Упершыню на беларускай мове
У першую гадавіну ўваскрэшання уніі ў Вільні
Летам ціха і незаўважна мінула першая гадавіна ўваскрэсення уніі ў Вільні. Яна зноў з'явілася ў нас у тую хвіліну, калі год таму ў капліцы біскупскага дома рэктар праваслаўнай семінарыі ў Вільні, архімандрыт а. Піліп Марозаў прысягнуў біскупу Матулевічу ў вызнанні каталіцкай веры. Хутка наступіла намінацыя гэтага змяніўшага веравызнанне іерарха на пасаду рэктара па-аўгустынскага касцёла, які ў Вільні вызначаны для набажэнстваў па ўсходне-каталіцкім абрадзе. Гэта не значыць што раней адзінкавыя асобы, як напрыклад, кс. Леан Жаброўскі, сп. Зоф'я Луніна, сп. Баляслаў Пачобка, а. Трафім Сямяцкі і іншыя не спрабавалі ў Вільні зрабіць нешта ў гэтым накірунку. Але гэта былі адзінкавыя высілкі, забароненыя царызмам, а потым безвыніковыя падчас нямецкай акупацыі і бясплодныя ў першыя гады польскай улады. Таму мы зараз кажам толькі пра першую гадавіну аднаўлення (у 1926 г. - Л. Л.).
Для паўнаты ўяўлення трэба дадаць, што біскупу Матулевічу хапала дарадцаў, якія ралі яму, каб а. Марозаў перайшоў на … небяспечны для іх лацінскі абрад і адрокся ад … барады! Натуральна, гэтыя парады не былі прынятыя, але яны добра характарызуюць адносіны да справы.
Гэта была адна з апошніх спраў у дзейнасці біскупа Матулевіча якая моцна злучыла яго імя з справай уваскрашэння уніі ў нашым краі. Але і тут мы не можам абысціся без дыскусій: ці зрабіў біскуп Матулевіч тое, што павінен быў зрабіць, ці мог ён надаць гэтай справе патрэбны накірунак? Цалкам яго рашэннем было пасадзіць у царкву ў Тараканях (Кобрынскі павет) базыльяніна а. Паўла Дэмчука. Аднак склалася так, што тое, што давала надзею на лепшае, трымалася нядоўга.
Пераход у каталікі а. Марозава паставіў у вельмі складаную сітуацыю біскупа-суфрагана - часовага пераемніка біскупа Матулевіча. За год да гэтага, падчас візітацыі лідскага павета біскуп Міхалкевіч у інтэрв'ю карэспандэнту "Кур'ера Варшаўскага" назваў лацінскі абрад "чыстым (!) каталіцызмам" і вучыў, што ніякая унія нам не патрэбна. Але хутка, ён фактычна адмовіўся ад сваіх слоў. Біскуп-суфраган прысутнічаў на ўсходне-каталіцкім набажэнстве і ў сваёй прамове ўжо выказаўся пра яго 100% вартасць і неабходнасць падтрымкі.
Пасля гэтых уступных заўваг, трэба паставіць пытанні, чым была ўваскрэшаная унія ў Вільні а значыць і ва ўсім краі і ці павінна яна існаваць? Першы чым адкажам на гэтае пытанне, уцямім сабе, на каго яна адразу абаперлася. Унія абаперлася, ні больш, ні менш, на энергічных у нас эндэках, якія да гэта часу - о, іронія - кажуць пра шкоднасць уніі для польскай справы і каталіцызму. Па-просту найбліжэйшыя партыйныя сябры сп. Обста (Ян Конрад Обст, 1876-1954, публіцыст, выдавец, гісторык, у часы напісання дадзенага артыкула - рэдактар "Дзённіка Віленскага". - Л. Л.) сталі заўзятымі абаронцамі і патронамі уніі і на працягу цэлага года неаднаразова давалі грошы на гэтую справу. Нават можа памылкова падацца, што трэба цешыцца навяртаннем эндэкаў і быць удзячным ім за гэта, але добра іх ведаючы, будзем пазбягаць ілюзій. Іх стаўленне да уніі не памянялася, але тая унія, якую прэзентуюць заўзятыя паланафілы, здаецца ім цалкам безшкоднай. У іх магла абудзіцца надзея, што гэты маленькі струменьчык усходняга каталіцызму, абавязкова прывядзе ў агульнае лацінскае мора і таму нават унія можа для нечага прыдацца. Толькі адзінкі сярод іх мелі да уніі глыбокія сантыменты.
Так сталася, што тыя, хто больш за ўсіх крычаў аб абароне каталіцкага касцёла ад расейшчыны, хто абвяшчаў анафему беларускай мове ў касцёле, тыя, хто дэмагагічна, як "Дзённік Віленскі", падсоўваў парафіянам думку аб неабходнасці з камянямі ў руках выступаць супраць беларускіх ксяндзоў, хто гучна галасіў, што польскасць і каталіцызм - адно і тое самае, - яны ўсе хуценька сталі нязвыкла талерантнымі да мовы свайго паўтаравекавога прыгнятальніка! Назіраючы гэтую з'яву, нехта слушна заўважыў: "Хто ж некалі мог спадзявацца, што так моцна аблаяны "Залаты Алтарык" (назва зборніка ў якім у 1756 г. былі надрукаваныя малітвы да Маці Божай Вострабрамскай, малітоўнік з гэтакай назвай таксама выйшаў на летувіскай мове ў 1864 г. лацінкай і 1866 г. кірыліцай, апошні за дзяржаўныя грошы, але тут маецца на ўвазе зборнік малітваў на рускай мове, выдадзены для каталікоў па распараджэнню Мураўёва-вешальніка. Гл: Владимиров А. История плана располячения католицизма в Западной России // Русская старина. 1885. № 10. С. 120. - Л. Л.) і "Трэбнік" (таксама маецца на ўвазе трэбнік выдадзены на рускай мове для каталікоў падчас знаходжання ў Расійскай імперыі. Гл. там жа. . - Л. Л.) фактычна сталі актуальнымі кнігамі, вартымі перавыдання ў сучаснай Вільні ?! …"
А самае адметнае ва ўсім гэтым тое, што руская мова прагучала ў віленскім каталіцкім касцёле з вуснаў прыбаша з … Волагды! І гэта ў той час, калі самы крэўны католік-беларус не можа ані пачуць ані адазвацца ў касцёле на сваёй роднай для нашага краю мове. Параўнайце: там - замежнік, крэўны расіец-эмігрант, тут - сапраўдны аўтахтон, сын гэтай зямлі, які ўрос у яе ўсёй сваёй істотай. На яго мове размаўляе, пэўна, 75% лаціннікаў, якіх лічаць палякамі - яго мова мае тут вялікую і бачную аўдыторыю. Але з супрацьлеглага боку маем persona grata для рэдакцыі "Дзённіка Віленскага", гэтую персону падтрымліваюць эндэкі, гэта ж не нейкі там беларус, г. зн. партыя якая патрэбна толькі як пушачнае мяса ці ў якасці падаткаплацельшчыка, асобы, якая не мае правоў!
Хай жа а. Марозаў і надалей цешыцца ласкамі эндэцыі, калі не ўмее ці не жадае знайсці для сябе лепшай апоры, але пры гэтым хай не забывае, што пасля навяртання ў каталікі а. Навуменкі і псаломшчыка Шведкі, сп. Обст бесцырымонна біў сваімі маралямі ім у плечы ў рэдагаваным ім "Дзённіку…". І адначасова яго самы дарагі сябар сп. Пётр Каўнацкі ў "Глосе Нарадовым" кляйміў увесь унійны рух як надзвычай шкадлівы для польскай нацыянальнай справы. Крохкую апору мае айцец-архімандрыт у эндэкаў, і трэба пачакаць моманту, калі яны яго пакінуць. Альянс з эндэкамі можа толькі кампраметаваць унію. Не можа быць агульнай дарогі з імі для тых, хто жадаў бы шчыра зрабіць нешта карыснае для уніі.
Аднак, можа, расійскае грамадства ў Вільні выкажа а. Марозаву моцную падтрымку ва унійнай справе? Толькі ў мінімальнай ступені! Рускія, якія выраслі ў Вільні і сцісла злучаны з горадам, разам са шматлікімі эмігрантамі, далі самы мінімальны працэнт яго прыхільнікаў. Пры тым няма розніцы - левых яны перакананняў ці манархісты. А. Марозаў моцна выйграў бы, каб яго прыхільнікамі ў Вільні былі папулярная ў рускім грамадстве асобы. Але не бачым сёння мы сярод віленскіх рускіх ні Чаадаевых, ні Адоеўскіх ні Валконскіх, не кажучы ўжо пра Салаўёвых, Гагарыных ці Перлінгаў (аўтар пералічвае папулярных у свой час прыхільнікаў рускага каталіцызму. - Л. Л.). Іх тут няма, затое пэўна знойдуцца тэасофы, метадысты і іншыя. Распачатая год таму унія прыйшла на свет cum beneficio inventarii (у сэнсе, умоўна, з агаворкамі. - Л. Л.), надта абцяжараная праблемамі і таму вымагае грунтоўнай санацыі. Інакш атрымае мянушку "казённая", "филиповская", "морозовская" і інш.
У царскіх варотах нашай віленскай уніяцкай цэркаўкі павінен стаяць ціхі і пакорлівы святар-багамолец, якому на пачатку трэба задаволіцца малой колькасцю вернікаў, быць шчырым і пачаць сваю цяжкую працу з падмуркаў. Ён павінен быць кроў ад крыві, костка ад косткі тутэйшага беларускага люду і не саромецца мовы свайго народа, карыстацца ёй у горадзе разам з расійскай а ў вёсцы - ужываць выключна беларускую мову. Унія ў нашым краі мае абапірацца толькі на беларусаў так, як на Валыні і ў Галіцыі толькі на украінцаў. Гэтага вымагае натура і логіка. А ў Вільні нічога не зроблена ў гэтым накірунку. Сапраўднае эндэцкае грэбаванне а. Марозава краёвымі мовамі нават звярнула на сабе ўвагу бенедыктынскага манаха а. Андрэя Стаелена (фламандца), які падчас знаходжання ў Вільні, дапамагаў яму падчас велікоднай літургіі. Бенедыктынец дарэмна чакаў хоць якой краёвай мовы, напрыклад летувіскай, падчас чытання на розных мовах пачатку Евангелля паводле св. Яна.
Калі ўваскрэшаная унія жадае ў нас зацвердзіцца, павінна яна перад усім шукаць падтрымкі сярод мясцовага люду, што цалкам зразумела, бо няма большага ворага для любых дактрын нацыянальнай выключнасці, чым краёвасць, якая бурыць усялякія межы і вядзе да нацыянальнай гармоніі.
Ёсць пэўныя адзнакі таго, што нават Марозаў пачынае павольна разумець вялікую памылку сваёй арыентацыі на эндэкаў і шукаць для унійнай працы сапраўдную падтрымку сярод крэўнага народу нашага края.
Latovicus [Міхал Ромер]. W pierwszą rocznicę wskreszenia Uniji w Wilnie // Pregląd Wileński. 1926. № 17. S. 2–3.
Пасля з'езда прыхільнікаў уніі ў Вільні
З'езд, які адбыўся ў Вільні 9 - 10 лістапада [1926 г.], у нашы часы стаў першай нарадай біскупаў такога кшталту. 330 гадоў прайшло з часу абвяшчэння памятнай Берасцейскай уніі. Потым мы ведаем пра шматлікія сіноды, на якіх вырашаўся яе далейшы лёс, аднак не ведаем, ці адбываўся раней нейкі віленскі з'езд, які мог прэтэндэнтна папярэднічаць сучаснаму з'езду. Выбар месца быў вельмі трапны, бо мы маем смеласць сцвердзіць, што ў справах уніі Вільня адыграла значна больш важкую ролю, чым Львоў. […]
Першая цяжкасць якую мае той, хто піша пра Віленскі з'езд - дакладнае вызначэнне яго характару. Зразумела, што не важна, як мы яго назавём: з'ездам, канферэнцыяй, нарадай ці неяк яшчэ, больш важнай справай з'яўляецца неабходнасць даць яму кваліфікацыю. Ці быў гэта унійны з'езд? Здаецца так, але ўніяцкія ўладыкі ў ім удзелу не прымалі і іх нават не запрасілі. Тады, можа, гэта быў з'езд лаціннікаў? Не зусім, бо на ім слухалі даклады а. Марозава і а. Дамброўскага - святароў толькі ўсходняга абраду - а кандыдаты ў унію праваслаўныя духоўныя асобы, толькі ўвіваліся вакол з'езда. Не будзе дакладным і трэцяе вызначэнне: з'езд біскупаў савецкага памежжа, бо ў Вільні не былі прадстаўлены Львоўская і Станіславаўская грэка-каталіцкая архідыяцэзіі, не было і лацінскіх біскупаў з Галіцыі, дыяцэзіі якіх непасрэдна мяжуюць з Саветамі. Таму і не будзем выдумляць доўгую і складаную назву, якая б магла пасаваць гэтаму з'езду.
У з'ездзе прымалі ўдзел віленскі (старшынстваваў) і магілёўскі архібіскупы, а таксама біскупы з Любліна, Ломжы, Седліцы і Пінска. На жаль, з-за хваробы біскупа не быў прадстаўлены Луцк. Сакратаром на з'ездзе стаў адзіны віленскі біскуп-суфраган, бо іншыя суфраганы (з Любліна, Луцка, Седліцы) не прысутнічалі, не гледзячы на тое, што пытанні уніі для іх не чужыя. […]
З'езд праходзіў у форме закрытых спрэчак падчас якіх былі праслуханы шматлікія даклады. Дакладчыкі мелі права даваць дадатковую інфармацыю толькі па тых пытаннях, па якіх яны выступалі. […] Магчыма таму з'езд унёс мала новага ў тэорыю і практыку польскай унійнай працы. Але агульную цікавасць выклікаў асцярожна рэдагаваны і выдадзены пасля з'езду камунікат.
Заяўленай мэтай з'езду было ажыўленне і ўніфікацыя унійнай працы. Гэтакае шырокае акрэсленне мэты трошкі абцяжарыла падрыхтоўку дакладаў. Дадалася і другая праблема - на чытанне дакладаў давалася мала часу, на што скардзіўся шмат хто з выступоўцаў.
Самым вялікім быў даклад а. Марозава. Каб надрукаваць яго даклад, дык гэта брашура сталася б надзвычай цікавай нават для тых, хто не падзяляе ўсе погляды архімандрыта. Не будзем тут цалкам пераказваць змест гэтага цікавага даклада але спынімся толькі на некалькі яго тэзах:
- хрысціянскі ўсход, у асноўным, не жадае, каб разам з каталіцызмам (не лацінізмам) ён быў ўцягнуты ў арбіту спецыфічнай заходняй, чужой для яго культуры;
- найлепшая назвай для абраду з'яднаных з Рымам праваслаўных была бы назва "праваслаўна-каталіцкі абрад", а вернікі зваліся "праваслаўныя католікі";
- значна большай, у асноўным маральнай апекай, трэба атачыць новых вернікаў Сусветнай царквы і для гэтага ў Вільні стварыць асобны генеральны праваслаўна-каталіцкі вікарыят, залежны ад мясцовага архібіскупа.
Тэзы а. Марозава, можа за выняткам першага, былі цалкам адхіленыя.
Я чуў, што а. Марозаў быў вельмі пакрыўджаны і больш не бачыць сабе поля для працы ў нашым грамадстве. Але, пэўна не маюць рацыю чуткі аб вяртанні Марозава ў праваслаўе, якія распускае эндэцкая прэса (у 1927 г. архімандрыт Піліп Марозаў і насамрэч зноў стаў праваслаўным. У 1944 г. у Вільні ён быў забіты бальшавікамі. Вядомы праваслаўны царкоўны гісторык Міхаіл Польскі лічыў яго пакутнікам за веру (Гл: Польский Михал. Новые мученики Российские. USA. Jordanville, 1957. Т. 3. С. 676. [1] - Л. Л.) Зараз у каталіцкім свеце унійная ідэя з кожным днём узмацняецца, і таму гэты малады і адукаваны святар знойдзе для сябе адпаведнае месца з значна больш спрыяльнай атмасферай па-за межамі Польшчы.
Езуітаў усходняга абраду з Альбярціна прэзентаваў адзін з самых заслужаных членаў свайго ордэна, суперыёр а. Пянткевіч разам з сваім актыўным супрацоўнікам а. Дамброўскім (а. Уладзімір Пянткевіч, SJ (1865-1933), а. Антон Дамброўскі, SJ. - Л. Л.)
Пра тое, што з'езд прытрымліваўся сваёй лініі, а не лініі гэтак папулярных у Вільні эндэкаў, добра сведчыць той факт, што сярод дакладчыкаў быў і а. Андрэй Цікота, суперыёр Марыянаў у Друі. У яго выступе меліся чатыры галоўныя тэзы:
- катэхізацыя і навучанне беларускага народа павінна адбывацца на беларускай мове;
- уніяцкія місіі павінны працаваць на гэтай жа мове;
- неабходна арганізацыя каталіцкага выдавецтва для процідзеяння метадыстам (пратэстантам - Л. Л.) і камуністам;
- нарэшце, неабходна закласці місійныя пляцоўкі ўсходняга абраду ў такіх месцах як Лявонпаль, Шкунцішкі, Ёды і інш.
Для паўнаты вобразу трэба дадаць, што віленскі Архіпастыр загадаў аднаму з выбітнейшых у нас дэканаў, які лепш за іншых арыентуецца ва ўніяцкім руху, падаць рапарт-мемарыял пра гэтую праблему. Мемарыял быў дасланы на з'езд, і ў ім мелася шмат трапных заўваг і каштоўных думак.
Усе прачытаныя даклады і дасланыя тэксты былі далучаны да дакументаў з'езда. Размова ішла пра Божую справу, і таму нам трэба быць аптымістамі, як сцвярджае нямецкая прымаўка: "Божы млын працуе марудна, але пэўна".
Трошкі пра сам з'езд
Што нам абвясціў пасляз'ездаўскі камунікат? Апрача паслання да св. Айца ў Рым і апрача слоў пра марудны і таямнічы Усход, у камунікаце можна ўбачыць наступнае:
- Памяркоўны бірытуалізм;
- Пэўнае разуменне псіхалогіі ўсходняга люду;
- Згода пакінуць ім іхні абрад;
- Прыняцце назвы "славянска-каталіцкі" як для абраду, гэтак і для асоб;
- Канстатацыя сталага прытоку ў Сусветную царкву новых вернікаў.
Акрамя таго, мы даведаліся, што негатыўные стаўленне да супольнай працы з базыльянамі на тэрыторыі Беларусі і Украіны ўсё яшчэ існуе і кіраваць унійнай справай на тэрыторыі Віленскай архідэяцэзіі, як быццам, даручана біскупу Міхалкевічу.
Але нас моцна насцярожвае дзейнасць святара Леснабродскага, насцярожвае як сама яго асоба, так і яго метады. Касцёл і Царква - гэта два сужэнцы, якія доўгі час жывуць у разводзе і не маюць звычкі стрымліваць ці прыніжаць самі сябе, і таму касцёл нічога не выйграе ад прыніжэння царквы праз дзейнасць а. Леснабродскага (былы праваслаўны святар з Пастаў а. Уладзімір Леснабродскі, у 1927 г. вернікі яго царквы перайшлі ў каталіцызм. - Л. Л.)
Але на мінулым тыдні адбылася яшчэ больш горшая рэч. Унія ў Вільні практычна зраслася з дзвюма асобамі, выкінутымі з царквы віленскім рускім грамадствам. Адна з асоб мае ў сваім мінулым крымінальную пляму, а другая ў вачах рускага грамадства з'яўляецца прыладай у руках дэфензівы, якая даўно ўжо суне свой нос у справы уніі, і адначасова крыніцай інфармацыі аб праваслаўным і рускім грамадстве для эндэцкага "Дзённіка Віленскага". Пачырванеўшы ад сораму чыталі мы ў віленскай прэсе пра гэтых "навярнуўшыхся". (Гл: Slowo. № 270 (1280), 19 listopada 1926. Газета паведамляла, што адзін з самых старых праваслаўных святароў Вільні, протаіерэй Васіль Гапановіч разам з дыяканам Савічам прысягнулі біскупу Міхалкевічу. Да гэтага з-за канфлікту з духоўнымі ўладамі Гапановіча перавялі ў Глыбокае, дзе ён разам з сваім дыяканам і перайшоў у унію. Але, верагодна, Талочка памыляецца, бо а. Васіль Гапановіч зарэкамендаваў сябе як аўтарытэтны і паважаны уніяцкіх святар, выдатны прапаведнік якога часта запрашалі служыць і прапаведаваць на святы ў розныя мясціны. - Л. Л.). Яшчэ некалькі такіх навяртанняў - і слабенькая ў Вільні унія можа закончыцца. Шляхетны лютаранскі пастар А. Нідра з-за афер вакол кальвінскага збору ў Вільні ў лісце да аўтара гэтага артыкула напісаў, што ён не хоча, каб яго збор стаўся вядром для памыяў. Словы вядомага пастыра прыдадуцца і нам. Яны не былі б патрэбныя, каб перад прыняццем двух "апосталаў" спыталіся пра іх у людзей, якія добра дасведчаны ў справах віленскага рускага грамадства. Асцярожна з тымі, хто навярнуўся!
P. Kantryba [Талочка Ул.] Po zjeżdzie unjonistycznym w Wilnie // Pregląd Wileński. 1926. № 20. S. 2–3.
Пасля сыходу архімандрыта Марозава
Сышоў, … не першы і пэўна не апошні.
Спраўдзіліся чуткі, якім я не даваў веры. Што ім кіравала? Яшчэ раней чуў і яшчэ гучней чую зараз пра кар'ерызм, якім кіраваўся архімандрытам Марозаў. Але я ведаю, што: "Чужая душа потем-ки". Вядома, што кар'ерызм не з'яўляецца ўласцівым толькі для святароў праваслаўнай царквы, бо, на жаль, бачым яго і ў святароў розных веравызнанняў і абрадаў, у тым ліку, каталіцкага касцёла. Вядома, што ён не з'яўляецца цнотай. Але, калі адны святары ўнікаюць пасадаў, дык іншыя ў такой жа ступені іх прагнуць. Калі здольны чалавек зойме высокае становішча і зробіць на гэтай пасадзе нешта каштоўнае, дык гэта можа лічыцца станоўчай амбіцыяй і гэта ўсе ж адрозніваецца ад простай пыхі і кар'ерызму.
Кажучы пра гэтага новага супраціўніка, не хацелася б ісці старой дарогай і шукаць толькі яго самыя нізкія імкненні. Генезу сыходу архімандрыта Марозава можна прадставіць наступным чынам: ён перавышаў сваёй тэалагічнай адукацыяй калег, якія ў апошнія гады, але пасля яго перайшлі ў касцёл, на цэлую галаву, да таго ж архімандрыт Марозаў прыйшоў з ужо гатовай праграмай.
Па яго меркаванні, перад усім, належала захаваць назву "праваслаўны" як для новых вернікаў, гэтак і для абраду. Далей, павінна была з'явіцца пэўная форма іерархічнай незалежнасці ў выглядзе постаці экзарха (генеральнага вікарыя) пры лацінскім архібіскупе. Наколькі ведаю, Марозаў на працягу 1,5 гадоў як мог, казаў пра гэтую праграму: выступаў з амбона, пісаў мемарыялы, адстойваў яе ў размовах … Не хаваў гэтую праграму ні ад біскупа Матулевіча, якому прынёс прысягу, не хаваў яе ў Рыме, Львове, Варшаве (у нунцыя), Познані (у прымаса). Было бачна, што гэтая праграма мае для яго самую вялікую вагу. Але на з'ездзе біскупаў яго праграма была цалкам адрынута. Архімандрыт Марозаў адразу страціў апору пад нагамі і аказаўся ў надзвычай прыкрай сітуацыі - трэба было бараніцца ад двух бакоў. Бо праграма, якую, пакідаючы праваслаўе, ён прапагандаваў перад праваслаўнымі, была не прынятая касцёлам - тое, што ён спадзяваўся атрымаць ад католікаў, перавышала іх магчымасці даць. Незадоўга да з'езда а. Марозаў казаў пра страту ўсіх сваіх надзей, быў моцна, да слёз, узрушаны. Пры ацэнцы стасункаў а. Марозава з касцёлам пасля лістападаўскага з'езда, трэба браць пад увагу гэтую памылку яго канцэпцыі з'яднання цэркваў. Зразумела, што памылка скасоўвала ўсе кансэнсусы, факты, дамовы і г. д. Дадам, што наогул для унійнай працы, і канкрэтна для ратавання сітуацыі, якую зараз мы маем, патрэбны такія гарачыя прыхільнікі царкоўнага ўсходу, як біскуп Штросмайер (1815-1905, харвацкі біскуп, тэолаг і грамадскі дзеяч. - Л. Л.) ці памёрлы год таму кардынал Мерс'е (1851-1926, бельгійскі кардынал, філосаф-неатаміст. - Л. Л.), а іх акурат няма …
Ёсць, безумоўна, годнае ўвагі, хоць не пазбаўленае хібаў, меркаванне лідара фламандскіх прыхільнікаў уніі, выказанае ім у лісце да майго знаёмага некалькі месяцаў таму. Пасля азнаямлення з канцэпцыяй а. Марозава, ён напісаў: "Дзякуй за лісты архімандрыта Марозава. Мы тут усе цалкам падзяляем яго ідэі, якія вельмі падобныя на нашы. … Цалкам не дзівіць тое, што нехта з тых, хто далучыўся, вярнуўся ў праваслаўе. Гэта быў провід. Але ідэя экзархата, залежнага ад віленскага архібіскупа, была бы выдатным сродкам для ажыўлення унійнага руху і з'яднання. Ідэя называць тых, хто прыняў каталіцызм праваслаўнымі католікамі, з'яўляецца слушнай. Вось ужо год як мы яе падтрымліваем". У тым жа лісце ён жадаў а. Марозаву шмат цярплівасці на цяжкім шляху унійнай працы.
Але калі ж архімандрыт Марозаў увойдзе ў праваслаўны манастыр св. Духа і за ім зачыняцца манастырскія дзверы, тады, пераступіўшы парог, а. Марозаў, нядаўні фаварыт эндэкаў, паланізатар віленскай праваслаўнай гімназіі і русіфікатар нашай уніі, пачне новы, трэці перыяд сваёй дзейнасці. Але нікому ён ужо не будзе цікавы.
P. Kantryba [Талочка Ул.] Po odejściu archimandryty Morozowa // Pregląd Wileński. 1927. № 1. S. 5–6.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
[1] Гл: https://books.google.by/books?id=GCyGDwAAQBAJ&lpg=PA676&ots=4HFskj_lMn&dq=архимандрит%20филипп%20морозов&pg=PA1#v=onepage&q&f=false