Ад перакладчыка: Гэтаму артыкулу папярэднічала наступная інфармацыя: "Слонім, у чацвер, 2 лютага архімандрыт мясцовага праваслаўнага манастыра Бабкоўскі перадаў кс.-дэкану Кафарскаму для каталіцкай парафіі ў Жыровічах абраз Маці Божай Жыровіцкай, ахвяраваны ў 1738 г. жыровіцкай царкве прадстаўніком Закона базыльянаў у Рыме а. Турлевічам …".
Slowo. 1939. № 34.
"Слова" апублікавала навіну, з якой даведваемся, што "абраз Маці Божай Жыровіцкай вярнуўся да сваіх законных уладальнікаў". Гэта інфармацыя фармальна адпавядае рэчаіснасці, тым не менш яна можа ўвесці ў зман чытачоў.
Пра які абраз ідзе размова?
Цудадзейны абраз Жыровіцкай Божай маці, з-за якога Жыровічы атрымалі назву "літоўскага Чанстахова", паводле легенды, цудоўным чынам з'явіўся ў лесе на грушы ў 1470 г. Тагачасны ўладальнік Жыровічаў, літоўскі падскарбій Аляксандр Солтан, якому пастушкі прынеслі гэты абраз, пераканаўшыся ў яго цудадзейнасці, пабудаваў у лесе царкву і размясціў у ёй гэтую святыню.
Быў гэта невялікі абраз, накшталт абразкоў, які размяшчаюць на рыцарскіх нагрудных знаках - рынграфах, выява Маці Божай была выразана на яшме. Якое ж паходжанне гэтага абраза? Безумоўна - заходняе, хаця б таму, што праваслаўная царква не прызнае рэзьбаў у сваіх храмах. Хутчэй за ўсё, абраз каталіцкі.
Аляксандр Солтан, як мы ведаем, быў у Рыме ў 1471 г. пасля чаго адбыў пілігрымку ў Іерусалім, дзе стаў рыцарам св. Труны.
Праваслаўны з паходжання Солтан, у Рыме перайшоў у каталіцызм з захаваннем грэцкага абраду. Найверагодней, менавіта з Рыма ён прывёз гэты незвычайны па форме і памерах святы абраз Божай Маці. Пасля вяртання ў Вільню Солтан сустрэў там вельмі непрыязнае стаўленне да сябе з боку каталіцкага духавенства, якое не прызнала яго за католіка.
Кс. прафесар Каміль Кантак у сваёй манаграфіі "Бернардыны ў Польшчы" [1] (Т. 1., С. 172.) так расказаў пра гэты эпізод: "Катэдральны прапаведнік з амбона выступіў супраць Солтана, не саромеючыся назваць яго сабакам. Гэтак аблаяны, ён зноў адпаў у схізму".
Італьянскае паходжанне Жыровіцкага абраза, пацвердзіў рускі гісторык мастацтва Н. П. Кандакоў у кнізе "Иконография Богоматери. Связь греческой и русской иконографии с итальянской живописью раннего Возрождения". Іншы аўтарытэтны рускі гісторык мастацтва Е. Пасялянін, абмежаваўся апісаннем абраза і не засяродзіўся на яго паходжанні. Польскія гісторыкі мастацтва не працавалі над генезісам цудоўнага абраза М.Б. Жыровіцкай.
Лацінскі з паходжання (пра гэта кажа ўсё!), праваслаўны з-за адыходу Солтана ад каталіцызма, жыровіцкі абраз з 1613 г. зноў стаў каталіцкім, знайшоўшы сабе руплівых прыхільнікаў і апекуноў у асобах айцоў базыльянаў, кляштар якіх заклаў у Жыровічах св. Язафат Кунцэвіч. З таго часу пачаліся шматлікія цуды, і слава пра цудатворны абраз шырока распаўсюдзілася. У 1730 г. адбылася цудоўна арганізаваная каранацыя абраза.
Пасля скасавання уніі ў 1839 г., жыровіцкая святыня разам з абразом перайшла да праваслаўных. Пачалі расказваць, што базыльяне, пакідаючы Жыровічы, забралі з сабой цудадзейны абраз і замест яго пакінулі копію. Ці гэта і сапраўды было так, сказаць цяжка. Копіі існавалі. Пра адну з іх, зробленую па замове епіскапа Сямашкі, ён сам распавядае ў сваіх успамінах. Той ці іншы (аўтэнтычны ці копія) абраз М.Б. Жыровіцкай, выгравіраваны на яшме, дагэтуль захоўваецца ў праваслаўных і вісіць з левага боку іканастаса ў адмысловай шкляной скрыні.
Які ж абраз вярнулі католікам? Зусім іншы!
Базыльяне мелі кляштар у Рыме. У 1718 г. рэктар Бенядыкт Турлевіч загадаў адрамантаваць кляштар. Муляр Сымон Цёцці распачаў атынкоўку сцен у калідоры паміж кухняй і сакрыстыяй і падчас працы адкрыў выяву Дзіцятка Ісуса, ад якога ішло асляпляльнае святло. Пасля адкрыцця ўсёй выявы, якая хавалася пад тынкам, стала зразумела, што гэта копія цудадзейнага абраза М.Б. Жыровіцкай. Пачалі адбывацца цуды. Незвычайныя ласкі атрымалі, між іншым, кс. Цэзарыні, пляменнік папы Інакенція XIII, кс. ды Пёмбіна, кс. ды Рысполі, кс. Качэрта, граф Ташчыні і шмат іншых асоб. Па загадзе папы Клемента XI, 07.09.1719 г. частка мура з абразом была вынята са сцяны і перанесена ў касцёл, у пабочны алтар, насупраць алтара св. Язафата.
Ну, а копію цудадзейнага абраза Madonny del Pascolo (гэтак італьянцы называюць абраз М.Б. Жыровіцкай) Турлевіч пераслаў у Жыровічы, дзе на шчасце яна дажыла да нашых дзён. Менавіта яе праваслаўныя і вярнулі католікам. Безумоўна, вартасць гэтага абраза, як прадмета рэлігійнага культу, як мастацкага твора і гістарычнага помніка, вельмі высокая.
Такім чынам, сёння склалася такая сітуацыя: цудадзейны абраз, паходжанне якога звязана з жыццём грэка-католіка Аляксандра Солтана, знаходзіцца ў праваслаўных. Цудатворны абраз Madonny del Pascolo - уласнасць бызыльянаў-украінцаў, грэка-католікаў. Рыма-католікі атрымалі копію рымскага абраза.
Гэта вяртанне, верагодна, каталіцкага абраза, трэба сустракаць з асаблівай радасцю як знак добрых стасункаў у будучыні паміж католікамі і праваслаўнымі, якія ў Жыровічах маюць, у рэшце-рэшт, адзінае агульнае мінулае. […]
Трэба сказаць пра рукапісы, у якіх апісваюцца ўсе цуды, якія адбываліся ў Жыровічах на працягу некалькіх стагоддзяў. Гэты летапіс змяшчае апісанне Божых ласкаў, атрыманых перад абразом М.Б. Жыровіцкай, пацверджаных подпісамі сведак. Бясцэнны дакумент!
Пасля скасавання уніі гэтыя скарбы-рукапісы перайшлі ў валоданне праваслаўных, якія, відочна, цалкам не цікавіліся грэка-каталіцкімі Жыровічамі. Калі праваслаўная кансісторыя была перанесена з Жыровічаў у Вільню, рукапісы разам з вялікім па-базыльянскім кнігазборам таксама перавезлі ў Вільню, у архіў праваслаўнай Духоўнай семінарыі, дзе яны і захоўваліся ажно да Сярэдняй Літвы [2], а потым раптоўна зніклі.
Паколькі кнігазборы і рукапісы з'яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю, некаторыя з іх, пасля інвентарызацыі бібліятэкарамі ўніверсітэта, па выраку Міністэрства Веравызнанняў і Асветы былі перададзены ў бібліятэку імя Урублеўскіх (перадзена базыльянская жыровіцкая бібліятэка), частка (раздзел усходняй тэалогіі) была адаслана ў Варшаву для факультэта праваслаўнай тэалогіі ўніверсітэта імя Пілсудскага, частка, верагодна, патрапіла ў бібліятэку віленскага ўніверсітэта, але многа кніжак і рукапісаў загінула …
Як потым высветлілася, кнігазборы сістэматычна раскрадаліся. Аматараў крадзеных кніг хапала, і гандаль імі развіваўся нядрэнна. Калі б не цвёрдая пазіцыя уладаў, то сёння ні ў праваслаўных, ні ў католікаў не было б старых кніг з па-ўніяцкіх збораў.
Аднак, ці загінулі бясцэнныя (варта паўтарыць яшчэ раз: бясцэнныя!) жыровіцкія рукапісы, якія змяшчаюць дакументальнае сведчанне цудаў у Жыровічах? Ці сапраўды іх ужо няма? На шчасце, не! Але трапілі яны ў рукі львоўскіх украінцаў, для якіх жыровіцкія традыцыі цалкам чужыя.
У часопісе львоўскіх базыльянаў "Analecta Ordinis S. Basilii Magni". Т. ІІІ., сшытак 3-4 за 1930 г. на С. 734 чытаем:
"Падаем некаторую інфармацыю пра гэты каштоўны рукапіс, які ёсць у нашым распараджэнні". І далей такія падрабязнасці:
- Том першы, памер 20 на 16 см, у пераплёце, мае 1122 старонкі, на якіх пералічаны цуды (усяго 1976), што адбыліся ў перыяд з 1558 па 1650 гг. У канцы кнігі маецца запіс па-польску наступнага зместу: "Я, нягодны Язафат Дубянецкі, закона базыльянаў архімандрыт полацкі, гэту маю працу, якую ў гонар Найсвяцейшай Панны Жыровіцкай, знаходзячыся тут каля яе Цудатворнага абраза, як прапаведнік ахвяраваў, для яе яшчэ большага ўшанавання падчас старшынства Прывялебнага а. Канстанты Вітапольскага, аддаю" [3].
- Том другі, няпоўны, без пераплёту. Фармат амаль такі ж: 19 на 16 см, старонкі пранумераваны ад 32 да 223. У сярэдзіне бракуе некалькіх старонак. У гэтым томе занатаваны цуды, якія адбываліся паміж 1618 і 1634 гг.
- Том трэці, вонкава цалкам падобны да першага. Ён змяшчае апісанне 1236 цудаў, якія адбыліся ў перыяд з 1658 па 1753 гг. Мае 367 старонак разам з тымі, на якіх няма запісаў.
W. Charkiewicz. Jaki obraz N.M.P. został zwrócony katolikom? // Słowo. 1939. № 37.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
[1] Гл. пераказ гэтай кнігі: Бернардыны ў Літве і Беларусі // Наша слова.pdf № 40, 5 кастрычніка 2022.; № 41, 12 кастрычніка 2022.; № 42, 19 кастрычніка 2022.; № 43, 26 кастрычніка 2022.
[2] Сярэдняя Літва - дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Віленшчыны і Гродзеншчыны ў 1920-1922 гг. - Л. Л.
[3] "Ja niegodny Josaphat Dubieniecki Zak: S. B. Archimandryta Polocki te prace moia, ktoram na czesc Panny Prze: Zyrowieckiey bedac tu przy iey Cudownym Obrazie Kaznodziein ofiarowal, na czesc iey wieksza za Starszenstwa Przewiel: O. Konstantego Witopolskiego oddaie". - Л. Л.