Папярэдняя старонка: Ваенная гісторыя

Стан абароны, але не стан згоды (ліпень 1939 г. у Гданьску) 


Аўтар: Мацкевіч Юзаф,
Дадана: 29-05-2024,
Крыніца: Мацкевіч Юзаф. Стан абароны, але не стан згоды // Наша слова.pdf № 22 (126), 29 траўня 2024.

Спампаваць




Ад перакладчыка: артыкул надрукаваны 25 ліпеня 1939 г. Да пачатку Другой сусветнай вайны засталося трошкі больш за месяц. Але і наступны жнівень 1939 г. не прынясе спакою …

Гданьск, ліпень

Сітуацыя ў Гданьску пагоршылася, бачна, як тут выкарыстоўваюцца метад "a la Sudety" (як у Судэтах - Л.Л.) з відавочным узмацненне правакацый у Гданьску.

На грунце правакацый

Выразам узмацнення жорсткасці курсу, перад усім, стаў інцыдэнт у Кальтофе (Клодаве), калі вядомы нацыст, правакатар і авантурыст, мяснік Грубнер напаў на машыну польскага інспектара (начальніка) мытні і быў застрэлены ў адказ. З гэтай нагоды немцы паднялі вялікі шум, а канцлер Гітлер прыслаў на пахаванне мясніка вянок.

З таго часу пачалася хваля правакацый супраць польскіх чыноўнікаў у Гданьску. Жыццё польскіх мытнікаў ператварылася ў паласу па-сапраўднаму ваенных дзён і начэй. Гэта значыць, ніхто з іх не ўпэўнены, ці будзе ён піць ранішнюю каву, ці пойдзе спаць вечарам, ці для самаабароны ці абароны Айчыны яму не давядзецца сёння страляць.

Польскіх мытнікаў турбавалі на кожным кроку. Гітлераўская партыя абвясціла для ўсіх абавязак грамадскага іх байкоту. Ні адзін нямецкі чыноўнік не мае права сказаць: "Добрай раніцы" раніцай і "Добры вечар" увечары. Нельга падаваць і рукі. Самавітыя жыхары Гданьска ў мундзірах, толькі абярнуўшыся на ўсе чатыры бакі і ўпэўніўшыся, што вакол нікога няма і пільна назіраючы, каб ніхто не падслухаў, могуць паціснуць руку і шэптам сказаць:

- Прабачце, але … вы самі разумееце.

Гэта вынік тэрору, які прыніжае абодва бакі.

Палякі ў Гданьску прыгнечаныя і змучаныя. Яны застаюцца на службе Бацькаўшчыне ў самым прамым сэнсе гэтага слова, слова якое разам з іншымі такімі ж словамі, зацёрта нашым забюракратызаваным жыццём.

У Гданьску практычна немагчыма наведваць рэстараны і кавярні. Спакойна паабедаць можна ці ў клубе, ці на вакзале. На платах і мурах разам з ранейшымі антыяўрэйскімі заклікамі цяпер з'явіліся і падобныя антыпольскія надпісы.

Афіцыйны орган сената Гданьска, газета "Danziger Neueste Nachrichten" і партыйны орган "Der Danziger Vorposten", пішуць пра польскія правакацыі і падступныя выдумкі, робячы Польшчу для немцаў усё больш агіднай.

Арышт Ліпіньскага

Потым адбыўся арышт інспектара мытні Ліпіньскага. Ліпіньскі, які паходзіў з колішняй прускай зоны падзелу Польшчы, быў унтэр-афіцэрам арміі кайзера і падчас акупаціі (у Першую сусветную вайну - Л.Л.) служыў у Вільні. Ажаніўся з вільнянкай і застаўся тут жыць. Быў афіцэрам у партызанцы Дамброўскага, потым служыў у Лідскім палку пяхоты [1]. Трэба зблізку бачыць, панюхаць гэты казарменна-тэрарыстычна-правакацыйны антураж, у якім жывуць гданьскія палякі, каб зразумець старога жаўнера, які нарэшце не вытрымаў і ляпнуў:

- Хай мне ваш Гітлер …

Ён быў арыштаваны 10 чэрвеня, але гданьскія ўлады нават не паклапаціліся, каб згодна з дзейным заканадаўствам, на працягу 24 гадзін паведаміць пра гэты факт польскім уладам. Ліпіньскі сядзіць у вязніцы. Да яго доўга не дапускалі нават адваката. Дата суда пакуль не прызначана.

Потым адбылося выдаленне нашых мытнікаў з верфі Шыхаў, праз якую ідуць у Гданьск асноўныя транспарты са зброяй і амуніцыяй. На пратэст генеральнага камісара, гданьскі сенат прыкрыўся нейкай паперкай, але сітуацыя не змянілася.

Затым у Тжцянках быў застрэлены вартаўнік Будзевіч, а 18 гэтага месяца гданьская паліцыя ў порце затрымала палкоўніка Сабаціньскага, кіраўніка вайсковага аддзела Камісарыята.

Прыгоды карэспандэнткі Рэйтар

Вуліцы перапоўнены аддзеламі гданьскай паліцыі, супрацоўнікі якой часта не ведаюць горада, бо гэта афіцэры рэйхсверу, прывезеныя з Германіі. Равуць матацыклы СС-манаў, і яны жа паўсюдна стаяць на варце. Вайсковыя машыны і машыны з афіцэрамі складаюць хіба 30% матарызаванага руху на вуліцах. Шпацыры па вуліцах, празмерная цікавасць да гістарычных помнікаў, фатаграфаванне і г. д. - натуральная справа ўлетку падчас турыстычнага сезону каля мора, не з'яўляецца небяспечнай. Ідэнтыфікацыя такіх падазроных можа доўжыцца, незалежна ад выніку, ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён …

Маленькая, мініяцюрная і непрыкметная карэспандэнтка Рэйтар прачытала ў "Danziger Neueste Nachrichten" пад рубрыкай "польскія правакацыі" зацемку, пра тое, што палякі пішуць пра наяўнасць нямецкай цяжкай артылерыі ў Бішофсбергу. "Кожны, - пісаў орган сенату, - можа пераканацца, што гэта няпраўда. Яна ўзяла пад паху газету і пайшла ў Бішофсберг.

- Хальт!

- Я хачу толькі пераканацца, ці маеце тут гарматы.

- Што? - вартавы раззявіў рот і ад здзіўлення вышчарыў вочы. Выклікаў афіцэра.

Афіцэр не менш за вартавога быў здзіўлены нахабствам або наіўнасцю маленькай жанчыны.

- Як жа гэта? - адказала яна афіцэру, - у газеце напісана, што кожны можа сам убачыць.

Афіцэр узяў у рукі газету.

- Was ist das fur ein Kaseblatt! - пагардліва сказаў ён, відавочна, не здагадваючыся (афіцэр гданьскай паліцыі!), што такім чынам абразіў Сенат Вольнага горада.

Гэтак карэспандэнтка пераканалася, што гарматы ўсё ж тут маюцца.

Гульдэн пахіснуўся

Настрой, у якім жывуць жыхары Гданьска, увесь час чуючы, што заўтра ці на наступным тыдні, ці дваццаць першага, альбо трыццатага, пачнецца страляніна, але яна не можа паўплываць ні кошты на нерухомасць, якія ў Гданьску ўвесь час падаюць, ні на ўтрыманне курса гульдэна, які пахіснуўся.

Такой малой колькасці адпачывальнікаў і турыстаў Гданьск не памятае ўжо каторы год. Сопат ў гэтым сезоне натуральна пусты, бо сёлетнія "турысты" з Германіі - з той катэгорыі, якая не ходзіць ў ігральны дом, на іпадром, корты і жыве ў пансіянатах. Такія "турысты" жывуць у казармах і ходзяць шыхтавацца на вучэбны пляц.

Выкарыстоўваем абарончую тактыку

Ні адно з польскіх патрабаванняў, ні адзін з польскіх пратэстаў не быў задаволены гданьскім сенатам. З-за гэтага можа паўстаць натуральная засцярога, ці не зашмат з польскага боку дэманструецца "добрай волі" для захавання міру? Нашы праціўнікі могуць проста падумаць пра нашу слабасць. У сувязі са шматлікімі і бясконцымі нямецкімі правакацыямі, мы маем загалоўкі многіх польскіх газет, накшалт "Увесь свет дзівіцца спакою Польшчы", ці не здаюцца яны нам занадта наіўнымі? Nichywahr?

Можна спрачацца, ці дастаткова слушнай ёсць рэакцыя Рэчы Паспалітай, аднак трэба адрозніваць дзве катэгорыі: абарончую тактыку і тактыку саступак.

Што ж, мы выкарыстоўваем абарончую але няўступчываю тактыку. Польшча не мае намеру адмаўляцца ад сваіх правоў у Гданьску. Саступкі ў справе Гданьска, які ёсць толькі невялікай часткай агульнаеўрапейскага ўзрушэння, якое парадзіў Гітлер, было б для нас проста бессэнсоўным. Яны б не мелі для нас ні сэнсу, ні практычнага значэння і працавалі б толькі на карысць Гітлера.

"Mein Kampf" стр. 759.

Герман Раўшнінг у сваім артыкуле, напісаным для гданьскага нумара "Ведамасцей Літэрацкіх", вельмі ўдала цытуе "Mein Kampf". [Далей Мацкевіч цытуе артыкул Раўшнінга, з фрагментам кнігі Гітлера, у якой той піша пра тактыку ціску на суседнія народы.]

У чаканні рашэння

З іншага боку, у самім Гданьску абарончая пазіцыя Польшчы лічыцца, хутчэй, лакалізацыяй канфлікту, рашэнне якога сёння ляжыць па-за Гданьскам, ляжыць у сталіцах дзяржаў, якія дамовіліся пра сумеснае супрацьдзеянне нямецкай агрэсіі. Відочна, што casus belli (повад для вайны - Л.Л.) існуе ужо даўно, ён быў ужо ў прамове Гітлера ў красавіку гэтага года, і яшчэ больш яскравыя нагоды былі ў чэрвені і ліпені - у арыштах і здзеках над нашымі мытнікамі.

Такім чынам, пакуль пытанне ў тым, ці нельга ўсё вырашыць без вайны? І толькі тады, калі стане зразумелым, што без вайны немажліва, мы выкінем адсюль узброеныя атрады СА і СС, прынясём спакой нашым чыноўнікам і парадак ў Вольны Горад.


J. M. [Józef Mackiewicz] Stanowisko: defensywne, ale nie: ustępliwe // Słowo. 1939. № 202.


Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] 76 Лідскі пяхотны полк - аддзел польскага войска міжваеннага перыяду. На аснове III батальёна польскай Самаабароны Віленскай зямлі і атрадаў польскай самаабароны з Ліды, Шчучына і іншых, на працягу 15 - 25.1.1919 у Шчучыне быў створаны атрад маёра Дамброўскага. Загадам генерала Шаптыцкага на аснове атрада быў утвораны Лідскі стралецкі полк (06.06.1919 г., Ліда) у складзе 2-й літоўска-беларускай дывізіі. З кастрычніка 1922 г. полк кватараваў у Гародні. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX