Чуў я пра кс. П.Татарыновіча яшчэ перад маім выездам у Італію (1938), аднак ніколі не давялося мне тады з ім спаткацца. Ведаў, што ягоныя артыкулы друкуе "Хрысьціянская Думка" i што ён добры беларускі сьвятар. Сустрэліся мы толькі ў 1945г. у Рыме. Ня помню дакладна дня, але сам факт мне надоўга астаўся ў памяці. Жыў я ў Доме Айцоў Марыянаў пры вуліцы Корсіка й прадоўжываў мае студыі на Ўсходнім Папскім Інстытуце. Аднаго дня неяк пад вечар увалілася ў наш Дом ca сваімі хатулямі з шумам трупа сьвятароў, клерыкаў i законных братоў. Усе былі летувісы Марыяны, уцекачы з Летувы, ахвяры вайны. Сярод ix, як нейкі вынятак з правіла, быў i кс. П.Татарыновіч. Калі ўсе гаманілі голасна й вясёла - бо-ж, наканец, дабраліся жывыя да свайго законнага Дому - наш Пётр стаяў абапёршыся аб балясы сходаў бледны i змучаны, поўны нейкай задумы. 'Чакаў, як i ўсе іншыя, пакуль знойдзецца яму пакой.
Мая радасьць была нязвычайная: наканец, у Вечным горадзе я буду не адзін толькі беларус! Радасьць, аднак, мая хутка перамешвалася з сумам: наш сьвятар нейкі занадта маўклівы, таёмны, толькі ягоныя вочы гараць быццам ненатуральным перамучаным агнём. У чым-жа справа? Толькі крыху пасьля я даведаўся, што кс. Пётр хворы на сухоты i плюе крывёй. Ваенныя падзеі зрабілі сваё: ягонае хілае здароўе падкасілі яшчэ больш. Я запраўды спалохаўся. Рымскі клімат ёсьць слаўны з таго, што акурат дапамагае гэтай хваробе разьвівацца. I ёсьць ведамым, калі біскупы высылаюць здальнейшых клерыкаў на студыі ў Рым, дык ix перасьцярагаюць: "Лепш вярніся дамоў здаровы аслом (без дактарату), чымся мёртвым львом". А наш а. Пётр прыяжджае ўжо хворы, каб падлячыцца i студыяваць!..
Будучыня, аднак, наказала, што ўпарты беларус можа асягнуць тое, што, здавалася-б, зусім немагчымым. Кс. П.Татарыновіч паправіўся на здароўі, здабыў вучоную ступень i шмат папрацаваў у розных іншых галінах.
Пётр Татарыновіч радзіўся 2 чэрвеня 1896г. у вёсцы Гайнін на Случчыне. Яна належыла да мядзьведзіцк§й парафіі, але таму, што каталіцкі касьцёл царскімі ўладамі быў зачынены, хлапца хрысьцілі ў Клецку 29 чэрвеня таго самага году. Бацькі буду чага сьвятара Станіслаў i Караліна з дому Пашукевіч адзначаліся працавітасьцю i стойкасьцю ў сваёй веры. У 1866г. мядзьведзіцкі касьцёл царскі ўрад жадаў перамяніць на царкву i перадаць да ўжытку праваслаўным. Парафіяне супрацівіліся. Тады зачынілі сьвятыню разам ca Сьвятымі Дарамі (1887г.). Праз 19 гадоў народ маліўся пад згрыбелымі ейнымі сьценамі аж да адкрыцьця яе ў 1906г., гэта значыць пасьля царскага маніфэсту. I сталася дзіўная рэч: Сьвятыя Дары вельмі добра захаваліся, як сьведчыў пробашч Ваньковіч, які адправіў першую сьвятую Літургію ў адчыненай сьвятыні.
Пра тую сьвятыню а. Пётр пакінуў гэтакі ўспамін: "I я з сваімі родзічамі, яко маленькі хлопчык, там маліўся, там прыймаў першую Камунію Сьвятую, там нарадзіўся для ідэі". У 1910г., магчыма, у той самай сьвятыні й атрымаў сакрамант крыжмаваньня.
Сярэднюю асьвету Пятрусь здабыў у Слуцку i Петраградзе. У той-жа паўночнай сталіцы цароў студыяваў філязофію i тэалёгію ў мітрапалітальнай магілёўскай сэмінарыі, затым у Менску, дзе рэктарам сэмінарыі быў а. Фабіян Абрантовіч, а адным з прафэсараў а. Андрэй Цікота. Тут у Менску з рук ягонага біскупа Лазінскага атрымаў сьвячаньні субдыяканату ў 1919г. Калі, аднак, менская сэмінарыя разам ca сваім біскупам была перанесеная ў Наваградак, некаторыя сэмінарысты, а ў тым ліку i П.Татарыновіч пераехалі ў Польшчу ў Влоцлавак. Там ён i быў высьвячаны біскупам Зьдзітавецкім разам з 6-ма іншымі сябрамі беларусамі ў сьвятары.
***
Першай пляцоўкай працы новавысьвячанага сьвятара П.Татарыновіча быў Пінск (1921-22), сталіца Палесься. Дзялянкамі ягонай працы, апрача звыклай душпастырскай, былі: рамонт спаленай сьвятыні i кляштару, дзе пасьля мясьцілася катэдра i пінская сэмінарыя; школьніцтва, абслуга далёкіх асяродкаў пінскага дэканату, арганізацыя "Ювэнтус Хрыстіана". Доўга, аднак, тут не прышлося быць. "У тракце змаганьня з найбольшымі труднасьцямі ў Пінску, - піша пра гэта сам а. Пётр, - ордынарыят адклікае мяне ў тагдышнюю сталіцу біскупскую, Наваградак, дзе даручае вучыцельства ў Ніжэйшай Сэмінарыі Духоўнай, у школах элемэнтарных i нотарыят пры дыяцэзыяльным судзе, пасьля яшчэ i вікарыят пры тамашнім дзекане кс. Букрабе, пазьнейшым біскупе. Але дзеля нястачы духавенства мушу пасьля блізу трохлетняй там працы (1922-24) сьпяшыць на пляцоўку ня менш працавітую ў Баранавічы, дзе на долю маю выпала будова для школьнай моладзі спэцыяльнай капліцы... i прэфэктура ў пяцёх школах элемэнтарных i адной сярэдняй. Першыя труднасьці былі пакананы ў першым-жа годзе працы. I калі жыцьце наладзілася, і, здавалася, можна ўжо было папрацаваць на адным мейсцы спакайней, падасьпела шовіністычная інтрыга, паводле якое я аказаўся "яко прэфэкт взоровы, а яко Бялорусін шкодлівы". Апінія школьнага інспэктара Гульбіна, нотырычнага бязбожніка.
Кс. Біскуп З.Лазінскі прызнаў маю нявіннасьць, бо бачыў, як да мае беларускасьці ліпла навет праваслаўная моладзь i грамадзтва, аднак для сьвятога супакою парадзіў мне ўступіць i паслаў на глухую мазурскую вёску (1926г.). Пасьля году зноў, аднак, вярнуў мяне на тзрыторыю Беларусі, павяраючы мне, 6 месяцаў ужо вакуючае прабоства, Дамачэва, брэскага дэканату, убогае i надта труднае да адміністравання, адкуль парафіяне чынна выгналі майго папярэдніка".
У Дамачэве працаваў цяжка кс. П.Татарыновіч 5 год (1927-32). Аднавіў ён там касьцёл (паставіў тры новыя аўтары), плебанію, пабудаваў каталіцкі народны Дом. Дапамагаў усходнім каталійцкім парафіям (Дэлятычы ў Навагрудчыне), знайшоў i паслаў у езуіцкую калегію ў Холме добрага кандыдата на сьвятара - Гмэнюка.
Наступным месцам працы айца Пятра быў Столін, рэзыдэнцыя князя Радзівілла. У той ваколіцы знаходзіліся таксама 4 пункты вуніяцкія: Горадно, Альпень, Мэрлінскія Хутары i Калкі. Тут аставаўся а. Пётр ад 1932 да 1939 году. Аб сваей працы ў Століне запісаў сам ён наступна:
"Трудная была праца на гэтым прыгранічным разлеглым тэрэне, будучы Ў частых выпадках азылям для ўсякага роду банкрутаў i афэрыстаў. Парафія складалася з разсваранага элемэнту наплывовага: войска, паліцыі, урадаўцаў, настаўніцтва i асадніцтва, якога месны праваслаўны й каталіцкі элемэнт паляшуцкі ды земянскі не любіў. Утрымаць якое-небудзь залатое мэдіюм у гэным конглёмэраце, вывесьці лінію Каталіцкай Акцыі i развою унійнага абсалютна нельга было без страты ласкі якой із старой. Найгоршы гнёў гразіў за ўспамаганьне Уніі, утрудняючай палянізацыю; ён не астаўся бязследным у маім жыцьці i працы... Паміма ўсяго гэтага, у працягу 6 год удалося, аднак, згуртаваць людзей добрае волі да каталіцкага чыну..."
Апошнюю парафію, Перлеева, на якую паклікаў кс. Татарыновіча ягоны біскуп, дзеля ваенных абставінаў ня мог абняць.
Што ёсьць характэрным для кс. Татарыновіча на працягу блізу 20 гадоў ягонай душпастырскай працы ў Пінскай дыяцззыі, гэта ягоная стойкасьць як сьвятара i як беларуса. Сярод шматлікіх заняткаў ён знаходзіць таксама час, каб пісаць i друкаваць свае артыкулы i кніжкі ў розных віленскіх тагачасных часапісах, а такжа ў выдаваным езуітамі вунійным часапісе "Да Злучэньня". Ведамыя ягоныя кніжкі: "Сьвяты Ізыдар хлебароб", Вільня, 1928; "Купальле", Вільня, 1930, i Іншыя.
Пакінуўшы Палесьсе, кс. Татарыновіч едзе ў Варшаву. Тут ён цесна супрацоўнічае з Беларускім Камітэтам (др. Шчорс), вучыць рэлігіі ў беларускай школе, адпраўляе набажэнствы i гаворыць казані для беларусаў у касьцеле сьв. Марціна пры вуліцы Піўнай (дазвол на гэта быў дадзены Варшаўскай Мітрапалітальнай Курыяй дня 22.11.1942). Пасьля бачна трэба было зьмяніць касьцёл, i на гэта быў дадзены дазвол ад тойжа Варшаўскай Каталіцкай Курыі з дня 19 лістапада 1943г., Ир. 6278. Як прыклад адносінаў польскай касьцельнай улады да беларусаў у сталіцы Польшчы пёдаю дакумант у беларускім перакладзе.
"У адказ на ваш ліст з дня 17 лістапада г.г. ветліва паведамляецца, што з боку Архідыяцэзіяльнай Улады няма перашкодаў, каб Паважаны Ксёндз Дабрадзей адпраўляў сьвятую Імшу (Літургію) для вернікаў беларускай народнасьці ў касьцеле
Айцоў Васільянаў у Варшаве, замест у касьцеле сьв. Марціна, як гэта было дагэтуль".
Гэнэральны Вікары Кс. А.Фаенцкі Натарыюс Кс. Т.Каўльбэрг
Захавалася таксама з часу працы айца Татарыновіча ў Варшаве віншавальная папера вучаніц i вучняў 1-ае Беларускае Школы, якія ў дзень ягоных імянінаў выказываюць яму сваю ўдзячнасьць i пажаданьні. На першай бачынцы аркушованага ліста ёсьць намаляваны букет чырвоных розаў. Да таго самага ліста прышпілены бел-чырвона-белы падвойны бант. У нізе цераз увесь ліст вялікімі зяленымі літарамі маецца напісь: з павіншаваньнем іменінаў. Аб ідэйным настроі вучняў той школы няма ніякага сумніву. Аб ім сьведчаць вось хоцьбы гзтыя словы, якія каліграфічна выпісаныя знаходзім на другім лісьце віншавальнай паперы:
"Жывеце нам доўга, доўга i працуйце на ніве нашага Беларускага маральна-хрысьціянскага адраджэньня i на хвалу Нашай Каханай Маці-Беларусі". Там-жа маецца дата: 29.VI.1944.
У 1944 г. перад выбухам варшаускага паустаньня большасьць беларусау выехалі ca сталіцы, а зь імі i кс. Татарыновіч, Адведаў ён Вільню, быў на 2-гім Кангрэсе ў Менску i прамаўляў на ім. У лютым 1945 г. ён ужо знаходзіцца ў Роттэнбургу, пасьля ў Брэсляў, у Вурцах i дзесьці над канец таго-ж году дабраўся да Рыму, аб чым ужо ўспаміналася.
Пралат П.Татарыновіч у Рыме (1945-1978)
Прыехаў у Рым маючы ўжо 50 гадкоў жыцьця паза сабой, зь якіх шмат прысьвяціў душпастырскай працы, а таксама нямала папрацаваўшы ў грамадзкай i культурнай галінах для свайго народу.
У Рыме а. Пётр затрымаўся ў доме Айцоў Марыянаў i тут хутка знайшоў спрыяючага яму апякуна у асобе біскупа Пятра , Бучыса, тагочаснага генерала Марыянаў. Па ягонай рэкамандацыі ў лістападзе 1945 году быў прыняты на Папскі Інстытут Усходніх Навук. Скончыў яго ў 1949г. з навуковай ступенькай доктара, абараніўшы тэзу пра сьвятога Кірыла Тураўскага.
У верасьні 1950г. выходзіць першы нумар "Зьніча" ў Рыме, i ў тым самым годзе сьвет мог пачуць беларускі голас праз ватыканскае радыя. Абодвых важных у беларускім жыцьці пачынаў быў кс. др. П.Татарыновіч!
У першым нумары "Зьніча", верасень, 1950 год, з хваляваньнем ягоны рэдактар i выдавец падаваў вось гэткую вестку:
"Браты Беларусь!!
Ваша мова дачакалася найвышзйшага прызнаньня. Вы можаце карыстацца ёю ў кожную пятніцу ў г. 18.30, слухаючы Ватыканскіх Радыёперадачаў на кароткіх хвалях..."
Спачатку гэтыя радыяперадачы адбываліся толькі раз у тыдзень, а калі а. Пётр перадаваў сваё каханае дзіця ў 1970 а. Архімандрыту Л.Гарошку, беларускую мову можна было пачуць пяць разоў у тыдні. Незаступімым памачніком у чытаньні праз радыё скрыптаў быў i да сяньня астаецца а. Кастусь Маскалік.
Усе мы пакрысе памагалі час-ад-часу айцу Пятру, але гэта было нясталым i недастатковым. Таму ўвесь цяжар адказнай працы валок на сваіх плячах сам іхні піянер.
Побач з працай у ватыканскім радыё кіпела выдавецкая дзейнасьць. Перадусім загарэўся "Зьніч", які ў падзагалоўку адрэкамэндовываў сябе як "беларуская рэлігійная адраджэнская часопісь". Калісьці беларускія вуніяты, пачынаючы ад Пацея, друкавалі ў Рыме свае маленькія рэчы, але ніколі яшчэ беларусы ня мелі ў Вечным Горадзе сваей сталай часопісі! Мэтай ягр было здаволіць духовыя патрэбы беларусаў, а ў першую чаргу, беларусаў каталікоў лацінскага абраду.
"Зьніч" - гэта незвычайная зьява у гісторыі беларускага друкаванага слова! I гэта нятолькі, дзеля мейсца свайго нараджэньня, але й дзеля доўгіх гадоу свайго існаваньня (1950- 1975), а такжа й дзеля іншых абставінаў. На працягу блізу 25 гадоу адзін i той самы рздактар i выдавец, той самы аутар бальшыні артыкулаў, ён-жа i мастак i кольпортэр! Хто-ж ня помніць ксяндза Пятра, пахіленага над невялікай машынкай, нэрвова-задуманага, прыгатауляючага артыкулы у "Зьніч" або наступную радыяперадачу?! Калі яго пыталі, дзе-ж рэдакцыя "Зьніча", ён паказывау на свой пісьменны столік i казаў з усьмешкай: тут! тут! Усё тут, i рэдактарства i выдавецтва, толькі трэба езьдзіць у друкарню... Італьянцы шмат робяць друкарскіх памылак... Чатыры разы а. Пётр зьмяняў адрас свайго памешканьня ў Рыме, а прытым мусіў пераносіць i рэдакцыю i выдавецтва. Усіх вышла 120 нумараў "Зьніча". "Зьніч" адзначаецца прыгожай вонкавай формай, з j рознымі застаўкамі, абразікамі, зіуэімкамі. Усе ў гусьце "заходнім" можна было-б сказаць ХІХ-га стагодзьдзя. Быў ён ці адзін раз крытыкаваны дзеля аб'ёмістых артыкулаў, дзеля мовы. Ня шмат ён меў аўтараў, бо баяліся дасылаць свае артыкулы. Рэдактар зьмяняў нятолькі мову!
***
Апрача "Зьніча" кс.Татарыновіч зьяўляецца выдаўцом малітаўніка "Голас Душы" (Рым, 1949); Сьвятой Эванэліі i Апостальскіх Дзеяў (Рым, 1954); Г.Сенкевіча "Кво Вадзіс" (Рым, 1956); Лістоў Сьвятых Апосталаў (Рым, 1974); Пакутных Псальмаў (Рым, 1964) у вершаваным перакладзе а. Я.Гэрмановіча; Наўзорнай (першай) Імшы Сьвятой - Літургіі (Рым, 1965, 1966). Ён ёсьць таксама аўтарам некаторых артыкулаў у італійскай мове: La Santissima Yergine Immacolata ё Tispiratrice deli' unitś Cristiana in Biancorułenia,Academia Mariana lnternacionalis,Romae,1957,pp. 247-249. - La crocefissione delia fede e deiranima Cristiana Biancorutena,Palestra del Clero,fasc. n. 18,Settembre, 1954.
Праца i адданасьць кс. др. П.Татарыновіча не маглі аставацца незаўважанымі найвышэйшымі асобамі таго-ж Рыму, дзе з Божай волі ёсьць цэнтр хрысьціянства. 26 траўня 1961г. была нададзена яму годнасьць Пралата Яго Сьвятасьці. Годнасьць гэта вельмі вялікая, аднак звычайна яна ёсьць толькі пачэснай i выказываецца літургічна» Хутка, аднак, Пралат Татарыновіч быў назначаны Сябрам Найвышэйшай Рады Для Эміграцыі. Паведаміў аб гэтым біскупаў Б.Слосканса i Ч.Сіповіча ад імя Консыстарыяльнай Кангрэгацыі кардынал Конфалёніеры дня 12 чэрвеня 1961г. Пралат Татарыновіч уваходзіў у Раду побач усіх іншых нацыянальнасьцяў i яго абавязкам была апека над беларусамі каталікамі лацінскага абраду, расцярушанымі ва ўсім сьвеце.
Значная карэспандэнцыя пралата са сваімі суродзічамі ёсьць доказам, што ён перад i пасьля свайго назначэньня рабіў, што мог, i то ня столькі, каб апраўдаць свой важны тытул, а каб запраўды дапамагчы нашым братом. Дзеля гістарычнай праўды сьведчу як аўтар гэтага артыкулу i як прыяцель пралата, што да ўсіх ягоных працаў i назначэньняў я адносіўся з цэлай пашанай i, у чым толькі мог, дапамагаў. Што я яго выперадзіў у сане - гэта не была мая заслуга, а ласка Бога i Апостальскай Сталіцы.
***
Глянуўшы яшчэ раз на ўсё тое, што пралат Татарыновіч рабіў i што зрабіў, трэба дзякаваць Богу, які нам даў гэтак выдатнага сьвятара, дзеяча. Не забывайма, што прыехаў ён у Рым хворым з адчыненымі ранамі ў грудзях!
Дарагі Пётр, дазволь яшчэ раз гляну на цябе. Бачу паважнага прыстойнага сьвятара. Высокага росту, за моладу чорныя густыя бровы як дзве аркі над вачыма, таксама чорныя валасы на невялікай фарэмнай галаве. Пад канец жыцьця быў белы, а тая бель раскіданых валасоў прыдавала яму нейкага рамантычнага палёту.
У сяброўскім кругу быў вясёлы, гасьцінны, знаў шмат анэгдотаў i ўмеў расказываць. Ніколі не шкадаваў яды і напітку для гасьцей. Меў залатую канарэйку, якая ці раз вылятала з клеткі, сядала яму на плячо, калі ён пісаў...
Ужываючы ягонага слова, закончым гэтыя радкі: пралат доктар Пётр Татарыновіч быў сьвятар наўзорны, палымянай веры, поўны любові Бога i сваіх братоў беларусаў.
Іп paradisum deducanł te Angeli!
Requiem aeternam dona ei Domine!