Пераклад Станіслава Судніка
Копію гэтай невялічкай кніжачкі на польскай мове M. Lysek. Powstanie katorzan даслаў у рэдакцыю Ўладзімір Цярохін. Арыгінал ён перадаў у Нацыянальную бібліятэку. Мы друкуем пераклад. Аўтар пісаў кнігу для палякаў, але беларусы могуць знайсці тут шмат цікавага, прынамсі прозвішчы на палову беларускія.Прыйшлі выгнанцы на сібірскую зямлю і, выбраўшы шырокае месца, збудавалі драўляны дом, каб жыць разам у згодзе і братняй любові.
Ю. Славацкі, "Anhelli".
Невядомая старонка з гісторыі барацьбы за свабоду
Рамуальд Траўгут... 5 жніўня 1864...
Хто з нас не ведае гісторыі - страты пяці нацыянальных герояў на валах Варшавы? Хто з варшавян не браў некалі ўдзелу, або нават і цяпер бярэ ўдзел у тых прыгожых урачыстых маніфестацыях сталіцы да месца страты пакутнікаў Студзеньскага паўстання.
Паэты пра іх вершы пісалі, пісьменнікі - аповесці. Дзеці вучаць пра тое ў школе. Народ увекавечыў герояў у песнях.
Але хто з нас ведае, што праз два гады пасля страты Траўгута, на другім канцы свету, у далёкай і марознай Сібіры зноў страцілі 4 палякаў-удзельнікаў Студзеньскага паўстання, страцілі за барацьбу за свабоду, за збройнае паўстанне польскіх ссыльных супраць царскага прыгнёту?
Ніхто ў Польшчы не ведае прозвішчаў тых чатырох герояў. Але ж яны гінулі за тую самую справу, але ж уміралі з тым самым воклічам на вуснах:
- Яшчэ Польшча не загінула!
Мала або навогул нічога ў нас не ведаюць пра "Легіён вольных палякаў" у Сібіры, пра лёсы сібірскага паўстання 1866 года - апошняга ў шэрагу паўстанцкіх бітваў 19 стагоддзя.
Таму мы ўпэўнены, што чытач з зацікаўленасцю прачытае невымерла цікавую і павучальную яго гісторыю.
Можа не адзін скажа пасля прачытання гэтай гісторыі.
- Усё паўстанне было адным вялікім шаленствам. Бо загадзя можна было прадбачыць, як справа скончыцца!
Так палякі сталі да безнадзейнай барацьбы. Лёс іхні загадзя быў перадвызначаны.
- Дык што, трэба было адмовіцца?
Не, стократ - не!
Бо "шаленствам" было тады і паўстанне Студзеньскае і ўсе іншыя паўстанні, былі баявыя арганізацыі арганізацый рэвалюцыйных, была заўсёды і ёсць усялякая барацьба з тыранамі, з прыгнётам цемрашалаў.
Але ж нішто іншае, як менавіта тыя "шалёныя" бітвы ўзносяць чалавецтва з адхлані цемнаты і ўціску да вышынь свету Справядлівасці і Свабоды.
"Змаганне за свабоду ніколі не ёсць шаленствам", - сказаў адзін з правадыроў паўстання расейскаму палкоўніку, - хоць бы пацягнула за сабой хоць якія ахвяры. Пралітая кроў паглынецца радзімай зямлёй. З касцей замардаваных народзяцца мсціўцы.
Дарога да свабоды не выслана дыванамі. Церні раняць ступні тых, хто ідзе па ёй. Магільныя крыжы і шыбеніцы становяцца на ёй прыдарожнымі знакамі, яе кіламятровымі слупамі.
Палякі ў Сібіры
Гісторыя польскага ссыльніцтва сягае яшчэ ў часы Станіслава Аўгуста, калі падчас слаўнай Радамскай канфедэрацыі (1767-8) пасол Кацярыны ІІ Рапнін загадаў схапіць чатырох сенатараў Рэчы Паспалітай (Каятана Солтыка, біскупа Кракаўскага, Юзафа Залускага, біскупа Кіеўскага, Вацлава Ржавускага, гетмана польнага і яго сына Севярына, старасту Далінскага), якія супраціўляліся ўхваленню т.зв. "каардынальных правоў", што Кацярына хацела накінуць Польшчы. Вывезлі іх потым у Калугу над Акой. Гэты, небывалы ў гісторыі палітычны гвалт быў сведчаннем таго, якімі ўпэўненымі ў сабе былі ўжо ў той перыяд маскалі ў Польшчы, была прадэманстравана іх будучая акупацыйная палітыка.
У рэчаіснасці, неўзабаве пасля празы Барскай канфедэрацыі, а следам - паўстання Касцюшкаўскага, уся Сібір запоўнілася палітычнымі ссыльнымі з Польшчы.
Былі гэта, як правіла, выключна маладыя людзі. Рэдка можна было там спаткаць чалавека, якому было б за 30 гадоў, заміж таго на кожным кроку бачна было 16 - 17 гадовых хлопцаў, а не раз нават і малодшых.
Акрамя маладога веку яшчэ адна рыса яднала ўсіх польскіх паўстанцаў - небывала годнасць, геройская пастава, нязгінная воля, моцны характар. Але над усім пераважала пачуцце любові да Айчыны, якая тлела гарачым зарывам у сэрцы кожнага з маладых герояў.
Сапраўдная залева Сібіры палякамі пачынаецца якраз у 19-м стагоддзі. Спрычынілася да таго перш за ўсё Лістападаўскае паўстанне.
Пасля яго ўпадку ўсе сібірскія вязніцы, карныя калоніі, пункты пасялення запоўніліся паўстанцамі. Былі нават акругі, у якіх палякі складалі большасць еўрапейскага насельніцтва.
Таемнае таварыства катаржан
Ані весткі пра паразы ў краі, ані доўгія гады катаргі - нічога не магло зламаць бунтоўнага духу палякаў! Кожную масавую хвалю палітычных ссыльных з Польшчы суправаджалі непазбежныя спробы збройнага паўстання з мэтай вырвацца з катаргі і з ссылкі:
Чалавекам, які запачаткаваў збройную барацьбу ссыльных з расейскай уладай , быў ні хто іншы, як слынны Маўрыцы Бянёўскі, галоўны герой неўміручага твора Славацкага. Спачатку ён змагаўся ў шэрагах Барскай канфедэрацыі, злоўлены, быў высланы на Камчатку, дзе адразу пасля прыбыцця арганізаваў паўстанне. Невялікай групцы арыштантаў на чале з Бянёўскім удалося ўцячы з Нерчынскай катаргі.
Далейшы лёс Бянёўскага быў яшчэ больш багаты на прыгоды. Пасля доўгіх самотных вандровак па сушы і моры ён аказаўся нарэшце на афрыканскім востраве Мадагаскары.
Пасяліўшыся там, атрымаў сярод жыхароў такую папулярнасць, што тубыльцы абралі яго каралём. Як незалежны ўладар велізарнай выспы, праводзіў пазней Бянёўскі перамовы з найвялікшымі дзяржавамі свету. Не пабаяўся нават абвясцць вайну магутнай Францыі!...
Пасярод ссыльных 1830 г. паўстала вялікае, таемнае таварыства на чале з ксендзам Серацінскім і доктарам Шакальскім . Гэтае таварыства мела на мэце "вызналенне ўсіх няшчасных ад катаргі і прыцягненне да руху ўсіх пасяленцаў".
У 1836 годзе палякі на Аляксандраўскім бровары ў Іркуцкай губерні планавалі зборныя ўцёкі ўсіх палякаў, якія працавалі на фабрыках Усходняй Сібіры.
Нарэшце ў 1855 арганізавалі - зрэшты няўдалыя - уцёкі вязняў-палякаў з катаргі ў Акатуі. (Катарга тая стала праз 50 гадоў вядомай у цэлым свеце з нагоды ўцёкаў з яе правадыра расейскіх тэрырыстаў Гяршунева ў ... бочцы з капустай (Аг. "Універсум", №63).
16000 высланых за ўдзел у паўстанні 1863 года
Пасля вялікіх і геройскіх змаганняў затухла Студзеньскае паўстанне. І зноў зараіліся дарогі Сібіры польскімі ссыльнымі. Вялікімі партыямі па некалькі сот, а нават часамі па 1000 чалавек парамервалі яны бясконцыя сібірскія палі, прабіраліся цераз тундру і цягнуліся цераз тайгу.
Нярэдка падарожжа да месца прызначэння трывала год або болей. Пастоем і адпачынкам быў побыт у падарожнай вязніцы ці катарзе. Велізарны працэнт ссыльных наогул не дабіраўся да мэты: чорныя крыжы сярод белага бязмежжа пазначалі месцы, у якіх яны ўпалі ад знямогі.
Паводле афіцыйных звестак, агульнай колькасць палякаў, сасланых у Сібір за ўдзел у Студзеньскім паўстанні, перавышае аж 16800 чалавек!
Прыблізна палова з іх была выслана ў так зв. "Заходнюю Сібір", г.зн. у тую частку, якая знайходзілася бліжэй да Еўрапейскай Расіі. Былі гэта "адміністратыўныя" ссыльныя. Яны маглі яшчэ мець надзею, што ім удасца калі-небудзь вярнуцца на радзіму. Але другая палова, тыя, якіх саслалі ва Ўсходнюю Сібір, не магла ўжо нават пра тое марыць. Для іх найвышэйшай ласкай магло быць толькі вызваленне з катаргі і дазвол на пасяленне паблізу вязніцы. Пра вяртанне ў Польшчу мовы быць не магло.
Там, ва Ўсходняй Сібіры аказаліся найбольш дзейсныя элементы паўстання 1863 года. Менавіта там думка пра вызваленне з дапамогай збройнага бунту знайшла найжывейшы водгук.
Краснаярска-Канская змова
План агульнага паўстання палякаў-катаржан, раскіданых па розных месцах Сібіры, узнік у пачатку 1865 года ў краснаярскай вязніцы. Там сабралася ў той час значная партыя палякаў з Каралеўства.
Сярод іх былі такія, якія адыгралі ў паўстанні выбітную ролю. "Для многіх з іх", - як выразіўся адзін з вязняў, - "стаялі гатовыя шыбеніцы ва ўсіх гарадах Польшчы".
Што яны маглі страціць? Вырак ваенных судоў гаварыў: "Пажыццёвая катарга". Ці ж не лепей было паспрабаваць адваяваць сабе свабоду, чым гніць праз усё жыццё ў турэмных лёхах?
Найактыўнейшымі змоўшчыкамі былі Ляндоўскі, Сулімскі, Ратынскі, Шленкер, Шарамовіч, Рагалевіч, Цэлінскі і Арцімовіч .
Жандармы - штылетнікі
Мусім тут пазнаёміць нашых чытачаоў з адной, мала вядомай старонкай Студзеньскага паўстання.
Калі ў 1863 годзе побач з расейскай уладай пачаў дзейнічаць таемны Часовы нацыянальны ўрад, адной з першых яго спраў была арганізацыя ўласнай паліцыі. Вядома, што тая дабраахвотная патрыятычная паліцыя выдатна выконвала свае функцыі.
Сярод гэтая таемнай паліцыі асаблівай увагі заслугоўвае група жандармаў - штылетнікаў. Быў гэта адборны аддзел, прызначаны для выканання выракаў смерці. Задачай яго было караць найбольш жорсткіх праціўнікаў і ачышчаць поле барацьбы ад здраднікаў і шпіёнаў. Арганізацыя гэтая ўзнікла яшчэ перад 1863 годам, а асабліва актыўную дзейнасць прадэманстравала падчас Студзеньсскага паўстання.
Пра спосабы працы жандармаў - штылетнікаў мы можам даведацца з наступнага паліцэйскага рапарту.
"З варшаўскіх паліцыянтаў з найбольшай удачай ад іншых працаваў Фэлькнер, які ў пачатку 1862 года выкрыў таемную друкарню, а пасля вяртання Гілера і Падлеўскага (членаў нацыянальнага Камітэта) з Лондана перахапіў пакет адозваў Герцана. (Герцан знакаміты расейскі рэвалюцыянер, выдаваў за мяжой сацыялістычную літаратуру, якая пазней перапраўлялася ў Расію. Асабліва вялікай папулярнасцю карысталася яго выданне "Колокол" ("Звон") .)
Рэвалюцыйная арганізацыя пастанавіла ў згодзе з Трыбуналам ліквідаваць Фэлькнера, як небяспечнага праціўніка і здардніка. Выкананне выраку даручылі рэвалюцыйнаму начальніку Варшавы, ён меў у сваім распараджэнні так званых жандармаў-штылетнікаў. Загад начальніка Варшавы выканалі тры маладыя штылетнікі: Каткоўскі, Марцінкевіч і Мукарскі (Мэнкарскі). Сабраўшыся ў пераддзень задуманага забойства, прысягнулі на вернасць паўстанню перад распяццем, пад якім ляжаў шнур і некалькі атручаных штылетаў. Узялі штылеты і разышліся на свае пасты. Забойства было ўчынена ў белы дзень на люднай вуліцы, і засталося яно бяскарным. Калі Фэлькнер, вяртаючыся дадому, увайшоў праз брамку ў сад, Уладзіслаў Каткоўскі, схапіўшы яго за горла, прыціснуў да сцяны і ткнуў штылетам. Астатнія два змоўнікі нанеслі яму некалькі ўдараў, потым усе разбегліся. Але Каткоўскі, адышоўшы трохі, вярнуўся да забітага і адцяў яму вуха, мела яно быць доказам выканання выраку".
Уладзіслаў Каткоўскі - гэта адзін з прывадыроў паўстання, якое хочам тут апісаць.
Калі ў барацьбу з паўстаннем уступіў крывавы Мураўёў-вешальнік, паўстанцы адказалі на гэта ўтварэннем аддзела "жандармаў - вешальнікаў". Яны разам з "жандармамі-штылетнікамі" стваралі службу справядлівасці Нацыянальнага ўраду.
Такіх вось "жандармаў" сабралася ў краснаярскай вязніцы каля 200. Былі гэта людзі, гатовыя на ўсё. Смерць не была ім страшная - столькі разоў перад тым заглядвалі ёй у вочы. Па ўказцы свайго правадыра Паўла Ляндоўскага гатовыя былі ісці нават у агонь. Бо ён быў для іх прадстаўніком на хвілю разгромленай, але надалей дзейнай рэвалюцыйнай улады.
Паразуменне
У самім Краснаярску ўсё было гатова да выступлення. Але належала паразумецца яшчэ з іншымі асяродкамі. Заданне гэтае даручылі Рагалевічу . Ён выконваў тады функцыі "старасты вязніцы" і карыстаўся такім вялікім даверам уладаў, што мог нават на доўгі час пакідаць турму.
І вось Рагалевіч, удаўшы хваробу, звольніўся з вязніцы, сказаўшы што для лячэння і заміж таго рушыў у вёску Сухі Бузім, якая ляжала на тракце, што ішоў да Енісейска. Быў гэта, паводле змоўшчыкаў, важны аперацыйны пункт. Там жыў паляк Ліпінскі . Да яго таксама звярнуўся Рагалевіч і канешне ўдалося яму схіліць Ліпінскага на думку паўстання.
Падарожжа ў Сухі Бузім трывала вельмі доўга. І таму Рагалевіч, як толькі вярнуўся атрымаў загад неадкладнага накіравання ў далейшую дарогу, на сваё вызначанае месца побыту.
Вярхушка змоўшчыкаў правяла нараду. Пастанавіла, што паколькі Краснаярск ужо "пэўны", то няма патрэбы далей тут заставацца. Нашмат большае значэнне мела цяпер арганізацыя іншых вязніц. Для гэтага пастанавілі пакінуць у Краснаярску Сулімскага і Ратынскага , астатнія змоўшчыкі звярнуліся да паліцмайстра Баршчова з просьбай, каб іх так-сама паслаў разам з Рагалевічам на іх месца празначэння.
Баршчоў ахвотна на тое згадзіўся. Прадчуваў, што вязні нешта надумалі, і хацеў як найхутчэй пазбыцца небяспечнага элементу.
Духі выказваюцца за паўстанне
Вельмі камічны эпізод меў месца ў Канску, дзе змоўшчыкі меліся пасяліцца. Ляндоўскі, Шленкер і Серна-Салавевіч пасяліліся ў аднаго з палітычных ссыльных, лекара Зялінскага.
Зялінскі быў чалавекам мала інтэлігентным, якому цяжкія жыццёвыя перажыванні змяшалі нешта ў галаве. У той час хварэў ён на спірытызм. Праз увесь дзень размаўляў з духамі, паўтараў іхнія загады, арганізоўваў сеансы, на якіх падобна "ўваходзіў з імі ў блізкі кантакт".
Гэтая яго слабасць была ўмела выкарыстана паўстанцамі. Адной ночы, калі ўсе ўжо спалі, лекар быў разбуджаны голасам, які даходзіў да яго "з засвету",
- Зялінскі. Зялінскі, устань!
Лекар ускочыў на ногі.
- Цяпер падай на калені і слухай з пакорай мой загад.
Зялінскі як найхутчэй выканаў захад "духа".
- Уладзімір Антонавіч! Слухай цяпер, што гаворыць табе дух нябесны!
- Бедалага тросся ад страху.
- Жыве ў цябе Павел Ляндоўскі, паляк. Слухайся яго ва ўсім, бо праз яго вусны прамаўляе святая праўда!
... Назаўтра Ляндоўскі даверыўся Зялінскаму з планам арганізацыі паўстання. Прасіў яго падтрымаць. Лекар аднак адмовіў. Паўстанне было для справай залішне рызыкоўнай.
З-за гэтага "святы дух" мусіў наступнай ноччу ў другі раз узяць слова.
- Бяда табе, Уладзімір Антонавіч! Чаму не слухаеш маіх загадаў? Чаму адмовіў пану Ляндоўскаму? Згінеш, няшчасны, з-за ўласнай віны! Толькі калі звернеш з кепскай дарогі, спаткае цябе яшчэ пашана і шчасце. Будзеш героем, правадыром і слаўным лекарам.
Калі Ляндоўскі на другі дзень аднавіў сваю прапанову, зазначыўшы, што ў паўстанцкім войску Зялінскі стаў бы галоўным лекарам, той не аказваў ужо ніякага супраціву.
Ляндоўскаму, канешне, мала значыла адзінка, так мала вартая, як Зялінскі. Але, дзякуючы таму труку, ён меў магчымасць арганізоўваць у доме лекара сходы і нарады, мог нават на цэлыя тыдні пакідаць горад.
Здрада
Праз вельмі кароткі час змоўшчыкі дайшлі да паразумення з шэрагам іншых вязніц і пунктаў пасялення. Справа з дня на дзень даспявала.
Аднак, як усюды, знайшоўся і тут здраднік, які змяшаў усе планы.
Быў ім Сулімскі, той, якога пакінулі на варце ў Краснаярску. Паехаў ён у Канск на нараду і, даведаўшыся пра ўсе дэталі, выдаў таварышаў паліцмайстру Баршчову.
Да гэтага часу не вядома, чаму ўласна расейскія ўлады так лагодна аднесліся да змоўшчыкаў. Ніхто з іх не быў увязнёны. Былі заміж гэтага вывезены з Канска. Іх раздзялілі і рассялілі ў вёсках аддаленых адна ад другой на колькі сот вёрстаў.
Такім спосабам была знішчана ўся падрыхтоўка да Краснаярска-Канскай змовы.
Аднак думка пра паўстанне шырылася далей. Найжывейшы водгук знайшла яна цяпер у "Прыбайкалькскім краі" г.зн. каля велізарнага сібірскага возера Байкал.
Ваколбайкальскі трак
Даўняя ваколбайкальская дарога была вельмі кепская. "Вясной і восенню , - піша слаўны анархіст Пётр Крапоткін - дабрацца да Чыты і да Кяхты можна было толькі крутой горнай дарогай, якая перасякае паласу гор на вышыні 7-8 тысяч футаў. 24 вярсты да горнага перавала Хамар Дабан забралі мне час ад 3 раніцы да 8 вечара. Коні пастаянна правальваліся ў сыпкі снег і пагружаліся разам з ездакамі ў ледзяныя плыні, якія плылі пад снежнай карой".
Нарэшце міністэрства і галоўныя ўлады Ўсходняй Сібіры пастанавілі ўладкаваць сталы і годны тракт ўздоўж забайкальскага ўзбярэжжа.
Праца была вельмі цяжкая. Трэба было порахам разбураць скалы і перакідаць масты цераз незлічоныя горныя плыні. Але маскоўскія ўлады не мелі з той нагоды вельмі шмат клопату. Дрэва было ў краі ў дастатку, а рабочую сілу мелі на месцы зусім бясплатную: на будоўлю тракта запрэглі палітычных ссыльных, прыгавораных да цяжкіх работ.
Таму бачым, як ужо ў жніўні 1865 года была выслана з Іркуцка першая партыя работнікаў у колькасці 250 чалавек. Пасля зімовага перапынку лічба гэтая павялічылася да 700 чалавек. Былі гэта пераважна ссыльныя палякі з Іркуцкай губерні, шмат аднак было і такіх, якія раней працавалі ў Паўлаўскай ліцейцы ў Забайкальскай губерні.
Усіх катаржан падзялілі на некалькі партый. Колькасць работнікаў у кожнай з іх дасягала ад 50 да 150 чалавек.
Характэрная рэч, што былі ўтвораны спецыяльныя партыі "прывілеяваных", г.зн. для людзей, якія паходзяць са шляхецкага стану, а таксама партыі "простых" - для сялян і мяшчан. Трэба аднак прызнаць, што гэты падзел зусім не спрычыніўся да аслаблення салідарнасці паміж усімі без выключэння палітычнымі ссыльнымі.
Кармілі працоўных вельмі кепска. На ўтрыманне ссыльнага асігнавалася да 11 капеек на дзень. За тую суму кожны мог атрымаць кіло хлеба, г. зн. 2 і паўфунта і каля 3/4 фунта кашы што дзень. Але так было толькі на паперы.
На грунце кепскай кармёжкі часта выбухалі канфлікты.
Нават адзін раз галоўны начальнік работ падпалкоўнік Шац бы разбужданы ад сваёй пасляабедзеннай дрымоты (старх, што за злачынсва?) крыкамі бітага чалавека. Праз хвілю дзверы адчыніліся і 2 жаўнеры пад камандай афіцэра ўправадзілі ў канцылярыю (пан палкоўнік спаў у канцылярыі на канапцы) пабітага вязня. За імі тлуміўся натоўп катаржан. Іх канешне выпхнулі з пакоя. Прыльнулі тварамі да акон.
- Што гэта за морда? - спытаў, як звыкла, груба Шац. Злы быў, што яму перарвалі "пасляабедзенную працу."
- Бунтаўшчык, спадар падпалкоўнік, бунтаваў усіх вязняў.
Не вымавіўшы ані аднаго слова спадар падпалкоўнік прыступіў да вінаватага і ўдзяліў яму моцны ўдар у твар.
Толькі потым адазваўся:
- Такі ты, с.. сын! Бунт будзеш тут арганізоўваць. Мяцяжа табе захацелася.
Калі начальнік трохі ахалануў, запытаўся афіцэра пра падрабязнасці. Аказалася, што абед не спадабаўся вязням.
Пачалі ўжо крывіцца тады, калі заміж кашы знайшлі ў сваіх місках вотрубы. Але, паколькі гэта ўжо не было для іх навіной, сабраліся да яды. Але адразу адзін адсунуў міску і сплюнуў:
- Смярдзіць, псяюха!
За ім пачулі гэта іншыя.
- Пахне падлай!
- Гніллём нас кормяць!
- Яда для свіней. А не для людзей.
Вось тады той, якога ўласна і прывялі ў канцылярыю, устаў і заклікаў усіх, каб не елі абеду і каб разам ішлі да начальніка скардзіцца.
Утварылася арыгінальная дэманстрацыя. Усе вязні ўсталі ў калону і з поўнымі місачкамі ў руках накіраваліся да дома падпалкоўніка.
- На шчасце, - закончыў афіцэр свой рапарт, - згледзелі гэта своечасова, натоўп разагналі, а галоўнага падпальшчыка арыштавалі.
Не ведаю, як скончыўся той першы бунт для катаржан. Без турэмнага карцара і парадачнай порцыі палак, мабыць, не абышлося. Адміністрацыйнае разбіральніцтва паказала ва ўсякім разе, што скаргі ссыльных былі цалкам абгрунтаваныя, што экамом падпалкоўніка, тып з-пад цёмнай зоркі нейкі Багінскі, тым уласна спосабам прыводзіў палітыку ашчаднасці (для сябе ці для ўрадавай касы - цяжка цяпер устанавіць...). Багінскага знялі з пасады начальніка над прадуктамі і ... прыставілі яго да рэчаў.
У такіх вось умовах прыйшлося працаваць сотням палітычных ссыльных. Тут падчас той працы паўстала і даспела да дзейнасці думка пра вялікае паўстанне, якое павінна было вярнуць свабоду тысячам прыгнечаных і абяздоленых.
Правадыры паўстання
Сярод катаржан знайходзіліся людзі, якія розумам і здольнасцымі перавышалі на цэлы парадак сваё атачэнне. Яны то і сталі на чале бунту і, заахвочваючы асуджаных да барацьбы, павялі іх супраць ворагаў.
Тым не менш, звесткі пра тых адзіночак вельмі скупыя і толькі ў найагульнейшых рысах даюць нам вобраз людзей, якія неўзабаве меліся стаць галоўнымі героямі паўстання.
Найстаршы векам і найбольш шанаваны ўсімі быў пяцідзесяцігадовы Нарцыз Цалінскі (Цэлінскі) . Чалавек гэты меў грунтоўную еўрапейскую адукацыю і вялікі вайсковы досвед. У маладосці, па волі бацькі, выехаў за мяжу, дзе правёў каля 12 гадоў. Потым вярнуўся на радзіму і пачаў гаспадарыць у сваім маёнтку (бацька ў міжчассі памёр). З натуры гарачы, запальчывы неўзабаве пасварыўся з расейскім афіцэрам, які жыў непадалёку. Дайшло да двубою, у выніку якога афіцэра павезлі з куляй у правым плячы. Двубоі былі ў той час у Польшчы сурова забаронены. Асабліва з расейскім афіцэрамі. Таму Цалінскага адразу арыштавалі і саслалі ўглыб Расіі (у Вятку) на пасяленне.
Але пан Нарцыз палічыў, што сярод тых нязносных вялікаросаў жыццё "залішне аднастайнае". Папрасіў выслаць яго на Каўказ, дзе расейскія войскі праводзіла якраз вельмі зацятыя баі з тыбульцамі, якія гераічна бараніліся. На Каўказе Цалінскі ўступіў у адзін з расейскіх аддзелаў і неўзабаве так выдатна вызначыўся, што ад 1839 года нёс службу як падпаручнік у слынным Севастопальскім палку. Меў пяць заахвочванняў "За заслугі і за баявітасць" у тым ліку асабісты пахвальна ліст ад Галоўнакамандуючага ўсёй каўказскай арміі.
Але праз увесь час службы ў сэрцы героя царскай арміі пылаў магутны патрыятычны агонь. З першай весткай аб выбуху студзеньскага паўстання Цалінскі кінуў сваю роту і паехаў у Польшчу. Тут уступіў у чыне капітана ў аддзел генерала Людвіка Мераслаўскага. У сутычцы з маскоўскімі войскамі пад Крывасудам быў паранены, і таварышы палічылі яго забітым. Аднак вылечыўся і вярнуўся ў паўстанцкія шэрагі. Змагаўся зацята, паказваючы пры гэтым цуды адвагі і прадбачлівасці. Не ўступаў перад усё больш узрасталай перавагай маскалёў. Яго ўзялі ў няволю са зброяй у руках.
Таму таксама не дзіўна, што як небяспечны злачынец быў адразу прыгавораны да пажыццёвай катаргі. Тут у Сібіры здолеў здабыць сабе сімпатыі ўсіх ссыльных, якія шанавалі ў ім героя барацьбы за незалежнасць.
Калі Цалінскага можна слушна лічыць за галаву паўстання, то Густаў Шарамовіч , бясстрашны і нязломны герой, быў яго душой і сэрцам.
Згадваны ўжо вышэй Пётр Крапоткін такім чынам яго апісвае: "Перад судом стаяў прыгожы, высокі, плячысты брунет. На яго смуглым твары адбіваліся гарт волі, нязгіннасць і энергія. Яго хуткія вочы ў поўным спакоі пазіралі ў твар суддзям. З іх глыбінь можна было вычытаць бязмерную пагарду, якую той чалавек мусіў адчуваць да ўсёй гэтай камедыі і да самой смерці. Голас яго быў чысты і звонкі. Гаварыў плаўна і выразна. Калі да яго прыслухацца, можна было зразумець, чаму паўстанцы так яго абагаўлялі. Дзіўнае абаянне ішло ад яго постаці. Сваім пафасам захопліваў раз-пораз усіх гледачоў і суд, а не меў у той зале ані аднаго прыяцеля, апрача, можа, мяне".
Густаў Шарамовіч, які меў на той час 30 гадоў, паходзіў са старой заможнай красовай шляхты. Ужо ў дзяцінстве паказваў выбітныя музычныя здольнасці: той вобласці мастацтва ён пасвяціў сябе з усім захапленнем.
Артысты пераважна стаяць у баку ад грамадскага жыцця. Малады Густаў быў з таго погляду выключэннем. Ужо змоладу ўступіў у нелегальны гурток патрыятычнай моладзі, дзе неўзабаве высунуўся на першае месца. Пазней ужо сам кіраваў канспірацыйнымі гурткамі, выконваў важныя і небяспечныя абавязкі сувязнога, паказваў усюды вялікую разважлівасць і хуткасць думкі. Таму, не гледзячы на малады век, быў вельмі паважаны ў патрыятычных колах. Калі паўстанне выбухнула, Шарамовіч стаў у шэрагі змагароў. Пасля разбіцця аднаго аддзела расійскімі ўладамі, перабіраўся адразу ў другі. Пад канец паўстання аказаўся са сваімі таварышамі на Кіеўшчыне, дзе даваўся ў знакі маскалям. Узяты ў няволю, быў пасаджаны ў Кіеўскую цытадэль. Адразу спрабаваў уцячы з дапамогаю падкопу і амаль што дасягнуў сваёй мэты. У астатні момант аднак сарвалі яму ўцёкі і выслалі ў Краснаярск, а адтуль - за Байкал.
Трэцяга з будучых кіраўнікў, Уладзіслава Каткоўскага , мы ўжо ведаем як смелага выканаўцу выракаў таемнага нацыянальнага трыбуналу. Чальца "жандармаў - штылетнікаў".
Цікавыя яго далейшыя лёсы.
Пасля забойства паліцыянта Фелькнера (гл. вышэй) Каткоўскі мусіў уцячы з горада і схавацца, што зрабіў невымерна смелым спосабам. Падумаў сабе: "Улада будзе мяне ўсюды шукаць, толькі не ў сваіх уласных шэрагах" . Таму ў адрозненне ад усіх сваіх таварышаў-патрыётаў пайшоў на вайсковы прызыў. (Непасрэднай прычынай выбуху студзеньскага паўстання быў якраз, як вядома, план расейскіх уладаў узяць усю польскую патрыятычную моладзь у войска. Палякі адказалі на тую "бранку" неадкладным абвяшчэннем выбуху паўстання). Служыў спачатку як шараговец у Пецярбургу, потым перавялі яго ў Харкаўскі губернскі батальён. Як пачцівы, энергічны і не пазбаўлены адукацыі салдат, звяртаў на сябе ўвагу начальнікаў. У 1865 годзе быў ужо пісарам у штабе харкаўскага гарнізону, і ўжо збіраліся прадставіць яго да звання падафіцэра. Але ў тым жа годзе пад час арыштаў паўстанцаў была раскрыта таямніца смерці Фелькнера. Каткоўскага знайшлі ў яго харкаўскай схованцы і прыгаварылі да цяжкіх работ. У 1866 годзе ён быў разам з іншымі прыстаўлены да працы на ваколбайкальскім тракце.
Пра іншых кіраўнікоў паўстання - Райнера, Арцімовіча, Ільяшэвіча, Вронскага - больш поўных біяграфічных дадзеных не маем.
Выбух паўстання
На таемнай нарадзе быў канчаткова прыняты наступны план: пунктам пачатку спланаванага паўстання меў быць Култук. Станцыя гэтая была адным з канцавых пунктаў тракта. Тамтэйшая партыя, перабіўшы сваю варту, мела вырушыць уздоўж тракта, вызваляючы па дарозе і забіраючы з сабой усе іншыя партыі. Такім чынам аддзел, па меры пасоўвання наперад узрастаў бы ў сіле. Затым, пасля даходу да Пасольска, канцавой станцыі, распачатай часткі тракта, мелі пачаць уцёкі цераз лясы і горы да кітайскай мяжы.
У Култуку працавала аднак група "простых". У ёй змоўшчыкі амаль што не мелі адпаведных прадстаўнікоў, бо ўсе належалі да "ўправілеяваных", чыя партыя знайходзілася ў Мурына. У Култуку быў толькі адзін Арцімовіч , які быў вызначаны кіраўніком на першым этапе паўстання.
Але ён адзін нічога не мог зрабіць. Зрэшты, не ведаў добра ваколіц. Таму Ільяшэвіч , які ўжо летась працаваў на тракце, прыкінуўся хворым і быў накіраваны ў лазарэт у Култуку.
І тут энергічна ўзяліся за работу. Пракурор пазней у сваёй прамове сказаў, што ў Култуку была кузня, агароджаная высокім плотам. Днём і ноччу там кавалі пікі з дзяржаўнага жалеза (гэта пракурору найбольш балела...) і насаджвалі іх на тронцы.
Нарэшце Арцімовіч, дамовіўшыся з Шарамовічам, даў ноччу з 24 на 25 чэрвеня 1866 года сігнал да выступлення: палітычныя ссыльныя, якія ў колькасці каля 50 чалавек працавалі за 12 вёрст ад Култука, неспадзявана напалі на канвой, звязалі салдатаў, адабралі ў іх зброю і боепрыпасы. Забралі дзяржаўных коней і рушылі да станцыі Мураўёва.
Першы дзень паўстання
Прыбыўшы да Мураўёва Амурскага, звязалі фурманаў, забралі паштовыя вазы, коней і зброю. Далей рушылі да станцыі Мурына, дзе, як ведаем, знайходзіўся галоўны "штаб" паўстання. Па дарозе далучаліся да іх групкі працоўных.
Арцімовіч дбаў пра тое, каб іркуцкія ўлады як найпазней даведаліся пра выбух паўстання. Магло гэта мець вырашальны ўплыў на вынік усяго прадпрыемства. Таму загадаў знішчаць тэлеграфныя лініі.
Не гледзячы на гэта, губернатар даведаўся пра меўшыя месца выпадкі іншым шляхам і выключна рана. Ужо на наступны дзень уляцеў на двор дома губернатара Іркуцка задыханы пасланец.
- Спадар губернатар, рэвалюцыя ў Култуку.
Наступнай ночы да начальніка штаба Усходне-Сібірскай арміі прыбылі два фурманы, якія са станцыі Выдрына пераправіліся на лодцы цераз Байкальскае возера. Разлічвалі пэўна на значную ўзнагароду, бо веславалі без перапынку 24 гадзіны. Рапарт іх быў яшчэ больш устрашальны. Гучаў ён наступным чынам:
"На станцыю Выдрына прыбыла партыя ў сто ўзброеных бунтаўшчыкоў, захапілі коней, вазы, прадукты і зброю. Акрамя таго абрабавалі дашчэнту станцыю. Затым рушылі далей."
Найважнейшым аднак з усяго рапарту было тое, што апавядалі пра палкоўніка Чарняева, галоўнакамандуючага вайсковага аддзела пры тракце.
- Мы бачылі паміж паўстанцамі палкоўніка Чарняева. Сядзеў з правадырамі на возе і размаўляў. Не быў звязаны і раззброены.
Вестка тая моцна занепакоіла губернатара.
- Што сталася з палкоўнікам? Ці быў узяты ў палон? Ці можа таксама далучыўся да паўстання? Здараліся раней выпадкі, што і палкоўнікі належалі да рэвалюцыйных арганізацый! У такім разе, мабыць, пацягнуў за сабой увесь вайсковы аддзел.
Але заміж таго, каб заняцца падрыхтоўкай іркуцкіх уладаў да задушэння паўстання, мусім далей распавесці, што сталася з групай Арцімовіча.
Група тая дайшла нарэшце да станцыі Мурына. Тут ужо Шарамовіч даўно быў гаспадаром становішча. Канвой ляжаў звязаны. Паўстанцы перапрануліся ў вопратку канвойных. Тэлеграфныя слупы былі павалены. Усе коні, прадукты, зброя - забраныя.
У Мурына адбылося злучэнне абодвух аддзелаў, а дакладней - перадача аддзела Арцімовіча пад каманду Шарамовіча.
Шарамовіч сказаў наступнае:
- Свабоды не абяцаю - толькі барацьбу. Але ж ці не лепей згінуць, як вольныя людзі, са зброяй у руках, ад кулі ворага, чым цягнуць да бясконнасці жыццё поўнае пакоры і цярпення, без надзеі на лепшае заўтра?!!!
Заклікаў ўсіх да дысцыпліны, адвагі і вернасці. Няхай жыве перамога! Няхай жыве вольная Польшча!
Гонар польскіх паўстанцаў
Адзін з групы змоўшчыкаў, Вронскі, пачаў вагацца. У апошнюю хвіліну імкнуўся падгаварыць Шарамовіча, каб той адмовіўся ад усяго плану. Прасіў яго, каб адаслаў людзей назад. Нарэшце пра сябе самога засведчыў, што не пойдзе далей, бо з'яўляецца кепскім жаўнерам.
- Няхай тхары (баязліўцы) і слабыя духам, - востра адказаў яму на тое Шарамовіч, - ідуць да маскоўскага цара прасіць ласкі. Мы пойдзем змагацца.
Тады Вронскі з крыкамі: "Вазьміце і мяне з сабой. Я з вамі - на жыццё і смерць!", - скінуў арыштанцкі кіцель і далучыўся да паўстанцаў.
Рушылі далей у дарогу. Раз'езд пад кіраўніцтвам Ільяшэвіча і Вронскага здабыў наступную станцыю, Снежная. І тут забралі вопратку, зброю, боепрыпасы і правіянт. Падстаўныя (і аплачаныя) ўладай сведкі сцвярджалі потым перад судом, што там дапускаліся рабункі і ўзломы. Аднак гэта чыстая хлусня. Якраз наадварот кіраўнікі пільна сачылі за тым, каб нідзе не чынілася крыўды мірным людзям. Ужо ў сваёй першай прамове Шарамовіч засведчыў - палітычныя паўстанцы маюць шмат маральных абавязкаў. На іх ляжыць абавязак годнай рэпрэзентацыі гонару Айчыны. Таму трэба паступаць годна і пачціва. Усялякія злачынствы будуць карацца з усёй бескампраміснасцю.
А Вронскі заўважыўшы аднага разу, як адзін з ссыльных забірае з прыватнага памяшкання нейкую каштоўную, але для паўстання зусім непатрэбную рэч, ці іншымі словамі - як рабуе жыхароў, прыгразіў рабаўніку расстрэлам:
- Вы "палітычныя", - сказаў да свае групы, - а вестка пра нашае паўстанне перажыве стагоддзі. Памятайце, што пра нашыя добрыя ўчынкі ніхто гаварыць не будзе. Але пра кепскія вестка разыдзецца ўсюды.
Наогул, палякі паступалі годна, ніякіх гвалтаў і злоўжыванняў не было. Строга выконвалі загад: "Нікога не крыўдзіць, не піць. Не рабаваць, не здавацца жывым, біць маскалёў". (Маскалямі ў гэтым выпадку называлі ўрадавае войска.)
Галоўны начальнік вайсковай варты ў руках паўстанцаў
Мы ўжо пісалі, што два фурманы, якія данеслі начальніку штаба Усходне-Сібірскай вайсковай акругі вестку пра выбух паўстання, распавялі адначасова, што бачылі сярод паўстанцаў палкоўніка Чарняева, галоўнакамандуючага вайсковай варты. Бачылі, якую трывогу выклікала гэтая вестка сярод расейскіх чыноўнікаў. Яны думалі, што палкоўнік далучыўся да бунту.
Нажаль, так не было.
Справа ж выглядала наступным чынам: 25 чэрвеня паўстанцы ўзялі станцыю Мурына. Наступная па чарзе была станцыя Мішыха. Жадаючы заспець зняцяцку тамтэйшую варту Шарамовіч выслаў уначы разведвальны аддзел з 20 чалавек. Аддзел той знаходзіўся пад камандай згаданага ўжо Ільяшэвіча.
Была прыгожая сібірская раніца. Вузкай дарожкай пры тракце маршыраваў аддзельчык палякаў. Направа і налева, куды толькі сягала вока - усюды расцягнуліся бязмежныя сібірскія палі. Нідзе не было відаць следу чалавечага жытла. Толькі там, на поўдні, шарэлі абрысы гор. Да іх скіроўваліся вочы ўсіх маршыроўцаў.
- Там граніца. А за граніцай свабода. - Так шапталі паміж сабой паўстанцы.
Але дарога вяла не на поўдзень, а на ўсход. Хто ведае - калі б паўстанцы тым ранкам не пайшлі далей уздоўж ваколбайкальскага тракта, а пусціліся наўпрост да мяжы, можа б здалелі ўцячы, пакуль прыбыло б войска? Аднак тым часам маршыравалі бадзёра. Ад часу да часу разлягаўся радасны смех - так доўга гэтыя людзі не маглі свабодна смяяцца, глыбока дыхаць вольнымі грудзямі... часам з 20 маладых горлаў вырываўся спеў: прыгадвалі сабе паўстанцкія гімны: цяпер яны будзілі спакой сібірскай тайгі.
Здалёк паказалася нейкая чорная кропка, якая хутка набліжалася ў кірунку паўстанцаў.
Неўзабаве можна было ўжо распазнаць параконны вазок.
- Вазок? Гэта мусіць быць нейкі чыноўнік, прадстаўнік улады, - гаварылі паміж сабой паўстанцы.
Падрыхтаваліся яго сустрэць.
- Гэй, куды ў такую раннюю пору? - разлёгся гучны, загадны голас у момант, калі вазок быў аддалены ўжо не болей, як на некалькі дзесяткаў крокаў ад паўстанцаў.
Паўстанцы без словаў прыступілі да вазка. Вазніца затрымаў коней.
- Куды пытаюся? - грымеў той самы голас.
Цяпер паўстанцы пазналі яго. Гэта быў сам палкоўнік Чарняеў, начальнік варты.
Не атрымаўшы адказу, Чарняеў саскочыў з вазка. Быў здзіўлены тым, што ссыльныя не вітаюць яго, не здымаюць нават шапак.
- Анямелі ці што? Не пазнаяце мяне? Што здарылася?
- Паўстанне, спадар палкоўнік!
Чарняеў не разумеў.
- Скончылася наша няволя. Ад учарашняга дня мы - вольныя людзі. Не прызнаём царскай улады. Свабоду сваю будзем бараніць аж да апошніх сілаў.
Тут Ільяшэвіч паказаў на карабіны, якімі ён і яго людзі былі ўзброены.
- Бунт? - зразумеў нарэшце Чарняеў.
- Не. Барацьба за свабоду.
- Імем цара і губернатара загадваю вам скласці зброю і здацца пад маю каманду. Спадара, як іх правадыра неадкладна арыштую. Будзеш адказваць перад палявым судом. Паўсталых таксама не міне заслужаная кара.
- Памыляешся, спадар палкоўнік. Гэта не я, гэта ты арыштаваны. Здаць зброю!
Чарняеў хацеў выцягнуць шаблю - запозна. Чатыры моцныя рукі схапіла яе раней, чым ён. Бачачы, што далейшы супраціў нічога не дасць, палкоўнік прызнаў сябе пераможаным і спытаўся толькі Ільяшэвіча, што той збіраецца з ім зрабіць.
- Як спадар дасць нам афіцэрскае слова гонару, што не будзе намагацца ўцякаць, не звяжам.
Чарняеў на гэта згадзіўся.
Дазволілі яму назад уціснуцца ў вазок. Меў ён ехаць з партыяй аж да Пераемнай.
Такім чынам камандзір царскіх узброеных сіл на ваколбайкальскім тракце трапіў у палон да паўстанцаў. Было гэта недалёка ад станцыі Выдрына. Адтуль жа вырушылі ў дарогу тыя два верныя ўраду фурманы, якія данеслі вайсковай уладзе пра выбух паўстання.
Размова адзін на адзін
Па дарозе Ільяшэвіч аддаў уладу над аддзелам Вронскаму, а сам прысеў да Чарняева на вазок.
Чарняеў не быў злым чалавекам. У глыбіні душы перажываў за лёс ссыльных. Сам таксама меў не адну прэтэнзію да ўлады. Якраз за несубардынацю на погляд вышэй пастаўленых перавялі яго з Пецярбурга ў той аддалены край (зрабіў раз заўвагу старшаму афіцэру, які ў прыступе гневу біў свайго ардынарца). Ветлівасць, якую выказалі адносна яго паўстанцы, зрабіла на яго найлепшае ўражанне. То ён таксама не меў да іх ніякай прэтэнзіі, акрамя таго, што лічыў іхні выступ за злачынства.
Тон яго слоў быў хутчэй прыемны.
- Ці можаце мне сказаць, як дайшло да гэтага паўстання? - запытаў Чарняеў.
- З ахвотай. Падрыхтоўка ішла ўжо некалькі месяцаў. Мы мелі сталы кантакт з Іркуцкам: адтуль таксама прыйшоў сігнал да бою. У ноч з 24 на 25 чэрвеня прыбыла з Іркуцка вялікая група ссыльных. Колькасць іх перавышала 80 чалавек. Адразу прыступілі да раззбраення варты. Ільяшэвіч выдумаў той факт, хочучы ўразіць палкоўніка сіламі паўстанцаў і пераканаць яго, што рух агарнуў ужо вялікі абшар краю: зрэшты такая пагалоска кружыла як сярод паўстанцаў, так і сярод жыхароў.
- Але ж гэта шаленства!
- Змагацца за свабоду - ніколі не было шаленствам.
- Пагінеце!
- Пабачым!
Хвіліну трывала маўчанне. Потым зноў загрымеў голас палкоўніка.
- Гэта так вы адказваеце ўраду за яго дабро. Забылі ўжо, што толькі 16 студзеня частка з вас была звольнена з катаргі і перайшла на пасяненне.
- Дзякуем за ласку, спадар палкоўнік. Дзякую не ад імя нашых людзей, бо мы яшчэ тых дабрадзействаў не зведалі, а ад імя тых "шчаслівых", якія яны тычацца. Да таго часу яны працавалі вельмі цяжка, але мелі хаця ж бы за тое гарантаваны кавалак хлеба, у турмах прынамсі іх кармілі і апраналі. Цяпер, пазбаўленыя ўсякіх сродкаў заробку, будуць паміраць з голаду і холаду. Чакаюць іх яшчэ горшыя пакуты, чым катарга. Праўда, маюць сібірскую свабоду, але ёй не наясіся!... Сапраўды не такой чаклі мы амністыі...
- А чаго ж вы хацелі?
На тое Ільяшэвіч годна даказаў:
- Пан, спадар палкоўнік. Як вайсковец Вы нас павінны найлепей зразумець. Мы не крымінальныя злачынцы. Узялі нас са зброяй у руках. Біліся народ з народам, войска з войскам. Вы перамаглі - цяжка! Узялі нас у палон - паступілі паводле права ваеннага. Але мы не ёсць, паўтараю, збродам, а мы - ваеннапалонныя. Вайна даўно скончылася. Ваеннае права вымагае, каб палонныя, узятыя на полі бою, пасля заканчэння вайны былі вызвалены і адасланы па дамах. Гэта наша права. Гэтага хочам.
Што ж мог адказаць на гэта палкоўнік царскай арміі?
- Не дойдзеце да мяжы. Ніхто не дойдзе.
- Спадар не ведае, што можа зрабіць роспач! Зрэшты - спрытам і адвагай можна перамагчы ўсе перашкоды. Зрабіў гэта ўжо 75 гадоў таму назад адзін наш суродзіч, Бянёўскі, які ўцёк з Камчаткі разам з іншымі палякамі.
- Я ведаю гісторыю тых уцёкаў. Але малой жменьцы лёгка было схавацца ў гушчары лесу. Вы, аднак, ідзяце вялікім натоўпам. Не схаваецеся ад войска.
- Будзем змагацца!
- Загінеце!
- І гэта лепш, чым няволя. Хочам самі здабыць сабе свабоду хоць бы цаной найвялікшых ахвяр, заміж таго, каб гніць у казематах. Ведайце, што думаюць вольныя палякі: лепш куля, чым такое жыццё.
На тым скончылася размова. Ільяшэвіч саскочыў з воза і падаўся да сваіх, пакінуўшы палкоўніка пад вартай двух паўстанцаў.
Палкоўнік глядзеў яму ўслед са здзіўленнем: "Калі ўсе ў Польшчы злеплены з такой самай гліны, што і ён - то наш урад з імі не справіцца".
Вызваленне палкоўніка
На станцыі Пераемнай адбылася нарада і пастанавілі вызваліць палкоўніка. Была гэта з боку паўстанцаў вялікая памылка. Бо пазней расейскія войскі можа не паступалі б з палоннымі так безаглядна, каб ведалі, што паўстанцы маюць у руках такога важнага закладніка.
- Вы свабодныя, спадар палкоўнік, паведаміў Ільяшэвіч. - Вы павінны аддаць нам толькі коней і казённыя грошы, якія маеце пры сабе. Прыватныя можаце пакінуць пры сабе. Мы не бандыты, якія рабуюць людзей на гасцінцах. Зрэшты, каб Вы не мелі пазней ніякіх прыкрасцяў з той нагоды, мы дамо вам квіт на атрыманыя грошы.
Чарняеў меў пры сабе 143 рублі. 43 падаў за свае. Тыя дазволена было яму захаваць для сябе. На астатнія 100 рублёў атрымаў наступную квітанцыю:
"Пацвярджаем адбіранне 100 рублёў.
Камандзір авангарду Легіёна вольных палякаў".
Аддзел рушыў далей.
Вырашылі павярнуць на Мішыху. Там знайходзіліся ўсе кіраўнікі работ пры тракце - падпалкоўнік Шац і архітэктар Дружынін. Чарняеў хацеў з імі любой цаной пабачыцца і абмовіцца.
Была акрамя таго іншая прычына - бадай што больш важная. Мішыха, як найважнейшая станцыя будзе зборным пунктам усіх паўстанцаў. Туды напэўна прыедзе і галоўны правадыр. Можа ён пакажа больш розуму? Можа ўдасца яго ўгаварыць, каб своечасова адмовіўся ад плану, дзякуючы чаму пазбегне праліцця крыві.
Бо трэба ведаць, што пасля размовы з Ільяшэвічам палкоўнік пачаў адчуваць глыбокую сімпатыю і яшчэ большую павагу да рыцарскіх палякаў, хацеў іх уратаваць ад непазбежнай на яго думку пагібелі.
Таму палкоўнік пасля доўгага роздуму таксама накіраваўся ў Мішыху.
Мішыха
Мішыха была найбольшай станцыяй на ўсёй дарозе. Склад і шпіталь таксама размяшчаліся там.
Аднак і тут паўстанцы не спаткалі ніякага супраціву. Група Ільяшэвіча, якая мела толькі выведвальныя задачы, заняла з лёгкасцю ўсю станцыю. Ахоўнікі па першым патрабаванні здаліся, а баязлівы падпалкоўнік Шац не чакаў нават на патрабаванне і сам аддаў сваю шаблю. Супраціўляўся толькі архітэктар Дружынін. Пару моцных слоўцаў прывялі яго аднак да свядомасці. Спадар інжынер адразу супакоіўся і з таго часу маўчаў увесь наступны дзень.
Што хвіля прыбывалі ўсё новыя і новыя аддзелы. Вечарам прыехаў у Мішыху Шарамовіч - начальнік паўстання Адабраў у Шаца казённыя грошы (104 руб), на якія выдаў квіт ад імя "Сібірскага легіёна вольных палякаў".
Раніцай Шарамовіч мог ужо зрабіць агляд сваіх сілаў.
Усе сталі на пляцы. Дзіўнае гэта было войска. Цалкам нагадвала паўстанцкія аддзелы з 63 года. Усе маладыя, усе поўныя энтузіязму: побач са шляхціцам з "добрай сям'і" стаіць літоўскі (беларускі) мужык, варшаўскі рамеснік. Злучае іх агульная любоў да свабоды і нянавісць да катаў. Зброя іхняя кепская. Некаторыя маюць стрэльбы. Большасць мае аднак насаджаныя на палкі косы (касінеры Касцюшкі...) і сякеры. Былі і такія, чыёй адзінай зброяй быў... тоўсты кій.
- Грамадзяне! Сібірскія легіёны вольных палякаў! Мы паўсталі, каб са зброяй у руках заваяваць сабе свабоду або слаўную смерць. Не час для прамоў. Паўтараю адно толькі тое, што ўжо раз даводзіў: дысцыпліна і ахвярнасць! Разлічваю на вашае геройства. Памятайце, што вы палякі, а палякі ніколі іначай, як геройскі ваяваць не ўмелі.
На працягу найбліжэйшых гадзін бязладны натоўп замяніўся на маленькую, але добра арганізаваную армію.
Былі сфармаваны 4 звязы. Кожны з іх налічваў па 50-60 чалавек. Камандзірамі звязаў былі прызначаны: Нарцыз Цалінскі, Якуб Райнер, Леапольд Ільяшэвіч і Казімір Арцімовіч.
Былі і больш нізкія пасады. Так, напрыклад, Каткоўскі быў паручнікам 2-га звяза, Зарэмбскі - капітанам 3-га звяза і г.д. Невялікім аддзелам, які меў выведныя функцыі, камандаваў Вронскі.
Адразу пасля гэтага пачалі перапраўляцца цераз рэчку Мішыху.
Перад выхадам Чарняеў, застаўшыся сам на сам з Шарамовічам, спрабаваў схіліць яго да складання зброі, канешне, зноў безвынікова.
28 чэрвеня Шарамовіч пакінуў Мішыху.
29-га прагучалі першыя стрэлы.
Контрмеры губернатара
Выбух паўстання застаў Іркуцкія ўлады цалкам знянацку. Губернатар у першай хвілі зусім страціў галаву. Потым, аднак, узяў сябе ў рукі і затэлеграфаваў у Краснаярск, пасля чаго выслаў наўмыснага ганца ў Пецярбург. Вёз ён наступны ліст.
"25 чэрвеня выбухнуў тут бунт палякаў. Мы прыступаем да яго ліквідаацыі: Вінаватыя ў адпаведнасці з законам будуць пакараны з усёй бязлітаснасцю."
Галоўнай мэтай мераў губернатара было здабыццё канцавой станцыі тракту - Пасольска, адкуль паўстанцы мелі вырушыць да мяжы. Туды быў высланы шэраг аддзелаў пяхоты і казакоў. Губернатар загадаў паклікаць да сябе трох камандзіраў: маёра Рыка, паручніка Лаўрэнцьева і ротмістра штаба Ларыёнава. Калі тыя з'явіліся паведаміў ім?
- Спадарства, ведаеце, што над Байкалам выбухнуў бунт палякаў. Даю вам 300 чалавек. Да 1 ліпеня паўстанне павінна быць задушана. Узнагароды не абмінуць вас. Калі ж, аднак, з заданнем не справіцеся, і 1 ліпеня не будзе там яшчэ панаваць поўны спакой, уся адказнасць ляжа на вас. Ведаеце, якім магу быць патрабавальным і суровым, не разлічвайце на паразуменне з майго боку, рушайце ў дарогу.
Афіцэры казырнулі і накіраваліся да выйсця. Губернатар затрымаў іх:
- Яшчэ адно. Не маеце ніякай патрэбы паступаць з палякамі залішне лагодна і гуманна. Без пралівання крыві, пэўна, не абыдзецца - няхай гэта будзе іхняя кроў, а не наша.
Усіх салдат выслалі з Іркуцка да Байкала паштовымі коньмі, а цераз Байкал пераправілі іх параходамі. Хацелі паўстанцаў ахапіць з усіх бакоў. Акрамя таго паслалі загад у Шлегінск, каб увесь тамтэйшы гарнізон вырушыў у Пасольск.
Быў гэта вялікі аддзел, бо складаўся з 600 казакаў.
Калі ўсё гэта было выканана, губернатар уздыхнуў з палёгкай. Агулам брала ўдзел у баях на баку ўраду: рэгулярнага войска 1400 чалавек, мясцовых жыхароў 3000, якіх сілай прыцягнулі для барацьбы з паўстанцамі.
Лічбы тыя падаём паводле храніста Раманава. Апошні лік падаецца нам мала праўдападобным, таму што пад'ём такой вялікай масы людзей у краі бязмерна рэдка заселеным і ў такі кароткі час быў справай у тагачасных умовах зумім немажлівай для выканання.
Супрацьстаяла расійскім сілам "армія" Шарамовіча, якая складалася, як ведаем з каля 200 чалавек, кепска ўзброеных, амаль без коней вазоў і правіянту. Першапачаткова пачало рух больш ссыльных. Але каля 130 з іх (паводле вопісу палявога суда) разбеглася пазней ва ўсе бакі перад прыходам у Мішыху. Іншыя ссыльныя наогул да паўстання не далучаліся.
Няроўнасць сіл была ўражвальная.
Станцыя ў полымі
Першае спатканне паўстанцаў з войскамі мела месца на станцыі Ліханава.
У Ліханаве ўжо ведалі пра паўстанне. Рухлівы маёр Рык першы прыбыў у Пасольск.
Там яшчэ ніхто не ведаў пра выбухлы бунт. Рык адразу выслаў свайго паручніка фон Керна ў Ліханава, загадаўшы мясцоваму сотніку Панову павысіць пільнасць, прычым паабяцаў сваё прыбыццё. Паноў аднак не паверыў у перасцярогу.
- Павярніце галовы. Няма ніякага паўстання. Палякі ніколі на гэта не адважацца!
Тым не менш, чакаючы на хуткае прыбыццё вышэйшага начальства (маёра), сотнік загадаў сваім людзям... пачысціць боты, а сам узяў паручніка фон Керна пад руку і пайшоў з ім на шпацыр у кірунку возера, каб убачыць акурат тады маючы прыбыць карабель.
Не паспелі яны аднак аддаліцца ад станцыі больш, як на колькі сот метраў, калі раптам былі аточаны аддзелам паўстанцаў.
- Рукі ўверх, бо будзем страляць, - раздаліся галасы палякаў.
Тады нарэшце Паноў згадзіўся з думкай, што паўстанне, не гледячы на яго заключэнні, усё-такі выбухнула.
Удалося яму аднак уцячы ў поле. Паўстанцы не звярталі на яго лішне вялікай увагі, і ўсе кінуліся да будынкаў станцыі. Падафіцэр Іваноў, які там знайходзіўся загадаў салдатам зарадзіць карабіны. Усе схаваліся ў будынку і пачалі праз вокны адстрэльвацца, а неўзабаве далучыўся да іх паручнік Керн, які ўскочыў у будынак праз акно. Ён адразу прыняў кіраўніцтва над абложанымі расейцамі.
Частая страляніна трывала праз паўгадзіны. Прыцягнула яна да Ліманава як іншыя паўстанцкія аддзелы, так і расейскі атрад.
Маёр Рык не затрымаўся надоўга ў Пасольску. Неўзабаве вярнуўся са сваім атрадам на параход, які завёз яго ў Прорву. Тут высадзіўся і накіраваўся да Ліханава, адкуль даходзіў водгук страляніны.
Набліжаючыся да станцыі Рык раптам заўважыў, як з лесу выскачыў конны аддзел паўстанцаў лікам каля 30 чалавек. Спяшаўся ён на дапамогу акружаўшым станцыю. Паўстанцы, убачыўшы моцны, добра ўзброены атрад расейцаў, адразу зніклі назад у гушчар лесу. А Рык рушыў у далейшы шлях да Ліханавай.
Прыбыў акурат у пору. Становішча абложаных было роспачлівае.
Паўстанцам удалося падпаліць сцены дома. Расейцам агонь ужо моцна дакучаў, пачалі ўжо задыхацца ад дыму. Мелі намер выскачыць з дому цераз вокны, не гледзячы на тое, што траплялі пад прыцэльныя стрэлы палякаў.
Калі абложнікі ўбачылі аддзел Рыка, мусілі адступіць. Толькі тады фон Керн і яго таварышы па чарзе выскачылі з пылаўшага будынка і такім чынам былі ўратаваныя ад вернай смерці.
Агонь аднак дашчэнту знішчыў станцыйны дом і ўвесь склад.
Зарыва пажару было відно нават у Пасольску, адаленым ад Ліханава на 25 вёрст.
Паніка і дэмаралізацыя
Там у Пасольску панавала ўжо праз пару гадзін моцнае ўзрушэнне. Раптоўнае прыбыццё атрада маёра Рыка раніцай, вестка пра паўстанне, якое выбухнула і развівалася ў найбліжэйшым суседстве з горадам, неадкладнае выступленне Рыка - усё гэта спарадзіла неспакой. Мясцовы лавачнік заклікаў людзей да барацьбы з "нашэсцем палякаў".
Калі неўзабаве разлегліся гукі выстралаў, а потым ўбачылі пажар, паніка дасягнула вяршыні і жыхары пачалі ратавацца ўцёкамі: багацейшыя сядаліся на параход або паруснік і спяшылі на другі бераг Байкала ў Іркуцкую губерню, іншыя, бяднейшыя, уцякалі ў лес, забіраючы з сабой усе пажыткі: жменька адважных схавалася ў манастыры. Пастанавілі бараніцца там да смерці. Прынеслі стрэльбы, сякеры, калы. Выбралі асобныя келлі, якія мелі служыць сховішчам у выпадку, калі б палякі ўзялі браму. Тыя келлі забарыкадавалі і перанеслі ў іх мясцовы тэлеграфны апарат.
Аднак тым не менш абаронцы не верылі, што ўдасца адбіць атаку палякаў. Тым больш, што пагалоскі, якія кружылі ў горадзе, адна страшнейшая за другую, прадстаўлялі паўстанне, як сілу непераможную.
Нажаль, падобная паніка паўстала і сярод паўстанцаў. Знайшліся сярод іх сапраўдныя баязліўцы, якія пры першых стрэлах абвялі.
Сутычка пад Ліханавым, у якой паўстанцы мелі 3 параненых, яшчэ павялічыла паніку сярод менш вытрывалых. Разышлася пагалоска, што прыбыў цэлы полк казакаў. Частка паўстанцаў адмовілася ад удзелу ў далейшых баях. Узнікла цяжкая сітуацыя. Кіраўнічая група сабралася на спецыяльную нараду. Справа ішла пра тое, каб вырашыць, што рабіць далей.
Думкі падзяліліся.
Вывады Цалінскага былі наступныя:
- Ніхто не будзе мабыць абвінавачваць мяне ў баязлівасці, - сказаў ён. - Але адвага - гэта адна рэч, але аб'ектыўная і прадбачлівая ацэнка становішча - гэта другое. Не будзем абманвацца - ужо цяпер мы на шмат слабейшыя ад супраціўніка. І яго сілы з гадзіны на гадзіну толькі павялічваюцца, у той час, калі нашыя растаюць.
- Дык што, здацца?
Ніколі! Лепш загінуць.
- Тады што?
- Прапаную распусціць усе аддзелы і арганізаваць уцёкі. Край вялікі, і не цяжка ў ім схаваццца. Зрэшты, на колькі гэта будзе мажлівым, асобныя групкі маглі б падтрымліваць паміж сабой кантакт і ўзаемна адна другой дапамагаць.
- Уцякаць трэба, але не такім спосабам, - узяў слова Шарамовіч. Войска акружыла нас ужо з усіх бакоў. Пакуль сумеем раздзяліцца, нас пераловяць. Не забывайце, што змабілізавана ўсё мясцовае насельніцтва. А бураты знойдуць нас усюды. Ніхто не вырвецца.
Зрэшты, без дапамогі буратаў згінем з голаду. Правіянт мы зможам здабыць па вёсках толькі сілай. А для таго зноў патрэбна той сілы болей. Калі некалькі з нас пойдзе ў вёску па ежу, нас па-просту звяжуць і выдадуць расейцам.
Шарамовіч перапыніўся, на хвілю спыніўся, потым скончыў сваю думку.
- Раздзеленыя на малыя групкі, мы згінем і зусім дарэмна. Вылавяць нас усіх па чарзе. А мы будзем ужо супраць іх бяссільныя і не сумеем нават даць адпор.
Таму гавару: трымацца разам. Змагацца за перамогу! Усіх не заб'юць, усіх не засудзяць на смерць - хіба толькі нас, але мы і так ужо не маем што траціць! А для здабыцця маем свабоду. Пракрасціся не патрафім, але прабіцца можам! Вытнем неспадзявана па нейкі слабы пункт у коле атачыўшых нас ворагаў, прарвём той ланцуг, і тады дарога да мяжы будзе для нас адкрытая.
Паўтараю тое, што казаў войску на аглядзе. Заваюем сабе зброяй свабоду або слаўную смерць!!!
Не цяжка прадбачыць было, які будзе вынік галасавання. За прапанову Цалінскага падалі толькі два галасы. Астатнія выказаліся за план Шарамовіча.
Яшчэ ў той жа вечар начальнік загадаў арыштаваць 22 чалавекі з мурынскай партыі за пашырэнне страху.
Энергічная пазіцыя Шарамовіча зноў вярнула аслабленую папярэднімі выпадкамі дысцыпліну ў шэрагах паўстанцаў.
Бітва над рэчкай Быстрай
Сілы маёра Рыка павялічыліся ў два разы. Злучыўся з ім свежа прыбылы атрад паручніка Лаўрэнцьева. Разам выступілі браць Мішыху.
Тут жа перад пасёлкам каля рэчкі Быстрай дайшло да зацятага бою. Падпільноўваў іх там паўстанцкі аддзел. Перастрэлка не цягнулася доўга. Пасля кароткага абмену стрэламі, абодва бакі кінуліся ў рукапашны бой.
Густы лес, поўны пнёў і паваленых дрэваў, скоўваў свабоду рухаў. Змрок ужо апускаўся. Баяры не бачылі адзін другога. Не крычалі, як гэта звычайна бывае пры рукапошным баі. Біліся беззапаветна, з заціснутымі зубамі. Часамі толькі прыглушаны енк або водгук падаўшага цела парушаў цішу.
"Бачачы, што левае крыло расейцаў знайходзіцца пад моцным націскам" , - пісалі потым "Губернскія ведамасці, - паручнік Порахаў кінуўся туды на дапамогу, клікнуўшы за сабой дабраахвотнікаў. Адразу з двума салдатамі ён быў акружаны 10 ці 12 чалавекамі. Адзін салдат адразу ўпаў паранены ў бок (зрэшны, не моцна). Порахаў і падафіцэр біліся далей. Порахаў некалькі разоў выстраліў з пісталета, выцягнуў шаблю і распластаў ёю галаву аднаму паўстанцу. Але атрымаўшы шэраг ран, прабіты ззаду пікай, якая трапіла яму ў лёгкае, упаў. Гэтак жа і падафіцэр быў цяжка паранены.
Абложаныя ў тайзе
Баі ішлі некалькі тыдняў. Калі на поле бою прыбыў начальнік штаба генерал Кукіль, ён адразу загадаў сабраць усе расейскія сілы. Пачалася планавая пагоня за ўцекачамі.
А тыя былі падзяліліся на дзве групы. Адна заставалася пад камандай Цалінскага, другой кіраваў Шарамовіч. Становішча іхняе было безнадзейнае. Урадавыя войскі, якія перавышалі сілы паўстанцаў шматкратна па колькасці і па ўзбраенні, аблажылі ўсе выхады з ваколбайкальскай тайгі і з байкальскіх гор і патрулявалі. Меншыя лятучыя атрады перашуквалі ўвесь абшар, заходзячы не раз з правадніком на 100 вёрст у глыб пушчы. Атрады тыя вылоўлівалі адзіночных паўстанцаў, якія адарваліся ад сваіх і блудзілі ў лесе.
Польскія аддзелы былі запячатаны ў тайзе, як у пастцы. Яны таксама блукалі па велізарным лесе, шукаючы месца, цераз якое маглі б вырвацца з кола варагаў.
Найгоршыя былі вечары. Вогнішчаў нельга было паліць, каб не прывабіць ворага. Уся партыя, вымучаная цэладзённым бясплённым блуканнем па лесе, клалася на зямлю спаць. Але, не гледзячы на змучанасць, сон не прыходзіў. Усіх хвалявала вялікае пытанне: "Што будзе заўтра?" Калі ўсё гэта скончыцца і як?"
У дадатак лес быў поўны агідных ядавітых насякомых. Вечарамі распачыналі яны свае напады. Неўзабаве ўсе паўстанцы мелі твары апухлыя ад укусаў камароў і мух.
Паволі пачалі вычэрпвацца і так скупыя запасы. У сібірскіх лясах амаль нічога нельга было знайсці для яды. Нічога не ўдавалася таксама ўпаляваць. У шэрагах паўстанцаў пачаў пашырацца голад. Падзяліліся на меншыя групкі па 10-15 чалавек, якія прачэсвалі ўвесь лес у пошуках хоць чаго, што б гадзілася ў ежу - дарэмна.
Паступова нават наймацнейшыя духам пачалі траціць надзею. Усіх агарнула чорная роспач.
- Няхай ужо раз прыйдзе канец.
- Бо не для таго паўста-валі, каб здохнуць з голаду.
І паасобныя групы па-чалі выходзіць да бурацкіх вёсак, каб там купіць або сілай здабыць прадукты. Але там пільнавалі іх ужо пераважна расейскія атрады. Паўстанцы адчайна біліся да апошняга або ўжо зусім абыякавыя не аказвалі ніякага супраціву, дазваляючы расейскім салдафонам рабіць з сабой усё, што ім падабалася.
Тым не менш рэшткі паўстанцаў змагаліся з цяжкасцямі з жалезнай вытрымкай. Яшчэ 9 ліпеня вялікая група паўстанцаў спрабавала са зброяй у руках прарвацца да кітайскай мяжы. Паўстанцы занялі бурацкую вёску Арманту, запасліся тут прадуктамі. Бураты паднялі па трывозе блізкі расейскі патруль. Прыбыўшы атрад харунжага Гуськова сутыкнуўся з паўстанцамі над ракой Іто. Бой працягваўся не доўга. Адпачыўшыя салдаты лёгка перамаглі змучаных паўстанцаў, расейскія карабіны ўзялі верх над косамі палякаў.
Усіх узялі ў палон. У тым аддзеле знайходзіліся Шарамовіч і Цалінскі. Шарамовіч не жадаючы нарвацца на здзекі і пераслед разбэшчаных салдафонаў не адкрыў свайго прозвішча. Выявілі яго толькі ў Іркуцку.
Найдаўжэй пратрымаўся выведвальны аддзел. Камандаваў ім Эдвард Вронскі. Аднак неўзабаве ён пакінуў таварышаў, здаўшыся ў рукі маскалёў. Тады на чале аддзела стаў энергічны Каткоўскі. Цэлыя два тыдні той аддзел блудзіў па тайзе. Цалкам вычарпаныя выйшлі паўстанцы на гасцінец і тут трапілі ў рукі казакаў пад камандай Гусева. Ужо не былі здольныя для аказання хоць якога супраціву.
Здача Каткоўскага - апошні акорд паўстання. Начальнік штаба генерал Кухель выслаў у той жа дзень тэлеграму ў Пецярбург наступнага зместу: "Дзякуючы хуткім і энергічным крокам, а таксама мужнасці расейскага салдата паўстанне было сёння канчаткова задушана."
Страты ў людзях былі наступныя: з урадавага боку - 6 трупаў, з боку паўстанцаў - 22. Параненых не лічылі.
Перад судом
24 кастрычніка 1866 года начальнік артылерыі Усходняй Сібіры Г.М. Саф'яно адкрыў першае паседжанне палявога суда над ссыльнымі палякамі.
З 718 ссыльных, якія працавалі на ваколбайкальскім тракце, перад судом сталі 680. з пазасталых 38 - 22 былі за-бітыя, 2 цяжка параненыя, 2 судзілі за крадзёж, 2 - проста за ўцёкі (былі гэта тыя два палякі, чые ўцёкі разам з крадзяжом карабінаў прыспешылі выбух паўстання). Нарэшце 10 наогул нельга было знайсці.
"Грамадская думка суд вельмі мала турбавала. Грамадскасць на судзе была добра падабрана - адны афіцэры або чыноўнікі: яны пачыналі хадзіць на зале, размаўляць са знаёмымі і жартаваць. А там, перад судом вырашаецца лёс соцень людзей. Разыгрываецца перадапошні акт адной з найвялікшых, найбольш памятных трагедый нашага краю".
Так пісаў у пецярбургскіх "Біржавых ведамасцях" іхні іркуцкі карэспандэнт да вялікага незадавальнення генерал - губернатара.
Кім быў той адзіны ў судовай зале чалавек, які ўсім сэрцам, усёй душой быў на баку абвінавачаных, які не прыйшоў для таго, каб пазабавіцца відовішчам людзей, якія роспачліва змагаліся за сваё жыццё, але які сціскаў кулакі ад гневу і абурэння.
Быў гэта не хто іншы, як князь Пётр Крапоткін, слаўны пазней ва ўсёй Еўропе правадыр анархістаў. У той час быў ён чыноўнікам па асобых даручэннях пры генеральным губернатары Ўсходняй Сібіры. Як такі, быў чужы на ўсім працэсе.
"Для мяне , - пісаў пазней Крапоткін у сваіх знакамітых "Запісках рэвалюцыянера", - і для майго брата паўстанне было навукай. Суд сам, сваёй бяздушнасцю і перадузятасцю зрабіў на нас велізарнае, надзвычай гнятлівае ўражанне і стаўся бадай што паворотным пунктам у нашым жыцці. Брат мой Аляксандр знаходзіўся ў Іркуцку, і яго сотня была выслана супраць палякаў. На шчасце камандзір палка, у якім служыў мой брат, ведаў яго добра і меў на яго спецыяльныя віды: даручыў з нейкай прычыны каманду над атрадам іншаму афіцэру. Іначай Аляксандр, канешне, адмовіся б выконваць загад. Калі б я тады знайходзіўся ў Іркуцку, паступіў бы, канешне, так сама. Мы вырашылі адмовіцца да вайсковай службы і вярнуцца ў Еўрапейскую Расію".
Крапотніку мы ўдзячныя таксама за найважнейшыя звесткі пра сам ход паўстання.
Ход працэсу
Увесь судовы працэс быў сапраўднай камедыяй.
Выступалі адзін за другім падстаўныя сведкі - афіцэры, салдаты прымушаныя мужыкі. Яны даводзілі, што паўстанцы былі людзьмі пазбаўленымі ўсякага гонару, якія прагна хапалі ўсё, што ім трапляла пад руку, вылюдкамі, шкурадзёрамі і г.д.
Паўстанцы ў час следства і суда наогул паказвалі моцны характар і не выдавалі сваіх кіраўнікоў. Не выдалі таксама нікога з таварышаў. З правадыроў толькі малады Каткоўскі і яшчэ малодшы Вронскі не вытрымалі катаванняў агнём. Хочучы ўратаваць сваё жыццё, звальвалі ўсю віну на Шарамовіча, які іх як бы змусіў да ўдзелу ў паўстанні і да заставання ў шэрагах. Абвінавачвалі таксама Цалінскага і іншых, як арганізатараў змовы. Вронскаму тое "раскаянне" на столькі дапамагло, што выратавала ад смяротнага выраку, Каткоўскі аднак не пазбег кулі.
Як жа прыгожа і ярка адрозніваецца ад тога ўпадку духу ў маладых і недасведчаных паўстанцаў гарт і мужная пазіцыя Ільяшэвіча і Шарамовіча.
Густаў Шарамовіч узяў усю віну на сябе. Высокі, прыгожы, малады адважна глядзеў у вочы сваім катам. Ва ўзрушанай прамове абмаляваў усю нядолю ссыльных, іх цяжкае безнадзейнае жыццё. Далей пачаў гаварыць пра вечную тугу аб свабодзе, якая напаўняе сэрца кожнага паляка.
- Таго агню не мог патушыць у Польшчы Мураўёў Вешальнік, не патушыце яго і вы з вашымі смяротнымі выракамі. Мы, арганізатары і правадыры паўстання сведчым тут, перад уласным сумленнем, што не зрабілі нічога, што хоць у найменшай меры заслужвала б на пакаранне.
Сярод магільнай цішы, якая запанавала пасля той прамовы ўзяў слова Ільяшэвіч:
- Ведаю, што калі Бянёўскі ўцёк з Камчаткі з чатырма камчадаламі - праваднікоў, камчадалаў тых потым злавілі і вывезлі ў Расію. Даведаўшыся, што тыя няшчасныя ўсыхаюць у далечыні ад Бацькаўшчыны, Кацярына ІІ адаслала іх у родны край. Было гэта 18 стагоддзе: ці ж цяпер, калі ўсе паняцці змяніліся, утопіце мяне за спробу пошуку свабоды?
Будзеце мяне судзіць перад вачыма ўсёй Расіі, перад вачыма Еўропы, голас народа вынесе з часам прыгавор на вашыя ўчынкі. А кроў прыгавораных упадзе на голавы вашыя і дзяцей вашых!!!
Пракурор мае слова
На тым, з усіх поглядаў, арыгінальным працэсе апошняе слова мелі не абвінавачаныя, а .... пракурор.
- Высокі суд! - прамовіў ён. - Справа, якую мы разглядаем, не мае сабе роўнай у гісторыі судаводства ў Сібіры. Але і злачынства, якое ўчынена, не мае сабе роўных у гісторыі нашага ўсходняга краю. Гэта першы ў Сібіры яўны бунт супраць ураду Расеі і Найсвяцейшага Трона! Людзі, якіх суровая кара мела аздаравіць і з іх душ раз на заўсёды выкараніць злыя інстынкты, дадалі тут яшчэ большае злачынства.
Тут пракурор апісаў ход паўстання, пасля чаго закончыў:
- Жадаю найсуровейшай кары для ўсіх правадыроў паўстання. Кроў нашага героя, с.п. паручніка Порахава просіць помсты ў неба. Але няхай і пазасталыя вінаватыя не пазбегнуць справядлівай, строга караючай рукі Божай!
Прыгавор
9 лістапада старшыня суда Г.М. Саф'яно прачытаў урачыстым голасам наступны прыгавор:
"Палявы суд у Іркуцку прызнае Ваколбайкальскае паўстанне за бунт, ці за паўстанне і змову многіх падданых супраць манарха і дзяржавы, спалучаныя з учынкамі гвалту.
Суд пастанаўляе пакараць усіх удзельнікаў паўстання стасоўна да іхняй віны, а менавіта:
Семярых галоўных кіраўнікоў, г. зн. Густава Шарамовіча, Нарцыза Цалінскага, Якуба Райнера, Уладзіслава Каткоўскага, Казіміра Арцімовіча, Леапольда Ільяшэвіча і Эдварда Вронскага прыгаварваю да смерці праз расстрэл.
Вінаватых ва ўдзеле ў сутычках і ў выправе да кітайскай мяжы ў колькасці 197 чалавек прыгаворваю: кожнага дзесятага, указанага лёсам, да расстрэлу(!), а рэшту да ста бізуноў і безтэрміновых работ у шахтах.
122 ссыльных, якія далучыліся са зрояй у руках да паўстання, але пазней падчас пераследу адступілі ад яго прыгаварваюцца да цялесных пакаранняў і ўзмацнення катэгорыі пакарання адносна тых, да якіх былі прыгавораны першапачаткова.
78 ссыльных, прызнаюцца за моцна падазраваных ва ўдзеле ў бунце, і на іх распаўсюджваецца строгая апека ў вязніцы.
Астатнія вызваляюцца ад віны.
Акрамя таго прыгаворам палявога суда асуджаныя маюць уласным коштам пакрыць усе шкоды, нанесеныя мясцовым людзям і дзяржаве ў памеры 44407 руб. 85 кап."
Губернатар пазней памілаваў прыгавораных да смерці: Арцімовіча, Ільяшэвіча і Вронскага, ім кара была заменена на пажыццёвую катаргу. Пастанавіў таксама не праводзіць лёсавання для расстрэлу кожнага дзясятага асуджанага з ІІ катэгорыі. Ва ўсім іншым прыгавор зацвердзіў, прымяніўшы нават у адносінах да паасобных асуджаных шэраг узмацненняў кары.
Смерць герояў
18 лістапада смяротны прыгавор прывялі ў выкананне. Была марозная імглістая раніца. На пляцы за Якуцкай рагаткай сабраўся ўвесь горад: экзекуцыя мела быць публічнай.
Першы сышоў з воза асуджаных Шарамовіч. Падышоў да яго ксёндз Крыштаф Швярніцкі, пробашч каталіцкага касцёла ў Іркуцку, сам некалі асуджаны за ўдзел у змове Шымона Канарскага. Ксёндз быў белы, і рукі яго дрыжалі: бачачы гэта, Шарамовіч сказаў:
- Ойча, заміж таго, каб нас падмацаваць духам Божым і дадаць нам мужнасці ў астатнюю хвілю, сам падаеш духам і патрабуеш бадзёрасці: рука твая, якая мае даць нам дабраславенства на адход у вечнае жыццё, дрыжыць. Супакойся і маліся не за нас, але за будучыню Польшчы. Нам усяроўна, дзе маем палегчы за Бацькаўшчыну: у сябе ў краі, ці тут, на выгнанні. Думка, якая была нам зоркай праводнай, не згіне і пасля нас. Вось што ўма-цоўвае і суцяшае.
Сказаўшы гэта, Шарамовіч абняў пазасталых таварышчаў і смелым крокам падышоў да аднаго з чатырох убітых у семлю слупоў.
І хвіліну, калі накладалі на яго смяротную кашулю, зняў з галавы шапку і падкінуў яе ўгору з воклічам:
- Яшчэ Польшча не згінула!
Былі гэта яго апошнія словы. Праз хвіліну раздаўся залп: мёртвае цела жалезнага правадыра, нязгіннага змагара за свабоду з глухім енкам упала на землю.
Пасля Шарамовіча расстралялі пазасталых трох асуджаных. Адзін толькі з іх Каткоўскі не вытрымаў і расплакаўся. Калі яго аднак прывялі да палі, знайшоў у сабе моц духу і адважна паглядзеў у твар сваім катам. Памёр са словам "Свабода" на вуснах.
Паляк, якога лёс закіне можа калі ў Іркуцк, без цяжкасці знойдзе крыжы і помнікі з надпісам: "Ветэран - паўстанец 1863 г.".
На адной з такіх магіл, якая знайходзіцца тут пры паркане, чытаем наступныя словы:
"У 1863 годзе змагаўся за Айчыну, волю і братэрства. Не ўбачыў Айчыны пры жыцці, загінуў за родную зямлю, жадаючы бачыць яе шчаслівай і вольнай..."
З 1967 года ў Іркуцку ёсць вуліца Польскіх Паўстанцаў, названая ў гонар паўстанцаў 1866 года.
Вуліца Польскіх Паўстанцаў (былая Спаская, Семінарская, Транспартная) - вуліца ў Правабярэжнай акрузе горада Іркуцка, адна з цэнтральных і найстарэйшых вуліц горада. Размешчана ў гістарычным цэнтры паміж паралельнымі ёй вуліцамі Ніжняя Наберажная і Рабочая, пачынаецца ад скрыжавання з вуліцай Сухэ-Батара, заканчваецца скрыжаваннем з вуліцай Снежаньскіх Падзей.
У 1782 годзе на вуліцы Спаскай быў пабудаваны будынак Іркуцкай духоўнай семінарыі. Вуліца пачала звацца Семінарскай.
У 1920-х гадах вуліца Семінарская была пераназвана ў вуліцу Транспартную.
У 1967 годзе вуліца Транспартная была пераназвана ў вуліцу Польскіх Паўстанцаў у памяць пра Ваколбайкальскае паўстанне 1866 года.