Папярэдняя старонка: Ваенная гісторыя

Партызанская барацьба на Беларусі 


Аўтар: Віцьбіч Юрка,
Дадана: 31-01-2018,
Крыніца: Віцьбіч Юрка. Партызанская барацьба на Беларусі // Спадчына. 1998. №1. С. 126-145.



Друкуецца паводле: «Антыбальшавіцкія паўстаньні i партызанская барацьба на Беларусі». Укладаньне i падрыхтоўка тэксту Лявона Юрэвіча. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, Нью-Ёрк, 1996.


Агульнавядома, што савецкае заканадаўства істотна адрозьніваецца ад заканадаўстваў усіх несавецкіх краінаў сьвету. Калі, напрыклад, адпаведна Зводу Законаў Расейскай імпэрыі, экспрапрыяцыя Сталіным у 1907 г. 341 тысячы рублёў Тыфліскага банку - палітычнае злачынства, то, адпаведна кодэксам СССР, экспрапрыяцыя беларускім партызанам Сапляком мізэрных грашовых сумаў, што перавозіліся поштай зь мястэчка Брагін у мястэчка Хойнікі, кваліфікуецца выключна як крымінальны бандытызм. Таму, калі ніжэй будуць пададзеныя цытаты з савецкіх крыніц бязь зьмены ўласьцівых ім тэрмінаў, гэта зусім не азначае згоду з такой заганнай па сваёй сутнасьці тэрміналёгіяй.

Партызаны ў большасьці сваёй зьяўляліся ўдзельнікамі былых паўстаньняў, падаўленых бальшавікамі, значная частка іх была таксама дэзэртырамі, што не хацелі бараніць савецкую ўладу. Узброеныя да зубоў, яны мелі вялікі баявы вопыт, добра зналі мясцовасьць, дзе ім прыходзілася дзейнічаць, карысталіся сымпатыяй i падтрымкай насельніцтва, a самае галоўнае - усёй душою ненавідзелі бальшавізм i таму былі для бальшавікоў сур'ёзнай пагрозай. Зразумела, што беларускія партызаны, як i ўсе партызаны наагул, не маглі перамагчы дзяржаўны лад, усё-ж парою яны літаральна паралізавалі дзейнасьць савецкіх i партыйных устаноў. Магчыма, што значная частка партызанаў адчувала асуджанасьць сваёй няроўнай барацьбы, аднак ня бачыла іншага выйсьця i змагалася, жывучы надзеяй на інтэрвэнцыю або новае паўстаньне.

Акрамя партызанаў мясцовага паходжаньня, была яшчэ значная частка партызанаў, перакінутых празь мяжу з суседнімі дзяржавамі, галоўным чынам, - з Польшчай. Гэта былі, у асноўным, эмігранты з Усходняй Беларусі - салдаты Слуцкай Дывізіі БНР, балахоўцы, стракапытаўцы, гэта значыць, былыя ўдзельнікі актыўнай барацьбы супраць Саветаў. З абвінавачаньня Барысу Савінкаву на судзе вынікае, што ягоны «апэратыўны атрад кіраваў бандыцкай дзейнасьцю на савецкай тэрыторыі. Паказаньні сьведкаў, прызнаньні ўдзельнікаў бандаў, дакумэнтаваныя факты пацьвярджаюць, што ўдзельнікі бандыцкіх атрадаў набіраліся зь ліку інтэрнаваных у лягерах i асабіста ведамых начальніку атраду. Адпаведна дагавору з польскім генэральным штабам партызаны, атрымаўшы ад яго дакумэнты i пропускі, перапраўляліся ў раён Глыбокага або Лунінца, дзе польскія пагранічныя часткі прапускалі іх празь мяжу з абавязковай умовай - пачаць дзеяньні ня бліжэй чым за 50 - 70 вёрстаў ад граніцы, каб стварыць ілюзію мясцовых атрадаў. Такіх бандаў-атрадаў была перапраўленая даволі вялікая колькасьць» [1] .

Як сьведчыць М.Баравы, усе партызанскія арганізацыі «на тэрыторыі БССР i за мяжой былі аб'яднаныя Савінкаўскім "Саюзам Абароны Радзімы i Свабоды", зь якім у цесным кантакце працавалі Булак-Балаховіч i "Беларускі Палітычны Камітэт". Агульнае кіраўніцтва апэрацыямі належала "Галоўнаму штабу беларускіх партызанаў за мяжой» [2] .

«Да 1 травеня 1921 г. на тэрыторыі БССР таго часу (6 паветаў Менскай губэрні) было зарэгістравана каля 1000 партызанаў, у палове травеня гэтая лічба падвоілася, a зь першага чэрвеня іхняя колькасьць дасягнула трох з паловаю тысяч, прычым каля трох сотняў кавалерыстаў» [3] .

Аднак «яшчэ да сакавіка 1921 г. зарэгістравана ў БССР 40 партызанскіх налётаў, зь якіх на долю балахоўцаў прыпадае 29» [4] .

Было-б вялікай памылкай зрабіць цяпер выснаў, што ўся партызанская барацьба на Беларусі мела адзіны цэнтар. Дзейнасьць Савінкава й Булак-Балаховіча, «Саюзу Абароны Радзімы i Свабоды» i "Беларускага Палітычнага Камітэту» прасьціралася толькі на невялікую часьцінку падсавецкай этнаграфічнай Беларусі - ад граніцы да Бярэзіны, a ў рэдкіх выпадках - да Дняпра. Нармалёва, што кіраўніцтва з-за мяжы, пры адсутнасьці радыё i самалётаў, было выпадковым i няжыцьцяздольным, хаця, як сьцьвярджае абвінаваўчы акт, прад'яўлены бальшавікамі Савінкаву, «за пэрыяд з 1921 па 1923 год органамі ВЧК- ГПУ ліквідаваныя былі наступныя аддзелы "Саюзу Абароны Радзімы i Свабоды", якія займаліся шкодніцка-шпіёнскай дзейнасьцю, накіраванай выключна на зьнішчэньне савецкай улады,- Заходні обласны камітэт i ягоныя арганізацыі колькасьцю звыш 300 чалавек» [5] .

Не магла кіраваць дзеяньнямі ўсіх беларускіх партызанаў i Рада БНР, што знаходзілася на эміграцыі, бо, папершае, яна мела менш магчымасьцяў, чым Савінкаў i Булак-Балаховіч, a па-другое, як сьведчыць пратакол трэцяга паседжаньня (28 верасьня 1921 г.) Беларускай Нацыянальна-Палітычнай Нарады ў Празе: «Нарада перасьцерагае беларускі народ ад непатрэбнага кровапраліцьця й заклікае яго каваць зброю, каб гатовымі сустрэць агульнарэвалюцыйную барацьбу ўсіх народнасьцяў за права быць гаспадарамі ў сваёй краіне» [6] .

Пераважная большасьць беларускіх партызанаў ня мела між сабою арганізацыйнай сувязі. Яны часам аб'ядноўваліся пры нападзе на той або іншы бальшавіцкі аб'ект, a пасьля адразу-ж распадаліся на ранейшыя асобныя групы, тройкі, двойкі i адзінкі. Гэта рабіла іх менш заўважнымі, менш улоўнымі. Менавіта дзякуючы такой тактыцы, яны былі больш жыцьцяздольнымі, чым шматлюдныя атрады Булака-Балаховіча й Савінкава, перакінутыя з-за мяжы.

Перш чым перайсьці да апісаньня баявой дзейнасьці партызанаў, варта спыніцца на іх нацыянальным, сацыяльным i клясавым складзе. Натуральна, што пераважную большасьць партызанаў, як мясцовых, так i перакінутых празь мяжу, складалі беларусы. Пра іхнюю нацыянальнасьць сведчаць: месца нараджэньня (тое або іншае паселішча этнаграфічнай Беларусі), прозьвішчы (Моніч, Нілёнак, Ружынскі, Семянюк, Куль, Мялешка i г. д.), імёны (Паўлюк, Лукаш, Люсьцін, Рыгор, Юрка, Міхась, Тодар, Янка, Алесь i г. д.) i мова - часам літаратурная беларуская, часам той ці іншы дыялект беларускай мовы. Беларусаў ня толькі па сваім паходжаньні, але i па сваіх перакананьнях было больш сярод партызанаў, перакінутых празь мяжу Булак-Балаховічам i «Беларускім Палітычным Камітэтам», i менш - сярод мясцовых партызанаў. Прычым, чым далей на ўсход этнаграфічнай Беларусі, тым радзей сустракаліся сярод беларускіх партызанаў змагары за незалежнасьць Беларусі, хаця выключэньнем у гэтых адносінах зьяўляецца частка вяліскіх гімназістаў. Акрамя беларусаў, сярод партызанаў былі рускія - Грамабой, Музыкантаў i іншыя, украінцы - Шуп i іншыя, летувісы - Таварас i іншыя. На нацыянальнай глебе сярод партызанаў Беларусі не заўважалася ніякіх супярэчнасьцяў. У саслоўных i клясавых адносінах склад партызанаў быў вельмі разнастайны. Пра наяўнасьць сярод іх інтэлігентаў сьведчаць псэўданімы, што зьяўляецца характэрнай прыкметай ня толькі паэтаў i артыстаў, аднак яшчэ ў значна большай ступені - палітычных барацьбітоў, да якіх i належалі партызаны. Характэрныя для іх такія псэўданімы, як Абярон - ад імя шэкспіраўскага цара лясных духаў, Фульгур -«маланка» на лацінскай мове. Абярон - Анушчанка паводле паходжаньня быў селянінам, вывучыўся на настаўніка; Фульгур - вяліскі гімназіст, сялянскі сын Раман Ільлін. Перш чым стаць народнымі мсьціўцамі-партызанамі, гімназістамі былі: Таварас, Макуня, Шалепін, Філіпаў, Лясуціс, Адахоўскі, Бароўскі i іншыя; народнымі настаўнікамі: Воранаў, Моніч, Анушчанка, Чырванец i іншыя. Сярод партызанаў было шмат былых афіцэраў царскай арміі, такіх, як Воранаў, Моніч, Ружынскі, Жыгалавы, Музыкантаў, Анушчанка, Чырванец i іншыя. Неабходна адзначыць, што ў партызаны пайшлі многія дзеці сьвятароў: Жыгалавы, Шалепін, Гарнастаеў i іншыя. Бальшыня-ж партызанаў была зь сялянаў - заможных, як Семянюк, Скалубовіч, Рабцаў i іншыя, сярэдняга дастатку, як Нілёнак, Сапляк i іншыя, i беднякі, як Марк Сінічынскі. Нягледзячы на спробы бальшавікоў распаліць пры дапамозе адозваў сярод партызанаў «клясавую барацьбу», яе ня было. Разам змагаліся й паміралі дваранін, сын памешчыка Чырванец i патомны бядняк Марк Сінічынскі. Нягледзячы на такі неаднастайны нацыянальны, сацыяльны i клясавы склад партызанаў, іх аб'ядноўвала адна агульная мэта - барацьба з бальшавікамі.

Прыродным саюзьнікам беларускіх партызанаў была геаграфія краіны - яе пушчы й лясы, балоты, шматлікія рэкі й рэчкі, мноства азёраў з вузкімі перашыйкамі паміж імі. Найбольшыя пушчы Беларусі, такія як Белавежская, Налібоцкая, Аўгустоўская, Рудніцкая, адышлі, праўда, да Польшчы, аднак ва Ўсходняй падсавецкай Беларусі засталіся такія суцэльныя лясныя масівы, як Вокаўскі Лес або Бельскае Палесьсе, Любашанская i Акуліцкая пушчы, Бранскі Лес, барысаўскія й вяліскія лясы, Сямічоўскі й Сянькоўскі бары, Цёмны Лес, шмат іншых. Гэтых лясоў было столькі, што, амаль ня выходзячы зь іх, можна было перасекчы ўсю Беларусь з поўначы на поўдзень i з захаду на ўсход. Некаторыя зь іх былі такія густыя, што нават у ясны дзень у іх было цёмна. Такія балоты, як Верацейскае, Грычын, Жакаўскі Мох i іншыя, займаюць сотні квадратных кілямэтраў i багатыя на багны, якія паглынаюць усё жывое, што выпадкова туды трапіць. Балотная расьліннасьць - трысьнёг, чарот - па сваёй гушчыні й вышыні нагадвае маньчжурскі гаалян, дзе можа схавацца верхнік разам з канём. Па зьвярыных сьцежках, што агінаюць «чортавыя вокны», прабіраліся партызаны да сваіх лягераў, дзе разьмяшчаліся ў добра прыстасаваных да жыцьця, дагледжаных зямлянках.

Ведамы выпадак, калі ў г. Сураж Віцебскай губэрні ноччу да мясцовага доктара зьявіліся партызаны i прапанавалі паехаць разам зь імі ў лес, абяцаючы, што праз пэўны час даставяць яго назад. Доктара павезьлі, завязаўшы яму вочы. Калі празь пяць-шэсьць гадзін язды зьнялі ў яго з вачэй павязку, доктар убачыў, што стаіць у даволі глыбокай i вялікай зямлянцы. На покуці перад іконамі цеплілася лампада, на сьценах віселі дываны, мапы, карціны, зброя, музычныя інструмэнты. Усюды ляжалі кнігі, часапісы й газэты. Доктар аказаў мэдыцынскуо дапамогу хвораму партызану i ў наступную ноч гэтым-жа шляхам быў дастаўлены назад, у Сураж. Менавіта такім чынам вясковы сьвятар Вяліскага павету быў прывезены ў іншую, ня менш камфартабельную зямлянку, каб прычасьціць перад сьмерцю цяжкапараненага партызана.

У чым заключалася баявая практыка партызанаў? Перш за ўсё, у фізычным зьнішчэньні камуністаў. На чырвоны тэрор яны адказалі зялёным тэрорам. Ні адзін сельскі камуніст не рашаўся паказацца на вясковай вуліцы бязь вінтоўкі, аднак вельмі часта ён не пасьпяваў нават зьняць яе з пляча. Аднак нельга гаварыць пра пагалоўнае забойства ўсіх бальшавікоў. Часам замест расстрэлу прымянялася фізычнае пакараньне шомпаламі. Затое бяз усякага суду й літасьці забівалі асабліва ненавісных сялянам харчкамісараў i харчармейцаў. Ведамы страшэнны выпадак, калі забітаму сураскаму харчкамісару Сьцяпану Пасьцегіну партызаны выразалі машонку й паслалі яе ў Сураж з тлумачэньнем, што «падатак на яйкі выкананы». Зялёны тэрор паралізаваў дзейнасьць сельскіх камуністаў, ён ня толькі прыпыніў рост партыі, аднак выклікаў нават рэзкае зьмяншэньне яе членаў. У Вяліжы на Лідавай Гары, перайменаванай у Гару Камунараў, былі заложаныя могілкі для забітых партызанамі камуністаў i камсамольцаў. Ужо ў 1929 г. тут было некалькі сотняў магіл.

У самы разгар партызанскай барацьбы кожнуо ноч дзе-небудзь на небе шугала полымя. Таму невыпадкова, што калі латыскія стралкі вялі ноччу на расстрэл вяліскага партызана гімназіста Адахоўскага, то ён упаўголасу напяваў ведамую песьню паўднёваафрыканскіх нязломных бураў:

Трансвааль, Трансвааль, краіна мая,

ты ўся гарыш у агні...

Гарэлі будынкі сельсаветаў i павятвыканкамаў разам з усімі актамі й пячаткамі; гарэлі склады здадзеных у лік харчразьвёрсткі хлеба, бульбы, ільну, сена; гарэлі крамы, пошты, масты, ільнозаводы, сыраварні; гарэў лес, падрыхтаваны для вясновага сплаву па рэках. Спачатку партызаны (Воранаў, «Барон Кіш», Музыкантаў, Таварас i іншыя), перш чым падпаліць склад альбо краму, раздавалі ўсё, што там было, насельніцтву, аднак бальшавіцкія рэпрэсіі супраць сялян у адказ на партызанскія дзеяньні прымусілі адмовіцца ў далейшым ад такой раздачы.

Асаблівую ўвагу ўдзялялі партызаны транспарту й сувязі. Так, партызан Моніч на станцыі Прыяміна Маскоўска-Брэсцкай чыгункі затрымаў цягнік. Партызан Воранаў на рацэ Усьвячы затрымаў i патапіў буксірны параход «Камуніст», a разам зь ім i дзьве баржы з хлебам, якія той вёў на буксіры. Партызан Чырванец, акрамя спаленага ім на рацэ Сож пасажырскага параходу, затрымліваў пошту, зьнішчаў усю карэспандэнцыю, пераразаў тэлеграфныя й тэлефонныя правады. Партызан Грамабой каля станцыі Заходняя Дзьвіна Маскоўска-Відзаўскай чыгункі спусьціў пад адхон ваенны эшалон.

Ліквідаваўшы свае зьнешнія франты, бальшавікі перакінулі большыя сілы на ўнутраны партызанскі фронт. Аднак калі на зьнешніх франтох вырашальную ролю адыгралі мабілізаваныя ў Чырвоную Армію, то на ўнутраным фронце іхняя роля сышла на нішто. Бальшавікі (і не без падстаў) не давяралі мабілізаваным. Гэтыя мабілізаваныя ў мінулым ужо неаднойчы адмаўляпіся ўдзельнічаць у падаўленьні паўстаньняў i ў барацьбе з партызанамі. Больш таго - ведамы шэраг выпадкаў, калі яны пераходзілі на бок паўстанцаў i партызанаў. Таму для ўнутранага фронту бальшавікі стварылі іншыя вайсковыя або, дакладней,- вайскова-палітычныя падразьдзяленьні: роты, батальёны й палкі ЧК, інтэрнацыянальныя войскі, уключаючы сюды перш за ўсё латыскіх стралкоў, часткі асобага назначэньня (ЧОН), што фармаваліся выключна зь мясцовых камуністаў i камсамольцаў, экспэдыцыйныя карныя аддзелы (ЭКА), якія складаліся з самых адборных галаварэзаў, камітэты па барацьбе з дэзэртырствам (Камдэзы), міліцыю i г. д. Аднак, нават маючы такія шматлікія спэцыяльныя часткі, бальшавікам прыходзілася неаднойчы мяняць сваю тактыку на ўнутраным фронце.

Ранейшая адкрытая барацьба з партызанамі аказалася безвыніковай. Бальшавікі ўсё-ж ня мелі дастаткова сіл, каб, ідучы ўзброеным ланцугом, «прачасаць» усе бязьмежныя лясы й балоты. Акрамя таго, падчас такой акцыі адзін або два добра замаскаваныя партызаны-снайперы маглі зьнішчыць поўнасьцю або часткова антыпартызанскі атрад, што неаднойчы здаралася. Самае-ж галоўнае - партызаны мелі сваю агентуру ў савецкіх установах i карысталіся падтрымкай з боку насельніцтва. Не пасьпяваў той або іншы антыпартызанскі атрад вырушыць з гораду, як партызаны ўжо зналі ягоны маршрут і, ачышчаючы яму шлях для руху наперад, нечакана нападалі з тылу або з флангаў. Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што пры такой тактыцы на аднаго забітага партызана прыходзілася ня менш як дзесяць забітых бальшавікоў.

Бальшавікам прыйшлося памяняць гэтую сваю першапачатковую тактыку. Галоўны свой удар яны накіравалі цяпер ня супраць партызанаў, a супраць насельніцтва. Пры гэтым яны арыштоўвалі, ссылалі й расстрэльвалі ня толькі пагалоўна ўсіх сямейнікаў i сваякоў партызанаў, аднак i жыхароў усіх вёсак, каля якіх тая ці іншая партызанская акцыя мела месца. Так, напрыклад, была поўнасьцю выселена ў Сібір вёска Вароніна Вяліскага павету, адкуль паходзілі партызаны Нілёнкі. Былі расстраляныя сем'і жыхароў вёскі Верхнія Секачы Будніцкай воласьці Вяліскага павету, каля якой знайшлі забітага вяліскага харчкамісара Кузьняцова. Новая антыпартызанская тактыка толькі часткова аказалася пасьпяховай, Зразумела, тая частка сялянаў, што перад тым толькі ўскосна была зьвязаная з партызанамі, цяпер пазьбягала ўсялякага дачыненьня зь імі, аднак затое самі партызаны пачалі жорстка помсьціць за сваіх родных i сяброў, значна павялічыўшы сваю актыўнасьць.

Потым бальшавікі прымянілі іншы тактычны ход. Яны аб'явілі поўную амністыю ўсім былым паўстанцам i тагачасным партызанам, калі яны дабравольна зьявяцца ў павятовыя раённыя цэнтры з пакаяньнем i ca зброяй у руках. Некаторыя партызаны паверылі гэтым абяцаным амністыям i зьявіліся. Падыход да іх з боку бальшавікоў быў дваякі, аднак з аднолькавым вынікам. Адны з тых, хто паверыў i пакаяўся, як, напрыклад, дабранскі партызан Лявон Зяньковіч, былі рэпрэсаваныя праз год-два пасьля амністыі. Другіх, як, напрыклад, вяліскага партызана Воранава, чакаў іншы лёс. Сьпярша памочнік начальніка вяліскай ЧК Хадакоў урачыста прадставіў яго мясцовым камуністам, a празь дзень-два конныя чонаўцы канваіравалі яго, пешага, зь Вяліжу ў Віцебск, a па дарозе - каля вёскі Дзятлава - забілі.

Нарэшце бальшавікі, выкарыстаўшы ў антыпартызанскай барацьбе ўсе сродкі, аб'явілі грашовыя ўзнагароды за дастаўленых ім жывых або мёртвых партызанаў. Няведамыя выпадкі, калі партызаны жывымі траплялі ў пастку здраднікаў. Аднак засьведчаны не адзін выпадак, калі партызанаў (Моніч, Сапляк, Грабянок i іншыя) забівалі прадажнікі.

Натуральна, што калі партызаны мелі сваіх агентаў у савецкіх установах, то й бальшавікі стараліся заслаць сваіх людзей у партызанскае асяродзьдзе. Аднак калі партызанскі агент перадаваў інфармацыю партызанам празь дзясятыя рукі, застаючыся сам вышэй падазронасьці, то савецкі агент у лесе мог перадаць інфармацыю толькі сам непасрэдна або праз давераных асоб, таму яго лёгка было выкрыць. Звычайна такіх раскрытых выведнікаў партызаны расстрэльвалі каля бойкай дарогі, прымацаваўшы на грудзёх паперку з надпісам: «Правакатар. Сабаку - сабачая сьмерць».

Ад адзінкавых правакатараў бальшавікі перайшлі да масавых правакацыяў. Характэрная ў гэтых адносінах гісторыя вялікага коннага атраду, што паявіўся зімою 1923 г. у Сянькоўскім Бары каля г. Суражу. Перш за ўсё кідалася ў вочы нечаканасьць зьяўленьня такога вялікага атраду - ён быццам зь неба зваліўся. Між тым, паколькі ўсе партызанскія згуртаваньні ня мелі цэнтральных базаў забесьпячэньня i абозаў, a знаходзіліся, так бы мовіць, на падножнай пашы, то i гэты новы атрад павінны былі добра ведаць сяляне ў радыюсе хоць-бы 100 кілямэтраў. Па-другое, не магла быць не заўважанай мова байцоў гэтага атраду - яны гаварылі на окаючым паволскім дыялекце расейскай мовы, a не на беларускай, як мясцовыя партызаны. Патрэцяе, яны, адкрыта называючы сябе партызанскім атрадам імя Махно, чамусьці ня трымаліся ніякай кансьпірацыі, знаёмячы ўсіх са сваім маршрутам i выказваючы надзею, што да іх далучацца ўсе астатнія партызаны.

Няма нічога дзіўнага, што ніхто зь мясцовых партызанаў ня прымкнуў да гэтага вялікага атраду, які, удабавак, рухаўся не па зьвярыных сьцежках, a па бальшакох. Затое Віцебскае ГПУ было, напэўна, вельмі зьдзіўленае, калі гэты атрад, пасланы з правакацыйнай мэтай, каля мястэчка Ўсьвяты разграміў каапэратыў, падзяліўшы між сабою ўвесь ягоны небагаты набытак, a потым падпаліў i сам будынак, каб схаваць канцы ў ваду. Пасьля такога пачатку лжэпартызанскі атрад пачаў граміць усё, што траплялася на ягонай дарозе, зьбіваючы пры тым камуністаў i міліцыянэраў. Дзесьці каля г. Невелю Віцебскае ГПУ ўступіла ў бой з гэтым сваім атрадам i потым само перастраляла ўсіх, хто ўцалеў пасьля бою.

Калі атрад Віцебскага ГПУ да канца заставаўся бальшавіцкім i атрымаў кару толькі за крымінальны ўхіл, пасягнуўшы на дзяржаўную маёмасыдь, то атрад Слуцкага ГПУ з самага пачатку быў антыбальшавіцкім. Гэты атрад, на чале якога стаяў Іван Шантыр i які дзейнічаў на пачатку 1923 г., быў сфармаваны амаль выключна з мабілізаваных мясцовых сялянаў. Пры першым сутыкненьні з партызанамі гэты атрад меў вялікія страты забітымі, ня маючы, аднак, ніводнага параненага. Ніхто з слуцкіх гэпэвушнікаў не зьвярнуў увагі на тое, што пры гэтым сутыкненьні атрад страціў забітымі ўсіх камуністаў, камсамольцаў i ўсіх іхніх прыхільнікаў. Ня было таксама прывезена ніводнага забітага або параненага партызана. Калі на наступны дзень атрад, добра наладаваны боепрыпасамі i прадуктамі, накіраваўся ў чарговы тыднёвы паход супраць партызанаў, то замест барацьбы зь імі ён пачаў сыстэматычнае пагалоўнае зьнішчэньне ўсіх вясковых камуністаў i камсамольцаў. Больш у Слуцак гэты атрад не вярнуўся.

Дасьледуючы партызанскую антыбальшавіцкую барацьбу i адзначаючы ўсё станоўчае ў ёй, нельга абмінуць тое адмоўнае, што яна таксама мела. Гэтым адмоўным зьяўляецца, у першую чаргу, антысэмітызм. Аднак адразу трэба падкрэсьліць, што агульначалавечы пагляд на антысэмітызм, як на ганебную i злачынную зьяву, зусім не супадае з бальшавіцкім вызначэньнем антысэмітызму як зьявы, «народжанай клясавым эксплуататарскім ладам, якая служыць у руках гэтага ладу адным са сродкаў барацьбы з рэвалюцыйным рухам мас» [7] . Адпаведна гэтаму хісткаму азначэньню, бальшавікі, сьвядома не ўспамінаючы, напрыклад, пра дарадніка амэрыканскіх прэзыдэнтаў Бэрнарда Боруха або пра лорда Дызраэлі, могуць аб'явіць антысэміцкімі актамі суды над савецкім шпіёнам Фуксам i сужэнствам Розэнбэрг. Адпаведна гэтаму-ж «навуковаму» азначэньню, бальшавікі ў пэрыяд грамадзянскай вайны кожны выпадак забойства гэбрая ў сваёй прэсе рэгістравалі як факт антысэмітызму, імкнучыся настроіць сусьветную грамадзкую думку супраць партызанаў. Тут неабходна зрабіць адну вельмі істотную папраўку. Забойства беларускімі партызанамі гэбрая за тое, што ён - бальшавік, камсамолец, чэкіст, чонавец, камісар i г. д., не зьяўляецца антысэмітызмам. Бальшавік-гэбрай нічым ня лепшы i ня горшы за бальшавіка-беларуса. Забойства-ж беларускімі партызанамі чалавека толькі за тое, што ён па сваёй нацыянальнасьці гэбрай,- гнюсны антысэміцкі акт.

Можна прывесьці шэраг прыкладаў, якія сьведчаць пра тое, што антысэмітызм ня быў уласьцівы значнай. частцы партызанаў. Паказальнае ў гэтых адносінах маленькае, амаль поўнасьцю гэбрайскае мястэчка Ільліно Вяліскага павету. Некалькі гадоў яно знаходзілася ў цесным партызанскім акружэньні, не адзін раз партызаны займалі яго - ні адзін ільлінскі гэбрай ня быў забіты партызанамі. Ня менш паказальна й тое, што мясцовы каваль зь сяла Бабовая Лука Сяртэйскай воласьці гэбрай Левітан быў рэпрэсаваны бальшавікамі за сувязь з бандытамі, якая праявілася ў тым, што ён дабравольна й бяз платы падкоўваў партызанскіх коней i адмовіўся, нягледзячы на загад павятовых бальшавікоў, падкаваць іх так, каб яны ахрамелі. Ня было падставаў абвінавачваць у антысэмітызьме партызанаў зь вяліскіх гімназістаў i стракапытаўцаў. Нават савецкія крыніцы вымушаныя прызнаць такія факты, як, напрыклад, той, што «ў паўстаньні ў Старобінскай воласьці Слуцкага павету 14 сакавіка 1920 г. кулацтву ў многім памагала гэбрайская буржуазія» [8] .

Аднак можна прывесьці таксама шэраг фактаў, якія сьведчаць, што пэўнай частцы партызанаў антысэмітызм быў уласьцівы. Характэрныя ў гэтым пляне неадзінкавыя выпадкі забойства балаголаў (на гасьцінцы паміж Вяліжам i Віцебскам, у Сянькоўскім Бары), хаця апошніх заўсёды цікавіла не палітыка, a кавалак хлеба для сваёй сям'і. Ведамыя «ыпадкі на Гомельшчыне, калі партызаны прысуджалі камсамольца-беларуса да цялеснай кары, a камсамольца-гэбрая расстрэльвалі. I хаця потым самі бальшавікі расстрэльвалі такога камсамольца-беларуса, вінавацячы яго ў «здрадзе», аднак партызаны ў такім выпадку, бяз усякага сумненьня, праявілі антысэмітызм. Зь беларускіх партызанаў антысэмітызм быў найбольш уласьцівы Чырванцу. Заняўшы мястэчка Краснапольле, ён учыніў там страшэнны гэбрайскі пагром.

Другой адмоўнай зьявай у гісторыі партызанскай антыбальшавіцкай барацьбы былі крымінальныя злачынствы. Калі партызан забіраў усе грошы з касы савецкай установы, паралізуючы тым самым дзейнасьць гэтай установы i зьвязаных зь ёю, то такая акцыя, бязумоўна, належала да палітычнай барацьбы. Калі-ж партызан зьяўляўся ноччу да мірнага жыхара, нават да свайго палітычнага аднадумца і, пагражаючы зброяй, патрабаваў залатыя рэчы, то такі ўчынак ва ўсіх краінах (нават у СССР, дзе так званая канфіскацыя золата i срэбра ў прыватных асобаў была манаполіяй дзяржавы) лічыўся крымінальным злачынствам. У першыя гады партызанскай барацьбы колькасьць крымінальных злачынстваў сярод партызанаў была нязначная - яны адчувалі ідэйнасьць сваёй барацьбы й самі змагаліся з фактамі, якія маглі яе, a значыць i іх асабіста, дыскрэдытаваць у вачох насельніцтва. Затое ў апошнія гады партызанскай барацьбы працэнт крымінальных злачынстваў значна вырас, што выклікалася агульнай дэмаралізацыяй партызанаў, якія страцілі ў баёх сваё кіраўніцтва, a таксама й тым клінам, што з дапамогай рэпрэсіяў бальшавікі ўбілі паміж насельніцтвам i партызанамі. Акрамя таго, трэба ўлічваць: адначасна з партызанамі дзейнічалі проста бандыты, якія ня ставілі перад сабою ніякіх палітычных мэтаў.

Хаця партызаны спачатку часта атакоўвалі бальшавікоў i не адзін раз адольвалі іх, усё-ж перамагчы ў канчатковым выніку мог толькі бальшавізм, толькі дзяржава. Пазбаўленыя забесьпячэньня боепрыпасамі звонку, паступова ўсё больш i больш ізаляваныя ад сялянства, якое раней дзялілася зь імі харчамі, партызаны ўжо не маглі разьлічваць нават на часовыя, дробныя перамогі. Магчыма, тым больш гераічнае іхняе змаганьне. У барацьбе з партызанамі бальшавікі аб'яўлялі цэлыя паветы ў стане аблогі (аднак гэта толькі выклікала часовае перасяленьне партызанаў з адных паветаў у другія), прад'яўлялі ўльтыматумы насельніцтву. Нават у перанасычаных бальшавіцкімі атрадамі раёнах, як, напрыклад, Вяліскім, улады зьвярталіся да такіх надзвычайных мераў. Так, начальнік аднаго з бальшавіцкіх атрадаў у Вяліжы латыш Даўбэ, калі ўсе месьцічы ў абавязковым парадку сабраліся на «мітынг пратэсту» супраць ультыматуму «капіталіста» Керзана, аб'явіў свой ультыматум:

- Калі да канца гэтага месяца бандыты не складуць зброю, я расстраляю кожнага дзясятага з вас.

Крывавы Рэўваентрыбунал 15-ай арміі, якая расстраляла тысячы партызанаў разам зь іхнімі сямейнікамі, атрады ВЧК-ГПУ-НКВД, інтэрнацыянальныя атрады (латышы, эстонцы, мадзяры, кітайцы i іншыя), ЧОН, ЭКО, «рабоча-сялянская» міліцыя i г. д. не маглі ня выклікаць спад партызанскай барацьбы. Аднак яшчэ большы ўдар нанёс ёй НЭП, часова задавольніўшы значную частку сялянства, якое спыніла падтрымку партызанаў. Яшчэ ў 1930-1935-1940 гг. дзе-нідзе будуць сустракацца ў беларускіх лясох партызаны. Некаторыя зь іх, як барысаўскі партызан Тарасэвіч, дажывуць да Другое сусьветнае вайны. Аднак гэта, хутчэй, ужо не партызаны, a эмігранты.

* * *

У газэце «Голос Народа» (Нямеччына, Мюнхен) у № 12(62) надрукаваны артыкул «Белорусские партизаны (Из прошлого антибольшевистской борьбы)» з паясьненьнем: «По материалам Я.Момсеенко и С.Полякова». Прыемна, што расейская эміграцыйная прэса адзначае гераічнае змаганьне беларускіх партызанаў з расейскім бальшавізмам, аднак, разам з тым, надзвычай прыкра, што вышэйназваныя аўтары сьвядома або несьвядома перакручваюць сапраўднасьць, уводзячы гэтым у зман i рэдактараў i грамадскасьць. Іхні артыкул амаль цалкам не адпавядае праўдзе...

Адзінай гістарычнай асобай, што прыгадваецца ў артыкуле, зьяўляецца агульнавядомы партызан з Магілёўшчыны Чырванец, аднак не адпавядае праўдзе сьцьверджаньне, што ён «не чапаў насельніцтва, a нападаў толькі на чэкістаў». Ніхто зь беларускіх партызанаў не праяіў столькі крыві мірнага насельніцтва, як Чырванец. Гэта асабліва кідаецца ў вочы, калі параўнаць яго з такімі нашымі «палітычнымі» партызанамі, як Лукаш Семянюк i Юрка Моніч (Барысаўшчына), браты Жыгалавы (Смаленшчына), палкоўнік Дзяркач-Адамовіч («Зялёны Дуб»), Паўлюк Нілёнак (Віцебшчына), Прымачок (Магілёўшчына), Паўлюк Калечыц (Койданаўшчына), Сапляк (Гомельшчына), Жылінскі (Ігуменшчына) i шмат, шмат іншых. Таму, калі думаеш пра тое станоўчае, што зрабіў Чырванец, дык адначасна ў памяці ўстаюць i сабой гэтае станоўчае засланяюць сотні акрываўленых ценяў закатаваных ім сумленных мірных працаўнікоў. Не адпавядае сапраўднасьці таксама ўпамінак пра тое, што калі чэкісты канваіравалі схопленага імі Чырванца ў Клімавічы (люты 1925 г.), дык партызаны спрабавалі вызваліць яго. Ня было ўжо тады каму вызваляць.

Вымыслам аўтараў зьяўляецца аддзел «Бацькі-атамана», які, паводле іхніх словаў, дзейнічаў каля Чавусаў. Ня кажучы ўжо пра тое, што беларусам, якія паходзяць з Чавусаў, нічога рашуча ня ведама аб гэтым аддзеле, дык трэба зазначыць, што вакол гэтага гораду, радыюсам прынамсі ў сто кілямэтраў, няма такіх «непраходных балотаў», што прыгадваюцца ў артыкуле, празь якія трэба прабірацца толькі «з дапамогай пераносных мастоў». Такія балоты, сапраўды, ёсьць ва Ўсходняй Беларусі (Верацейскае, Грычын, Жакаўскі Мох i іншыя), аднак толькі не ў ваколіцах Чавусаў. Што да годнасьці «Бацькі-атамана», нададзенай аўтарамі кіраўніку міфічнага аддзелу, дык такую годнасьць паміж партызанамі Беларусі, незалежна ад раёну іхняе дзейнасьці, меў толькі зусім ня міфічны генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч.

Прыдумкай аўтараў зьяўляецца i тое, што параўнальна зь іншымі тэрыторыямі - Украінай, Кубаньню, - Беларусь пацярпела нязьмерна менш, бо яе насельніцтва ніколі ня было заможным, як на багатым Поўдні. Для ўсяго СССР не існавала адзінага крытэрыю для вызначэньня кулака. Бядняк на Ўкраіне або на Кубані мог-бы лічыцца кулаком на Беларусі. Таму ў працэнтных адносінах беларускае сялянства пацярпела ад бальшавікоў ня менш, чым украінскае або кубанскае.

Вымыслам аўтараў зьяўляецца большая палова артыкулу, прысьвечанага партызанскаму аддзелу «Белая Сьвітка», на якім таму варта затрымацца падрабязьней. Дзеля аб'ектыўнасыді прывядзем гэты тэкст поўнасьцю: «Нельга, нарэшце, не сказаць пра партызанскі атрад "Белая Сьвітка". На працягу амаль 15 гадоў, амаль да 1934 году, гэты шматлікі атрад (каля 700 чалавек) змагаўся супраць бальшавізму. Усе спробы чэкістаў выявіць месцазнаходжаньне партызанаў аказаліся безвыніковымі да той пары, пакуль сярод саміх паўстанцаў не знайшоўся здраднік. Памочнік начальніка "Штаба рэвалюцыйнай барацьбы з савецкай уладай" (так называў сябе атрад) Мікалай Уневіч, ахоплены пачуцьцём асабістай помсты, зьявіўся ў Віцебскае ГПУ i перадаў усе пляны разьмяшчэньня партызанаў.

Зімою 1934 году ў маленькім гарадку Вялічцы разыграўся апошні акт трагедыі доблесных патрыётаў. Чэкісты акружылі атрад i перабілі яго амаль напалову. Многія дорага прадалі сваё жыцыдё, зьберагаючы апошні выстрал дпя сябе. Тых партызанаў, што засталіся ў жывых (усяго 316 чалавек), большасьць зь якіх была параненая, узялі ў палон. I «Белая Сьвітка» перастала існаваць.

Параненых адправілі ў шпіталі. Іх старанна даглядалі, каб вылечыць, a потым «падрыхтаваць» да спэцыяльнай сэсіі Ваеннай Калегіі Вярхоўнага Суда СССР. У студзені 1934 г. усім падсудным быў вынесены сьмяротны прыгавор.

27 студзеня ў дзьве гадзіны ночы ў горадзе Вялічцы, на пустэчы за могілкаваю царквою, прыгавор быў выкананы. Кіраўнік атраду Фёдар Іванавіч Сыч, ягоныя памочнікі Каліненка, Вайцяхоўскі, Красінец, Турэк i іншыя доблесныя патрыёты загінулі».

Перш за ўсё трэба зазначыць, што пад горадам Вялічкай аўтары, пэўне, разумеюць горад Вяліж Смаленскае вобласьці (у мінулым - Віцебскае губэрні), які здаўна належыць да этнаграфічнае Беларусі i ў якім яны абодва выпадкова апынуліся ў часы Другое сусьветнае вайны й не пасьпелі нават запомніць ягоную назву. Увогуле на тэрыторыі этнаграфічнае Беларусі няма ні гарадоў, ні мястэчкаў з гэткай ці падобнай назвай, калі ня лічыць рэчку Вяліжку, што ў г. Вяліжы ўцякае ў Заходнюю Дзьвіну. Горад Вялічка, славуты сваімі салянымі капальнямі, знаходзіцца ў Паўднёвай Польшчы, на адлегласьці 1500 кілямэтраў ад Вяліжу.

Аднак гэтае менш істотна ў параўнаньні з наступным. Ніхто зь вяліжанаў, хто жыў у той час у Вяліжы, a цяпер знаходзіцца на эміграцыі, ня ведае пра існаваньне калісьці аддзелу «Белая Сьвітка», як ня ведама ім таксама нічога наконт зацятага бою, які нібы адбыўся ў іхнім горадзе ў 1934 г. паміж гэтым аддзелам i чэкістамі. Упершыню чуюць яны аб расстрэле 17 студзеня a другой гадзіне ўначы 316 партызанаў з гэтага аддзелу. Затое яны да скону жыцьця свайго не забудуць, што «за магільнай сьвятыняй», гэта значыць на Пакроўскім Полі, якое атрымала, між іншым, сваю назву ад гэтае сьвятыні, бальшавікамі расстраляныя, пачынаючы ад Вяліскага паўстаньня 1918 г. i амаль да Другое сусьветнае вайны, каля 1000 паўстанцаў i партызанаў.

Заслугоўваюць далей увагі імёны асобаў, якія, паводле волі аўтараў, кіравалі «Белай Сьвіткай» i былі ў 1934 г. расстраляныя. Імя Хведара Сыча нікому зь вяліжанаў ня ведамае. Затое ведамы - Вайцяхоўскі, Красінец i Турык (а не «Турэк», як у аўтараў). Абодва - Вайцяхоўскі i Красінец - зусім не загінулі ў 1934 r.ř a былі арыштаваныя ў лютым 1942 г. часткай Чырвонае арміі, якая захапіла прадмесьце Вяліжу - Віцебскую Слабаду. Нам нічога ня ведама аб іхнім далейшым лёсе, аднак добра ведама, што яны былі арыштаваныя па справах, якія ня маюць аніякага дачыненьня да беларускіх антыбальшавіцкіх партызанаў, Першы абвінавачваўся ў тым, што пры адступленьні бальшавікоў у чэрвені 1941 г. забіў камсамольца, які, згодна са сталінскім загадам пра «голую зямлю», хацеў падпаліць дом Вайцяхоўскага. Другога - Красінца - арыштавалі як супрацоўніка нямецкага СД. Турык i чатыры іншыя антыбальшавікі (Шаганаў, Крупскі, Морман, Брант) расстраляныя чэкістамі напярэдадні Вяліскага паўстаньня ў чэрвені 1918 г.

Калі нават паюінуць бяз увагі гэтыя шчырыя сьведчаньні вяліжанаў, зусім не зацікаўленых у скажэньні праўды, дык нават i павярхоўна знаёмы з савецкай рэчаіснасьцю прыме за жарт сьцьверджаньне, што ў 1934 г. (другая сталінская пяцігодка) меліся дзе-небудзь партызанскія аддзелы ў... 700 чалавек, гэта значыць колькасьцю байцоў, роўнай батальёну ваеннага часу. Шмат партызанскіх аддзелаў змагалася калісьці (да 1925-1926 гг.) у Вяліскім павеце, аднак такога вялікага сярод іх ня было. Прыгадваюцца тут слаўныя імёны кіраўнікоў гераічных партызанскіх аддзелаў, як Грамабой, «Барон Кіш», Воранаў, Таварас, Зацерын, Музыкантаў, Нілёнак i іншыя. Аднак ні адзін з гэтых аддзелаў не налічваў больш за 40-50 партызанаў. На жаль, усё гэтае ня ведама аўтарам артыкулу. Што да самой рамантычнай назвы «Белая Сьвітка», дык, верагодна, аўтары пазычылі яе з аднаго твора генэрала Краснова, дзе яна, сапраўды, упамінаецца.

Некалькі слоў пра помнік на брацкіх могілках расстраляных бальшавікамі вяліжанаў.

Па-першае, ён быў пастаўлены не «сваякамі» ўдзельнікаў «Белае Сьвіткі», a беларускім пісьменьнікам-узвышэнцам, які ўдзельнічаў у Вяліскім паўстаньні 1918 году і, паводле ягоных словаў, ужо тут, на эміграцыі, у 1952 годзе даведаўся пра «Белую Сьвітку». (Зазначым, між іншым, што адзін з аўтараў памянёнага артыкулу адмовіўся даць каня, каб перавезьці крыж з цэнтру гораду на Пакроўскае Поле, i ён быў перанесены туды - тры кілямэтры - на руках групай патрыётаў.)

Па-другое, гэты помнік быў не «гранітным крыжам», a з мэталю, перад вайной яго скінулі бальшавікі са зганьбаванага імі вяліскага касьцёлу Найвышэйшых Апосталаў Пятра i Паўла.

Па-трэцяе, на крыжы быў ня той надпіс, які прыгадваецца ў артыкуле двух аўтараў, a наступны: «Тут бальшавікамі былі па-зьвярынаму забітыя i бяз трунаў закапаныя каля тысячы найлепшых сыноў беларускага народу. Яны загінулі ў змаганьні за нашыя шчасьце i волю. Вечная ім памяць i слава».

«Няма большай любові, калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх» (Іоан, 15.13).

Затое канец артыкулу цалкам супадае з праўдай, a менавіта: «Цяпер, зразумела, гэтага крыжа ўжо няма. Аднак надпіс быў зроблены ня толькі на ім, a i ў сэрцах усіх верных патрыётаў Беларусі - непрымірымых ворагаў бальшавізму».

Да гэтага добрага канца трэба дадаць толькі адзік сказ. Змаганьне беларускіх партызанаў з расейскім бальшавізмам настолькі гераічнае i зьмястоўнае, што для адлюстраваньня яго зусім ня трэба карыстацца вымысламі, якія зьневажаюць Сьвятую Памяць загінуўшых партызанаў i падрываюць давер да іхняга змаганьня ў вачох суродзічаў i чужынцаў.

[1] Суд над Савннковым.- Ленннград, 1924.- Б. 25.

[2] Баравы М. Па крывавых сьлядох, б. 38.

[3] Тамсама.

[4] Тамсама, б. 37.

[5]Суд над Савмнковым, б. 27.

[6] Чарвякоў А. За Савецкую Беларусь, б. 135.

[7] Большая Советская Энциклопедия. Т. 2. Антисемитизм. 1950. - Б. 512-513.

[8] Шчарбакоў В.К. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі i белапольская акупацыя. - Менск, 1930. - Б. 92.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX