Апошнім часам пачаў падрыхтоўку ўсяго мною раней напісанага пра цэрквы Лідчыны для будучай зусім не малой кнігі. Рэдагуючы артыкул пра прыходы ў Ганчарах і Дакудаве
[1] (раней да іх адносілася і царква ў Вашкевічах (Васькавічах)) звярнуў ўвагу на раней ужо надрукаваны кавалак свайго ж тэксту, што Мікалай Сапега (†1599) загадаў пахаваць яго «паводле абраду
"рэлігіі маёй грэцкай каталіцкае"», чатыры гады таму я заўважыў толькі, што гэта цікавы момант. А сёння, спыніўся і задумаўся.
Берасцейская царкоўная унія была падпісана толькі ў 1596 г., і вось самы сапраўдны магнат, гаспадарскі маршалак, а потым па чарзе ваявода менскі, берасцейскі і віцебскі Мікалай Сапега, прадстаўнік знакамітага роду, адразу пасля уніі ў сваім тастаменце называе унію сваёй рэлігіяй. Чамусьці да гэтага часу, на гэта ніхто не звярнуў увагі. Я парадзіўся з лепшым на сёння, па маім меркаванні, спецыялістам пра гісторыі рэлігіі, і прафесар адказала мне, што гэта адкрыццё. Зразумела, мікраадкрыццё, але з гэтага і складаецца сапраўдная, не выдуманая гісторыя.
Здаецца агульнавядомым магнатам - грэка-католікам таго часу лічыўся толькі наваградскі стараста Тэадор (Фёдар) Скумін Тышкевіч. Першапачаткова Тэадор Скумін-Тышкевіч выступаў супраць аб'яднання цэркваў, але потым стаў яго прыхільнікам. Мітрапаліт Макарый у сваёй «Гісторыі Рускай царквы» пісаў: «…і наваградскі ваявода Скумін-Тышкевіч, які настолькі раней быў супраць уніі, зараз прыняў яе і зрабіўся яе заступнікам». Вядома, што Скуміна-Тышкевіча навярнуў у унію ў Вільні сам св. Язафат Кунцэвіч [2].
Як і Мікалай Сапега, Тышкевіч быў высокаадукаваным чалавекам, вучобу ва ўніверсітэце ён пачаў у Базелі, потым вучыўся ў Цюбінгене (1560 г.) і заканчваў адукацыю ў Ляйпцыгу (1563 г.), у Базельскім універсітэце быў запісаны як «Fridericus Skumin Lithuanus» [3].
А Мікалай Сапега ў кнігу студэнтаў Ляйпцыгскага ўніверсітэта ўзімку 1545 г. запісаўся як «Nicolaus Sapei ex Rossa». Увосень 1546 г. яго звінавацілі за ўдзел у бойцы з другім студэнтам, і Сапегу давялося адкупляцца. Узімку 1547 г. ужо як «Litunus» ён зарэгістраваўся ва ўніверсітэце Караляўца, дзе вучыўся і ў наступным годзе [4].
Два магнаты, Скумін-Тышкекіч і Сапега, добра ведалі адзін аднаго, бо ў пачатку студзеня 1577 г. кароль даручыў ім сумесна з мазавецкім ваяводам Станіславам Крыскім пасольства ў Маскву [5].
Мікалай Сапега ў сваім першым тастаменце ад 10 лістапада 1598 г., выдзяліў невялікія сумы на цэрквы ў Вішніцах і Кодані [6], на коданскі касцёл і віленскую царкву Святой Троіцы і падкрэсліў, каб у мураванай царкве Святога Духа ў Кодані, дзе пахаваная яго маці, адпраўлялі набажэнствы «не інакшым якім спосабам, а толькі паводле старадаўняга звычаю, як было ў продкаў маіх паводле рэлігіі грэцкае» [7]. Гэта патрабаванне амаль што даслоўна паўтарае аналагічнае жаданне фундатараў Маламажэйкаўсякай царквы, зробленае і запісанае амаль што адначасова: «… въ той церкви иншое набоженство не маетъ быть уживано, одно на што есть уфундовано старожитное веры светобливое хрестианское, закону хрестианского ...» [8].
Аналагічную палітыку падтрымкі грэчаскай веры праводзіў і Мікалай Радзівіл Сіротка ў Нясвіжы.
У "Дарчым лісце Літоўскага дворнага маршалка Мікалая Хрыстафора Радзівіла святару Нявіжскай Прачысценскай царквы Якаву Семяновічу" [9] ад 21 красавіка 1577 г. пазначана:
"...далі гэтым лістом нашым у моц і ва ўсялякія... святую царкву нашую рускую заснавання Нараджэння Прачыстай, на прадмесці горада нашага Нясвіжскага, святару... нашаму папу Якаву Семяновічу з усім на ўсё і... пажыткамі і прыходамі царкоўнымі аж...
... А з таго ўсяго, што вышэй названа, ні адной ніякай павіннасці ані падачы даваць не будзе, аж да смерці сваёй, адно толькі службу Божыю і ўсялякія цырымоніі, паводле старадаўняга звычаю і прыналежнасці сваёй кіраўніцтву духоўнаму закону іх грэчаскаму пры той царкве нашай чыніць і парадкаваць мае і павінен будзе".
Думаю, што гэтыя патрабаванні выкліканы моцным уздымам пратэстантызму у той час. Напрыклад у Лідзе тады з-за адсутнасці вернікаў зачыніўся Фарны касцёл, а суседнія з Малым Мажэйкавам Ваверскі і Дылеўскі касцёлы на некаторы час сталі пратэстанцкімі зборамі.
Але падабенства на гэтым не заканчваецца. У 1513-1520 гг. ў маёмасці Сапегаў Кодані дзед і бацька Мікалая Сапегі - Іван і Павел Сапегі, фундавалі Мураваную царкву якая да XIX стагоддзя была дворнай капліцай роду Сапегаў. Гэтая гатычная Святадухаўская царква з'яўляецца помнікам абарончага дойлідства XVI ст., - роднай сястрой нашых Маламажэйкаўскай і Сынкавіцкіх цэркваў.
Дадам, што як пасаг за другую жонку Ганну з Вішнявецкіх, дачку валынскага ваяводы Андрэя (шлюб яны ўзялі, верагодна, у 1581 г.,), разам з іншай маёмасцю Мікалай Сапега атрымаў і двор Вашкеічы (Васькевічы) ў Лідскім павеце.
У сваім апошнім тастаманце ад 1 лістапада 1599 г. (у дзень сваёй смерці) Мікалай Сапега пакінуў усе ранейшыя фундушы і пацвердзіў ранейшыя ўклады для шпіталя на 10 убогіх у Кодані. Адначасна фундаваў у Кодані храм св. Ганны, у якім наказаў пахаваць сябе і перапахаваць сюды сваю другую жонку. Паколькі пабудова не была завершаная, Мікалай абавязаў апекуноў сваіх непаўнагадовых дзяцей выканаць яго апошнюю волю. Коданскіх плябанаў абавязаў утрымліваць школьнага бакалаўра «для навучання дзетак».
Мікалай Паўлавіч Сапега памёр 1 лістапада 1599 г. у Кодані і быў пахаваны ў касцёле св. Ганны побач з жонкай, паводле абраду «рэлігіі маёй грэцкай каталіцкае». Яшчэ раз, праз некалькі год пасля падпісання Берасцейскай уніі, адзін з самых уплывовых магнатаў ВКЛ называе сваёй грэка-каталіцкую рэлігію.
У 1610 г. сын Мікалая ўсталяваў над магілай бацькоў агульны помнік [10].
Мікалай Сапега паходзіў з кодзенскай лініі магнацкага роду Сапегаў герба «Ліс», сын Паўла і Алены, дачкі князя Юрыя Іванавіча Гальшанскага-Дубравіцкага. Выхаваны быў у праваслаўі, працяглы час быў пратэстантам, але пры канцы жыцця вярнуўся ў бацькоўскую веру. Пра гэтую цікавую асобу маецца грунтоўны артыкул Генрыка Люлевіча ў «Біяграфічным слоўніку», які існуе і ў перакладзе на беларускую мову [11].
[1] Гл: Лаўрэш Леанід. Прыходы ў Ганчарах і Дакудаве // Лідскі Летапісец. 2020. № 4(92). С. 44-71.
[2] Еrka [Уладзіслаў Талочка]. Św. Józafat w Wilnie // Pregląd Wileński. № 21, 16 grudnia 1923. S. 3-10.
[3] Żołądź-Strzelczyk Dorota. Peregrinatio academica. Studia młodzeży polskiej z Korony i Litwy na akademijach i uniwersytetach niemieckich w XVI i pierwszej połowie XVII wieku. Poznań, 1996. S. 59; 231.
[4] Polski słownik biograficzny T. 35. Warszawa - Kraków, 1994. S. 116.
[5] Там жа. S. 117.
[6] Цяпер у Бяльскім павеце Польшчы, у тыя часы - Кодань знаходзіўся ў Берасцейскім павеце.
[7] Polski słownik biograficzny T. 35. Warszawa - Kraków, 1994. S. 119.
[8] Маломожейковская "Мурованная" церковь. Вильна, 1907. С. 9-10.
[9] "Нясвіжскія каеты", № 10, 2022 г., стст. 67-68.
[10] Polski słownik biograficzny T. 35. Warszawa - Kraków, 1994. S. 119.
[11] Polski słownik biograficzny T. 35. Warszawa - Kraków, 1994. S. 116-119; Гісторыя Сапегаў. Жыццяпісы, маёнткі, фундацыі. Укладальнік Яўстах Сапега. Мінск, 2017. С. 141-146.