Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Пра зямное жыццё і нябесныя цноты св. Казіміра 


Аўтар: Янкоўскі Чэславаў,
Дадана: 14-02-2024,
Крыніца: Янкоўскі Чэславаў. Пра зямное жыццё і нябесныя цноты св. Казіміра // Наша слова.pdf № 6 (110), 7 лютага 2024.



З пасмяротнай тэчкі Чэслава Янкоўскага

Ягелону з каралеўскага роду не за надта высока было прэтэндаваць на руку дачкі імператара. Імператар Альберт ІІ, рымскі кайзер нямецкай нацыі (Albertus Sefeundus imperator, rumischer Kaiser deutscher Nation), як яго называлі на Дунаі і Рэйне, ахвотна пагадзіўся б на гэта. Лізавета з Габсбургаў, дзяўчына самай шляхетнай Ракускай (Аўстрыю ў нас раней называлі Ракуцы і Ракусы - Цудатворная ікона Маці Божая Тракельская. Л.Л.) крыві, выйшла замуж за трэцяга манарха ў дынастыі Ягелонаў - Казіміра Ягелончыка і была маці таго, каго Бог у сваім правідэнцыяльным провідзе прызначыў нябесным заступнікам нашага краю.

Не скупіўся Бог на дабраславенства дынастыі, якая славілася сціпласцю нораваў і бездакорнасцю цнот. А калі Божая ласка праяўляецца праз шматлікае патомства, дык дастаткова сказаць, што святы Казімір, быў другім дзіцем з адзінаццаці братоў і сясцёр. З яго братоў: Уладзіслаў стаў каралём Венгрыі, а Альбрыхт, Аляксандр і Жыгімонт паслядоўна займалі каралеўскую пасаду ў Польшчы (Аляксандр і Жыгімонт былі і Вялікімі князямі ВКЛ - Л. Л.). Фрыдрых у пурпурнай сутане кардынала займаў арцыбіскупскую кафедру ў Гнезна, а з сясцёр, адна выйшла замуж за герцага Баварыі, другая за маркграфа Брандэнбургскага, трэцяя была княгіняй Памераніі а самая малодшая - жонкай герцага Фрыдрыха ІІ Легніцкага.

Каралевіч Казімір упершыню ўбачыў дзённае святло ў Вавельскім замку 3 кастрычніка 1458 г. Калі яму было шэсць гадоў, бацька-кароль даручыў апеквацца над сваімі сынамі ксяндзу Яну Длугашу, чалавеку высокага інтэлекту, выдатнаму гісторыку, пісьменніку і дыпламату. Длугаш да такой ступені не жадаў пасад, што у свой час адмовіўся ад падканцлерства і арыцыбіскупскай кафедры. Каралевічы разам са сваім прэцэптарам (настаўнікам), "як з другім бацькам" жылі ў замку ў Старым Сончу, у прыгожым Малапольскім краі, дзе Дунаец злучаецца з Попрадам, а калі каралеўскі двор спыняўся ў Вільні, Длугаш са сваімі гадаванцамі цэлыя месяцы праводзіў у Медніцкім каралеўскім замку, за 4 мілі ад Вільні па Ашмянскай дарозе. Каралевіч Казімір вылучаўся такой хуткасцю думкі, прагрэсам у навуках і пільнасцю, што калі ў 1478 г. абставіны склаліся так, што кароль не мог даўжэй заставацца ў Вільні, ён не вагаючыся даверыў свайму дваццацігадоваму сыну Казіміру часова ўзяць кіраванне ВКЛ у свае рукі і мець рэзідэнцыю ў Віленскім замку.

У той час гарачая пабожнасць і рэлігійныя практыкі пачалі ўсё больш паглынаць жыццё каралевіча. Сучаснікі казалі пра цэлыя ночы, якія ён праводзіў молячыся ў касцёле, пры гэтым выконваючы самыя цяжкія аскетычныя зарокі. Нягледзячы на гэта, каралевіч Казімір здолеў добра выканаць абавязкі намесніка свайго бацькі, прадстаўляючы ўладу манарха з сур'ёзнасцю і годнасцю, на якія здольны не кожны малады чалавек яго ўзросту, што кажа пра выбітную духоўную індывідуальнасць таго, каму толькі ўласная воля і сапраўднае пакліканне перашкодзілі сесці на трон манарха.

У нас ёсць яшчэ і іншы прыклад.

Пасля смерці караля Чэхіі і Венгрыі Уладзіслава, карона св. Стэфана павінна была дастацца аднаму з пляменнікаў памёршага караля, але яе захапіў просты землеўладальнік Гуняд. Такі мудры і разважлівы манарх Казімір Ягелончык вырашыў прэтэндаваць на венгерскую карону для кагосьці са сваіх сыноў. Ён абраў на венгерскі трон каралевіча Казіміра і паслаў яго, трынаццацігадовага юнака, з войскам у 12 000 чалавек у паход, каб вярнуць венгерскі трон, захоплены сынам Гуняда Мацеем Корвінам. Гэта была цяжкая выправа. Аказаліся нядзейснымі дэкларацыі венгерскім паноў да караля Казіміра - польскафілы не змаглі арганізаваць дастатковую падтрымку паходу каралевіча Казіміра. Прыбыўшы ў венгерскія Кошыцы, ён быў прымушаны спыніцца. Было б безнадзейным глупства прасоўвацца ў дзяржаву, дзе да цябе варожа ставяцца. І тут пачалося турэцкае ўварванне ў Венгрыю. Грамадзянская вайна за трон зрабіла б цалкам немагчымым даць належны адпор туркам. Гэтага не мог не разумець і кароль Казімір у Кракаве, і папа Сікст IV Рыме. Перамовы папскага легата з польскім каралём цягнуліся не доўга, і каб даць венграм магчымасць адбіцца да турак, якія пагражалі не толькі ім, але і ўсяму хрысціянскаму свету, кароль Казімір адклікаў свайго сына з войскам з Кошыц. Вось так скончылася венгерская выправа караля Казіміра Ягелончыка. […]

Але ён не вярнуўся проста ў Кракаў, а па загадзе бацькі доўгі час прабыў у Добчыцах, што ў Кракаўскім ваяводстве, у кампаніі з Длугашам і, не пакідаючы замак, увесь час праводзіў у размовах са сваім любімым настаўнікам. Толькі ўлетку наступнага, 1472 г., мы зноў бачым каралевіча Казіміра сярод сваёй сям'і ў Вавелі. Праз кароткі час ён суправаджае свайго бацьку-караля ў пілігрымку да Чанстахова. Вядома, што св. Казімір з дзяцінства найбольш упадабаў набажэнства да Найсвяцейшай Панны. Яму прыпісваюць аўтарства песні "Omni die, die Mariam", якую на польскую мову пераклаў кс. пралат віленскай капітулы Аўгуст Ліпіньскі:


Z poboznoscia

I miloscia

Chwal, o duszo, Maryje;

Czesc jej swiatkom

I pamiatkom

Codzien w niebo niech bije!


Аляксандр Пшаздзіньскі пасля самых скрупулёзных даследаванняў выказаў дапушчэнне, што гэтая песня была складзена св. Бернардам, а св. Казімір так яе ўпадабаў, што загадаў тэкст песні, напісаны на пергаменце, пакласці сабе на грудзі, калі яго цела будзе ляжаць у труне. Пергамент быў знойдзены на целе святога, калі труна была адчыненая ў 1604 г.

З-за якіх сваіх галоўных цнотаў, каралевіч быў уведзены касцёлам у супольнасць святых? Адкажам словамі кс. Ліпніцкага, аўтара найбольш падрабязнай і навукова распрацаванай біяграфіі св. Казіміра (Zycie, cuda i czesc sw. Kazimierza, U Zawadzkiego w Wilnie. Выданні 1858 і 1907 г.). Устрыманне ад адносін з супрацьлеглым полам, чысціня - піша кс. Ліпіньскі, - была каралевай цнотаў св. Казіміра. І адразу пасля яе, трэба адзначыць дух змярцвення. У эпоху, калі жыццё квітнее і свет прыемна ўсміхаецца, а маладое ўяўленне ўзлятае ўсё вышэй, каралевіч трымаў сваё цела ў дысцыпліне, якая не вядома нават манахам. Пры каралеўскім двары жыў не як каралевіч і, нават, не як прыдворны шляхціц: ён жыў як манах, закаваны ў цвёрдую і калючую валасяніцу, праводзіў час у пастах і калі-нікалі ўначы патаемна пакідаў ложак каб спаць на голай зямлі. У сваіх сур'ёзных і стрыманых размовах, ён ніколі не абмяркоўваў лёгкія, бессэнсоўныя ці свецкія справы. Калі нешта казаў, дык заўсёды пра Бога, пра рэлігію, пра звычаі, пра патрэбы краіны і нашых суседзяў. Добры і для ўсіх даступны, ён быў непрымірымым ворагам ўсякай сваволі і легкадумства, ён нястомна ганіў і лаяў заганы. Меў значны і надзвычай дабрадзейны ўплыў на каралеўскі двор, сваю сям'ю і нават на свайго бацьку-караля.

На гэтай зямлі св. Казімір пражыў 25 гадоў, пяць месяцаў і адзін дзень. Бог паклікаў яго да сваёй славы 4 сакавіка 1484 г., у ноч з Папяльцовай серады на чацвер. Святы каралевіч памёр ў пакоі віленскага Ніжняга замка.

Парэшткі былі пахаваны ў Каралеўскай капліцы катэдры, якую пабудаваў яго бацька, Казімір Ягелончык, недзе да 1454 г. У гэтай капліцы каралевіч Казімір маліўся і хацеў быць пахаваным. Калі пачалася пабудова існай і сёння капліцы св. Казіміра, кароль Жыгімонт ІІІ у 1623 г. перадаў ранейшую каралеўскую капліцу віленскаму біскупу Валовічу і зараз, пасля перабудовы, яна вядома нам пад назвай капліцы Валовічаў. […]


Czesław Jankowski. Ziemskiego Zzywota i cnót niabiańskich świętego Kazimierza przypomnienie (Z teki pośmiertnej Czesława Jankowskiego) // Słowo. 1937. № 62.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX