Наступствы для марыянаў у Друі
Хуткі тэмп грамадскага жыцця ўжо прыглушыў памяць пра пераслед марыянаў у Друі, але пераслед гэты цягнуўся ўсю вясну і лета (артыкул надрукаваны ў кастрычніку 1938 г. - Л. Л.) Ціск меў месца за іх адважнае, публічнае прызнанне сваёй прыналежнасці да беларускасці. Падрахуем усё тое, чаму мы былі сведкамі ў апошнія месяцы і ролю розных чыннікаў у справе марыянскага кляштара ў Друі.
Адносіны духоўнай улады да падзей у Друі.
Падзеі вакол марыянаў у Друі, апрача іншых, папярэдніх і пазнейшых спраў, яшчэ раз пацвердзілі, як недастаткова арыентуецца ў нашых справах сучасны Апостальскі нунцый, які тым не менш мае найлепшыя інтэнцыі. Але цяжка чакаць ад яго чагосьці іншага. Папярэдні нунцый, кардынал Мармагі, бадай што ўсю сваю дыпламатычную службу да Варшавы, правёў у Празе і Бялградзе, дзе, як вядома, здаўна існавалі і існуюць нацыянальныя (рэлігійныя, абрадавыя, моўныя) праблемы, якія чакаюць належанага вырашэння. Дыпламатычная праца сучаснага нунцыя прайшла ў Паўднёвай Амерыцы і ў Мадрыдзе - у экзатычных для нас месцах, праблемы якіх не маюць ніякага дачынення да нашага жыцця. Калі ж казаць пра стаўленне апарата віленскага арцыбіскупа да марыянаў у Друі, дык для ўсіх друйскіх парафіян, якія так ці інакш маюць адносіны да кляштара, яны былі абсалютна зразумелымі - гэтыя нядобразычлівыя адносіны. А калі так паводзілі сябе вярхі, дык што казаць пра канцлера, сакратара Каталіцкай акцыі ці аб мёрскіх дэканах?
Акцыя каноніка Бародзіча.
Ужо шмат гадоў Вентымільскі ганаровы канонік Юзаф Бародзіч штогод кожную вясну пакідае свой палац у Сан-Рэма і як найхутчэй едзе на сваім люксусовым лімузіне "з зямлі італьянскай у Польшчу" (радок з польскага гімну: "z ziemi włoskiej do Polski " - Л. Л.) Патрапіўшы сюды, не шукае цёплых Залішчыкаў (зараз горад у Цярнопальскай вобласці Украіны - Л. Л.), але "ахвярна" рухаецца ў самы паўночны куток, дзе ў той час у лясах яшчэ ляжыць снег. У гэтых дрэнных для яго здароўя ўмовах, на небяспечных для яго аўтамабіля дарогах, сярод паўдзікіх людзей з нацыянальнай меншасці, гатовых яго нават штурхнуць (як гэта было некалькі гадоў таму падчас адпустаў у дзень св. Антонія ў друйскім кляштары марыянаў) і гэтым спакусіцца на яго каштоўнае жыццё. Тут ён да позняй восені гераічна місіянерствуе на славу эндэкаў (польская партыя нацыянальных дэмакратаў - Л. Л.) і лацінізму. Але восенню, разам з апошнімі птушкамі з'язджае ў край, "дзе цвітуць апельсіны".
Лета 1938 г., верагодна, было самым прыгожым у жыцці каноніка Бародзіча які ўжо столькі бачыў і не раз быў "на возе і пад возам" ("На возе і пад возам" - назва аўтабіяграфічнай кнігі кс. Бародзіча - Л. Л.), пад забаронай і зноў у фаворы. Гэтым летам, у сярэдзіне чэрвеня, у Друі ён перажыў хвіліну, якую даўно нецярпліва чакаў і якая была для яго платай за ўсе высілкі, старанні і нявыгоды ягонага апостальска-місіянерскага жыцця, бо мінула яму ўжо семдзесят гадоў. Гэта была хвіліна, калі, пасля высялення марыянаў з Друі поўны радасці, ён усклікнуў, звяртаючыся да мясцовых людзей: " Zwyciężyłem Moskali!" (Я перамог маскалёў - Л. Л.). Toe, што неўзабаве яму давялося крыху пахвалявацца за свае косці і за люстраныя шыбы аўтамабіля, бо пагражаў яму стромы ў гэтым месцы бераг Дзвіны, мусіць, не парушыла радасці гэтага гульца і рызыканта ў жыцці і ў рулетцы. Але і сапраўды - каго можа зараз баяцца гэты мільянер, капіталіст, уладальнік палацаў і вілаў, сябар арцыбіскупа і сакратароў Каталіцкай акцыі, прыяцель ваяводаў, старастаў і паліцыі?
Акцыя пралата Лубянца.
Гэты нефартунны канкурэнт унійнай акцыі папы Пія і хітры вораг летувісаў, беларусаў, а таксама ўсходняга абраду, не мала прычыніўся да высялення марыянаў з Друі праз сталыя паклёпы на іх кляштар. А як па-іншаму можна назваць тое, што былы інспектар духоўнай семінарыі ў Вільні з лёгкім сэрцам называў работу марыянаў (пераважна сваіх былых выхаванцаў і вучняў!) "камуністычнай".
Адносіны польскага кліру.
Нямала асоб, нават сярод патрыятычнага польскага кліру (відочна, я не кажу пра "духоўную эндэцыю") голасна не салідарызавалася, але асудзіла ціск на марыянаў-беларусаў. Годныя ўсялякай павагі адносіны марыянаў-палякаў, у тым ліку айцоў: правінцыяла Мрошкі з Бялян пад Варшавай і суперыёра з Друі Лусіка. Ніхто з іх не скарыстаўся магчымасцю схавацца ў цяжкі час ці сагнуць карак перад моцнымі гэтага свету. Гэтыя людзі - жывы доказ таго, што калі-небудзь паміж народамі запануюць лепшыя стасункі, якія абапіраюцца на ўзаемным даверы і павазе. Нават такі паважны ксёндз-эндэк, як канонік Кулеша і іншыя, паводзілі сябе не толькі тактоўна але і з вялікай доляй зычлівасці. Цешыліся толькі такія ксяндзы, як канонік Бародзіч ці ксяндзы з Каталіцкай акцыі ў Вільні.
Адносіны польскай прэсы.
Хацеў бы адзначыць адрознае ад іншых, добрае стаўленне да марыянаў у Друі "Кур'ера Віленскага" і дакладныя, сутнасныя артыкулы пра іх віленскага "Слова". Наадварот, неафіцыйны орган мітрапалічай курыі ў Вільні - "Глос Нарадовы" пяром свайго супрацоўніка - былога рускага і экс-праваслаўнага Сцяпана Лахціна, спрабаваў са звычайным эндэцкім падступствам прадстаўляць марыянаў як небяспечных дзяржаўных злачынцаў! На старонках дэмакратычнага "Кур'ера Паўшэхнага" не знайшлі мы а ні радка пра гэтую справу. […]
Прыемнай неспадзяванасцю для нас, было цалкам нечаканае выступленне з абаронай пакрыўджаных манахаў друйскага суддзі генерала Жалігоўскага, які асабіста прыбыў у Друю, каб вывучыць стан рэчаў, а потым паехаў у Варшаву для вырашэння справы ў самых высокіх дзяржаўных інстанцыях.
Падаём гэта ўсе коратка, бо не маем надзеі на змену курсу. Але гісторыя не заканчваецца сучасным днём. Нацыяналізм, як кій, мае два канцы
Які ўнёсак у справу вышэйшых уладаў?
Толькі той, што выступленне адміністрацыйных уладаў сёлета супраць марыянаў як у Друі, гэтак і ў Вільні падрыхтавалі і аблягчылі пэўныя касцельныя колы, якія ўвесь свой аўтарытэт і ўсе наяўныя сродкі кінулі на справу дэнацыяналізацыі беларусаў. І робяць гэта якраз тады, калі пад нагамі ксяндзоў-палякаў гарыць зямля. Бо ні ваявода, ні браслаўскі стараста, ні начальнік аддзела бяспекі ў сапраўднасці не вінаватыя ў высяленні марыянаў-беларусаў з Друі і Вільні. Біблейскага Язэпа прадалі ўласныя браты.
Калі некаму вышэй не падабаецца сказанае, хай прыгадае рашучыя словы Бядака з Асізы (св. Францішка - Л. Л.): "Калі праўда - скандал, дык будзем рабіць скандал".
P. Kantryba (Ул. Талочка)
Pokłosie na Marjanów w Drui // Pregląd Wileński. 1938, № 5-6.
Ксёндз Юзаф Бародзіч нарадзіўся ў 1861 г. каля Панявежы ў Ковенскай губерні. У 1893 г. паступіў ў Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1897 г. Служыў вікарыем у Лідзе, Новых Троках, Даўгілішках і адзін год у Гарадзенскім кляштары. У 1900 г. знаходзіўся у Рыме, дзе Папа Леў ХІІІ дабраславіў яго на місіянерскую дзейнасць. Пасля служыў у Вільні, першы касцёл пабудаваў у мястэчку Жозлі, другі - у Клюшчанах. У 1905 г. быў накіраваны ў Мёры, дзе на працягу 1905-1907 гг. пабудаваў цагляны касцёл. Царскімі ўладамі ссылаўся ў Яраслаўль, Рыбінск і Аглонскі дамініканскі кляштар у Латвіі. Суд у Гародні прысудзіў яго адбываць пакаранне ў Дынабургскай цвердзі. Але яму ўдалося ўцячы з цягніка, за расійскі рубель мытнік прапусціў яго на тэрыторыю Аўстра-Венгрыі. Нейкі час выкладаў філасофію ў Кракаўскім Ягелонскім універсітэце. Пасля патрапіў у Сан-Рэма. Тут служыў у касцёле святога Роха і пабудаваў заезджы двор "Палонія" і невялічкі гатычны касцёл. На пабудове замовіў намаляваць белага польскага арла. За злоўжыванні быў дэпартаваны ў Расію, але пачалася Першая сусветная вайна, і карабель падарваўся на міне. Вайну перачакаў у Канстанцінопалі. Пасля абвяшчэння польскай незалежнасці вяртаецца ў Польшчу, але ў Сан-Рэма распачынаецца справа аб паходжанні сродкаў на будову маёнтка "Палонія", аб прысабечванні ксяндзом сабе нерухомасці ў Сан-Рэма і нават аб кантрабандзе дыяментамі. Але ўсе справы былі залагоджаны. - Л. Л.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.