Кожная сувэрэнная дзяржава мусіць мець дзеяздольнае добра забясьпечанае войска як гарант нацыянальнае бясьпекі й незалежнасыді краіны. Моц войска складваецца ня толькі з забесьпячэньня яго сучаснаю ды эфэктыўнаю зброяй, амуніцыяй, харчаваньнем. Моц войска ў значнай, калі не ў галоўнай ступені, залежыць ад маральнага духу вайскоўца, што грунтуецца на патрыятызьме, на слаўных вайсковых традыцыях, здабытых на полі бою падчас абароны бацькаўшчыны. Баявое мінулае войска павінна адлюстроўвацца ў зьнешнім выглядзе жаўнераў ды афіцэраў. Нацыянальныя збройныя сілы маюць адмысловую вайсковую ўніформу й адзнакі, якія адпавядаюць гістарычным традыцыям гэтага народу.
Спробы стварэньня беларускае нацыянальнае вайсковае ўніформы рабіліся ў гады, калі фармаваліся першыя збройныя аддзелы, што змагаліся за незалежнасыдь Беларусь Свае вайсковыя адзнакі, дзе прысутнічалі нацыянальныя сымбалі, мелі беларусы-вайскоўцы, што гуртаваліся вакол нацыянальных вайсковых радаў ды камітэтаў на Румынскім, Паўднёва-Заходнім, Паўночным ды іншых франтох былога расейскага войска ў першую сусьветную вайну, мелі іх і збройныя фармаваньні Беларускае вайсковае камісіі, Вайскова-дыпляматычнае місіі Беларускае Народнае Рэспублікі ў Латвіі, жаўнеры ды афіцэры Першае Слуцкае брыгады войскаў БНР, якія дзейнічалі падчас савецка-польскае вайны 1919-1921 гг. Апошняю спробай у першай палове ХХ ст. стварэньня беларускае вайсковае ўніформы, дзе ўжывалася нацыянальная сымболіка, былі захады арганізатараў Беларускае Краёвае Абароны ў 1944 г. Але яе геральдычны ды ўніфармічны досьвед аказаўся незапатрабаваным, бо ўсім вядомы трагічны лёс БКА і стаўленьне да яе савецкае бальшавіцкаё ідэалёгіі. Адзінае тут мажліва ўзгадаць праект беларускае вайсковае ўніформы, які зрабіў на эміграцыі і ўвасобіў у адмысловым альбоме (маецца некалькі асобнікаў) былы начальнік Краёвага штабу Беларускага вызвольнага фронту ў Аўстраліі маёр Уладзімер Шнэк.
З утварэньнем у 1991 г. сувэрэннае Беларусі ды пачаткам фармаваньня ўласных збройных сілаў перад тагачасным кіраўніцтвам Міністэрства абароны Рэспублікі паўстала праблема распрацоўкі нацыянальных вайсковых сымбаляў і ўніформы. Забягаючы нацерад, з сумам адзначым, што ейныя распрацоўшчыкі амаль не ўлічылі ранейшых беларускіх вайсковых традыцыяў БВК, БКА ды інш. нацыянальных вайсковых фармаваньняў, а выкарыстоўвалі фактычна распрацоўкі расейцаў, а таксама ўзоры вайсковае ўніформы і сымболікі польскага, францускага войскаў ды інш.
Працэс стварэньня нацыянальнай уніформы Збройных Сілаў Рэспублікі Беларусь распачаўся ў 1992 г. Напачатку ліпеня таго году на базе аднаго з палкоў 120-е гвардзейскае дывізіі ў Менску адбылася прэзэнтацыя ўзораў вайсковае вопраткі, што нядаўна паступіла на забесьпячэньне ўжо былых войскаў былога СССР, а таксама новыя ўзоры ўласнай ўніформы, у якую плянавалася апрануць беларускае войска. Прагляд рабіла Дзяржаўная камісія па распрацоўцы новых узораў вайсковае амуніцыі й сымболікі збройных сілаў ды памежнае варты пад кіраўніцтвам генэрал-маёра А.Зуева, намесьніка міністра абароны тылу. Акрамя вайскоўцаў у камісію ўваходзілі й цывільныя асобы (зь вядомых людзей тут адзначым гісторыка ды палітычнага дзеяча, лідэра тагачаснае Беларускае сацыял-дэмакратычнае грамады, прафэсара Міхася Ткачова, які ў той час зьяўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя"). Прысутным на дэманстрацыйным пляцы паказалі ранейшыя ўзоры ўніформы ды адзнакаў савецкага кшталту, а таксама новыя - з польскае ды францускае вайсковае вопраткі. Прадстаўнікі Міністэрства абароны (МА) выступілі з прапановаю пра выключэньне з нормаў ужываньня наступных элемэнтаў старое савецкае ўніформы: фуражкі парадна-выйсьцёвае, папахі, шыняля парадна-выйсьцёвага, цёплае бялізны, параднага мундзіру ды параднага пасу. Замест хромавых ботаў прапаноўваліся чорныя паўчаравікі, юхцевых ботаў - чаравікі з высокімі бёрцамі. Анучы прапаноўвалі замяніць на шкарпэткі. Таксама прапаноўвалася распрацаваць новы ўзор ваўнянае фуражкі, а пілётку замяніць барэтам. Замест шыняля ўвесьці цёплае паўпаліто, а замест кіцеля - ваўняную куртку.
Для вайскоўцаў тэрміновае службы і курсантаў прапанавана ўдасканаліць кашулю, пілётку замяніць барэтам, шынэль - цёплым паўпаліто, кірзавыя боты - высокімі кірзавымі чаравікамі.
У той жа дзень камісія падзялілася на дзьве падкамісіі - уніфармісцкую і па распрацоўцы вайсковых сымбаляў. У сваю чаргу, кожная зь іх дзялілася на дзве групы - творчую і вытворчую. Пасьля амаль трох месяцаў працы 9 кастрычніка 1992 г. у штабе тылу МА адбылося сумеснае паседжаньне камісіі. Ейныя ўдзельнікі, зыходзячы з таго, што распрацоўка новае ўніформы ды сымболікі - справа дзяржаўная, працавалі ўважліва, не сьпяшаючыся, на пэрспэктыву, каб у найбліжэйшы час зрабіць дзяржаўную замову для прамысловасьці на выраб экспэрымэнтальных узораў новае вайсковае вопраткі, асноўным крытэрыем якой былі: зручнасыдь і таннасьць. У выніку вырашылі дапрацаваць раней прапанаваныя ўзоры. Праз прэсу было заяўлена, што ў хуткім часе Беларускае войска будзе насіць новую вопратку. 23 лістапада адбылося чарговае сумеснае паседжаньне на чале з дэпутатам Вярхоўнае Рады Рэспублікі Беларусь, намесьнікам старшыні камісіі па культуры ды адукацыі Алегам Трусавым, на якім стала зразумела, што пытаньне нацыянальнай вайсковай уніформы і сымболікі застаецца нявырашаным і па-ранейшаму актуальным.
Прычыны бачыліся ў адоутнасьці каардынацыі паміж установамі, якім даручана гэтая новая ды адказная справа, у незацікаўленасьці, а часьцей абыякавасьці і варожасьці да новаўвядзеньняў з боку вышэйшага дзяржаўнага ваеннага чынавенства ва ўрадзе Вячаслава Кебіча. Напрыклад, калі група мастакоў прапанавала свой варыянт уніформы роты ганаровае варты (РГВ), зробленага ў беларускіх нацыянальных традыцыях, ды падала на разгляд у ваеннае міністэрства, празь нейкі час на запыт пра лёс гэтага праекту генэрал-палкоўнік Пётра Чавус выказаў зьдзіўленьне, заявіўшы, што ні разу яго ня бачыў.
Далейшыя распрацоўкі працягваліся каля чатырох месяцаў і нарэшце ў красавіку 1993 г. усе пытаньні, зьвязаныя са стварэньнем новай уніформы, былі практычна вырашаныя. У тым жа месяцы ў Менскай вайскова-інжынэрнай вучэльні адбылася прэзэнтацыя новых узораў вопраткі, у асноўным ухваленых камісіяй. Але, як узгадвалі відавочцы прэзэнтацыі: "...адчуваньня захапленьня не прыходзіла ... уніформа магла быць лепей..." Бачна была пасьпешлівасьць і кампілятыўнасьць працы распрацоўшчыкаў праекту. Нават у войсках узоры вопраткі не былі паказаныя. Але ў "імпэрскае мінулае" мусіў сысьці шынэль (разам з клясычным выразам савецкага дэмбелю "бяры шынэль, ідзі дахаты"), бляклая "аўчанка", кірзавыя боты з анучамі, што мільёнамі выраблялі раней савецкія зэкі.
Для распрацоўкі годных для Беларускага войску ўзораў вайсковае ўніформы ды амуніцыі бракавала мастакоў, гісторыкаў, якія б стала і прафэсійна займаліся гэтаю праблемай. Сур'ёзнаю перашкодай для рэалізацыі гэтых праектаў, каб хутка й якасна вырабіць новую ўніформу ды амуніцыю, была адсутнасьць матэрыяльных сродкаў, сучасных тэхналёгіяў і прадпрыемстваў. У Расеі, як спадкаемцы былога СССР, засталіся ўсе асноўныя структуры плянаваньня ды распрацоўкі вайсковае вопраткі й амуніцыі, У Беларусі - толькі Беларускі цэнтар моды, атэлье вайсковае вопраткі ды рэчавая служба MA. Выявілася, што айчынная прамысловасьць не ў стане нават пафарбаваць скураны рыштунак у карычневы колер. Аднак, нягледзячы на цяжкасьці, яшчэ ў красавіку 1992 г. міністар абароны Беларусі генэрал-палкоўнік Павел Казлоўскі заявіў, што пераход асабовага складу на новую вайсковую форму вопраткі плянуецца ажыцьцявіць праз 2-3 гады, у 1995-1996 гг.
7 траўня 1992 г. Рада Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняла пастанову № 301 "Пра зацьвярджэньне формы вопраткі вайскоўцаў Рэспублікі Беларусь". Хутка вырабілі першую партыю ўніформы. Як калісьці, у часы Беларускае вайсковае камісіі, яна была шэра-зялёнага ("фэльдграў") колеру, але ён тлумачыўся не гістарычнымі традыцыямі, а "... прыгажосьцю беларускіх бярозаў" ды пасаваньнем да срэбнага колеру вайсковага прыбору (цэшкі, зоркі, гузікі ды інш). У гэтую ўніформу апранулі частку генэралітэту ды роту ганаровае варты (усяго пашылі каля 90 камплектаў). Але ў хуткім часе вырашылі вярнуцца да вопраткі колеру "хакі", новую ўніформу перадалі менскай чыгуначнай міліцыі.
Якраз у гэты час і праявілася адставаньне айчыннай лёгкай прамысловасыді ў рэалізацыі вайсковых замоваў МА, а таксама адсутнасьць цэнтру распрацоўкі новых узораў вайсковае вопраткі. Уніформу ў краіне распрацоўвалі фактычна два цывільныя дызайнэры - В.Гайсёнак ды С.Кірыенка (жаночая вопратка). Па-ранейшаму адсутнічала фінансаваньне новых распрацовак. На якасьць нават дэманстрацыйных узораў уніформы ўплывалі слабыя тэхналягічныя магчымасьці атэлье, што прыводзіла да істотных канструктыўных недахопаў, якія трэба было зноў выпраўляць. Паводле меркаваньня некаторых адмыслоўцаў, "нягледзячы на ўдакладненьне дэталяў, уніформа не давала вайскоўцам шыхтавага выгляду."
Шарагоўцы ды афіцэры Беларускага войска пачалі паступова апранацца ў новую ўніформу недзе зь вясны-лета 1994 г., ды і то збольшага - апарат Міністэрства абароны, рота ганаровае варты ды іншыя элітныя структуры ды фармаваньні. Да шырокага распаўсюджваньня новаўвядзеньняў было яшчэ далёка.
Калі казаць у цэлым, уніформа Беларускага войска Узору 1992-1993 гг. атрымала выразны эўрапейскі выгляд, хоць і паўтарала шмат у чым расейскую. Ейную эўрапейскасьць падкрэсьлівалі ўшыўныя наплечнікі-хлясьцікі і срэбраваты мэталёвы прыбор. Але новая беларуская ўніформа ня несла на сабе аніякіх "баёвых" колераў: аблямоўкі, каляровыя нашыўкі, атокі (аколышы) ды г.д. Толькі генэралы адстаялі свае шырокія чырвоныя і блакітныя лямпасы. У выніку атрымалася сьціплая вопратка, але не вайсковая ўніформа ў клясычным разуменьні. Уніформа стала адзінаю для ўсіх катэгорыяў вайскоўцаў і падзялялася на чатыры кшталты: парадна-выйсьцёвая, будзённая, палявая, працоўная. Парадна-выйсьцёвая розьнілася ад будзённае толькі белаю кашуляй ды чорным гальштукам. Быў уведзены чорны колер скураных элемэнтаў уніформы: дзягі й абутак. Доўгі час новая ўніформа не трапляла да вайскоўцаў, асабліва тэрміновае службы, таму палявы камуфляж альбо ахоўная "пяшчанка" насіліся як будзённыя.
Вайсковая форма, як бачым, становіцца больш дэмакратычнаю і фактычна аднолькавая для ўсіх катэгорыяў вайскоўцаў: ад шарагоўцаў да генэралаў, з тою розьніцай, што вопратка вышэйшых афіцэраў (генэралаў) выраблялася з тканінаў лепшае якасьці.
Колькі словаў пра ўніформу эліты Беларускага войска - роты ганаровае варты. Ніводзін узор беларускае вайсковае вопраткі не выклікаў гэтулькі спрэчак, дыскусіяў ды абмеркаваньняў, колькі ўніформа РГВ. Тут сутыкнуліся дзьве супрацьлеглыя канцэпцыі - уласна беларуская, нацыянальная ды імпэрская, былая савецкая. "Перамагла" савецкая традыцыя, дзякуючы падтрымцы ды сымпатыі да яе вышэйшага генэралітэту "сувэрэннае" Беларусі. Такім чынам элітнае фармаваньне нацыянальнага войска апранулі ў невыразную вопратку, без нацыянальнае адметнасьці, уліку традыцыяў, хоць і вырабленую зь якаснае тканіны.
У першыя два гады існаваньня сувэрэннае Беларусі, пакуль распрацоўвалася ўніформа, РГВ насіла абмундзіроўку, падобную на тую, што насілі адпаведныя аддзелы ў Маскве - палепшаны варыянт афіцэрскае вопраткі савецкага часу. Прэстыж краіны вымагаў для беларускага РГВ новага, прэзэнтабельнага выгляду. Доўгі час гэтае пытаньне не разглядалася ды не абмяркоўвалася на калегіі Міністэрства абароны. Толькі 23 лістапада 1992 г. прадстаўнікам МА паказалі эскізы ўніформы ды сымболікі ганаровае варты. Гэта сумесны праект В.Дзёмкінай, Ю.Піскуна ды М.Купавы. Распрацоўшчыкамі прапаноўваліся фрэнч і шынэль - колеру кужалю, нагавіцы - "хакі"; на фрэнчы гузікі срэбныя ў два шэрагі, на каўняры - чырвоныя нашыўкі з двухкрыжжам. На залатаваных наплечніках - чатырохкутныя срэбныя зорачкі-зьнічкі. На левым рукаве нашыўкі - бел-чырвона-белы дзяржаўны сьцяг Беларусі ды двухкрыжжа. Фуражкі, летняя ды зімовая, з гербам Пагоня і круглаю эмблемаю нацыянальных колераў. Пагоня таксама прысутнічала на клямры пяндэнта (паясная дзяга). Гэты праект, аднак, ня быў зацьверджаны ў МА. У красавіку 1993 г. кіраўніцтва міністэрства вырашыла, што ўніформа ганаровае варты будзе будавацца паводле ранейшых савецкіх канонаў. Вайсковая вопратка РГВ узору 1993 г., такім чынам, была фактычна ідэнтычная агульнавайсковай уніформе Збройных Сілаў Беларусі, маючы толькі нязначныя дэкаратыўныя адрозьненьні. У прыватнасьці:
а) Летняя. Фуражка - белая аблямоўка па версе і нізе тульлі; на атоку агульнавайсковая цэшка, на тульлі срэбная эмблема, пасярод якой месьціўся беларускі нацыянальны сьцяжок. Брылёк на беразе з абодвух бакоў меў срэбныя накладкі ў выглядзе дубовае лістоты. Белую аблямоўку мелі й наплечнікі-хлясьцікі, каўнер, абшлагі, кляпаны бакавых кішэняў. На абодвух рукавах, вышэй локця, мацаваліся аднолькавыя знакі "Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь". На грудзях з правага боку прышпільваўся срэбны аксэльбант. Фрэнч апаясваўся белаю дзягаю са сталёваю рамкаваю спражкаю, праваруч ад якой мацавалася белая лядунка (торба для набояў). На ражках каўняра былі беларускія агульнавайсковыя армацюры-зьнічкі.
У адрозьненьне ад параднай уніформы астатніх вайскоўцаў, гальштук РГВ быў ня чорны, а аліўкавы. Нагавіцы простага крою запраўляліся ў боты.
б) Зімовая. Ідэнтычная зь зімовай агульнавайсковай, толькі з аблямоўкамі, але аблавуха была з шэрага баранку; таксама апраналіся белыя пальчаткі ды кашнэ.
Амаль адначасна з распрацоўкаю нацыянальнае вайсковае ўніформы пачалася праца над нацыянальнымі вайсковымі сымбалямі ды эмблемамі.
Дзеля вырашэньня гэтае задачы летам 1992 г. на загад Рады Міністраў Беларусі была ўтворана трупа, якую ўзначальваў намесьнік міністра абароны генэрал-палкоўнік П.Чавус. У пачатку верасьня таго году групе была пастаўлена задача да 15 кастрычніка падрыхтаваць рэкамэндацыі пра выкарыстаньне беларускіх нацыянальных сымбаляў у войску. Напрыканцы месяца было абвешчана, што калегіяй MA разгледжаны першыя вынікі працы, у тым ліку
і па галоўным вайсковым сымбалі. 3 усіх прапановаў перавагу аддалі "традыцыйнай" пяціканцовай зорцы, апраўленай бел-чырвона-белым дзяржаўным штандарам на блакітным тле. Атрымаўся нацыянальна-савецкі сымбіёз. Але ўжо на наступным сходзе, 9 кастрычніка 1992 г., адбылася вострая дыскусія паміж прыхільнікамі "чырвонае" зоркі ды нацыянальных сымбаляў і наяўнасьцю гэтых ці іншых элемэнтаў на галоўнай вайсковай эмблеме збройных сілаў краіны. Адзначым, што тады "радетели советской традиции" засталіся ў меншыні. У выніку вырашылі дапрацаваць ранейшы ўзор і паказаць новы варыянт у 3-тыднёвы тэрмін. 23 лістапада на сумесным паседжаньні з падкамісіяй парлямэнту па вайсковых сымбалях нарэшце абвесьцілі, што афіцэрскія ды падафіцэрскія наплечнікі ня будуць мець пяціканцовых зорак, іх заменяць на беларускія чатырохканцовыя "зьнічкі" або "валошкі". Але выява вайсковага сымбалю і на гэты раз ня была зацьверджана з-за ўпартасьці прыхільнікаў імпэрскае традыцыі ды гістарычнае недасьведчанасьці бальшыні тых, хто прымаў рашэньне.
Вышэйадзначаная група распрацоўвала і агульнавайсковы нарукаўны знак. У канцы верасьня 1992 г. прынялі ягоны ўзор: на чорнай тарчы (шчыце) з каляроваю аблямоўкай зьмешчана выява дзяржаўнага бел-чырвона-белага штандару ды надпісы пад ім - "БЕЛАРУСЬ", а яшчэ ніжэй - "УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ". Знак быў выраблены на ўзор тагачаснага расейскага. Дарэчы, існавала прапанова даць іншую назву войску, натуральную для нацыянальнае гістарычнае традыцыі - "БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА" ці хоць бы ВОЙСКА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ", але гэта не знайшло падтрымкі ў генэралітэту ды парлямэнтарыяў, што таксама займаліся гэтым пытаньнем. Колеры аблямоўкі ды подпісаў знаку былі зацьверджаныя адпаведна: залатому (генэральскаму) ды срэбнаму (для астатніх) колеру ўніформы (цэшкі, гузікі, армацюры). Нарукаўны знак мусіў нашывацца на адлегласьці 120 мм ад верху левага рукава.
Чыннасьць названае групы скончылася ў красавіку 1993 г. Паводле ейнага рашэньня на афіцэрскіх наплечніках засталіся савецкія "зоркі", але срэбныя.
За вайсковы сым баль быў абраны дзяржаўны герб, і цэшка пасьля гэтага ўяўляла сабою Пагоню на тле зьнічкі, апраўленую ў дубовы вянок. Агульнавайсковыя цэшкі дзяліліся на два кшталты: для фуражкі й аблавухі (шырынёю 4 см) і для пілёткі (3 см), а таксама мелі два колеры - залаты ды срэбны. У падабенства расейскаму ўзору, на пілётку зь левага боку мацаваўся нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяжок, хоць у традыцыях войскаў іншых краінаў (ЗША, Францыі, Польшчы ды інш.) на гэтым месцы абазначалася толькі вайсковая ранга.
Шмат пытаньняў наконт узораў беларускае вайсковае сымболікі засталіся па-за ўвагаю вышэйназванае групы МА: выгляд армацюраў, выявы на гузіках, палкавыя нарукаўныя знакі ды г.д. Прамысловы выраб ужо зацьверджаных атрыбутаў сымболікі рухаўся вельмі марудна. Толькі 8 верасьня 1993 г. на Менскім інструмэнтальным заводзе імя М.Гастэлы была зроблена першая партыя новае беларускае агульнавайсковае армацюры - зьнічкі, апраўленай ў дубовы вянок. Сваёй канструкцыяй і дызайнам яна нагадвала савецкую. Прыкладна ў гэты час зьявілася і зьнічка генэральская, у выглядзе Пагоні ў дубовым вянку залацістага колеру. Ішло бязглуздае спалучэньне нацыянальнае беларускае сымболікі з старымі элемэнтамі савецкай атрыбутыкі (прыкладам можа служыць эмблема для галаўных убораў лётнікаў ды элітных вайсковых фармаваньняў г.зв. "спэцназу"). Тым ня менш зьнічка з Пагоняю пачала актыўна выцесьняць кукарду з чырвонаармейскаю зоркай.
Ў канцы 1993 г. выбар новых узораў вайсковых сымбаляў спынілі, пэўна, з-за незадаволенасьці зьнешнім выглядам. Нарэшце, з чэрвеня 1994 г. вытворчасыдь эмблемаў узнавілася, але яшчэ больш "удасканаленыя" яны амаль цалкам капіявалі ранейціую савецкую сымболіку, за выняткам таго, што была ўбраная зорка. Усяго было выраблена 16 відаў армацюраў (эмблема на каўнер), адпаведна колькасьці родаў зброі (службаў) - ідэнтычна колькасьці савецкіх армацюраў. I толькі 2-3 зь іх можна адносна прызнаць арыгінальнымі (напрыклад, агульнавайсковага карыстаньня, для інжынэрных войскаў ды войскаў сувязі). У лістападзе 1994 г. паводле сусьветных канонаў былі распрацаваныя ды зацьверджаныя выявы і для ўсёй намэнклятуры вайсковых гузікаў з Пагоняю. Частка гузікаў штампавалася зь зялёнага плястыку ў Беларусі, частка, мэталёвыя, - у Расеі, на заводзе "Мосштамп".
Натуральна, што ва ўмовах эканамічнага крызысу, у якім знаходзілася беларуская эканоміка ў той час, новая вайсковая ўніформа ды сымбалі вырабляліся дробнымі партыямі й не маглі хутка распаўсюдзіцца ў войсках. У чым жа тады хадзілі беларускія афіцэры і асабліва вайскоўцы тэрміновае службы? Як пісаў карэспандэнт газэты МА Беларусі "Во славу Родины" ў сьнежні 1993 г., "рэчавае забесьпячэньне стала сёньня сапраўднаю бядою для ўсяго войска. Яно і зразумела: новую ўніформу пакуль не стварылі, а ад запасаў старой на складах практычна нічога не засталося, таму невядома, што рабіць з жаўнерамі, якія парушаюць форму вопраткі". "Усё часьцей, атрымаўшы чарговую вайсковую рангу,- працягваў тэму штотыднёвік "Свободные новости плюс",- старэйшыя афіцэры перадаюць свае наплечнікі малодшым. У шмат якіх частках вайскоўцы запамятавалі, калі ім апошні раз давалі ўніформу. Новая на склады не паступіла, а старая ўжо скончылася. Некаторыя выпускнікі расейскіх вышэйшых вайсковых вучэльняў, прыбываючы на службу ў Беларусь, па некалькі месяцаў ходзяць на службу ў "цывільным"... праз адсутнасьць мотастралковых, танкавых ды іншых армацюраў, апранаюць, што Бог паслаў."
У выніку, практычна да 1994 г. афіцэры ды прапаршчыкі, ня кажучы пра шарагоўцаў, насілі савецкую ўніформу ўзору 1988 г., у камуфляжную апрануліся збольшага элітныя аддзелы - "спэцназ" ды парашутна-дэсантныя. Нярэдкія былі выпадкі нашэньня нестатутнага абутку: недазволенага колеру ці цывільных узораў. Толькі недзе ў 1994-1995 гг. вайскоўцы цэнтральнага апарату МА, Менскага сталічнага гарнізону паступова пераапрануліся ў зацьверджаную ў 1993 г. уніформу. Але яшчэ доўга і ў Менску, і ў правінцыі можна было бачыць вайскоўцаў, якія ў сваёй вопратцы спалучалі розныя варыянты ўніформы: савецкага, новага беларускага ды расейскага.
Справа з вайсковаю сымболікай таксама была складанаю. Беларускае нацыянальнае не хапала. Некаторыя афіцэры, асабліва небеларусы, узгадаваныя на савецкім "інтэрнацыяналізьме", адмаўляліся прымаць новую ўніформу, лічачы яе "бэнээфаўскаю", а сьцяг дзяржавы, народу якое яны прысягалі ў вернасьці, абразьліва называлі "сала-мяса-сала". Яны ўпарта працягвалі насіць савецкую вайсковую атрыбутыку, і, зразумела, падначаленыя такому афіцэру вайскоўцы - таксама.
Але пачуцьцё нацыянальнае годнасьці, вызваленае зь імпэрскіх ланцугоў былое савецка-расейскае прапаганды, перамагала. Ды і новая беларуская вайсковая ўніформа і сымболіка з выявамі Пагоні, бел-чырвона-белага штандару выглядалі прыгажэй за старую савецкую атрыбутыку.
Але нядоўга служылі беларускія вайскоўцы пад знакам старадаўнае беларускае Пагоні. Пасьля абраньня А.Лукашэнкі ў лета 1994 г. фактычна адразу пачалося скасаваньне нацыянальных сымбаляў з вайсковае атрыбутыкі Збройных Сілаў Беларусі. На ўсю моц гэтыя тэндэнцыі праявіліся пасьля сумна вядомага травеньскага рэфэрэндуму 1995 г. У сьнежні таго ж году указам за № 256РП была ўтворана "камісія па распрацоўцы ды ўдасканаленьні вайсковага адзеньня." Яшчэ раней, у лістападзе 1995 г., камісія пры МА па вайсковай сымболіцы распачала працу па стварэньні новага сымбалю беларускага войска, але ўжо на падставе старое савецкае пяціканцовае зоркі. Гэтая праца атрымала свае вынікі ў красавіку 1996 г., зацьверджаныя прэзыдэнцкім указам за № 174 ад 15 траўня таго ж году "Пра вайсковую ўніформу ды знакі адрозьненьня вайскоўцаў". З таго часу беларускія вайскоўцы мусілі вярнуцца да нашэньня цэшкаў з зоркамі, наплечнікаў савецкага ўзору ды залатых гузікаў.
Зробім выснову са сказанага вышэй. На працягу першых гадоў існаваньня сувэрэннай Рэспублікі Беларусь ды Беларускага войска мы бачым складаны й супярэчлівы працэс стварэньня нацыянальнае вайсковае ўніформы ды сымбаляў. Напачатку быў узяты курс на стварэньне ўласнае, хоць і недасканалае, але больш-менш набліжанае да эўрапейскіх стандартаў, абмундзіроўкі, што падкрэсьлівалася ўвядзеннем ушыўных наплечнікаў, срэбнага прыбору, разнастайных эмблемаў, знакаў ды нашывак. Аднак недасьведчанасьць у гісторыі беларускіх вайсковых традыцыяў, адсутнасьць ведаў ды савецкі дагматызм не дазволілі распрацоўшчыкам новае атрыбутыкі для нацыянальнага войска зрабіць сваю працу на надежным узроўні. Значнаю перашкодай сталася цяжкае эканамічнае становішча краіны, нізкая тэхналёгія вытворчасьці новых узораў вайсковае атрыбутыкі. Зацьверджаныя новаўвядзеньні ў зьнешнім выглядзе беларускага вайскоўца былі зьліквідаваныя пасьля травеньскага рэферэндуму 1995 г. воляю палітычнага рэжыму. Але рана ці позна нацыянальныя сымбалі будуць вернуты на сваё пачэснае месца. I зноў нашыя ваяры, сапраўдныя абаронцы бацькаўшчыны, з гонарам будуць насіць вайсковую атрыбутыку з выявамі Пагоні ды бел-чырвона-белага штандару.
Заўвагі
"Во славу Родины", 1992, 14 ліпеня, 17 верасьня, 30 верасьня, 13 кастрычніка, 25 лістапада; 1993, 16 краеавіка, 22 красавіка, 7 сьнежня.
Збор Пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь. 1993, № 14, арт. 249, с. 15.
Самович А. Особенности новой формы одежды военнослужащих Республики Беларусь. // Гербоведъ, 1997, № 9(21), с. 135.
"Народная газета", 1992, 24 снежня.
3 архіву аўтара.
"Свободные новости плюс", 1995, 13 сьнежня, с.5.
Сборник декретов и указов Президента Республики Беларусь. - Мн., 1998. -С. 198 - 210.