Папярэдняя старонка: Ваенная гісторыя

Юрка Віцьбіч. Вяліжскае паўстаньне 


Аўтар: Юрка Віцьбіч,
Дадана: 05-11-2016,
Крыніца: Юрка Віцьбіч. Вяліжскае паўстаньне // Спадчына №2-1997. С. 73-98.



З кнігі: Юрка Віцьбіч. Антыбальшавіцкія паўстаньні i партызанская барацьба на Беларусі. Нью-Ёрк, 1996.

Вяліжскае паўстаньне зьяўляецца першым па часе, найвялікшым па колькасьці змагароў i разам з тым найбольш стыхійным антыбальшавіцкім паўстаньнем на Беларусі. Сапраўды, калі Слуцкае паўстаньне або дакладней - Слуцкі фронт БНР у сьнёжані 1920 г. меў палітычны (Рада Случчыны) i вайсковы (Камандзір Слуцкае Дывізіі) цэнтр, калі Гомельскім паўстаньнем, ці Стракапытаўшчынай, у сакавіку 1919 г. кіравалі партыя эсэраў i падпалкоўнік Стракапытаў, калі чатырохдзённую Койданаўскую Незалежную Рэспубліку ў ліпені 1920 г. ачольваў Паўлюк Калечыц, дык нават былым вяліжскім паўстанцам цяжка адказаць на пытаньне, хто ўласна імі кіраваў. Яны ўспомняць баявыя эпізоды, у якіх удзельнічалі, прыгадаюць імёны паўстанцаў сваёй групы й галоўнага ў ёй, але ім няведама, ці каардынаваў хто дзеяньні гэтых групаў. Ведама толькі, што ў паўстаньні ўдзельнічала кал я 50.000 сялянаў, мяшчанаў ды інтэлігентаў. Ведама таксама, што яно ахапіла цалкам Вяліжскі павет Віцебскай губэрні, большую частку паветаў Парэцкага й Бельскага Смаленскай губэрні й часткова Віцебскі павет. I хоць гэта паўстаньне знайшло адлюстраваньне на савецкіх мапах грамадзянскай вайны [1] i хоць бальшавікі жорстка падавілі яго, тым ня менш яны надавалі яму другараднае значэньне ў параўнаньні зь іншымі паўстаньнямі супраць ix. Гэта й зразумела, бо межы паўстаньня знаходзіліся на значнай адлегласьці ад чыгуначных шляхоў, якія зьвязвалі прамысловыя цэнтры РСФСР з дэмаркацыйнай савецка-нямецкай лініяй.

Немагчыма дакладна акрэсьліць межы той значнай тэрыторыі, якую яно з выключнай хуткасьцю ахапіла. Уявіце сабе прастакутнік, трошкі меншы за Бэльгію i не на шмат большы за штат Масачусэтс. Яго межамі зьяўляюцца чыгункі: на поўначы - Маскоўска-Відзаўская, на поўдні - Маскоўска-Брэсцкая, на захадзе - Петраградска-Жлобінская, на усходзе - Наваторжская. Унутры прастакутніка няма ня толькі шасэйных дарог, але нават больш ці менш прыстойных бальшакоу. Ён увесь зрэзаны рэчкамі й рачулкамі, якія хутка імкнуць у розных напрамках, бо менавіта тут знаходзяцца водападзелы трох мораў Балтыцкага, Касьпійскага й Чорнага. Тут бяруць пачатак тры вялікія ракі - Волга, Дняпро й Заходняя Дзьвіна. Таму невыпадкова у мінулым гэтая мясцовасьць мела назву Волакаўскага (ад - перавалокі) Лесу, а ў сучаснай геаграфіі назва страціла адзін склад i гучыць як Вокаўскі Лес.

Вяліжскае паўстаньне ўскалыхнула вялікі абшар, празь які прабягае Дзьвіна, да якой далучаюцца Мяжа i Ўсьвяча. Тут таксама пачынаецца ціхая Ловаць, кіруючыся на поўнач да возера Ільмень. Гэтыя рэкі складалі адну з колішніх эўрапейскіх артэрыяў - "Шлях з варагаў у грэкі". Дзьвіна, пра якую наш зацяты вораг Іван IV Грозны сказаў, што ў яе "дно залатое, а берагі сярэбраныя", тут вузейшая, чым пад старадаўняй сталіцай Крывіччыны Полацкам, але ня менш шпаркаплыўная ды парогавая. У Вяліжскім павеце, паблізу ад Усьвячы й Ловаці, ляжыць мястэчка Ўсьвят - даўні, на сорак шэсьць гадоў старэйшы ад сталіцы Беларусі Менску, горад "Всьвяч", які ўпяршыню прыгадваецца у гісторыі яшчэ ў сувязі з унукам Рагнеды - полацкім князем Брачыславам. На Дзьвіне, каля сяла Вярхоўя, зкаходзіцца Вітава Гара ды Вітаў Мост, што невыпадкова, бо ў слынным летапісе Быхаўца XVI стагодзьдзя чытаем: "Пойдзе князь вялікі Вітальд, сабраўся пад гарады пскоўскія - Вяліж, Красны горад". I на гэтым паўзьмежным абшары не паддаюцца ўліку ўсе курганы, гарадзішчы й замчышчы. Паміж імі заслугоўвае прыпаміну вайсковае ўмацаваньне насупраць утоку Мяжы ў Дзьвіну, якое заклаў у канцы XVI ст. віцебскі ваявода Станіслаў Пац. Тут, з-пад парослага вялізнымі дубамі валу, б'е цудоўная крыніца, пра якую ў народзе кажуць, што яна "цячэ порахам".

Першымі больш падрабязна прыгадалі Вяліж ротмістар Віцебскага замку Аляксандар Гваніні ў сваім ведамым "Апісаньні Вялікага Княства Літоўскага" i Рэйнгольд Гайдэнштайн - навуковы сакратар караля Стэфана Баторыя. Разам з тым на званіцы вяліжскае Мікалаеўскае царквы вісеў пазялянелы ад часу звон. На ягоным версе меўся на тагачаснай расейскай мове вялікімі літарамі надпіс: "Алексий Михаилович всея Велйкія и Малыя и Белыя Руси Царь, Государь и Самодержец", а ўнізе дробнымі літарамі на тагачаснай беларускай мове адзначалася: "А майстра зрабив Дёмка". Дарэчы, вяліжане называлі яго не "Царский", або "Алексеевский колокол", а "Дзёмкін звон". Пэўне-ж, гэта таму, што ад каралёў Рэчы Паспалітае яны дасталі разам з прывілеямі надзвычай паказальны герб - залаты крыж i голы меч. I нават трапіўшы ў Расейскую імпэрыю, Вяліж з 1781 г. аж да Кастрычніцкае рэвалюцыі меў у сваім гербе Пагоню. Напярэдадні рэвалюцыі аддалены ад бліжэйшай чыгункі на 80 кілямэтраў Вяліж налічваў усё-ж 17 тысяч жыхароў. У ім было 11 цэркваў, 7 капліцаў, касьцёл, мужчынская дзяржаўная й жаночая прыватная васьміклясныя гімназіі, гарадское чатырохкляснае вучылішча, гебрайскія - жаночая прагімназія й мужчынскае чатырохкляснае вучылішча, ладне пачатковых школ, чатыры бібліятэкі, кінатэатар, два вялікія стогадовыя паркі зь летнім тэатрам i павільёнам для аркестра. Над каменным i двухпавярховым цэнтрам, з брукаванымі вуліцамі й там-сям асфальтаванымі тратуарамі, панавала вежа старадаўняе ратушы. I ўсё гэта дзякуючы Дзьвіне, на якой з 1892 г. тут існуе вялікая параплаўная прыстань. А перад тым у Вяліжы з давен-даўна будаваліся на ягоньіх узьбярэжных вялікія судны - барліны, стругі, паўстругі, шкуны, пакуль не зьмянілі ix драбнейшыя лайбы. Барліна, як i струг, падымала да 50 тысячаў пудоў збожжа, ільнянога семя, пянькі, мёду, воску, попелу, паташу, скуры, шчаціны, хутраў i г. д., што сплаўлялася Дзьвіной у Рыгу, а зь яе - за мяжу.

Нельга абмінуць тое, што ў кагадзе прыгаданым Вяліжскім j гербе над Пагоняй з крыжам Ярылы панаваў двухгаловы арол Расейскай імпэрыі. Праўда, ён ня трымаў тут у кіпцюрох бэрла й дзяржаву, але затое паміж галовамі з разяўленымі дзюбамі мелася царская карона. Таму паказальна, што ў Вяліжы на ягонай Рынкавай плошчы стаяў бронзавы помнік Аляксандру I, гэтак званаму Багаславенаму, які за свае часы тройчы наведаў горад, а ў парку Ліпкі ўзвышалася падобная да вежы, зь Ягор'яўскім крыжам на купале, капліца - помнік, прысьвечаны 300-годзьдзю Дому Раманавых. А можа, яшчэ больш характэрна i набывае сымбалічнае значэньне тое, што ў Вяліжы, паблізу вуліцы Аляксандра I, знаходзілася вялікая турма, абнесеная высокім мурам, а на Аляксандраўскай вуліцы - крыху меншы за турму астрог - нязграбная драўляная будыніна з кратамі ў вокнах, абгароджаная пяцісажнёвымі бёрнамі, завостранымі зьверху.

Як у самым Вяліжы, гэтак i па ўсіх мястэчках, сёлах, вёсках ды хутарох ягонага павету, вы скрозь пачуеце беларускую мову, усюды пабачыце беларускія звычаі - гэта адвечная Беларусь. Між іншым, у тутэйшай мове захавалася больш чым дзе-небудзь яшчэ архаізмаў, ужо не зразумелых для мянчука ці случчаніна, але, пэўне, ix ужывалі за часы Ўсяслава Вялікага "Чарадзея". Ладне чужынцаў праходзіла тут з усходу на захад або наадварот, зьмяняючы ў часе кароткатрывалых мірных умоваў ранейшыя назовы рэкаў i рэчкаў на Мяжу, Рубеж i г. д. Гэтыя межы i рубяжы не падзялілі паміж сабой крэўных нашчадкаў крывічоў, а лясныя нетры дапамаглі ім захаваць сваю нацыянальную апрычонасьць.

Ва Ўсьвяце нарадзіўся знаны Аляксей Сапуноў, для шматлікіх гістарычных працаў якога сымбалічнымі зьяўляюцца пошукі Альгердавага Шляху. Шмат чаго далі Беларусі вяліжане - археалёг i этнограф А.Шлюбскі, археалёг Д.Аўнусін, лінгвіст І.Кузьмін. Зь вяліжскае мастацкае школы, як ейныя настаўнікі i вучні, трапілі ў БССР мастакі i скульптары - М.Керзін, М.Эндэ, В.Волкаў, А.Волкаў, М.Хрусталёў, браты Пятро i Хрыстафор Даркевічы, Ф.Фогт, А.Бембель. I ўрэшце, вяліжанінам зьяўляецца "нацдэм з партбілетам у кішэні"- наркамзем БССР Зьміцер Прышчэпаў, які імкнуўся да таго, каб Беларусь стала Даніяй.

Значную плошчу ў павеце займаюць ведамыя нават з школьных падручнікаў вяліжскія лясы, што мяжуюць з Вокаўскім Лесам. Яшчэ Рэйнгольд Гайдэнштайн, апісваючы паход на Вялію, адзначыў: "... лёс гэткі хмурны, што нават сярод белага дня страшна было ў ім апынуцца". Дый цяпер, праз 380 год, сустракаюцца ў вяліжскіх лясох дзікі, лосі й мядзьведзі. Аднак хоць гэтыя лясы давалі сялянам заробак, але належалі ня ім. Іx бязьлітасна нішчаць, сплаўляючы па ўсіх трох вялікіх рэках, але прырода зь нябачанай яшчэ нідзе ў Эўропе хуткасьцю ix адраджае.

Найлепшая зямля таксама перайшла да буйных абшарнікаў - палякаў i расейцаў, а беларускім сялянам засталіся падзол ды супясок, што забясьпечвалі хлебам толькі да Калядаў. Ад голаду ix ратавала т«я ж Дзьвіна, якую яны пяшчотна менавалі карміцелькай, пяючы ў ваднэй сваёй песьні:

Мы, братка, плытагоны.

Плывуць нашы загоны...

Або іншай:

Ой, на той на Мядзьведжай Гары

Падмывае Дзьвіна тры крыжы.

А пад імі ляжаць асначы -

Ой, тутэйшыя ўсе дзяцюкі...

Ці ня ў гэтым сталым змаганьні із шматлікімі парогамі Дзьвіны загартавалася іхняя зацятасьць?

Становішча беларусаў-гарадчанінаў, некалі незалежных i заможных гаспадароў-купцоў, адбілася таксама ў народнай песьні:

За лясамі, за ракамі

Ўсе вяліжскія мяшчане -

Ў хатах не знайсьці:

Узімку стругі майструюць,

Улетку, як адзін, вандруюць

Каторы куды

Ў розны гарады.

Хто да стырна, хто за дрыгалку,

А хто цягне моўчкі лямку [2].

Гэтую песьню пацьвярджае архіўная даведка аб тым, што ў 1894 г. вяліжская Мяшчанская Ўправа выдала тутэйшым жыхарам 2940 пашпартоў толькі на сплаў у Рыгу. I ці ня бурлацкая або, як тут кажуць, аснацкая доля спрычынілася да іхняе барацьбы з новымі прыгнятальнікамі?

Мяжа гебрайскай аселасьці Расейскай імпэрыі разьдзяляла гэтую тэрыторыю напалам, i калі ў Вяліжы бальшыню насельніцтва складалі гебраі, то ў Парэччы i ў Белым жыло толькі некалькі гебраяў - купцоў 1-й гільдыі са сваімі сем'ямі. Акрамя беларусаў i гебраяў, асобнымі групамі сяліліся расейцы i латгальцы. Першыя - стараверы па сваім веравызнаньні - уцяклі ў Літву яшчэ ў XVII ст., ратуючыся ад рэлігійнага перасьледу ў Расеі, другія - латышы-каталікі. I ўсе яны - i беларусы, i гебраі, i расейцы, i.латгальцы - жылі больш бедна, чым багата.

Гебраі задыхаліся ў мяжы аселасьці, значная частка ix існавала ў страшэннай беднасьці, жывучы з разьліку аднаго селядца, дзьвюх цыбулін i дзясятка бульбін у дзень на сям'ю. Рускія-стараверы адчувалі рэлігійны ўціск з боку любога стражніка. Латгальцы ўвесь час дамагаліся, але так i не дамагліся школ на сваёй роднай мове. Здаваласв-б, бальшавіцкія лёзунгі аб разьдзеле памешчыцкай i царкоўнай зямлі паміж сялянамі, аб раўнапраўі нацыянальнасьцяў, аб свабодзе веравызнаньня будуць сустрэты тут прыхільна. А ў сапраўднасьці не прайшло й году пасьля залпу крэйсера "Аўрора", як успыхнула Вяліжскае паўстаньне [3].

Перадусім трэба заўважыць, што ў Вяліжскім паўстаньні беларускі нацыянальна-вызвольны мамэнт адбіўся ў большай ступені, чым, напрыклад, у Гомельскім i Койданаўскім паўстаньнях, але затое ў значна меншай, чым у Слуцкім. Гэтая акалічнасьць зразумелая. Хоць вяліжане ўдзельнічалі ў Першым Усебеларускім Кангрэсе, але маладая на тыя часы Рада Беларускае Народнае Рэспублікі была бадай няведамая паміж вяліжскіх паўстанцаў, а ў дадатак, што найгалоўнае, яе аддзяляла ад месца паўстаньня дзяржаўная мяжа. Беларускае нацыянальнае пытаньне знайшло адбітак у змаганьні коннага аддзелу, у часткі гімназістаў i духавенства. А вельмі магчыма, што нейкая роля ў гэтым паўстаньні належыць Віцебскаму Саюзу Беларускага Народу.

У часе выбараў ва Ўстаноўчы Сойм у Вяліжскім павеце, ня ў прыклад усім іншым паветам Віцебскае губэрні, першае месца заняў сумесны сьпіс Віцебскага Саюзу Беларускага Народу й Віцебскага Саюзу Праваслаўных Парафіяў. Адразу пасьля гэтага бальшавікі зьліквідавалі першы, але ён працягваў сваё існаваньне над заслонай другога, быццам вылучна царкоўнага па сваім статуце. Характэрна, што чало Віцебскага Саюзу Беларускага Народу, а ўласна - доктар Грыгаровіч, Бялыніцкі-Біруля, Палонскі, Стукаліч, - якое пазьней увайшло ў прэзыдыюм Віцебскага Саюзу Праваслаўных Парафіяў, было расстралянае ў Віцебску ў сьнежані 1918 г., менавіта за Вяліжскае паўстаньне [4]. Між іншым трэба адзначыць, што на Першым Усебеларускім Кангрэсе ў сьнежані 1917 г. у Менску гэтыя асобы ўзначальвалі русафільскую групу i выступалі за цеснае яднаньне Беларусі з Расеяй [5]. Праўда, не заўсёды можна даць веры савецкім абвінаваўчым актам, нават калі яны расклееныя па вуліцах. Аднак, беручы пад увагу пачатак паўстаньня i ягоны далейшы рух, можна прыпусьціць, што калі келіх народнае пакуты перапоўніўся, дык Віцебскі Саюз Праваслаўных Парафіяў празь сьвятароў зрушыў зь месца народную грамаду. I ўсёж толькі прыпусьціць, бо...

Яшчэ за паўгоду да паўстаньня, у чэрвені 1918 г., чэкісты расстралялі ў Вяліжы трох беларусаў i двух немцаў - агранома Шаганава, кажамяку Крупскага, гандляра Турыка, натарыюса Нормана i тэхніка Брандта [6]. Шосты, па нацыянальнасьці летувіс, паводле бальшавіцкіх сьцьверджаньняў, уцёк, i яны асудзілі яго да расстрэлу завочна. Гэта быў ксёндз тутэйшага Петрапаўлаўскага касьцёлу айцец Будрыс. Значна пазьней, ужо на эміграцыі, аўтару гэтых радкоў давялося пачуць, што айца Будрыса нібы хтосьці сустракаў у Вільні...

У Вяліжы ўцякае ў Дзьвіну ручай Каневец. Ён адметны тым, што цячэ ў глыбокім рове, з бадай прастаспаднымі берагамі, i не драбнее ні на кроплю ў сухмень. Аднак яшчэ больш памятны ён тым, што ў ім неаднойчы бегла ня столькі вады, колькі крыві. Гэтак здаралася й тады, калі няпрыступны вяліжскі замак, баронены Каневецкім ровам, штурмавалі й гусары Яна Барнеміса й стральцы Мацьвея Шарамецьцева. Гэтак было i ў часе Другое сусьветнае вайны, калі з абодвух бакоў - з расейскага i зь нямецкага - паляглі тысячы салдатаў, застылыя трупы якіх складаваліся да вясны, нібы дровы, у доўгія i высокія штабелі. У чэрвені 1918 г. тут нечакана зьявіўся самотны грудок. Паміж вяліжанамі ён адразу стаўся шанаваны як магіла айца Будрыса. I хто ведае, ці не супадае з праўдаю домысел, што ксяндза, які карыстаўся вялікай пашанай у горадзе й павеце, бальшавікі не адважыліся расстраляць адкрыта, а забілі тайна ў рове таго крывавага Канеўца.

Паводле абвесткі ЧК гэтыя шасьцёра падрыхтоўвалі "контрреволюционный мятеж" супраць "власти рабочих и крестьян" i зьяўляліся ягоным штабам. Пасьля іхняга расстрэлу сталася тое зацішша, за якім звычайна ідзе навальніца.

На пачатку лістапада 1918 г. у Вяліжы паназьбіралася некалькі сотняў мабілізаваных у Чырвоную Армію маладых сялянаў. З тае прычыны, што казарма павятовага ваеннага камісарыяту ня ў стане была зьмясьціць гэтулькі пакліканых да савецкага войска, ix раскватаравалі па прыватных дамох i тым самым бальшавікі згубілі над імі кантроль. Калі 10 лістапада скончылася ўрачыстае сьвяткаваньне першае гадавіны Кастрычніцкае рэвалюцыі i павятовы ваенны камісар абвясьціў мабілізаваным, што заўтра яны накіроўваюцца на фронт супраць чэхаславакаў, дык тыя разам з часткаю вяліжанаў пайшлі на Рынкавую плошчу. Тут перад будынкам павятовага выканкаму, яны пачалі крычаць:

- Нашых айцоў харчпадаткам душыце?! Нашыя маткі з голаду пухнуць з нашае веры зьдзекваецеся?! А мы мусім вас абараняць?! Няхай камісары паміраюць за Леніна з Троцкім, а мы хадзем дамоў!

У гэты самы час вяліжскія камуністы i камсамольцы, сярод якіх беларусы не складалі i аднаго працэнту, зашыліся па poзных закутах. Яны зьявіліся на вуліцах толькі тады, калі амаль усе мабілізаваныя пакінулі горад, i пачалі саджаць у турму тых, што засталіся, а таксама градчанінаў, якія прымалі ўдзел у дэманстрацыі ды падпалілі дом-камуну, дзе жылі "ответственные работники партии и правительства". Чэкісты не хавалі ад вязьняу, што ix чакае расстрэл. У горадзе i ў не падуладным гарадскім уладам павеце бальшавікі абвясьцілі ваенны стан, а тым самым выканкам стаўся рэўкамам. Алеж, пэўне, яны ня чуліся пераможцамі, бо начальнік ЧК Мусаеў, праз два дні забіты гімназістам-паўстанцам Лаймінгам, i ягоны памочнік Хадакоў, застрэлены праз год гімназістам-партызанам Таварасам, адразу пачалі фармаваць роту ЧК.

15 лістапада 1918 г. Віцебская ГубЧК атрымала ад вяліжскае ЧК тэлеграму: "У Вяліжскім павеце ўзбунтавалася разагітаванае папамі кулаччо. У самым горадзе забіты начальнік ЧК таварыш Мусаеў. Усе мы змагаемся зь мяцежнікамі, але сьпяшайцеся на дапамогу".

Мабілізаваныя, вярнуўшыся да сваіх вёсак ды хутароў, тым самым сталіся дэзэртырамі й ведалі, што ix чакае бязьлітасная савецкая кара. Адмысловая ўстанова - Камітэт па барацьбе з дэзэртырствам (Камдэз) - вышуквала i адразу-ж расстрэльвала дэзэртыраў. Пройдзе пяць-дзесяць гадоў, i бальшавікі тэрорам надломяць у народзе супраціў, але гэта быў першы год іхняе ўлады, i гвалт адразу выклікаў адпор. Мабілізаваныя, разам із сваймі сваякамі i знаёмымі, пайшлі назад на горад, каб зьнішчыць тую злыбяду, што перашкаджала ім жыць чалавецкім жыцьцём. Па вялікіх i малых дарогах Вяліжскага павету, па ягоных шляхох i сьцежках рушыліся тысячы сялянаў. Выбухнуўшы адначасна ў некалькіх мясцох, паўстаньне ахапіла ўвесь павет.

Ішлі мужыкі... Ішлі паголеныя, шэравокія, маўклівыя латгальцы. Яны быццам прадчувалі, што ў недалёкай будучыні іхнія вёскі Ленкан i Лаўгал, Зэдань i Спросэ Ільлінскае воласьці Яжоў цалкам пераселіць на Калыму. Ішлі барадатыя, плячыстьія, магутныя расейскія стараверы. Ідучы на бой за Бацькаўшчыну й пакідаючы свае сялібы, якія прывольна разьлегліся вакол маляўнічага возера Чарнагосьць, яны хрысьціліся старадаўнім двухперсьцевым крыжам. Але галоўную масу паўстанцаў складалі спрадвечныя насельнікі краіны - беларусы. Калісьці хаты іхніх далёкіх продкаў спальвалі дашчэнту Ўладзімер Манамах, Іван Грозны, Стэфан Баторы, Аляксей Раманаў "Тишайший", Карл Дванаццаты, Пётра Раманаў "Великий", Напалеон Банапарт. Тысячагадовая шматпакутная гісторыя прывучыла ix да вялікае цярплівасьці, i ўсё-ж пачуцьцё чалавецкае годнасьці не дазволіла ім, хаця-б на адзін год, перакінуцца ў бальшавіцкае быдла. Яны-ж зьяўляліся косьцю ад косьці крывічоў, што тут панавалі кaлicьцi [7].

Ішлі мужыкі... Калыхаліся над іхнімі галовамі вілы й косы, рагаціны й швораны, а за паясамі былі заткнутыя сякеры. Некалькі сотняў мясцовых паляўнічых несьлі рознакалібровыя стрэльбы, пачынаючы ад крамянёвых фузіяў, кінутых у 1812 г. французамі, i канчаючы сучаснымі бэльгійскімі дубальтоўкамі. Толькі былыя жаўнеры Першае сусьветнае вайны мелі трохлінейныя вінтоўкі з абмежаванай колькасьцю патронаў.

Але нянавісьць паўстанцаў да бальшавікоў была нагэтулькі вялікая, што ў баі пад Вяліжам, у Сямічоўскім Бары, яны з косамі й віламі кідаліся на кулямёты. Шмат ix пагінула пад зьнішчальным агнём, i ўсё-ж не адзін чакіст памёр сабачай сьмерцю з праламанььм чэрапам. Страшныя ў руках паўстанцаў сякера ці шворан [8].

Ішлі мужыкі... Наперадзе аднаго з атрадаў Сяртэйскай воласьці ішоў сажанёвага росту стары. Ягоныя густыя насупленыя бровы зьвісалі над выцьвілымі вачыма, як аленевы мох; сівая барада ад старасьці пазелянела, нагадваючы антыкварную медзь. Галаву старога прыкрывала лямцавая маргелка, ногі былі абутыя ў лазовыя лапці-кавярзьні, за сьпіной у лыкавым кашалю ён нёс акраец мякінавага хлеба й дзясятак цыбулін. А ў руках, якія за доўгае жыцьцё правялі на ральлі баразну даўжынёю з экватар, ён сьціскаў сваю адзіную зброю - бярозавы кій.

- Чаму, дзед, дома не застаўся? Куды йдзеш? - запыталіся ў яго падчас прывалу.

- Як куды? - нават зьдзівіўся дзед.- Па мужыцкую праўду іду. У горад парадак наводзіць. Ніколі былы грэнадзёр лейб-гвардыі Літоўскага палка Якуб Талан не дазволіць, каб над ім панавалі крывасмокі...

Пасьля бою ў Сямічоўскім Бары між забітымі знайшлі старога. Шырока раскінуўшы рукі са скручанымі апошняй сутаргай палыдамі, ён нібы абдымаў зямлю, якую адбіралі ў яго бальшавікі. Сьнег запарушыў пад ім парудзелы ад крыві верас, i валацуга-вецер матляў на ягоным кажусе рознакаляровыя латы. Закапалі яго лютыя каты у няведамай магіле, але не забудзецца пра яго беларускі народ [9].

Па ўсім павеце стагналі званы. У ягоных 28 мястэчках ды сёлах з царкоўных i касьцельных званіцаў гудзеў узбураны набат. I ў Бялавіне, у сьціплай царкоўцы Міхаіла Архістраціга, прыстасаванай пасьля бальшавікамі пад сьвінарнік, i ў Крута-Сергіеўску, у велічнай сьвятыні Сергія Раданежскага, расьпілаванай імі пазьней бяз усякае патрэбы на дровы, i ў Найсьвяцейшае Тройцы ў Маклаку, перайначанай празь некалькі год у клюб імя Карла Маркса, i ў Спаса ў Глазамічах, перароблена, счакаўшы пэўны час, у гараж МТС, i ва Ўсьвятах, у прыгожым храме Сьвятога Духу, што стаўся пазьней кінатэатрам "Парыжская Камуна", i ў прарока Ільлі ў мястэчку Ільліне, што самы свой назоў набыло ад царквы, пабудаванай паводле загаду караля Казіміра, сьвятары выходзілі з сьвятыняў насустрач паўстанцам, багаслаўляючы ix на збройны чын i акрапляючы сьвятой вадой. Як сьцягі, плылі ўперадзе аддзелаў пратэсы.

... Калі народны паток дакаціўся да сяла Глазамічы, дзе сьвятарыў дваццацігадовы айцец Васіль Лузгін, ён адправіў малебен, у якім зьвярнуўся да жанчын i да сваёй жонкі з кароткім словам:

- Ня трэба плакаць. У матак i жонак ня хопіць сьлпз, калі бальшавікі паняволяць нашую Беларусь! Град ш чорная ноч... Можа, мы пераможам, можа, не, але лепш памерці у чэсным баі за веру й Бацькаўшчыну, чым жыўцом гніць у турмах,- а потым, узяўшы крыж, дараносіцу i епітрахіль, далучыўся да паўстанцаў [10].

У самым агні паўстаньня й наступнага за ім партызанскага змаганьня кідаліся ў вочы сьветла-шэрыя з пасярэбранымі гузікамі шынялі й цёмна-сінія зь белымі кантамі шапкі гімназістаў Вяліжскае гімназіі. Гэта былі бязвусыя юнакі, амаль хлопчыкі, у веку ад 15 да 18 гадоў. Але нават гімназісты 12-14 год прымалі ўдзел у паўстаньні, выконваючы абавязкі выведнікаў i сувязных ды зьдзіраючы па начах загады рэўкаму i ЧК. Адны з гімназістаў змагаліся за Расею, другія - за Беларусь. Нацыянальную сьвядомасьць гімназістаў-беларусаў абудзілі настаўнікі - М.Навіцкі, В.Сьцягайла i Ў.Лось. Яны пасьля заняткаў знаёмілі на сваіх кватэрах гімназістаў з гісторыяй, геаграфіяй i літаратурай Беларусі, давалі ім для чытаньня кнігі на беларускай мове із сваіх кніжніцаў. За гэта яшчэ да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году іхнія кватэры знаходзіліся пад сакрэтным наглядам паліцыі, а ix саміх дырэктар гімназіі пазбаўляў сьвяточных узнагародаў.

Дарма, хлопцы, - гаварыў, усьміхаючыся, гімназістам Навіцкі, - Беларусь даражэйшая за грошы.

В.Сьцягайла i Ў.Лось пазьней, пераехаўшы ў БССР, трапяць у савецкія катавальні як беларускія нацдэмы. I калі чэкіст будзе арыштоўваць у Віцебску Сьцягайлу, які мірна калоў у той час дровы, i вылае яго пры гэтым, назваўшы нацдэмаўскім сабакам, то Сьцягайла ў адказ спакойна запытае, паказаўшы на сякеру:

А вы не баіцеся, што гэты нямузычны інструмэнт вас зачэпіць?

У 1931 г. памрэ на Салаўках пратаярэй Міхал Навіцкі, высланы туды за тое, што ў 1927 г. разам зь Філарэтам, япіскапам Бабруйскім, заступнікам арыштаванага мітрапаліта Мэльхісадэка, падпіша зварот да вернікаў i статут Беларускае Аўтакефальнае Царквы.

У крыві i сьлязах патопяць бальшавікі Вяліжскае народнае паўстаньне. Частка гімназістаў загіне пры гэтым, яшчэ больш пойдзе ў лясы, станецца партызанам, каб там таксама загінуць, працягваючы няроўнае-змаганьне. Гэтак сьмерцю храбрых закончаць сваё кароткае, але прыгожае жыцьцё Алег Хрусталёў, Зьміцер Лаймінг, Браніслаў Таварас, Сяргей Маханкевіч, Фэлікс Адахоўскі, Уладзімер Маеўскі, Міхал Сладкевіч, Аркадзь Пушкарскі, Глеб Лаўчыноўскі, Анатоль Гарыня, Віктар Гудзееў, Ігар Мацкевіч, Аляксандар Бароўскі, Станіслаў Лясуціс. Яны галаруч захапілі на нейкі час савецкі кулямёт, перарэзалі тэлеграфныя драты, што злучалі Вяліж зь Віцебскам, пісалі адозвы да паўстанцаў i спрабавалі спаліць будынак ЧК.

Васьміклясьнік Зьміцер Лаймінг, сын памешчыка маёнтку Вярхоўе Вяліжскага павету, меў выключную фізычную сілу. Ён, жартуючы, разгінаў падковы i легка хрысьціўся двухпудовай гірай. А, між тым, свайму сябру Міця неяк сказаў, што яму лягчэй данесьці гімназістку Кляру Р. на руках ад Вяліжу да Віцебску, чым прызнацца ёй у сваім першым юнацкім каханьні. I падчас паўстаньня выявілася, што ён валодае гэткай-жа вялізнай душэўнай сілай.

Чатырох узброеных чэкістаў, якія спрабавалі захапіць яго жыўцом, бяззбройны Лаймінг раскідаў на бакі, як зубр раскідвае ваўкоў. Доўга працягвалася няроўная барацьба, але пасьля нечаканга ўдару каменем па галаве ён страціў прытомнасьць i ачуняў ужо толькі на падлозе ЧК. Расплюшчыўшы вочы, ён убачыў, што перад ім стаіць нізкарослы начальнік ЧК Мусаеў. Замахваючыся нагайкай, Мусаеў віскліва крычаў: "Ану ўставай, сабака!".

Тады адразу зьнікнуў ва ўсім целе тупы боль. Кроў прыліла да твару, i нянавісьць апаліла вочы, i насупіліся бровы, i сьціснуліся кулакі. Гэты брудны, сьмярдзючы сацыяльны вырадак адважыўся назваць яго, Лаймінга, нашчадка тэўтонскіх рыцараў, сабакам? Гэта-ж ягоны бацька - ротмістар Тэкінскага коннага палка скончыў сваё жыцьцё ў 1916 годзе ў баі пад Равай-Рускай! Гэта-ж ягоны дзед, палкоўнік, загінуў за веру i Бацькаўшчыну на Грынвіцкіх рэдутах пад Плеўнай! Гэта-ж ягоны, прадзед, генэрал, абараняў у 1812 г. на Барадзінскім полі крывавыя Багратыёнавы флешы! Таму зусім не выпадкова ў фамілійным гербе Лаймінгаў пад дэвізам "Гонар i адвага" красуецца горды залаты леў!

Юнак хутка ўстаў. I раней, чым Мусаеў пасьпеў выцягнуць з кабуры наган, ён схапіў чэкіста ўпоперак цела i прыўзьняў угору. Пасьля рвануўся да акна i з такой сілай шпурнуў ненавіснага ворага, што той выбіў сьпіной раму й разам зь ёю вылецеў на вуліцу. У той-жа мамэнт два стрэлы абарвалі жыцьцё гімназіста. Лаймінг узмахнуў рукамі, нібы зьбіраўся ўзьняцца ад земнае гразі да чыстага вечнага неба, а пасьля бяз стогну заваліўся ніцма. Праз хвіліну паўз будынак ЧК з плачам прабегла Кляра. А Міця нічога ня чуў i нязвычна спакойным здаваўся ягоны толькі што ўсхваляваны твар. Ён не асароміў сваіх бацьку, дзеда i прадзеда i памёр за Бацькаўшчыну, як Лаймінг.

Пачуцьцё любові да паўстанцаў не дазваляе мне гаварыць аб тых нялюдзкіх пакутах, якія яны перацярпелі ў вяліжскай турме. Пры ўспаміне аб іхняй самаахвярнасьці "вусны мае маўчаць i язык не глаголе, але сэрца вяшчае". У гэтай турме за гадзіну перад расстрэлам Анатоль Гарыня пяяў на Французскай мове жаўнерскую, пад крывавым Вердэнам народжаную, песьню,..

Дагэтуль ня ўзышло сонца волі над нашай краінай, але мы захаваем для гісторыкаў Незалежнае Непадзельнае Беларусі імёны гераічных гімназістаў.

У гісторыка-дасьледчай працы непажаданы літаратурныя рэмінісцэнцыі, але пры ўспамінах пра палеглых юнакоў, як вячэрні звон, гучаць словы пісьменьніка:

...И все они умерли... умерли... умерли...

Как хороши, как свежи были розы... [11]

Аднак адсунем убок рамантычны жаночы сум i зноў вернемся да суровай мужнай сапраўднасьці. Калі 18 лістапада перадавыя паўстанцкія групы наблізіліся да Сямічоўскага Бору, што знаходзіўся ў сямі кіляматрах ад Вяліжу ды разьлёгся на шэсьцьдзесят квадратовых кілямэтраў, рэўкам зьмяніў у горадзе ваенны стан на абложны. У самым бары загадзя заняла выгодную для сябе пазыцыю рота вяліжскае ЧК, сфармаваная з вяліжскіх камуністаў i камсамольцаў - беларусаў, рускіх, гебраяў, разам з павялічанай у два разы міліцыяй. У гэты-ж час у Вяліж прыбыў батальён Віцебскае ГубЧК, які складаўся з латышоў, i адразу накіраваўся да Сямічоўскага Бору, дзе ўжо распачаўся зацяты бой. Так, зацяты да апошняга ўздыху, да астатняе кроплі крыві i разам з тым ува ўсіх адносінах няроўны. Перадусім трэба заўважыць, што калі сьпярша мелася блізу пяцьдзесят тысячаў паўстанцаў, дык да Сямічоўскага Бору дайшло ня больш трох тысячаў. I гэта зразумела. У тыл паўстанцаў, дзе засталіся толькі жанчыны, дзеці i старыя, бальшавікі накіравалі зь Невелю на Ўсьвяты так званую "інтэрнацыянальную брыгаду", што складалася з латышоў i кітайцаў, а ca станцыі Заходняя Дзьвіна ў напрамку да Ільліна - роту курсантаў Цьвярское партшколы. Але й гэтыя тры тысячы, што дайшлі, складаліся з паасобных групаў, якія былыя франтавікі спрабавалі ў вайсковым сэнсе задзіночыць.

З аднаго боку, былі не атрады, а натоўп паўстанцаў, з другога - больш-менш дысцыплінаваньія роты ЧК. З аднаго боку - пераважна сякеры, вілы й косы, з другога - два кулямёты, вінтоўкі, рэвальвэры й ручныя гранаты. Першыя шарэнгі паўстанцаў амаль поўнасьцю паляглі, але ім на зьмену прыйшлі другія, трэція, ужо часткова ўзброеныя вінтоўкамі i ручнымі гранатамі. Паўстанцы зламалі i напалову перабілі чэкісцкія роты, калі ў бой уступіў сьвежы батальён Віцебскага ГубЧК. Ад усходу да заходу сонца цягнуўся бой у Сямічоўскім Бары. Пад покрывам ночы паўстанцы падабралі сваіх раненых i пачалі адыходзіць. Пры адступленьні частка ix трапіла ў бальшавіцкі палон.

У гэтым баі айцец Васілій Лузгін прычашчаў Сьвятымі Дарамі тых, што паміралі, перавязваў параненых, перацягваючы ix у больш бясьпечнае месца. Нават сам, паранены ў руку, ён працягваў сваю справу, а калі скончыліся бінты, скарыстаў замест ix сваю расу. Яшчэ ня скончыўся бой, як айца Васілія акружылі i схапілі камсамольцы. Яго расстралялі бяз суда тут-жа, на месцы [12]. Наступала тая чорная ноч, пра якую ён прыгадваў у сваім казаньні. Ніхто ня ведае, дзе ягоная магіла, але пры ўспаміне аб ім заўсёды прыгадваецца зь Сьвятога Слова: "Я пастыр добры: добры пастыр аддае жыцьцё сваё за авец" (Іаан, 10, 11).

У тую-ж ноч невялікі конны аддзел паўстанцаў, абмінуўшы Сямічоўскі Бор i бальшавіцкія кардоны на ўскраіне Вяліжу, прарваўся ў горад. Аддзел акружыў турму, каб вызваліць зь яе вязьняў, але трапіў пад скрыжаваны агонь роты Вяліжскай ЧК i поўнасьцю загінуў. Гэты гераічны аддзел напалову складаўся з афіцэраў i салдатаў Булака-Балаховіча. Калі раніцай чэкісты прыстрэльвалі параненых, адзін зь ix у шапцы з жоўтым аколышам пасьпеў крыкнуць: "Жыве Беларусь!".

На ўскраіне Вяліжу шырака разьляглося Пакроўскае Поле. На ім у баку ад дарог знаходзяцца вялікія ямы, дзе некалі бралі пясок. Пасьля паўстаньня штодня i штоноч сьпярша выязная тройка Віцебскае ГубЧК, потым Рэўтрыбунал 15-й арміі i ўрэшце штаб ЭКА (экспэдыцыйнакарны аддзел) прысуджалі дзясяткі, сотні паўстанцаў да расстрэлу. Гэтыя прыгаворы не падлягалі апэляцыі. Празь некалькі гадзін пасьля суда чэкісты вялі асуджаных уначы, а часам i ўдзень, на Пакроўскае Поле i там расстрэльвалі. Гэты крыжавы шлях ад турмы да ямаў на Пакроўскім Полі прайшлі з горда ўзьнятай галавою каваль Міхал Кавенскі, аснач Іван Галабурда, настаўнік Сымон Панцырны, каменячос Пятро Калінкевіч, афіцэр Аляксей Пятрушка, ганчар Стэська Шманцар, хлебароб Хведар Наўмёнак i шмат іншых працавітых сялянаў, рабочых, інтэлігентаў, слаўныя імёны якіх нам ня ведамыя. Аднак i гэтага пераліку хопіць, каб пераканацца, што супраць бальшавікоў змагалася не "разагітаванае папамі кулёччо", як яны сьцьвярджалі ў сваёй тэлеграме, а народ без падзелу на станы.

Сярод ix быў i вяліжскі дыякан Ціхан Абрадзін. Быццам жывы, устае ён у бяссоннай нашай памяці. Жыцьцярадасны, вельмі рухавы, ён валодаў модным i разам з тым прыемным басам. Часам вялізная Ільлінская царква, дзе ён служыў, здавалася цеснай для яго зычнага голасу. I даўно-б ужо быць яму губэрнскім пратадыяканам, калі-б не характар. Бадай, ні на каго ў Полацкую духоўную кансісторыю не наступала столькі скаргаў, колькі на Абрадзіна. У "Кліравых ведамасьцях" супраць ягонага прозьвішча звычайна адзначалася: "Зело рэлігійны, але нораву наравістага".

I настаяцель, маленькі сухенькі пратаярэй, часта выгаворваў яму:

- Даколе спрачацца мне з табой? Табе ня дыяканам быць, а жаўнерам. Ня Ціханам звацца, а Ільвом. Глядзі, трапіш за кару ў манастырскія сьцены.

Няроўнай была барацьба ў Сямічоўскім Бары, але яшчэ больш няроўнай была яна ў самім Вяліжы. I ўсё-ж дыякан Абрадзін разам з групаю гімназістаў, ня маючы ніякай зброі, спрабаваў захапіць у бальшавікоў кулямёт, павернуты ў бок сялянаў.

Праз колькі дзён чэкісты вялі дыякана на расстрэл. Выйшаўшы з турэмнае брамы, ён з глыбокай верай паглядзеў на неба, набожна перахрысьціўся i нечакана запяяў:

Зряше мя безгласна и бездыханна предлежаша,

восплачіте о мне, братие и друзи, сродници и

знаемии: вчерашний бо день беседовал с вами

внезални найдзе на мя страшный час смертный...

I ўсю дарогу да жудаснага Пакроўскага Поля адпяваў сам сябе дыякан. Цяпер яго голас ня сьціскалі сьцены, i ён вольна ляцеў над горадам, пранікаючы ва ўсе ягоныя хаты. Дарэмна людзі, каб ня мучыць сваё сэрца, закрывалі вушы - усё роўна чуваць быў знаёмы аксамітны бас:

О всех за веру и отечество на брани.

Живот свой положивших. Господу помолимся...

Дайшоўшы да Ільлінскай царквы, дыякан тройчы да зямлі пакланіўся ёй. Нават у чэкістаў не хапіла мужнасьці забараніць яму пяяць, але яны падрыхтавалі шайтанскае катаваньне, на якое здольныя толькі бальшавікі. Дзесяцёхгадовага дыяканавага сына прымусілі капаць магілу для бацькі. Дыякан багаславіў сына, а пасьля ў апошні раз перахрысьціўся на ўсход:

Благословен еси, Господи Боже, Отец наш,

и хвально и прославлено имя Твоё во веки,

аминь.

У гэты-ж дзень пры зачыненых дзьвярах Ільлінскай царквы настаяцель адзін адпраўляў паніхіду. У яго яшчэ хапіла сілы ўпаўголасу пачаць:

Во блаженном успении вечный покой подаждь,

Господи, новопреставленному рабу Твоему...

Але пасьля цьвёрды камяк сьціснуў яму горла. Толькі шэптам ён змог скончыць:

... священнодиакону Тихону и сотвори ему

вечную память... [13]

За гады савецкае ўлады на Пакроўскім Полі былі расстраляныя каля тысячы паўстанцаў i партызанаў. Сьпярша над іхнімі брацкімі магіламі сваякі й незнаёмыя паставілі дзясяткі маленькіх крыжоў, абвешаных па старадаўнім беларускім звычаі вышыванымі ручнікамі. На гэтых крыжох можна было заўважыць абразкі i складні, а на магілах мноства вянкоў. Але пазьней бальшавікі скапалі магільныя грудкі, зьнішчылі крыжы, а ўрэшце й самы могільнік ператварылі ў гарадскі сьметнік. Усё-ж да самае Другое сусьветнае вайны, рызыкуючы быць адразу арыштаванымі, сюды прыходзілі ўначы няведамыя людзі, каб ускласьці вянок на тую ці іншую магілу, ледзь бачную сярод абрэзкаў бляхі i скуры. I прыгадваецца, што на бел-чырвона-белай стужцы аднаго з гэтых сьціплых вянкоў было напісана чарнілам: "Усіх нас не расстраляеце!". З камераў вяліжскае турмы для патрыётаў быў толькі адзін шлях. Калі аднойчы сваякі арыштаваных прыйшлі да турэмнае брамы, каб даведацца аб лёсе сваіх крэўных, ім сказаў, нахабна ўсьміхаючыся, чэкіст зь вінтоўкай:

- Сяньня ўначы частку зь ix мы адсюль вывезьлі, а неўзабаве перавязем i рэшту.

Тады маткі, жонкі й дзеці ўбачылі, што ўся дарога ад турмы зьлітая крывёю. Зь лямантам рынуліся яны бегчы па страшных сьлядох, i тыя прывялі ix да ямаў Пакроўскага Поля. Не хапае слоў, каб перадаць ix невыказнае гора.

У адзін з тых крывавых лістападавых дзён адной з матак Ільлінскае воласьці сказалі, што сяньня ЧК будзе судзіць ейнага сына. Яна сьпярша схапілася рукой за сэрца, потым хутка абула лыкавыя лапці, накінула на плечы шэрую сьвітку, навязала галаву даматканай хусткай i кінулася ў Вяліж. Хворая бабуля, яна ўсё-ж дабралася ўначы да турэмнай брамы. За ёю засталіся пяцьдзясят надзвычайна цяжкіх вёрстаў, i тым ня менш, па вуліцах гораду яна ня ішла, а бегла.

I не пасьпела бяздольная маці запытацца ў чэкіста зь вінтоўкай, дзе яе сын, як над Вяліжам пранесьліся глухія крыкі i амаль адначасна ix перарваў вінтовачны залп. Нібы рэха, ускрыкнула маці i ўжо надсілу пабегла да Пакроўскага Поля, а там звалілася побач з толькі што закапанай ямай. I ёй здалося, што зямля вакол яшчэ дыхае. Гэтак было ў сапраўднасьці, бо расстраляных закапалі яшчэ напаўжывымі. Пасьля здалося маці, што з-пад зямлі адзін за адным падымаюцца расстраляныя...

Вось устае на ўвесь рост высокі, прыгожы гімназіст зь не па-юнацку сумным тварам. За ім падымаецца пажылы афіцэр з георгіеўскім крыжам на грудзёх. А вось перад ёю i ейны адзіны сын. На ім вышываная кашуля, а на кучаравай галаве жаўнерская папаха, прастрэленая ў Карпатах.

Маці засьмяялася вар'яцкім сьмехам i рынулася да яго, а сустрэўшы пустату, павалілася грудзьмі на зямлю. Перш чым зьнікнуць бязь сьледу, яна яшчэ колькі дзён блукала па вуліцах гораду, дапытваючыся ў сустрэчных:

- Ці ня бачылі вы часам майго адзінца? Дзе мой Паўлюк? I ўспамінаецца другі выпадак, калі адзін з расстраляных вярнуўся ў сваю родную вёску. Ён быў нізкі на рост. Таму куля чэкіста толькі здрапала ў яго з галавы скуру, i ён на хвіліну зьняпрытомнеў. Ачуняўшы, убачыў, што побач зь ім ляжаць трупы, а крыху ўбаку сьмяюцца й кураць каты, Асьцярожна, пад аховай начной цемры, ён дабраўся да недалёкай канавы i прапоўз па ёй толькі некалькі сажаняў, як пачуў, што ззаду зашамацелі рыдлёўкі. Тут ён зноў зьняпрытомнеў, але празь некаторы час папоўз далей да пералеску, i ўвечары да бацькоўскай хаты прыйшоў няўпэўненай хадою сівы дваццацігадовы дзед. З радасьцю i жахам рынуліся яму насустрач сваякі. На другі дзень чэкісты расстралялі яго паўторна.

У часе Другое сусьветнае вайны пасьля больш чым дваццацігадовага бясхацімнага блуканьня па бальшавіцка-расейскай імпэрыі, мне пашанцавала трапіць у мой родны беларускі Вяліж. У жнівені 1941 году на Пакроўскім Полі, на старым крывіцкім кургане, які знаходзіцца паміж брацкімі паўстанцкімі магіламі, быў пастаўлены трохмэтровы мэталёвы крыж. Мы знайшлі яго ў склепе павяткаму РКП(б), i належаў ён зьняважанаму бальшавікамі касьцёлу Пятра i Паўла. Да гэтага крыжа; бачнага за некалькі кілямэтраў з усіх ваколічных дарогаў, мы прымацавалі дошчачку з надпісам:

"Тут ляжаць бальшавікамі па-зьвярынаму забітыя i бяз трунаў закапаныя блізу тысячы сыноў беларускага народу. Яны загінулі ў змаганьні за нашыя шчасьце i волю. Вечная ім слава!",

а ўнізе пад надпісам славянскай вязьзю выведзена евангельскае выслоўе:

"Няма большае любові, калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх" (Іаан, 15, 13).

У адну зь нядзель на адноўленых могілках была адпраўлена вялікая агульная паніхіда. Сярод мноства людзей, што прыйшлі ўшанаваць памяць патрыётаў, асабліва запомнілася сялянка з жабрацкай торбай. Ёй было каля пяцідзясяці гадоў, але глыбокія зморшчкі парэзалі ейны некалі прыгожы твар. Ад сьлёзаў сацьмелі ейныя блакітныя вочы, гора скрывіла ейныя вусны, а нэндза сагнула сьпіну.

Калі сьвятар агаласіў вечную памяць усім тут "убиенным, имена коих Ты, Господи, веси", жанчына ўскрыкнула, нібы параненая, пала на магільны грудок i, абдымаючы яго рукамі, загаласіла:

О-ой, Міхаська, саколік мо-ой!

Ды ўстань з-пад сырой зямлі,

Ды на Марылю сваю паглядзі...

О-ой, Міхаська, саколік мо-ой!

Ды цябе-ж злыя ворагі расстралялі,

Ды дзетак тваіх у Сібіру закатавалі...

У гэны мамэнт тысячны натоўп з запаленымі сьвечкамі ў руках, як адзін чалавек, апусьціўся на калені i як з адных магутных грудзей вырвалася й паплыла i над Пакроўскім Полем, i над Вяліжам, i, здавалася, над усёй шматпакутнай Беларусьсю ад Дзьвіны да Бугу: "Вечная памяць!"...

Гэты помнік не прастаяў i году. 16 лютага 1942 году да Вяліжу дакацілася i ў ім заламалася Тарапецкая наступальная апэрацыя Саветаў. Яе затрымалі даўнія, з таўшчэзнымі сьценамі, пабудаванымі зь дзікага каменю купецкія склады, скарыстаныя цяпер немцамі як казематы. Аж да лістапада 1943 г. горад падзяляўся напалам Першым Прыбалтыцкім фронтам. А ў выснаве друзам i попелам палёг Вяліж. Але яшчэ ня ўзяўшы горад, бальшавікі павалілі крыж-помнік на адноўленых могілках (мне давялося пабачыць гэта празь бінокаль 16 лютага 1942 г.) i расстралялі айца Паўла Савіцкага, які служыў тут агульную прачулую паніхіду [14].

* * *

Я сам хлапчуком меў гонар удзельнічаць у Вяліжскім паўстаньні i зьяўляюся ягоным жывым сьведкам. I далей, на працягу ўсяго свайго падсавецкага жыцьця, я, шмат чым рызыкуючы, упарта зьбіраў весткі аб Вяліжскім паўстаньні ад ягоных дарослых удзельнікаў, што цудам захаваліся ад расстрэлу i катаргі. I хлапецкія ўспаміны, якія былі пераважна ад сэрца, прайшоўшы празь фільтар розуму, набывалі такім чынам уласьцівую старэйшым абгрунтаваную сталасьць. Аб Вяліжскім паўстаньні за ягоныя часы шмат згадвалася ў савецкім друку, але потым усё гэтае зьнікла ў сакрэтных сховішчах архіваў. Ніхто й нідзе не адважваўся там пісаць аб Вяліжскім паўстаньні, бо бальшавікі вырашылі выкрасьліць яго з гісторыі.

З асаблівай пагардай стаўлюся да жалюгодных спробаў бээсэсэраўскіх калябарантаў выкрасьліць яго з гісторыі Беларусі i з памяці народу. Да такіх "гісторыкаў" належыць нейкі Алесь Сіпка, які, спрачаючыся са мною, у газэціне "За вяртаньне на радзіму" (№ 43, 1959 г.) даў свайму артыкулу загаловак "Міф аб Вяліжскім паўстаньні".

Акрамя залічэньня Сіпкам у самым загалоўку Вяліжскага паўстаньня ў міфы, яно далей усюды згадваецца ім у двукосьсях. У вогуле - "кучка бандытаў", "залатапагонная сволач", "кулаччо", "шакалы", "галаварэзы" "справацыравалі людзей ісьці ў горад рабаваць пад выглядам паўстаньня супраць савецкае ўлады. Той-сёй пайшоў з бандытамі, а большасьць ішла ў горад паглядзець, што з гэтага будзе". Гэта значыцца, маўляў, заглядаліся на люты бой у Сямічоўскім Бары пад Вяліжам з кулямётамі, вінтоўкамі, гранатамі i г. д., як на вясковае ігрышча з бубнамі i цымбаламі. Згадваючы вяліжскіх партызанаў, як Нілёнак, браты Жыгалавы, Грамабой, Анушчанка, Ільлін, Воранаў, аўтар сьцьвярджае, нібы некаторых зь ix ён судзіў як падсудак выязное сэсіі Пскоўскага Губсуда, а ў сапраўднасьці судзілі ix выязныя тройкі Віцебскае ГубЧК i Рэўтрыбунал 15-ае арміі.

Аднак самыя-ж Сіпкавыя гаспадары, хоць празь сьцятыя ад нянавісьці зубы, згадваюць пра вяліжскіх антыбальшавіцкіх змагароў. I ці ня лепш цяпер абваліць іхнія вымушаныя жыцьцём сьведчаньні на галовы іхніх-жа хлусьлівых наймітаў?

Каб давесьці гэта, бяру з паліцы свае кніжніцы савецкую кніжку на расейскай мове "Камітэты беднаты Беларусі. Зборнік дакумэнтаў i матар'ялаў. Архіўнае кіраўніцтва Міністэрства Ўнутраных Справаў БССР. Выдавецтва Акадэміі Навук БССР. Мінск. 1958", а ў ёй на бачынцы 146 зьмешчана:

"Паведамленьне газэты "Известия Западной Коммуны" (№ 278 ад 27 лістапада 1918 г.) аб прыдушэньні контррэвалюцыйных паўстаньняў у Віцебскай губэрні.

Віцебск. Паўстаньне ў Вазьнясенскай воласьці зьліквідаванае; раззбраеньне працягваецца; адабраныя каля 1500 вінтовак. Гэта здабыча будзе накіраваная са станцыі Расоны ў Віцебск. Адзін з завадатараў паўстаньня расстраляны, 5 перададзена ЧК, 5 абвешчана па-за законам.

Полацкі павет. 13 лістапада Полацкі павятовы ваенкамат паведаміў аб паўстаньні ў Вязьменскай воласьці. Лік паўстанцаў вызначаны ў 600 чалавек. Імі была захоплена станцыя Расоны. Пасланымі павятовым ваенкаматам сіламі паўстаньне прыдушана.

Характарыстыка паўстаньня. Ад 11 да 17 лістапада 1918 году амаль уся Віцебская губэрня была ахоплена контррэвалюцыйным паўстаньнем, што выбухнула ў Вяліжскім павеце i перакінулася ў іншыя месцы. Паўстаньне мела арганізаваны характар. На чале аддзелаў стаялі былыя афіцэры. ЧК удакладніла сувязь паўстаньня зь белай Паўночнай арміяй. 3 прычыны паступленьня зь месцаў супярэчных данясеньняў цяжка выявіць дакладна колькасьць паўстанцаў. У Гарадоцкім павеце паўстаньне ўжо канчаткова раздушана. У іншых паветах ліквідуецца".

Перадусім трэба адзначыць супрацоўніцтва паміж чэкістамі БССР, г. зн. расейскімі калянізатарамі на Беларусі, i Акадэміяй Навук БССР, што адбілася на загалоўнай бачынцы кніжкі. Між іншым, Аляксей Сапуноў, зьбіраючы матар'ялы для свае шматтамовае "Віцебскае Старыны", не карыстаўся паслугамі царскага жандарскага корпусу. Аднак, разам з тым, гэты хаўрус катаў i магістраў надае дакумэнтам надзвычайную пераканальнасьць.

Трэба хіба ўзяць пад сумненьне сувязь паўстанцаў з Паўночнай арміяй, бо на справе яна (што адбілася ў паўстанцкіх адозвах) мелася з брыгадай генэрала Булака-Балаховіча або з Паўночна-Заходняй арміяй. Паказальна таксама, што ў часе паўстаньня перад будынкам вяліжскае ЧК тры дні ляжаў на вуліцы забіты афіцэр з характэрным для балахоўцаў жоўтым аколышам шапкі.

Па-другое, не адпавядае праўдзе, што ў Расонах чэкісты расстралялі аднаго паўстанца, у сапраўднасьці яны замардавалі блізу сотні ix. Затое праўда, што Вяліжскае паўстаньне ня міф, створаны Юркам Віцьбічам, а гераічнае былое. Віцьбіч хутчэй недаацэньваў Вяліжскае паўстаньне, як кожны шараговец, што, знаходзячыся на фронце, ведае добра сваю роту i бліжэйшых камандзіраў, а зусім ня ведае, што робіцца у гэты час па ўсім фронце.

Полымя Вяліжскага паўстаньня ахапіла амаль усю Віцебскую губэрню. Яно перакінулася ў сумежную частку Смаленшчыны, дзе ведамае пад назовам Жыгалаўшчыны ад імя афіцэраў Жыгалавых, Пскоўшчыну - Тарапецкі й Вялікалуцкі паветы - i нават у больш аддаленую Магілёўшчыну, дзе распачаўся запіс у Дабравольную Народную Армію.

У той-жа, кагадзе працытаванай кніжцы, на бачыне 144, зьмешчаны, датаваны 18 лістапада 1918 г., "Загад Магілёўскае ГубЧК аб рашучым змаганьні з контррэвалюцыйнымі выступамі".

Паведамляючы сьпярша аб тым, што "ворагі работніцкасялянскага ўраду ў некаторых паветах нашае вобласьці (Заходняя вобласьць з цэнтрам у Смаленску - Ю.В.) узьнялі мяцеж", губэрнскія чэкісты, заклікаючы павятовых змагацца супраць запісу ў Дабравольную Армію, пераможна заканчваюць: "Усе кіраўнікі мяцяжоў, як жыгалавы, волкавы, ільліны - былыя афіцэры, даўно ўжо ведамыя як ворагі Савецкага ўраду i стаяць па-за законам". Адсюль можна зрабіць толькі адзін выснаў, што Вяліжскае паўстаньне сталася пагрозай i для Магілёўшчыны. Аднак, хоць пасьля заўзятага змаганьня Вяліжскае паўстаньне бальшавікі i раздушылі, але тым не падбілі канчаткова народнага супраціву. Змаганьне з бальшавікамі прыняло толькі новую форму ня менш заўзятай партызанскай барацьбы.

Надзвычай характэрная ў гэтым пляне вытрымка з кніжкі "Рэвалюцыйныя камітэты БССР (ліпень-сьнежань 1920 г.). Зборнік дакумэнтаў i матар'ялаў. Выдавецтва Акадэміі Навук БССР. Мінск. 1957". У ёй на бачынцы 118 - у справаздачы Віцебскага "Угорревкома", або ў перакладзе з савецкае мовы - павятовага i гарадскога рэвалюцыйнага камітэту , зазначаецца: "Пакуль што бандытызм у Віцебскім павеце не наглядаецца, але на воласьці Янавіцкую i Курынекую, што мяжуюць з Суражскім паветам, часам нападаюць белагвардзейскія банды з Суражскага й Вяліжскага паветаў. У адзначаных воласьцях былі выпадкі забойства бандытамі партыйных таварышаў. Змаганьне з нападамі бандытаў пры дапамозе вайсковых частак вядзецца параўнальна пасьпяхова".

А можа, гэтага яшчэ тым завяртанскім сіпкам замала, дык дастаю другую кніжку, а менавіта: "П.Г.Софинов. Очерки истории Всероссийской Чрезвычайной Комиссии. 1917-1922. Гocyдapcтвeннoe издательство политической литературы. Москва, 1960", дзе на бачынцы 118 адзначана: "У верасьні-лістападзе 1918 году Ўсерасейская Надзвычайная Камісія выявіла i ліквідавала контррэвалюцыйныя змовы ў Разані, Кастраме, Вышнім Валачку, Вяліжы, Барысаглебску i ў шэрагу іншых гарадоў".

Не падлягае сумлеву, што Вяліжскае паўстаньне балюча далося бальшавіком у знакі, калі праз 40 год яны аб ім міжволі згадваюць. Пэўне-ж, яны ня здужалі пахаваць яго, бо ня ў стане зьнішчыць нязломны народ, у памяці якога яно жыве. А гэты вялікі беларускі народ, як i ягоная палітычная эміграцыя, ніколі не забудуць сваіх вяліжскіх змагароў, што загінулі ў барацьбе за волю.

Вечная ім памяць i слава!



[1] Аўтар бачыў гэтую мапу з абазначаным на ей Вяліжскім паўстаньнем у Кіеве ў 1926 г. у казарме 45-га артылерыйскага палка.

[2] Семёнов В.П. - Россия. Том IX. б. 464.

[3] Тамсама. - Б. 464-465; Смоліч Аркадзь. Кароткі курс геаграфіі Беларусі. - Б. 34-35, 288, 337-338; Киселёв О.М. - Велиж. Витебск. 1895.

[4] Кастрычнік на Беларусі. Зборнік артыкулаў i дакумэнтаў.- Менск. 1927. - Б. 109.

[5] Найдзюк Язэп. Беларусь учора й сяньня. - Б. 166.

[6] Віцьбіч Юрка. Дзе мой Паўлюк? "Шыпшына", № 4,1947. - Б. 15- 17.

[7] Стукалич Юрий. Не чернилами, а кровью. "Новое Русское Слово", 10 мая 1950.

[8] Тамсама.

[9] Тамсама.

[10] Віцьбіч Юрка. "Во блаженном успении вечный покой...", "Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі", № 6, 1946. - Б. 7-8.

[11] Тургенев И.С. Стихотворение в прозе "Как хороши, как свежи были розы".

[12] Віцьбіч Юрка. "Во блаженном успении вечный покой...", "Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі", № 6, 1946. - Б. 7-8.

[13] Стукалич Юрий. "Не чернилами, а кровью". "Новое Русское Слово", 10 мая 1950.

[14] Віцьбіч Юрка. Дзе мой Паўлюк? "Шыпшына", № 4, 1947. - Б. 15.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX