Папярэдняя старонка: Анішчанка Я.К.

'Усынаўленне' 


Аўтар: Анішчанка Яўген,
Дадана: 01-07-2013,
Крыніца: Анішчанка Яўген. 'Усынаўленне' // Спадчына №2-1993. С. 75-77.



Да 1772 г. беларуская шляхта легітымна, згодна са Статутам Вялікага Княства Літоўскага, іншых прававых дакументаў Рэчы Паспалітай, збіралася на ваяводскія i павятовыя соймікі, дзе абмяркоўвала пытанні ападаткавання, выбараў службовых асобаў i іншыя. Соймікі звычайна склікаліся каралём, цэнтральнымі органамі кіравання федэратыўнай дзяржавы, але шляхта не абавязкова падпарадкоўвалася «сталічнай» адміністрацыі.

У 1772 г. пры далучэнні паўночна-ўсходніх земляў Беларусі да Расейскай імперыі Кацярына II урачыста абяцала тутэйшай шляхце захаваць нязменнымі ўсе яе папярэднія кардынальныя правы, прывілеі. Соймікі сярод ix не ўпаміналіся, але ўсё роўна шляхта без супраціўлення прысягнула новай уладзе. Далей жа соймікі ўвогуле не ўпамінаюцца на далучаных землях. Што здарылася? Цікава, ці працягвала карыстацца тутэйшая шляхта звыклымі для яе нормамі Статута, сярод якіх адным з найважнейшых было права рэгіянальнага самакіравання праз соймікі?

Пры далучэнні папярэдняе дзяленне тэрыторыі на ваяводствы i наветы было знішчана i адразу заменена на губерні i правінцыі па вялікарасейскім узоры. З вынішчэннем ваяводска-павятовага падзелу аўтаматычна зніклі i адпаведныя соймікі. Кіраўнічыя пасады ваяводаў, губернска-правінцыйнай адміністрацыі занялі рускія афіцэры-генералы, маёры, брыгадзіры. Да пасадаў земскай выканаўчай улады Кацярына II распарадзілася дапускаць толькі тых мясцовых урадзімцаў, якія прадэманструюць шчырую адданасць новай уладзе, службовую зацятасць, выканаўчую паслухмянасць. Наваствораныя ў 1773 г. земскія суды абіраліся з абмежаванага кола шляхты. На правінцыйныя i павятовыя выбарчыя сходы з'язджаліся толькі асобы, якія мелі не менш як 10 прыгонных сялянаў.

Аднак большасць немаёмнай шляхты доўга не магла пагадзіцца з яе адхіленнем ад прывілеяванага становішча. Адціснутая ад распарадчай улады расейскімі вайскоўцамі, мясцовая знаць таксама выказала незадаволенасць, калі напачатку 1773 г. новая ўлада дазволіла тутэйшаму дваранству выбіраць дэпутатаў у Камісію па складанні новага праекта «Улажэння імперыі». Былыя «уряднікі i дыгнітары» скарысталі незадаволенасць дробнай шляхты ды традыцыю абапірацца пры выбарах паслоў у Варшаву на дробна-шляхецкую кліентуру. Адрадзіліся колішнія партыі, якім, аднак, давялося дзейнічаць ва ўмовах, па сутнасці, ледзь не ваеннага становішча i надзвычайных мерапрыемстваў царызму.

Рускія ваяводы i земскія камісары гаспадарылі на далучанай тэрыторыі нібыта ў казарме. Яны ўжо мелі вопыт па стварэнні i барацьбе са шляхецкімі супольнасцямі, часам не адрозніваючы звычайныя соймікі ад узброеных канфедэрацыяў. Дзеля гэтага кіраваліся Ваенным працэсам 1723 г. імперыі, згодна з якім былі ўсялякія «скопы и непозволенныя между собой советы накрепко запрещены». Штуршком да наступных падзеяў стала энергічнае будаўніцтва першым беларускім генерал-губернатарам З. Г. Чарнышовым вялікіх дарог паводле прускага ўзору. Ен вусна аддаў загад камісарам выганяць на агульныя талокі ўсё навакольнае насельніцтва, у тым ліку i шляхту. Што з поспехам i рабілася.

У маі 1776 г. да генерал-губернатара звярнуліся аршанскі стараста I. А. Язафовіч i камергер польскага двара I. В. Галынскі. Яны прасілі «избавить от немилосердного командира» магілеўскіх жыхароў - звольніць з пасады магілеўскага губернатара М. В. Кахоўскага, бо пры ім ператварыліся, па сутнасці, у чужаземцаў: страцілі выслужаныя пасады, аказаліся адціснутымі ад кіравання земскімі нарадамі пры будаўніцтве каменных вёрстаў, паштовых двароў, пышных палацаў.

Ад імя i па даручэнні магілеўскай шляхты яны заяўлялі, што ранейшыя вольныя сходы шляхты зараз адбываюцца пад пільным наглядам. Калі ж мясцовая шляхта не падпарадкоўвалася загадам вышэйшых уладаў, то камісары «без разбору хватали, безвинно арестовывали», саджалі пад каравул шляхту разам з калоднікамі. Вольную шляхту абурала не толькі турэмнае абыходжанне як са звычайнымі злачынцамі, парушэнне залатога права недатыкальнасці асобы. Вуснамі сваіх прадстаўнікоў шляхта скардзілася на свядомае распальванне рускімі камісарамі саслоўнай варожасці ў вёсцы. Камісары проста нацкоўвалі на незадаволеную шляхту соцкіх i дзясяцкіх заможных сялянаў, якім, найперш найбольш паслухмяным, улада надавала выканаўчыя функцыі. У звароце звярталася ўвага, што камісары «внушают тем крестьянам, што они отнюдь не подвластны своим господам». Некаторыя ж рускія чыноўнікі ўжо нават атрымалі пасады i сялянаў на Беларусі ў якасці ўзнагароды за ваеннае майстэрства пры падаўленні паўстання Пугачова!

З. Чарнышоў адаслаў скаргу да М. Кахоўскага з рэзалюцыяй: зварот складаецца «из общих обид, ни обиженные, ни обидевшие не именованы». У маі 1777 г. на адным з выбарчых сходаў губерні М. Кахоўскі забараніў новым прызначаным маршалкам падаваць пісьмовыя скаргі i публічна назваў ix «пугачевцами, а всех вообще бунтовщиками». Лепшыя людзі не напужаліся i нават паслалі новую скаргу ў Пецярбург, якую, дарэчы, у Сенат павезлі ўсё тыя ж Язафовіч i Галынскі. Раз'юшаны З. Чарнышоў прыгразіў свавольным кіраўнікам недазволенай апеляцыі воінскім працэсам. М. Кахоўскі жа вырашыў правучыць дзёрзкіх зламыснікаў пры выбарах земскіх суддзяў па Мсціслаўскай правінцыі.

У жніўні 1777 г. ён прызначыў сход мсціслаўскіх дэпутатаў у г. Магілеве пад узброеным наглядам віцэ-губернатара М. Вароніна i патрабаваў абраць без галасавання старшынёй правінцыйнага земскага суда лаяльнага К. С. Стахоўскага. Аднак сход выбраў К. Т. Гайку, паколькі той не браў хабару i наогул быў чалавек сумленны. Генерал-губернатар i губернатар такі выбар адхілілі. Тады іхныя праціўнікі звярнуліся да распаўсюджанага сродку барацьбы. Яны абвінавацілі К. Стахоўскага ў забойстве шляхціча I. Кір'яцкага, фальсіфікацыі судовых дакументаў (каб схаваць злачынства), наўмысным зрыве тэрміну выбараў (каб атрымаць пасаду з дапамогай надзейнага кола сваякоў i кліентаў). Па сутнасці, губернская адміністрацыя абвінавачвалася ў патаканні заняццю адказнай пасады крымінальнай асобай, ды яшчэ пры дапамозе злачынных дзеянняў.

Пад выглядам крымінальнага следства за дзейнасцю земскага суда М. Кахоўскі апячатаў ягоныя акты i выставіў там узброены каравул - «чтоб соблюден был порядок между обывателями, яко не обыкшими к российским узаконениям». Чарговая спроба незадаволеных апеляваць у Сенат праз чэрыкаўскага старасту Г. Абуховіча была рашуча адхілена.

Справа набыла шырокі рэзананс, калі была пададзена скарга на ўласнае імя Кацярыны II праз пісца Камісіі па складанні новага Улажэння I. Ламноўскага. Скарга тым не менш валтузілася цэлых шэсць паседжанняў на працягу года. З. Чарнышову было даручана высветліць - ці маецца ў захаваных i дараваных правах i прывілеях беларускай шляхце магчымасць скардзіцца ад імя ўсяго грамадства? З. Чарнышоў поўнасцю абяліў дзеянні М. Кахоўскага i абвінаваціў шляхту ў парушэнні статутавых правілаў, што дазвалялі ёй збірацца на соймікі толькі з дазволу каралеўскай адміністрацыі i абмяркоўваць толькі дакладна вызначаныя пытанні. Маршалкi, такім чынам, не маглі падаваць прашэнне ад імя ўсёй шляхты, склікаць без папярэдняга дазволу ўлады шляхецкія сходы, да таго ж выбаршчыкаў, якія не мелі належнага маёмнага цэнзу i права ўдзелу ў выбарах.

Генерал-губернатар намаляваў зусім не гаротны стан як далучаных земляў, так i самой шляхты. За сем гадоў пасля падзелу Рэчы Паспалітай, сцвярджаў ён, у два разы выраслі пасяўныя плошчы, памешчыцкі аброк узрос з аднаго да трох рублёў, а сялянская душа стала каштаваць не 10, а 30 i нават 60 руб. Увогуле, «обыватели никаких не терпят налог и разорения», а толькі купка змоўшчыкаў падбухторвае зусім лаяльных да рэжыму падданых, «внушая простодушным, что они могут то же в Петербурге, что прежде в Варшаве».

На заключным паседжанні 26 красавіка 1778 г. Сенат вярнуў просьбітам заяву i катэгарычна запатрабаваў надалей «никаких между собой скопов и советов без ведома начальников своих чинить и общих прошений подавать не отваживаться». У пастанове таксама заяўлена, што «белорусские обыватели с начала присоединения их к Российской империи усыновлены под державою и пожалованы всеми теми правами и преимуществами, какими древние российские подданные пользуются». Але на першы раз незадаволеных прабачылі i далі зразумець, што ў якасці «ўсыноўленых» падданых яны павінны забьщь пра вольнасці i прывілеі, якімі карысталіся на працягу двух стагоддзяў. Магілеўская шляхта была часткова задаволеная - М. Кахоўскага звольнілі з пасады губернатара, але тут жа перавялі ў другую губерню наводзіць парадак.

Магілеўскія падзеі мелі працяг. Падазроныя адносіны царскага ўраду да апазіцыйных настрояў сярод дваранаў узмацніліся. Каб беларускі інцыдэнт не перакінуўся на цэнтральныя губерні, у 1778 г. быў распрацаваны спецыяльны цырыманіял («Обряд») аб парадку i арганізацыі дваранскіх выбараў у губернскія i павятовыя судоваадміністрацыйныя ўстановы. На сходах поўнасцю выключаліся ўсялякія праявы самастойнасці i вальнадумства. Хадайнічаць перад вышэйшымі ўладамі дваране (шляхта) маглі толькі ад уласнага імя, пасля папярэдняга дазволу мясцовых царскіх адміністратараў. Шляхецкія соймікі на Беларусі сталі толькі ўспамінам, будзілі настальгію ў тых, хто хацеў адрадзіць грамадска-прававы лад, які існаваў яшчэ нядаўна ў Рэчы Паспалітай.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX