Папярэдняя старонка: Ваенная гісторыя

Хто быў Канстант Каліноўскі 


Аўтар: Талочка Ул.,
Дадана: 15-11-2019,
Крыніца: Tałočka Uł. Chto byǔ Kostant Kalinoǔski? (Pavodle J.Giejštara) // Biełaruskaje Žyćcio. 1919. №10. S. 2-3.



Хто быў Канстант Каліноўскі?

Паводле Я. Гейштара

Хочам падзяліцца з чытачамі даннымі, датычнымі жыцця і дзейяльнасці чалавека, які вельмі любіў беларускі народ, Канстанты Каліноўскага. Будзем карыстацца толькі вышэй паказанай крыніцай (Гейштар), аб якой, дзеля таго, што яна польская, ніхто не павінен думаць, каб яна была безкрытычна прыхільнай беларускаму народу.

Tałočka Uł. Chto byǔ Kostant Kalinoǔski? (Pavodle J.Giejštara) // Biełaruskaje Žyćcio. 1919. №10.

Канстант-Віктар Каліноўскі радзіўся 21 студзеня 1838 г. у фальварку Мостоўляны, Ялоўкаўскай парафіі, Валкавыскага павету, у Гарадзеншчыне, значыцца ў западнай Беларусі. Бацька яго, Сымон, і маці - Вераніка з Рубінскіх, шляхта, мелі ў 10 вярстох ад Свіслачы (Ваўкавыскі пав.) ткацкую фабрыку, дзеля гэтага іншы раз К. Каліноўскага называюць "сын ткача". Ёсць прычыны думаць, што Сымон Каліноўскі быў не гаспадаром фабрыкі а яе даглядчыкам. Пачатковую навуку будучы сябра паўстанчай арганізацыі атрымаў у Свіслачы, дзе скончыў 5 клас прагімназіі, пасля К. Каліноўскі паехаў да Пецярбурга [1]. Узяў яго тутака да сябе старшы брат Віктар, які працаваў у Публічнай бібліятэцы.

У Пецярбурзе К. прыгатаваўся і вытрымаў экзамены, паступіў на ўніверсітэт і, маючы стыпендыі, вучыўся на юрыдычным факультэце, каторы скончыў як кандыдат праў. Паміж тагочаснай студэнцкай моладзі ў Пецярбургу былі кірункі рэвалюцыйныя, народныя і інш., дык жыццё над Невой мела вялізарны ўплыў на Каліноўскага. Тутака хіба ёсць ключ, каб зразумець гэты ўвесь радыкалізм, які відаць у ва ўсёй дзеяльнасці К. Асабліва ён переняўся навукай Герцена.

Перад паўстаннем прыехаў ён у Беларусь і разам з Эдмундам Верыгай, Янкам Козеллай ды інш. Зрабіўся адным з найпрацавітых прадстаўнікоў Камітэту, які прыгатаўляў паўстанне. У восені 1862 г. К. паехаў на адзін дзень да сваіх бацькоў. Ужо тады паліцыя яго шукала і зара пасля яго выязду з хаты бацькоў, прыбыла з Свіслачы, пытаючыся аб ім. Калі Камітэт "руху" і Грамадзянская Арганізацыя зліліся ў Аддзел загаду правінцыямі Літвы, К. Быў самым энергічным і найбольш радыкальным яго сябрам (клікалі яго "хлоп"). Шырокі быў абшар яго дзеяльнасьці, ён тварыў арганізацыі ў Горадні, як "Камісар ўраду Горадненскага ваяводства" і ў Коўні, і ўсюды меў мэту, каб парушыць народныя масы, прыдаючы гэтаму вялікую вагу. Ён дамагаўся каб былі спынены «przywileje stanowe» і прызнаны шырокія культурна-нацыянальныя правы беларусам і літвінам. Аб друкаванай праз К. у Беластоку беларускай часопісі "Мужыцкая праўда", якой колькі нумероў цяпер вельмі рэдкіх мае музеўм гр. Мураўёва ў Вільні, мы ўжо казалі ў папярэднім нумары. Дзіўная рэч, што ў 1863 годзе беларуская мова была для палякаў і добрая, і «wyrobiona», каб ёю можна было карыстацца тады, як ішло аб народнай справе. Гэтае самае датычыцца і мовы літоўскай у мінуўшчыне, калі, напрыклад, перакладаліся на літоўскі язык "Boże coś Polskę" і "Jeszcze Polska nie zgineła". І тут так сама пераважыў польскі нацыянальны інтэрас.

Каліноўскі - гэта быў чалавек, які ня ведаў страха, і хаця пільнавала яго паліцыя і жандары, не гледзячы на небяспеку, ён быў на кожнай у Вільні экзекуцыі. Маючы пашпарт Вітальда Вітажэнца, ён жыў далей у святаянскіх мурах і працаваў праз увесь 1863 год. Калі здарэнні ў краю прымусілі іншых правадыроў адарвацца ад работы і уцякаць, калі іншых арыштавалі або Мураўёў пагнаў на смерць, К. заставаўся ядыным прэдстаўнікам цэнтральнай паўстанчай улады ў Літве і Беларусі, дзеля гэтага яго называлі "дыктатаром" Літвы. І толькі ў студні 1864 г. кончылася яго свабода - з прычыны маладушша яго супрацоўніка Парфяновіча (К. ня ўмеў дабіраць сабе людзей), які перад камісыяй А. Лосева ў Менску здрадзіў Каліноўскага. К. арыштавалі ў Вільні на Скапоўцы. Як яго арыштавалі, ён быццам сказаў: "цяпер можаце быць спакойны, як вы мяне ўзялі, цяпер у Вільні будзе спакой" ... Праз два месяцы ў Дамініканскіх мурах у Вільні дапытывала яго камісія. Старшынёй гэтай камісыі быў ген. Соболеўскі. Рэзультатам ўсяго гэтага быў прагавар на смерць, які выпаўнілі на Лукішкім плацы 10(23) марца 1864 г. Каліноўскаму было тады ўсяго толькі 26 гадоў. Як яму чыталі прыгавар і называлі яго шляхціцам, ён голасна крыкнуў: "Няпраўда! У маёй бацькаўшчыне няма шляхты, усе роўныя!"

З гэтага відаць, якія блізкія вузлы звязываюць памяць аб вялікім ваяры за адраджэньне беларускага народа з нашай Вільняй. Пагляд на Дамініканскія муры хай нам прыпамінае гэтага маладога арла, які калісьці быў зачынены ў гэтай клетцы, а Лукішскі пляц хай будзе дарагі для нас, бо тамака ў родную зямельку прасачылася кроў воя за свабоду народнага духа. Аднак, пахіляючы галаву прад Каліноўскім, мы ня можам хваліць нейкіх паглядаў і метадаў дзеяньня, у якіх чуваць звычайную дэмагогію. Гейштор гэтак характэрызуе Каліноўскага:

... "Гэта была натура гвалтоўная, але справядлівая, без ніякага ашуканства ... Быў ён незамянімым прыкладным канспіратарам, душой Камітэта ... Гэты адзін чалавек тое значыў, што сотні, бо ўмеў працаваць, ахвяроўваць сябе і ўкрывацца ... Яго называлі хамам і ён сам сабе гэтак называў і гардзіўся гэтым клічам, востра выступаючы проціў шляхты".

Кс. У. Толочка.



[1] Паводле запісак, якія мае грамадзянін Ластоўскі, К. Пачаў універсітэцкую навуку ў Маскве, а з Масквы за свае "народніцкія" перакананні і за іх прапаганду, быў прымушаны выехаць і тады закватэраваўся ў Пецярбургу.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX