Папярэдняя старонка: Ваенная гісторыя

Гужалоўскі Аляксандр. Войска ВКЛ: апошнія старонкі гісторыі 


Аўтар: Гужалоўскі Аляксандр,
Дадана: 22-12-2014,
Крыніца: Гужалоўскі Аляксандр. Войска ВКЛ: апошнія старонкі гісторыі // Беларускі гістарычны часопіс № 1-1994. С. 48-52.



Безуладдзе ў палітычным жыцці, узброеная барацьба канфедэратаў нарэшце, першы падзел Рэчы Паспалітай цяжка адбіліся на стане яе войскаў. Гэтыя падзеі прадэманстравалі сур'ёзныя недахопы ў арганізацыі войска Вялікага княства Літоўскага i Кароны, ix кіраванні, узбраенні, забеспячэнні. Кароткі мірны тэрмін, атрыманы Рэччу Паспалітай пасля 1772 г., быў выкарыстаны для рэформаў, якія тычыліся амаль усіх бакоў вайсковага жыцця.

Войска ВКЛ.

У 1775 г. варшаўскі сейм Рэчы Паспалітай стварыў дзве асобныя вайсковыя камісіі: літоўскую i каронную. А ў наступным годзе ў складзе Пастаяннай рады (урада Рэчы Паспалітай) узнік вайсковы дэпартамент, які выконваў Функцыі міністэрства абароны.

Войска ВКЛ.

Вайсковы дэпартамент захаваў ранейшую самастойнасць войска ВКЛ. Гэтак жа, як i войска Кароны, яно мела свайго галоўнакамандуючага -вялікага гетмана. Апошні меў намесніка (польнага гетмана), а таксама штаб, у які ўваходзілі пісар, стражнік, абозны, прафос [1], правіянтмайстар, афіцэры сувязі. Дэпартамент толькі крыху абмежаваў уладу абодвух вялікіх гетманаў, бо ўсё часцей гэта пасада рабілася аб'ектам палітычных інтрыг, якія не спрыялі з'яўленню на чале войскаў таленавітых камандзіраў [2].

Хаця пасля першага падзелу Рэч Паспалітая захавала дзяржаўную незалежнасць, некаторыя важнейшыя пытанні, у тым ліку i вайсковыя, трэба было ўзгадняць з расійскім дваром.

Атрымаўшы дазвол Кацярыны II на павелічэнне колькасці войскаў да 30 тыс. чалавек, дэпартамент пачаў ix камплектаванне салдатамі i афіцэрамі. Перш за ўсё была ўведзена адзіная арганізацыя конніцы. Гусарскія i кірасірскія фарміраванні, дзе служыла заможная прывілеяваная шляхта, былі пераўтвораны ў нарадовую кавалерыю, якая складала аснову войска. Нарадовая кавалерыя падзялялася на брыгады, кожная брыгада мела па 6 эскадронаў, апошнія - па 4 харугвы. Лёгкія кавалерыйскія харугвы былі зведзены ў палкі пярэдняй варты, частка якіх атрымала на Беларусі назву "пяцігорскіх".

У коннікау знікаюць кірасы і шлемы, ix апранаюць у мундзіры і ківеры. Дзіда ў значнай ступені саступае месца шаблі i стрэльбе. У выніку гэтага ўзнікае новы кавалерыйскі баявы парадак - "цуг".

Аднак сейм не зацвердзіў праекта вайсковага дэпартамента аб увядзенні рэкруцкага набору i захаваў стары спосаб камплектавання кавалерыі. Гэта не спрыяла ўзняццю яе баяздольнасці. Галоўнай фігурай у кавалерыі па-ранейшаму быў "таварыш" - шляхціц, які прыходзіў на вайсковую службу разам ca сваім узброеным аддзелам, т. зв. "пачэтам". Апошні складаўся з пачэтавых (шараговых), з якімі таварышы служылі ў адной харугве. Укамплектаваная такім чынам нарадовая кавалерыя мела па-ранейшаму нізкую дысцыпліну. Трохі лепш у гэтым сэнсе былі справы ў палках пярэдняй варты, дзе служыла дробная, больш дысцыплінаваная шляхта.

Змены ў пяхоце ВКЛ увасобіліся ў стварэнні двухбатальённых палкоў, якія абучаліся па прускаму ўзору. У войску ВКЛ быў арганізаваны артылерыйскі корпус, які складаўся з брыгад i рот. Узмацніўся артылерыйскі парк за кошт 32-, 24-, 12-, 8-, 6-, а ў большай ступені 3-фунтовых палкавых гармат. Вялася праца па стварэнні інжынерных часцей, а таксама медыцынскіх служб.

У 1788 г. Чатырохгадовы сейм скасаваў вайсковы дэпартамент, а замест яго стварыў Вайсковую камісію, якая складалася з 12 камісараў - прадстаўнікоў Кароны i ВКЛ. Сярод галоўных мерапрыемстваў камісіі неабходна адзначыць увядзенне рэкруцкай сістэмы камплектавання войскаў па прускай кантанальнай сістэме. Згодна з ёй, тэрмін службы доўжыўся 6-8 гадоў, а прызыўны ўзрост быў акрэслены 18-35 гадамі. За дастаўку рэкрута да месца службы адказвалі спецыяльныя вайскова-цывільныя распараджальныя камісіі. З дапамогай рэкруцкага набору Вайсковая камісія Кароны i ВКЛ спадзявалася ўкамплектаваць перш за ўсё пяхоту, якая ў большасці еўрапейскіх краін складала аснову арміі. Але гэта задача была выканана толькі часткова. На пачатку баявых дзеянняў з Расіяй у 1792 г. колькасць войска ВКЛ дасягнула толькі 18 500 чалавек (у войску Кароны - 50 300 чал.), прычым злучэнні конніцы пераважалі.

Вайсковая камісія выпрацавала новыя ўзоры формы для кожнага роду войскаў ВКЛ (гл. каляровую ўклейку). Нарадовая кавалерыя атрымала мундзір сіняга колеру з малінавымі лацканамі, чэкчыpы [3], боты, канфедэраткі (для афіцэраў) i ківеры (для шараговых). Кожны полк пярэдняй варты меў свой колер адзення. Пяхотныя палкі апранулі ў цёмна-сіні мундзір, белыя панталоны, прычым кожны полк меў лацканы адпаведнага колеру. Гвардыя мела чырвоны мундзір з сінімі лацканамі. Артылерысты зялёны мундзір з чорнымі (у некаторых падраздзяленнях - чырвонымі) лацканамі, зялёныя панталоны, кароткія боты, шапкі з двума казыркамі (спераду і ззаду).

Былі вызначаны знакі адрознення для вайскоўцаў. Генерал-лейтэнант меў два эпалеты i двайны галун, генерал-маёр два эпалеты i адзінарны галун, шэф палка адзін эпалет з чатырма нашыўкамі, палкоўнік - з трыма, падпалкоўнік - з дзвюма, маёр - з адной. Афіцэры малодшага каманднага саставу адрозніваліся колькасцю зорак: капітан - 4, паручнік - 3, падпаручнік -2, харунжы - 1.

Сярод іншых мерапрыемстваў Вайсковай камісіі варта прыгадаць упарадкаванне Фінансавага забеспячэння войскаў. Цяпер яны началі атрымліваць грошы ад цэнтральных улад (ранейшая сістэма атрымання грошай асобнымі падраздзяленнямі ад мясцовых улад прыводзіла да шматлікіх канфліктаў). Забаранялася практыка набыцця вайсковых званняў за грошы, удасканальваліся ўставы.

Трэба адзначыць, што Вайсковая камісія не паспела ажыццявіць сваіх планаў. Усе арганізацыйныя недахопы войска ВКЛ адразу ж праявіліся падчас баёў з 32-тысячным корпусам генерала Крэчэтнікава ў 1792 г. на беларускім тэатры ваенных дзеянняў. Аднак войска ВКЛ, маючы перад сабою ўдвая мацнейшага праціўніка і здраднікаў сярод свайго камандавання, усе ж выканала сваю стратэгічную задачу, не дазволіла расійскім войскам зайсці ў тыл войску Кароны, якое білася на Украіне.

"Маўклівы" сейм 1793 г. у Гародні быў вымушаны згадзіцца на скарачэнне колькасці войска BKЛ да 6 584 чалавек i кароннага войска да 8 865 чалавек. Найлепшыя камандзіры былі пераведзены ў розный куткі края пад нагляд расійскіх улад. Некаторыя згаджаліся на прапановы вярбоўшчыкаў ісці на службу ў кааліцыйныя арміі, якія змагаліся ў той час супраць рэвалюцыйнай Францыі. Падраздзяленні скарачаліся, раззбройваліся, ix гвалтоўна далучалі да расійскай арміі.

6 ліпеня 1793 г. М. К. Агінскі склаў з сябе гетманскія паўнамоцтвы. Вялікім гетманам літоўскім стаў расійскі стаўленік Ш. Касакоўскі, што фактычна азначала падпарадкаванне рэштак войска BKЛ расійскаму вайсковаму камандаванню. Але старонкай гісторыі войска ВКЛ усё ж трэба лічыць паўстённе Т. Касцюшкі. Менавіта беларуска-літоўскія рэгулярныя падраздзяленні склалі касцяк збройных сіл Найвышэйшай Часовай Рады ВКЛ, якую ўзначальваў інжынер-палкоўнік войска ВКЛ Якуб Ясінскі.


СКЛАД ВОЙСКА ВКЛ У ЧЭРВЕНІ 1792 ГОДА

Галоўнакамандуючы - Ю. Юдзіцкі [4].


Табліца падрыхтавана паводле Korzon Т. Dzieje Wojen i Wojskowosci w Polsce. Lwów, 1923.

Род войскаў

Назва падраздзяявння

Колькасць людзей

Прозвішча камандзіра

Цяжкая кавалерыя

1-я брыгада нарадовай кавалерыі

1 157

І. Твардоўскі [5]

2-я брыгада нарадовай кавалерыі

1 200

невядома

1-ы кавалерыйскі полк

1 257

Ю. Вадзіцкі [6]

2-і кавалерыйскі полк

1 147

А. Дзялыньскі [7]

кавалерыйскан брыгада

1 344

Ш. Патоцкі [8]

Лёгкая кавалерыя

1-ы полк пярэдняй варты

474

Ю. Бяляк [9]

2-і полк пярэдняй варты

530

А. Бычэўскі [10]

3-і полк пярэдняй варты

529

А. Кіркор [11]

4-ы полк пярэдняй варты

446

М. Забела [12]

5-ы полк пярэдняй варты

498

Ю. Ялінскі [13]

полк лёгкай кавалерыі

-

Л. Вюртэмбвргскі [14]

2 венгерскія харугвы

127

невядома

пяхота

1-ы полк

421

невядома

2-і полк

455

Свінярскі [15]

3-і полк

505

невядома

4-ы полк

516

Ю. Ржэвускі [16]

5-ы полк

450

М. Франкоўскі [17]

6-ы полк

463

К. Несялоўскі [18]

7-ы полк

431

С. Гра6оўскі [19]

8-ы полк

635

Д. Дэдэрка [20]

Артылерыя

корпус у складзе 44 гармат

400

Ф. Кронеман [21]

Інжынерныя войскі

інжынерны корпус

-

Я. Ясінскі [22]



[1] Прафос - вайсковы чын у войсках Кароны і ВКЛ, які выконваў абавязкі начальніка жандармерыі пры штабе гетмана.

[2] З 1768 па 1793 г. булаву вялікага літоўскага гетмана трымаў вядомы мецэнат Міхал Казімір Агінскі - паводле сведчанняў сучаснікаў, "аперэтачны воін", які аддаваў перавагу вайсковым аркестрам перад ваеннымі фарміраваннямі.

[3] Чэкчыры - кавалерыйскія панталоны.

[4] Юдзіцкі Юзэф (гады жыцця невядомы), сын мінскага каштэляна, вучыўся ў езуіцкай калегіі ў Вільні, потым у піярскай калегіі ў Варшаве. З 1767 г. - маршалак Лідскага павета. з 1774 - абозны войска ВКЛ, а праз 2 гады - стражнік войска ВКЛ. Валодаў вайсковымі здольнасцямі i высокімі маральнымі якасцямі, у 1777 г. узнагароджаны ордэнам Белага Арла. У 1783 г. Юдзіцкі атрымаў чын генерал-лейтэнанта войска ВКЛ, з 1 чэрвеня 1792 г. - галоўнакамандуючы войскам ВКЛ. У баі пад Мірам прадэманстраваў асабістую адвагу. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай нейкі час служыў у расійскім войску.

[5] Твардоўскі Ігнацы (гады жыцця невядомы), генерал-маёр кавалерыі войска Кароны. Быў прыкамандзіраваны да войска BKЛ на перыяд баявых дзеянняў у 1792 г.

[6] Вадзіцкі Юзэф (год нараджэння невядомы), генерал-маёр кавалерыі войска Кароны, прыкамандзіраваны на перыяд баявых дзеянняў 1792 г. Загінуў у час паўстання 1794 г.

[7] Дзялыньскі Адам (гады жыцця невядомы), шэф палка войска Кароны, разам з якім удзельнічаў у кампаніі 1792 г. у складзе войска ВКЛ.

[8] Патоцкі Шчасны (1751-1805), генерал артылерыі войска Кароны, удзельнічаў у кампаніі 1792 г, у складзе войска ВКЛ.

[9] Бяляк Юзэф (1741-1794) нарадзіўся у Лоўчыцах пад Наваградкам. З юнацтва прысвяціў сябе вайсковай службе, якую пачаў у 1760 г. у званні ротмістра у татарскім палку генерала Мурзы Рудніцкага. Удзельнік 7-гадовай вайны. У сакавіку 1772 г. атрымаў чын генерал-маёра войска ВКЛ і пасаду камандзіра татарскага палка пярэдняй варты. Адыграў выдатную ролю ў кампаніі 1792 г., вылучыўся у баях пад Свержанем, Мірам, Зэльвай, Брэстам. Генерал Бяляк спачатку не зразумеў мэты паўстання Касцюшкі, але ужо ў маі разам са сваім палком абвясціў аб далучэнні да паўстанцаў. Праз месяц памёр у вайсковым лагеры ад невядомай хваробы.

[10] Бычэўскі Анастазі (год нараджэння невядомы), генерал-маёр войска Кароны, камандаваў палком лёгкай кавалерыі. У 1792 г. у сувязі 3 ваеннымі дзеяннямі часова выконваў абавязкі камандзіра 2-га палка пярэдняй варты войска ВКЛ. Загінуў у 1800 г.

[11] Кіркор Антоні (1756-1847) нарадзіўся ў Каласках Мсціслаускага павета. Уступіў у гвардзейскі пяхотны полк войска ВКЛ кадэтам у 1781 г., праходзіў службу ў званні кандуктара у Інжынерным корпусе, потым у званні харунжага ў артылерыі. Падчас паўстання Касцюшкі ў званні палкоўніка камандаваў 8-м пяхотным палком войска ВКЛ. Меў рэпутацыю адважнага і адукаванага афіцэра, дасведчанага у тактыцы i фартыфікацыі. Пасля падаўлення паўстання эмігрыраваў. У 1812 г. вярнуўся на радзіму, перайшоў на бок Напалеона і служыў у чыне маёра ў штабе літоўскага урада у Вільні. Пазбаўлены царскім урадам шляхецтва, хворы памёр у Варшаве.

[12] Забела Міхал (гады жыцця невядомы), генерал-лейтэнант кавалерыі войска ВКЛ, вылучыўся мужнасцю і вайсковым талентам у баявых дзеяннях 1792 г.

[13] Ялінскі Юзэф (1748-1813), сын наваградскага каштэляна, атрымаў адукацыю ў рыцарскай школе у Варшаве. У 1769 г. абраны дэпутатам у трыбунал ВКЛ. Падчас Барскай канфедэрацыі браў удзел у баях у званні палкоўніка пад камандаваннем гетмана М. Агінскага. У кампаніі 1792 г. удзельнічаў у званні генерал-маёра, вылучыўся ў баі пад Коўна. Пасля сейма 1793 г. паслухмяна выконваў усе загады расійскіх улад, што з'явілася падставай для яго арышту касцюшкаўцамі. Выступаў як пасрэднік пры капітуляцыі рэшткаў паўстанцаў. Пасля 1794 г. - на расійскай службе.

[14] Вюртэмбергскі Людвіг (гады жыцця невядомы). пляменнік прускага караля Фрыдрыха II, зяць князя Адама Чартарыйскага. З'яўляўся галоўнакамандуючым войскам ВКЛ у першай палове 1792 г. Паводзіны Л. Вюртэмбергскага як галоўнакамандуючага характарызуюцца як адкрыта здрадніцкія, што ў значнай ступені абумовіла хуткае адступленне войска ВКЛ.

[15] Свінярскі - звестак не знойдзена.

[16] Ржэвускі Юзэф (1739-1816), генерал-лейтэнант войска Кароны, удзельнічаў у кампаніі 1792 г. у складзе войска ВКЛ.

[17] Франкоўскі Мацей (гады жыцця невядомы) паходзіу з Падляшша, скончыў Варшаускі кадэцкі корпус. Служыў у войску ВКЛ. У 1792 г. меў чын палкоўніка, займаў пасаду камандзіра 5-га пяхотнага палка. Вылучыўся у баі пад Брэстам, за што атрымаў вайсковы крыж. Аб касцюшкаўскім паўстанні пачуў, калі знаходзіўся у Брэсцкім ваяводстве. Браў удзел у абароне Вільні на чале трох пяхотных і аднаго кавалерыйскага палкоў войска ВКЛ. Далейшы лёс невядомы.

[18] Несялоўскі Ксаверы (1771-1845) нарадзіўся у Ляхавічах Наваградскага ваяводства, быў слухачом галоўнай школы у Вільні па курсах маральных i фізічных навук. У 1788 г. стау шэфам 6-га палка пяхоты войска ВКЛ. Падчас кампаніі 1792 г. вызначыўся ў баях пад Брэстам і Кабылянамі, быў узнагароджаны крыжам "Virtuti Militari". 30 красавіка 1794 г. абвясціў аб рашэнні яго палка далучыцца да паўстання. Хутка атрымаў ад Касцюшкі званне генерал-маёра. Вызначыуся ў баі пад Палянамі (у ваколіцах Ашмян), іншых вайсковых аперацыях Касцюшкі. Увосень 1794 г. разам з бацькам - Юзэфам Несялоўскім, які выконваў абавязкі наваградскага ваяводы і члена Найвышэйшай Часовай Рады ВКЛ, - быў арыштаваны. Пэўны час знаходзіўся ў эміграцыі. 5 ліпеня 1812 г., згодна загаду Напалеона, Несялоускі стаў членам вайсковага камітэта у Вільні, дзе ў званні брыгаднага генерала фарміраваў пяхотныя падраздзяленні з мэтай аднаўлення войска ВКЛ. У арміі Напалеона знаходзіуся да 1814 г., пасля чаго вярнуўся на радзіму. Браў удзел у паўстанні 1830-1831 гг., за што быў сасланы у Волагду, адкуль вярнуўся у 1837 г. хворы і сляпы.

[19] Грабоўскі Стэфан (1767-1847) нарадзіўся у Асташыне Наваградскага павета, сын генерала войска ВКЛ Тамаша Грабоўскага. Рана страціўшы бацьку, ён вырашыў працягваць яго жыццёвы шлях. У 1785 г скончыў рыцарскую школу і уступіў у гвардзейскі пяхотны полк ВКЛ, атрымаў чын харунжага. Член адной з масонскіх лож у Вільні. Падчас кампаніі 1792 г. у званні падпалкоўніка камандаваў 7-м пяхотным палком. Вылучыўся у баях над Мірам і Тэрэспалем. Браў удзел у паустанні Касцюшкі, удзельнічаў у баях над Палянамі, Соламі, Іўем, Вільняй. Трапіўшы ў акружэнне пад Любанню, вымушаны быў скласці зброю. Зімой 1811/12 гг. разам з А. Чартарыйскім удзельнічаў у распрацоўцы праекта аднаўлення ВКЛ. У 1812 г. быў маршалкам Брэсцкага ваяводства, працаваў па аднаўленні войска ВКЛ. У званні генерал-маёра ўзначальваў вайсковы камітэт у Вільні. Атрымаўшы амністыю ад расійскага урада, пераехаў у Пецярбург, дзе займаў шэраг вышэйшых дзяржаўных пасад.

[20] Дэдэрка (Дзядзерка) Дамінік (гады жыцця невядомы) нарадзіўся ў Вількамірскім павеце, брат мінскага біскупа Якуба Дэдэркі (1751-1829). З 1777 г. пачаў службу ў пяхоце ВКЛ у чыне харунжага; у 1791 г. атрымаў чын палкоўніка, стаў камандзірам 8-га палка, які у кампаніі 1792 г. пацярпеў шэраг паражэнняў ад расійскіх войскаў, у выніку чаго быў звольнены з дзеючай арміі i прызначаны камендантам Нясвіжскага замка, які здаз праціўніку без бою, за што быў прыцягнуты да вайсковага суда

[21] Кронеман Фрыдрых (1739-1799) нарадзіўся у Саксоніі, браў удзел у 7-гадовай вайне. У 1767 г. даў згоду на прапанову Караля Радзівіла служыць у яго артылерыі. Пачынаючы з 1769 г. у чыне капітана, чытаў лекцыі у школе Інжынераў і артылерыстаў у Нясвіжы. У 1773 г., па прапанове шэфа артылерыі ВКЛ К. Сапегі, перайшоў на службу у падраздзяленне апошняга, а праз 10 гадоў ужо ў чыне палкоўніка ўзначаліў артылерыйскі корпус ВКЛ. Дзякуючы энергіі і здольнасцям камандзіра корпус хутка павялічыў сваю колькасць, баяздольнасць, арганізаванасць. У кампаніі 1792 г. Кронеман не страціў амаль ніводнай гарматы. У 1794 г., знаходзячыся у Вільні, дапамагаў паўстанцам разам з сынам - паручнікам артылерыі, які загінуў у акопах ля Вострай Брамы. Пасля падаўлення паўстання арыштаваны расійскімі вайсковымі уладамі, неўзабаве памёр.

[22] Ясінскі Якуб (1761-1794) нарадзіўся у Венглеве Пазнанскага ваяводства, скончыу кадэцкі корпус у Варшаве, пэўны час заставаўся у ім афіцэрам-выкладчыкам. У 1789 г. атрымаў чын падпалкоўніка і новае прызначэнне ў Інжынерны корпус ВКЛ. Хутка паспяхова рэарганізавау корпус, стварыушы пры ім школу, за што атрымаў чын палкоўніка. Дзеянні Ясінскага падчас кампаніі 1792 г. характарызаваліся смеласцю і разважлівасцю: ён праводзіў рэкагнасцыроўкі, распрацоўваў планы баёў, распрацаваў сістэму абарончых збудаванняў вакол Брэста. Быў адзначаны крыжам "Virtuti Militari". У 1793 г. удзельнічаў у рабоце часовай Вайсковай камісіі ВКЛ а ў наступным годзе узначаліў паўстанне ў Вільні. Загінуў пры абароне Варшавы у лістападзе 1794 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX