Папярэдняя старонка: Ваенная гісторыя

Гулак Настасся. М. М. Мураўёў 


Аўтар: Гулак Настасся,
Дадана: 03-06-2014,
Крыніца: Гулак Настасся. 'Слуга цару...' // Спадчына №1-1995. С. 70-79.



Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў (1796-1866) - найадыёзная постаць у гісторыі Расейскай імперыі. Гэта быў буйны дзяржаўны дзеяч, энергічны i рашучы, адданы служэнню пасаду. У сваёй дзейнасці Мураўёў кіраваўся ідэаламі мікалаеўскай эпохі i з усяе сілы імкнуўся ix здзейсніць. У гісторыю Беларусі i Літвы Мураўёў увайшоў як прадстаўнік расейскага самадзяржаўя, прыгоннік, карнік.
Яшчэ пры жыцці Мураўёва ў грамадстве былі пашыраныя дыяметральна супрацьлеглыя погляды на ягоныя «заслугі». Шавіністычна настроенае дваранства славіла яго як абаронцу рускіх інтарэсаў, змагара за праваслаўную веру. У рускім перыядычным друку рэакцыйнага кірунку больш за ўсіх Мураўёва абараняў «могучий патриотический голос» М. Н. Каткова, рэдактара «Московских ведомостей». Не адставалі ў падтрымцы. афіцыйна-патрыятычных настрояў «День» Аксакава, часопіс «Московитянин» Пагодзіна, газета «Русский инвалид», афіцыйны орган ваеннага міністэрства i інш.
Але менавіта пры жыцці Мураўёў атрымаў мянушку «Вешальнік». Князь А. Сувораў, пецярбургскі генерал-губернатар, публічна назваў яго «людаедам». Антымураўёўскую прэсу ўзначальвала ў Пецярбурзе газета «Весть» Скараціна. Яе падтрымлівалі «Санкт-Петербургские ведомости» i «Новое время». А. Герцан у газеце «Колокол» найярчэйшымі публіцыстычнымі сродкамі ствараў партрэт ката, душыцеля свабоды народаў. Ён пісаў: «Партрэт гэты няхай захаваецца дзеля таго, каб дзеці не шанавалі тых бацькоў, якія ў п'янай адданасці тэлеграфавалі любоў i спачуванне гэтаму бясшыйнаму бульдогу, налітаму вадой, гэтай рапусе з адвіслымі шчокамі, у якой напалову заплылі вочы, гэтаму калмыку з выразам пажадлівай прысычанай злосці».
Працы расейскіх афіцыйных гісторыкаў i публіцыстаў, што выходзілі ў наступныя гады, падтрымлівалі легендарны вобраз уціхамірніка Паўночна-Заходняга краю. Ратч, Кропатаў, Бранцаў, Турцэвіч, Мілавідаў, Карнілаў ды іншыя - усе яны апелі мураўёўскую адданасць «рускай справе». Так, Бранцаў адводзіў Мураўёву месца між дзеячоў сусветнай гісторыі, падкрэсліваючы, што ён «не хварэў на касмапалітызм i танны лібералізм».
Беларускія гісторыкі адраджэнскай пары В. Ластоўскі, У. Ігнатоўскі, А. Цвікевіч паказвалі Мураўёва выканаўцам імперскіх памкненняў ураду. У іхных працах уперйіыню зроблены акцэнт на антынацыянальнай, русіфікатарскай палітыцы Мураўёва i ягонай адміністрацыі на Беларусі.
У сучаснай гістарычнай навуцы Мураўёў разглядаецца як. праваднік царскай палітыкі рэпрэсіяў i гвалту, «душыцель вызваленчага руху беларускага, польскага i літоўскага народаў». Некаторыя аспекты дзейнасці віленскага генерал-губернатара ў сферы культуры разглядаюцца ў працах М. Н. Улашчыка, М. Я. Цікоцкага, М. В. Біча, I. К. Цішчанкі.

Абставіны жыцця М. М. Мураўёва склаліся так, што ягоная кар'ера дзяржаўнага дзеяча ў асноўным звязана з Паўночна-Заходнім краем.

У 1811 г., калі Расія пачала рыхтавацца да вайны з Напалеонам, пятнаццацігадовы Мураўёў кідае Маскоўскі ўніверсітэт i наступав на ваенную службу. У хуткім часе ён першы раз наведвае Вільню як прыкамандзіраваны да штаба Заходняй арміі. Пасля заканчэння напалеонаўскай кампаніі малады афіцэр, паранены пры Барадзіно, атрымлівае павышэнні па службе. У гэты час, верагодна, Мураўёў удзельнічае ў тайных таварыствах. У 1816 г. ягоныя браты Аляксандр i Мікалай разам з Трубяцкім, Даўгарукавым, братамі Мураўёвымі-Апосталамі засноўваюць «Союз спасения», перайменаваны ў 1818 г. у «Союз благоденствйя». Відавочна, роля ў ix самога Мураўёва была не вельмі вялікая, хоць гісторыкі i згадваюць пра ягоны ўдзел у складанні статута «Зялёнай кнігі». Прадчуванне небяспекі было прычынай таго, што Мураўёў у 22 гады пачынае прасіцца ў адстаўку.

Падчас следства над дзекабрыстамі Мураўёў быў арыштаваны, але здолеў апраўдацца i зноў быў прызначаны на вайсковую службу, праўда, без «назначения в какой-либо должности».

Медаль, прысвечаны ліквідацыі уніяцкай царквы на Беларусі.

Гэта быў шанц палітычнай рэабілітацыі, i Мураўёў выкарыстоўвае яго. У 1827 г. ён дасылае на імя гасудара-імператара запіску пра паляпшэнне судовых i адміністрацыйных установаў i вынішчэнне ў ix хабарніцтва. Сярод прызнанняў у вернападданасці Мураўёў дэманструе свой практычны розум i спеласць поглядаў. Запіска была наложным чынам ацэненая, i 12 чэрвеня 1827 г. Мураўёў прызначаецца віцэ-губернатарам у Віцебск.

У гэты ж час на палітычную арэну Паўночна-Заходняга краю выходзіць яшчэ адзін чалавек, у будучыні саюзнік i паплечнік Мураўёва - Іосіф Сямашка. Менавіта ён забяспечваў ідэалагічную апрацоўку насельніцтва земляў Беларусі i Літвы, спрытна выкарыстоўваючы лозунг аднаўлення праваслаўнай веры. Малады уніяцкі прэлат, выхаванец багаслоўскага факультэта Віленскага ўніверсітэта, Сямашка вырашае прысвяціць жыццё справе далучэння вуніі да праваслаўя. «Неаглядная Расія, звязаная адной верай, адной мовай, - прызнаваўся ён, - зрабілася для мяне вялікай Айчынай, служыць якой я лічыў для сябе святым абавязкам, - вось сіла, што пасунула мяне на далучэнне уніятаў, адрынутых ад рускага праваслаўнага дрэва» [1]. Служыць Расіі азначала для Сямашкі служыць праваслаўю, таму што палітыка i рэлігія надзвычай цесна перапляліся ў гэтым краі, i барацьба за палітычнае панаванне была неад'емная ад вырашэння уніяцкага пытання.

Сваю барацьбу за праваслаўе I. Сямашка пачынае ў 1827 г. Ен звяртаецца з запіскай на імя міністра асветы, дзе выкладае сацыяльныя, эканамічныя i палітычныя патрэбы аб'яднання вуніі з праваслаўем. У 1830 г. дасылае надобную запіску Мікалаю I. Дзяржаўная палітыка ў гэты час фармуецца над лозунгам «праваслаўя, самадзяржаўя i народнасці», што на далучаных тэрыторыях Расейскай імперыі азначала няспыннае змаганне з любымі праявамі сепаратызму.

У гэткім жа сэнсе разумеў сваю задачу i Мураўёў. У 1830 г. ён дакладае імператару свае погляды на сітуацыю ў краі з вышыні губернатарскай пасады Мураўёў бачыць неабходнасць скасавання Літоўскага статута, увядзення рускай мовы ў справаводства i кіраванне. На думку Мураўёва, неабходна рэарганізаваць навучальныя ўстановы i цалкам выдаліць лацінскае духавенства з сістэмы выхавання.

Падчас паўстання 1830-1831 гг. Мураўёў служыць пры штабе арміі, бярэ ўдзел у разгроме некаторых паўстанцкіх атрадаў, а таксама вядзе следства аб палітычных злачынцах. Тады ж ён прыходзіць да высновы аб неабходнасці закрыцця Віленскага ўніверсітэта як «рассадніка мяцяжу».

Сапраўды, вышэйшая навучальная ўстанова краю была апірышчам паланізму. Увесь кірунак выкладання меў польскую нацыянальную афарбоўку. Аднак універсітэт стаўся буйнейшым навуковым цэнтрам. У ім працавалі I. Лялевель, I. Даніловіч, М. Баброўскі, I. Лабойка, браты Снядэцкія. Бдбліятэка ўніверсітэта налічвала звыш 51 тысячы тамоў. Закрыццё ўніверсітэта ў 1832 г. балюча адбілася на палітычнай i культурнай сітуацыі ў Беларусі i Літве. Была расфармаваная i ўніверсітэцкая бібліятэка. Віленскай навучальнай акрузе засталася адна пятая частка кнігазбору, асноўныя фонды былі перададзеныя ў Кіеўскі i Харкаўскі ўніверсітэты i ў Пецярбург - у Публічную бібліятэку i Археалагічную камісію [2].

У 1834 г. Мураўёў, як начальнік Гродзенскай губерні, афіцыйна падтрымлівае захады біскупа Літоўскага Сямашкі аб далучэнні вуніі да праваслаўя. I ў неафіцыйным парадку спрабуе ўплываць на пэўных асобаў у Пецярбургу, каб найхутчэй падпарадкаваць уніятаў Сіноду. Сам Сямашка не пераходзіў у праваслаўе, бо тады б ён страціў права кіраваць сваёй епархіяй.

Па сцвярджэнні біёграфа, Сямашка быў прыхільнікам негвалтоўнага паступовага аб'яднання шляхам пераканання святароў, пераабсталявання уніяцкіх цэркваў на праваслаўны лад. Але працэс гэты ішоў балюча i не абыходзіўся без ахвяраў. На імя цара з боку уніяцкіх святароў i вернікаў неаднаразова падаваліся прашэнні аб захаванні вуніі. Самае буйное было падпісана ў 1838 г. ста адзінаццаццю святарамі Дрысенскага павету. За гэта завадатары сходу былі высланыя Сямашкам у вялікарускія губерні. Аднак незадавальненне не сціхала. Тады біскуп Іосіф пры падтрымцы Мураўёва, на той час губернатара ў Курску, засноўвае там «временную обитель» дзеля ўвязнення духоўных асобаў, знаходжанне якіх у заходніх губернях лічыў непажаданым. У арганізацыі «временной обители» адчуваецца рука жорсткага адміністратара Мураўёва. Сасланыя ўтрымліваліся за кошт уніяцкага духавенства, праваслаўныя святары мелі пільны нагляд за небяспечнымі калегамі i абавязаныя былі кожныя два месяцы дакладаць аб ix настроях i паводзінах.

Незадавальненне ў асяроддзі святароў, якое не сціхала i ў пачатку 1838 г., пераконвала Іосіфа як мага хутчэй скончыць з уніяцкім пытаннем. 12 лютага 1839 г. была прынятая саборная пастанова аб аб'яднанні уніятаў з праваслаўнай царквой, а Іосіф Сямашка быў узведзены ў сан архібіскупа. Ацэньваючы ягоныя заслугі, Мураўёў адзначыў, што Іосіф першым даў грунт моцнай уладзе Расіі на заходніх ускраінах.

Мураўёў нядоўга затрымаўся ў Курску, пакінуўшы там след жорсткім «взысканием недоимок» з сялянаў. З 1839 па 1842 год ён служыў дырэктарам дэпартаменту падаткаў. Спробы афіцыйных гісторыкаў паказаць Мураўёва з-за шэрагу ягоных указаў, выдадзеных у час паўстання 1863- 1864 гг., вызваліцелем сялянаў з'яўляюцца няслушнымі. Як дзяржаўны дзеяч, Мураўёў ніколі не вызначаўся лібералізмам; наадварот, ён быў адным з буйнейшых прадстаўнікоў партыі прыгоннікаў. На пасадзе міністра дзяржаўных маёмасцяў (1858-1862 гг.) Мураўёў удзельнічаў у Камітэце па ўладкаванні сялянаў i прадэманстраваў негатыўныя адносіны да ix вызвалення. У сувязі з гэтым ён апынуўся ў меншасці i быў вымушаны падаць у адстаўку.

На пачатку 1863 г. паўстанне ўжо ахапіла захад імперыі i пагражала яе цэласнасці. У губернскіх гарадах дзейнічалі вайсковыя рэвалюцыйныя трыбуналы. У павятовых гарадах сітуацыю кантралявалі акружныя i парафіяльныя рэвалюцыйныя начальнікі. Усе паўстанцкія структуры займаліся стварэннем атрадаў i рэгулярнага войска, збіралі ахвяраванні i набывалі зброю. Цывільнае насельніцтва, ахопленае рэлігійна-патрыятычным духам, усяляк дэманстравала падтрымку паўстанцам. Каталіцкія святары ўзбуджалі рэвалюцыйныя настроі сваіх парафіянаў, у касцёлах служылі набажэнствы па забітых, спявалі патрыятычныя гімны.

У праваслаўных цэрквах нават распаўсюджваліся адозвы да народу, «друкаваныя польскімі літарамі на беларускай гаворцы». Сярод ix былі «Мужыцкая праўда», «Гутарка старога дзеда», «Гутарка двух суседаў», «Зварот да праваслаўнага духавенства».

У такой трывожнай сітуацыі ўспомнілі 67-гадовага мікалаеўскага служаку Мураўёва. Сам. гасудар прапанаваў яму пасаду галоўнага начальніка Паўночна-Заходняга краю. Hа гэта расчулены Мураўёў сказаў; «Кожны рускі абавязаны ахвяраваць сабою ў імя Айчыны».

15 мая 1863 г. Мураўёў уступае на пасаду Віленскага генерал-губернатара з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. «Паўсюль, - пісаў ён, - кіпела паўстанне, да нас, да рускай улады, ставіліся з нянавісцю i пагардай, над загадамі генерал-губернатара смяяліся, i ніхто ix не выконваў [3].

Сапраўды, адміністрацыя не мела падтрымкі ў масах. У асяроддзі шляхты панавалі ідэі аднаўлення Рэчы Паспалітай. Чыноўнікі, у асноўным палякі ці паланіааваныя беларусы, не жадалі праводзіць палітыку ўраду i ў некатЬрых выпадках сабатавалі распараджэнні. Сяляне ў пераважнай бальшыні чакалі «царскай волі». Маніфест 19 лютага 1863 г. не задаволіў ix i выклікаў шэраг выступленняў, што пагражала вялікай небяспекай.

У такіх умовах новая адміністрацыя мусіла не толькі падавіць паўстанне, але i ўмацаваць у краі «истинно русские начала» - «праваслаўе, самадзяржаўе i народнасць». Пад кіраўніцтвам М. Мураўёва пачалося жорсткае татальнае падаўленне мяцежнага краю. Аб памерах можна меркаваць па тых сілах, што былі накіраваныя сюды царскім урадам. На жнівень 1863 г. у ваенных дзеяннях бралі ўдзел больш за 123 тысячы ніжэйшых чыноў, 122 адзінкі цяжкай зброі, звыш 50 казацкіх сотняў [4].

Рэпрэсіі пачаліся з ксяндзоў, як «галоўных дзеячоў мяцяжу». На працягу тыдня за чытанне ў касцёле Маніфеста нацыянальнага ўрада i заклік да паўстання былі расстраляныя два ксяндзы - Ішора i Зямацкі. «Палякі не верылі,- пісаў Мураўёў,- што я рашуся на гэта, але, калі ўбачылі гэта на справе, а не на словах, усіх ix апанаваў жах. Ляманту i крыку шмат было ў горадзе i многія выязджалі з яго».

Створаная Віленская следчая камісія на чале з жандарскім афіцэрам А. М. Лосевым начала рэгулярна прадстаўляць Мураўёву матэрыялы аб палітычных злачынцах. Арэнай карных акцыяў зрабілася Вільня. «Бедных гараджан рана будзілі барабаны i звон зброі войска, што вяло асуджаных на месца пакарання (Лукішкі). Удзень ix непакоіў безупынны рух паліцыі, жандармерыі, агентаў альбо выгляд таго, як вывозілі, выводзілі i выганялі ў Сібір. Увечары ніхто спакойна не мог перайсці вуліцу без ліхтара, калекі не мелі права падпірацца кіем, калі на нашэнне яго ў ix не было білету. Уначы нястомна некага шукалі ці забіралі [5].

24 мая 1863 года была складзеная падрабязная інструкцыя ваеннага кіравання краем i разасланая гіаўсюль «к точному и непременному исполнению».

Аб колькасці асобаў, што падпалі над розныя пакаранні за ўдзел у паўстанні, мы можам меркаваць з даных афіцыйнай статыстыкі. Ведамасць, складзеная ў канцылярыі Часовага палявога аўдытарыяту, паведамляе, што ад пачатку паўстання да 1 студзеня 1865 г. пакарана смерцю 128 чалавек, з ix 7 ксяндзоў i 68 асобаў прывілеяванага саслоўя. Звыш 21 тысячы чалавек саслана на катаргу i пасяленне ў Заўралле, Пячорскі i Омскі край. Сярод ix былі сасланыя проста без суда i следства паводле загаду Мураўёва, а таксама сасланыя адміністрацыйным парадкам, калі суд не меў юрыдычных доказаў віны, але «имелись данные относительно содействия мятежу». Найбольш небяспечным мяцежнікам не дазвалялася на працягу пятнаццаці гадоў вяртанне дамоў. Маёмасць сасланых канфіскоўвалася ці падлягала секвестру.

Некаторыя з прынятых мераў сам Мураўёў называў «выходящими из обыкновенного paзpядa». Так, апошнім сродкам было «знішчыць дашчэнту панскія маёнткі i шляхецкія ваколіцы, у якіх адбыліся мяцежныя злачынствы i дзейнічалі жандары-вешальнікі. Тыя ж пасяленні, што найбольш удзельнічалі ў мяцяжы, правёўшы даследаванне, перасяляць у сібірскія губерні. Тых асобаў, што складалі разбойніцкія шайкі, судзіць на месцы ваенным судом i тут жа расстрэльваць».

З земляў Беларусі, Літвы i Польшчы цэлымі вёскамі саслалі больш за 5 тысячаў чалавек, Замяніць ix віленскі генерал-губернатар планаваў пасяленнямі стараабрадцаў, калонідмі адстаўных салдатаў, якія, на ягоную думку, лепш за іншых захоўваюць «рускую народнасць».

Усе маёнткі былі абкладзеныя 10-працэнтным зборам з прыбытку, аднак для асобаў нямецкага паходжання гэты збор быў паніжаны да 3 працэнтаў, а для рускіх - да 1,5 працэнта [6]. Сістэма кантрыбуцыяў, штрафаў i падаткаў была заведзеная такім чынам, што насельніцтва краю само аплачвала «замірэнне». З каталіцкага духавенства, прыкладам, збіраліся грошы на высылку духоўных асобаў, а шляхта ўтрымлівала сваім коштам вясковую ўзброеную варту. Буйныя штрафы накладваліся за ўжыванне польскай мовы, дэманстрацыю жалобы ды інш.

Асобныя прадстаўнікі шляхты, бачачы паразу, паспяшаліся перайсці на бок расейскага ўраду. З жніўня 1863 г. «Виленский вестник» надрукаваў вернападданніцкі зварот дваранства да цара, падпісаны ад імя двухсот трыццаці пяці чалавек віленскім маршалкам А. Дамейкам. Далей збор подпісаў пашыраецца, i ў кастрычніку Мураўёў даносіў міністру ўнутраных спраў П. Валуеву, што ўжо 3899 прадстаўнікоў шляхты гатовыя даверыць свой лёс міласэрнасці манарха.

Напрыканцы 1863 г. узброенае паўстанне можна было лічыць пераможаным. Аднак падставаў дзеля заспакаення начальнік краю не меў. «У хуткім часе я пераканаўся,- пісаў Мураўёў,- што адной зброяй мы не здолеем перамагчы паўстанне, таму што ўвесь край быў атручаны мяцежным духам, які падтрымлівалі ксяндзы i шляхта». Мураўёў распачынае шэраг дзеянняў сацыяльна-культурнага характару, якія, па сутнасці, былі ёмістай праграмай русіфікацыі краю. Маючы вопыт службы ў заходніх губернях, Мураўёў у якасці асноўных мерапрыемстваў вылучыў умацаванне праваслаўнага духавенства, а праз яго i праваслаўя наогул, прымусовае ўкараненне расейскай школы, усталяванне расейскага землеўладання i чыноўніцтва.

Не ўсё з запланаванага ўдалося здзейсніць у жаданай ступені, бо непрымірымасць Мураўёва ў барацьбе з «развратным и буйным сословием шляхты» ў хуткім часе пачала непакоіць двор Аляксандра II, Пецярбургскую партыю буйных польскіх землеўладальнікаў. Замахі на землеўладанне ў рэшце рэшт каштавалі Мураўёву пасады. Нягледзячы на загад Сената ад 3 красавіка 1864 г. аб продажу канфіскаваных маёнткаў выключна расейцам i льготныя ўмовы пры перадачы, шляхта страчвала свае пазіцыі вельмі павольна.

Няўдалымі аказаліся праекты Мураўёва аб стварэнні ў Вільні рускага ўніверсітэта i праваслаўнай духоўнай акадэміі. Вышэйшая школа была важным аргументам у спрэчцы польскага i рускага бакоў, i чыноўнікі добра разумелі гэта. Аднак рускае асяроддзе краю было малаколькасным i настойлівасці ў гэтым пытанні не праяўляла. Ці з-за перашкодаў прапольскай групоўкі у Пецярбурзе, ці з-за практычнай цяжкасці задуманых акцыяў Мураўёў сам адмовіўся ад ix. Аднак тое, што ўдалося здзейсніць Мураўёву, па сваіх маштабах i значэнні нашмат перавышае няўдалыя праекты. «Мноства i разнастайнасць мераў, вельмі разумна задуманых, шпаркасць, настойлівасць i прадбачлівасць у выкананні ix, - пісаў у лісце да Мураўёва Іосіф Сямашка,- усё гэта ваша справа, i ніхто не можа аспрэчваць у вас імя ўціхамірніка тутэйшага краю.»

Сямашка яшчэ ў 1859 г. звяртаўся з запіскай на імя Аляксандра II, дзе гаварыў аб сродках змагання з паланізацыяй у краі. Але, бачачы палітыку ўступак, ён скарыўся, стаў «безмолвным свидетелем поощрения иноверия и инородия». Цяпер жа ў яго былі ўсе падставы праслаўляць дзейнасць віленскага генерал-губернатара, бо менавіта пры Мураўёву праваслаўе атрымала ў краі статус дзяржаўнай рэлігіі.

Пачалося царкоўнае будаўніцтва ў прамым сэнсе гэтага слова. Было ўзведзена 98 цэркваў i 63 капліцы, перабудавана для праваслаўя 19 касцёлаў i капліц [7]. Сярод 126 адноўленых цэркваў - мінскі катэдральны сабор, Прачысценскі сабор у Вільні, Сафійскі сабор i інш. На гэта ішлі вялікія сумы з 10-працэнтнага збору з маёнткаў. Толькі Літоўскай епархіі, якую ўзначальваў мітрапаліт Сямашка, у 1863 г. было выдаткавана 100 000 рублёў на паляпшэнне быту святароў. Утрыманне гарадскога святара павялічылася да 400 рублёў, вясковага - да 300 рублёў на год. Сямашка пачаў актыўна здзяйсняць распараджэнні Мураўёва: арганізоўвае царкоўныя саветы, прыходскія папячыцельствы, удзельнічае ў аднаўленні некалі існаваўшых праваслаўных брацтваў.

Сярод тых, хто прыехаў ладзіць «рускую справу» ў заходніх губернях, было нямала святароў. Яны заўважаюць «недахоп праваслаўя» між духавенства i вернікаў. Недакладнасці ў багаслужбе, мясцовыя звычаі, словы, сказаныя па-беларуску, - усё гэта выклікала папрокі i асуджэнне з боку «истинно русских» людзей. Мітрапаліт Сямашка загадаў канфіскоўваць i знішчаць каталіцкія малітоўнікі, пашыраныя ў асяроддзі народа. Адзін ваўкавыскі святар спаліў 178 малітоўнікаў, а ў смаргонскім прыходзе ў 1863 г. знішчылі 305 экземпляраў.

Было заўважана, што далучаныя да праваслаўя вуніяты не носяць нацельных крыжыкаў. Мітрапаліт Сямашка загадаў набыць 25 тысячаў крыжыкаў i абавязаў паству насіць ix. На гэтую «патрэбу» адгукнулася расійскае грамадства i даслала ў Паўночна-Заходні край дзесяткі тысячаў нацельных крыжыкаў.

Разам з усталяваннем праваслаўя Мураўёў нямала зрабіў, каб абмежаваць уплыў каталіцкага духавенства. Ксяндзам строга забаранялася выязджаць за межы сваіх прыходаў без дазволу адміністрацыі. Прызначэнне новых ксяндзоў адбывалася не інакш як са згоды губернатара. Не дазвалялася аднаўленне старых касцёлаў i заснаванне новых, калі гэта не адпавядала «норме закона» i «інтарэсам праваслаўя». Зямельныя надзелы каталіцкага духавенства былі перагледжаныя на карысць праваслаўнага.

Вынікам усіх гэтых мерапрыемстваў стаў зварот на пачатку 1864 г. духоўных асобаў Віленскай рыма-каталіцкай епархіі да законных уладаў з выяўленнем раскаяния.

Усталяванне рускага чыноўніцтва на ўсіх пасадах, ад вышэйшых урадавых да самых дробных, што мелі дачыненні непасрэдна з народам, было справай нялёгкай. Пераезд у край, дзе толькі што палала ўзброенае паўстанне, не быў спакуслівай перспектывай для чыноўнікаў. I Мураўёў матэрыяльна заахвочвае ix большымі, чым у велікарускіх губернях, наданнямі, пад'ёмнымі, узнагародамі. «Наплыўшы з глыбіні Расіі адно ў мэтах напхаць сабе кішэні... уся гэтая арда чыноўнікаў, паліцэйскіх, пасярэ'днікаў, настаўнікаў унесла ў край надзвычайны маральны распад, збэсціла i спрастытуявала грамадскае жыццё ў самых асновах.» [8].

Пра важнасць народнай асветы як сродку ўмацавання «русских начал» Мураўёў заявіў у першы месяц свайго кіравання. Змены ў асвеце пачаліся, зразумела, з рэпрэсіяў. Найбольш рэвалюцыйныя гімназіі, прыкладам Свіслацкая, адразу спынілі сваю дзейнасць. Летам 1863 г, папячыцель Віленскай вучэбнай акругі І. П. Карнілаў хадайнічае перад міністрам аб дадатковым закрыцці шэрагу гімназіяў з прычыны іхнай аддаленасці ад адміністрацыйнага нагляду. Мураўёў адобрыў ініцыятыву - i Наваградская, Маладзечанская, Беластоцкая, Цяльшанская i некаторыя іншыя гімназіі былі зачыненыя. «Яны каштуюць ураду многа, а ствараюць толькі ворагаў Расіі», - пісаў ён.

Гімназіі засталіся толькі ў губернскіх гарадах, аднак i яны знаходзіліся пад жорсткім кантролем. Склад выкладчыкаў дапоўнілі наглядчыкамі. Гаспадароў вучнёўскіх кватэраў пад пагрозай штрафу абавязвалі паведамляць аб усіх падазроных учынках сваіх кватарантаў. Спісы звольненых на канікулы вучняў перадаваліся ў паліцыю з мэтай нагляду.

Было спынена, а з 7 ліпеня 1864 года канчаткова забаронена выкладанне польскай мовы ва ўсіх дзяржаўных i прыватных навучальных установах. Забараніўшы продаж польскіх кніг, Мураўёў адначасова нанёс цяжкі ўдар беларускаму i літоўскаму друку; у той час уся прадукцыя на беларускай i літоўскай мовах друкавалася лацінкай, таму гэтыя кнігі прымалі за польскія.

Народная адукацыя ў Паўночна-Заходнім краі пры папярэдніках Мураўёва была пастаўлена слаба. Арганізацыя шырокай сеткі народных школаў належыць менавіта яму i I. П. Карнілаву, адзінадумцу i паплечніку Мураўёва па «рускай справе». «Народныя школы, - пісаў Карнілаў, - маюць тут вялікае значэнне як праваднікі, як аднаўляльнікі праваслаўя i разам з тым народнай свядомасці i мовы».

Справа ў тым, што, прыйшоўшы на «исконно русские земли», русіфікатары заўважылі, што карэннага рускага насельніцтва тут няма, щто народ «совращённый» i «искажённый». Таму школа, якой яе бачыў Мураўёў, павінна была развіваць рускую свядомасць i прыхільнасць да Расіі, знаходзіцца ў руках толькі праваслаўнага духавенства. Найбольш натуральным i мэтазгодным для краю ён прызнаваў тып царкоўнапрыходскай школы, арганізаванай у выглядзе аднакласных i двукласных вучэльняў. Меліся выкладацца ў народнай школе руская i славянская пісьменнасць, азы лічэння, малітвы, пачатковыя догматы праваслаўнае веры, спевы на клірасе. У канцы 1863 года дзеля гэтага было выдаткавана 25 тысячаў рублёў з 10-працэнтнага збору з маёнткаў i заснавана 235 школаў, многія з якіх замянілі падрыхтоўчыя класы пры гімназіях. Увогуле за чатыры гады кіравання вучэбнай акругай І. П. Карнілавым колькасць царкоунапрыходскіх школау павялічылася да 1500.

Выданне часопіса ў беларускай мове «Друг народа», якое планаваў Шырынскі-Шыхматаў, папярэднік Карнілава, не ажыццявілася. Спачатку Мураўёў згаджаўся на народны часопіс у рускай мове, але потым i гэты праект палічылі немэтазгодным з пазіцыяў дзяржаўнай бяспекі. Вельмі непакоіў Мураўёва i Карнілава кантынгент настаўнікаў у краі. У лісце да Каткова папячыцель вучэбнай акругі паведамляў, што на сакавік 1864 г. у гімназіях i прагімназіях на 240 настаўнікаў толькі 80 рускіх. Такі ж працэнт ix i ў павятовых вучылішчах. Усе жаночыя навучальныя ўстановы наогул трымаюцца полькамі [9]. Толькі поўнае выцясненне настаўнікаў тутэйшага паходжання i замена ix «истинно русскими» людзьмі, на думку адміністрацыі, можа дапамагчы рускай справе.

У выніку настойлівага хадайніцтва Мураўёва ў маі 1864 года з'явіўся царскі загад аб замене, польскіх настаўнікаў на рускіх. Заняцце вакансіяў у Паўночна-Заходнім краі стымулявалася 50-працэнтнай надбаўкай, падвойнымі прагонамі, дадатковым паўгадавым акладам. Ужо летам 1864 года на 80 вольных месцаў было пададзена 360 прашэнняў рускіх настаўнікаў.

Не маглі застацца па-за палітыкай перыядычныя выданні. Урадавую пазіцыю падтрымлівалі «Литовские епархиальные ведомости» - орган ведамства мітрапаліта Сямашкі. З 1864 года пачалі выходзіць «Виленский полицейский листок», дзе змяшчаліся афіцыйныя распараджэнні, i «Виленские губернские ведомости», у якіх Мураўёў спецыяльным цыркулярам загадаў друкаваць артыкулы пра рускую народнасць у краі. У 1864 годзе Ў Вільню з Кіева перабіраецца «Вестник Западной России» Гаворскага - паслядоўны праваднік палітыкі Мураўёва.

На пачатку 1864 г. зведала ціск газета «Виленский вестник». Ейнаму рэдактару А. Кіркору праз губернатара Вільні Панюціна паведамілі, што начальнік краю хоча зменаў у газеце: яка мусіць распаўсюджваць цвярозыя ідэі ўціхамірвання краю, вызваляць насельніцтва ад утапічных мараў.

А. Кіркор, ратуючы сваё выданне, даў згоду на новы курс пры ўмове ўрадавых субсідыяў. Мураўёў не замарудзіў з дапамогай - 4 тысячы рублёў з 10-працэнтнага збору былі датаваныя «Вйленскому вестнику» адразу. Акрамя таго, усе губернскія i павятовыя ўстановы абавязваліся падпісацца на газету.

3 сакавіка 1864 г. пачынае выходзіць «Виленский вестник» рускай рэдакцыі. Аднак новае аблічча газеты - загады мураўёўскай адміністрацыі, выступленні дзеячоў праваслаўнае царквы, «русская» гісторыя краю - адхіліла старых чытачоў, а новых не прыцягнула. Разам з перамогай над «Виленским вестником» - колішняй трыбунай незалежніцкіх антыўрадавых ідэяў, Мураўёў плануе знішчыць буйны цэнтр беларускай, польскай i літоўскай культуры - Музей старажытнасцяў. Таксама ў планах значылася ўтварэнне археалагічнай камісіі, якая б працавала ў прарускім духу, а таксама Публічнай бібліятэкі адпаведнага накірунку.

Аднак мураўёўская палітыка тэрору i гвалту кідала нядобры цень на пецярбургскі ўрад, двор, цара. «Маўр выканаў сваю справу» - патрабавалася адсунуць яго ад улады, даючы належнае лібералізму. Мураўёў i сам адчуваў змену палітычнага клімату. У просьбе аб звальненні, пададзенай цару ў красавіку 1865 г., адной з прычынаў ён называе абвастрэнне дачыненняў з міністрам унутраных справаў Валуевым. Імператар прыняў адстаўку, i 1 мая 1865 г. Мураўёў пакінуў пасаду генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю. «Верны слуга Айчыны» быў ушанаваны графскім тытулам i прыдомкам «Віленскі».

Праз год Мураўёў прызначаецца старшынёй вярхоўнай камісіі па справе Каракозава. Але, не дажыўшы некалькі дзён да пакарання рэвалюцыянера, 31 жніўня 1866 года граф М. М. Мураўёў-Віленскі памёр.

Шмат якія вядомыя дзеячы культуры ўхвалялі дзейнасць віленскага губернатара. У свой час узнёслыя паэтычныя радкі Мураўёву прысвяцілі П, Вяземскі, Ф. Цютчаў. Нават дэмакрат М. Някрасаў падчас урачыстага абеду ў ангельскім клубе ўшанаваў яго наступным панегірыкам:

Бокал заздравный поднимая,
Еще раз выпить нам пора
Здоровье миротворца края...
Так много ж лет ему... Ура!
Пускай клеймят тебя позором
Надменный Запад и враги;
Ты мощен Руси приговором,
Ея ты славу береги!
Мятеж прошел, крамола ляжет,
В Литве и Жмуди мир взойдет;
Тогда и самый враг твой скажет:
Велик твой подвиг... и вздохнет.
Вздохнет, что, ставши сумасбродом.
Забыв присягу, свой позор.
Затеял с доблестным народом
Поднять давно решенный спор.
Нет, не помогут им усилья
Подземных их крамольных сил.
Зри! Над тобой, простерши крылья.
Парит Архангел Михаил!

Зусім іншы вобраз прапанаваў чытацкай аўдыторыі i ўсёй сумленнай Pacіі Аляксандр Герцан. На смерць Мураўёва ён адгукнуўся наступнымі словамі: «У вясковай глушы цёмнай ноччу без сведкаў, без словаў пакаяння, без блізкіх i папоў, без слёз i дапамогі, задыхнуўся, адваліўшыся ад грудзей Расіі, вампір. Якія вобразы палохалі ягоную нямую агонію... ці не з'яўляўся яму шыхт маладых герояў з вяроўкай на шыі?»

Па боскаму закону справядлівасці, Мураўёў увайшоў у гісторыю з мянушкай «Вешальнік». Аднак поспехі шавіністычнай расійскай палітыкі, распачатай пад ягоным кіраўніцтвам, абярнуліся вялікімі культурнымі стратамі для народаў Беларусі i Літвы.



[1] Г. Я. Киприанович. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита Литовского и Виленского и воссоединение западнорусских униатов с православной церковью в 1839 г. Вильно, 1897, стар. 216.

[2] А. Шлюбскі. Матэр'ялы да крыўскае гісторапісі. Доля кнігасховаў i архіваў. «Спадчына», 1992, № 4, стар. 18.

[3] М. Н. Муравьев. Записки о мятеже в Северо-Западном крае. 1863 г. «Русская старина», 1881, стар. 399.

[4] Восстание в Литве и Белоруссии 1863 -1864 гг. Мн., 1965, стар. 13.

[5] А. Wazynski. Litwa pad względem prześladowania w niej rzymsko-katolickiego kościoła, Poznań, 1872, стар. 6.

[6] Энциклопедический словарь. Т. XX. СПб., 1897, стар. 191.

[7] А. Миловидов. Церковно-строительное дело в Северо-Западном крае при гр. М. Н. Муравьёве. Вильно, 1913, стар. 21.

[8] А. Цьвікевіч. Западно-руссизм. Мн., 1993, стар. 66.

[9] И. П. Корнилов. Русское дело в Северо-Западном крае. СПб., 1908, стар. 69.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX