяцкімі і праваслаўнымі нізамі грамадства. Просты беларус Іван ў ёй чалавек неадукаваны, баіцца забабонаў, але хітры і мае добрае пачуццё гумару. У інтэрмедыі сацыяльны стан Івана на латыні вызначаецца як «rusticus» ці «colon».

У камедыі аб Іосіфе «Comoedia de Jacob et Joseph Patriarchis» спектакль пачынаецца з таго, што ў школьную залу ўваходзіць селянін (rusticus) - беларус Іван і, пабачыўшы шмат публікі, здзіўлена пытаецца школьных вартаўнікоў:

- Панове, што за дзела будуць тут дзелаці, ці ня свадзьбу на месцы сём будуць скакаці?

Вартаўнік (aulicus) адказвае яму па-польску:

- Ja wiem, lecz tobie darmo nie powiem, Iwanie[3].

Вартаўнік паведамляе Івану, што будзе нешта тлумачыць селяніну толькі тады, калі ён адкажа на некалькі пытанняў. Іван заўважае, што сам ён ведае мала, але яго бацька, быў цівуном, чалавекам шляхетным ( ciwun wielmi zaczny), ведаў усю азбуку, і не толькі «рускую» але і «польскую». Тады вартаўнік пытаецца ў Івана, што ёсць Бог і што ёсць слаўная унія. З адказам на пытанне пра Бога Іван блытаецца, а пра унію кажа, што «унія ёсць Прачыстай родная сястра, так мой бацька, старой веры, казаў». Вартаўнік лаецца і кажа, што унія - гэта злучэнне з сапраўднай верай і пытаецца якая вера лепшая - уніяцкая ці схізматычная? «Добра наша вера уніяцкая, ды такі, праўду мовячы, лепша ляцкая ды й «koniackaia» (каталіцкая - Л. Л.), бо што лях, або «вонят», то й панок, а што «усьмятык» (схізматык), то мужык лядашчо. Ды што-ж, такі й добра: па Сеньку шапка. Мужыком - добрая мужыцкая вера, сабака зьесьць і бяз солі. Старая наша вера, праўда, ды й чорт не малады...» [4]. Карскі адзначаў, што Марозаў у сваёй кнізе [5], нарабіў памылак пры расчытванні рукапісу і прывёў свой варыянт гэтага тэксту, я цытую менавіта варыянт Карскага. У варыянце Марозава (менавіта яго цытуе Аляхновіч), апошняя фраза гучыць як «старая наша вера, праўда, ды й свет не малады», і такім чынам Іван як быццам ўзвышае «усьмітыцкую» веру.

У тэксце, прачытаным Карскім, Іван называе унію сваёй верай але, падобна, ён яшчэ вагаецца, паміж двума канфесіямі.

Пасля гэтай інтэрмедыі пачынаецца сама п'еса, у часе якой Іван, седзячы між публікі, голасна робіць свае заўвагі і весяліць слухачоў, якім, верагодна не цікава глядзець нудную маральную лацінскую драму.

Пасля п'есы замест эпілогу пачынаецца другая інтэрмедыя «Intermedium de Schysmatico et Vnito Catholico», напісаная прозай. Уніят пачынае пераконваць схізматыка (гэта ўжо не Іван), каб той перайшоў на уніяцтва.

Уніят кажа:

- Вельмі цябе люблю, мой мілы суседзе, як гарчыца мёд, хачу каб ты быў у небе, гдзе сласно, гдзе хорашо, гдзе мудро; а так «зостань» воніятам, бо уніяцкая вера сьветлая, глыбокая, харошая ...

Схізматык:

- ... Што гаворыш (закрэслена), як казёл на ваду гледзячы, ежэлі ваша вера й высока, й глыбока, а хрэнжа яе дасягнець? Ежэлі сія вера сьветая, то нам грэшным да няе ся не прыступіць.

Уніят:

- Што сяк нізка пан ся на веру смеяў? [6] Зараз цябе пачну кіем тесаці і так соб'ю, как горкае яблоко. Не пляці кашэляў, Гаўрыла-дурніла: вера наша добра, бо Богу любая, людзём спасенная.

Але і гэты аргумент з перспектывай «кіем цесаці на горкае яблыка» «дурніла» не ўспрымае, бо адказвае:

- Нехай будзе Богу хвала, чорту трасця? Я вонятам ня буду, бо бацькі мае не былі, а також хлеб ядалі, півцо півалі с карчмы не бывалі; што-ж мне гэтая прынесець вера? Обороніть мяне од усего злого светы ...

Уніят пачынае пужаць схізматыка пякельнымі мукамі:

- Стой, постой, суседзе, прійдзе на цебе суд Божій, прыйдеть з мёртвых повстаньне, будзеш не раз верашчаті, крычаті, клекаці будзеш крічаті ойе, леле, ойе, леле! ... будеш у пекле еслі схізмы не пакінеш!

- Што-ж - адказвае прастадушна мужык - ды і ў пекле я туды ж пажывлюся: водіцы прынясу, дравец нарубаю, так-такі хлебцем сыт буду ... [7]

Уніят дасягае мэты, калі, пужаючы селяніна пякелькым агнём, падсоўвае яму запаленую свечку і кажа:

- Вось пакаштуй пальцам, ці смачны вагонь?

Гэты аргумент нарэшце пераконвае мужыка, які крычыць ад болю і згаджаецца на ўсё:

- Ой, леле! Пра-Бог баліць! Да душы-ж баліць! Буду вонятам, есьлі вонья ад пекла бароніць... [8]


Агульным з'яўляецца меркаванне, што сяляне знаходзіліся ў баку ад рэлігійных спрэчак. Гістарычныя крыніцы паказваюць, што супрастаянне адбывалася паміж пратэстантамі і праваслаўнымі брацтвамі з аднога боку і іерархіяй царквы з другога. Тым каштоўней для нас гэтыя сцэнкі ў інтэрмедыях XVII ст. якія адлюстроўваюць спрэчкі на рэлігійныя тэмы сярод сацыяльных нізоў грамадства. Можна дапусціць, што рэплікі персанажаў спісаны з натуры і, не гледзячы на апрацоўку, перададзены больш-менш дакладна.

Не цяжка заўважыць тое што ў абодвух інтэрмедыях дзейнічаюць розныя асобы - Марозаў чамусьці лічыць што Іван і «схізматык» гэта адна і тая асоба. Іван хоць і «rusticus» ці «colon», але бацька яго быў чалавекам шляхетным, адукаваным і нават цівуном. Сам жа Іван ужо чалавек не пісьменны (ці малапісьменны). Такім чынам аўтар п'есы паказвае заняпад «русінскай» адукацыі - у адукаванага бацькі ўжо непісьменны сын, які тым не менш яшчэ ведае пра каштоўнасць адукацыі і цягнецца да яе.

Гісторыкі кажуць, што пасля заняпаду Заходне-Рымскай імперыі думкі, падобныя на думкі Івана, мелі нашчадкі рымлян. Яны ганарыліся адукаванымі продкамі, але самі ўжо былі непісьменныя. У сваёй папулярнай кнізе «Канец і зноў пачатак» Леў Гумілёў, яўна цытуючы кагосьці з ранейшых гісторыкаў, прыводзіць словы тыповага нашчадка рымлян пра сваіх суседзяў - нашчадкаў варвараў: «Ну што з гэтымі ... размаўляць, дзікі ж народ, адвага ў іх, вядома ж, ёсць, але і мы не з гліны злеплены ... . Іншая справа - я прыйду да сваёй матроны, пагавару з ёй пра Сідонію Апалінарыю ці пра Лукіана, а калі нават я нічога гэтага не ведаю, дык усё адно ў мяне дзед усё гэта ведаў (як шмат хто ў нас цяпер кажуць: «Я французскай мовы не ведаю, але вось бабуля мая ведала добра», а яны прыкладна гэтак жа казалі пра латынь)» [9].

І верагодна, беларус Іван таму і ўніят, бо паважае веды і цягнецца да адукацыі. Ён зрабіў свой выбар, і таму яго бессэнсоўна пужаць пякельнымі пакутамі.



[1] Аляхновіч Ф. Беларускі тэатр. Вільня, 1924. С. 23-29.

[2] Там жа. С. 24.

[3] Там жа. С. 32-33.

[4] Карский Е. Ф. Белорусы. Очерки словесности белорусского племени. Ч. 2. Старая западно-русская письменность. Т. 3. Петроград, 1921 г. С. 216-217.

[5] Морозов П. О. История русского театра. Том 1. С. Петербург. 1889. С. 68-69.

[6]У Марозава: «Што сяк выскепаўся на веру сьвятую»

[7] Морозов П. О. История русского театра до половины XVIII столетия. С. 69.

[8] Карский Е. Ф. Белорусы. Очерки словесности белорусского племени. Ч. 2. С. 219.

[9] Гумилёв Лев. Конец и вновь начало. Москва, 2008. С. 130.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX