Папярэдняя старонка: Анішчанка Я.К.

Казырная карта пецярбургскага двара 


Аўтар: Анішчанка Яўген,
Дадана: 07-03-2013,
Крыніца: Анішчанка Яўген. Казырная карта пецярбургскага двара // Спадчына №6-1992. С. 59-60.



У XVIІІ ст. i ў Расійскай імперыі, i ў Рэчы Паспалітай адбываліся аналагічныя працэсы. З аднаго боку - пашырэнне прыгонніцтва, з другога - распаўсюджванне асветніцтва. Пануючыя саслоўі абедзвюх дзяржаў выхваляліся сваёй талерантнасцю, прыязнасцю да натуральных правоў асобы. Разам з тым бакі вінавацілі адзін аднаго ў негуманным абыходжанні з падуладным насельніцтвам, у веранецярпімасці, уціску дысідэнтаў. Асабліва вострыя спрэчікі ўзнікалі ў сувязі з уцёкамі расійскіх падданых у Рэч Паспалітую i звязанымі з імі пагранічнымі інцыдэнтамі.

На глебу шырокай дыпламатыі пытанне пра расійскіх уцекачоў было пастаўлена адразу пасля заканчэння Паўночнай вайны (1700-1721). Узнялі яго рускія памешчыкі-афіцэры, якія пасля вяртання дамоў знайшлі свае маёнткі спустошанымі, без прыгонных, а за ix трэба было плаціць дзяржаўныя падаткі. I дзяржава таксама несла страты, бо ўцякалі рэкруты. Пасля дамоўленасці ў снежні 1723 г. Пецярбург i Варшава вырашылі стварыць тры пагранічныя камісіі «для исследования обид». Расійская калегія замежных спраў даручыла сваім камісарам занатаваць крыўды, неадкладна распачаць пошук уцекачоў i вярнуць ix, а таксама дабіцца кампенсацый за разарэнні ад узброеных наездаў суседзяў. Польскі кароль у сваю чаргу неаднаразова пасылаў у Вялікае Княства Літоўскае пагрозлівыя універсалы, патрабуючы ад службовых асобаў не прымаць i вяртаць уцекачоў. Але мясцовая шляхта, прыхільная да федэратыўнай самастойнасці i незалежнасці, ігнаравала тыя патрабаванні.

Тады ў чэрвені 1730 г. расійскі бок вырашыў спыніць міграцыю пры дапамозе сілы. На мяжы былі створаны ўзброеныя заставы. З 1739 г. прапускны рэжым на ix ажыццяўляўся толькі па пашпартах, а тых, хто накіроўваўся ў Рэч Паспалітую, трымалі на 6-тыднёвым санітарным каранціне. Тым не менш камісары канстатавалі, што расійскія падданыя ўсё ж пераходзяць мяжу, бо ix вабілі падатковыя льготы, а таксама вольнасці ў Княстве. Уплывовыя i замежныя магнаты ў ВКЛ прымалі ўцекачоў, каб паказаць сваю прыхільнасць да верацярпімасці i дзеля абвінавачання расійскіх уладаў у адваротным, а яшчэ патрэбны былі i танныя рабочыя рукі.

Калі ж пагранічныя каманды наведвалі маёнткі Княства для рэгістрацыі i лоўлі ўцекачоў, то звычайна адбываліся бойкі. Так, накіраваны ў 1750 г. у бок пскоўскай мяжы ротмістр Полацкага ваяводства М. Гайкоўскі ва ўладаннях графа Агінскага знайшоў «скопление разбойников, кои ничем больше не промышляют, как только одним мошенничеством и воровством и не только сами крадут, но и других себе подобных у себя укрывают и как слышно, то они в волости госпожи Огинской ... собираются и, собравши артели, деньги вскладку збирают в презент госпоже... от которой берут позволение и за границу на разбой ходят».

Пскоўскі секунд-маёр Снавідаў застрашваў урад памерамі ўцёкаў, калі «столько теперь умножилось в Польше беглецов, что и умещать уже им на своих землях негде, то многие природных своих крестьян в чужие маетности отпускают и на те места российских поселяют, другие ж, которые имели только одной земли по малому числу и сами пахали, ныне от содержания беглецов здешних разбогатясь получаемыми от них доходами, приумножили земель и имеют те маетности, да и жиды по нескольку у себя в услуженьи держат».

Напачатку 1755 г. кароль аб'явіў уцекачоў злачынцамі, «которые укрываются для разбоев и воровской добычи». Адказным асобам Княства даручалася абраць на шляхецкіх сойміках пагранічных камісараў, якія павінны былі не радзей двух разоў у год з'язджацца на чатырохтыднёвыя сустрэчы з расійскімі прадстаўнікамі. Прэтэнзіі апошніх мелася разбіраць у земскіх i гродскіх судах, а выкрытых уцекачоў прадпісвалася вывозіць пад узброенай вартай віленскага ваяводы, гетмана князя М. Радзівіла. У Пецярбурзе з незадаволенасцю адзначылі, што выдачы падлягалі толькі «воры и воинские дезертиры» i запатрабавалі выдаць «всех простых беглецов доныне в Польше и Литве живущих». Аднак на гэты нацкк «министерство литовское отговорилось в том озлоблением на себя всего шляхетства и чтоб замешательства между оным оттого не произошло».

Расейская ваенная калегія ў адказ прыгразіла, што «если беглых... в два года выдано не будет, то для забрания оных, яко собственных своих природных подданных, имеют быть из России отправлены туда нарочныя воинския команды». Пагроза не падзейнічала, а судовы парадак рэгулявання пагранічных спрэчак у хуткім часе i ўвогуле не выконваўся. Пагранічны суддзя Полацкага ваяводства А. Гласко, напрыклад, паведамляў, што канцлер Княства А. Чартарыскі не толькі сам утрымлівае ўцекачоў, але i не фінансуе ўтрыманне суддзяў, паколькі шляхта абрала ix самавольна, «а не его королевского величества указом». Мясцовыя магнаты (К. Плятар, К. Гільзен i інш.) таксама не падпарадкоўваліся суддзям з прычыны «неполучения» каралеўскага універсалу на стварэнне пагранічных судоў. Спецыяльны рэвізор застаў, палкоўнік кранштацкага гарнізона Д. Паноў, меркаваў, што суседзі наўмысна адцягваюць стварэнне судоў да генеральнага сойма Кароны i Княства, каб ix «вовсе уничтожить, отчего бы способнее могли они довольствоваться от российских беглецов собираемыми доходами». Начальнік Смаленскай пагранічнай камісіі, палкоўнік Друцкі-Сакалінскі з горыччу лічыў, што калі «беглых судами доходить, то разве на каждом съезде об одном беглом человеке одно определение получить можно и то чрез столько позвов и чрез декреты им по окончанию скоро привести невозможно». Ен пісаў, што нават тыя, хто добраахвотна хацеў вярнуцца, затрымліваліся з дапамогай калектыўнага закладніцтва: аддаваліся на парукі аднавяскоўцам, высяляліся ў далёкія вотчыны i да т. п. Пошукі ix былі бессэнсоўнымі, бо ад дробнай шляхты ўцекачы пераходзілі «на жительство и под закрытие знатных вельмож».

Барацьбу шляхты за рабочыя рукі ўцекачоў расійскія камісары спрытна выкарыстоўвалі дзеля стварэння своеасаблівай карэспандэнцкай сеткі для ўліку прыхаваных магнатамі выхадцаў. Сутыкненні паміж шляхтай абвастрыліся. Царскія рэскрыпты абвяшчаліся толькі па нешматлікіх прыходах. Дасланыя ў 1758 г. у Гродзенскую камісію 100 тыс. руб. аселі ў кішэнях 16-ці магнатаў, сярод якіх - Л. Аскерка, М. Сапега, А. Чартарыскі, А. Сапега. Яны нават павялічылі свае патрабаванні, бо з надыходам элекцыйнага сойма склалі «рускую партыю».

План новага кіраўніка ваеннай калегіі З. Чарнышова ў пачатку 60-х гг. аб «генеральном выборе» ўцекачоў сіламі ваенных камандаў, па 100 чал. кожная, прыйшлося адкласці. У 1765 г. пастаўленаму на сталец з дапамогай рускіх штыкоў С. Панятоўскаму была прадстаўлена ведамасць аб «бежавших в Польшу русских» у колькасці 29 877 чал., якіх з 1700 г. утрымлівалі 168 мясцовых землеўладальнікаў. Прычым, па падліках пагранічных камісій, палова ўцекачоў тулілася ва ўладаннях 15-ці асобаў: Пацэя, Радзівіла, Агінскага, Галынскіх...

Справаздача грунтавалася толькі на зафіксаваных выпадках уцёкаў. Гэта дазволіла рускаму боку пашырыць тэрыторыі, на якіх маглі пасяляцца ўцекачы. Памеры міграцыйнага руху сталі асновай для абгрунтавання тэрытарыяльных прэтэнзій Расіі, калі дыпламатычна рыхтаваўся першы падзел Рэчы Паспалітай. У чэрвені 1772 г. царскі ўрад прад'явіў сваю «крыўду» суседняй дзяржаве - мільён дзесяцін «лутчей и плодоноснейшей земли, которая насильственно удерживается польской стороной с 1523 г.». У прэтэнзіі сцвярджалася, што гэтыя «древние российские посессии со времени унии» былі заселены «по большей части малороссийскими подданными, обольщенными от польскаго шляхетства», што дзяржаўныя ўладанні, дый самі каралеўскія эканоміі, былі каланізаваны «российскими подданными беглыми».

Першапачатковую лічбу расійскіх уцекачоў у 30 тыс. чал. цяпер ужо знешнепалітычнае кіраўніцтва Расіі павялічыла да 300 тыс., відаць, згодна з колішнімі жаданнямі цара Аляксея Міхайлавіча i патрыярха Нікана перасяліць у Расію менавіта такую колькасць беларусаў. Кацярына II прад'явіла гэтую казырную карту, дадаўшы, што расійскія памешчыкі «с подговоренных российских подданных, чему есть доказательства», панеслі страт на мільён рублёў. Фактычна Рэчы Паспалітай прапаноўвалася альбо выплаціць кантрыбуцыю ў такіх памерах, альбо кампенсаваць яе землямі. Пры хранічным фінансавым дэфіцыце аслаўленай каралеўскай уладзе заставалася ісці на тэрытарыяльныя ўступкі. Між тым Кацярына II згаджалася адмовіцца ад прэтэнзій, «предоставляя себе потом дать точное означение своей доли». Прасцей кажучы, спачатку захаплю, а потым вызначу памеры анексіі «к империи земель законно принадлежащих».

Анексія беларускай часткі земляў Расійскай імперыяй як «исконе русских» выконвалася ў 1772 г. на падставе тагачаснага права, якое ўлічвала працэсы каланізацыі абшараў уцекачамі-мігрантамі. Натуральнае права людзей на свабоду перамяшчэння выкарыстоўвалася дварамі i шляхецка-дваранскімі саслоўямі i Расійскай імперыі, i Рэчы Паспалітай дзеля дыпламатычнага гандлю людзьмі i тэрыторыямі. Тыя, каго імкнуліся затрымаць санітарнымі кардонамі i падатковымі льготамі, аказваліся заложнікамі крывадушнай палітыкі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX