Пры звароце да гісторыі найбуйнейшага шляхецкага (па вядучай ролі ў ім гэтага саслоўя, што не выключае і больш шырокай сутнаснай характарыстыкі) паўстання 1830-1831 гг., заўважаецца свядомае замоўчванне шляхецкай праблематыкі ў беларускай савецкай гістарыяграфіі. Не выпадкова ж у ранейшых вучэбных дапаможніках па гісторыіі БССР тэма «Грамадска-палітычны рух першай паловы ХІХ ст.» прадстаўлялася толькі ці ў асноўным выступленнямі дзекабрыстаў, а магутны шляхецкі рух, нягледзячы нават на тое, што пра яго надзвычай высока адзываліся К. Маркс, Ф. Энгельс і У. Ленін, практычна абыходзіўся. Справа тут не cтолькі ў псеўдамарксісцкіх, вульгарных адносінах да вышэйшага саслоўя як выключна эксплуататарскага, колькі ў імперскім ігнараванні шляхты як творцы палітычнай гісторыі Беларусі, носьбіта дзяржаўнасці ў феадальную эпоху. Паўстанне 1830-1831 гг. разглядалася пераважна як з'ява польскай гісторыі, без унікнення ў спецыфіку яго выспявання і праяўлення на беларускай тэрыторыі.
Ад канца 1980-х гг. плённа ў гэтым кірунку працуе В. В. Гарбачова (Русак). У яе манаграфіі [1] паўстанне на беларускіх землях разглядаецца на шырокім гістарычным фоне ў яго сувязі з сацыяльна-эканамічным і палітычным развіццём Беларусі канца ХVІІІ - першай траціны ХІХ ст. Паказана абстаноўка, у якой выспявала паўстанне, прычыны далучэння да яго розных сацыяльных пластоў насельніцтва. Даволі грунтоўна раскрываецца расстаноўка сіл, ход ваенных дзеянняў, разгром паўстання. Шмат увагі нададзена персаналіям паўстанцаў, чаму прысвечаны адмысловы біябліяграфічны слоўнік [2]. Прасочваецца прысутнасць двух складнікаў - шляхецкага руху за аднаўленне Рэчы Паспалітай і антыфеадальнай барацьбы сялянства. Слушная выснова, што гэтыя дзве плыні маглі ўзмацніць адна адну, але паміж імі не было дасягнута свядомага ўзаемадзеяння. Нам падаецца, што раскрыццё своеасаблівасці, спецыфікі паўстання 1830-1831 гг. у Беларусі можна істотна паглыбіць праз больш шырокае выяўленне ўплыву гэтай падзеі на сялян, як асноўную масу насельніцтва.
Лічым, што для распрацоўкі дадзенай тэмы важнымі з'яўляюцца не толькі традыцыйыя афіцыйна-дакументальныя крыніцы (матэрыялы следчых камісій, «Алфавітныя спіскі» ўдзельнікаў, рапарты расійкіх военачальнікаў, справаздачы генерал-губернатараў, пракламацыі і адозвы часоў паўстання), але і мемуарныя, і нават тагачасныя творы мастацкай літаратуры, бо паводле паэта і публіцыста Вінцэся Каратынскага, «вывелі мы на сцэну народ такім, які ёсць, і прымусілі яго прамаўляць аб самім сабе ўласнымі песенькамі, прымаўкамі і выслоўямі» [3, с 80].
Хоць у айчынным крыніцазнаўстве літаратурныя і публіцыстычныя творы прызнаюцца «цікавай для гістарычнай навукі крыніцай узнаўлення сацыяльна-палітычнай карціны эпохі, да якой яны адносяцца» [4, с. 149], але ў рэальнай даследчыцкай дзейнасці іх выкарыстанне даволі рэдкае. А як без фальклорна-паэтычных, літаратурна-публіцыстычных крыніц выявіць думкі і настроі сялянскіх мас?
Пачатак паўстання і сялянскае пытанне. Рэвалюцыя 1830 г. у Францыі ўскалыхнула Еўропу і нанесла моцны ўдар па сістэме Свяшчэннага Саюзу, аплотам якога былі дзяржавы, што падзялілі Рэч Паспалітую. Мікалай І спрабаваў арганізаваць контррэвалюцыйную інтэрвенцыю, спачатку ў Францыю, потым у Бельгію, якая дабілася незалежнасці ад Нідэрландскага каралеўства. Гэта падштурхнула да адкрытага выступлення польскіх шляхецкіх рэвалюцыянераў. У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося вызваленчае паўстанне, кіраўнікі якога ставілі галоўнай мэтай аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Хутка паўстанне ахапіла ўсё Царства Польскае. Старшынёй польскага нацыянальнага ўрада стаў князь Адам Чартарыйскі. Ён з'яўляўся лідэрам кансерватыўнай плыні, якая пераважала ў паўстанні.
Прадстаўнікі дэмакратычнай плыні на чале з гісторыкам I. Лялевелем дабіваліся пашырэння паўстання на землі былога ВКЛ. Імі быў вылучаны лозунг: «За нашу і вашу свабоду», які стаў сімвалам яднання расійскіх і польскіх рэвалюцыянераў. Аднак праграмныя мэты былі даволі абмежаванымі. Паводле Лялевеля, «калі на ўрачыстым сходзе ў Варшаве, наладжаным з нагоды гадавіны французскай рэвалюцыі, я сцвярджаў, што паўстанне па сутнасці з'яўляецца сацыяльнай рэвалюцыяй і надалей будзе такой, бо яна неабходна для адраджэння нацыі, то мая прамова выклікала абурэнне. Нашы дыпламаты спалохаліся, і мяне ледзь не прыцягнулі да соймавага суду за гэтыя смелыя выказванні. Рэвалюцыя павінна была спыніцца на паўдарозе і адмовіцца ад патрабавання сацыяльных пераменаў» [5, с. 240].
Пры абмеркаванні кіраўніцтвам сялянскага пытання ўзніклі моцныя рознагалоссі. Паляпшэнне становішча сялян і праз гэта прыцягненне іх у паўстанцкія шэрагі магло быць праз змяншэнне паншчыны і зацверджанне за імі права ўласнасці. Найбольш паслядоўнымі ў Сойме па гэтым пытанні былі Лялевель і партыя клубістаў. Аднак да іх думкі не прыслухаліся. Большасць Сойму падтрымлівала прапанову, сутнасць якой зводзілася толькі да змяншэння паншчыны. І гэтыя невялікія саступкі сустракалі сур'ёзнае супраціўленне кансерватараў, якія лічылі мэтазгодным пачакаць да мірных часоў. Члены ўрада таксама пярэчылі, баючыся, што дваране заходніх губерняў акажуцца непрыхільнымі да паўстання, калі адчуюць пагрозу сваім прывілеям і праву ўласнасці. Таму, калі паўстанне мелася распаўсюдзіцца на «рускія правінцыі», Сойм прыняў рашэнне больш не падымаць сялянскага пытання [6, с. 126].
Вясной 1831 г. у руках паўстанцаў аказаліся Літва і шэраг паветаў Заходняй Беларусі. Паўстанне развівалася нярэдка стыхійна, хоць і быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Шляхта кожнага павета выбірала свой урад і вайсковага камандзіра. Гэтыя ўрады прыводзілі насельніцтва да прысягі, аб'яўлялі рэкруцкі набор, выдавалі адозвы. Галоўным матывам для ўдзелу ў паўстанні практычна ўсіх саслоўяў, уключна з сялянствам, была незадаволенасць палітыкай улад, аб чым адносна суседняй Жэмайціі яскрава сцвярджаецца ў падрыхтаваным вядомым фалькларыстам М. Федароўскім жыццяпісе мемуарыста Леана Патоцкага: «Цэлы клас сярэдніх памешчыкаў, афіцыялістаў, духавенства, асабліва ніжэйшае, а найперш сяляне, былі прасякнуты запалам, прыклады якога паказвалі штодзённа».
Калі б не самаахвярнасць народа, які штодзённа дастаўляў у лес ежу, адзенне і порах, паўстанне на Жмудзі ў самым зародку згасла б. Галоўным штуршком да падобнай стараннасці была непрыязнасць да новых урадаў за інструкцыі і законы, якія прыкоўвалі народ да зямлі, душылі асвету і ўсю прамысловасць разам з партовымі гарадамі аддавалі ў яўрэйскія рукі. Непрыязнасць узмацнялі яшчэ няспынныя абавязкі размяшчаць па кватэрах і карміць салдат, даваць ім падводы, як і сістэма толькі што ўведзенага падатку, якая даводзіла сялян да руіны. Дык ці трэба яшчэ гаварыць, што такі стан рэчаў, вестка пра лістападаўскую рэвалюцыю павінны былі выклікаць выбух. Дык вось, у тэльшаўскім павеце сяляне ўжо ў лютым без аніякага ўдзелу эмісараў масава паўсталі супраць дзяржаўнай улады» [7, с. 211].
Паўстанцкая агітацыя і мабілізацыя сялянства. Арганізуючай сілай, і тым больш на Беларусі, дзе насельніцтва з-за рэлігійнай і моўнай блізкасці да Расіі мела мацнейшыя царысцкія ілюзіі, заставаліся шляхціцы. Менавіта яны ініцыявалі ўзяцце ўлады ў паветах і, паводле Габрыэлі Пузыні, «у кожным маёнтку збіралі сялян, заклікаючы іх да паўстання» [8, с. 268]. Аднак вузкасць мэты паўстанцаў, заклікі да барацьбы «за Польшчу, айчыну нашу» не выклікалі энтузіязму ў большасці беларускага насельніцтва. Пытанне аб дзяржаўнасці свайго краю не ставілася, а сялянскае пытанне фактычна ігнаравалася. Сяляне спадзяваліся на атрыманне волі і ўласнай зямлі. Але найбольшае, што змагла ім паабяцаць шляхта ў асобных паветах, - гэта зніжэнне нормы паншчыны да двух дзён у тыдзень. Таму сяляне і мяшчане набіраліся ў атрады пераважна пад прымусам і не заўсёды мелі зацікаўленасць ваяваць.
Сутнасць прынцыпу камплектавання атрадаў палягала ў абавязковай пастаўцы кантаністаў з вызначанай колькасці двароў. Так, кіраўнік паўстання ў Ашмянскім павеце Парфіры Важынскі, пад пагрозай смяротнага пакарання, загадаў усім памешчыкам даставіць у Ашмяны з кожных 20 душ 2-х чалавек конных і 2-х пешых і столькі ж у каманду прыходскага капітана. У выніку сабралі каля пяці тысяч сялян, узброеных у асноўным дзідамі ды косамі. Нярэдка землеўладальнікі самі рыхтавалі сваіх сялянаў да ўдзелу ў баявых дзеяннях. Як паведамляў магілёўскі губернатар, дэпутат Барысаўскага павета Г. Доўнар не выконваў загаду пра адабранне зброі ў насельніцтва акругі, а ўзбройваў сваіх сялян. Ва ўласнай вёсцы тое ж рабіў і Г. Снітка. Нават ксяндзы ў мястэчку Глыбокае навучалі сваіх сялян абыходжанню з рознай зброяй, каб далучыць іх да паўстанцаў. Адпаведна мела месца і супраціўленне прымусовым наборам у паўстанцкія фарміраванні. Спосабы яго былі такія самыя, як і пры дзяржаўных рэкруцкіх наборах, аж да сялянскіх хваляванняў і непадпарадкавання паўстанцкім уладам. З такой сітуацыяй сутыкнуўся ў Ашмянскім павеце памешчык Р. Ходзька, паведамляючы паўстанцкаму камітэту, што не можа сабраць патрэбную колькасць кантаністаў, бо сяляне ўзбунтаваліся і разышліся. Распаўсюдзілася таксама дэзерцірства [6, с. 129, 131].
Адначасова шляхта вяла прапаганду сацыяльна-палітычнага характару дзеля добраахвотнага папаўнення паўстанцкіх шэрагаў прадстаўнікамі падатковых саслоўяў. У Барысаўскім павеце распаўсюджваліся чуткі пра вялікую моц польскага войска, што рухаецца на Беларусь, і нібыта расійскія жаўнеры пераходзяць на бок паўстанцаў. У суседніх з Мінскай губерняй паветах дробнапамесны шляхціц Якуб Навагонскі заклікаў на сходках сялян забіваць паноў, як было ў 1812 г., тым жа займаўся Ян Дземяшкевіч, хоць такія з'явы былі адзінкавымі, бо выходзілі за межы праграмнага разумення «вольнасці» як мэты паўстання 1831 г. Выключным быў і факт абвяшчэння сялянам свабоды ад прыгоннай залежнасці Вікенціем Якубоўскім у мястэчку Налібокі. Управіцель маёнтка Дрыгучы Дзісенскага павета абяцаў сялянам лягчэйшае жыццё «за Польшчаю» і што будзе «Русь рэзаць»; праз нейкі час сяляне гэтага маёнтка забілі габрэя, успрыняўшы яго за расійскага шпіёна. Да агітацыі спрычыніліся і некаторыя сяляне, як Архіп Васільеў, Філімон Дрозд, Іўка Восіпаў, Якаў Паўлаў з Астрожскага староства Суражскага павета, што разносілі чуткі пра моц паўстанцаў і адступленні расійскага войска з Полацка. У Пружанскім павеце агітацыяй займаўся селянін Пётр Ахрэмаў. Кіраўніцтва паўстаннем заахвочванне сялян спалучала з прысягамі, што уяўлялі сабой іх пагадненні з памешчыкамі, змяшчалі узаемныя агульныя абавязкі з абяцаннямі павіннасных ці землекарыстальных палёгкаў. П. Важынскі заклікаў у часы прысягі чытаць ва ўсіх прыходах адозву і абяцаць насельніцтву выгоду ад удзелу ў паўстанні. Часам нават прапаноўвалася плата, як шляхціцам Міхалам Гедройцам па 60 кап. срэбрам шляхце і напалову менш сялянам за суткі знаходжання ў паўстанцкай службе [9, с. 186-189].
Са свайго боку, улады баяліся распаўсюджвання ў сялянстве пагалосак аб паўстанні. Мясцовай адміністрацыі загадвалася арыштоўваць «падбухторшчыкаў» сялян і шляхецкіх агітатараў, прадухіляць сходы ў корчмах. У сваёй уласнай прапагандзе, прызначанай беларусам і ўкраінцам, царызм стаў выкарыстоўваць сацыяльныя і нацыянальна-рэлігійныя супярэчнасці паміж сялянамі-праваслаўнымі і ўніятамі і шляхціцамі-католікамі. Антыпаўстанцкую агітацыю сярод насельніцтва абавязвалася весці царква, асабліва праваслаўная. Віленскі генерал-губернатар М. А. Далгарукаў прадпісваў: «Усякі з іх (памешчыкаў. - У. С.) павінен апекавацца, каб сяляне абавязкова былі на сваіх месцах і займаліся сваімі работамі, роўна і тыя, якія вярнуліся ў свае дамы ад бунтаўшчыкоў; а таксама і шляхта. Абавязак гэты ў роўнай ступені распаўсюджваецца і на часовых уладальнікаў і кіраўнікоў казённых і іншых маёнткаў, раўнамерна і на духавенства, якое валодае памесцямі» [10, арк. 17; 11, арк. 39].
Робячы стаўку на ізаляцыю шляхецкага руху ад сялян, урад дыферэнцыраваў пакаранні тым з іх, якія аказаліся ўцягнутымі ў паўстанне. Згодна з указам Мікалая I Сенату ад 22 сакавіка 1831 г., сялянам абяцалася дараванне, калі яны добраахвотна складуць зброю. Тых жа «людзей ніжэйшага звання», якія будуць узяты са зброяй, прадпісвалася аддаваць у рэкруты і адпраўляць на службу ў Сібір [12, с. 88-89]. У жніўні 1831 г. адміністрацыя і вайсковыя ўлады заходніх губерняў атрымалі ўказ аб захадах па абароне сялян ад помсты сваіх уладальнікаў за няўдзел у паўстанні, але яны павінны былі наглядаць, «каб тыя не маглі стацца для сялян падставай да непадпарадкавання законнай уладзе іх памешчыкаў і адміністратараў» [13, арк. 27 зв.]. На першым пасяджэнні Камітэта па справах заходніх губерняў пытанне было паднята самім манархам, «каб няшчасныя гэтыя (сяляне. - У. С.) атрымалі сапраўды руку дапамогі і ахаваны былі цвёрдым дзеяннем урада ад пагібельных наступстваў варожасці памешчыкаў сваіх» [14, арк. 7-7 зв.]. У жыццёвым для сялян пытанні рэфармавання прыгонніцкіх адносін царызм далей абяцанняў вызваліць іх ад улады паноў-паўстанцаў не пайшоў.
Месца і роля сялян у паўстанцкіх атрадах. Колькасць удзельнікаў паўстання у Беларусі склала каля 15 тыс. чал. Свядома падтрымала паўстанне шляхта, вучнёўская моладзь, каталіцкае і часткова уніяцкае духавенства. Згодна з найноўшымі даследаваннямі, сяляне сярод паўстанцаў склалі каля 27,7 %, а прычынай іх усвядомленага ўдзелу з'яўляецца спадзяванне на лепшае ў цяжкім становішчы ў выпадку перамогі паўстанцаў. У «Алфавітным спісе» з 683 чалавек, што былі прыцягнуты да следства па Гродзенскай губерні, значыцца 191 селянін, прычым не менш за 51 з іх былі ў паўстанцкіх атрадах паводле ўласнай волі (І. Данілеўскі, І. Жукоўскі, М. Ігнатовіч). Ступень іх прысутнасці там была неаднолькавай. Калі ў атрадзе Ц. Пуслоўскага з той жа губерні былі 24 селяніны (60 %), з іх добраахвотна далучыліся 6, то ў атрадзе Ю. Кашыца сялян было толькі 6 з усіх 30 паўстанцаў [1, с. 99, 129, 133, 178].
Найменш вядома пра канкрэтны ўдзел сялян у ваенных дзеяннях. Расійскія военаначальнікі ў рапартах звычайна паведамлялі аб іх выключна пасіўных паводзінах і выкарыстанні любой магчымасці, каб толькі збегчы з-пад апекі шляхецкіх кіраўнікоў. Гэты погляд знешні, тых, хто душыў паўстанне. Насамрэч гэта не ўсюды і не для ўсіх было так адназначна і проста, калі паглядзець знутры, праз літаратурна-мемуарныя сведчанні саміх паўстанцаў.
Думкі простага люду адлюстраваны ў беларускім ананімным вершы «Кінуў-рынуў паўстанне, Віншаванне бондара Савасцея» [8, с. 234-235]. Напісаны пасля паўстання, верш прасякнуты расчараваннем ад няўдачы і іранічнымі ацэнкамі шляхецкіх кіраўнікоў:
Уздумалі Польшчу паны звараціць,
Ды бадай ці не лепей гасудару служыць.
Пагубілі народ, Польшчы не зрабілі,
А бяды сабе па вушы нарабілі.
Сяляне бачылі адмежаванасць ад сябе шляхецкага саслоўя, адсутнасць у іх праграмах сацыяльных пытанняў, што не выклікала энтузіязму да барацьбы («Каб гарэлку дзялілі, хлеб, мяса давалі - слова нет, мы ўсю б Польшчу забралі»). У момант сутычкі з урадавымі войскамі («Кулі як яйца, каля вушэй свішчуць»), «каманданты» спрасоння пасля выпіўкі «яшчэ ботаў ішчуць», «а нашаму брату хоць боўць у воду!»
Каманданты крыкнулі: «Дзеткі, за бронь!»
Тут мы пазналі, што не прыгон,
Што трэба смела драцца
І са ўсёй сілы апраўдацца.
Не падрыхтаваныя ў ваенных адносінах, слаба ўзброеныя шляхецка-сялянскія атрады не маглі эфектыўна супрацьстаяць рэгулярным войскам:
Тыя як жараць, як жараць агнём і мечам,
А мы б хацелі, дык, праўда, і нечым,
Была і ў нас ступа, абручамі збіта,
І густа, і тлуста порахам набіта,
Ды як прыйшло зрабіць замет -
Дык і агню палажыць каму нет.
Калі ж… камандантам укалола ў пяты,
Крыкнулі толька: «Уцякайце, рабяты!
Дзе хто можа, з касамі
Хавайцеся за вугламі!»
А самі, сеўшы на каня, далей у драку,
А ты, брат мужык, прападай за сабаку.
Асноўнай зброяй сялян, як і ў часы Касцюшкі, заставалася ўласная каса, з якой па лясах і балотах прыходзілася дабірацца дадому пасля разгону атрада. 3 горыччу ў душы прыцягнутыя ў паўстанцкія шэрагі касінеры вярталіся да выканання сваіх ранейшых абавязкаў:
Вот вайна - і косы пагублялі,
А нічога не даказалі.
Па Пятры прыйдзе сена касіць -
А тут незашта касы купіць.
Іншы прыклад эфектыўнага ўзаемадзеяння пана-паўстанца з сялянамі ў раёне Глуску Мінскай губерні занатаваў ад папярэднікаў пісьменнік Альгерд Абуховіч: «Тут нахлынулі важнейшыя здарэнні: выбухла паўстанне. На Беларусі азбраіваліся і па дварох муштраваліся (муштры адбываліся ў Маложэве, гэтая мясцовасць у хронікароў называецца Акунёўкай…). Нехта непатрэбны падгледзіў гэтыя прыгатаўленні і даў данос <…> Пасля гэтага даносу прыказана было капітану Бехамо арыштаваць майго дзеда, што прыйшлося рабіць аружнай рукой, бо люднасць сялянская стала адпорна, забарыкадавалася ў дварэ, з прыроды даволі недаступным, і пачалася страляніна. Забітых не было, але з абодвух старон некалькі душ ранена. П. Кароль скланіў тады дзеда да капітуляцыі, бо ўтрымацца доўга нельга было, а з глаўнага плацу падышлі непамысныя весткі» [15, с. 41-42].
Аб тым, што сяляне не заўжды пакідалі паўстанцкія шэрагі, сведчыць дзейнасць мазырскага памешчыка Фелікса Кеневіча, які, відаць, у ліку нямногіх шляхецкіх кіраўнікоў знайшоў пачаткі ўзаемаразумення з народнымі нізамі [Гл.: 1, с. 97].
«Ва ўсім гэтым нацыянальным паўстанні, сялянства, - акрэсліваў ва ўспамінах ашмянскі шляхціц І. Клюкоўскі, - спадлелае ад сталькіх часоў галечы, няволі і цемнаты, выявіла, якой можа быць магутнай сілай пакрыўджаная народнасць, каб толькі хто ўмеў ёю ўдала валодаць <…> Сялянства, сабранае масамі, у значнай частцы ўзброенае толькі косамі і пікамі, без аддзення, без абутку, абарванае, з дрэнным харчаваннем, ахвотна станавілася пад паўстанцкія харугвы, узнятыя за вольнасць і веру, і калі б падтрымліваўся лепшы і дакладнейшы парадак, калі б гэты натоўп лепей кармілі і апраналі, не было б ніякага дэзерцірства, якое час ад часу адбывалася ў розных месцах. Пры вельмі слабым узбраенні народа паўстанцы былі выстаўлены супраць пераважаючых сіл абучанага непрыяцельскага войска і магутнай артылерыі <…> Не было нічога, што магло б так расчуліць, як выгляд сутычак ці паходаў літоўскага паўстання <…> Трэба яшчэ было бачыць галоту, якая ішла пехатой з карабінамі, дубальтоўкамі, мушкетамі, паляўнічымі ручніцамі, косамі і пікамі» [16, с. 61-63].
«Біяграфіі» асобных сялян па выніках следства даюць магчымасць уявіць іх месца ў паўстанцкіх атрадах і далейшы лёс. Так, селянін з маёнтка Радзівонавічы Гродзенскага павета Сцяпан Дзяшко «знаходзіўся ў шайцы мяцежнікаў з ружжом», хутчэй за ўсё пад началам Ц. Пуслоўскага. Адбываў арышт у Гарадзенскім астрозе, пасля быў адпраўлены ў Табольск для залічэння ў Сібірскія лінейныя батальёны. Адтуль збег на радзіму, выкарыстаўшы імя таварыша па службе, але быў схоплены і вернуты нанова. Фелікс Карпінскі з маёнтка Забалацце Ваўкавыскага павета служыў лакеем у генерала Д. Хлапоўскага, які прыйшоў у Беларусь на чале польскага войска. Захварэў і быў захоплены ў палон у Коўне. Сядзеў у Дынабургскай крэпасці, потым адпраўлены ў Гродна. У лютым 1833 г. дараваны і адпушчаны дадому. Да Хлапоўскага падаўся, тайна пакінуўшы памешчыка, Фёдар Цімафеевіч Трусевіч (Трушэвіч) з в. Ябланава таго ж павета. Там служыў дзеншчыком у паручніка Забельскага. Пасля паражэння пад Коўнам спрабаваў прабрацца ў Каралеўства Польскае, але быў злоўлены ў Кобрынскім павеце. Следства адбыў у Гродзенскім астрозе. У ліпені 1832 г. атрымаў прабачэнне і вернуты пад распіску памешчыка наглядаць за яго паводзінамі [17, с. 137-140].
Да вайсковага суду прыцягваліся толькі тыя з ніжэйшых саслоўяў, якія былі ўлічаны «ў якім-небудзь асаблівым дзеянні па ўдзелу ў мецяжы». Астатніх распускалі па дамах са строгім папярэджаннем ад паўтарэння падобнага «пад страхам немінучага пакарання» [18, арк. 185 зв.]. Віленскі ваенны губернатар М. Я. Храпавіцкі, відаць, для большай пэўнасці, аддаваў распараджэнні выгольваць захопленым сялянам палову галавы, караць нагайкамі, пры гэтым наказваць жыць у спакоі і займацца толькі работамі [19, арк. 109 зв., 111].
Відавочна, удзел сацыяльных нізоў у паўстанні ўстрывожыў царскі ўрад. «Вельмі трэба асцерагацца, - папярэджваў міністр фінансаў Я. Ф. Канкрын, - каб з польскага бунту не зрабіўся б сялянскі» [20, с. 336]. Сапраўды, антыфеадальны складнік паводзін сялян быў моцны. Шмат іх заставалася ў лясах і па завяршэнні паўстання, выступаючы супраць асобных памешчыкаў. Паўстанцы-шляхціцы помсцілі тым, хто адышоў ад паўстання. Сяляне не спяшаліся выходзіць з лясоў, каб не трапіць пад рэкруцкі набор [Гл.: 9, с. 190-191].
Кіраўніцтва паўстаннем не змагло выкарыстаць антыфеадальны патэнцыял нізоў. Стары селянін-паляшук, які праводзіў афіцэра разбітай польскай арміі Багданскага з трыма таварышамі праз балоты ў кірунку Галіцыі, патлумачыў ім сваё скептычнае стаўленне да паўстанцкіх памкненяў шляхты: «Як за Касцюшкам, так і цяпер ёсць адна прычына няўдачы паўстання - гэта адносіны паноў да сялянства. Паны думалі самі зрабіць паўстанне, але забыліся, што іх мала, а мужыкоў столькі, як мурашак. Паны не хацелі вызваліць сялянства, бо, згубіўшы паншчыну і падданства мужыкоў, яны згубілі б свае даходы ад мужыка і сваю вагу ў гаспадарстве, дзе яны ўсё, мужык - нішто. Вы ніколі не будзеце мець Польшчы, пакуль мужыкі яе не адваююць, а яны не адваююць яе, не маючы пераканання, што адбіваюць яе для сябе. Паншчына ёсць прычына ўпадку паўстання» [Цыт. па: 21, с. 69-70].
Такім чынам, паўстанне 1830-1831 гг. палітычна ўскалыхнула вёску, асабліва ў заходнім і паўднёвым рэгіёнах Беларусі. Пры вядучай ролі шляхты і землеўладальнікаў, у шэрагах барацьбітоў за аднаўленне ранейшай дзяржаўнасці аказаліся прадстаўнікі ўсіх саслоўяў, у тым ліку і сялянства. Апошнія набіраліся ў атрады пераважна пад прымусам і прымалі, за асобнымі выключэннямі, даволі пасіўны ўдзел у ваенных дзеяннях. Аднаго незадавальнення сваім сацыяльным становішчам для актыўнага і масавага ўдзелу народных нізоў у паўстанні было недастаткова. Кансерватыўнае кіраўніцтва шляхецкага грамадска-палітычнага руху не змагло прапанаваць ім прывабнай праграмы, аграрна-сялянскае пытанне практычна ігнаравалася. Ды і слаба ўзброеным касінерам было цяжка супрацьстаяць рэгулярным войскам. Затое царскія ўлады не шкадавалі намаганняў, каб адцягнуць сялян ад паўстання. Вынікам яго задушэння стала канфіскацыя маёнткаў удзельнікаў, што прывяло да змены сацыяльна-саслоўнага статусу часткі прыгонных. Аднак працяглы пераходны перыяд і нявызначанасць будучыні выклікалі пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў гэтых маёнтках і сацыяльную напружанасць. У цэлым урад вымушаны быў заняцца выпрацоўкай новай палітычнай стратэгіі ў заходніх губернях, якая ў многім павінна была рэалізоўвацца праз сялянства [Гл.: 22].
Статья выполнена в рамках Государственной программы научных исследований на 2006-2010 гг. «История белорусской нации, государственности и культуры» (ГКПНИ «История и культура»).
Литература
1. Гарбачова, В. В. Паўстанне 1830-1831 гг. на Беларусі / В. В. Гарбачова. Мінск : БДУ, 2001. 186 с.
2. Гарбачова, В. В. Удзельнікі паўстання 1830-1831 гг. на Беларусі: біябібліяграфічны слоўнік / В.В. Гарбачова. Мінск : Выд. цэнтр БДУ. 2006. 400 с.
3. Каратынскі, В. Творы / В. Каратынскі; уклад. У. Мархеля. Мінск : Маст. літ., 1981. 174 с.
4. Ходзін, С. М. Крыніцы гісторыі Беларусі (гісторыка-генетычнае і кампаратыўнае вывучэнне): вучэб. дапам. / С. М. Ходзін. Мінск : БДУ, 1999. 193 с.
5. Избранные произведения прогрессивных польских мыслителей: в 3 т. / подбор и ред. текстов, вступ. статьи и примеч. И. С. Миллера и И. С. Нарского. М. : Госполитиздат, 1956. Т. 2. 884 с.
6. Русак, О. В. Отношение крестьянства Белоруссии к восстанию 1830-1831 гг. / О. В. Русак // Сельское хозяйство и крестьянство Беларуси: материалы науч. конф. Гомель, 27-29 октября 1989 г., Мінск, 1991. С. 126-135.
7. Патоцкі, Л. Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану / Л. Патоцкі; укл., прадм., камент. А. М. Філатавай. Мінск : Полымя, 1997. 270 с.
8. Літаратура Беларусі: першая палова ХІХ стагоддзя: хрэстаматыя / уклад., аўт. прадм., біягр. давед. і камент. К. А. Цвірка. Мінск : Беларуская навука, 2000. 572 с.
9. Гарбачова, В. Сялянскі рух у часы паўстання 1830-1831 гг. на Беларусі / В. Гарбачова // М. М. Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі (да 90-х угодкаў вучонага): матэрыялы навук. канф., Мінск, 14-15 лютага 1996 г. Мінск, 1997. С. 185-191.
10. Государственный архив Российской Федерации. Ф. 109. 1 эксп. 1830 г. Спр. 448. Ч. 244. О лицах, участвовавших в восстании.
11. Российский государственный военно-исторический архив (далее - РГВИА). Ф. ВУА. Спр. 5152. О распоряжениях в Минской губернии по открывающемуся мятежу в Виленской.
12. Белоруссия в эпоху феодализма: сб. документов и материалов / сост. В. В. Чепко, В. В. Шатилло. Минск : Наука и техника, 1979. Т. 4. 376 с.
13. Центральний державний історичний архів Україні у Київі. Ф. 533. Воп. 4. Спр. 168. Дело по отношению главнокомандующего I армией о запрещении помещикам угнетать крестьян.
14. Российский государственный исторический архив. Ф. 1266. Воп. 1. Спр. 8. Журналы Западного Комитета за 1831 г.
15. Абуховіч, А. Творы / А. Абуховіч; уклад., камент. Р. В. Родчанкі. Мінск : Маст. літ., 1991. 61 с.
16. За вольнасць і веру. Ігнацій Клюкоўскі і яго ўспаміны аб падзеях паўстання 1830-1831 гадоў / Уклад., перакл., камент. В. В. Гарбачова. Мінск : Лімарыус, 2007. 120 с.
17. Швед, В. В. Падзеі і постаці Гродзенскай даўніны / В. В. Швед. Гродна, 1995. 176 с.
18. РГВИА. Ф. ВУА. Спр. 5158. О составлении резервной армии и расположении квартир оной, 1831 г.
19. РГВИА. Ф. ВУА. Спр. 5094. Ч. 17. Донесения генерал-адъютанта Храповицкого о возникших в Виленской губернии беспорядках.
20. Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Мінск : Акад. навук БССР, 1940. Т. 2. XVI, 941 с.
21. Ігнатоўскі, У. Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецьця / У. Ігнатоўскі. 3-е выд. Мінск : Бел. дзярж. выд., 1928. 251 с.
22. Сосно, В. А. Конфискация помещичьих имений и крестьянский вопрос в Белоруссии (30-40-е годы ХІХ в.) / В. А. Сосно // Роль крестьянства в социально-экономическом развитии общества (сб. ст. науч. конф. мол. ученых Белоруссии, Украины, Литвы, Киргизии). Минск, 1984. С. 71-78.