Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Урачыстасці падчас кананізацыі Св. Казіміра ў Вільні 


Аўтар: Харкевіч Валяр'ян,
Дадана: 14-06-2023,
Крыніца: Харкевіч Валяр'ян. Урачыстасці падчас кананізацыі Св. Казіміра ў Вільні // Наша слова.pdf № 15 (67), 12 красавіка 2023.



Калі пры свеце дня 4 сакавіка 1484 г. свае вочы заплюшчыў каралевіч Казімір, паўсюдная жалоба, боль і смутак ахінулі ўсю Польшчу і Літву. І адначасова нарадзілася вера, што каралевіч, якому не было дадзена ўзяць скіпетр на зямлі, возьме скіпетр уладара душ, стане патронам і заступнікам Літвы.

Св. Казімір, абраз віленскай катэдры, каля 1520.

Ужо пры жыцці каралевіча яго называлі святым і ніхто не сумняваўся, што пасля развітання з гэтым светам ён яшчэ мацней злучыцца з народам, які адчуваў у Казіміры святасць, шчыра і глыбока шанаваў яго. Шчырыя малітвы, якія ішлі з глыбіні сэрцаў, атачалі труну святога. Каб падаць прыклад падпарадкавання Божай волі і ўказаць як належыць паводзіць самаму вернаму слузе Найсвяцейшай Панны, яго бацька, Казімір Ягелончык разам з жонкай Альжбетай і сынамі Янам Альбрэхтам, Жыгімонтам і Фрыдрыхам, запісаліся ў шэрагі брацтва Найсвяцейшай Панны пры Кракаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пасля пахавання ў каралеўскай капліцы віленскай катэдры, магіла каралевіча стала месцам пілігрымак. На ёй здзяйсняліся цуды.

Таму нічога дзіўнага, што распачаліся намаганні аб кананізацыі каралевіча. Браты святога Казіміра, каралі Аляксандр і потым, Жыгімонт І, - у 1501 і 1520 гг. дасылалі ў Рым слыннага пралата (потым біскупа) і знакамітага дыпламата Эразма Цёлка.

Папа Леў X цалкам зычліва паставіўся да справы кананізацыі каралевіча і вызначыў адмысловую камісію, каб даследаваць справу і падрыхтаваць матэрыялы да кананізацыі. На працягу года гэтая камісія закончыла сваю працу і ў 1521 г. на тайнай кансісторыі папа далучыў Казіміра да ліку святых.

Акт кананізацыі быў зацверджаны адпаведнымі дакументамі, якія атрымаў біскуп Эразм Цёлак. Здавалася, справа атрымала добры вынік, але здарылася няшчасце, якое адклала кананізацыю Казіміра амаль што на 80 гадоў. Біскуп Цёлак раптоўна памёр у Рыме - ён стаў ахвярай эпідэміі, лютаваўшай у той час у Еўропе. Дакументы, якія ён меў (а гэта былі арыгіналы) зніклі, і таму трэба было зноў аднаўляць высілкі ў тым жа напрамку, тым больш, што розныя перашкоды не дазволілі хутка апекавацца гэтай важнай справай. Надышлі бурлівыя часы Рэфармацыі, якая гэтак адзначылася ў Літве. Час быў змарнаваны.

Толькі Жыгімонт ІІІ аднавіў высілкі ў Рыме праз дасланага туды энергічнага віленскага каноніка кс. Рыгора Свянціцкага. У 1602 г. папа Клімент XIII, які ў свой час быў легатам у Рэчы Паспалітай і добра арыентаваўся ў нашых справах, загадаў Святой Калегіі знайсці акт кананізацыі, каб нарэшце агалосіць гораду і міру далучэнне дабраславёнага Казіміра да ліку святых і ахвяраваў дасканалую харонгву (абраз) з выявай святога.

З гэтай харонгваю, з булай аб кананізацыі і рознымі дарамі кс. Свянціцкі шчасліва вярнуўся ў Вільню 10 траўня 1603 г. Запанавала агульная радасць, усе прагнулі ўрачыстага святкавання ў гонар новага Патрона, але на гэтых урачыстасцях меў жаданне прысутнічаць сам кароль Жыгімонт ІІІ, і таму арганізацыя свята вымагала вялікай падрыхтоўкі. Прайшоў цэлы год, перш чым віленскі біскуп Бенедыкт Война прызначыў свята на 10 траўня 1604 г.

Аднак кароль не змог прыехаць у Вільню і даручыў канцлеру Льву Сапегу рэпрэзентаваць сваю асобу.

Каб уся Вільня магла ўзяць удзел ва ўрачыстасцях і стаць сведкам дасканалага святкавання, пачаткам свята быў выбраны выхад з касцёла св. Стэфана, які да таго часу толькі што пабудавалі (у 1600 г.) на складкі, сабраныя кс. Шымонам Высоцкім. У касцёле была пастаўлена харонгва, падараваная папам і сюды пацягнуўся натоўп, сфармаваны перад катэдрай. Першымі ішлі рамеснікі, купцы і віленскія месцічы з харонгвамі і абразамі. Рамеснікі, па колькасці цэхаў, стварылі 32 аддзелы, а купцоў было вельмі шмат. За імі ішла прыгожа ўбраная начная варта, узброеная сякерамі і алебардамі. Потым, замыкаючы першую паходную калону, ішлі вучні пачатковай школы касцёла св. Яна.

Наступнымі ішлі брацтвы, ордэны і белае духавенства, якое ўзначальваў віленскі пробашч з вялікай колькасцю асістэнтаў. Пяць брацтваў ішлі незвычайна прыгожа: гэта былі брацтвы Прасвятога сакраманту, патронам якога быў Св. Дыянізі, брацтва краўцоў пад апекай Ваўжынца і Кшыштафа, брацтва рымараў Св. Яна Евангеліста, брацтва слесараў Св. Барталамея і таксама брацтва шаўцоў, якое знаходзілася пад апекай Св. Ганны.

Потым ішла супольнасць віленскіх выкладчыкаў, за імі ішлі ордэны: бернардыны, францішканы, абутыя кармеліты, дамініканы з брацтвамі індывідуальных манахаў, а таксама моладзь катэдральнай школы з пяццю харонгвамі.

Нарэшце, за імі ішоў белы клір - першымі ішлі ўніяты на чале з двума архімандрытамі, за імі лаціннікі з усёй дыяцэзіі. Потым - аркестр, "жаўнеры св. Казіміра" - маладыя людзі, прыбраныя рыцарамі ці анёламі з лілеямі ў руцэ. За імі віленская капітула з біскупамі Пацам і Войнам.

За духавенствам ішлі літоўскія магнаты ў атачэнні вялікай колькасці рыцарства і шляхты. Агульную ўвагу на сябе звярталі самыя знакамітыя дамы, якія падкрэсліваючы сваю сціпласасць і пабожнасць, ішлі закрыўшы твары і пераважна босыя.

Гэтыя калоны перайшлі мост, які злучаў катэдральны плац з Замкавай вуліцай (бо ў той час Віленка цякла каля сучаснай Каралеўскай вуліцы праз пляц і далей - сучаснай вуліцай Арсенальскай), - і прамой дарогай скіраваліся да касцёла св. Стэфана, дзе з прыгожымі прамовамі выступіў кс. Рыгор Свянціцкі, які ўручыў Льву Сапегу харонгву, ахвяраваную папам - Леў Сапега прэзентаваў караля.

Пасля кароткага перапынку і адпачынку людзі зноў пашыхтаваліся ў калоны і выступілі ў бок катэдры. Асабіста канцлер Леў Сапега нёс харонгву св. Казіміра.

Рудніцкая брама, праз якую трэба было прайсці, з фронту была дэкаравана і ўпрыгожана накшталт птушкі, якая ляціць. Насустрач калонам з гэтай брамы выйшла жанчына ў жалобе, яна сімвалізавала сумную Вільню ў роспачы, бо да гэтага часу харонгва яшчэ не аздобіла магілы св. Казіміра і горад не можа яшчэ цешыцца і радавацца свайму святому Патрону. Пра гэта абвяшчалі анёлы з ружамі ці лілеямі ў руках, але праз нейкі час яны пачалі абвяшчаць радасную вестку пра надыход доўгачаканай хвіліны - набліжэнне харонгвы з выявай святога да яго магілы. Жанчына-Вільня ўбачыла натоўпы, пазнала харонгву з выявай святога і, шчаслівая, скінула з сябе жалобныя шаты. У каралеўскіх строях яна вітала радасныя калоны вільнян.

Уласна ў гэты час, калі пад гукі аркестра Леў Сапега пранёс харонгву праз браму, раптоўна ў небе з'явіўся бусел. Зрабіўшы круг, ён знізіўся і апусціўся на харонгву. Здзіўлены народ бачыў, як потым ён узляцеў і знік у далечыні.

Другая, адмыслова пабудаваная брама, знаходзілася на рынку па левы бок ад ратушы. Яна была аздобленая гербамі і эмблемамі, на ёй меліся надпісы, якія навучалі, як праз цнатлівае жыццё наблізіцца да святога патрона. Каля гэтай брамы чакалі 4 постаці і вялі паміж сабой дыялог - яны сімвалізавалі мужнасць, стрыманасць, разважлівасць і справядлівасць.

На Замкавай, каля муроў Акадэміі, за кошт Акадэміі была пабудавана трыумфальная арка. Спаткаць працэсію выйшла постаць Акадэміі ў атачэнні навук: Тэалогіі, Філасофіі, Філалогіі, Красамоўства, Паэтыкі, Гісторыі і Граматыкі [1]. Тут адбыўся дыялог на латыні.

Апошняя трыумфальная арка была пабудавана капітулай каля катэдры. Каля гэтай брамы постаці ў выглядзе анёлаў-вартаўнікоў сямі віленскіх храмаў (катэдры, св. Тройцы, св. Духа, св. Крыжа, Найсвяцейшай Панны (на Пясках), св. Яна і св. Францішка) агаласілі гімны ў гонар св. Казіміра.

Свята закончылася ўрачыстым набажэнствам у катэдры і спевам Te Deum.

Charkiewicz W. Uroczystości kanonizacyjne Św. Kazimierza w Wilnie // Kurier Nowogródzki. № 62, 3 marca 1933.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] Навукі так званага трывіюма - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX