Іосіфінізм быў адным з накірункаў навуковай думкі ў нашым краі. Але ці існаваў іосіфінізм наогул? Перш чым адказаць на гэтае пытанне, трэба паведаміць чытачам, што азначае гэты тэрмін. Тэрмін утвораны ад імя імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Іосіфа II (1765-1790) і азначае царкоўна-палітычную сістэму, якая зрабіла залежным каталіцкі касцёл ад дзяржавы [1]. Сэнсам іосіфінізму было ўмяшанне дзяржавы ў чыста касцельныя справы, іх бюракратычнае трактаванне і выкарыстанне свецкай улады для аслаблення манархічнага падмурка касцёла - улады папы Рымскага.
Свае паўнамоцтвы Іосіф II прасунуў гэтак далёка, што браўся вырашаць, напрыклад, тое, колькі свечак павінна гарэць на алтары ў касцёле падчас набажэнства і г. д. Таму імператар застаўся ў памяці нашчадкаў пад мянушкай « брат-сакрыстыян» (bruder-sakristian), якую накінуў на яго Фрыдрых Вялікі.
Бадай першым напісаў аб прадмеце нашага артыкула Бялінскі ў 3-м томе свайго «Віленскага ўніверсітэта». Падаючы жыццяпіс прафесара Клангевіча [2], які выкладаў маральную тэалогію, гісторык асветы піша пра яго наступнае (на с. 222-223):
«Трэба праясніць адну акалічнасць - ці праўда тое, пра што пішуць Сямашка, Плацыд Янкоўскі, Галубовіч, Малішэўскі і іншыя выхаванцы Галоўнай семінарыі, а потым вучні Клангевіча, ці праўда, што гэта ён сваім выкладаннем схіліў іх да скасавання уніі і прыняцця праваслаўя. Што Клангевіч выступаў супраць злоўжыванняў папскай улады і рабіў гэта свядома і рупліва, працуючы з крыніцамі, каб на падставе новых дадзеных дапоўніць Клюпфеля (Engelbert Klüpfel, тэолаг - Л. Л.), які як іосіфініст, не прызнаваў вяршэнства папы. Часткова гэта павінна быць праўдай, бо біскупы Лікоўскі і Сымон цытавалі ў сваіх працах адпаведныя кавалкі з тэкстаў Сямашкі і Зубко, ніяк іх не каментавалі, што азначае згоду з тым, што Клангевіч у сваіх меркаваннях пра ўладу папы пайшоў далей нават за іосіфіністаў. Асабіста для мяне меркаванне біскупа Сымона з'яўляецца вельмі важкім, бо архіў былога тэалагічнага факультэта знаходзіўся ў Пецярбургу, у духоўнай рыма-каталіцкай акадэміі, і біскуп пісаў свае каштоўныя манаграфіі, грунтуючыся на гэтых архівах. Таму ён мусіў мець ясныя доказы таго, што Клангевіч вінаваты, а вышэй названыя паны - Сямашка і Зубко пісалі пра свайго прафесара праўду. Не спыняючыся на вядомым, звернемся з катэгарычным пытаннем да вучняў Клангевіча - неўніятаў. Нядаўна памёршы ў Вільні біскуп Людвік Здановіч, запэўніў мяне, што ўсё, што пішуць пра Клангевіча, ёсць абсалютнай фальшу, насамрэч Клангевіч, маючы таго жа Клюпфеля і Даненмайра (Dannemayer, тэолаг - Л. Л.) за настаўнікаў, не толькі не шукаў новых аргументаў, каб пацвердзіць антыкаталіцкія думкі Клюпфеля, а наадварот, звяртаў увагу сваіх вучняў на вынікі, да якіх можа давесці гэтае вучэнне, калі ў Божую навуку ўводзяць свецкія думкі і часовыя інтарэсы. Біскуп Здановіч, якога нельга абвінаваціць у тым, што ён забыўся аб пра тое, што ўсялякая ўлада ад Бога, цвердзіў - Клангевіч быў сапраўдным католікам, а ўсялякія ўспаміны пра яго лекцыі з'явіліся пасля смерці прафесара. Пры тым мемуарысты, абапіраючыся на сваё становішча, былі ўпэўненыя, што ніхто не адважыцца крытыкаваць іхнія погляды, бо ведалі, што гэткая крытыка будзе лічыцца дзяржаўным злачынствам».
Далей, на старонках 224-225 працы Бялінскага чытаем: «Візітатары … вельмі паважалі Клангевіча, і таму ён не мог быць нават патаемным іосіфіністам і паціху, на-вуха, выкладаць уніятам, будучым архірэям-мемуарыстам, асновы іосіфінізму, а ўголас для большасці студэнтаў казаць іншае і лічыцца ультрамантаністам [3]. Бо мэтай візітатараў было сачэнне за тым, каб тэалогія выкладалася ў поўнай чысціні. Адзінае, што кажа супраць Клангевіча, гэта падручнікі, якія ён выкарыстоўваў. Клюпфель, напрыклад, ставіць новых тэарэтыкаў-тэолагаў другой паловы XVIII ст. вышэй, чым Альберта Вялікага, Тамаша Аквінскага ці Банаветуру - гэтых Клюпфель не лічыць паважанымі крыніцамі, адкуль малады тэолаг можа чэрпаць сваю навуку. У Даненмайра, напрыклад, знаходзім тэксты па гісторыі касцёла ў Сярэднявеччы і гісторыі папства, якія цалкам ідэнтычныя з поглядамі пратэстантаў і таму не могуць знаходзіцца ў каталіцкіх падручніках. Для гісторыка, які вывучае віленскі тэалагічны факультэт, наяўнасць гэтакіх падручнікаў з'яўлялася абуральным. Не будзе ён разбірацца ў тым, што пісаў Сямашка, а што казаў біскуп Здановіч, але зробіць адпаведныя высновы супраць Клангевіча. Для гісторыка гэтых фактаў дастаткова - гэткія падручнікі не маглі выкарыстоўвацца ў справе выхавання сапраўдных каталіцкіх перакананняў у студэнцкай моладзі і таму Клангевіч вінаваты. Так вырашыць гісторык. Я не гісторык і таму магу мець іншыя меркаванні. Па-першае, чаму лекцыі Клангевіча звялі з прамой дарогі толькі некалькі уніятаў, а пераважная рэшта слухачоў засталася вернай касцёлу? Натуральна, што выкладчык, маючы ў сябе агідныя падручнікі, звяртаў ўвагу студэнтаў на гэтыя памылкі ў іх, пра што і казаў біскуп Здановіч, а ўвесь курс лекцый, які склаў сам і які потым перайшоў да наступнага выкладчыка з яго кафедры Фялкоўскага, быў цалкам каталіцкім. Дастаткова гэты курс прачытаць (пэўна захоўваецца ён у Пецярбургскай духоўнай акадэміі), і праўдзівасць маіх вывадаў будзе пацверджана».
Адначасова з Клангевічам выкладаў Капэлі (Capelli, юрыст, тэолаг - Л. Л.), юрыст родам з Фларэнцыі. Бялінскі пісаў пра яго на старонцы 130: «Універсітэцкай моладзі падабаўся ліберальны накірунак яго лекцый. Адзін з яго вучняў, Сямашка, захапляўся прафесарам, бо той саркастычна расказваў пра злоўжыванні рымскага духавенства. Пра гэтыя злоўжыванні ён расказваў не пабожна, а саркастычна ці з абурэннем. Таму не зразумела, чым захапляўся Сямашка. Архіепіскап Зубко, таксама вучань Капэлі, быў упэўнены, што адкрыў Амерыку, калі пішучы пра гэтага выкладчыка ў сваіх успамінах (Русский Вестник, 1864. С. 300.), паведаміў, што Капэлі першым растлумачыў справу фальшавання дэкрэтаў Ісідора. Але сам Капелі, публічна перад вялікай колькасцю прафесараў расказваў пра гэтую справу на сваёй першай лекцыі - пачынаючы з XV ст. ні для каго не было таямніцай фальшаванне некаторых з дэкрэтаў Ісідора» [4].
Прафесар Галанскі, згодна з Бялінскім (с. 180.) «не дазваляў біскупам умешвацца ў справы Галоўнай семінарыі, бо лічыў, што тэалагічны факультэт карыстаецца прывілеямі папы Рыгора XIII, які не дазваляе біскупам рабіць гэта. Такое тлумачэнне з'яўляецца сілком прыцягнутым да справы, бо віленскі тэалагічны факультэт ніколі не быў незалежным і першыя дзвесце гадоў наўпрост залежаў ад генерала ордэна езуітаў».
Пра прафесара Гусарэўскага (с. 202.) ведаем тое, што ён быў ворагам метадаў схаластыкі што ў той час лічылася вялікім лібералізмам. Гэты прафесар напісаў шэраг крытычных прац, якія спаліў за некалькі гадзін да смерці. Студэнтаў прыахвочваў да самастойных даследаванняў, і гэта можна разумець і так, і гэтак.
З вышэй пададзеных цытат бачна, што Бялінскі не толькі падае крыніцы, але таксама спрабуе зрабіць высновы, датычныя іосіфінізму. Вартай справай з'яўляецца супастаўленне меркаванняў нашага гісторыка навукі з высновамі кс. Курчэўскага, які пісаў свае апошнія гістарычныя працы пазней і таму мог ахапіць больш інфармацыі для сінтэзу. Ён непрафесійны гісторык і вельмі паблажлівы суддзя гістарычных постацяў, але ў гэтай справе, як убачым, выказваўся дакладна і востра.
У кнізе «Віленскае біскупства» на старонках 350 і 352 ён наступнымі словамі характарызуе тэалагічны факультэт віленскага ўніверсітэта:
«Акрамя прыродных здольнасцяў, таленту і ведаў, на тэалагічным факультэце ў выбітных прафесараў універсітэта з'явіўся ліберальны дух і накірунак супрацьлеглы асновам і догматам каталіцкага касцёла. Міхал Баброўскі, як прафесар св. пісання больш дбаў пра літару тэксту і этымалагічнае тлумачэнне, чым пра дух і меркаванні айцоў і экзэгетаў касцёла. Клангевіч, як прафесар дагматыкі, тлумачыў Клюпфеля, які быў пранікнуты духам рацыянальна-іосіфініскім і лічыў св. Тамаша, Альберта Вялікага і іншых схаластаў, аўтарамі варварскай тэалогіі [5]. У сваіх лекцыях сцісла падаваў асновы каталіцызму і больш увагі прысвячаў агульнахрысціянскай тэалогіі. Як гісторык, трымаўся яшчэ горшага накірунку Даненмайра, які нападаў на адвечныя асновы касцёла, адкідваў павагу да айцоў касцёла і аспрэчваў прымат папы. Хоць Клангевіч і стараўся прыбраць крайнія высновы сваіх папярэднікаў, аднак вучні, пранікнутыя вальтэрыянска-іосіфініскім духам, у сваім разуменні прасоўваліся яшчэ далей, чым таго жадаў сам прафесар. Таксама звернем увагу на прафесара кананічнага і цывільнага права Капэлі, чалавека свецкага, здольнага, знаўцу моваў і добрага юрыста, але наскрозь пранікнутага гальскім духам вольнасці і іосіфінізму. Калі звернем увагу на тое, як гэты чалавек вострымі выразамі высмейваў павагу да папы, біскупаў і сабораў, паўтараў трызненні ворагаў касцёла і пры гэтым вучыў духавенства, дык зразумеем, што факультэт тэалогіі зрабіў фатальны ўплыў на сваіх студэнтаў: не будзе нас дзівіць гісторыя Сямашкі і Зубко [6], уніяцкіх епіскапаў, якія адпалі ад сваёй царквы. Капэлі атачала захапленне, і ён пасля трыццацігадовай працы, ушанаваны ордэнамі і з поўнымі кішэнямі грошай, вярнуўся ў Італію. На яго партрэце слухачы напісалі: "Viro eximio, praeceptori optimo!" ( лац. "Чалавек незвычайных дасягненняў, лепшы настаўнік". - Л. Л.)
Прафесараў гэтых слухалі не толькі студэнты тэалагічнага факультэта, але і галоўнай семінарыі. Мы разумеем вынікі гэтай працы, але для ўсіх яны сталі відочнымі пазней.
Пад канец дзейнасці тэалагічнага факультэта паміж факультэтам і міністрам з'явілася праблема ў справе падручнікаў для катэхізацыі. Факультэт, як найвышэйшая інстытуцыя ў краі, павінен быў назіраць за выкладаннем рэлігіі ва ўсіх школах, але выкладанне рэлігіі вялося без ніякіх праграм. Сестранцэвіч [7] разам з міністрам прапанавалі ўніверсітэту скласці падручнікі на ўзор аўстрыйскіх. Складанне дагматычнага катэхізіса было даручана прафесару Баброўскаму, а звычайнага (аскетычнага) катэхізіса - Скідэлю. Катэхізіс Скідэля ў 1829 г. быў зацверджаны, а падручнік Баброўскага міністр адхіліў, бо той утрымліваў небяспечныя ці непатрэбныя, па яго разуменні, догматы, напрыклад: аб паданні, аб папе, аб клятвах, аб ерэтыках, аб параўнанні блюзнераў з яўрэямі, што ўкрыжавалі Хрыста і г. д. Было загадана падручнік скараціць, і Баброўскі скараціў, на колькі мог, сваю працу, пакінуўшы ў ёй толькі шкілет і ў такім выглядзе прадставіў для апрабацыі … Аднак усё скончылася нічым, бо ў 1832 г. універсітэт быў зачынены».
Пасля скасавання віленскага ўніверсітэта месца тэалагічнага факультэта заняла Духоўная акадэмія, дзе працягваў выкладаць іосіфініст Капэлі і яго калегі. Кс. Курчэўскі піша пра гэта: «Змена назвы і часткова асобаў, не памяняла ліберальны дух і накірунак, які дажыў ажно да закрыцця Акадэміі». У жніўні 1842 г. Акадэмія была перанесеная ў Пецярбург.
Уплыў іосіфінізму на погляды Клангевіча адчуваўся і потым, калі былы прафесар заняў біскупскую кафедру. Пра яго кіраванне Курчэўскі з асцярогай піша на старонцы 67: «Калі ў некаторых адозвах бачым разыходжанне з фундаментальнымі прынцыпамі кананічнага права, дык гэта часткова можна растлумачыць пануючымі ў той час акалічнасцямі, часткова, ратаваннем таго, што яшчэ можна было ўратаваць».
Курчэўскі меў на руках акт аб перадачы рускім уладам касцёла св. Казіміра ў Вільні [8]. Цяжка сабе ўявіць, што адчуваў Клангевіч, падпісваючы гэты акт, але прыкра бачыць што ў допісе біскупа на акце, адсутнічае нават самы малы пратэст.
Кс. Курчэўскі пра абаронцу Клангевіча, яго вучня біскупа Здановіча кажа, што «быў гэта шырока вядомы муж вялікага розуму і сапраўднай цноты, але няўстойлівага характару. Гэта няўстойлівасць у рашучыя хвіліны, памяншала яго постаць у шэрагу заслужаных мужоў» (с. 74.)
Аўтар вельмі цікавых нататак пра віленскую дыяцэзію пасля 1863 г., якія яшчэ знаходзяцца ў рукапісе, цвердзіць, што сучасная капітула ў Вільні, за выняткам пралата Казлоўскага (пазнейшага арцыбіскупа), складалася з людзей вучоных, шляхетных і добрай волі, але на жаль, выхаваных у іосіфінізме. З гэтай жа крыніцы даведваемся, што Здановіч, як прафесар семінарыі, без ахвоты, але выконваў пажаданні ўрада.
Іосіфінізм, які панаваў у першай палове XIX ст. на ўніверсітэцкай кафедры, а потым у Духоўнай акадэміі, з'яўляецца тым гістарычным чыннікам, без якога нельга зразумець сумныя падзеі мінулага стагоддзя, якія як ў лацінскім гэтак і ва ўніяцкім абрадах адбываліся ў каталіцкай царкве Літвы і Беларусі.
Апошнія іосіфіністы Літвы і Беларусі пайшлі з гэтага свету ў апошнія дзесяць гадоў [9].
Latovicus [Міхал Ромер] Z dziejów józefinizmu w Litwie // Pregląd Wileński. № 5-6, 11 lutego 1922. S. 7.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
[1] Іосіфінізм (ці язэпізм) - гэтак называлася ўнутраная палітыка, якая праводзілася імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі Іосіфам II у дачыненні да Рымска-каталіцкай царквы і яе ўплыву ў аўстра-венгерскім грамадстве. Іосіф II, праводзячы пэўныя рэформы, выдаваў адмысловыя заканадаўчыя акты, якія падпарадкоўвалі Рымска-Каталіцкую царкву свецкім уладам і вызначалі царкоўную структуру Каталіцкай царквы як адзін з элементаў дзяржавы. Паводле гэтых законаў каталіцкія святары рабіліся дзяржаўнымі службоўцамі і былі абавязаны цалкам падпарадкоўвацца заканадаўству дзяржавы. - Л. Л.
[2] Андрэй Клангевіч (1767-1841), прафесар універсітэта а потым віленскі і брэсцкі біскуп.
[3] Ультрамантанства (ад выраза іт. Papa ultramontano - «папа з-за гор») - у XIX ст. плынь у рымска-каталіцкай царкве, прадстаўнікі якой выступалі за падпарадкаванне нацыянальных каталіцкіх цэркваў папе рымскаму, а таксама баранілі вярхоўную свецкую ўладу папы ад свецкіх гаспадароў Еўропы. Пазней гэтым словам як мянушкай, пачалі абзываць практычна ўсіх нармальных католікаў. - Л. Л.
[4] Ісідор Севільскі (лац.: Isidorus Hispalensis, каля 560, Новы Карфаген, Візантыйская Іспанія - 4 красавіка 636, Севілья) - архібіскуп Севільі ў вестготскай Іспаніі, апошні лацінскі айцец Царквы і заснавальнік сярэднявечнага энцыклапедызму. Кампілятар масарабскага богаслужбовага абраду. У 1598 г. быў кананізаваны Рымскай каталіцкай царквой. Ісідар часта не зусім дакладна выкарыстоўваў урыўкі з Бібліі, але яго велізарны аўтарытэт пазней зрабіў магчымай для іншых неакуратна выкарыстоўваць Пісанне ва ўласных мэтах, што адыграла негатыўную ролю ў гісторыі сярэднявечнай царквы. Сфабрыкаваныя ў IX стагоддзі «дэкрэталіі» былі таксама прыпісаны Ісідору Севільскаму. - Л. Л.
[5] Новае адкрыццё і прачытанне св. Тамаша Аквінскага і іншых вялікіх сярэднявечных тэолагаў адбылося ў XX ст. - Л. Л.
[6] Думаю, што тэарэтычныя меркаванні для гэтых людзей былі другаснымі, неабходнымі толькі, каб схаваць і прыхарошыць сваю прагу да ўлады. - Л. Л.
[7] Каталіцкі біскуп Станіслаў Богуш-Сестранцевіч (1731-1826). - Л. Л.
[8] У 1832 г. гэты касцёл быў зачынены і перароблены пад праваслаўную царкву. - Л. Л.
[9] Маюцца на ўвазе у 1910-20-я гг. - Л. Л.