Папярэдняя старонка: Ваенная гісторыя

Мельнікаў Ігар. 'Польскае' паўстанне з беларускім характарам 


Аўтар: Мельнікаў Ігар,
Дадана: 28-03-2011,
Крыніца: pawet.net.



Гісторыкі і публіцысты Польшчы аб падзеях студзеньскага паўстання 1863-1864 гг. у Беларусі і Літве

Прадстаўнікі польскай гістарычнай школы і публіцысты даволі глыбока даследавалі гісторыю студзеньскага паўстання 1863-1864 гг. Гэта не выклікае здзіўлення, бо дадзеная падзея да сённяшняга дня лічыцца адной з найбольш гераічных у польскай нацыянальнай гісторыі. Асобную цікавасць з беларускага боку гледжання можа выклікаць аналіз таго, як у польскай гістаряграфіі вывучаліся аспекты гісторыі паўстання і яго наступствы ў беларуска-літоўскіх губернях Расійскай імперыі. Такі аналіз прадстаўляе навуковы інтарэс яшчэ і таму, што да сённяшняга дня ў беларускай гістарычнай навуке не з'явілася абагульняючых прац па гісторыі польскай гістарыяграфіі. Не вывучаным застаецца і тое, як польскія гісторыкі даследавалі розныя аспекты сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі ў перыяд з 1861 па 1914 гг. Шматгранны і глыбокі аналіз гістарычных прац, якія былі створаны прадстаўнікамі польскай гістарычнай школы можа даць новы матэрыял, які пашырыць кругагляд і навуковую базу айчыннай гістарычнай навукі.

Студзеньскае паўстанне вачамі гісторыкаў-пілсудчыкаў

Трэба падкрэсліць, што не гледзячы на тое, што цэнтрамі развіцця польскай гістарычнай навукі міжваеннай Польшчы былі навуковыя ўстановы, тагачасная польская гістарыяграфія знаходзілася пад значным уплывам дзяржаўнай ідэалогіі. Як адзначаў Я. Мірановіч, польскія гісторыкі ІІ Рэчы Паспалітай часта павінны былі ахвяраваць гістарычнай аб'ектыўнасцю і рабіць акцэнты ў сваіх працах так, як гэтага патрабавала палітыка [1].

Значную ўвагу вывучэнню гісторыі студзеньскага паўстання 1863-1864 гг. прысвяцілі прадстаўнікі гісторыка-палітычнага лагеру «післудчыкаў». Гісторыкі гэтага накірунку надавалі значную ўвагу вайсковай гісторыі, а таксама паўстанцкай традыцыі ў гісторыі Польшчы. Заснавальнікамі гэтай плыні ў польскай гістарыяграфіі могуць лічыцца В. Енджеевіч, які быў аўтарам вялікай колькасці гістарычных прац і праславіўся як аўтар двухтомнай біяграфіі Ю. Пілсудскага, В. Побуг-Маліноўскі, які быў першым рэдактарам дзесяцітомнай працы «Лісты-Прадмовы-Загады» (выдавалася з 1929 па 1934 гг.). Гісторыкамі-пілсудчыкамі былі таксама М. Сакальніцкі, які разглядаў аспекты вайсковай гісторыі Польшчы, гісторык права С. Кутшэба, які даследаваў гісторыю Кракава і сярэдневяковай Польшчы, рэдактар «Гістарычнага агляду» М. Хандэльсман, які прысвяціў шэраг прац вывучэнню аспектаў сярэдневяковай і новай гісторыі Польшчы, а таксама даследаваў польска-французскія сувязі.

Сярод гісторыкаў-пілсудчыкаў была распаўсюджана ўсходняя арыентацыя, якая праяўлялася ў праслаўленні гісторыі Польшчы перыяду праўлення дынастыі Ягелонаў. Большасць даследчыкаў, прыхільнікаў гэтай арыентацыі, імкнулася знайсці ў падзеях тых часоў матывы і факты, якія б абгрунтоўвалі імперскія амбіцыі ІІ Рэчы Паспалітай. Прадстаўнікамі ўсходняй арыентацыі былі прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Х. Пашкевіч, даследчыкі сярэдневяковай гісторыі Літвы В. Камянецкі і О. Халецкі.

Прыхільнікі «пілсудчыкаўскага» накірунку ў польскай міжваеннай гістаряграфіі шмат увагі надавалі вывучэнню гісторыі паўстання 1863-1864 гг. на тэрыторыі Беларусі, яго сацыяльна-эканамічных вынікаў, а таксама палітыкі рускай адміністрацыі ў беларускіх губернях Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. Ужо ўзгаданы М. Хандэнльсман у сваёй працы «Паміж Прусіяй і Расіяй» значную ўвагу звярнуў на даследаванне антыпольскай палітыкі губернатара М. Мураўёва і падкрэсліваў, што вынікі няўдалага паўстання адмоўна паўплывалі на развіццё шляхецкай гаспадаркі, а таксама спрыялі русіфікацыі літоўска-беларускага краю [2].

Дэмограф і гісторык Э. Малішэўскі ў манаграфіях «1863 г. на Магілёўскіх крэсах» і «Арганізацыя студзеньскага паўстання» аналізаваў этапы паўстання ў Беларусі і даваў характарыстыку маёмаснага стану шляхты рэгіёну, падкрэсліваючы, што менавіта сярэдняя шляхта і буйныя землеўласнікі былі асноўным рухавіком рэвалюцыйнага ўздыму [3]. Масавая падтрымка і ўдзел шляхты ў паўстанні вырашылі лёс гэтай сацыяльнай групы. Расійскія ўлады не даравалі такой «здрады» [4].

Адным з найбольш вядомых польскіх гісторыкаў, які вывучаў палітыку царскай адміністрацыі на беларускіх землях пасля паўстання 1863-1864 гг., быў Х. Масціцкі. У манаграфіі «Пад царскім скіпетрам» даследчык зрабіў аналіз таго, як функцыянаваў расійскі адміністратыўны апарат на тэрыторыі заходніх губерняў імперыі. Гісторык аналізаваў карэспандэнцыю віленскага генерал-губернатара, якая датычылася вынікаў паўстання. У сваіх лістах М. Мураўёў дакладна і падрабязна апісваў крокі, накіраваныя на памяншэнне колькасці небяспечнага «польскага» элементу ў краі і аслаблення яго эканамічнай магутнасці [5]. Разам з тым Х. Масціцкі прааналізаваў дакументы паўстанцаў, у якіх адлюстроўваліся як сам ход паўстання, так і яго вынікі для беларускіх губерняў. Падкрэсліваючы ролю польскай шляхты ў паўстанні, даследчык пагаджаўся і з тым, што беларускія паўстанцы на чале з К. Каліноўскім адыгралі ў ім даволі значную ролю [6]. Істотную ўвагу гэты гісторык надаваў і вывучэнню гістарыяграфіі гісторыі паўстання 1863-1864 гг. У адным са сваіх артыкулаў ён прааналізаваў працы польскіх даследчыкаў, якія датычыліся гэтага пытання [7].

Аналізуючы вялікую колькасць расійскіх урадавых дакументаў, Х. Масціцкі зазначаў, што рэпрэсіі царскіх улад супраць дваранства адмоўна паўплывалі на развіццё сельскай гаспадаркі Беларусі. Па меркаванні даследчыка, новы перадзел зямельнай маёмасці не спрыяў развіццю капіталістычных пераўтварэнняў у гэтай сферы [8]. Дарэчы, падобную думку выказвалі і іншыя гісторыкі, як, напрыклад, дырэктар Дзяржаўнага архіва ў Вільні, прафесар Віленскага і Торуньскага універсітэтаў Р. Меніцкі, які падкрэсліваў, што аграрнай па сваёй сутнасці эканоміцы Паўночна-Заходняга краю разгром паўстання нанёс даволі значны ўрон, ад якога яна здолела адысці толькі на пачатку ХХ ст [9]. У прадмове да надрукаванай у часопісе «Віленскі Атэнэўм» справаздачы Віцебскага генерал-губернатара пра падзеі паўстання 1863-1864 гг. у Інфлянтах Р. Меніцкі адзначаў, што такога роду дакументы давалі поўнае ўяўленне не толькі пра падзеі паўстання, але і пра тое, як да яго ставілася насельніцтва Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. Са справаздачы вынікала, што сялянства на Віцебшчыне і ў Інфлянтах часцей варожа ставілася да паўстанцаў. Тлумачылася гэта тым, што праўрадавыя пазіцыі на ўсходзе Беларусі былі даволі моцнымі [10]. У сваю чаргу, Я. Качкоўскі зазначаў, што царская адміністрацыя доўгі час пасля падаўлення паўстання ўсё роўна працягвала праводзіць антыпольскую дыскрымінацыйную палітыку ў Беларусі і Літве. «У свой час Кацярына і Мікалай працягвалі рукі, запэцканыя крывёй, да польскіх маёнткаў. А потым Аляксандры II і III высялялі польскіх землеўладальнікаў, каб на ільготных умовах аддаць землі расійскім стаўленікам», - пісаў польскі публіцыст [11]. Я. Качкоўскі згадваў, што ў перыяд з 1863 па 1905 г. было канфіскавана 662 маёнткі. На яго думку, барацьба з польскасцю на тэрыторыі Беларусі аказала вельмі негатыўны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае жыццё краіны. Аўтар канцэнтраваў увагу на апісанні становішча буйной зямельнай уласнасці і амаль зусім не аналізаваў становішча сярэдняй і дробнай зямельнай уласнасці. Даследчык адзначаў, што напрыканцы XIX ст. адбываецца працэс павелічэння сялянскай зямельнай уласнасці за кошт памяншэння буйной [12]. У перыяд з 1862 па 1902 г. сялянская зямельная ўласнасць узрасла на 58 %, а ў некаторых губернях краю - на 118 % [13].

З апошнім пагаджаўся і Я. Івашкевіч. Дарэчы, гэты гісторык нарадзіўся ў радавым маёнтку Хольчыцы ў Слуцкім павеце Мінскай губерні. Вучыўся ў рускай гімназіі ў Слуцку. У 1899 г. пачаў вучыцца на правазнаўчым факультэце імператарскага універсітэта ў Варшаве. Пад кіраўніцтвам Ш. Аскеназі напісаў працу «Літва ў 1812 годзе». Пасля ўтварэння незалежнай польскай дзяржавы працаваў у Архіве актаў новых. У 1930 г. атрымаў тытул прафесара. У верасні 1943 г. быў арыштаваны гестапа і ў жніўні 1944 г. растраляны [14] .

Па меркаванні Я. Івашкевіча, антыпольская палітыка расійскага ўрада замаруджвала мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі Паўночна-Заходняга краю [15]. Дваранства не толькі было галоўным рухавіком эканамічнага развіцця згаданага рэгіёну, але і спрыяла развіццю адукацыі і культуры на гэтых тэрыторыях [16]. Разам з Х. Масціцкім Я. Івашкевіч зрабіў характарыстыку польскіх даследаванняў гісторыі Беларусі і Літвы з канца ХVIII і да пачатку ХХ ст. Гэта кароткая брашура ўяўляла сабой аналіз асноўных тагачасных дасягненняў польскай гістарыяграфіі сацыяльна-палітычнага і эканамічнага жыцця Беларусі [17] .

Вывучэнню ваеннага боку гісторыі паўстання прысвяціў сваё даследаванне Ч. Згажэльскі. Манаграфію «Студзеньскае паўстанне на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства» ён падзяліў на раздзелы, кожны з якіх быў прысвечаны розным паветам Навагрудскага ваяводства. На думку аўтара, беларускае сялянства зусім не падтрымлівала паўстанне [18]. Падобны пункт гледжання выказвала і беларуская даследчыца С. Байкова (Самбук). Яна адзначала, што сяляне Беларусі ва ўсіх рэгіёнах, улічваючы нават паветы Гродзенскай губерні, не прымалі актыўнага ўдзелу ў паўстанні 1863-1864 гг. Звязана гэта было са слабай агітацыйна-прапагандысцкай дзейнасцю кіраўнікоў паўстання ў беларускай вёсцы [19]. Акрамя гэтага С. Байкова падкрэслівае, што аграрная праграма паўстанцаў мела палавінчаты і супярэчлівы характар. Аказвалі ўплыў рэлігійны і саслоўны фактары [20]. Урэшце, немагчыма абмінуць і палітыку царскіх улад, якія імкнуліся супакоіць беларускую вёску і не даць кіраўнікам паўстання перацягнуць сялян на свой бок. Менавіта дзеля гэтага быў выдадзены ўказ ад 1 сакавіка 1863 г. аб пераводзе сялян на абавязковы выкуп і зніжэнне выкупных плацяжоў на 20 %, які, па меркаванні беларускай даследчыцы, затрымаў развіццё паўстанцкага руху ў беларускай вёсцы [21].

Беларускі літаратуразнаўца і гісторык А. Мальдзіс сцвярджае, што паўстанне 1863-1864 гг. мела як агульныя рысы, уласцівыя для ўсіх беларускіх, польскіх і літоўскіх зямель, так і рэгіянальныя адметнасці, выкліканыя сацыяльнымі, этнічнымі, рэлігійнымі і культурнымі асаблівасцямі. Адзін характар мелі дзеянні паўстанцаў на заходняй часцы беларускіх зямель, дзе сяляне заставаліся католікамі і пасля заклікаў з амбонаў ішлі ў атрады, другі - на Цэнтральнай Міншчыне, дзе пераважала праваслаўе, але яшчэ жыла памяць пра уніяцтва, і трэці - на Віцебшчыне і Магілёўшчыне, якія на 20 гадоў раней за «гістарычную Літву» увайшлі ў склад Расійскай імперыі [22].

Польская публіцыстка В. Добачэўска падкрэслівала, што адным з вынікаў няўдалага паўстання 1863-1864 гг. была русіфікацыя галоўнага польскамоўнага выдання Віленшчыны - «Віленскага кур'ера» [23]. Аднак пасля Першай расійскай рэвалюцыі сітуацыя кардынальна змянілася і шляхта Паўночна-Заходняга краю пачала змагацца за адраджэнне віленскіх выданняў. Па меркаванні В. Добачэўскай, важным у ідэалагічным сэнсе стала выданне «Літоўскага кур'ера», адным з галоўных рэдактараў якога быў знакаміты краёвец І. Корвін-Мілеўскі [24]. Публіцыстка падкрэслівала, што ў свой час у гэтага выдання было больш за 6 тысяч падпісчыкаў. «Краёвы кур'ер», які з'явіўся ў 1912 г., стаў органам віленскіх дэмакратаў-краёўцаў. В. Добачэўска справядліва адзначала, што галоўнай ідэяй краёвага руху было прызнанне права ўсіх народаў, якія пражывалі на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, на сваё самастойнае нацыянальнае, этнічнае і культурнае развіццё [25].

У сваю чаргу В. Шмідт прааналізаваў палітыку расійскіх улад, накіраваную на ліквідацыю эканамічнай незалежнасці шляхты - асноўнай сілы паўстання і вальнадумства ў Беларусі і Літве. Па меркаванні польскага даследчыка, уся расійская палітыка была скіравана на ліквідацыю польскай і каталіцкай шляхты і землеўласнікаў. Ён адзначаў, што ініцыятыва ў справе ўтварэння расійскай прыватнай уласнасці на беларуска-літоўскіх землях зыходзіла з цэнтра імперыі, у рэдкіх выпадках - з мясцовых органаў [26]. Акрамя гэтага эканаміст падкрэсліваў, што значная колькасць маёнткаў, якія набылі рускія памешчыкі пасля паўстання 1863-1864 гг. прыйшлі да заняпаду [27]. З гэтым можна пагадзіцца. У 1875 г. Камітэт Міністраў вымушаны быў канстатаваць, што шмат маёнткаў, набытых рускімі, знаходзіліся ў крызісным стане, таму што ўладальнікі іх не жадалі самастойна весці гаспадарку і часта мяняліся [28].

Адзін з вядомых тагачасных дзеячаў руху «пілсудчыкаў» Т. Галаўко таксама звяртаў увагу на даследаванне гісторыі шляхты Беларусі. Дарэчы, ён сам паходзіў са шляхецкай сям'і, а яго бацькі за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг. былі сасланы ў Сібір. У лістападзе 1918 г. Т. Галаўко - віцэ-міністр прапаганды ва ўрадзе І. Дашынскага. Быў актыўным дзеячам Польскай Сацыялістычнай Партыі, выступаў за дыялог з украінскімі нацыянальнымі сіламі, быў звязаны з «праметэйскім» рухам [29]. У брашуры «Землеўласнікі» даследчык асвятліў сацыяльна-эканамічную дзейнасць шляхты Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Асобна ён вызначаў ролю шляхты ў паўстанні 1863-1864 гг. у Беларусі і Літве. На думку Т. Галаўко, адмоўным фактарам было тое, што і да паўстання і падчас яго не адбылося ідэйнага ўз'яднання шляхты і сялянства [30]. Трэба адзначыць, што, сапраўды, адасобленасць шляхты і сялянства адмоўна паўплывала на фарміраванне нацыянальнай свядомасці народаў, якія жылі на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю. Разам з тым Т. Галаўко адзначаў, што асветніцкая дзейнасць прадстаўнікоў шляхты і землеўласнікаў, іх актыўны ўдзел у эканамічным жыцці краю садзейнічалі сацыяльна-эканамічнаму развіццю беларускіх губерняў у перыяд з 1861 па 1914 гг [31]. Акрамя гэтага, нельга забывацца, што значная колькасць прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі і так званых «абуджальнікаў» беларускага народа, такіх як Ф. Багушэвіч, В. Дунін-Марцінкевіч, К. Каганец (Кастравіцкі) і інш., выйшлі са шляхецкага саслоўя.

Падзе і студзенскага паўстання 1863-1864 гг. у пасляваеннай і сучаснай польскіх гістарыяграфіях

У перыяд Польскай Народнай Рэспублікі ў польскай гістарыяграфіі ўбачыла свет нязначная колькасць гістарычных прац, прысвечаных разгляду гісторыі Беларусі. У 1981 г. польскі гісторык Р. Война зазначаў, што часцей беларуская тэматыка ўзнікала ў кантэксце вывучэння польска-савецкіх адносінаў у міжваенны перыяд і была звязана з гісторыяй Заходняй Беларусі [32]. У гэты час убачыла свет адна з найбольш грунтоўных прац, прысвечаных згаданай тэме, - манаграфія С. Кяневіча «Студзеньскае паўстанне», у якой аналізуецца падрыхтоўка і правядзенне паўстання як у Польшчы, так і ў Літве і Беларусі. Вялікую цікавасць уяўляе апісанне адносін прадстаўнікоў розных грамадскіх груп (землеўласнікаў, кліру, сялян) на беларуска-літоўскіх землях да паўстання [33]. С. Кяневіч падкрэсліваў, што праваслаўнае сялянства ў сваёй большасці варожа адносілася да «польскага паўстання», што стала адной з асноўных прычын яго паражэння [34]. Акрамя гэтага, С. Кяневіч даў біяграфічныя звесткі асноўных дзеячаў паўстання ў Беларусі - К. Каліноўскага і У. Урублеўскага [35]. Трэба адзначыць, што гэта манаграфія з'яўляецца адным з асноўных, фундаментальных і ўсебаковых даследаванняў па гісторыі паўстання 1863-1864 гг. у польскай гістарыяграфіі.

Да сённяшняга дня адзінай у польскай гістарыяграфіі працай, прысвечанай гісторыі жыцця і дзейнасці кіраўніка паўстання 1863-1864 гг. на тэрыторыі Беларусі і Літвы Кастуся Каліноўскага, застаецца манаграфія В. Кардовіча, якая была выдадзена ў 1955 г., і ў якой аўтар глыбока вывучыў усе старонкі жыцця знакамітага беларуса. Гісторык адзначаў, што вялікі ўплыў на выхаванне К. Каліноўскага аказала беларускае асяроддзе. В.Кардовіч падрабязна апісаў дзейнасць К. Каліноўскага па падрыхтоўцы паўстання, падкрэсліваў яго актыўную ролю ў барацьбе за беларускія інтарэсы, вельмі глыбока прааналізаваў літаратурную спадчыну К.Каліноўскага і падкрэсліваў, што яго дзейнасць аказала значны ўплыў на працэс фарміравання нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа [36]. У сваю чаргу, П. Ласоўскі звярнуў ўвагу на ўдзел беларусаў у паўстанні 1863-1864 гг. Аўтар вывучыў значную колькасць архіўных матэрыялаў, у тым ліку тых, якія знаходзіліся ў архіве Гродна. Па меркаванні даследчыка, беларускіх удзельнікаў паўстання можна было падзяліць на тры групы: першая - паўстанцы з Падлясся (уніяты), другая - паўстанцы з Заходняй Беларусі (Гродзеншчына, Віленшчына, Палессе), і, нарэшце, трэцяя - паўстанцы з Міншчыны і Магілёўшчыны. Гісторык падкрэсліваў, што К. Каліноўскі праводзіў беларускамоўную агітацыю на тэрыторыі, якая была ахоплена паўстаннем [37].

Калі гаварыць пра польскую пасляваенную эмігранцкую гістарыяграфію, то большасць з гісторыкаў-эмігрантаў прысвяціла свае даследаванні вывучэнню аспектаў навейшай палітычнай гісторыі Польшчы. Лонданскае Польскае гістарычнае таварыства, якое было заснавана ў 1946 г., адрознівалася крытыкай тэндэнцыйнасці ў гістарычнай навуцы Польскай Народнай Рэспублікі. Дарэчы, у 1954 г. яно разам з інстытутамі ў Нью-Йорке і Рыме, а таксама гістарычнай камісіяй Парыжскага гістарычнага таварыства стварыла Польскае гістарычнае таварыства за мяжой. Дарэчы, гэтай арганізацыяй выдаваўся часопіс «Гістарычныя тэкі». Яго аўтары, у асноўным, звярталі ўвагу на аспекты навейшай гісторыі Польшчы. Выключэннем быў ХІІ том часопісу, які быў прысвечаны стогадовым угодкам паўстання 1863-1864 гг. У гэтым нумары быў надрукаваны артыкул М. Кукеля, у якім вядомы гісторык польскай вайсковай справы зрабіў грунтоўны аналіз падрыхтоўкі і вайсковых дзеянняў паўстанцаў [38]. У сваю чаргу, у матэрыяле С. Бубр-Тылінгі звярталася ўвага на ўзровень распрацаванасці знешнепалітычнага аспекту паўстання, а менавіта таго, як на гэтую падзею рэагавалі еўрапейскія дзяржавы [39]. Асобна трэба ўпамянуць даследаванні Ул. Вяльхорскага і С. Касцялкоўскага. Гэтыя даследчыкі звярнуліся да аналізу беларускага паходжання К. Каліноўскага. Па іх меркаванні, яго нацыянальная свядомасць была двухузроўневай: беларускай і польскай [40]. С. Касцялкоўскі падкрэсліваў, што нацыянальная свядомасць К. Каліноўскага спалучала беларуска-літоўскі сепаратызм і пачуцце польскасці [41].

У Францыі пасля Другой сусветнай вайны дзейнічала Гісторыка-літаратурнае таварыства (кіраўнікі: Ф. Пуласкі, Ч. Хаванец). У 1962 г. у Парыжы Е. Гедройць пачынае выдаваць часопіс «Гістарычныя сшыткі», у якім шмат увагі надавалася аспектам гісторыіі Польшчы і яе ўсходніх суседзяў. Большасць матэрыялаў у часопісе насіла публіцыстычны характар. Аўтары выдання ў асноўным канцэнтравалі ўвагу на выпрацоўцы стратэгіі супрацоўніцтва тагачаснай Польшчы з яе ўсходнімі суседзямі: Беларуссю, Украінай, Літвой. Разам з тым можна прывесці некалькі артыкулаў, у якіх аўтары часопісу звярталіся да аналізу падзей паўстання 1863-1864 гг. Так, у матэрыяле З. Маркевіча аналізавалася рэакцыя замежных дзяржаў на паўстанне. Аўтар падкрэсліваў, што жорсткая і бязлітасная палітыка Мураўёва на тэрыторыі «гістарычнай Літвы» сведчыла, што Расія была добра праінфармавана пра тое, што Еўропа не зарэагуе на крывавае падаўленне паўстання, а гэта давала сваеасаблівую свабоду дзеяння расійскай адміністрацыі ў Паўночна-Заходнім краі імперыі [42]. Іншы аўтар «Гістарычных сшыткаў» - К. Акуліч - у сваім артыкуле падкрэсліваў, што паўстанне 1863-1864 гг. уз'яднала нацыянальныя інтарэсы многіх народаў, якія пражывалі на землях «гістарычнай Літвы», і, як вынік, кіраўнікамі паўстання ў беларуска-літоўскіх губернях сталі паляк С. Серакоўскі, літовец ксёндз А. Мацкевіч і беларус К. Каліноўскі. Аўтар падкрэсліваў, што матывы палітычнай і рэлігійнай салідарнасці аб'ядноўвалі багатую шляхту з беднай, мяшчаніна з беларускім ці літоўскім селянінам [43]. Акрамя гэтага, важным было, па меркаванні К. Акуліча, і тое, што на той час амаль што адсутнічаў працэс нацыянальнай эмансіпацыі, а ў каталіцкіх рэгіёнах, напрыклад Гродзеншчыне, яднаючым фактарам была агульная рэлігія - каталіцызм [44].

У сваю чаргу, артыкул аднаго з пастаянных аўтараў «Гістарычных сшыткаў» П.Вандыча быў прысвечаны аналізу стану польскіх даследаванняў па гісторыі адносін паміж польскімі грамадска-палітычнымі коламі і расійскай адміністрацыяй з часоў падзелаў І Рэчы Паспалітай да 1917 г. Аўтар канстатаваў, невысокі ўзровень вывучанасці гэтай тэмы [45]. П. Вандыч падкрэсліваў, што ў дачыненні да ацэнкі падтрымкі паўстання 1863-1864 гг. з боку мясцовага насельніцтва польскія гісторыкі памылкова выкарыстоўвалі паняцце «нацыянальны патэнцыял» [46]. Даследчык падкрэслівае, што памылковым быў сам тэзіс пра тое, што паўстанне супраць захопніка будзе падтрымана ўсімі пластамі насельніцтва, бо польскі нацыянальны патэнцыял на былых усходніх польскіх землях не быў такім высокім, як падавалася гісторыкам [47]. П. Вандыч падкрэсліваў, што асноўная маса сялянства, за выключэннем невялікай колькасці «польскіх» цэнтраў на Беларусі, Жмудзі і Інфлянтах, не была гатова падтрымаць «панскае паўстанне» [48]. З гэтым меркаваннем упэўнена можна пагадзіцца, бо добра вядомы шматлікія выпадкі на Украіне і ў Беларусі, калі сяляне выдавалі паўстанцаў царскім уладам.

Прадстаўнікі сучаснай польскай гістарычнай школы прысвяцілі шмат увагі вывучэнню розных аспектаў гісторыі паўстання 1863-1864 гг. У 1990 г. убачыла свет манаграфія Сл. Калембкі ў якой аўтар сканцэнтраваў увагу на вывучэнні адносін прадстаўнікоў розных сацыяльных груп да паўстання [49]. Цікавым быў і аналіз таго, як розныя еўрапейскія дзяржавы адносіліся да паўстання ў «гістарычнай Літве». Даследчык падкрэсліваў, што вялікія дзяржавы ацэньвалі гэта паўстанне як выключна польскае [50].

Д. Файнхаўз у манаграфіі «1863. Літва і Беларусь» прааналізаваў вынікі ўзброенага выступлення ў Беларусі і ў Літве. Значным плюсам гэтага гістарычнага даследавання быў глыбокі аналіз сацыяльных працэсаў, якія мелі месца ў грамадстве беларуска-літоўскіх зямель у другой палове ХІХ ст. Акрамя гэтага, аўтар аналізаваў уплыў паўстання на працэс фарміравання беларускай і літоўскай нацый. Д. Файнхаўз падкрэсліваў, што галоўнай перашкодай на шляху развіцця як беларускага, так і літоўскага нацыянальных рухаў была палітыка расійскіх улад [51]. Па меркаванні даследчыка, Беларусь успрымалася расійскай адміністрацыяй як адвечна расійскі край, а беларуская мова - як дыялект рускай. Даследчык адзначаў, што ў разуменні расійскай адміністрацыі беларускі народ як асобны арганізм не існаваў, аднак цэнзары неаднаразова накладалі забарону на беларускія друкаваныя выданні. Зрусіфікаванае, праваслаўнае асяроддзе ў значнай частцы Беларусі не стварыла адпаведнай падтрымкі для развіцця беларускага руху [52]. Д. Файнхаўз зазначаў, што галоўным элементам беларускага нацыянальнага адраджэння была нацыянальная літаратура. На яго думку, нягледзячы на тое, што развіццё беларускага нацыянальнага руху было замаруджана русіфікацыяй, менавіта дзейнасць беларускай інтэлігенцыі і краёвай шляхты аказала значны ўплыў на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа [53]. Гаворачы аб фактарах, якія адмоўна ўплывалі на фарміраванне свядомасці беларусаў, Д. Файнхаўз, на жаль, не адзначыў фактар паланізацыі. Вядома, у канцы XIX - пачатку XX ст. ён адыгрываў меншую ролю, чым фактар русіфікацыі, аднак, па меркаванні беларускага гісторыка Л. Лыча, паланізацыйная дзейнасць каталіцкага касцёла поруч з русіфікатарскай дзейнасцю расійскай адміністрацыі былі галоўнымі фактарамі, якія запавольвалі працэс фарміравання нацыянальнай свядомасці беларусаў. Больш за тое, некаторыя прадстаўнікі каталіцкага духавенства выступалі ў пачатку XX ст. супраць увядзення беларускай мовы ў касцёльную службу [54].

Даследаванне гісторыі дзейнасці кіраўніцтва паўстання прадставіла ў сваёй манаграфіі Ф. Раматоўска. Гісторык апісала падзеі паўстання як у Каралеўстве Польскім, так і на беларуска-літоўскіх землях і прааналізавала змяненні ў кіраўніцтве паўстання на розных яго стадыях. Па яе меркаванні, у Беларусі і Літве арганізацыя паўстання была ўскладнена тым, што народы, якія пражывалі на землях былога Вялікага Княства Літоўскага, адрозніваліся ў моўным, культурным, нацыянальным і рэлігійным планах [55]. Ф.Раматоўска адзначала, што па прыродзе гэта паўстанне было польскім. З апошнім цяжка пагадзіцца. У шматлікіх працах беларускіх гісторыкаў прасочваецца думка аб тым, што К. Каліноўскі жадаў змагацца за ўтварэнне незалежнай Беларусі, што, вядома, ва ўмовах XIX ст. было нерэальным. Акрамя гэтага, такі рэгіянальны патрыятызм перашкаджаў рэалізацыі планаў варшаўскага цэнтра. Аднак, трэба падкрэсліць, што, хаця ідэя паўстання з'явілася ў Варшаве, на беларуска-літоўскіх землях яна мела свае асаблівасці і сустрэла значную падтрымку.

Паўстанцкую тэму працягвае ў сваіх даследаваннях і З.-Ю. Вінніцкі. У працы «У Мінску Літоўскім, горадзе былой Рэчы Паспалітай» даследчык прысвяціў значную ўвагу асвятленню некаторых аспектаў антыпольскай палітыкі расійскіх улад у беларускіх губернях Паўночна-Заходняга краю [56]. Важным плюсам гэтага даследавання было тое, што аўтар выкарыстаў значную колькасць успамінаў і дзённікаў, што дазволіла перадаць атмасферу таго, чым жыла Міншчына ў другой палове XIX ст.

Аналізу вынікаў паўстання і даследаванню палітыкі расійскіх улад у Беларусі ў другой палове ХІХ ст. прысвяціў сваё даследаванне Л. Яськевіч. У манаграфіі «Царская ўлада і польскія справы на мяжы ХІХ-ХХ ст.» даследчык прааналізаваў антыпольскую палітыку расійскіх улад на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю. Па яго меркаванні, мемарыялы і рапарты расійскіх генерал-губернатараў дазваляюць глыбей зразумець палітычную свядомасць тагачаснай адміністрацыі Паўночна-Заходняга краю і характарызуюць адносіны расійскага чыноўніцтва да нацыянальных імкненняў народаў, што пражывалі на гэтых тэрыторыях [57]. Л. Яськевіч небеспадстаўна лічыў, што галоўную небяспеку расійскаму панаванню ў Беларусі царская адміністрацыя бачыла ў дзейнасці каталіцкага касцёла. Гісторык адзначаў, што праблема «дэпаланізацыі» касцёла, увядзення ў касцельныя службы рускай мовы неаднаразова абмяркоўвалася сярод прадстаўнікоў расійскай адміністрацыі. Аднак гэты праект увесь час сустракаў супраціў з боку польскага і беларускага духавенства [58]. Л. Яськевіч падкрэсліваў, што на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі супрацьстаялі адзін аднаму два нацыяналізмы: рускі (прадстаўнікамі якога былі царская адміністрацыя і праваслаўная царква) і польскі (прадстаўлены польскім дваранствам і каталіцкім касцёлам) [59]. Трэба адзначыць, што гэты тэзіс даволі папулярны і ў працах заходнееўрапейскіх гісторыкаў [60].

У артыкуле «Аддзяліць каталіцызм ад паланізму. З дакументаў этнічна-рэлігійнай палітыкі царскай улады ў Беларусі (пачатак XX ст.)» Л. Яськевіч працягваў аналізаваць палітыку царскай адміністрацыі, накіраваную супраць каталіцкага касцёла. Па меркаванні гісторыка, увядзенне рускай ці беларускай мовы ў касцельныя набажэнствы павінна было завяршыць працэс русіфікацыі беларускага сялянства каталіцкага веравызнання [61]. Менавіта гэтым аспектам расійскай антыпольскай палітыкі тлумачыцца негатыўнае стаўленне да беларускага руху некаторых прадстаўнікоў польскага палітычнага руху ў Беларусі і ў Літве напачатку XX ст [62].

В. Радкевіч, які абараніў кандыдатскую дысертацыю пад навуковым кіраўніцтвам знакамітага амерыканскага гісторыка Р. Пайпса, аналізаваў палітыку царскай адміністрацыі ў Паўночна-Заходнім краі і падкрэсліваў, што яна выступала ў двух выглядах: «бюракратычны нацыяналізм» і «імперыяльная мадэль» [63]. Галоўнай рысай першага была адсутнасць веры рускага дзяржаўнага апарата ў здольнасць яго свабоднай канкурэнцыі ва ўсіх сферах грамадска-эканамічнага і палітычнага жыцця з народамі, якія пражывалі на гэтых тэрыторыях [64]. Таму сярод чыноўніцтва існавала перакананне, што расійская адміністрацыя павінна выступаць у якасці абаронцы рускага народу на гэтых тэрыторыях. Галоўным яднаючым народы фактарам павінна было стаць праваслаўе. У сваю чаргу, «імперыяльная мадэль» уключала магчымасць інтэграцыі лаяльных эліт заходніх ускраін, нават без іх асіміляцыі. Яе асновай, па меркаванні В. Радкевіча, былі агульныя інтарэсы вышэйшых пластоў грамадства Расійскай імперыі. Менавіта ў асяроддзі тых, хто выступаў за «імперыяльную мадэль», з'явіліся ідэі падтрымкі нацыянальнай свядомасці беларусаў і ўкраінцаў, што дапамагло б затармазіць паступовую паланізацыю гэтых народаў [65].

Асобнай групай гістарычных прац з'яўляюцца даследаванні, прысвечаныя вывучэнню царскай палітыкі ў адносінах да дваранскага саслоўя пасля студзенскага паўстання 1863-1864 гг. Вядомая польская даследчыца І.Сікорска-Кулеша прааналізавала мерапрыемствы расійскага ўрада, накіраваныя на ліквідацыю польскай і каталіцкай зямельнай уласнасці ў беларуска-літоўскіх губернях і падкрэслівала, што польская і беларуская каталіцкая шляхта і землеўласнікі былі натуральнымі канкурэнтамі расійскіх улад у рэгіёне. Царская адміністрацыя імкнулася да канчатковага падпарадкавання заходніх губерняў, іх русіфікацыі і ліквідацыі апошняй перашкоды - «польскага» фактару [66]. Асаблівую ўвагу І. Сікорска-Кулеша надала апісанню праблем, з якімі сустрэліся прадстаўнікі шляхецкіх родаў падчас пацвярджэння свайго шляхецкага тытулу. На яе думку, найбуйнейшай праблемай для шляхты стаў паўторны збор патрэбных для гэтага дакументаў. Пасля першай праверкі дваранскага саслоўя з канца XVIII - пачатку XIX ст. мінулі дзесяткі гадоў. У гэты час не адна армія прайшла праз тэрыторыю Беларусі, а мноства дваранскіх сямей змянілі месца жыхарства. Дакументацыя вандравала разам з архівамі і інстытутамі, і шукаць трэба было ў розных установах [67]. Да пачатку 60-х гг. ХІХ ст., па дадзеных Міністэрства юстыцыі, амаль 200 тысяч шляхты мужчынскага полу дзевяці заходніх губерняў не змаглі прадставіць дакументы аб сваім дваранскім паходжанні [68].

Па меркаванні І. Сікорскай-Кулешы, працэс дэкласацыі і дэградацыі шляхты ў Беларусі скончыўся ў перыяд пасля паўстання 1863-1864 гг. За самую малую сімпатыю да паўстанцаў генерал-губернатар М. Мураўёў прымусова высяляў цэлыя шляхецкія ваколіцы [69]. Пры напісанні працы даследчыца выкарыстала значную колькасць архіўных матэрыялаў, што дазволіла зрабіць глыбокі аналіз працэсу дэкласацыі сярэдняй і дробнай шляхты. Дарэчы, трэба ўлічваць, што з групы збяднелага і дэградаванага дробнага дваранства з цягам часу пачала выходзіць сялянская інтэлігенцыя, якая працягвала захоўваць рысы дваранскага саслоўя, але разам з тым была значна бліжэй да народных мас.

У артыкуле «Разбор шляхты як інструмент саслоўнай дэградацыі дробнай шляхты ў Літве і Беларусі ў 1831-1868 гг.» І. Сікорска-Кулеша звярнулася да аналізу гісторыі дэградацыі дробнага дваранства. Даследчыца падкрэслівала: нягледзячы на тое, што паўстанні 1830-1831 і 1863-1864 гг. аказалі ўплыў на гэты працэс, аднак не яны былі прычынай, якая выклікала працэс дэкласацыі дробнай шляхты на беларуска-літоўскіх землях. Працэс гэты пачаўся пасля падзелаў І Рэчы Паспалітай і далучэння яе ўсходняй часткі да Расійскай імперыі. На думку прадстаўнікоў расійскай адміністрацыі, менавіта шляхта Беларусі і Літвы, якая складала па рэвізіі 1795 г. 70 % шляхецкага саслоўя імперыі, заставалася дэстабілізуючым фактарам на беларуска-літоўскіх землях [70]. І. Сікорска-Кулеша прааналізавала значную колькасць прававых актаў і іншых дакументаў, выданых расійскай адміністрацыяй, і падкрэслівала, што падтрымка паўстання з боку дробнай і сярэдняй шляхты падштурхнула расійскую адміністрацыю да канчатковага вырашэння гэтага пытання [71]. Польская даследчыца ўказвала, што значная колькасць прадстаўнікоў шляхты карысталася «тутэйшай» (беларускай) мовай, таму менавіта гэтая саслоўная група была адным з падмуркаў працэсу станаўлення нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа [72]. У сваю чаргу, І. Рыхлікова даследавала гісторыю фарміравання, жыцця, дзейнасці, паступовай дэградацыі і ліквідацыі саслоўнай групы, якая называлася «панцырныя баяры». Даследчыца падкрэслівала, што гісторыя дэградацыі гэтага «служылага саслоўя» пачалася з перыяду падзелаў І Рэчы Паспалітай, а закончылася пасля паўстання 1863-1864 гг., калі значная частка яго прадстаўнікоў перайшла ў клас сялян ці, у лепшым выпадку, мяшчан. Даследчыца адзначала, што 25 верасня 1864 г. урадавым указам была ліквідавана назва «панцырныя баяры», а прадстаўнікі гэтага саслоўя былі залічаны ў разрад «дзяржаўных сялян» [73].

Аналізу гісторыі палітыкі расійскай адміністрацыі пасля паўстанняў 1830-1831 і 1863-1864 гг., скіраванай на памяншэнне колькасці шляхты каталіцкага веравызнання на беларускіх землях, прысвяціў частку сваіх даследаванняў прафесар Варшаўскага універсітэта Л. Заштаўт. У артыкулах «Канец прывілеяў. Дэградацыя дробнай польскай шляхты ў гістарычнай Літве і правабярэжнай Украіне ў 1831-1868 гг.» і «Ссылка і перасяленне польскага насельніцтва з заходніх губерняў у глыб Расійскай імперыі» аўтар адзначаў, што масавы ўдзел шляхты ў паўстаннях вырашыў яе будучы лёс [74]. Найбольш распаўсюджанай практыкай барацьбы супраць шляхты была верыфікацыя іх дваранскага паходжання і прымусовае перасяленне [75].

Высновы

Такім чынам, варта зазначыць, не гледзячы на тое, што прадстаўнікі гістарыяграфіі ІІ Рэчы Паспалітай, гісторыкі ў пасляваеннай Польшчы і за яе мяжой, а таксама сучасныя даследчыкі студзеньскае паўстанне 1863-1864 гг. у асноўным трактавалі і працягваюць трактаваць, як нацыянальна польскае, амаль ўсе яны падкрэсліваюць яго рэгіянальныя асаблівасці. Прадстаўнікі гісторыка-палітычнага лагера «пілсудчыкаў» прысвяцілі шмат увагі даследаванню гісторыі паўстання 1863-1864 гг. на тэрыторыі Беларусі, аналізавалі расійскую палітыку, накіраваную на памяншэнне польскага і каталіцкага землеўладання ў рэгіёне пасля падаўлення паўстання, а таксама спрабавалі абгрунтаваць ідэю аб тым, што менавіта дваранства польскага паходжання адыгрывала вырашальную ролю ў эканамічным жыцці беларускіх губерняў Паўночна-Заходняга краю напрыканцы ХІХ - пачатку ХХ ст. Пасля Другой сусветнай вайны значная колькасць польскіх гісторыкаў эмігравала з Польшчы. Тыя, хто застаўся ў краіне, былі вымушаны падпарадкавацца ідэалагічнаму прэсінгу з боку камуністычных улад. У гады Польскай Народнай Рэспублікі большасць навукова-гістарычных прац была прысвечана аналізу гісторыі этнічных польскіх зямель. Разам з гэтым, гісторыя паўстання 1863-1864 гг. і аналіз уплыву яго вынікаў на эканамічнае развіццё Каралеўства Польскага і Паўночна-Заходняга краю сталі аб'ектам вывучэння прадстаўнікоў польскай гістарычнай навукі перыяду ПНР. Польскія гісторыкі ў эміграцыі таксама звярталі ўвагу на вывучэнне гісторыі студзеньскага паўстання 1863-1864 гг. Усплеск такой зацікаўленасці быў выкліканы ў тым ліку і стогадовымі ўгодкамі гэтай падзеі ў 1963 годзе. Сучасная польская гістарыяграфія гісторыі студзеньскага паўстання адрозніваецца плюразізмам меркаванняў і навуковай глыбінёй даследаванняў. Аспекты гісторыі гэтай падзеі даследуюцца сучаснымі польскімі гісторыкамі ў больш шырокім кантэксце з улікам усіх фактараў, з ёй звязаных.

Ігар Мельнікаў - беларускі гісторык-паланіст. Магістр гісторыі Варшаўскага ўніверсітэта. У 2010 г. абараніў кандыдатскую дысертацыю па тэме "Сацыяльна-эканамічная гісторыя Беларусі перыяду капіталізму 1861-1914 гг. у польскай гістарыяграфіі". Аўтар 60 навуковых публікацый па гісторыі беларуска-польскіх гістарычных сувязяў.



[1] Mironowicz, E. Białoruska mniejszość narodowa w II Rzeczypospolitej w historiografii polskiej / E. Mironowicz // Białorus. Zeszyty Hist. - 1995. - № 2. - с. 178.

[2] Handelsman, M. Pomiędzy Prusami a Rosją : studja historyczne. Ser. 3 / M. Handelsman. - Warszawa : E. Wende i Spółka ; Lwów : H. Altenberg, 1922. - с. 230.

[3] Maliszewski, E. Rok 1863 na kresach Mohilewskich / E. Maliszewski. - Warszawa : Straż kresowa, 1920. - с. 12.

[4] Maliszewski, E. Organizacja postania styczniowego / E. Maliszewski. - Warszawa : [s. n.], 1920. - с. 18.

[5] Mościcki, H. Pod berlem carów / H. Mościcki. - Warszawa : Bibl. Polska, 1924. - с. 155-159

[6] Ibidem, с. 133.

[7] Mościcki, H. Historiografia powstania styczniowego w ostatnich latach piętnastu / H. Mościcki // Przegląd Hist. - 1938. - T. 34, № 1. - S. 400-407.

[8] Mościcki, H. Wysiedlenie szlachty na Litwie i Rusi przez rząd rosyjski / H. Mościcki // Wschód Pol. - 1921. - № 1/3. - с. 38.

[9] Mienicki, R. Ziemia Nowogródska w dobie porozbiorowej, 1793-1915 / R. Mienicki. - Wilno : [s. n.], 1935. - с. 18.

[10] Mienicki, R. Sprawoznadnie witebskiego gubernatora o powstaniu w Inflantach w r. 1863 / R. Mienicki // Ateneum Wileńskie. - 1924. - R. II, z. 5/6. - с. 235.

[11] Kaczkowski, J. Konfiskaty na ziemiach polskich pod zaborem rosyjskim po powstaniach roku 1831 i 1863 / J. Kaczkowski. - Warszawa : Gebethner a. Wolf, 1918. - с. 78.

[12] Ibidem, С. 94.

[13] Самбук, С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX века / С.М. Самбук ; Акад. наук БССР, Ин-т истории ; ред. В.П. Панютич. - Минск : Наука и техника, 1980. - с. 115.

[14] Żytkowicz, L. Iwaszkiewicz Janusz / L. Żytkowicz // Polski słownik biograficzny / Polska Akad. Nauk, Inst. Historii ; Polska Akad. Umiejętnośc. - Wrocław, 1962-1964. - T. X. - с. 331-336.

[15] Iwaszkiewicz, J. Wykaz dóbr ziemskich skonfiskowanych przez rządy zaborcze w latach 1773-1867 / J. Iwaszkiewicz. - Warszawa : Wydawn. Rady Nacz. Org. Ziemiańskich z okazji Powszechnej Wyst. Krajowej w Poznaniu, 1929. -с. 12.

[16] Iwaszkiewicz, J. Ofiarność ziemian na cele oświatowo-kulturalne, 1800-1929 / J. Iwaszkiewicz. - Warszawa : Wydawn. Rady Nacz. Org. Ziemiańskich z okazji Powszechnej Wyst. Krajowej w Poznaniu, 1929. - с.15.

[17] Iwaszkiewicz, J. Przegląd badań nad dziejami Litwy po rozbiorach do 1905 r.: рamiętnik VI powszechnego zjazdu historyków polskich w Wilnie 17-20 wrześ. 1935 r. / J. Iwaszkiewicz, H. Mościcki. - Lwów, 1935. - с. 17.

[18] Zgorzelski, Cz. Powstanie styczniowe na terenie wojewodztwa Nowogrodzkiego / Cz. Zgorzelski. - Wilno : Nakl. Dz. Urzedowego Kuratorjum Okr. Szk. Wileńskiego, 1934. - с. 5.

[19] Байкова, С.М. К вопросу об участии крестьян Белоруссии в восстании 1863 г. / С.М. Байкова // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы / Акад. наук СССР, Акад. наук Латв. ССР ; редкол.: В.К. Яцунский (отв. ред.) [и др.]. - Рига, 1963. - С. 429.

[20] Ibidem, с. 431.

[21] Байкова, С.М. Аграрный вопрос в восстании 1863 г. в Белоруссии / С.М. Байкова // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы / Акад. наук СССР, Акад. наук Латв. ССР; редкол.: В.К. Яцунский (отв. ред.) [и др.]. - Рига, 1963. - с. 56.

[22] Мальдзіс, А. Мінчане - удзельнікі паўстання 1863-1864 гг. / А. Мальдзіс // Знакамітыя мінчане : матэрыялы Беларус.-Пол. навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2004 г. / Беларус. дзярж. пед. ун-т ; рэдкал.: А. Вялікі, З. Вінніцкі (навук. рэд.) [і інш.]. - Мінск ; Вроцлаў, 2005. - С. 8.

[23] Dobaczewska, W. Wileńszczyzna i Nowogródczyzna w latach 1920-1937: sprawy polityczne i społeczne / W. Dobaczewska. - Wilno : Dz. Urzędowy, 1938. - с. 31.

[24] Ibidem, С. 32.

[25] Ibidem, С. 34.

[26] Schmidt, W. Geneza prywatnej rosyjskiej własnosci ziemskiej w b. Gubernijach Wilenskiej, Grodzienskiej i Minskiej 1793-1875 / W. Schmidt ; Glowny Urzad Statystyczny. - Warszawa : [s. n.], 1923. - с. 37.

[27] Ibidem, С. 35.

[28] Гісторыя Беларусі перыяду капіталізму : вучэб. дапам. : у 5 ч. / Беларус. дзярж. пед. ун-т ; склад. А.П. Жытко [і інш.] ; пад агул. рэд. А.П. Жытко. - Мінск : БДПУ, 2005-2009. - Ч. 3 : Аграрная гісторыя: сацыяльна-эканамічныя і палітычныя праблемы. - 2007. - с. 41.

[29] Werschler, I. Tadeusz Hołówko: życie i działalność: z dziejów obozu belwederskiego / I. Werschler. - Warszawa : PWN, 1984. - с. 57.

[30] Hołówko, T. Ziemianie / T. Hołówko. - Warszawa : PPS, 1919. - с.12.

[31] Ibidem, С. 12.

[32] Wojna, R. Nowsze badania białoruskie nad rozwojem BSRR w okresie międzywojennym / R. Wojna // Studia z Dziejów ZSRR i Europy Środkowej. - 1981. - T. 17. - с. 191.

[33] Kieniewicz, S. Powstanie styczniowe / S. Kieniewicz. - Warszawa : PWN, 1972. - с. 225.

[34] Ibidem, с. 221.

[35] Ibidem, с. 314-318.

[36] Kordowicz, W. Konstanty Kalinowski / W. Kordowicz. - Warszawa : Lud. Spółdzielnia Wydaw., 1955. - с. 286.

[37] Łossowski, P. Rosjanie, Białorusini, i Ukraińcy w powstaniu styczniowym / P. Łossowski. - Wrocław : Zakł. Nar. Ossolińskich, 1959. - с. 84.

[38] Kukiel, M. Zagadnienia wojskowe powstania styczniowego / M. Kukiel // Teki Hist. - 1962-1963. - T. 12. - с. 99-118.

[39] Bóbr-Tylingo S. Obecny stan badań nad historią dyplomatyczną powstania styczniowego / S. Bóbr-Tylingo // Teki Hist. - 1962-1963. - T. 12. - с. 190-202.

[40] Wielhorski, Wł. Litwini, Białorusini i Polacy w dziejach kultury Wielkiego Księstwa Litewskiego / Wł. Wielhorski // Alma Mater Vilnensis : pr. Społecz. Akademickiej / Uniw. Stefana Batorego na Obczyźnie. - Londyn, 1945. - с. 145.

[41] Kościałkowski, S. Wiek XIX i początek XX (do 1915 r.) / S. Kościałkowski // Alma Mater Vilnensis : pr. Społecz. Akademickiej / Uniw. Stefana Batorego na Obczyźnie. - Londyn, 1953. -с. 92.

[42] Markiewicz, Z. U źródeł klęski dyplomatycznej powstznia styczniowego / Z. Markiewicz // Zeszyty Hist. - 1964. - № 6. - с. 225.

[43] Okulicz, K. Białorusini, Litwini i Polacy w powstaniu styczniowym na Litwie historycznej / K. Okulicz // Zeszyty Hist. - 1965. - № 7. - с. 18.

[44] Ibidem, с.19.

[45] Wandycz, P. Orientacja rosyjska w polskiej walce niepodległościowej / P. Wandycz // Zeszyty Hist. - 1980. - № 51. - с. 58.

[46] Ibidem, с. 61.

[47] Ibidem, с. 62.

[48] Ibidem, с. 63.

[49] Kalembka, Sł. Powstanie Styczniowe: 1863-1864: wrzenie, bój, Europa, wizje / Sł. Kalembka. - Warszawa : PWN, 1990. - с. 30.

[50] Ibidem, с. 58.

[51] Fajnhauz, D. 1863: Litwa i Białoruś / D. Fajnhauz. - Warszawa : Neriton, 1999. - с.120.

[52] Ibidem, с. 244.

[53] Ibidem, с. 260.

[54] Лыч, Л.М. Беларуская нацыя і мова : літ.-гіст. арт. / Л.М. Лыч. - Мінск : Маст. літ., 1994. -с. 41.

[55] Ramotowska, F. Tajemne państwo polskie w powstaniu styczniowym 1863-1864: struktura organizacyjna / F. Ramotowska ; Nacz. Dyrekcja Archiwów Państ. - Warszawa : DiG, 1999. - с. 49.

[56] Winnicki, Zd.J. W Mińsku Litewskim mieśćie dawnej Rzeczypospolitej / Zd.J. Winnicki. - Wrocław : Wspólnota Рolska, 1999. - с. 80.

[57] Jaśkiewicz, L. Carat i sprawy polskie na przełomie XIX i XX wieku / L. Jaśkiewicz. - Pułtusk : Wyższa Szkoła Humanistyczna, 2001. - с. 56.

[58] Ibidem, с. 81.

[59] Ibidem, с. 89.

[60] Beauvois, D. Trójkąt Ukraiński: szlachta, carat i lud na Wołyniu, Podolu i Kijowszczyźnie 1793-1914 / D. Beauvois ; z fr. przeł. K. Rutkowski. - Lublin : UMCS, 2005. - с. 816 ;Beauvois, D. Walka o ziemię: szlachta polska na Ukrainie prawobrzeżnej pomiędzy caratem a ludem ukraińskim 1863-1914 / D. Beauvois ; z fr. przeł. K. Rutkowski. - Sejny : Pogranicze, 1996. -с. 302.

[61] Jaśkiewicz, L. Oddzielić katolicyzm od polonizmu: z dokumentów polityki etniczno-wyznaniowej caratu na Białorusi, pocz. XX w. / L. Jaśkiewicz // Przegląd Wsch. - 1998. - R. 5, z. 3. - с. 521.

[62] Ibidem, с. 522.

[63] Rodkiewicz, W. Russian nationality policy in the Western provinces of Empire, 1863-1905 / W. Rodkiewicz ; Sci. Soc. of Lublin. - Lublin : Lubelskie T-wo Nauk., 1998. - с. 24.

[64] Ibidem, с. 28.

[65] Ibidem, с. 188.

[66] Sikorska-Kulesza, J. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Białorusi w XIX w. / J. Sikorska-Kulesza. - Pruszków : Ajaks, 1995. - с. 35.

[67] Ibidem, с. 54.

[68] Гісторыя Беларусі перыяду капіталізму : вучэб. дапам. : у 5 ч. / Беларус. дзярж. пед. ун-т ; склад. А.П. Жытко [і інш.] ; пад агул. рэд. А.П. Жытко. - Мінск : БДПУ, 2005-2009. - Ч. 4 : Буржуазныя рэформы ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст. - 2009. -с. 23.

[69] Sikorska-Kulesza, J. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Białorusi w XIX w. / J. Sikorska-Kulesza. - Pruszków : Ajaks, 1995. - с. 57.

[70] Sikorska-Kulesza, J. Weryfikacje szlachectwa jako instrument stanowej degradacji drobnej szlachty na Litwie i Białorusi w latach 1831-1868 / J. Sikorska-Kulesza // Przegląd Wsch. - 1992-1993. - R. 2, z. 3. - с. 557.

[71] Ibidem, с. 573.

[72] Ibidem, с. 573.

[73] Rychlikowa, I. Bojarzy pancerni na pograniczu Moskiewskim w XVI-XIX wieku / I. Rychlikowa // Przegląd Wsch. - 1994. - R. 3, z. 3. - с. 422.

[74] Zasztowt, L. Koniec przywilejów - degradacja drobnej szlachty polskiej na Litwie historycznej i prawobrzeżnej Ukrainie w latach 1831-1868 / L. Zasztowt // Przegląd Wsch. - 1991. - R. 1, z. 3. - с.116.

[75] Zasztowt, L. Zsyłka i przesiedlenia ludności polskiej z zachodnich guberni w głąb cesarstwa rosyjskiego po powstaniu styczniowym / L. Zasztowt // Przegląd Wsch. - 1998. - R. 5, z. 2. - с.330.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX