Галоўнымі зьнешнімі фактарамі, што на працягу многіх стагодзьдзяў перашкаджалі ўстанаўленьню беларускай дзяржаўнасьці былі, з аднаго боку, расейскі, а з другога - польскі імпэрыялізм. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі i Кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту 1917 г., распачатай грамадзянскай вайны моц старой дзяржаўнай машыны Расеі ў значнай ступені была падарваная, што на пэўны час аслабіла імпэрыялісцкія памкненьні ўсходняга суседа Беларусі.
У іншым становішчы знаходзілася Польшча. Аднавіўшы сваю незалежнасьць, яна перажывала нацыянальны ўздым. Але разьняволеная энэргія польскага грамадзтва пачала выкарыстоўвацца ня толькі ў справе ўмацаваньня сваёй дзяржаўнасьці, на карысьць свае культуры i асьветы, а i ў мэтах экспансыянісцкіх - заняволеньня іншых народаў. Хутка быў забыты той час, калі самыя палякі стагналі над іншаземным гнётам i разам зь іншымі падняволенымі народамі Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы змагаліся за вольнае жыцьцё над лёзунгам: «За нашу i вашу волю!» Ужо ў 1918 г. польскі імпэрыялізм, які падняў галаву, пачаў плянаваць узнаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., што азначала б далучэньне да Польскай дзяржавы беларускіх этнічных земляў. Праўда, у адрозьненьне ад польскіх правых партыяў, якія выступалі за ўнітарную дзяржаву, польскія сацыялістыя праз гэтак званую «фэдэралісцкую канцэпцыю» Язэпа Пілсудзкага дэкляравалі права беларусаў, украінцаў, літоўцаў на свабоднае нацыянальнае разьвіцьцё ў рамках вуніі (фэдэрацыі) з Полыцчай. Як паказалі далейшыя падзеі, гэтая ідэя была разьлічаная на тое, каб увесьці ў зман беларускі i іншыя народы, дэзарганізаваць ix супраціўленьне польскім акупантам i такім чынам зь меншымі намаганьнямі ўсталяваць сваё панаваньне над імі.
Абапіраючыся на ваенную i палітычную падтрымку Антанты, увесну 1919 г. польскія легіёны рушылі на Беларусь. Не сустракаючы сур'ёзнага супраціўленьня з боку бальшавіцкіх войскаў, палякі ўвосень выйшлі на лінію Дзьвінск - р. Заходняя Дзьвіна - Лепель - р. Бярэзіна - р. Прыпяць ды авалодалі большай часткаю беларускіх земляў. У выніку польскай інтэрвэнцыі фактычна спыніла сваё існаваньне Літоўска-Беларуская ССР. 22 красавіка 1919 г. начальнік Польскай дзяржавы Пілсудзкі зьвярнуўся з адозваю «Да жыхароў колішняга Вялікага Княства Літоўскага», у якой запэўніваў беларускі народ, што польскія жаўнеры прыйшлі на Беларусь дзеля яе вызваленьня ад бальшавізму i што беларусам будзе дадзеная магчымасьць «а безь ніякага гвалту ці націску з боку Польшчы вырашаць свае унутраныя нацыянальныя i рэлігійныя справы». У крывадушнасьці гэтых словаў беларускі народ хутка змог пераканацца. На захопленай тэрыторыі быў усталяваны жорсткі акупацыйны рэжым. Былі разагнаныя мясцовыя органы самакіраваньня - сялянскія рады, раззброеныя аддзелы самааховы i народнай міліцыі, якія баранілі беларускія вёскі i мястэчкі ад польскіх бандаў з канца 1918 г. перад адыходам нямецкіх войскаў. У той жа час польскія ўлады не перашкаджалі ўзнаўленьню земстваў на Беларусі, бо тыя, у адрозьненьне ад сялянскіх радаў, не закраналі эканамічных інтарэсаў тутэйшых польскіх памешчыкаў, стаялі на антыбеларускіх пазыцыях i выступалі супраць беларускай дзяржаўнасьці. Непасільным цяжарам для беларускага селяніна сталі рабаўнічыя ваенныя рэквізыцыі i розныя прымусовыя працы на карысьць польскага войска. Усіх, хто супраціўляўся акупантам, чакала турма альбо расстрэл без суда i сьледзтва. На мясцох хутка стваралася цывільная адміністрацыя з тутэйшых прапольска настроеных памешчыкаў, чыноўнікаў, прадстаўнікоў праўрадавых арганізацыяў «Стражы Крэсовай», Камітэта абароны крэсаў ды іншых, што змагаліся за далучэньне беларускіх земляў да Польшчы, вербавалі дабрахвотнікаў у польскае войска, баранілі інтарэсы мясцовых польскіх землеўласьнікаў. Польская акупацыя выклікала масавае супраціўленьне беларускага народа: стыхійна ствараліся партызанскія аддзелы, выбухалі антыпольскія выступленьні i паўстаньні. Учынены палякамі тэрор прыводзіў да крайняй радыкалізацыі народных масаў, што давала добрую глебу для распаўсюджваньня бальшавіцкай прапаганды. Нельга аспрэчваць той факт, што значная доля партызанскіх аддзелаў i падпольных груповак ці непасрэдна кіравалася, ці знаходзілася пад уплывам бальшавікоў.
Напярэдадні польскай акупацыі беларускі нацыянальны рух з-за палітычных рознагалосьсяў быў расколаты i разьяднаны. Яго палітычны цэнтар - Рада БНР - ужо з канца 1918 г. не станавіў сабою цэласнай арганізацыйнай структуры i фактычна існаваў толькі на паперы. Старшыня кабінэту міністраў БНР Антон Луцкевіч у гэты час быў у Парыжы, а пасьля - у Варшаве, дзе дыпляматычнымі захадамі дамагаўся ад сусьветнага супольніцтва, i найперш ад Польшчы, прызнаньня Беларусі як сувэрэннай дзяржавы. Але з-за пазыцыі польскага ўраду i незацікаўленасьці вядучых эўрапейскіх краінаў i ЗША у беларускім пытаньні, беларускі прэм'ер, нічога не дамогшыся, аказаўся ў палітычнай ізаляцыі. Пад уплывам красавіцкай заявы многія беларускія дзеячы пайшлі на супрацоўніцтва з палякамі, спадзеючыся зь ix дапамогаю зьдзейсьніць ідэю незалежнасьці Беларусі. Яны забылі, аднак, адну аксыёму: ніводны акупант яшчэ нікому дабрахвотна волю не дараваў. Усе намаганьні польскіх уладаў былі скіраваныя на задушэньне беларускага нацыянальнага руху. Напачатку 1919 г. у Горадні былі расфармаваныя два беларускія пяхотныя палкі i кавалерыйскі эскадрон, падначаленыя Радзе БНР. Выкарыстоўваючы цяжкае матэрыяльнае становішча беларускага насельніцтва, агенты «Стражы Крэсовай» праз эпізадычную дапамогу харчаваньнем, грашыма, адзеньнем дамагаліся ад беларусаў зрачыся ідэі незалежнасьці бацькаўшчыны. У валасьцёх i паветах крэсаўцы арганізоўвалі зьезды i гэтак званый «свабодныя плебісцыты», дзе праз грубыя парушэньні дэмакратыі праводзілі лінію на далучэньне беларускіх земляў да Польшчы. У гэтым ім дапамагаў касьцёл у раёнах кампактнага пражываньня каталіцкага насельніцтва. Побач з палітычным i эканамічным уціскам польскія акупанты вялі адкрытую барацьбу супраць беларускай школы i асьветы. У 1919 г. палякамі была зачыненая Будслаўская беларуская гімназія; са сваіх будынкаў выстаўленыя на вуліцу Менскі Беларускі пэдінстытут, Горадзенская беларуская агульнаадукацыйная прагімназія; у цяжкіх матэрыяльных варунках дзейнічалі Слуцкая i Віленская беларускія гімназіі. Прыпынілі дзейнасьць, не дачакаўшыся грашовых супсыдыяў, Нясьвіская i Барысаўская настаўніцкая сэмінарыі, якія былі ўжо падрыхтаваныя да беларусізацыі. Са 150 беларускіх школак, якія існавалі на Віленшчыне i Горадзеншчыне яшчэ ў нямецкую акупацыю, дзякуючы польскай палітыцы, к восені 1919 г. захавалася ня болей 20; вышукваліся i разганяліся нелегальныя беларускія школы, што існавалі на кошт сялянаў. Замест беларускай школы насаджалася польская, а дзе народ байкатаваў яе, палянізатары ахвотна йшлі на аднаўленьне расейскай альбо расейска-польскай школы (з абавязковым выкладаньнем польскай мовы), толькі б беларускія дзеці не навучаліся на сваёй роднай мове. Тых жа настаўнікаў-беларусаў, якія ўпарта не жадалі вучыць дзетак па-польску ці па-расейску, польская адміністрацыя звальняла або адмаўляла ў грашовым утрыманьні, чым асуджала ix на жабрацтва i галодную сьмерць. Не пушчалася беларуская мова i ў афіцыйныя ўстановы на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Дакуманты, прашэньні i заявы, пісаныя па-беларуску, польскімі чыноўнікамі не прымаліся на разгляд; прызначаныя для насельніцтва абвесткі i адозвы, афіцыйныя шыльды, блянкі i пячаткі рабіліся толькі на польскай мове. У тых установах, дзе працавалі беларусы (пошта, тэлеграф, чыгунка ды інш.), польская адміністрацыя патрабавала весьці справаводзтва па-польску.
Палітыка гвалту i тэрору супраць беларускага народу павярнула многіх беларускіх палітыкаў у апазыцыю да польскага рэжыму. Беларускія эсэры i сацыял-фэдэралістыя к лету 1919 г. адкрыта выступілі супраць акупантаў. Пад уплывам прадстаўнікоў гэтых партыяў беларускі зьезд Віленшчыны i Горадзеншчыны (9-10.6.1919, Вільня) пацьвердзіў вернасьць ідэі незалежнасьці Беларускай Рэспублікі, выказаўся супраць вуніі Беларусі з Польшчай, выступіў за стварэньне беларускага войска, за шырокае разьвіццё беларускай школы, асьветы, друку, за беларусізацыю касьцёла i царквы. Зьезд патрабаваў ад польскага ўраду хутчэйшага аднаўленьня дзейнасьці Рады БНР. На форуме была абраная Цэнтральная Беларуская Рада Віленшчыны i Горадзеншчыны на чале з эсэрам К. Дуж-Душэўскім. Каб нэўтралізаваць антыпольскі кірунак Віленскай Рады, польскія ўлады разам зь некаторымі ўступкамі беларусам значна ўзмацнілі супраць беларускіх арганізацыяў палітычны i бюракратычны ўціск. З аднаго боку, былі выдзеленыя грошы на дзейнасьць 1-х i 2-х Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсаў, а з другога - зь яшчэ большай упартасьцяй зьнішчалі беларускія школы на вёсках i мястэчках Віленшчыны i Горадзеншчыны. У жніўні 1919 г. Пілсудзкі даў згоду на стварэньне пры Цэнтральнай Радзе Віленшчыны i Горадзеншчыны Беларускай вайсковай арганізацыі (пазьней - Беларуская вайсковая камісія) на чале з Паўлам Алексюком i на фармаваньне першых беларускіх батальёнаў пад камандаваньнем палкоўніка Гасана Канапацкага. Але на справе палякі не жадалі стварэньня сапраўднага Беларускага войска - атрыбута незалежнай Беларускай дзяржавы. Непасрэдна знаходзячыся пад падпарадкаваньнем польскай ваеннай адміністрацыі, БВК фактычна была пазбаўленая магчымасьці самастойна фармаваць беларускія ўзброеныя адзінкі. Тыя маладыя беларусы, якія былі адпраўленыя ў Варшаву на вучобу ў школу харужых, так i ня трапілі ў беларускае войска. БВК палякі выкарыстоўвалі як шырму дзеля прыкрыцьця сваіх анэксіянісцкіх плянаў. Шляхам палітычных інтрыгаў i бюракратычных перашкодаў, нярэдка выкарыстоўваючы арышт нежаданых, душачы свабодны беларускі друк, польскія акупацыйныя ўлады дзе паралізавалі, а дзе i падпарадкавалі свайму уплыву дзейнасьць беларускіх арганізацыяў у заходняй частцы Беларусі. Становішча ня выправілася з прыходам да кіраўніцтва ў Цэнтральнай Радзе Віленшчыны i Горадзеншчыны В. Тарашкевіча. Увосень 1919 г. цэнтар палітычнага i культурнага жыцьця Беларусі перамяшчаецца ў Менск.
Ужо на трэці дзень акупацыі Менска палякамі (10.8.1919) тут утвораны прадстаўнічы орган беларускіх арганізацыяў - Часовы Беларускі Нацыянальны камітэт (ЧБНК). Аснову яго склалі тыя беларускія дзеячы, што раней працавалі пры савецкай уладзе: А. Грыневіч, А. Данілевіч, Хв. Бандарчык, Р. Зямкевіч, У. Ігнатоўскі, М. Касьцевіч (Краўцоў), Н. Козіч, Я. Лёсік, I. Луцэвіч (Янка Купала), Ст. Лянкоўскі, Mix. Міцкевіч (Антон Галіна), М. Пашковіч, А. Прушынскі (Алесь Гарун), С. Рак-Міхайлоўскі, Ч. Родзевіч, Я. Фарботка, Я. Шнаркевіч ды інш. Да ix далучылася прадстаўніцтва Беларускай хрысьціянскай дэмакратычнай злучнасьці (БХДЗ): кс. Абрантовіч, Крэпскі, Мірановіч, А. Більдзюкевіч, Пупко, кс. Цікота ды інш. Старшынём камітэта быў абраны Прушынскі, а ягоным заступнікам - У. Ігнатоўскі. Паводле свайго статуту, ЧБНК ставіў за мэту згуртаваньне ўсіх беларускіх арганізацыяў Меншчыны (павятовых нацыянальньіх камітэтаў, саюзаў, таварыстваў, гурткоў) дзеля падняцьця нацыянальнай самасьвядомасьці, духоўнай i матэрыяльнай культуры беларускага народа. Не адхіляючы ідэі канфэдэрацыі (фэдэрацыі) Беларусі з Польшчай, камітэт тым ня менш дамагаўся ад польскіх уладаў папярэдняга прызнаньня незалежнасьці БНР i аднаўленьня дзейнасьці яе Рады. Кіраўнік дэлегацыі ЧБНК у Соймавую камісію Польскай дзяржавы Я. Лёсік у канцы жніўня т. г. заявіў у Варшаве, што Камітэт цьвёрда будзе стаяць на прынцыпах 3-й Устаўной Граматы БНР (Акта 25-га Сакавіка). Адчуваючы няпэўнасьць свайго рэжыму на Меншчыне, польская ўлада ня йшла на адкрытую канфрантацыю з ЧБНК, перашкаджаючы Камітэту пашыраць сваю дзейнасьць на паветы i воласьці. У выніку гэтага ўся работа ЧБНК да канца 1919 г. абмяжоўвалася Менскам i Менскім наветам. Дзеля пашырэньня i разьвіцьця сеткі беларускіх школаў усіх тыпаў, правядзеньня шырокай беларусізацыі асьветы, падрыхтоўкі i выданьня беларускіх падручнікаў 28 жніўня 1919 г. утвораная Беларуская школьная рада Меншчыны на чале з Рак-Міхайлоўскім. Вакол ЧБНК у Менску пачалі гуртавацца асноўныя сілы беларускага руху. У спадзяваньні плённай працы сюды перабіраюцца А. Смоліч, К. Цярэшчарка, Т. Вернікоўскі, Ф. Аляхновіч, Я. Мамонька, С. Некрашэвіч, М. Шыла ды інш. У канцы верасьня (па іншых зьвестках у лістападзе) 1919 г. у Менск пераяжджае Беларуская вайсковая камісія; з бальшавіцкай няволі са Смаленска вяртаюцца В. Іваноўскі i А. Нэканда-Трэпка.
Напрыканцы 1919 г. супярэчнасьці паміж рознымі плынямі беларускага руху пачалі абвастрацца яшчэ больш. На думку Кузьмы Цярэшчанкі (у лістападзе г. г. замест Прушынскага, які засяродзіў сваю дзейнасьць на Вайсковай камісіі, ён узначаліў ЧБНК), яны былі выкліканыя ня столькі палітычнымі разыходжаньнямі, колькі розныііі поглядамі на нацыянальны рух. Погляды хрысьціянскіх дэмакратаў, сацыял-дэмакратаў, асобных членаў партый беларускіх эсэраў i сацыял-фэдэралістых зводзіліся да таго, што, пакуль не назапасяцца культурныя нацыянальныя сілы, шырока не распаўсюдзіцца нацыянальная самасьвядомасьць народа i гэты народ будзе не самаарганізаваны, датуль палітычнае адраджэньне Беларусі немагчымае. Бальшыня эсэраў i сацыял-фэдэралістых трымалася пункту гледжаньня пра магчымасьць безадкладнага выкананьня ўстаўных Граматаў БНР, г. зн. абвяшчэньне Беларусі незалежнай. Дамагаючыся адной галоўнай мэты - сувэрэннай Беларускай дзяржавы, першыя стаялі за мірныя дачыненьні з палякамі, другія - за адкрытую барацьбу зь імі. У такіх варунках неабходна было знайсьці адзіную палітычную лінію, каб стварыць блёк нацыянальных сілаў. На такіх пазыцыях, дарэчы, стаялі Цярэшчанка i Іваноўскі. На жаль, гэтага не адбылося. На лістападаўскай 1919 г. канфэрэнцыі партыі беларускіх эсэраў перамагла «чыстая лінія». Эсэры абвясьцілі сябе гэтак званай «трэцяй сілай», якая змагаецца за нацыянальную незалежнасьць на два фронты: супраць польскіх акупантаў i супраць «імпэрыялістычна-маскоўска-дзянікінскай сілы». Адначасна яны заявілі аб адказе ўзброенай барацьбы супраць бальшавікоў, каторы раз спадзеючыся на тое, што Савецкая ўлада нарэшце пойдзе ім насустрач у стварэньні незалежнай Беларускай сацыялістычнай рэспублікі. На канфэрэнцыі з партыі былі выключаныя Цярэшчанка i Якубецкі (сябра Беларускай вайсковай камісіі) з-за іхнай «прапольскай» пазыцыі. Кульмінацыя процістаяньня адбылася на сьнежаньскай 1919 г. сэсіі Рады БНР, якую польскія ўлады дазволілі, спадзеючыся, што на ёй будзе ўхваленая ідэя фэдэрацыі Беларусі з Польшчай. На сэсіі давяршыўся раскол Рады: бальшыня, якую прадстаўлялі эсэры i сацыял-фэдэралістыя, утварыла антыпольскую Народную Раду з урадам В. Ластоускага, а прыхільнікі вуніі з Польшчай - Найвышэйшую Раду з урадам А. Луцкевіча. У адказ польскія акупанты распачалі супраць сваіх праціўнікаў палітычныя рэпрэсіі, што яшчэ больш радыкалізавала антыпольскі лягер. Урад Ластоўскага вымушаны быў перабрацца ў Коўна (Летува), пасьля чаго яго ўплыў на палітычныя падзеі ў Беларусі заставаўся чыста намінальны. Самая партыя беларускіх эсэраў перайшла на нелегальнае становішча, стала на шлях адкрытага ўзброенага супраціўленьня акупантам. Актыўна ствараліся партызанскія аддзелы i падпольныя арганізацыі. Ядро эсэраўскіх партызанскіх фармаваньняў складала «Сувязь беларускага працоўнага сялянства». Цікава, што грошы на ўзбраеньне эсэры мелі намер прасіць у княгіні Магдалены Радзівіл, ведаючы пра яё антыпольскія настроі. Паступова ўсе ваенныя адзінкі беларускіх эсэраў былі аб'яднаныя ў Народную ваенную самаабарону, якая разглядалася яе арганізатарамі як заранак будучага беларускага войска. У студзені 1920 г. Ігнатоўскім, Я. Каранеўскім, Алесем i Васілём Сташэўскімі, С. Булатам ды інш. была ўтвораная Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА), якая адыграла значную ролю ў антыпольскім супраціўленьні, актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі паўстанцкіх аддзелаў у Менскім, Ігуменскім ды іншых паветах (узгадаем толькі дукорскіх партызанаў). Прызнаючы бальшавіцкую праграму, БКА, аднак, стаяла на беларускіх пазыцыях i адстойвала ідэю стварэньня беларускай дзяржаўнасьці.
Найвышэйшая Рада з-за непрыняцьця яе бальшынёй беларускіх нацыянальных дзеячоў апынулася ў фактычнай ізаляцыі. Нядоўга праіснаваўшы ўрад А. Луцкевіча падаў у адстаўку. У гэтых варунках Часовы Беларускі нацыянальны камітэт заставаўся самай уплывовай легальнай беларускай арганізацыяй на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Кіраўніцтва Камітэта (Цярэшчанка, Іваноўскі, Смоліч, Крэпскі, Трэпка) па-ранейшаму адстойвала лінію на палітычную кансалідацыю беларускага нацыянальнага руху. Нягледзячы на пэўныя палітычныя разыходжаньні, актыўны ўдзел у рабоце ЧБНК прымалі знаныя лідэры беларускіх эсэраў Я. Трафімаў, М. Пашковіч, Н. Козіч ды інш. У склад i нават у кіруючыя органы Камітэта ўваходзілі i сябры Беларускай камуністычнай арганізацыі (напрыклад, М. Кудзелька (Чарот) быў сакратаром прэзыдыюма ЧБНК).
Важным этапам у дзейнасьці ЧБНК стала стварэньне ў сьнежні 1919 г. арганізацыйна-інструктарскага аддзела на чале з Трафімавым. Аддзел рыхтаваў i накіроўваў у воласьці i паветы інструктараў (рэзыдэнтаў) з мэтаю арганізацыі беларускіх школаў, культурна-асьветных гурткоў, чытальняў, каапэратываў. Лік ix быў ня сталы i даходзіў часам да 32-х чалавек. Бальшыня інструктараў - сябры партыі беларускіх эсэраў альбо Беларускай камуністычнай арганізацыі. Заўважым, што нярэдка, прыкрываючыся афіцыйным мандатам ЧБНК, яны займаліся арганізацыяй на мясцох паўстанцкіх аддзелаў i падпольных груповак, за што часам арыштоўваліся польскай жандармэрыяй.
Дзякуючы працы інструктараў, Камітэт змог разьвіць сваю дзейнасьць на ўсю Меншчыну, а пазьней i на Віленшчыну - Горадзеншчыну. З падтрымкай Менска беларускія нацыянальныя камітэты былі створаныя на Случчыне (старшыня П. Жаўрыд), Ігуменшчыне (М. Касьпяровіч), Бабруйшчыне (В. Дружчыц), сталі на ногі i ажывілі сваю працу нацыянальныя камітэты ў Вільні (узначальваў Душэўскі, пазьней Ярэміч) i Горадні (Баран). Рэгіянальныя беларускія школьныя раду ў канцы сьнежня 1919 г. былі аб'яднаныя ў Цэнтральную беларускую школьную раду на чале з Рак-Міхайлоўскім. Лік беларускіх нацыянальных школак дасягнуў каля 300, рабіліся захады па арганізацыі на базе Менскага Беларускага пэдінстытута нацыянальнага ўнівэрсытэту, дзейнічалі тры беларускія гімназіі - у Слуцку, Вільні i Менску. Плённа працавалі на беларускую справу кніжныя выдавецтвы: Беларускае выдавецкае таварыства «Веда» ў Вільні, Беларускае школьнае выдавецтва i Беларускае культурна-навуковае таварыства ў Менску ды інш. Была спроба ўзнавіць дзейнасьць выдавецкага таварыства «Заранка», створанага яшчэ ўвосень 1918 г. пры БНР. Пры ЧБНК дзейнічаў адпаведны выдавецкі аддзел на чале зь С. Некрашэвічам. З мэтаю арганізацыі сталага беларускага тэатра ў Менску i дзеля пашырэньня беларускага тэатральнага мастацтва ў правінцыі ў канцы красавіка 1920 г. была створаная Беларуская тэатральная камісія, якую ўзначаліў Ч. Родзевіч. Падчас польскай акупацыі актыўна прапагандавалі беларускае нацыянальнае мастацтва Беларускі тэатар пад кіраўніцтвам Ф. Аляхновіча, Беларускі хор У. Тэраўскага, Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, культурна-асьветныя арганізацыі ў Горадні (Грамада беларускай моладзі ў Горадні), Слуцку (гурток «Папараць-Кветка»), Баранавічах (гурток «Прамень»), Барысаве (Беларускае навукова-літаратурнае таварыства) ды дзясяткі іншых гурткоў на абшарах Беларусі. Шырыўся беларускі юнацкі i жаночы рух. Грамады беларускай моладзі дзейнічалі ў Менску (Менская беларуская вучнёўская грамада), Горадні, Вільні, Бабруйску, пачалі стварацца скаўцкія дружыны ў Бабруйску, Горадні ды іншых мясцох. Напачатку 1920 г. склаўся Беларускі саюз беларусак на чале з В. Матэйчук. Вялікая ўвага надавалася разьвіцьцю каапэрацыі, як аднаго з падмуркаў эканамічнай незалежнасьці. У 1920 г. быў створаны Цэнтральны беларускі саюз сельскай гаспадаркі, а пры арганізацыйна-інструктарскім аддзеле ЧБНК - каапэратыўны пададдзел. Кіраўніцтва Камітэта рабіла ўсё магчымае, каб вырваць Цэнтральны беларускі саюз спажывецкіх таварыстваў з-пад уплыву антыбеларускіх сілаў (расейскіх эсэраў) i скіраваць яго працу на карысьць беларускага сялянства i гараджанаў. 15 траўня 1920 г. плянаваўся зьезд прадстаўнікоў спажывецкіх таварыстваў Беларусі, на які беларускім нацыянальным дзеячам удалося правесьці большасьць сваіх прыхільнікаў, але з-за пазыцыі польскіх уладаў ён быў сарваны.
На працягу першай паловы 1920 г. Часовы Беларускі Нацыянальны камітэт дамагаўся правядзеньня Другога Усебеларускага кангрэса (зьезда), які як легітымны орган беларускага народа меў бы законнае права вырашаць лес Беларусі. Хаця ў розных беларускіх партыях былі розныя падыходы да гэтага пытаньня (эсэры выступалі за Працоўны кангрэс без допуску на яго цэнзавага элемэнту; сацыял-дэмакраты i хадэкі адстойвалі ў асноўным агульнадэмакратычныя прынцыпы выбараў), усе яны пагаджаліся на неадкладным правядзеньні кангрэса. ЧБНК распрацаваў мэханізм выбараў дэлегатаў, вызначыў агульны іхны лік, а таксама асноўныя пытаньні, якія трэба разгледзець. Праз старшыню Камітэта Цярэшчанку быў пададзены зварот да генэральнага камісара ўсходніх земляў Ю. Асмалоўскага з патрабаваньнем правядзеньня Усебеларускага кангрэса не пазьней 15 красавіка. Але i гэта ініцыятыва беларусаў была праігнараваная польскаю ўладаю. Гэта сталася не апошняй прычынаю, што у сярэдзіне траўня Цярэшчанка склаў зь сябе абавязкі старшыні ЧБНК i перайшоў на сталую працу ў Цэнтрбелсаюз сельскай гаспадаркі. У гэты час В. Іваноўскі вёў працяглыя перамовы з прадстаўніком Ю. Пілсудзкага Л. Васілеўскім па беларускім пытаньні. Пад ціскам польскага боку Іваноўскі змушаны быў зьняць свае ранейшыя патрабаваньні аб папярэднім прызнаньні Польшчай незалежнасьці Беларусі. Пайшоўшы на гэты крок, які не дадаў яму папулярнасьці, Іваноўскі дамагаўся ўключэньня ў склад Польскай дзяржавы ўсёй акупаванай тэрыторыі Беларусі i наданьня ёй культурнай аўтаноміі. Любой цаной ён імкнуўся пазьбегнуць падзелу беларускіх земляў па-жывому паміж Варшаваю i Масквою, што магло, на яго думку, надоўга пахаваць беларускую ідэю. Каб яшчэ больш ускладніць перамовы, 22 сакавіка міністарпрэзыдэнт Польскай Рэспублікі Л. Скульскі i пасол Сойму Дубановіч заявілі.
што нібы кіруючыя колы беларускага грамадзтва за атрыманьне для Беларусі самакіраваньня з цэнтрам у Менску выракаюцца незалежнасьці сваёй бацькаўшчыны. З гэтай нагоды ЧБНК на паседжаньні 2 траўня 1920 г. выказаў сваё абурэньне i заявіў: «Як i ўвесь час раней, усё беларускае грамадзянства патрабуе прызнаньня незалежнасьці БНР... i энэргічна пратэстуе проці ўсялякага падзелу Беларусі i інкорпарацыі асобных правінцыяў Беларусі ці ўсяго краю ў межы Польшчы». Тым самым Камітэт не прызнаў правамоцнымі папярэднія дамоўленасьці Іваноўскага з палякамі i цалкам стаў на незалежніцкія пазыцыі. Гэтае рашэньне было выкліканае i зьвесткамі пра распачатыя паміж Польшчай i Савецкай Расеяй неафіцыйныя перамовы, на якіх разглядаліся пытаньні міру, а таксама ўмовы падзелу беларускай тэрыторыі між сабою. ЧБНК i іншыя беларускія нацыянальныя арганізацыі патрабавалі ад бакоў дапусьціць на перамовы прадстаўнікоў ад Беларусі. Але ніводзін агрэсар даваць права беларускаму народу вырашаць свой лёс не зьбіраўся. Праз год падчас заключэньня Рыскага міру прадстаўнікоў Беларусі пры вырашэньні беларускага пытаньня зноў не дапусьцілі. Ганебнай Рыскай змовай беларускі край быў пасечаны на дзьве часткі. Этнічнае разьяднаньне Беларусі нанесла цяжкія страты ейнаму народу, затармазіла працэсы нацыянальнай кансалідацыі беларусаў. Вынікі гэтага беларускі народ адчувае i па сёньняшні дзень.
Аўтар дзякуе за прадастаўленьне асобных матар'ялаў Юрасю Гарбінскаму i Віталю Скалабану.
Прадмова, падрыхтоўка публікацыяў i бібліяграфічныя даведкі Уладзіміра ЛЯХОЎСКАГА.
ВІЛЕНШЧЫНА I ГОРАДЗЕНШЧЫНА [1]
У Цэнтральную Беларускую Вучыцельскую Раду Горадзеншчыны вучыцеляк Марыі Зіневічанкі i Волькі Якуцянкі
Заява
Па выслуханьні Беларускіх вучыцельскіх курсаў у м. Вільні, мы атрымалі мандат на права вучэньня ў вёску Верхалесье Горадзенскае губ. Сакольскага павету, з якім трэба было зьвярнуцца да павятовага інспэктара. У Саколцах мы даведаліся, што там адчыняюцца толькі польскія школы, ад якіх катэгарычаскі адказаліся беларускія праваслаўныя, i дзеля таго польскі інспэктар абяцаў ім рускія, якіх народ i чакае, як спосаб збаўленьня ад прымусу польскае ўлады пасылаць дзяцей у польскую школу i на якія зусім няма вучыцялёў. Калі мы заявілі, што мы беларускія вучыцелькі, якімі i просілі нас зацьвердзіць, то пан інспэктар на гэта адказаў, што ніякай Беларусі i вучыцелькаў беларускіх не прызнае, i як беларускім вучыцелькам не пазволіць нават i заставацца ў Сакольскім павеце, а калі мы прэдставілі заяву ў тым, што народ жадае беларускае школы, то ён на гэта ня зьвярне ніякае ўвагі i будзе глядзець, як на палітычную агітацыю, што народ зусім ня хоча беларускае школы, а жадае рускае, якая i будзе яму дадзена на такіх варунках: лекцыі будуць выкладацца ў польскае мове, i руская, як прадмет, гадзіну ў дзень. Гэта жаданьне народу было заяўлена інспэктару нейкім памешчыкам Лазоўскім, Сакольскага павету праваслаўнага вероіспаведаньня, каторы састаіць на службі ў палякаў, быццам выбранага прэдстаўніком праваслаўнага народу. На колькі нам ведама, народ прэдстаўніком яго ня выбіраў i на варункі гэтыя ніколі ня згодзіцца.
«Народ ня хоча беларускае школы», але чаму яе «не хоча...», таму што німа ведома кім нагаворэна гэтаму цёмнаму народу, што прызнаючы беларускія школы яны падпадуць пад цяжкае ярмо жыдоў, якія i цяпер працуюць у ва ўсіх Беларускіх Радах.
Пан інспэктар сказаў нам, што ён зацьвердзе нас толькі рускімі вучыцелькамі, калі згодзімся вучыць на вышэй помянутых варунках, на гэта мы яму адказалі, што мы Беларусы i народ свой згодзімся вучыць толькі ў роднай мове [2].
20.9.1919 г. Саколка Горадзенскай губерні.
У Цэнтральную Беларускую Вучыцельскую Раду Горадзеншчыны
Заява
Беларуская вучыцелька Вера Матэйчук, атрымаўшы назначэньне ад Цэнтральнай Беларускай вучыцельскай Рады Горадзеншчыны на Грабаўскую беларускую школу Орлянскай воласьці Бельскага павету Гродзенскай губерні. Выпаўняя свой доўг я наехала да павятовага Бельскага інспэктара. Я наказала сваё назначэньне ад Беластоцкай Цэнтральнай вучыцельскай Рады, ён сурова сказаў: Я ніякіх Беларускіх Радаў не прызнаю i ня слухаю i не пазваляю ў Бельскім павеце Беларускіх школ аткрываць, тут няма ніякой Беларусі, тут Польшча i яшчэ да таго заявіў, што ня толькi атчыніць школу, але i ехаць да вёскі Грабаўцы ня маю права, бо там ужо ёсьць польская школа, можаце ехаць у сваю Беларусь i там вучыць. Спаўняя свой вучыцельскі доўг, я паехала ў Грабаўцы ў назначаную школу. Там не было ніякой польскай школы. Убачыўшы мяне, сваю вучыцельку быўшую, грамадзяне ўсе адзінагалосна прыгаварылі на Беларускую школу, напісалі прыгавор i зьнялі дзьве копіі... 20.9.1919 г.
Вучыцелька Вера Матэйчук
У Вучыцельскую Раду Горадзеншчыны вучыцелек Волькі Рубаніхі i Галены Бубянянкі
Заява
Мы, вучыцелькі Рубаніха i Бубянянка, былі назначаны Цэнтральнаю Радаю на пасад у Лунянскую школу. Як ведама, Горадзенскі інспэктар затрымаў наша назначэньне i сказаў, што школы Беларускія будуць адчыняцца толькі тады, калі гэтага захочуць i папросюць самі жыхары вёсак, як ён палучыць ад ix заяву аб гэтым. Ось за гэтым мы i паехалі ў Луну, але гаварыць з Беларусамі ня прышлося, бо як начальнік гміны ў Луне ўзнаў, што мы прыехалі гаварыць з Беларусамі аб адчыненьні школы Беларускае, то запытаўся ў нас разрашэньне на гэта альбо назначэньне ў Луненецкую школу. Але ні таго, ні другога ў нас не было. Начальнік гміны спытаўся па тэлефону Горадзенскага інспэктара, які адказаў, што школа адчыніцца толькі тады, калі палучыць заяву ад жыхароў, намаўляць, агітаваць на гэта ён не пазваляе, а дзеля гэтага просяць нас вараціць назад. Такім парадкам прымусілі нас уехаць з Луны. Ня зрабіўшы нічога ў Луне, нам вельмі не хацелася ехаць з парожнімі рукамі ў Горадзен, i мы вырашылі ісьці пехатою і захадзіць у вёскі, якія нам будуць сустракацца. Каля станцыі Чарленка зайшлі ў сяло Чарлена Луненскае воласьці, дзе людзей балей палавіны паварочаліся з Расіі. Усе яны праваслаўныя, ёсьць царква i бацюшка. Зрабіць сход ня было ніякай магчымасьці, бо ўсе жыхары былі на рабоце. Нам аб гэтай справе прышлося гаварыць з бацюшкам, які абяцаў пагаварыць аб гэтым з гаспадарамі ў царкве i напісаўшы заяву прыйшлюць яе ў Беларускую Вучыцельскую Раду. Па дарозе далей зайшлі ў Скідзельскую i Жыдомльскую воласьці. У Скідзельскай воласьці былі ў гэтых вёсках: Стрэльцах, Бубнах, Белякоўшчыне i Асошніках (Крыўляне). Балей палавіны жыхары гэтых вёсак ужо прыехалі з Расеі, жывуць вельмі бедна, сядзяць без хлеба, палякі гонюць работаць на сябе, на сенакос за вёрст 20-30 ад хаты (як яны кажуць, на паншчыну). Наогул можна сказаць, што палажэньне большай часткі жыхароў вельмі цяжкае, Будынкі раскіданы, у тым чысле i школы. Ува ўсіх гэтых вёсках да часу вайны школы былі. Сяляне хацяць цяпер вучыць сваіх дзяцей у роднай мове, аб чым i напісалі заяву. У вёсцы Асошніках заяву не напісалі, але абяцалі прыслаць, бо ў той час як мы былі ўсіх гаспадароў на вёсцы ня было, былі на паншчыне, i ня было магчымасьці сабраць. У Жыдомльскай воласьці былі ў вёсках Жыдомлі i Курпіках. У гэтых вёсках таксама балей палавіны жыхароў ужо прыехалі i чакаюць не дачакаюцца, калі ў ix адчыняць Беларускую школу. Ужо апошнюю зіму яны на свой кошт наймалі вучыцеля беларуса, які вучыў на хатах, а вясной прасілі Горадзенскага інспэктара адчыніць беларускую школу, але да гэтай нічаго ня было зроблена. Цяперыка Жыдомля разам з вёскай Завадзічамі падалі заяву, каб адчыніць у Жыдомлі Беларускую школу, дзе ёсьць будынак пачці цэлы i толькі нядаўна заняла яго польская жандармэрыя. З вёскі Курпікі таксама напісалі заяву аб тым, што яны хацяць адчыніць Беларускую школу i вучыць дзяцей у сваёй роднай мове. Усе наогул вёскі трэбуюць, каб у школах абавязкова вучылі дзяцей Закону Божаму. Школы ў вёсках патрабуюць рамонту, які самі гаспадары ня маюць магчымасьці, бо самі вельмі бедныя, i просяць польскага інспэктара зрабіць [3].
20.9.1919 г.
Цэнтральная Рада Віленшчыны i Горадзеншчыны Яго Міласьці, Пану Генеральнаму Камісару Усходніх Зямель
Штораз часьцей здараючыяся вымаганьня мейсцовых урадавых агентаў не прыманьня заяў, пісаных у беларускай мове, i катэгарычнае вымаганьне мейсцовых урадавых агента ў, каб усякіе бланкі, печаткі, вывескі былі ў польскае мове, прымушае нас зьвярнуцца да Вашай Дастойнасьці з просьбай, каб была дадзена раз'ясьненьне ад Генеральнага Камісарыяту Усходніх Зямель, што паданьня, пісаныя ў беларускай мове, павінны быць прыйманы ўрадавымі агентамі, i каб гэтае раз'ясьненьне было вывешана ва ўсіх гмінных, паветовых i местовых урадах беларускае тэрыторыі, знаходзячыся ў межах польскай акупацыі. 21,10.1919 г.
Віцэ-старшыня Рады: Mix, Кахановіч;
Сэкратар: Вацлаў Ластоўскі,
У Віленскую Беларускую Раду Грамадзяне Буцлаўскай гміны
Просьба
Па распараджэнню польскіх улад зачынена ў м. Буцлаве наша Беларуская гімназія, а таксама запечатаны ўсе падручнікі, кніжны вучнёўскі кааператыў i другая маетнасьць, належачая гімназіі [4].
Дзеля таго, што народ наш толькі беларускі, якой бы ён веры ня быў, ці праваслаўнай, ці каталіцкай, дзеля таго што нашай роднай дамашняй мовай з'яўляецца беларуская - спыненьне чыннасьці i працы нашай гімназіі, каторая была сьветлым праменем у нашым жыцьці, з'яўляецца для нас вельмі цяжкім горам.
Просім Цэнтральную Беларускую Раду, як выраз нашай волі ўжыць усіх спосабаў, "каб нашы дзеці ў будучыне не пракліналі, а скарэйшай чыннасьці Беларускай гімназіі, што дасьць магчымасьць i нам людзьмі звацца.
Просьбу падаць, вясьці хлапатаць i атрымаць адказ даручаецца: Эдварду Будзьке, Алесю Прушынскаму i Мікалаю Шыла,
Падпісалі: К. Грыневіч, Ян Сьмічольскі, Д. Грышкевіч, Язэп Грышкевіч. Белюсь Будзька, Арпік Футэрфэс, Бацюк Сьмігельскі, Тумаш Чантарыцкі, Селька Гапаневіч... (усяго 500 подпісаў).
У Беларускі Нацыянальны Камітэт у Менску
Грамады Беларускай Моладзі ў Горадне (спартыўная сэкцыя) [5].
Заява
Старадаўняя Грэцыя мела рацыю, калі ставіла ў замову выкшталчэньне юнацтва i стварэньня з яго сапраўднага грамадзянства фізычнае разьвіцьцё цела ў чарзе з выкшталчэньнем духу. Калі прагледзіць гісторыю народаў - дык можна, безумоўна, згадзіцца з вядомым афарызмам: «У здаровым целе - здаровы дух», Прымаючы ўсё гэта пад увагу, спартыўная сэкцыя Грамады Беларускай Моладзі ў Горадні ўважае, што цяпер, у час агульна грамадскага раскладу нашага юнацтва, неадменна трэба падтрымаць яго фізычныя сілы, вырваць яго з хаосу разгульнага жыцьця, шкоднага як для здароўя, так i для прыхільнасьцей яго дуійы, i даць яму разумнае i карыснае спыненьне вольнага часу.
Уважаючы апошняе, спартыўная сэкцыя Грамады Беларускай Моладзі мае на мэце стварыць у Горадні дзьве футбольныя каманды i просіць Беларускі Нацыянальны Камітэт у Менску дапамагчы яму ў гэтым i ўтвердзіць даданы да гэтага каштарыс. 17.5.1920 г.
Кіраўнік спартыўнай сэкцыі:
М. (неразборліва); Ствэрдзіў сэкрэтар Грамады: Кастусь Салошык.
Менскаму Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту Інструктара па Арганізацыйным, Культурна-Прасьветным i Школьным справам Лідскага i Ашмянскага паветаў Андрэя Асташонка
Даклад
9 студня 1920 г. № 279/11 выдан дакумэнт Довуд. Фронта Літов. Белар. Аддзел II, за подпісам - Славек, Капітан i шэф аддзела Давудства фронту Літовск.- Беларўскага i па абваротнай старане паперы, ад 25 студня г. г. віза: Рэфэрэнта палітычных спраў у Беларусі пры II аддзеле Давудства Літ.-Беларускага п. Ваяводскага, якім даручваецца ўласьніку гэтага дакумэнту зьбіраць веча i сабраньня па беларускім пытаньням на тэрыторыі Лідскага i Ашмянскага паветаў. У помач гэтаму дакумэнту яшчэ дзьве паперы Нацыянальнага Беларускага Камітэту i ад Школьнай Рады Меншчыны, ад 29 студня за № 13 i 47, з якімі даручаецца беларускаму інструктару выступаць на сходах па беларускім пытаньням, згуртовываць грамадзян у беларускія арганізацыі, адчыняць школы, засновываць Школьныя Рады, Нацыянальныя Камітэты ў паветах, ездзіць на рэквізаваных падводах па паветах у гэтых справах. Усё як мае быць на погляд добра напісана, бо пісар паперы ня шкадаваў i кіраўніцтва - правоў для інструктара. Уласьнік гэтых папераў думаў, што з імі можна шмат зрабіць працы на павеце, але ня так яно робіцца, як думаецца i ў паперах напісана. Далей інструкцыя гаворыць, што, меўшы гэтыя паперы, трэба зьвярнуцца да Павятовага Старасты, каб ён даў яшчэ чацьвертую паперу (мацнейшую), што ня будзе рабіць перашкод у працы па вышападаным пытаньням. Добра, што хоць вядома, куды зьвярнуцца за гэтай паперай. Думалася, што гэта ўсё робіцца, каб усе ведалі i дапамагалі, але яно ня для гэтага зроблена, калі мы пацікавімся, дык узнаем.
У м. Лідзе іду да Старасты адтрымаць паперы на права паездкі па павеце i зрабіць сход беларусаў у м. Лідзе. Дачакаўшысь чаргі, я зашоў у кабынэт Старасты, падаў дакумэнты i пачаў гутарыць з ім пабеларуску, а ён да мяне папольску, каб ён мне даў паперы для працы на павеце. Гутаркі мае ён ці не хацеў слухаць, ці не зразумеў, але ўсё мне гаворыць папольску ня тое, што трэба. Прачытаў у паперы, ён зьвяртаецца да мяне папольску: Што мне за Начальнік Капітан Славэк i Камітэт. У мяне ёсьць сваё цывільнае начальства, якому я i падчыняюся, i гэтыя паперы тут мець моцы ня будуць. Я сам у павеце Начальнік, i Вайсковая Улада мне парадкаў наводзіць ня мае права, бо яна мяшаецца ня ў свае дзела. Я яму кажу, што мне мала інтарэсаў да таго, што Вайсковыя Улады ня могуць даваць такіх папер, так я да пана Старасты за гэтым i прышоў, каб адтрымаць паперу, якая i будзе мець моц для мяне, i я буду магчы працаваць у гэтакім кірунку. Ен мне адказаў, што такіх папераў ня дасьць i што гэта ўсё залежыць ад Пана Начальніка Віленскага Вокругу. Мне болей нічога не заставалася рабіць, i гутарку скончылі. Доўга ня думаючы, я папрасіў старасты, каб ён даў мне пропуск у Вільню да Начальніка Вокругу. Адтрымаўшы паперу ад старасты, я паехаў у Вільню. Паехаў. Гэта было-б добра, каб як задумаў, дык i паехаў. Тут было ня так, а вось як: у кішэнях у мяне было шмат папераў з пячаткамі, што я маю права рабіць усялякія справы па беларускім пытаньням, але яны мне нічога не дапамаглі. Кіраўнік руху білету на цягнік, які ішоў у Вільню, мне ня даў, адмовіўся тым, што цягнікі цяпер ходзяць толькі вайсковыя, а я цывільны, хоць у мяне ў паперах i напісана аказваць дапамогу ўсім Уладам, але-ж гэта толькі ў паперах. Я пытаю, калі будзе цягнік зноў у Вільню, а ён мне на гэта адказаў: Ня ведаю. Што мне засталося рабіць? Да Вільні на дмуранцы не даедзеш, бо мароз быў вельмі дужы i грошай шмат трэба, ды ня хутка будзе справа зроблена. Прышлося з такімі дакумэнтамі зьвярнуцца да глаўнага кандуктара, які ў мяне папераў не спрасіў i ўзяў мяне да Вільні толькі за грошы. Пасадзіў ён мяне ў будку, што ў канцы вагона прыбудавана, бо ў вагон ня можна было, i прасіў мяне, каб я з будкі ня вылазіў на станцыі, ён баяўся сам, каб за гэта яго не заарэштавалі. Я згадзіўся i на гэта, хоць ён i быў самы большы начальнік над цягніком. Ехаць было вельмі дрэнна, але я ўсё-ж думаў, што да Вільні даеду i ўсё зраблю як мае быць. Ехаў вельмі доўга. Цягнік на кожнай станцыі рабіў манеўры. Машына цягніка была кепская. Часта станавіўся на дарозе i рабіў пачынку. Седзючы ў гэтай будцы, я чуць ня акалеў, але скора прышоў вечар, i мне была магчымасьць вылезьці з будкі i пагрэцца на марозе. Даехаў да Вільні ў поўначы. Праз станцыю бяз білетаў прайсьці было ня можна. Усіх бязбілетных заарыштовывалі i садзілі ў «казу». Каб не начаваць у казе, я пашоў вярсты дзьве за станцыю i прышоў у горад. Вось як добра ехаць на чыгунцы з крэпкімі паперамі.
У Вільні быў у Начальніка Вокругу тры разы i меў пытаньне па беларускім арганізацыйным i школьным справам, якія мне павятовы стараста п. Ждановіч рабіць не дазволіў. На маю пісаную заяву Начальнік Вокругу даў такую атповедзь, што па гэтым справам зноў трэба зьвярнуцца да павятовага старасты. Я гэта ведаў i зрабіў, але стараста хацеў ад мяне адмовіцца i не дазволіць працаваць, думаў, што я да Начальніка Вокругу не паеду. Я-ж, доўга не чакаючы, гэта зрабіў, каб ведаць, хто робіць перашкоды ў працы. Пасьля гутаркі ў Начальніка Вокругу я ўбачыў, што ўсе перашкоды робяцца дзякуючы павятоваму старасьце. Аб ім гаварылі ў Вільні i Лідзе, што ён «добрая птушка». Гэта тутэйшы лідскі памешчык. На погляд, ён пан вельмі добры i ўсё, кажа, зраблю, што ад мяне залежыць, але, як мы бачым, ня так робіцца. Ен мне тлумачыў, што ў Лідзе ніякіх беларусаў няма, а якія i ёсьць, дык ужо далучыліся да Польшчы. Тут ніякіх Камітэтаў i арганізацыяў ня трэба, што гэта беларуская праца падобна Сызыфавай, бо тут на мейсцы няма падставы. Потым гаворыць, што ніякай беларускай Улады няма, а калі i ёсьць, дык я маю сваё начальства ў Вільні. Як відаць, у гэтага пана Ждановіча няма ўлады i апошняй, бо ён яе, як я бачыў, ня прызнае. Ен думаў, што сам Кароль у павеце. На маю заяву аб сходах у павеце ніякай атповедзі ня зрабіў, а кажа, што прышле ў Менск у Нацыянальны Камітэт.
Дзякуючы яго атсутнасьці, мне ўдалося з дазваленьня яго замесьціцеля сабраць сход беларусаў у Лідзе i залажыць Нацыянальны Камітэт, але ён прызнаць яго ня хоча. Усё насяленьне праваслаўных беларусаў i жыдоў сустрэла гэту арганізацыю вельмі прыхільна. На сабраньні быў адзін католік, які прызнаваў сябе беларусам, ён так жа гаворыць, што многа з ix ёсьць прыхільнікаў, але на гэта трэба пільная праца, каб сарганізаваць ix у такім кірунку. Ен кажа, што ўсяму гэтаму ёсьць перашкода з стараны Улады i ксяндзоў.
Школьныя справы ў Лідскім павеце стаяць вельмя дрэнна. Там няма працаўнікоў і, дзякуючы гэтаму, усё сьпіць i чагось дажыдаецца. Цяпер там ёсьць каля 135 школьных камплектаў (польскіх) i 6 беларускіх. Па пастановам сялян адчынены на свой кошт беларускія школы: у Астрыне 3 камплекта, Зблянах i Ванічах - Белічанскай гміны, Ракавічах - Ражанкоўскай гміны па аднаму камплекту i яшчэ ня зацьверджаных: у Турыйску, Галэмбах, Маскалёх, Зачэпічах, Дэмьянаўцах, Орле i Ліпічах - Арлянскай гміны, Мацэвічах - Белічанскай гміны, Русакох - Ражанкоўскай гміны, але яшчэ можна адчыніць такіх школ у павеце каля 20. У заяве да пана Старасты павету я гэта намеціў, справы аб гэтым сабраў вельмі добрыя. Есьць i памяшканьне i прыхільнасьць грамадзян да гэтых школ, як я даведаўся, што яны пры немцах такія школы мелі i немцы давалі беларускіх настаўнікаў, якія праходзілі спэцыяльныя беларуска-нямецкія курсы ў Сьвіслачы. Сяляне адмовіліся ад польскіх школ i чакаюць, што адчыняцца беларускія школы, яны вельмі аб гэтым прасілі мяне, каб я хутчэй гэта зрабіў, бо дзеці нічога ня робяць. Як я бачу, ім доўга прыдзецца чакаць, бо працаваць на павеце магчымасьці ніхто мець ня будзе, калі пасьля кожнага сходу трэба будзе ехаць у Ліду з дакладам да павятовага старасты i на ўсякі сход пісаць да яго заяву i абвестку. Аб гэтым мне казаў павятовы стараста i паперы на далейшую працу ня даў.
Вось як робіцца за межамі Меншчыны. Каб гэтага ня было, трэба шукаць праўды калі ня ў Вільні i Варшаве, дык у іншым мейсцы. Годзе беларускаму грамадзянству стаяць у куточку, зьняўшы шапку перад панам, просячы яго даць дазваленьне на свае грамадзянскія справы. Я ўжо думаў, што пара гаварыць усюды аб беларускіх справах, каб нас зналі за межамі i ў цёмных куткох, бо нас ёсьць вельмі шмат на Беларусі, толькі ня ўсе гэта хочуць ведаць, Няўжо-ж такая грамада беларусаў будзе зноў у ўціску, як гэта было пры царызьме. Не. Мусіць гэтаму ня быць, калі мы начнем працаваць пільней. Пільная праца дасьць магчымасьць усюды крычаць, што мы ёсьць, працуем i будуем бацькаўшчыну. Да гэтага часу, як я пабачыў i ўзнаў з гутарак у дарозі Ганчарах Масевічах, Рудзе, Агародніках, Навасадах, Біскупцых, Лябядзе, Галдаве, Пузіне, Альхоўцы, Васілевічах, Апацнах, Ракавічах, Астрыне, Орле, Турыйске, Лініганцэ, Галэмбах, Маскалёх, Дэм'янаўцах, Беліцэ, Ванічах, Зблянах i інш., ні ў Ашмянскім ні Лідскім павеце аб існуючых беларускіх арганізацыях ніхто i ня ведае i вельмі цікавіцца. Трэба друкаваць абвесткі, вызваньня, пашыраць беларускую літэратуру, калі хто гэтага хоча, каб ведалі ўсе i ў цёмных куточках-вёсках, а калі гэтага ня будзе, дык i працаваць ня трэба, Няхай зноў пануе Варшава, як раней панаваў Петраград i Масква. Можа, каму гэтыя гутаркі i будуць калоць вочы, няхай зачыніць i пачне рабіць лепей. Няхай пакіне такую палітыку, што беларусаў няма, што ім ня трэба свая ўлада, для таго што ў Беларушчыне няма вугля, солі, газы i вялікіх фабрыкаў. Няхай ён адчыніць вочы i пабачыць, што ня такая гэта бяда ў тым, што ў нас гэтых рэчаў няма. У нас ёсьць што небудзь іншае, за што нам дадуць усё. Каб такіх гутарак ня было, Менск павінен пасылаць сваіх інструктароў з добрымі паперамі, каб яны ня ездзілі ад аднаго начальніка да другога i ня пыталі, хто з ix старшы i дазволіць працаваць i перашкод болей ня будзе, а каб яны адразу пачыналі працу i ні ў каго ня прасілі. Няхай тады польская ўлада робіць сыск які хоча. Даць інструктару літэратуры, газэты, абвесткі, колькі можна i пашыраць усё гэта бяз грошы. Цяпер гэтага няма, Інструктар адтрымоўвае ў Н. К. некалькі старых газэт, абвестак i літэратуру павінен прадаваць грамадзянам за грошы. Як ix прадаваць, калі грамадзяне глядзяць на гэтыя кніжкі як на «заморскую малпу» i гутараць, што трэба ўперад навучыцца чытаць, а потым будзем i купляць. З боку паглядзеўшы, дык i праўда. Да гэтага часу ніхто беларускай літэратуры i ня чытаў, бо яна ня пашыралася i была ў уціску. Калі гэтага ня будзе, дык i працаваць ня трэба i ня мець ні на каго крыўды, што яны хрыстапрадаўцы i адступнікі. Гэта трэба з пачатку ўзяць на ўвагу Меншчыне. На Меншчыну цяпер глядзяць усе тыя беларусы, хто яе ўзнаў з газэт, ці ад інструктароў. Трэба падтрымаць веру ў будаўніцтво i будучыну Беларусі, а ня гутарыць.
Інструктар Асташонак.
Агульнае выкладаньне працы часовага інструктара Віктара Таразэвіча з 14.2.1920 г.
Адтрымаў ад Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэта пасьведчаньня ад 9 лютага гэтага году... якімі даручалася залажыць у мястэчку Блошніках Язьненскай воласьці Дзісенскага павету Віленскай губэрні Беларускую Культурна-Прасьветную Арганізацыю i адчыніць беларускую школу i гэтак сама залажыць у мястэчку Крайску Вялейскага павету Віленскай губэрні Беларускую Культурна-Прасьветную Арганізацыю, я 14 лютага пачаў клапаціцца аб выдачы мне пропуска на праезд з Менску ў Блошнікі, куды i паехаў 19 лютага.
Прыехаў у м. Блошнікі, я 2 дні хадзіў па вёсках, гдзе склікаў сялян на зборку ў м, Блошнікі на 22 лютага, як дзень сьвяточны. З дазваленьня польскага каменданта, істнуючага тут, у гэты дзень, 22 лютага, была зроблена зборка сялян, гдзе я ім сказаў, што маю даручэньне аб адчыненьні ў м. Блошніках беларускай пачатковай школы, калі толькі яны, сяляне, зробяць на гэта прыгавор. Сяляне ня толькі далі яго, але нават i вельмі прасілі, каб што найхутчэй адчыніць беларускую школу. Замацаваў гэты прыгавор подпісам каменданта i тутэйшага старасты, я 23 лютага паехаў у мястэчка Глубокае Дзісенскага павету да павятовага школьнага інспектару. Яго я не знайшоў дома, але прыгавор i сваю просьбу, каб паставіў мяне настаўнікам у гэтай школе, я аставіў у канцылярыі, сказалі мне прыехаць сюды праз 8 дзён, калі інспектар ужо будзе дома. Вярнуўшыся ў Блошнікі, я пачаў раздаваць сялянам беларускія газэты i кніжкі, хадзіў у істнуючую тутака польскую школу, гдзе даваў вучням чытаць беларускія кніжкі. Тутака я мушу сказаць, што амаль ня ўсе сяляне першы раз толькі ўбачылі як газэты, дык i кніжкі на сваёй роднай мове, што ix вельмі зацікавіла, i мне прыйшлося пераканацца, што газэта «Беларусь» не для вясковага сялянства, кніжкі-ж з вялікай ахвотай чытаюць, а што найлепш спадабалася, дык гэта кніжкі аб розных гаспадарскіх справах, вучням вельмі спадабаліся кніжкі Аляксандры Смоліч, як першая, дык i другая, Геаграфія Беларусі Аркадзя Смоліча вучням пачатковых школ ня ўцямліва.
На мае дамаганьне, каб залажыць тутака Беларускі гурток, камендант не даў пазваленьня дзеля таго, што тутака стаіць войска, блізка фронт i ніякія арганізацыі ня могуць істнаваць. 28 лютага настаўніца польскай школы ў Блошніках адтрымала ад інспектара паперу, гдзе ён пісаў ёй, што калі хто хочыць адукаваць сваіх дзяцей па-беларуску i дык няхай пасылаець ix у польскую школу, гдзе 2 разы ў тыдзень яна, польская настаўніца, павінна выкладаць для ix беларускую мову.
Дзеля таго, што пры першай заяве ў м. Глубокае назад мне прыйшлося ісьці каля 30 вёрст, я, маючы рэўматызм у нагах, зусім сапсуў ix i другі раз ня мог ужо зьявіцца да інспектара, каб ён даў мне адказ на прыгавор сялян, хоць у паперы да польскай настаўніцы i было напісана, што іншай школы ў Блошніках ня можа быць. Пасьля такой паперы я яшчэ на колькі дзён астаўся ў Блошніках, каб пашырыць беларускую літаратуру, дзеля чаго чытаў сялянам газэты, кніжкі, але як гэта местнасьць, занятая польскімі войскамі, дык мяне палічылі за шпіёна i хацелі арыштаваць. Я мусіў паехаць у мястэчка Крайск.
4 Сакавіка я прыехаў у Крайск i пачаў запісываць вядомых жыхароў у сябры Беларускай Культурна-Прасьветнай Арганізацыі. 11 Сакавіка я падаў войту Крайскай воласьці заяву, каб даў пазваленьне зрабіць зборку; ён на гэта ня меў права i адаслаў маю паперу да Начальніка раёна, але мы, сябры, 12 Сакавіка, не дажыдаючы адказу ад Начальніка раёна, зрабілі зборку, гдзе і залажылі ў мястэчку Крайску... беларускі гурток «Вянок». На 15 сакавіка вызывае мяне Начальнік раёна i кажа, што тагды толькі дась пазваленьне сябрам Беларускай Культурна-Прасьветнай Арганізацыі сабрацца, калі я дам яму інструкцыю гэтых арганізацый. Гэтай арганізацыі ў мяне не было, i я паслаў паперу ў Беларускую школьную Раду Меншчыны, каб што найхутчэй выслалі яе мне. Але каб наш гурток ня зьнічтожыўся, дык прэзідыум яго зрабіў пастанову, каб 12 Красавіка даць у Крайску спэктакль. 16 Сакавіка я паехаў да Начальніка раёна з паперай, каб даў на гэта пазваленьне; азнаёміўшыся з праграмай, Начальнік даў пазваленьне, i мы, сябры, рыхтуемся цяпер паставіць «Міхалку» i «Чарот i Баба»; спэктакль мае быць 12 Красавіка. 29.3.1920 г.
Часовы інструктар В. Таразэвіч.
У Беларускі Нацыянальны Какітэт
Інструктара Лепельскага павету Віцебскай губэрні Міколы Пашковіча
Даклад
Па спэцыяльнаму даручэньню-выбары паўнамоцнікаў на зьезд Цэнтрабелсаюзу, працы мне ня было, бо тамашнія коапэратывы ў Цэнтрабелсаюз не ўходзяць, а ўходзяць у Глубоцкі Саюз. Праца засталася агульінструктарская.
Павятовы Стараста п. Сушчынскі вельмі ласкава мяне прыняў, рэкамендаваў як вялікі прыхільнік беларускага руху, але раз'езджаць па павеце забараніў, бо, як ён казаў, фронт i павет зусім на асобным палажэньні.
Вясьці-ж культурна-прасьветную працу ў Кублічах дазволіў. Карыстаючы гэтым, я сабраў сход бацькаўскага Камітэту 4-класнай школы, абвясьціў школу беларускай i я залічыўся, згодна з даручэньнем Школьнай Рады настаўнікам беларусазнаўства. Асеўшы, навёў зьвяз з усімі настаўнікамі павету, а ў Кублічах з усёй інтэлігэнцыяй. Адначасьне стаў вясьці перагаворы з Начальствам аб арганізацыі Павятовай Школьнай Рады i аб аткрыцьці беларускіх курсаў для настаўнікаў. Прынцыповую згоду на ўсе мае прапазыцыі начальство дае, але арганізацыя пакуль што затрымана, бо яшчэ ня ўсьпелі навесьці спраўкі аба мне ў Менску i ня выясьнілі погляд вышэйшай Улады.
Інтэлігенцыя i народ спаткалі мяне прыхільна, а частка нават з радасьцю, жалючыся, што к ім ніхто не прыезджае i яны нічога ня ведаюць. Сьвятам заезджаў у Глыбокае Дзісьненскага павету Віленскай губэрні. Адпаведных дакумэнтаў на права працы там я ня меў, а таму толькі вёў інфармацыйныя размовы з тамашней інтэлігенцыяй.
Усюды чуўствуецца патрэбнасьць заступіцца, патрэбнасьць абароны правоў жыхароў ад злачынства вайсковай i цывільнай Улады. 19.4.1920 г.
Мікола Пашковіч.
БАРАНАВІЦКІ I НОВАГРАЦКІ ПАВЕТЫ
У Беларускі Нацыянальны Камітэт (аддзел арганізацыйны) Школьнага Інструктара Баранавіцкага павета Сьцяпана Шыманскага
Даклад
Гэтым мею гонар данесьці Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту а сваёй працы ў Баранавіцкім павеце з 1 кастрычніка па 8 студзеня 1920 г.
Школьная праца ў гэтым павеце, як у адчыненьні беларускіх школ, да 5 сьнежня 1919 г. шла надта добра, бо ў гэтый перыод часу было адчынено да 100 беларускіх школ, а ў апошні час праца ў адчыненьні школ пала, дзеля таго, што польская ўлада, як школьны інспектар, Начальнік 3-га рэвіру i інш. сталі перашкоджаць мне ў маёй працы i замінаць таго, каб адчыніць беларускую школу згодна з пастановай сялян, i замест таго, каб затвердзіць тых настаўнікаў, якія просяць жыхары, адчыняюць польскія школы i назначаюць туды сваіх польскіх настаўнікаў, а калі нават i адчыняць у той вёсцы i беларускую школу, то знову не назначаюць туды настаўніцу, якую просяць сяляне, а сваю, якая, ведома, што полька або прыхільна да Польшчы, i яна праз кароткі час зьверне i пераробіць туго школу па якім-небудзь прычынам на російско-польскую, а потым i зусім на польскую школу, а сяляне, даведаўшысь, што вучаць не па-расійскі i па-польскі, а толькі папольскі, зусім перастануць пасылаць сваіх дзяцей у школу. Змагацца з гэтым прыходзіцца мне на кожным шагу, i ўсе сяляне згодны ca мною i просяць, каб адчыніць беларускую школу, но помагчы ім мне надта трудна, бо за мной польская ўлада не лічыцца або зусім мала.
Меня ж польская ўлада лічыць не як інструктарам беларускіх школ, а як агітатарам, бальшавіком i інш.
Многа, многа было чаго сказаць, далажыць Радзе, но ў мяне не хопіт сілы ўсяго высказаць без слёз.
Няхай жыве Наша Незалежная Бацькаўшчына!
10.1.1920 г.
Школьны інструктар Баранавіцкага павету Сьцяпан Шыманскі.
У Менскую Беларускую Школьную Раду школьнага інструктара Баранавіцкага павету Сьцяпана Шыманскага
Данясеньне
Гэтым маю гонар данесьці Радзе а сваёй працы ў павеце з 1. 1. па 15.2.1920 году.
Беларускія школы ў Баранавіцкім павеце больш не адчыняліся, ix ёсьць у павеце 37, а расейскіх 67 i польскіх 35 школ. Пры гэтым маю гонар дабавіць, што ў гэтых расейскіх школах дзецям па ix жаданьню выкладаецца тыднёва і беларуская мова (чытаньне, пісаньне i г. д.) i... толькі патаму, што настаўнікі гэтых школ ужо ніякай дапамогі ад Улады не адтрымліваюць, а толькі ад саміх жыхароў. Многа яшчэ можна было б адчыніць у павеце беларускіх школ, бо ўсе сяляне надта жадалі i жадаюць мець родную школу ў сваёй вёсцы, но што зробіш, што i просьбы былі не чутны i не цікавы тым, хто павінен быў ix чуць. Як цяжка на сэрцы мне слухаць жальбу бедных сялян, дзеці каторых засталіся ўжо 5 год без навукі, але памагчы ім усім я не змог, хаця за кожную, якую адчыніў школу, прыходзілася змагацца як толькі магчыма было, чуючы не раз грозныя словы: «будзеце арыштаваны, калі хаця-б адно слова будзе сказана а школе». На просьбы сялян пазволіць адчыніць сваекоштную школу была адмова: пачакайце, прыедзьце на тым тыжні, а пасьля новага году адмова ўсім а дна: «ужо позна», больш школы не адчыняюцца. Якое на гэта аснаваньне ёсьць у ім i гдзе праўда, трудна разабрацца i сказаць... 17.2.1920 г.
Веска Высока-Ліпа.
Школьны інструктар Сьцяпан Шыманскі.
У Беларускі Нацыянальны Камітэт
Інструктара Тодара Янушэнкі
Даклад аб, нацыянальна-арганізацыйнай справе ў Баранавіцкім i Навагруцкім паветах
Адтрымаўшы пасьведчаньне на нацыянальна-арганізацыйную працу, я выехаў з Менску. Мэту паездкі маёй былі Баранавічы, адкуль я i пачаў сваю далейшую працу. 3-га Лютага г. г. я ўжо быў у Баранавічах i ў першую чаргу па прыездзе пачаў знаёміцца з мейсцовай інтэлігенцыяй, якой у Баранавічах ёсьць досыць шмат яўляючай з вучыцялёў, чыгуншчыкаў i інш. З гэтай мэтаю прышлося пабываць у прыватнай гімназіі, навука ў якой выкладаецца на расейскай мове, Пры гутарцы з вучыцелямі гімназіі я зразумеў, што Баранавічская інтэлігенцыя даўно ўжо цікавіцца беларускімі справамі, але працаваць у гэтым напрамку ніхто ня браўся, дзеля кепскай сьвядомасьці аб беларускім руху, што ж датычыцца да беларускіх газэт, то ix у Баранавічах да майго прыезду ніхто ня бачыў. Усебочна выявіўшы становішчо інтэлігенцыі i яе адносіны да спраў адраджэньня Беларусі 6-га Лютага зьвярнуўся да павятовага старасты, але самаго старасты ня было, быў яго замясьціцель п. Кірскоўскі, які хутка прыняў мяне, i разам з ім мы павялі гутаркі аб беларускіх справах. Перашкод маей працы п. Кірскоўскі мне ня чыніў, даў дазваленьне на скліканьне сходу ў м. Баранавічах, а так сама i па другіх мейсцох Баранавіцкага павету. Вярнуўшыся ад п. Старасты, у гэты жа дзень напісаў абвесткі аб тым, што 8-га Лютага ў м. Баранавічах адбудзецца сход грамадзян м. Баранавіч i ваколіц спагадаючых беларускаму руху i адраджэньню Беларусі - праграму сходу я назначыў вось гэтакую:
1) кароткі нарыс гісторыі Беларусі i беларускага руху апошніх дзён, 2) аб справах школьных i адчыненьня беларускіх школ i 3) выбары ў Беларускую Павятовую Раду. Па зацьверджаньні гэтай абвесткі павятовым старастам, яна была расклеяна па ўсіх вуглох м. Баранавіч. Нездавальняяся гэтым, зьвярнууся да мейсцовага сьвяшчэніка з просьбай агалосіць абвестку ў цэркві з амбоны ў нядзелю, што ім i было зроблена бэз перашкодна. Дзякуючы ўсяму гэтаму, на сход зьявілася шмат грамадзян. Усе яны былі вельмі зацікаўлены тым, што пачулі ад мяне пра гісторыю Беларусі i беларускі рух. Шмат грамадзян ca шчырай падзякай зьвярталіся да мяне, i я бачыў, што мая мова ня была дарэмна, промень надзеі нацыянальнага пачуцьця заблішчэў у вачох многіх грамадзян. Пасьля ўсебочнай інфармацыі, якую я зрабіў сходу па нацыянальным i школьным справам, пачаліся выбары павятовай Рады, i аднагалосна ў склад гэтай Рады сходам былі абобраны 11 асоб - Членамі Рады, ды 5 кандыдатаў да ix, якія ў сваю чаргу абабралі Прэзідыум. Пасьля ўсяго гэтага сход быў абвешчан зачыненым. На другі дзень пасьля сходу разам з Прэзідыумам Павятовай Рады я даведаўся, да Павятовага Старасты з просьбай аб зацьверджэньні абабраных у члены Рады асоб на ix пасадах, што Старастам i было зроблена ў гэты-жа час. Зьвярнуўшыся ад Павятовага Старасты, адразу зрабіў пасяджэньне Павятовай Рады, на якім зазначыў мэту працы i напрамак, па якому Рада павінна ісьці дзеля пашырэньня нацыянальнай сьвядомасьці сярод сялян i грамадзян Баранавіцкага абшару, - я выехаў у мястэчка Сталовічы. Тут мне здарылася спаткацца з Войтам гміны i яшчэ неколькімі грамадзянамі, цікавяшчыміся бёларускім рухам, з якімі меў гутарку аб жыцьці сялян i ix адносін да спраў адраджэньня Беларусі, настрой сялян да гэтай справы сказаўся надта добры, i тут яны пажадалі арганізаваць у сябе беларускі гурток. Аставіўшы ім неколькі кніжак i газэт, я паехаў далей. Вось на маім шляху спатыкаецца веска Торчыцы, вокала - куды ня зірнець вока, бачыш зруйнаванае вайной мейсцо. Усё поля нарыта пад акопы, на выгонах у палёх расьце бур'ян, цяпер буры, ды бярозка. На цэлыя соткі сажон у шырыну цягнецца калючы дрот, абвіваючый, як зьмея, узгоркі. У блізу вёскі, калісь быў i двор, але цяпер ад яго застаўся толькі вялізарны сад, будоўлі ніякай няма. Так сама i вёска зруйнавана дашчэнту. Пабудавана ў цяперашні час толькі чатыры хаты, а астатнія сяляне жывуць у нямецкіх вакопах. Пустынна i дзіка навокал. Страшэнная небяспека пануе ў кожнай хаце, у кожным вакопе. Няма хлеба, няма i бульбы. Жывуць i кормяцца толькі жабранінай. Дапамогі ніадкуль ня маюць. На 40 гаспадароў маюць усяго 13 каней i 10 кароў, i вось калісь-то добрыя гаспадары цяпер зрабіліся жабракамі, але гэта рамясло дае малы здабытак i ўся веска пухне з голаду. Тут трэба неадкладная помач, трэба ўсім зьвярнуць увагу на тое гаротнае жыцьцё, у якім апынуліся сяляне вёскі франтовай паласы, падобнай Торчыцам. Бэз рэальнай помачы шмат людзей загіне-прападзе i ніколі не адбудуець як трэба сваю гаспадарку. З цяжарам на сэрцы паехаў далей. Прамінулі нямецкія i расейскія акопы, усюды як вымярло - дзіка, няпрыветна. Навокала бачыш дрот, толькі дрот i дрот, ды разароныя вёскі, пачынаючыя патроху адраджацца. Цераз неколькі вёрстаў дабраўся да вялізарнай вёскі Вольно, паласа франтовая засталася назадзе, i тут ужо здарылася ўбачыць саўсім другое. Сяляне жывуць у добрым здабытку, голада i холада ня бачуць. Есьць дзьве школы, жаноцкая i мужская, на расейскай мове. Зьвяртаюся да настаўніц i пытаю, чаму ў вас школы адчынены расейскія, нашто адтрымаў адказ ад настаўніц аб тым, што яны ў восень ня ведалі пра школы беларускія, а польскай не хацелі сяляне. Паслаў за старастай, i ён у хуткім часей прыйшоў i, параіўшы разам з ім i настаўніцамі, рашано было склікаць сход i зрабіць пастанову аб адчыненьні замест расейскіх - беларускія школы. Пабыўшы ў Баранавіцкім павеце ў вёсках Задорье, Судары, Паланэчка, Больш, Жухавічы i Церыбостынь, раздаўшы паўсюду беларускія газэты i кніжкі, я паехаў далей i апынуўся ўжо ў Навагрудку. Адразу па прыездзе, я зьвярнуўся да Павятовага Старасты, які надта прыхільна аднесься да маёй справы, даў дазваленьне на скліканьне сходу ў мястэчку Навагрудку, Валковічах, Негневічах, Шчорсах i Турцу. На кожным сходзе ў гэтых мейсцох было шмат сялян. Усе сяляне вельмі зацікаўлены адраджэньнем Беларусі. Нацыянальны рух цяпер там шырыцца i расьце шыбка. У кожным зь зазначаных тутака валасьцёх з'арганізаваў культурна-прасьветныя гурткі. Пастановы, якія выносіліся сходамі, пасылаю на зацьверджаньне Павятовага Старасты, так сама i статут гуртка. 24-га Лютага склікаў сход у м. Міры Баранавіцкага павету, каля 400 грамадзян было на сходзе. Заснован культурна-прасьветны гурток, у склад якога ўвайшлі вучыцелі i мяйсцовыя грамадзяне-беларусы. З Міра паехаў па беларускім школам, якіх у Мірскай воласьці ёсьць дзевяць, быў у вёсцы Беражне, Слабодке, Скамарошнах i Залужжы. У апошняй зрабіў сход сялян дзеля таго, што настаўніца жалілася аб кепскіх адносінах сялян да беларускай мовы. У кожнай беларускай школе, у якой мне здарылася быць, усюды я бачыў вострую нуду ў кніжках. Няма кніжак, мала ix ёсьць, i гэта адраджаецца на працу, апрача таго, трэба зазначыць тое здарэньне, што кожны з вучыцеляў мне гаварыў - быццам к лету усе беларускія школы будуць зачынены,- аб чым ім наведывала кіраўніца школ Мірскай воласьці, i вось, дзякуючы гэтаму, усе настаўнікі знаходзяцца ў вялікім сумленьні.
Тодар Янушэнка.
СЛУЦКІ ПАВЕТ
1-га Лістапада 1919 году Ад Юрыя Лістапада
Паважаны Пане Старшыня! [6]
Ужо тры дні, як я прыехаў да дому. Па дарозе з Менска да Слуцка я прыпыняўся ў вёсках i абгаварваў школьную справу i раздаваў газэты.
Прыехаўшы ў Слуцак, я пайшоў да пана Начальніка павету, ён даў мне паперу, каб ніхто мне ні шкодзіў, i сам выказаў, што ён рад усімі сыламі памагаць беларусам. Пан Школьны Інспектар тэж добра аднёсься да мяне.
Пан Асьвяцімскі вельмі рад, што Вы паслалі працаўніка па школьных справах.
Што датычыць пана Абрамовіча, то ён, прачытаўшы Ваша пісьмо, спужаўся, бо ён да гэтага часу яшчэ i ня думаў працаваць на карысць Беларусі. Сядзіць сабе ў польскай канцылярыі i запісвае ўхадзячыя i выхадзячыя паперы. Ен кажа, што ў Слуцкім павеце людзі ні хочуць адчыняць Беларускіх школ. Усё тое, што я пачуў ад Абрамовіча, паказвае, што ён зусім не беларус, а паляк, бо посьле службы ходзіць па Слуцку ў польскіх галунах (пагонах).
Тым часам я, ня слухаючы пана Абрамовіча, пайшоў па бліжэйшых вёснах ад Слуцка, каб даведацца, у якім стану знаходзяцца вясковыя школы. Я даведаўся, што з адзінаццаці вясковых школ Слуцкай воласьці адчынена толькі адна школа расейская. Што датычыць беларускіх школ, то ні адзін настаўнік пра ix нічога ня ведаў, а прыгаворы падаюць, каб адчыніць хоць якую школу. Наогул сказаць, амаль што ня ўсе школы падалі заявы, каб адчыніць Расейскую школу з польскаю моваю.
Значыцца, пераканаўшыся аб тым, што пра беларускую школу ніхто ня ведае, ці можна такую адчыніць, ці не, дык я за гэтые два дні пабываў у дзьвёх вёсках на бацькоўскіх сходах i вытлумачыў ім добра пра школьную справу, дык яны, усе як адзін, згадзіліся адчыніць беларускую школу. Гэта Ў дзьвёх вёсках. На сходах было больш як 100 душ бацькоў. Толькi напісалі ў прыгаворы такую згоду, што пачнуць вучыць па-беларуску тады, калі будуць прысланы ім беларускія падручнікі. Цяпер настаўнікі гэтых дзьвёх школ скардзяцца на тое, што ў ix па 2 камплекты i тутэйшая ўлада зачыняе другі камплект, тым часам у школах будзе больш як па 100 вучняў. Ці мае ўлада право зрабіць гэта? Я на кожным шагу тлумачу ўсім, як блізкім, так i далёкім людзям, пра Беларускую Школьную справу i з усіх бакоў чую прыхільнасьць, але, як ім дасюль ні было вядома ўсё гэта, дык я прасіў бы Вас, каб Вы паклапаціліся аб тым, каб можна было па ўсіх вёсках зрабіць другія сходы, на якіх быў-бы прадстаўнік-беларус, i я спадзяюся, што на гэтых сходах галасавалі бы за беларускую школу. Толькі ці можна гэтак зрабіць будзе, бо я кажу, што сходы амаль што ўжо ўсе адбыліся, дык можа ня можна скасаваць стары прыгавор?
Вось усё тое, што я пасьпеў за гэтые тры дні зрабіць i даведацца. Цяперачы я Вас прашу. Пане Старшыня Школьнай Рады Меншчыны, каб Вы назначылі мяне на заўсёды рэзідэнтам Беларускіх школ Случчыны, бо тыя, на каго Вы так спадзяваліся, нават i ня думаюць аб сваіх абавязках, гэта я кажу пра Абрамовіча.
Пры тым, калі я толькі буду часова рэзідэнтам, потым не, дык я застануся ў разьбітага карыта, бо школы ўсе будуць заняты i я застануся бяз куска хлеба. Працую дзень i ноч, каб як зрабіць лепей i больш адчыніць беларускіх школ. Прысылайце ўсе пастановы і інструкцыі i беларускіх падручнікаў. Яшчэ кажу, што школ вельмі мала адчынена, прыгаворы пададзены i чакаюць рэзалюцыі начальства.
С пашанай Ю. Лістапад.
Пішыце як найхутчэй.
Яшчэ, Пане Старшыня, дабаўлю.
У мяне натта шмат знаёмых настаўнікаў вясковых школ. Яны даведаліся, што я прыехаў з Менска, гэтыя тры вечары чалавек па дзесяць прыходзілі даведацца пра школы. Ім я растлумачыў як належыць быць, i ні адзін з ix ні мае нічога проціў i кожны згаджаецца ўвесьці ў сваёй школе беларускую мову, хоць гэтага ў іхнім прыгаворы i ні напісана, Толькі яны просяць, каб атрымаць адкуль-нібудзь беларускіх падручнікаў i рады пабываць на курсах Беларусазнаўства, якія ў хуткім часе адчыняцца ў Слуцку.
Гэта ўсё добра. Але як жа мне зрабіць з тым, што я ўсіх валасьцей абхапіць за месяц ці тыдняў за тры не пасьпею, бо ў кожнай воласьці ёсьць больш як па дзесяць вясковых школ, дык у гэтым выпадку я бы Вас прасіў, каб Вы там у Менску выпрацавалі такую абвестку, у якой-бы ўся Беларуская Школьная справа была добра вытлумачана. Потым у значнай колькасьці такіх абвестак прышліце ў Слуцак, а мы тут разашлём ix па ўсіх куткох Случчыны! Тады я спадзяюся, што ў кожную пачатковую школу ўвядуць самі настаўнікі беларускую мову. У нас у Слуцку няма яшчэ ні школьнае павятовае рады, ні нацыянальнага камітэту. Гэтымі днямі ўжо выбярэм, бо будзе сход, здаецца, сёньня ўвечары па гэтым пытаньням.
Працаўнікоў-беларусаў у нас натта мала. Людзі добрыя i спрыяючыя Беларусі, гэта Асьвяцімскі, Петрашкевіч, старшыня Беларускага гуртка Бараноўскі, а на Абрамовіча яны тэж ні маюць ніякае надзеі. Што будзе зроблена мною за гэты тыдзень, дык я напішу, i як адчыняцца беларускія школы, тэ напішу дзе i колькі ix будзе.
Юрка Лістапад.
Таварыш Трафімаў! [7]
Хаця яшчэ мая праца не дала велікіх знакаў, але ўсяк такі, дзякуючы таму, што-едзе чалавек, пасылаю а сабе маленькую вестку. З прыездам у Слуцак я зьвярнуў увагу на арганізацыю павятовае Школьнае Рады Случчыны. Не маючы магчымасьці склікаць сход беларусаў, мною заложана часовая рада, паперу а зацьверджаньні якое пры гэтым пасылаю. Аб гэтым жа мною наслана папера i Павятоваму старасьце. Уважна прашу найскарэй зацьвердзіць раду, даць ёй датычачые яе дырэктывы i выслаць усё гэта чэраз падаўцу гэтага, нашага сябра. Русака, бо, здаецца, праца будзе. Быў ужо на павеці. Агульнае ўражаньне вельмі добрае. Сялянства, пачуўшы словы праўды, ідзе насустрач з адчыненай душою. У кожным слове ix чутна скарга на палякаў, Відна велікая запужанасць сялянства ціперашняй уладай, так што трэба доўга з імі гутарыць, штоб пачуць ад ix даверчывае слова. У вёсцы Ліпнікі Цароўскае воласьці вучыцель ужэ даўно пачаў знаёміць дзяцей з беларускай мовай, i сам чалавек вельмі спрыяючы беларускаму руху, але зазначыць у пратаколе а звароце школы з расейскай на беларускую не здарылася дзеля таго, што школа топнуе яшчэ трох вёсак i склікаць сход было не мажлівы. Тут я залажыў культурна-прасьветны гурток «Вясковая Зорка», статут якой прывезу на зацьверджаньне. На каляды ўстрайваюць беларускія ігрышчы. Ставіць будуць «Антося Лата» i «Па дарозе жыцьця». Гурток мае на мэці пашыраць сьведамасьць па суседніх вёсках, гдзе будзе закладаць чытальні. У вёсцы ёсьць не мала людзей асьвечаных, спрыяючых беларускаму руху, якіе, мне здаецца, прынесуць нямала карысьці. У вёсках Паўстынь i Валаты Цароўскае воласьці i ў вёсцы Ісерпо Пагоскае воласьці ўдалося зьвярнуць расейскія школы на беларускія. Пратаколы сялянства ёсьць, толькі ня ведаю як прыйдзецца сварыцца з паветовым інспектарам, бо ён згаджаецца на выкладаньне беларускае мовы толькі там, дзе вучыцель скончыў беларускія курсы. Тут павінна зрабіць што колечы Школьная Рада Меншчыны. На мой погляд. Рада павінна перш-наперш напіраць на палякаў у адтрыманьні грошаў дзеля скарэйшага заснаваньня ў Слуцку вучыцельскіх курсаў, чаго вельмі чэкаюць i ўсе вучыцелі. Як часовы крок, рада павінна зазначыць палякам, што яна згодна, каб вучыцелі выкладалі беларускую мову i да сканчэньня імі курсаў. Сялянскіе пратаколы я пасылаю павятоваму інспектару, а копіі Школьнай Радзе, якая павінна ўвайсьці ў згоду з інспектарам i зацьвердзіць школу, а таксама даваць школе беларускія падручнікі. Прашу паведаміць Раду, што дзеля школ беларускіх наш гурток [8] выдае кнігі безплатна. У вёсцы Заградзе Цараўскае воласьці залажыўся беларускі кооператыў «Гаспадар», пры якім мною заложена беларуская чытальня. Сялянства вельмі цікавіцца палітыкай, аб чым прыходзіцца гаварыць ня мала. Прывезу многа дакументаў. Не малое значэньне мае чытаньне вершаў. На чытаньне адводзіцца ня мала часу, а Ў вёсцы Паустынь, па запросу сялянства, чытаў часоў паўтара. Газэта расходзіцца добра. Нават у самых далёкіх вёсках здаралася знаходзіць нумары «Беларусі». У прадмесьці м. Слуцка - Остраў заснавана беларуская чытальня «Бацькаўшчыны».
Нашоў у Слуцку прыхільніка беларускага, пана, які з ахвотаю гаварыў а Беларусі i а патрэбі яе нацыянальнае незалежнасьці. Быў у яго на кватэры i вёў размову. Дэкляраваў i далей настаўляць сялян у гэтым кірунку. Прасіў прыслаць газэту i літаратуру. Заўтра еду ізноў, i мусіць не здарыцца напісаць ужэ i да прыезда Ў Менск, бо не думаю, што здарыцца быць раней у Слуцку.
Будзь ласкаў, напішы, што дзеецца ў Менску наогул i асабіста ў нашых палітычных колах. Сялянства выносіць поўнае незадавальненьне а здарэньні з Радаю [9]. Прывезу дакументы. З Русаком гавары аб усім. Гэта пэўны наш працаўнік у ва ўсіх кірунках.
Будзь здароў, дзяцька Трафімаў, паважаючы Вас Андрэй Бараноўскі.
Р. S. Прашу, чэраз Русака напішы, якія абавязкі школьнага рэзідэнта i ці магу я ці школьная рада рэкамендаваць на Слуцкі павет рэзідэнта i якая яму пэнсія. А. Б.
У Цэнтральную Беларускую Школьную Раду
Ад кіраўніка курсаў беларусазнаўства ў м. Слуцка [10] Янкі Станкевіча
На курсы з 30-га сакавіка занятак адбіваецца нармальна. У вадносінах да акупацыйнае ўлады слухачы дзержацца добра, аніякіх самых малых парушэньняў, загадаў ці недобраспадзяваньня ня было, i я пэўны, што i ня будзе. Што вайсковая ўлада адкладаючы курсы не баялася эксцэсаў з боку слухачоў, а проста хацела пашкодзіць беларусам; відаць, хоць бы з таго, што Ў Слуцку i павеце хадзіць можна ўжо ўвечары не да 9-й гадзіны, як узімку, i не да 8-ае, як некалькі дзён назад, а да гадзіны 10-ае.
На 1-га ліпеня сёлета назначаны ў Слуцку польскія неабавязковыя курсы для вучыцялёў усіх школ - маскоўскіх, беларускіх, польскіх. Курсы неабавязковыя, аднак польскім інспектарам i наогул польскаю ўладаю каля ix вытварана такая отмосфэра, што яны вучыцялём здаваліся бадай чымся абавязковымі. Мэта курсаў быўшых цяпер русіфікатараў - прыгатаваць разам і палёнізатараў, хоць-бы ў маскоўскіх школах. Вучыцельства, нават лепшае, дрыжачы за кусок хлеба, думав ўсё ісьці на гэтыя курсы. Але быць на дваіх курсах цяжка i амаль немагчыма. Дзеля гэтага на просьбу вучыцялёў уведзена на нашых курсах i польская мова, каторай вучу я.
Дзеля гэтага пасьведчаньні з надрукаваным тэкстам не пайдуць, i я прашу прыслаць пасьведчаньні з тэкстам недрукаваным.
Склад слухачоў наогул робіць добрае ўражаньне. Вучыцялёў ёсьць болей за 200, рэшта студэнты, гімназісты i інш. Усіх каля 350, Каб прымаць, дык набралася недзе чалавек яшчэ 300, а кажуць, што i болей. Стыхійна йдуць на беларускія курсы. Дзеля гэтага стараемся зрабіць другую зьмену.
Падмога па 10 марак у дзень выдаецца ўсім вучыцялём, што запісаліся да 30-га красавіка ўключна. Апрача гэтага i інтэрнат. Істраўні ня можна было зрабіць, бо апровізацыя выдае толькі жыта або аржаную муку i соль (чорную), але дзякуючы гэнаму жыту i солі ёсьць магчымасьць выдаваць на 10 марак.
Але лектары, лектары!!! Я ніколі не спадзяваўся, каб маглі інтэлігентныя людзі так нягодна чытаць, як чытаюць Жаўрыд гісторыю беларускай літаратуры i Петрашкевіч геаграфію Беларусі. Жаўрыд чытае так нягодна, што яго лекцыя дае адзін пэўны мінус. Што да Петрашкевіча, дык тут мінуса пакуль што няма, алё i аб карысьці можна сумнявацца. Петрашкевіч заўсёды пачынае лекцыю ад слоў: «Паважаныя слухачы...» i, прачытаўшы прафэсарскім тонам мінут 15- 25 (максімум!), канчае лекцыю. Мае ўвагі не памагаюць. Адказ у яго адзін: На такі вялікі ўрок, як 50 мінут, не хапае матэрыялу! Трэба ратаваць палажэньне. На курсы сабраўся ўвесь цьвет вялікай слуцкай інтэлігенцыі, ад гімназіста i студэнта да былой гарадской галавы i яго жонкі. Калі будзе так, як дагэтуль, што фактычна я адзін чытаю лекцыі, часам па з гадзіны, дык ва ўсіх зложыцца перакананьне аб беднасьці беларускай інтэлігенцыі, каторая не змагла паслаць на курсы ў Слуцак нават 2-3 запраўдных лектараў. Пастаўлена на карту справа беларускага руху ў Случчыне.
Усё зрабіце, каб як-та прыехалі лектар гісторыі Ігнатоўскі, лектар пеяньня Чарняўскі альбо Тэраўскі. Калі прыедзе Тэраўскі, то шкадаваць не будзе, бо з слухачоў i слухачак можна як та заарганізаваць добры хор, каторы меў бы вялікія зборы слухачоў.
У вага! Яшчэ да майго прыезду Школьная Рада Случчыны пастанавіла выплачваць лектарам па 40 марак за гадзіну. Прыязджаючыя лектары будуць мець па 2 гадзіны ў дзень (80 марак), за каторыя ў Слуцку будуць магчы нішто пражыць. Калі ж будзе 2-я зьмена, хоць бы на ёй аплочваліся лектары па 20 марак, то лектарам больш добра аплоціцца іхняя паездка ў Слуцак.
Калі няма лепшага лектара геаграфіі, дык неяк прагаруем з Петрашкевічам, але, канешне, прышліце з гэтым вучыцелем Мамчыцам адну вялікую карту Беларусі i на продаж, колькі можаце. Зрабіце, што зможаце, каб прыслаць на курсы другога лектара літаратуры, калі ж гэта зрабіць не магчыма, дык прышліце на мой адрас рукапісныя сшыткі гісторыі беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Гэта можа паправіць хоць трохі лекцыі Жаўрыда. Канешне, прышліце з гэтым пасланцам Мамчыцам усю, канешне аднаўлённую, тэрміналёгію матэматыкі, бо без гэтага ня можна навучыць i выпусьціць з курсаў вучыцялёў. Маецца (а тут кнігі прадаюцца добра) для продажы кааператыўная кнігарня «Процераб», нядаўна тут закладзеная.
6.5.1920 г.
Кіраўнік курсаў беларусазнаўства Янка Станкевіч.
Мы, ніжэйпадпісаныя ўчаснікі зьезду Случчыны, скліканага Стражай Крэсовай 21 сакавіка 1920 году, заявляем, што:
На зьездзе ня было прадстаўнікоў ад многіх мяйсцовасьцей Слуцкага пав., ирыкладам: в. Лучнікі - болей за 1000 душ; Бранавічы, Варкавічы - больш за 500 душ; Ячава - 500 душ; Жывагладавічы - каля 500 душ; Крывічы, Серагі i многа іншых лічбаю болей за 35 ня мелі сваіх прадстаўнікоў на зьездзе.
Ад многіх іншых мяйсцовасьцей Слуцкага павету прадстаўніцтва было няправільным: а) выбраных прадстаўнікоў з многіх мяйсцовасьцей не пазвалі на зьезд з прычыны палітычнага характару; б) апрач прадстаўнікоў ад вёскі былі вызваны на зьезд прадстаўнікі ад каталіцкіх касьцёлаў, назначаных ксяндзамі, - прыкладам: ад Целядавіцкае парафіі было гэткіх «прадстаўнікоў» 6 чалавек, тады як ад праваслаўных цэркваў зусім прадстаўнікоў ня было; в) выбары на зьезд праводзіліся адкрытым галасаваньнем, на каторых быў націск з боку Польскае Улады; г) лічба прадстаўнікоў была не прапарцыянальна колькасьці насяленьня. Малыя шляхецкія Засьценкі i нават асобныя маёнткі давалі гэталькі ж прадстаўнікоў, колькі цэлыя вялікія вясковыя обшчэствы - прыкладам: Баркаўцы Пукаўскай воласьці - 12 двароў мелі 1 прадстаўніка; Хвойнікі i Сычы Пукаўскай воласьці - разам 17 двароў - 1 прадстаўніка; Буслаўка Слуцкай воласьці - 7 двароў - 1 прадстаўніка; Бранчыцы Цараўскай воласьці - болей за 150 двароў - 1 прадстаўнік; Чыжэвічы - болей за 200 двароў - 1 прадстаўнік i інш.; д) ііры выбарах, нягледзячы на пытаньні насяленьня, ня было паведамлена аб мэце зьезду.
Зьезд быў праведзены пад націскам Польскай Улады, нават была пушчана пагалоска аб арышце непакорных. Аратарам, што прамаўлялі за Незалежную Беларусь, старшыня зьезду (ён быў назначаны Стражай Крэсовай, а не выбраны зьездам) не даваў гаварыць. Што наогул вядомым беларускім працаўнікам старшыня не даваў слова, тым часам, як аратарам Стражы Крэсовай давалася гаварыць не ў чаргу; што, нягледзячы на катэгарычныя дамаганьні зьезду запрасіць на зьезд прадстаўніка Беларускага Нацыянальнага Камітэту Случчыны, такі прадстаўнік ня быў дапушчаны нават з дарадчым голасам. У той час, як прадстаўнікі польскіх устаноў у тэй лічбе i вайсковых былі дапушчаны на зьезд i выступалі як аратары. Нягледзячы на дамаганьні зьезду, былі забаронены выбары мандатнай камісіі, каторая праверыла б усе мандаты. Нягледзячы на дамаганьні ўчасьнікаў зьезду, не была выстаўлена павестка дня. Была неўспадзеўкі прачытана рэзалюцыя аб прылучэньні Беларусі да Польшчы, абсуждаць якую было забаронена; выходзіць з залі зьезду перад галасаваньнем рэзалюцыі не пушчалі. Перад гэтай рэзалюцыяй было ўпушчана ў залю некалькі сот чалавек, каторыя ня мелі ніякіх мандатаў. Гэткім парадкам учасьнікам зьезду было 240 чалавек, а рэзалюцыю галасавалі каля 500 чалавек. Проці рэзалюцыі бадай была большасьць, але галасы не падлічваліся, i старшыня зьезду заявіў, што рэзалюцыя прынята аднагалосна.
Дзеля ўсяго вышэй сказанага мы лічым гэты зьезд неправамоцным i зварочваемся да дэмакратыі ўсяго сьвегу, пратэстуючы проці гвалту i здзеку над воляю Беларускага Народу. Зянюк Янка, Катак Алесь, Басалыга Язэп, ЦІТ Грынюк, Алесь Шуляк, Кецко, Ажынас (усяго 10 подпісаў).
МЕНСКІ ПАВЕТ
У Беларускую Школьную Раду Інструктара па нацыянальна-арганізацыйным i школьным справам Менскага павету Сяргея Мялешкі
Адчот аб маёй працы ў Менскім павеце
10 сакавіка 1920 году я выехаў у Семкава-Гарадцкую воласьць, спэцыяльна па беларускім школам, дзеля таго што мне пажадалася пабачыць як пастаўлена школьная справа ў беларускіх ніжэйшых пачатковых школах i дзеля прэдвыбарнай агітацыі сярод настаўніцтва i сялянства, дзеля выбараў такжа прадстаўнікоў ад сялянства, па аднаму ад кожнай школы, на зьезд валасны, які адбыўся 14 сакавіка ў нядзелю i на якім была арганізавана Семкава-Гарадзецкая валасная Школьная Рада. Старшынёю i пісарам абралі настаўніка Цнянскай школы пана Язэпа Налюховіча i скарбнікам настаўніка Саламарэчанскай школы пана Андрэя Нракопчыка. Быў вось у якіх беларускіх школах: Цнянскай, Цнянска-Якубавічскай, Агароднікаўскай, Бароўскай, Семкава-Горадзенскай, Саламарэчанскай, Казекаўскай i Банцэраўскай. Самую галоўную ўвагу беларуская Школьная Улада павінна зьвярнуць на тое, што ў некаторых беларускіх школах ёсьць настаўніцы-русіфікатаркі, якія ня толькі ня спачуваюць беларускай справе, але толькі губяць яе. Проста аж сэрца баліць, прыедзеш, напрыклад, у беларускую школу, у вучняў якой ляжаць на скамейцы беларускія кніжкі да чытаньня, а настаўніца гутарыць па-маскоўску, i як пачнеш ёй раіць, што трэба зрабіць, якія трэба прэдпрыняць крокі, каб беларускую школку паставіць на павінную высату, а яна мне пачынае з гэтага сьмяяцца толькі, ня маючы жаднай надзеі, веры ў беларускую справу, кажучы: «Што беларускасьць, гэта толькі сон». Наогул кажучы, зусім мала у нас ёсьць шчырых беларусаў-настаўнікаў. Хаця-жа школ беларускіх у Менскім павеце ёсць 8, а шчырых беларусаў-настаўнікаў толькі двух, потэм нікаторыя троху спачуваюць беларускай справе, а апошнія - русіфікатаркі, ня гледзячы на тое, што яны скончылі курсы беларусазнаўства. Дзякуючы такім настаўніцам-русіфікатаркам у вёсках, у якіх... функцыянуе беларуская школа, сялянство толькі сьмяецца з беларускае справы, гутаркі хаця ж яно само гамоне па-беларуску просяць настаўніцу, каб яна занімалась толькі «па-панску», па-маскоўску А патаму беларуская школьная ўлада павінна паклапаціцца перад вышэйшай польскай уладай аб тым, каб як найхутчэй беларускія школы перайшлі пад загад Беларускай Школьнай Рады, тады бы можна было б ачысьціць беларускія школы ад маскоускай заразы, настаўнікаў-русіфікатараў... Між іншым трэба зазначыць тое, што ў вёсцы Цне заложана беларуская чытальня «Крыніца», кіраўніком якой зьяўляецца настаўнік Палюховіч. У вёсцы Казекава заложана «Беларуская хатка», кіраўніком якой зьяўляецца фэльчар Станкевіч. У мястэчку Семкавым-Горадку заложан Беларускі Культурна-Прасьветны гурток «Селянін». У нядзелю 14 сакавіка мяне войт Грышкевіч прыказаў жандармэрыі заарыштаваць за тое, што я панёс сьвет у вёску, пачаў сялянства нацыянальна ўсьведамляць i такім чынам арганізаваў на ўсёй воласьці рад культурна-прасьветных беларускіх арганізацыяў. У панядзелак 15 сакавіка мяне жандарм адправіў у Менск да павятовага старасты, ад якога адпраўлены да кіраўніка жандармэрыі на разсматрэньне. Але дзякуючы таму, што яго ня было ў Канцылярыі, мяне пасадзілі ў астрог, у якім я сядзеў, покі ня прыйшоў кіраўнік жандармэрыі, які мяне аслабаніў. Покі дакумэнты мае знаходзяцца ў жандармэрыі, але я маю надзею, што на гэтым тыдні адтрымаю дакумэнты назад i паеду зноў працаваць.
17.3.1920 г.
Інструктар Сяргей Мялешка.
Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту Інструктарскі даклад з Івенецкай i Ракаўскай валасьцей
Едучы ў Івенец па дарозе пытаўся ў вёсках, ці ёсьць беларусы, адказвалі, што няма ніводнага; ёсьць такія вёскі, дзе ніякіх школ няма праз тое, што няма польскіх настаўнікаў. З жыхароў пераважная частка каталікоў. У Івенцы ёсьць адзін коапэратыў. Камэндант бязпярэчна дазволіў склікаць сход i парадзіў сходзіць да ксяндза, каб папрасіць яго склікаць сход. Пайшоў да ксяндза, паказаў яму легітамацыю. Прачытаўшы, кажа, што коапэратыў ня ўходзе ў Ц. Б. С. Пагутарыў з ксяндзом i адправіўся ў коапэратыў. Даведаўся - праўда, коапэратыў ня ўваходзіць пайшчыкам у Ц, Б. С., але пагаварыўшы з Праўленьнем угаварыў ix увайсьці у Ц. Б. С., (пачалі са мной гаварыць па-беларуску). Праўленьне новае; усім коапэратывам правіў ксёндз i вялікую зрабіў растрату, нарабіўшы падложных счатоў; цяпер на яго падаюць у суд. Сябры Івенецкага коапэратыву ўжо прыезджалі ў Менск унесьці пай, але ім тут адмовілі. Я пытаўся чаму - дык яны адказалі: пашлюць туды інструктара, i калі гэта коапэратыў польскі, дык ня прымуць. Гутарыў троха з папом, але поп такі неразьбітны - неварта было i гутарыць. Каталікі было царкву адабралі, а потым аддалі, але ў доме, дзе жылі манашкі, - жывуць жандармы. Шмат у воласьці зьбіралася сялян - я знаёміў ix з беларускім рухам; усе слухалі з зацікаўленнасьцю i казалі так: «ото-ж каб Бог даў Беларусь паўстала на ногі». Раздаваў лісткі аб школе, а рэшту парасклеіваў. Жыхары моцна апалячаны: праваслаўнае i беларускае ўсё ў загоне. Сьвядомых беларусоў надта мала i баяцца казаць, што яны беларусы, бо ўжо былі заарыштаваны. Але абяцаліся паставіць спэктакль, ня гледзячы ні на што. Беларускіх школ усяго тры, а вучаць па-расейску. Адна вышэйшая пачатковая у мястэчку, - вучні адны жыды, i яны трымаюць на свой кошт настаўнікаў. Інспэктар вышэйшай пачатковай школы сьвядомы беларус, але баіцца што небудзь рабіць беларускае. Прадаўшы троха газэт i кніг, паехаў у Ракава. Прыехаўшы ў Ракаў, пайшоў да Камэнданта. Камэндант не дазволіў рабіць сходы без асобнай паперы ад Старасты ці ад Начальніка Вокругу. Прышлося ехаць у Менск, узяць дазваленьне ад Старасты i ехаць у Ракаў. Камэндант дазволіў рабіць сходы з умовай, што на кожны сход будзе прысылаць жандармаў. У некаторых коапэратываў ужо выбары зроблены: выбраны сьвядомыя беларусы. У Крывіцкім коапэратыве сабраў сход. Жандарм ня прыезджаў, i я два разы рабіў сходы азнаёміў з беларускім рухам; аднавіў коапэратыў (так як ён быў зусім за мершы праз тое, што не дазвалялі зра біць сход), выбраў новае праўленьне выбралі аднаго прадстаўніка на зьезд правёў сябе; залажыў адзін новы коа пэратыў. У Ракаве адзін жыдоўскі коапэратыў згадзіўся правесьці аднаго нашага: у гэтым мяне ўпэўнялі сябры Праўленьня, але сход адмовіліся сзываць праз тое, што шмат хто ў раз'ездзе. Сход зробяць на сьвята. Апрача таго, Інспэктар вышэйшай пачатковай школы, беларускі дзеяч, так-жа абяцаў правесьці аднаго нашага па жыдоўскаму коапэратыву, бо ён мае вялікі ўплыў на Праўленьне. Яшчэ ёсьць адзін коапэратыў «Еднасьць», але яны лічаць усе сябе палякамі. Усіх 150 пайшчыкаў, дык з імі ня даў рады: сперша баяліся мяне, уцякалі, а потым ніяк не маглі лік належны сабраць, то будынку ніхто не даваў, за тое, што там будзе беларус. Але наогул мала хто цікавіцца сабраньнем, ім важна каб у коапэратыве быў тавар i танны, а сход ніякі ім не патрэбен. Прышлося сабраць Праўленьне, даць усе інфармацыі. Пазнаёміў з беларускім рухам i перавярнуў на беларусаў, - абяцалі сьвяткуючы сазваць сход i паслаць прадстаўніка, аднаго, бо ix толькі 150 пайшчыкаў. Затым я ix пакінуў. Шукаў сьвядомых беларусаў - ix зусім мала, ды наогул інтэлігенцыі няма (нават i каталікоў), а якія ёсьць - дык застрашаны палякамі (было здарэньне такоя, што аднаго беларуса выбіралі ў Земства тры разы i ўсе касавалі выбары, а потым заарыштавалі, хоць пасьля выпусьцілі), так што працаваць ці залажыць беларускую арганізацыю няма каму. У Ракаўскай воласьці ёсьць 10 беларускіх школ, але не ў ва ўсіх ёсьць беларускія падручнікі; усюды вядзецца моцная палёнізацыя. Прышлося быць на адным польскім сходзе - сабралася чалавек 30 i прачыталі паперу: што просяць як найхутчэй далучыць да Польшчы м. Ракаў, падпісаліся такія i такія. Калі гэта было i хто падпісваў - невядома. Прачыталі i палажылі нікога i нічога ня пытаючыся, потым пачалі казаць пра беларусаў: што гэта расейскія бальшавікі i наогул расейцы, дык ім няма чаго рабіць, дык яны сябе называюць беларусамі, толькі каб ix да Польшчы не прылучалі, але вы людзі разумныя i вас яны ні затуманяць, яны будуць можа казаць, што i вы беларусы, дык ім ня верця, бо беларусы, гэта значыць: «русы» - рускія, а вы каталікі - палякі. Гаварылася яшчэ шмат чаго, але гаварыла толькі двое, а ўсе моўчкі слухалі i затым разышліся, але ўсе рашэньні лічыліся прьгаятымі i зацьверджанымі агульным сходам (цэлаго мястэчка Ракова). Я стараўся ўстрымацца праз тоя, што ня скончыў коапэратыўных спраў, а то каб умяшаўся, то папсаваў-бы тэй мэце, на якую быў пасланы. Дзе прыходзілася гутарыць, усюды былі прыхільнікі Беларусі, а польскай Уладай надта нездавольненыя - частымі рэквізыцыямі, «падушаць - кажуць - голадам». Патрэбна вялікая праца ў гэтых валасьцёх, але найбольш праз друкаванае слова лацінкай i кірыліцай (пакуль што больш лацінкай); лісткі i газэты бяруць усё ахвотна, але купляць скупыя; хутчэй дадуць на беларускую справу, але газэты ня выпішуць, - а інтэлігенцыі няма i да беларускага друку ня прывыклі - нават кажуць, што гэта не па-беларуску, бо шмат ёсьць слоў, што яны не разумеюць. Гэта ўсё трэба растлумачыць. 31.3.1920 г.
Адам Цэрах.
ІГУМЕНСКІ ПАВЕТ
У Беларускую Школьную Раду Меншчыны Часовага інструктара Беларускага Нацыянальнага Камітэту Арэхва Лукаша
Даклад
Будучы высланым у сакавіку Беларускім Нацыянальным Камітэтам па справам коаператыўным у Пухавіцкую. i Пагарэльскую воласьці Ігуменскага павету, я, між іншым, азнаёміўся з школьнай справай, а таксама з агульным асьведамленьнем у адносінах да беларускага руху ў гэтых валасьцёх.
Аб усём гэтым мушу сказаць ніжэйпісанае:
1) Як у Пухавіцкай, так i Пагарэльскай воласьцях істнуюць да гэтага часу толькі расейскія школы; у некалькіх слабадах, галоўным чынам там, гдзе жыхары каталікі, у астатні момант адчынены польскія школы. Беларускіх у абедзьвух воласьцях зусім няма.
2) Інтэлігенцыі на вёсках, а асабліва ў мястэчках вышэйназванага раёну, ёсьць шмат, але яна мала ведае, што робіцца на белым сьвеце. Газэты туды даходзяць рэдка, а калі ж здарыцца каму прачытаць якую-кольвек часопісь, то толькі тады, як гэты нумар прывязуць непасрэдна з Менску. Пошта існуе толькі на ст. Пухавічы i Асіповічах, але яна абслугоўвае толькі вайсковыя i цывільныя ўрады. Польскай уладай гэта інтэлігенцыя настолькі тэрарызыравана, што асобныя адзінкі баяцца нос высунуць далей парога сваёй хаты. Зразумела, што ініцыятывы ў якой бы толькі працы ад яе чакаць нечага. Есьць, праўда, некалькі здарэньняў, гдзе мяйсцовая інтэлігенцыя, галоўным чынам моладзь, прымае які-кольвек удзел у культурнай працы. Самай даступнай працай у такіх здарэньнях зьяўляецца коаператыўная праца i праца ў полуафіцыяльных культурна-прасьветных гуртках (Пухавічы, Пагарэлае, Лапічы). Што тычыцца яе адносін да беларускага руху, то большасьць вельмі прыхільна глядзіць, але рабіць штокольвек у гэтым напрамку баіцца, «дабы не спешэшэстваваць» (буквальна!) у Ігумен альбо у Менск без сваёй на гэта згоды.
3) Настаўніцтва істнуючых школ пойдзе на сустрэчу беларускай школе, але пастольку, паскольку гэта зьявіцца немінуючым дзеля кавалка хлеба. Мая прэдасьцярога памятаваць аб тым, што расейскія школы з новага вучэбнага году польскай уладай могуць быць зачынены i на ix мейсцах адчыняцца польскія школы, шмат каго з ix патрывожыла, тым болей, што з боку польскага школьнага інспэктарыяту ў гэтым сэнсе ужо трохі зроблена; так, напрыклад, усім вучыцелям, гдзе пабываў ігуменскі школьны інспэктар, было дадзена да ведама, што ўлетку гэтага году ў Ігумені будуць польскія настаўніцкія курсы, на якіх трэба будзе пабываць усім вучашчым; школьныя будынкі, асабліва гдзе яны збудаваны спецыяльна пад школы, вельмі падробна абгледжаны, шмат у якіх школах уведзены лекцыі польскай мовы, а ў нікаторых польскія сьпевы i г. д. Усё гэта вельмі стасавалася з маёй прэдасьцярогай i заставіла шмат з каго запытацца: «А Беларускія курсы для вучыцеляў будуць?» I ўсё ж такі, нягледзячы ні на што, мне думаецца, што із-за страху «спешэшэстваваць» ніхто з ix для беларускай школы нічога не зробіць. Есьць i такія, якія па сваім перакананьням зьяўляюцца прыхільнікамі толькі расейскай школы i беларускую школу лічаць немажлівай да істнаваньня (Осіпаў з вёскі Вялікія Каменічы, настаўніца Заборскай школы... i інш.).
4) Большасьць сялянства глядзіць на беларускую школу вельмі прыхільна, асабліва праваслаўнае сялянства. Калі й сустрэня беларуская школа гдзе-кольвек праціўнікаў між сялян, то толькі альбо пад знакам антыбеларускай інтэлігенцыі, альбо дзеля таго, што з расейскай школаю яны зжыліся, а беларуская школа зьяўляецца для ix зусім новай рэччу.
5) Беларускія школы, па моему перакананьню могуць быць адчынены вось у якіх мейсцах:
а) веска Балоча (Пухавіцкай вол.)...
б) веска Снусьцік (Пагарэльскай вол.)...
в) Лочын (Пагарэльскай вол.). Школы зусім няма, а патрэбнасьць у ёй вялікая...
г) с. Пагарэлае. Есьць 3-камплектная расейская школа. Істнуе полулегальны гурток. Інтэлігенцыі шмат, але з беларускім рухам яна мала асьведамлена. Патрэбна вялікая i ўмелая праца, каб ідэю беларускай школы правесьці у жыцьцё. Вельмі патрэбна літаратура як школьная, так i агульная;
д) веска Вялікія Каменічы (Пагарэльскай вол.)... Настаўнік Осіпаў - шчыры прыхільнік расейскай школы. З беларускай школай памірыцца «только как с неминуемой неприятностью». Польскую мову выкладае вучыцелька з слабады Казімерава, якая «знайшла патрэбным вучыць дзяцей польскім сьпевам»;
е) Лазовая (Пагарэльская вол.)...
ж) в. Вязаўніца (Пагарэльскай вол.)...
з) Кабылянка (Пагарэльскай вол.)...
і) в. Халуі (Пагарэльскай вол.)...
к) Хімкі (Пагарэльскай вол.)...
л) Вязье (Пагарэльскай вол.)...
м) Заборск (Пагарэльскай вол.).,.
н) м. Лапічы. Есьць 3-камплектная школа. Мейсцовая інтэлігенцыя вельмі слаба адчувае свае нацыянальныя абавязкі. Калі такі момэнт, як адчыненьне беларускіх школ, настане, то мейсцовая настаўніца згодзіцца з ім, але мала надзеі, каб яна працавала шчыра... Грамадзяне вельмі сапсуты бальшавізмам, а яшчэ болей агульнай некультурнасцю. Людзей, якія маглі карыстацца даверыем грамадзян мала, тых жа, якія працавалі, напрыклад, у коаперацыі, дэмагогі, сябе скампраметавалі i ў душах сялянства падарвалі да ix усякае даверые. Тут патрэбна таксама, калі ня больш як у Негарэлым, доўгая i настойлівая праца;
о) м. Пухавічы. Есьць пачатковая школа, ёсьць гімназія i польская школа. Настаўніца можа i працавала у беларускім кірунку, але яна жыве i чакае кожны момант, што прыдуць i арыштуюць, загоняць туды, адкуль вярнуцца трудна. Есьць культурна-прасьветны гурток, які складаецца з мейсцовай моладзі. Гурток хоча зрабіць кіоск дзеля прадажы беларускіх кніжак i газэт...
6) Дзеля разьвіцьця беларускай школы ў вышэйпамянутым раёне, немінуча мець там больш-менш сталага працаўніка, якога камандыраваць ад Беларускага Нацыянальнага Камітэту, даўшы яму на магчымасьць шырокія паўнамоцтвы. Патрэбна, каб ён аб'ехаў увесь раён дзеля стварэньня прыгавораў сялянамі аб адчыненьні беларускіх школ як замест расейскіх, так i новых. Літаратуры, як школьнай, так i агульнай, чым болей! Без кніжак, якія змогуць агітаваць самі за сябе, на вёску ехаць нечага. Толькi паказаўшы селяніну школьную i іншую літаратуру, можна разьбіць яго косны погляд, што на яго «мужыцкай» мове нічога добрага быць ня можа. Селянін лічыцца толькі з тым, што надрукавана, усё іншае зьяўляецца для яго рэччу, на каторую ня варта зьвяртаць увагу.
31.3.1920 г. г. Менск.
Часовы Інструктар Беларускага Нацыянальнага Камітэту Лукаш Арэхва.
Прыгавор
грамадзян Пухавіцкага Таварыства Ігуменскага павету Мінскай губерні
Мы, ніжэй падпісаўшыеся грамадзяне мястэчка Пухавіч i ваколіц, пастанавілі рэарганізаваць усе быўшыя ў м. Пухавічах расейскія школы: Царкоўна-прыхадскую двухкласовую, народна-міністэрскую i земскую пачатковую, усяго 6 камплектаў у Беларуска-нацыянальныя школы, дзеля чаго ўпаўнаважваем прэдстаўніка, выбранага намі, паручніка Беларускага войска, Пана Махарэнко-Радзеўскага Аляксандра, паклапаціцца перад Школьнай Беларускай Радай i Нацыянальным Камітэтам прызнаць вышэйазначаныя школы Беларускімі з гэтага 1920 году i таксама нашых старых настаўнікаў i настаўніц, каторыя павінны прайсьці курсы Беларусазнаўства, у чым i сьведчым сваімі ўласнымі подпісамі: М. Яворскі, I. Кульчыцкі, А. Лабуш, І. Войціч, Л. Кульчыцкі, К. Рудзікоўскі, П. Варашуха, I. Лабуш, С. Ковень... (усяго 120 подпісаў). 13.6.1920 г.
У Школьную Раду Меншчыны Беларускае моладзі вёскі Скрыля Цітаўскай воласьці Ігуменскага павету Менскай губерні
Прозьба
Скрылеўская моладзь у ліку 50 чалавек мушчын i жанок мае вельмі вялікую ахвоту дзеля культурнага свайго разьвіцьця адчыніць у сваёй вёсцы беларускі гурток моладзі. Дзеля гэтага Скрылеўская моладзь вельмі просіць Менскую Раду прыняць, якія трэба дзеля гэтага меры, каб адчыніць такі ў вёсцы Скрылі Беларускі гурток моладзі, з правам ва ўсякае время ставіць спектаклі на беларускім i рускім языках, адкрыць сваю обчыскую бібліятэку, адкрыць курсы ці васкрэсную школу дзеля навучэньня ўзрослых грамаце i т. д. Затым просім прыслаць цэраз нашага прадставіцеля ўстаў i на пачатак дзела адпусьціць кніжак у бібліотэку.
Подпісы жыхароў вёскі Скрыля, якіе жадаюць адчыніць гурток: Я. Ляпіч, Вікенці Сікорскі, Надзея Стральцова, Стэфаніда Самсонік, Зося Белабровік, Марыя Савайтан, Сьцяпан Буцкевіч, Іван Стрэльскі... (усяго падпісалася 22 чалавекі).
У Школьную Цэнтральную Раду Меншчыны
Пры аб'ездзе свайго вучастка па Ігуменскаму павету мне здарылася толькі адна беларуская школа ў маёнтку Кухцічах, Уздзенскай воласьці. Школа гэта прыватная, яна адчынена на кошт княгіні Радзівіл-Красінскай. Знаходзіцца яна - гэтая школа ў будынку княгіні, будынак добры. Усіх вучняў лічыцца 31, яны як належыць ходзяць. Усё патрэбнае: пёркі, паперу, кнігі i іншыя рэчы даюцца вучням на шчот княгіні. Настаўніца пэнсію адтрымлівае i розныя выдаткі гэтак сама.
Настаўніца школы Зофія Мархель скончыла беларускія курсы. Істнуюць 3 групы. Педагагічная справа пастаўлена добра. Дысцыпліна падтрымліваецца. Вучні многа прайшлі, пішуць без памылак дыктоўку, добра чытаюць i знаюць шмат вершаў, гэтак сама вучаць гісторыю Беларусі i геаграфію. Есьць карта, i яны безпамылкова паказваюць граніцы нашых суседзяў. Старшэйшая група ўмеець скланяць i ведае часьці рэчы. Нацыянальны бок у школі гэтак сама добра. Выкладаецца ўсё па-беларускі, вучні так сама без памылак адказваюць. Трохі недахват у кнігах, але ўсё ж такі ёсьць неколькі граматык, задачнікаў i інш.
Пры аб'ездзе па вызначанай мне частцы павету я заходзіў у расейскія школы, дзе згаджаўся з настаўнікамі i ў гэтых школах вёў урокі беларускай мовы, знаёміў з гісторыяй, геаграфіяй i народнымі беларускімі творамі вучняў. Гэткія ўрокі я рабіў у вёсцы Нізок Уздзенскай воласьці, Камені, мястэчку Магільным i інш. мейсцах. Дзеці надта іцкавіліся, у ix - вясковая чыстая беларуская душа, але яны нічога яшчэ ні чулі пра нашы народныя творы. Ix вельмі цікавіць родная мова. Цяпер у школах праца беларуская пойдзе шмат лепш. Настаўнікі зацікавіліся самі: яны скрозь увайшлі ў культурна-прасьветныя гурткі, вёскі будуць мець сваі бібліятэчкі, і, як я думаю, яны павінны карыстацца нашымі творамі i пашыраць ix у школах. Сяляне гэтак сама будуць знаёміцца з нашым друкам i прыхільна аднясуцца, калі будуць адкрывацца беларускія школы. Але на адкрыцьцё школ заўсюды павінны прыязджаць інструктар, які ўжо больш практычны ў гэтай справе. Каб хутчэй пайшла гэтая праца, трэба што-небудзь даць гэтым школам, чаго не палучаюць дру'гія школы, напрыклад, кнігі-падручнікі i інш.
Красавік 1920 г.
Інструктар Тамаш Гаўрыловіч.
У Беларускі Нацыянальны Камітэт Інструктара Рунца
Даклад
Паехаўшы з Менску ў чэрвені гэтага году ў Ігуменскі павет дзеля нацыянальнай працы, я да гэтага часу ўсьпеў аб'ехаць вось якія воласьці: Дудзіцкую, Цітаўскую, Шацкую, Пярэжарскую. У Дудзіцкай воласьці нацыянальная сьвядомасьць пакуль што стаіць ня вельмі добра, але, дзякуючы таму, што там былі сьвядомыя беларускія дзеячы (Кудзелька, Гаўрыловіч i др.), яна стала пашырацца i цяпер з кожным днём расьце наогул станоўча ў вёсках - Асацэ, Крыстанпольлі, Грабені, Бахаравічах, Цепляні, Банамутавічах, сяляне надта зацікаўлены беларускай справай. Пытаюцца пра беларускія школы i беларускае войска. У Бахаравічах ужо ёсьць беларуская школа, адчыненая зімою, i сяляне гэтай надта вялікай вёскі (больш як 200 двароў) надта задаволены беларускай школай, бо ім доўгі час ніяк не ўдавалася адчыніць школу, як яны кажуць, на казённы кошт. Пытаюцца ўсюды пра Беларускае войска. Цікавяцца, з кім яно ваяваць будзе, i калі я ім растлумачваў, што беларускае войска будзе ваяваць з усімі, хто будзе ісьці на Беларусь, яны засталіся задаволенымі i сказалі, што надта будзе добра як будзе ў нас сваё гаспадарства. У мястэчку Дудзічах я залажыў культурна-прасьветны гурток «Сявец». Старшынёю гуртка выбран Хадыка, сьвядомы беларус i добры мастак. У вёсцы Крыстанпольлі абяцаў адкрыць беларускую школу, бо цяпер я ня меў належачай паперы. Веска гэта так сама вялікая, але школы няма. Была зімою школа, але існавала прыватна. Трэба праўдзіва адмеціць, што сяляне надта супачываюча слухаюць пра ўвесь беларускі рух, хоць i тэрарызаваны жандармерыяй, якая робіць усялякія напады i ўласна забіваіць на сьмерць людзей. У Цепляні я сабраў i згуртаваў мрладзь, але не залажыў культурнага гуртка, бо, не маючы паперы ад вокруга, не ўладзіў з жандармамі. Быў у вёсках Прыстані, Кабывічах i Гарэльцах, дзе пашыраў беларускую сьвядомасьць, прыватна, без усялякага дазволу ўраду зьбіраў сходы. Вёскі гэтыя надта цёмныя i забытыя Богам i людзьмі. Нідзе німа школ, i сяляне аб гэтым надта гаруюць. Я абяцаў у восень адкрыць школы i прывезьці беларускіх газэт i кніжак, якімі яны надта цікавяцца.
У Шацкай воласьці быў вось у якіх местах: м. Шацку, Таўкачэвічах, Сяргеівічах i Вяркабах, але апрача прыватнай гутаркі нічога ня мог зрабіць, бо раённы начальнік, паляк, вышаўшы з расейцаў, i надта ня любіць i ня хоча прызнаць Беларускага адраджэньня.
У Пярэжарскай воласьці, дзе войт беларус, справа стаіць шмат лепш. Выпісваюцца беларускія газэты i літэратура. Наогул уся справа пашырана сярод усяго грамадства.
30.6.1920 г.
Інспектар Рунец.
БАРЫСАЎСКІ I БАБРУЙСКІ ПАВЕТЫ
Паездка па Барысаўскім павеце
11 лістапада я чыгункай адправіўся Ў Барысау, куды й прыбыў 12-га. Шмат тут прышлось мне працаваць нелягальным пуцём, шукая прыхільную люднасьць, i хаваўся ад асоб, каторыя рабілі вялікіе перашкоды. Наканец мне ўдалося дабіцца дазваленьня на права збіраньня сходаў i працаваць адкрыта. Тут было арганізавана Навукова-Літэратурнае Таварыства, у склад каторага ўвайшлі найбольш прыхільныя дзеячы - Кастусь Ржэуцкі, Сьцяпан Купрэеў, Пячорын, Абрамовіч, Астапеня i інш. Адтуль 21-га лістападу я звярнуўся ў Сенек, каб адтрымаць грошы, но мне ix не далі, i цераз 2 дні я зноў паехаў у Барысаўскі павет. Но працаваць без грошай вельмі трудна. Едзіш не туды, куды трэба, а туды, дзе лепей i таней праехаць. Но ўсё-ж такі мне ўдалося пабываць у Смалявічах, Зембіне, Мсціжы й Барысаве i пабываць на сходках жыхароў, каторыя зьбіраліся хоць па другім пытаньням. Усюды люднасьць слухала з вялікім вніманіем i знаёмілася, хто яны такія - чы палякі, чы расійцы, чы беларусы. Залажыць якія-ліба арганізацыі мне не ўдалося па прычыне таго, што няма знаёмых у беларусазнаўстве асоб, люднасьць яшчэ не азнаёмлена была, настаўніцтва яшчэ не сабралася. Толькі ў Мсціжы пастаноўлена адкрыць беларускі каоператыў i ў вёсцы Макаўе. беларускую вячэрнюю школу для ўзрослых. Падробнае апісаньне сходак мною будзе дано ў другі раз. У Барысаве Навукова-Літэратурнае Таварыства ўжо ставіла 2 спектаклі, каторыя ймелі вялікі ўсьпех i зацікавілі люднасьць.
Рэвідэнт Юліян Лютаровіч.
Даклад
Інструктара па Школьным i Нацыянальна-Арганізацыйным справам Бабруйскага павету Кастуся ІІІчыгельскага
7-га сакавіка ў Бабруйску адбыўся першы народны спэктакль Бабруйскага Беларускага Вучнёўскага Гуртка, 50 % збору з якога пайшло на карысьць незаможных вучняў-беларусаў Бабруйску. Ігралі «Міхалку» i «Чорт i баба». Адыгралі добра. Публікі было шмат, i спэктакль ёй вельмі спадабаўся. Але к сораму нашае інтэлігэнцыі, яна аднеслася да спэктаклю індэфэрэнтна. Большасьць публікі складалі польскія жаўнеры. У цяперашні час вучні рыхтуюцца да другога спэктаклю. У м. Сьвіслачы апошнім часам заложан Культурна-прасьветны гурток. У гурток уваходзяць настаўнікі, вучні вышэйшае пачатковае школы i шмат сялян. Ня гледзячы на тое, што м. Сьвіслачы знаходзіцца цяпер на самым фроньце, тутэйшая беларуская інтэлігенцыя энэргічна працуе, пашыраючы нацыянальную сьвядомасьць. Цяпер праца гэта мае пашырацца на абшар усяе Сьвіслацкае воласьці. Нялішне пазнаёміцца тут з жыцьцём на фроньце. Жыве i дыхае тут народ у нейкай асаблівай атмасфэры, якая наскрозь пранята «сьвістам» канчука i дубіны, да ўжываньня якіх вельмі ахвочы цяперашнія «гаспада палажэньня». У бліжэйшых да фронту вёсках сялян зганяюць па некалькі семьяў у адну хату, а іхнія хаты займаюцца салдатамі. Камэнданты цяперашнія, «багі i цары» прыфронтавых вёсак, зусім падобны да вураднікаў часоў царскага ражыму, Адменяюцца адзін ад аднаго толькі па вопратцы, а іншы раз i па мове. Цяпер пачьгааецца гарачая вяснавая пара. Але сяляне ня ўпэўнены, ці справяцца яны каля сваіх шнуроў, калі становішчо ня зьменіцца. Працаваць каля сваіх гаспадарак ніводзін з ix амаль што ня мае часу. Кожны лічыць за вялікае шчасьце, калі мае ў тыдні два-тры слабодных дні, у якія ён крыху адпачывае ад прымусовых работ. Нармальная праца каля гаспадаркі будзе праз увесь час перашкаджаць яшчэ i тым, што ніводнага крону ня можна ступіць бяз пропуску. Нават дзеля таго, каб вывезьці ў поле воз гною альбо выехаць з плугам ці бараной, трэба браць пропуск. У самым мястэчку Сьвіслачы жыцьцё зусім замерла. Пасьля 7-й гадзіны ўвечары ня можна выходзіць ня толькі на вуліцу, але нават з хаты, бо можна наляцець на няпрыемнасьць - быць забітым жаўнерамі, якія ў гэты час пачынаюць «аглядаць» гаспадарскія хлявы i цягнуць з ix што пападзе пад рукі. На кожным кроку відаць так сама сьляды бальшавіцкіх «пачастункаў», ад якіх усё насяленьне мястэчка хаваецца ў акопы, якія тут мае кожны гаспадар перад сваёй хатай. Шмат будынкаў у апошнія часы спалена бальшавіцкімі снарадамі. Не пашкадавалі нават будынка, дзе зьмяшчалася вышэйшая пачатковая школа, якая цяпер месьціцца ў будынку, дзе раней былі магазыны сьвіслацкіх гандляроў. Вельмі цікавы выпадак з беларускаю школаю ў м. Макарычах, Новадворскай воласьці. Па прыгавору сялянскага сходу ад 12 студня г. г. тутэйшая пачатковая школа была абернута з расейскай у беларускую i настаўнікам у яе быў запрошан сялянамі п. А. Самахвал, які i пачаў выкладаць навуку ў школе па-беларуску. Але да гэтага часу ён, дзякуючы добрым парадкам, якія пануюць у «гміне» i ў канцылярыі нашага школьнага інспэктара (і там i тут згубілі паперы), яшчэ ня быў зацьверджаны. Але болей таго, гэта мейсцо, дзякуючы гэтым-жа парадкам, лічылася вакантным. I вось з 1-га сакавіка новы інспэктар назначае ў гэту школу новага настаўніка, нейкага п. Супруновіча, які ня ведае нашае мовы i зусім няпрыхільна адносіцца да беларускай справы. На мае запытаньне, што гэтакае назначэньне азначае, інспэктар п. Казусак, адказаў, што ён аб ніякай беларускай школцы ў Бабруйскім павеце нічога ня ведае. Але пасьля нядоўгіх спрэчак ён згодзіўся гэтую справу ўладзіць. Вызваўшы тэлефанаграмай з Макарыч у Бабруйск п. Самахвала, якому прышлося прыгатаваць ужо трэція па ліку паперы, я разам з ім зьвярнуўся да п. Казусэка i прасіў яго аб найхутчэйшым зацьверджаньні гэтае школы як беларускай. Пан Казусэк паперы прыняць - прыняў, але зацьвердзіць п. Самахвала адмовіўся да тэй пары, пакуль не адтрымае ад Цэнтральнай Беларускай Школьнай Рады яе згоды на тое, каб п. Самахвал быў настаўнікам беларускай школы. Трэба школьнай Радзе зьвярнуць на гэту справу ўвагу i пытаньне гэтае як найхутчэй уладзіць, пакуль дзеці яшчэ не вярнуліся пасьля сьвят у школу. Вось як палякі куюць свае прыязныя адносіны да беларускага народу. Няма дзіва, што ад такіх «ласкавых i прыязных» адносін, цяпер амаль па ўсім павеце пачынаюць выбухаць паўстаньні. Так выбухнула паўстаньне ў Рудабелькай воласьці [11] дзе сяляне йшлі на палякаў з пеяньнем беларускай марсельезы «Ад веку мы спалі». Паўстаньне было зьліквідавана. Большасьць паўстанцаў разьбеглася, а чалавек з 12 ciвых старых сялян прыгналі ў Бабруйск на суд. Мабыць было надта «салодка» ад польскіх «прыязных» абхаджэньняў, што ня вытрымалі ix i старыя сяляне. У цяперашні час наш селянін ня хоча i слухаць аб ніякай згодзі з палякамі; ён стаіць на груньце поўнай незалежнасьці i вельмі коса i нават з пагардаю глядзіць на тыя беларускія «дэмакратычныя» партыі, якія - як ён кажа - прыкрываючыся сацыялістычнай маскай, чамусь дзьмуць часамі не зусім сацыялістычныя польскія дудкі, калі гавораць, пасьля такіх здзекаў палякаў, аб «цэснай фэдарацыі з Польшчай». (Дасканалыя словы аднаго селяніна.) На гэта, да каго гэта адносіцца, трэба зьвярнуць вялікую ўвагу, калі яны хочуць, каб народ ішоў за імі. Усе свае надзеі сяляне пакладаюць на Усебеларускі Зьезд - Кангрэс, якога яны чакаюць з вялікай нецярплівасьцю. Трэба дамагацца ўсімі сіламі аб як найхутчэйшым яго сазыве. Гэта паратунак ад усялякіх непаразуменьняў i нараканьняў, якія наклікаюць на сябе ў цяперашні час сваімі дзеямі некаторыя з асоб, якім было даручана кіраваць беларускімі справамі Першым Усебеларускім Зьездам.
4.4.1920 г.
К. Шчыгельскі.
Аб сьвяткаваньні нацыянальнага сьвята 25 Сакавіка Абвяшчэньне Радай Беларускай Народнай Рэспублікі незалежнасьці Беларусі ў яе этнаграфічных межах (з пратаколу паседжаньня Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэту ад 22.3.1920 г.)
...25 сакавіка - сувэрэнны беларускі народ праз свой прадстаўнічы орган Раду Беларускай Народнай Рэспублікі абвясьціў Незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны. Дзень гэты павінен зьявіцца нашым нацыянальным сьвятам... 25 сакавіка (1920 году), дзеля важнасьці момэнту адмежавацца гэтакім сьвяткаваньнем:
а) ва ўсіх беларускіх школах i прытулках (Менску) [12] а 11-й гадзіне зрана сабраць усіх вучняў i ix бацькоў гэтых школ, а дзяцей прытулкаў у прытулках, дзе павінны быць зроблены прамовы кіраўнікамі аб значэньні гэтага сьвята (Устаўная грамата ад 25 сакавіка 1918 года), затым вучні ўсіх школ i дзеці прытулкаў, а па мажлівасьці i ix бацькі пасылаюцца пад кіраўніцтвам настаўнікаў на набажэнства - каталікі а 12-й гадзіне ў касьцёл, а праваслаўныя - а 1-й гадзіне ў царкву, а пасьля набажэнства... а 4-й гадзіне на поўдні ў «Беларускай хатцы» робіцца для дзяцей дзіцячы спэктакль, куды так сама павінны быць прыведзены дзеці. Усе дзеці павінны быць уквечаны нацыянальнымі значкамі. Выпаўненьне ўсяго гэтага прасіць Беларускую Школьную Раду i Настаўніцкі Саюз;
б) а 5-й гадзіне ўвечары ў памяшканьні Беларускага Нацыянальнага Камітэту (былы Юбілейны дом) адбудзецца ўрачысты сход Нацыянальнага Камітэту. Дзеля чаго на гэты сход прасіць усе арганізацыі, а так сама i Вайсковую Камісію...
в) а 7-й гадзіне ўвечары будуць пастаўлены беларускія пьесы: у мясцовым тэатры будзе пастаўлена пьеса з выступам хору [13] а ў «Беларускай хатцы» Таварыствам Працаўнікоў Беларускага Мастацтва будзе пастаўлена пьеса i інш. ...
г) прасіць рэдакцыю газэты «Беларусь» па мажлівасьці, але ня вельМІ відавочна зьмяшчаць у газэце артыкулы аб значэньні сьвята, а ў дзень сьвята выпусьціць Юбілейны нумар. Абіраецца Камісія (па апрацаваньні парадку сьвяткаваньня 25 Сакавіка) з п. п. Рак-Міхайлоўскі, Трэпка, Булат, Ламака, Козіч, Фарботка, прасіць, каб ЯНЫ 23 гэтага сакавіка а 4-й гадзіне дня сабраліся ў памяшканьні Нацыянальнага Камітэту дзеля абгавору пляну сьвяткаваньня.
БІБЛІЯГРАФІЧНЫЯ ДАВЕДКІ ПРА УЗГАДАНЫХ У ПУБЛІКАЦЫЯХ АСОБАЎ:
Арэхва Лукаш, ураджэнец в. Баруны Ашмянскага павету. Інструктар ЧБНК на Ігуменшчыне ў 1920 годзе. У 1920-я гады ў Заходняй Беларусі ўваходзіў у раду Віленскага саюзу каапэратараў, удзельнічаў у рабоце Таварыства беларускай школы, Беларускага інстытута гаспадаркі i культуры. Пасьля 2-й сусьветнай вайны на эміграцыі.
Асташонак Андрэй, ураджэнец в. Голацк (н. 15.10.1889) Ігуменскага павету. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую сэмінарыю (1910). У 1910-1915 гг. настаўнік Васіліскага народнага вучылішча Лідзкага павету. Удзельнік 1-й сусьветнай вайны. З восені 1917 года старшыня Дукорскай валасной земскай управы. З 1918 года студэнт Менскага настаўніцкага інстытута, сябра беларускай нацыянальнай арганізацыі «Маладая Беларусь» i партыі беларускіх эсэраў. У 1920 годзе сябра Беларускай камуністычнай арганізацыі, інструктар ЧБНК у Лідзкім павеце, з жніўня член КП(б)Б. З канца 1920 года сакратар Саюзу працаўнікоў асьветы ССРБ, нядоўгі час працаваў загадчыкам аддзела ЦБ КП(б)Б па рабоце на вёсцы. Скончыў Менскі інстытут народнай адукацыі (1921) i БДУ (1925). Далейшы лёс невядомы.
Асьвяцімскі Мікалай, ураджэнец Случчыны. З 1917 года сябра беларускага культурна-асьветнага гуртка «Папараць-Кветка» ў Слуцку. З 1918 года ў партыі беларускіх эсэраў. У 1920 годзе сябра Беларускага Нацыянальнага Камітэта, Беларускай Рады Случчыны i інш. арганізацыяў, удзельнік Слуцкага збройнага чыну.
Бараноўскі Андрэй, ураджэнец Случчыны. У 1919-1920 гг. сябра ЦК партыі беларускіх эсэраў, кіраўнік тэатральнай сэкцыі гуртка «Папараць-Кветка». З восені 1920 года ў складзе Слуцкага рэкама. У 1920-я гады працаваў у савецкіх установах Слуцкага раёну. Пад уціскам КП(б)Б быў адным зь ініцыятараў самароспуску ў 1924 годзе партыі беларускіх эсэраў. У пачатку 1930-х гг. рэпрэсаваны савецкімі рэпрэсыўнымі органамі.
Гаўрыловіч Тамаш, ураджэнец м-ка Новы Сьвержань Менскага павету. Скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю (1913). Удзельнік 1-й сусьветнай вайны, пасьля сканчэньня Маскоўскай вайсковай школы (1916) атрымаў чын паручніка. З восені 1917 года сябра Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады, па даручэньеі К. Езавітава ў Маскоўскай ваеннай акрузе арганізоўваў беларускія вайсковыя адзінкі. З 1918 года студэнт Менскага настаўніцкага інстытута, сябра арганізацыі «Маладая Беларусь» i партыі беларускіх эсэраў. З 1920 года сябра Беларускай камуністычнай арганізацыі, інструктар ЧБНК у Менскім i Ігуменскім паветах, наладжваў сувязь паміж партызанскімі аддзеламі Меншчыны i камандаваньнем 12-й арміі савецкіх войскаў. Скончыў Менскі інстытут народнай адукацыі (1921). У 1923 годзе выключаны з БДУ. Пра далейшы лёс невядома.
Лістапад Юрка, ураджэнец в. Варкавічы Слуцкага павету. З 1918 г. сябра партыі беларускіх эсэраў. Скончыў 1-я Менскія беларускія пэдагагічныя курсы. Восеньню 1919 года Беларускай школьнай радай Меншчыны накіраваны на Случчыну па арганізацыі беларускіх школак. У 1920 годзе сябра Беларускай Рады Случчыны, удзельнік Слуцкага збройнага чыну. З канца 1920 года ў Заходняй Беларусі інструктар па беларускай школьнай справе. Летам 1922 года вярнуўся ў БССР. У 1925 г. арыштаваны АГПУ па абвінавачаньні ў антысавецкай дзейнасьці i асуджаны на 8 гадоў. У 1927 г. амніставаны; у 1933 годзе высланы ў г. Ржэў (Расею). Восеньню таго ж года зноў арыштаваны i асуджаны на 8 гадоў. Загінуў у сталінскіх лягерох.
Лютаровіч (Лютарэвіч) Юльян, ураджэнец Барысаўшчыны (н. 1886 г.). Скончыў Мар'інагорскую сельскагаспадарчую школу (1913) i Менскія пэдагагічныя курсы (1914). З 1904 года настаўнічаў у Барысаўскім павеце. Інструктар ЧБНК на Барысаўскім павеце з вясны 1920 года. Далейшы лес невядомы.
Матэйчук Вера, ураджэнка в. Агароднічкі Беластоцкага павету (н. 11.3.1898). Скончыла Сьвіслацкую беларускую настаўніцкую сэмінарыю (1917), 1-я Віленскія беларускія настаўніцкія курсы (1919), працавала настаўніцай у Бельскім павеце. З 1918 года сяброўка партыі беларускіх эсэраў. У 1919 годзе ўдзельніца Грамады беларускай моладзі ў Горадні. З-за перасьледу польскіх уладаў у пачатку 1920 года перабіраецца на Ігуменшчыну, дзе адкрыла ў в. Бахаравічы беларускую школку. У гэты час зьяўлялася старшынёю Саюзу беларусак. Прыхільніца ўніяцтва, выступала за адраджэньне ўніяцкай царквы на Беларусі. З восені 1920 года інструктарка Беларускага аддзела Наркамасьветы ССРБ. У пачатку 1921 года зьнікае падчас масавых арыштаў бальшавікамі актывістаў партыі беларускіх эсэраў.
Мялешка Сяргей, ураджэнец Менска, з 1917 года сябра Менскай беларускай вучнёўскай грамады. Скончыў Менскую гімназію працаўнікоў Лібава-Роменскай чыгункі (1918) i 1-я Менскія беларускія пэдагагічныя курсы (1919). З 1918 года сябра Беларускага настаўніцкага хаўрусу. У 1919-1920 гг. інструктар ЧБНК у Менскім i Барысаўскім павеце. Ca жніўня 1920 года ў Чырвонай Арміі. З 1921 года загадваў 19-й Менскай беларускай пачатковай школай, удзельнічаў у рабоце этнаграфічнай сэкцыі Інбелкульта. Скончыў БДУ (1925). Пра далейшы лес невядома.
Пашковіч Мікола, ураджэнец м-ка Глыбокае Дзісенскага павету (н. 1.12.1893 г.). Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую сэмінарыю (1915). Удзельнік 1-й сусьветнай вайны, пасьля сканчэньня Ўладзімірскай вайсковай школы (1916) у чыне паручніка. За баі каля Ягельскіх мастоў пад Рыгаю ў 1917 годзе ўзнагароджаны ордэнам сьв. Анны 4-й ступені. З восені 1917 года старшыня Беларускага камітэта 12-й арміі Паўночнага фронту, сябра Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады. Удзельнік 1-га Усебеларускага зьезда (кангрэса). У 1918 годзе сябра Рады БНР, член ЦК партыі беларускіх эсэраў, загадваў 22-й Менскай беларускай пачатковай школкай. У 1919-1920 гг. старшыня Беларускага настаўніцкага хаўрусу, у якасьці інструктара ЧБНК накіроўваўся ў Дзісенскі павет. Скончыў Менскі інстытут народнай адукацыі (1921) i БДУ (1926). З 1926 года працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. У 1930 годзе арыштаваны па справе «Саюза вызваленьня Беларусі» i сасланы ў Смаленск, пазьней зноў арыштаваны i асуджаны ў Салавецкія лягеры, памёр у зьняволеньні.
Радзівіл-Красінская Магдалена (1861 - 1945), княгіня. Падтрымлівала беларускі рух матар'яльна з самага пачатку яго станаўленьня. У 1917-1920-х гадох за свой кошт утрымлівала некалькі беларускіх школак на Ігуменшчыне, як фундатар дапамагла стварэньню ў 1918 годзе Менскай каталіцкай сэмінарыі. У час Слуцкага паўстаньня 1920 года дапамагала паўстанцам мэдыкамэнтамі. Памерла ў Швэйцарыі.
Родзевіч Чэслаў, ураджэнец в. Кур'янаўшчына каля Плешчаніц. Родны брат беларускага драматурга Леапольда Родзевіча. Удзельнік тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага. У 1916 годзе адзін з заснавальнікаў Таварыства па аказаньні дапамогі ахвярам ад вайны. У 1918 годзе супрацоўнік Белнацкама ў Маскве. У 1919 г. актор Беларускага тэатра ў Менску, выкладчык 1-х Менскіх беларускіх пэдагагічных курсаў. У 1919-1920 гадох загадчык Аддзела асьветы Менскага магістрату, старшыня Беларускай тэатральнай камісіі пры ЧБНК, сябра Беларускай вайсковай камісіі ад грамадзкіх арганізацыяў. У 1920-я гады сябра Навукова-тэрміналягічнай камісіі наркамасьветы ССРБ, правадзейны член Інбелкульта, супрацоўнік Беларускай Акадэміі навук. У 1930 годзе арыштаваны па справе «Саюза вызваленьня Беларусі» i высланы ў Саратаў. Далейшы лёс невядомы.
Рунец Ільля, ураджэнец в. Азярычына Ігуменскага павету (н. 12.10.1895 г.). Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую сэмінарыю (1915). Удзельнік 1-й сусьветнай вайны. З 1919 года студэнт .Менскага Беларускага пэдінстытута. З 1920 года сябра Беларускай камуністычнай арганізацыі, інструктар ЧБНК у Ігуменскім павеце. Пра далейшы лёс невядома.
Русак Васіль, ураджэнец Случчыны, сябра партыі беларускіх эсэраў. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 года. Скончыў Праскі політэхнічны інстытут (1926). У 1948 годзе выданы чэхаславацкім камуністычным урадам савецкім уладам. Памёр у зьняволеньні ў 1950-х гадох.
Станкевіч Янка (1891 - 1976), адзін з найбуйнейшых беларускіх мовазнаўцаў, гісторык, пэдагог, палітычны дзеяч. У 1919 годзе сябра Цэнтральнай Беларускай Рады Віленшчыны i Горадзеншчыны, загадваў Беларускім выдавецкім таварыствам «Веда»; пасьля пераезду ў Менск у 1920 годзе - сябра прэзыдыюма Цэнтральнай Беларускай Школьнай Рады, кіраўнік Беларускага школьнага выдавецтва; адзін са стваральнікаў Беларускай народнай партыі. Скончыў Праскі ўнівэрсытэт (1926). Пасьля 2-й сусьветнай вайны на эміграцыі. Памёр у ЗІІІА.
Таразевіч Віктар (25.3.1888 г., мястэчка Крайск Вялейскага павету - ?). Скончыў Вялейскую вышэйшую пачатковую вучэльню (1904) i Сьвянцянскія настаўніцкія курсы (1905). З 1915 года ў дзеючай арміі на Румынскім фронце. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года актыўна ўдзельнічаў у рабоце гурткоў беларусаў-вайскоўцаў. Пасьля дэмабілізацыі ў пачатку 1918 года ў Менску, дзе ў 1919 годзе паступіў у Менскі Беларускі пэдагагічны інстытут. У польскую акупацыю інструктар ЧБНК на Дзісенскім i Вялейскім паветах. Друкаваўся ў газэце «Беларусь» пад псэўданімам «Адзінокі».
Церах Адам (н. 8.9.1882 - ?). Ураджэнец Крайскай воласьці Вялейскага павету. Сябра Першага Беларускага таварыства драмы i камедыі. У лютым 1918 года разам з Ф. Ждановічам арганізоўваў у Менску па загаду каманданта К. Езавітава атрады беларускай міліцыі па захаваньні парадку ў горадзе пасьля ўцёкаў бальшавікоў (напярэданьні ўваходу нямецкіх войскаў). У польскую акупацыю зьяўляўся намесьнікам старшыні Менскага таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, інструктар ЧБНК на Меншчыне. У 1920-я гады працаваў акторам у 1-м Беларускім дзяржаўным тэатры ў Менску.
Шчыгельскі Кастусь (н. 19.10.1900 года, г. Бабруйск - ?). Скончыў Бабруйскую мужчынскую гімназію (1918), настаўнічаў у Скрыпніцкай i Ахоціцкай пачатковых школах. У 1919 годзе рэарганізаваў у беларускую). Сябра партыі беларускіх эсэраў з 1918 года. Сябра Беларускага культурна-асьветнага гуртка настаўнікаў Бабруйскага i Слуцкага паветаў. У лістападзе 1919 года абраны ў Раду БНР. У лютым 1921 года арыштаваны бальшавікамі. Далёйшы лес невядомы.
Шыманскі Сьцяпан (н. 2.10.1896 г.. г. Бярэсьце - ?). Скончыў Берасьцейскую мужчынскую гімназію (1917) i 2-я Віленскія беларускія настаўніцкія курсы (1919). У польскую акупацыю працаваў настаўнікам беларускай пачатковай школы ў вёсцы Высока-Ліпа Баранавіцкага павету, адначасова зьяўляўся інструктарам ЧБНК на павеце. Заклаў беларускі тэатральны гурток ў фальварку шляхціча Будлеўскага. Па непацьверджаных сьведках арыштаваны палякамі ў пачатку 1920 года.
Янушэнка Тодар (? - ?), інструктар ЧБНК у Новагародзкім i Баранавіцкім паветах, паручнік 1-га Слуцкага беларускага палка, актыўны ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 года.
[1] Усе дакуманты, што друкуюцца ў гэтым разьдзеле, захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве (ф. 604, в. 1, спр. 2, 7; ф. 368, в. 1, спр. 1-а, 12, 24, 27, 40. 43) i аддзеле рукапісаў Варшаўскай цублічнай бібліятэкі.
[2] Беларуская вучыцелька Волька Якуцянка (Якуціч), адмовіўшысь працаваць у польскай школе, засталася без урадавай пенсіі... без сродкаў існаваньня; у кастрычніку 1919 года памерла ад голаду.
[3] Тут гутарка ідзе пра вяртаньне беларускага насельніцтва зь бежанства з Расеі, нуды яны прымусова былі эвакуяваныя ў часе I сусьветнай вайны.
[4] Будслаўская беларуская гімназія была зьліквідаваная польскімі акупантамі ў верасьні 1919. На яе месцы была ўтвораная польская гімназія.
[5] Грамада Беларускай Моладзі ў Горадні, беларуская маладняцкая арганізацыя створаная ў траўні 1919 г. з мэтай згуртаваньня беларускай моладзі Горадзеншчыны, пашырэньня сярод яе нацыянальнай сьвядомасьці. Сярод ініцыятараў стварэньня: Тамаш Грыб, Паўліна Мядзёлка, Уладзімір Курбскі, Кастусь Салощык, Мікалай Карповіч, Лукаш Дзекуць-Малей i інш. Першы старшыня Грамады - Паўліна Мядзёлка; пасьля яе ад'езду ў Менск Грамаду ўзначаліў Курбскі. Пры Грамадзе дзейнічалі драматычная, каравая, літаратурна-мастацкая, спартыўная сэкцыі. Неаднаразова сябры Грамады арыштоўваліся польскімі акупантамі. Пад уціскам польскіх уладаў у 1921 г. Грамада спыніла сваю дзейнасьць.
[6] Ліст Лістапада адрасаваны старшыні Беларускае школьнае рады Сымону Рак-Міхайлоўскаму.
[7] Ліст адрасаваны кіраўніку інструктарска-арганізацыйнага аддзелу Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта Яўсею Трахімаву (Трафімаву).
[8] Маецца на ўвазе гурток «Папараць-Кветка» ў Слуцку.
[9] Гаворка йдзе пра сьнежаньскую сэсію 1919-га году Рады БHP, дзе адбыўся палітычны раскол Рады.
[10] Настаўніцкія курсы беларусазнаўства у Слуцку дзейнічалі з 25 красавіка па 1 чэрвеня 1920 г. Выкладаліся: беларуская мова, польская мова, гісторыя Беларусі, геаграфія Беларусі, пачаткі каапэрацыі, беларускія сьпевы, беларуская этнаграфія i тэатральнае мастацтва, гісторыя беларускай літаратуры. Лекцыі чыталіся Янкам Станкевічам, Станіславам Петрашкевічам (выкладчык Слуцкай беларускай гімназіі), Паўлам Жаўрыдам. У траўні 1920 г. да ix далучыліся Усевалад Ігнатоўскі, Францішак Аляхновіч. У гэты час на просьбу слухачоў курсаў Слуцак наведаў Беларускі хор Уладзіміра Тэраўскага ў складзе 30 чалавек, які даў некалькі канцэртаў i адкрытых урокаў па народных сьпевах.
[11] Гутарка йдзе пра антыпольскае паўстаньне ў т. зв. «Рудабельскай рэспубліцы» ў студзені 1920 году, пасьля зьліквідаваньня якога польскія карнікі спалілі сяло Рудабелку.
[12] У польскую акупацыю ў Менску існавала: 16 ніжэйшых беларускіх пачатковых школак, 3 прытулковыя школы, з вышэйшыя пачатковыя школкі, Менская беларуская гімназія i Менскі Беларускі пэдінстытут.
[13] Гаворка йдзе пра пастаноўку п'есы тэатральнай трупай Францішка Аляхновіча.