У шасцідзясятую гадавіну пакарання смерцю
10 сакавіка (старога стылю) 1864 г., ці акурат 60 гадоў таму, быў павешаны на шыбеніцы самы дзейны і самы легендарны чалец паўстанцкай арганізацыі ў Вільні, празваны "дыктатарам Літвы" - Вінцэнт Канстанты Каліноўскі.
Мы маем мала біяграфічных дадзеных пра яго [1]. Сын уладальніка фальварка Якушоўка каля Свіслачы нарадзіўся 21 студзеня 1838 г. у Мастаўлянах Ваўкавыскага павета, пачатковую адукацыю атрымаў у Свіслацкай прагімназіі, потым у Маскоўскім універсітэце, дзе прабыў паўтара года. Разам са старэйшым братам Віктарам пераехаў з Масквы ў Пецярбург і там у 1860 г. закончыў юрыдычны факультэт са ступенню кандыдата (не трэба блытаць з сучаснай ступенню кандыдата навук - Л. Л.)
У Пецярбургу Каліноўскі блізка пазнаёміўся з рускімі рэвалюцыянерамі і стаў гарачым прыхільнікам Герцэна, які, як вядома, у сваёй газеце "Колокол" прама выказваў сімпатыі польскай эміграцыі.
Без сумнення, Каліноўскі знаходзіўся таксама і пад уплывам Бакуніна, які быў гарачым прыхільнікам незалежнасці Польшчы, але выразна выступаў супраць імперыялістычных тэндэнцый польскіх патрыётаў і, бадай, першым, выступіў у абарону права Літвы, Беларусі і Украіны на самастойнасць.
Дзякуючы гэтым уплывам, ідэалогія Каліноўскага значна адрознівалася як ад поглядаў "белых" у Літве, гэтак і "чырвоных" у Варшаве. З другімі яго злучала супольнае перакананне ў неабходнасці паўстання народных мас, нявер'е і дрэнныя адносіны да шляхты, спадзяванне на выніковасць энергічных метадаў. Не мог ён пагадзіцца з цэнтралізмам і павярхоўным стаўленнем Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта да справы, якое паходзіла з няведання Літвы і Беларусі. На гэта няведанне таксама ўказвалі і "белыя" віленцы, але з-за ўласцівай ім адсутнасці паслядоўнасці і з-за нерашучасці яны не ішлі гэтак далёка, як Каліноўскі.
Па меркаванні Гейштара, Каліноўскі быў "літоўскім сепаратыстам", гэта пацвярджаў таксама і камісар Нацыянальнага Камітэта ў Вільні Ляранс (du Laurans).
Аднак, калі, няглядзячы на такую пазіцыю, Каліноўскі займаў такое значнае месца ў кіраўніцтве паўстаннем, дык толькі дзякуючы сваёй жалезнай энергіі, нязломнаму характару і адданасці справе. Па гэтых якасцях з ім параўняцца ніхто не мог.
У сваіх успамінах Якуб Гейштар дастаткова падрабязна апісвае падзенне Літоўскага Камітэта, душой якога быў Каліноўскі і ўтварэнне па камандзе з Варшавы "Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы", а таксама пратэст Каліноўскага супраць перадачы справы паўстання ў рукі шляхты, прымусовага падпарадкавання яго новай уладзе і ссылцы на пасаду камісара ў Гародню. Нарэшце піша ён і пра замах на такі стан рэчаў - аб'яўленне незалежнага ад Варшавы "Выканаўчага аддзела Літвы".
Ва ўсіх гэтых справах Каліноўскі выступае як паслядоўны дзеяч з акрэсленымі мэтамі і шляхамі, дзеяч, які разумее, што поспех руху ў Літве і Беларусі залежыць ад таго, ці знойдуць ідэі паўстанцаў падтрымку сярод народных мас. Пры гэтым ён быў чалавекам з характарам крыштальнай чысціні, любіў свой край больш, чым сваё жыццё і верыў у трыумф ідэалаў палітычнай свабоды і грамадскай справядлівасці. Гейштару не да спадобы радыкалізм і "сепаратызм" Каліноўскага, але ён заўсёды выразна піша пра Каліноўскага з глыбокай павагай і прызнаннем яго ахвярнасці і арганізацыйных здольнасцяў.
Найменей мы ведаем пра дзейнасць Каліноўскага на Гарадзеншчыне, хаця менавіта гэтая дзейнасць сярод народных мас з'яўляецца найбольш цікавай для нас. Тут ён непасрэдна сутыкнуўся з рэальным жыццём і тут, у тайнай друкарні, выдаваў сваю беларускую газету "Мужыцкая Праўда" і адозвы на беларускай мове, з якіх захавалася толькі адно "Пісьмо ад Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай" [2].
Няма дакладнай інфармацыі і пра дзейнасць Каліноўскага ў Вільні ў часы, калі паўстанне пачало затухаць і калі ўсе самыя актыўныя паўстанцы былі арыштаваны, высланы ці пакараны смерцю, калі Каліноўскі застаўся адзіным прадстаўніком цэнтральнай улады ў Літве і слушна мог называцца дыктатарам Літвы. Вядома толькі, што ён жыў у Святаянскіх мурах пад імем Вітольда Вітажэнца і сваёй неаслабнай энергіяй падтрымліваў энергію грамадства, будзіў яе сваёй адвагай і прысутнічаў на кожнай экзэкуцыі ў Вільні.
У выніку здрады Парфяновіча, у студзені 1864 г. улады даведаліся пра месца яго жыхарства і канспіратыўнае прозвішча і арыштавалі. Арышт маляўніча апісаны ва ўспамінах Масолава (1898). Як сведчыць Масолаў, на следстве Каліноўскі паводзіў сябе з вялікай годнасцю, заўсёды быў стрыманым у сваіх паказаннях.
Палявы суд пад старшынством палкоўніка Гленінга прыгаварыў Каліноўскага да смяротнага пакарання праз расстрэл. Але Мураўёў змяніў расстрэл на павешанне. Экзекуцыя выканана 10 (22) сакавіка 1864 г. а 10-й з паловай гадзіне на Лукішскім пляцы. Пад шыбеніцай падчас чытання выраку, калі яго назвалі шляхціцам, голасна сказаў: "У нас няма шляхты, усе роўныя!"
Перад смерцю, у турме, Каліноўскі напісаў дзве адозвы да беларускага народа - адну прозай, другую вершам. Першая адозва добра вядомая, бо патрапіла ў шматлікія тэксты пра паўстанне, другая, бадай, першы раз была надрукавана Вацлавам Ластоўскім у беларускім календары за 1919 г. З абедзвюх б'е гарачая любоў да Бацькаўшчыны і туга па свабодзе.
Моцны, суровы кантраст бачым паміж постаццю нязломнага волата-паўстанца, шчырага народніка і краёўца і сучаснымі дзеячамі …
L. A. (Людвіг Абрамовіч)
Dyktator Litwy // Pregląd Wileński. 1924, № 6. S. 3-4.
Пераклад Леаніда Лаўрэша
[1] Ю. Трызна, аўтар вялікай біяграфіі Каліноўскага ў месячніку "Беларускі Шлях" (Коўня, 1922, № 4) не карыстаецца такой першаснай крыніцай, як успаміны Гейштара (Вільня, 1913), але падае цікавую інфармацыю аб тым, што быццам бы ў Кракаўскай (Ягелонскай ) бібліятэцы захоўваюцца рукапісы з багатымі матэрыяламі да біяграфіі Каліноўскага. Але гэтую інфармацыю трэба ўдакладняць.
[2] Генадзь Кісялёў лічыў, што гэты тэкст пісаў не Каліноўскі - Л. Л.