Папярэдняя старонка: Анішчанка Я.К.

Падмуркі паліцэйскага сацыялізму 


Аўтар: Анішчанка Яўген,
Дадана: 10-11-2016,
Крыніца: Анішчанка Яўген. Падмуркі паліцэйскага сацыялізму // Спадчына №3-1997. С. 31-41.



У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь (фонды 295, 299, 1430, 2001).

Скасаванне ў 1861 г. прыгоннага права з дазволу цара забяспечыла caмадзяpжaўю трывалую славу вызваліцеля i рэфарматара. Улады імперыі па-ранейшаму не цярпелі аніякай арганізаванай, крый божа масавай, i нават памяркоўна-ліберальнай апазіцыі. Усё кантралявала дзяржава, усім яна кіравала i не дапушчала аніякай прыватнай ініцыятывы. Выразна пазіцыю парэформавага рэжыму сфармуляваў старшыня камітэту міністраў М.Х.Бунгэ, які пісаў: "Государству следует пахать, сеять и жать, издавать все газеты и журналы, писать повести и романы и подвизаться на поприще искусств и науки".

Адзяржаўленне ўсялякіх формаў грамадскага жыцця абапіралася на заканадаўства, у аснове якога была формула Збору законаў 1899 г.: "Запрещается всем и каждому заводить общество, товарищество, братство или иное тому подобное собрание без ведома и согласия правительства". Недавер да грамадскай ініцыятывы асабліва імкліва пачаў замацоўвацца ў заканадаўстве пасля першых тэрарыстычных замахаў на царскую асобу. 27 сакавіка 1867 г. з'явіўся закон "О противозаконных сообществах". Імі лічыліся "все те общества, которые по исходатайствовании надлежащего на оные разрешения, уклонятся от цели их учреждения или станут прикрывать благовидными действиями такое направление, которое в каком-либо отношении вредно для государственного благоустройства или общественной нравственности". Па-за законам абвяшчаліся "все тайные общества, все преследующие вредную цель сборища, собрания, сходки, товарищества, кружки, артели и проч., под какими бы наименованиями они ни существовали". Заснавальнікі ix, абвінавачаныя у прапагандзе вучэнняў, "к ниспровержению или изменению какими бы то ни было средствами государственного устройства", пазбаўляліся ўсіх правоў саслоўнага стану i на 12-15 гадоў траплялі на катаргу. Саўдзельнікаў тайных змоваў пазбаўлялі грамадзянскіх правоў, каралі 6-8 гадамі катаржных работ, адсылалі ў папраўча-арыштанцкія роты або няволілі годам турмы, а затым аддавалі пад пяцігадовы нагляд паліцыі. Фінансаванне забароненага таварыства каштавала ад 25 да 300 рублёў штрафу. Патураліся даносы i шпіёнаманія дзеля выкаранення крамольных рухаў у самым ix вытоку. Асобу, якая ведала, але не паведамляла ўладам пра шкоднае згуртаванне, каралі 4-8 месяцамі турмы або 100- 500 рублямі штрафу. Раскаяние змякчала крымінальную адказнасць на адну ступень, давала магчымасць суддзям абмежаваць прысуд аднагадовым паліцэйскім наглядам.

Пад карнае заканадаўства траплялі любыя, у тым ліку i чыста рэфарматарскія, апалітычныя аб'яднанні. Тагачасная адміністрацыя не праводзіла розніцы паміж палітычнымі арганізацыямі i прадпрымальніцкімі, манапалістычнымі саюзамі, якія аднолькава бачыліся чыннікамі разбуральнымі. На дзве ступені павялічвалася адказнасць за спробы дэцэнтралізацыі кіравання незарэгістраваных саюзаў, паколькі такое дзеянне разглядалася памкненнем да безнагляднасці, ускладняла працу паліцэйскага вышуку. У следчай практыцы дазваляліся папярэднія арышты нават па падазрэнні або меркаванні афіцыйнай асобы.

Пры дзяленні таварыстваў на дазволеныя i забароненыя (тайныя) існаваў цэлы катэхіз крытэрыяў. Начальнік 4-га аддзялення сапраўднай яго імператарскай вялікасці канцылярыі прынц П.Альдэнбург у сакрзтным цыркуляры ад 28 красавіка 1872 г. адносіў да тайных таварыстваў усе падзеленыя на групы i гурткі, маючыя перыядычныя сходы i касавыя зборы "артели, товарищества с нередко ложно выставленною целью, как, например, переводы с иностранных языков, доставление литературных или других занятий неимущим, вспомоществование бедным в среде учащихся, чтение на тайных сходках или собраниях книг и сочинений, хотя бы не запрещённых в продаже, но не допускаемых в библиотеках". У віну таксама ставілася "возбуждение сочувствия к быту беднейших классов народа и желание содействовать возвышению материального благосостояния и нравственности этих классов посредством изучения их нужд или посредством общения с народом чрез собирание статистических, этнографических и бытовых сведений, а тем более с целью более справедливой организации общественного строя".

Да пакорлівых, "нямых i глухіх" простых людзей урад не збіраўся дапушчаць "злачынных архітэктараў утапічнае будучыні", затое ўсяляк заахвочваў ліслівасць i халуйства. Такім быў Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, створаны 9 красавіка 1867 г. Штат яго запоўнілі асобамі з саноўна-чыноўных колаў, якія ў бальшыні не мелі стасунку да сапраўднай навукі. На грунце дакументальнай i археалагічнай даўніны яны стараліся даказаць адвечнасць праваслаўя на Беларусі, бязмерную адданасць беларусаў цару, варожасць да палякаў i г. д. Даследаванні ж сумленных навукоўцаў, якія не прытрымліваліся тэндэнцыйнай праграмы, даказвалі самастойнае існаванне беларускай нацыі, без польска-рускага вымярэння. Сумленна сабраныя звесткі адкрывалі жахлівую галечу народу, што ставіла на парадак дня спачуванне ці нават выратавальныя дзеянні.

Узнікалі непаразуменні i канфлікты, пераадольваць якія даводзілася з вялікімі намаганнямі, а часам i з дапамогай вядучых расейскіх установаў. Да прыкладу, у верасні 1891 г. імператарская археалагічная камісія хадайнічала пра дазвол сябру памянёнага РГТ i Маскоўскага археалагічнага таварыства Е.Раманаву выканаць этнаграфічны дослед могілак у Віцебскай губерні. Як успамінаў потым сам вучоны, "у адным з валасных праўленняў сур'ёзна вялася размова пра тое, ці не шпіён я, ці не сацыяліст, ці не лепш мяне арыштаваць i г. д." Ахвотна лісты выдавалі толькі "для исследования старинных храмов, церквей и монастырей", што мусіла засведчыць глыбокія праваслаўныя традыцыі. Такі дазвол у траўні 1892 г. атрымаў акадэмік архітэктуры Маскоўскага археалагічнага таварыства А.М. Паўлаў, а таксама пасланы ў 1891 г. таварыствам аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі i этнаграфіі М.В.Цясленка. Апошні нават меўся заадно "устранять среди народа появляющихся иногда польских календарей". З цяжкасцю ў 1893 г. было задаволенае хадайніцтва Санкт-Пецярбургскага мінералагічнага таварыства аб камандзіроўцы на Беларусь кандыдата універсітэта (у будучым вядомага гісторыка) А.Кернажыцкага "для геологических исследований". Тое ж таварыства дало візу на батанічныя доследы сябру Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды А.Б.Місуна.

Улады ўсё ж садзейнічалі такім далёкім ад палітыкі навукова-пазнавальным заняткам тытулаваных навукоўцаў, бо баяліся даверыцца разбэшчанай моладзі сталіц, якая абавязкова занялася б "усиленной пропагандой антиправительственных идей на социально-экономические вопросы". Праўда, спрытныя агітатары апраналіся ў сярмягі ды рабілі каварныя падкопы пад існуючы лад у абліччы фельчараў, настаўнікаў i розных там дабрадзеяў. Замацярэлы мужык часам не адрозніваў ходцаў у народ ад дзяржаўных рэвізораў з ix вытанчаным майстэрствам абкладаць падаткам усё прыхаванае i ўтоенае. А таму i здавалі ix у паліцыю.

У такіх умовах пераскочыць праз паліцэйскую агароджу вакол народу аматарам было цяжка. У 1887 г. 18 добраахвотнікаў - 2 святары, 9 выкладчыкаў i дырэктар кадэцкага корпусу, семінарыст, гімназіст, 4 памешчыкі, сярод якіх выкладчык Віцебскай гімназіі А.П.Сапуноў i стацкі саветнік А.М.Семянтоўскі, хадайнічалі аб заснаванні Полацкага таварыства аматараў айчыннай археалогіі. Папячыцель Віленскай вучэбнай акругі адхіліў іхнюю просьбу. Тады яны звярнуліся ў Маскоўскае археалагічнае таварыства i да самога віцебскага губернатара, які на прыклад іншых установаў увайшоў у ганаровыя сябры згуртавання "для контроля и содействия". Але заступніцтва не дапамагло. Міністр П.Дурнаво 29 лістапада 1889 г. прыпыніў далейшы рух ініцыятывы.

Асабліва шчыльную апеку над "інтарэсамі" народу царызм наладзіў пасля ўдушэння паўстання 1863 г. Увядзенне на Беларусі ўсесаслоўных установаў - земстваў, галоснага суду - ставілася ў залежнасць ад поспехаў абрусення мясцовых уладаў і, як казаў міністр унутраных справаў А.Цімашоў, тады, калі рускія дваране складуць "не менее половины всех владельцев помещичьих имений". На якія кадры пры гэтым разлічваў урад, паказвае, напрыклад, пажаданне славутага Мураўёва-вешальніка прызначыць прадвадзіцелем дваранства Чэрыкаўскага павету графа Л.М.Талстога, а ў Магілёўскі павет - князя П.А.Крапоткіна.

Не ўхіліўся ўрад i такога культурніцкага новаўвядзення, як патрабаванне, каб сяляне пры сустрэчах з начальствам "не кланялись до земли и не целовали рук, ограничивали выражение своей почтительности простым русским поклоном". Выпрамляць гарбы начало "Юбщество ревнителей православия и благотворительности Северо-Западного края", утворанае 23 красавіка 1869 г. Яно шчыравала ў забеспячэнні прыходаў багаслоўска-малельнай літаратурай, крыжыкамі, абразамі, партрэтамі венцаносцаў. Русафільскія выданні i адпаведную духоўную страву прымушалі распаўсюджваць таксама каталіцкіх ксяндзоў i "всех должностных лиц правительственных учреждений" шляхам абавязковай падпіскі.

Не ўласцівую Беларусі "пальшчызну" выкаранялі з шырокім размахам i імпэтам: каралася штрафам захаванне польскіх эмблемаў, зброі, карыстанне гербамі i гімнамі. Знішчаліся фотаздымкі з выявамі асобаў "в национальных польских костюмах и со сценами, напоминающими политические смуты". Забараняўся ўвоз літаратуры i дакументальных збораў, сведчанні якіх напаміналі аб "аўтаноміі", нецярнімай у цэнтралізаванай імперыі. Продаж належнай літаратуры дазваляўся толькі ў месцах, "в которых имеются достаточные средства для полицейского надзора". Польская мова, згодна з цыркулярам віцебскага губернатара ад 11 кастрычніка 1893 г., забаранялася "в присутственных местах, у начальственных лиц, вообще по делам службы в церквах, театрах и других собраниях, гостиницах, заезжих домах, буфетах, конторах, трактирах, кондитерских, ресторанах, питейных домах, магазинах, лавках, публичных домах (!), публичных садах на гуляниях, типографиях, литографиях, фотографических заведениях, на улицах при стечениях народа... за исключением разговора в домашнем и семейном быту". Службовая зацятасць вынішчальнікаў усяго польскага даходзіла да таго, што увогуле забаранялася праводзіць " в частных домах сборища и съезды без ведома полиции".

Палітычныя абцугі спарадзілі самадзейнае культурніцкае аматарства ў выглядзе г. зв. сямейных вечарынак, якія пазьней ператварыліся ў грамадскія сходы, клубы, гурткі. Аб'ядноўвалі яны колы памешчыкаў, чыноў i ваенных, якія бавіліся спалучэннем "приятных и поучительных развлечений" - картамі, танцамі, алкаголем, аматарскімі спектаклямі, канцэртамі, дабрачыннай дапамогай бібліятэкам, дамам прытулку i г. д. Тым не менш, стыхійнае аматарства адразу было спавіта паліцэйскімі путамі, паколькі ўрад бачыў у бестурботных забавах пагрозлівыя спробы адрадзіць забароненыя дваранскія сходы i органы дваранскага самакіравання. У 1874 г. быў распрацаваны Нармальны статут грамадскіх сходаў -"для однообразного правительственного надзора за проявлением общественной жизни". Спецыяльным цыркулярам ад 29 жніўня 1876 г. Міністэрства ўнутраных справаў патлумачыла, што на сходы i клубы патрэбна папярэдняя ўхвала мясцовай паліцыі, што на ix забараняюцца да наказу п'есы, не дазволеныя драматычнай цэнзурай, з адступленнем ад арыгіналаў, што выконваць куплеты, вершы, апавяданні можна толькі з дазволу Галоўнага ўпраўлення па справах друку, што арганізатары відовішчаў мусяць даць "кресло представителю полиции".

Органы вышуку літаральна спаборнічалі ў вынаходніцтве зачэпак дзеля абмежавання згаданых мерапрыемстваў. То непалічаная колькасць сяброў таварыства не дазваляла "собрать необходимые сведения о кандидатах" сходаў, то ініцыятараў прымушалі перапісваць статут "чисто, чётко, без грамматических ошибок, на лучшей бумаге, а иначе его нельзя, стыдно представить министру". Заснаваць Мінскае музычнае таварыства ў 1885 г. удалося толькі пасля таго, як грамада пагадзілася дастаўляць у цэнзурны камітэт свае афішы i зрабіла сваім сябрам аднаго з паліцэйскіх чыноў. У 1883 г. дэпартамент паліцыі даведаўся пра існаванне ў Віцебску незарэгістраванага вакальна-літаратурна-драматычнага гуртка з удзелам звыш 100 асобаў. У адказ на пагрозлівыя санкцыі мясцовы губернатар В.Валь запэўніў начальства, што гурт адчынены ў 1881 г. на ягонае асабістае распараджэнне, што ён асабіста "принимает деятельное участие" ў музычных вечарынах. Аматарскі прытулак спрабавалі ўратаваць зменай назвы ў "Витебское общество любителей музыкального и драматического искусства". Аднак напачатку 1884 г. у згуртаванні, па словах самога губернатара, "стали весьма часто повторяться неурядицы, доходившие иногда до площадной ругани". Выявілася, што ганаровых сяброў абурыла магчымасць уступлення ў таварыства вясковых настаўнікаў, а значыць, разбурэнне саслоўнай чысціні сходу. У рэшце рэшт, МУС "ввиду не выяснившегося ещё характера деятельности этого кружка" забараніў яго далейшае кнаванне.

Невялікая колькасць рускіх сярод падпісчыкаў праекту статуту была дастатковай падставай, каб не дазволіць стварыць нават гурткі аматараў шахматнай гульні, бо гэта "может парализовать желание правительством обрусения". У чэрвені 1883 г. віцебскі губернатар пакінуў без увагі статут латышскага таварыства "ввиду незначительного числа латышей" у губерні, хаця заснавальнікі добрасумленна спісалі праект рыжскага латышскага таварыства. Справа была настолькі важная, што спатрэбілася правесці спецыяльнае дэмаграфічнае даследаванне. У ліпені 1890 г. не забаранілі дзвінскае латышскае таварыства толькі таму, што яго сябры пайшлі на кампраміс i выкінулі слова латыш, якое "могло бы внести в местную жизнь национальную рознь и обособленность".

Грамадская актыўнасць прымусіла спрасціць i скараціць працэдуру рэгістрацыі розных таварыстваў: гэта было вызначана нармальнымі (узорнымі, тыповымі) статутамі прыкладна для 15 відаў аб'яднанняў. Іx распрацавалі для таварыстваў урачоў (1869 г.), спажывецкіх аб'яднанняў (1897), сельскагаспадарчых сходаў (1898), таварыстваў дапамогі бедным i для розных дабрачынных арганізацый. Дазвол на ix утварэнне давалі адпаведныя галіновыя ведамствы, але цэнтрам каардынацыі заставалася МУС або паліцыя. Услед за выданнем тыповых правілаў канцэсійныя правы на заснаванне грамадскіх аб'яднанняў атрымалі i мясцовыя губернатары, якія маглі выконваць "во всякое время общую и внезапную ревизию" ва ўсіх установах падначаленай тэрыторыі, зачыніць любое таварыства, клуб, сход "в случае обнаружения в их деятельности антиправительственного духа", падазроных удзельнікаў.

Прыватныя таварыствы ратаваліся ад пераследу прыёмам у ганаровыя сябры прадстаўнікоў бюракратыі, тым больш што тыя з-за занятасці па службе i адначасовым сяброўстве Ў шматлікіх згуртаваннях звычайна адсутнічалі на паседжаннях праўленняў. Шматгадовыя паку ты цярпелі тыя аб'яднанні, у якіх не было высокіх апекуноў, да прыкладу, Полацкае таварыства аматараў айчыннай археалогіі. За выключэннем афіцыйных, усе мясцовыя таварыствы былі абмежаваныя ў сваей дзейнасці паветам або губерняй. Часам здаралася i такое. У камандзе пажарнікаў г. Докшыцы меліся толькі два кані, так што "дроги с баграми доставлялись всегда (!) на пожар дружинниками, впрягающимися вместо лошадей". Докшыцкія бурлакі неаднойчы прасілі вызваліць ix ад такога выезду ў павет. Але ў МУС ім адказалі, што абмежаванне раёнам дзейнасці таварыства залежыць... ад яго Вялікасці. У 1895 г. мінскае таварыства сельскіх гаспадароў хадайнічала аб заснаванні сваіх аддзелаў i секцый. Губернатар не пажадаў распасціраць геаграфію ўплыву таварыства з-за пагрозы захопу большасці рэгіянальных месцаў польскімі панамі, што дазволіла б ім згуртавацца "по другим вопросам, не входящим в круг полномочий сельскохозяйственных обществ".

Самадурства не мела межаў. 20 лютага 1881 г. бабруйскі паліцмайстар прапанаваў 28 сябрам грамадскага сходу горада арганізаваць таварыства дапамогі бедным вучням тамтэйшай вучэльні. Удзельнікі адразу ж ахвяравалі 125 рублёў. Праз тры гады губврнскае праўленне скасавала ініцыятыву на некалькіх падставах, маўляў, яе падпісалі не ўсе хадайнікі, а таксама таму, што непажадана займацца публічнымі лекцыямі ў горадзе, дзе нямашака "высших учебных заведений или учёных обществ". У тым жа 1884 г. галава мінскай грамадска-рамеснай выправы Р.Я.Ярашэвіч дамагаўся стварэння "музыкального цеха" на прыклад іканапісных цэхаў у гарадах імперыі. На тое губернскае праўленне ў траўні 1885 г. адказала: "Под именем ремёсел разумеются занятия, имеющие предметом обработание вещей посредством ручной работы, под каковое определение не может быть подведено занятие музыкой". Такая вось мудрая славеснасць чыноўнага Эзопа.

Свае адмовы на захады яўрэйскіх прадстаўнікоў стварыць грамадскія сходы губернская адміністрацыя тлумачыла тым, што "мещане люди очень неразвитые, грубые, что чревато ростом драк и бесчинств членов с нееврейскими слоями населения". Узорныя статуты дазвалялі не дапушчаць у сябры нават легальных таварыстваў асобаў непажаданай веры i нацыяў, нават, калі тыя пісьмова абяцалі, што не будуць мець прэтэнзій да паліцыі на час сваіх мерапрыемстваў. Калі-нікалі заснавальнікі спрабавалі памяняць i шыльду гуртоў. Так, віцебскі губернатар у лістападзе 1893 г. наступным чынам матываваў сваё адмоўнае стаўленне да адпаведнае спробы распушчанага таварыства аматараў музычнага i драматычнага мастацтваў. "Между учредителями нет ни одного получившего специальное основательное образование в консерватории и способного организовать, руководить и непрерывно возбуждать к дружной музыкально-драматической деятельности предполагаемых членов общества. С другой стороны, достаточно известно, что польская и немецкая часть населения с нетерпением ждёт утверждения этого устава, твёрдо надеясь наводнить вновь учреждаемое общество, захватить в свои руки власть всю и подчинить полному своему влиянию тех незначительных по количеству русских, которые ходатайствуют об открытии этого общества и бессознательно служат орудием к выполнению польско-немецкой затеи". Губернатар баяўся, што таварыства "не ограничиться музыкальнодраматической, деятельностью, а непременно внесёт в неё характер политический".

Улады скарыстоўвалі любую палітычную падзею для перарэгістрацыі або пераследу на ужо дазволеныя згуртаванні грамадскасці. У прыватнасці, у 1898 г. у Менскай губерні было выяулена 19 статутавых i 17 бесстатутавых аб'яднанняу. Перарэгістрацыя вылілася у карныя меры. Статыстыка засведчыла, што пасля яе у Менскай губерні засталося 7 клубау з 650 сябрамі, адно вайсковае згуртаванне з 250 сябрамі i тры тзатры. У Горадзенскай губерні дзейнічалі 4 прыватныя клубы з 357 сябрамі, 8 ваенных сходау i 2 тэатры, у Віцебскай - 8 клубаў (639 сяброў), 4 ваенныя сходы (538), 3 тэатры, 4 публічныя сады, канцэртныя залы, у Магілёўскай - 9 клубаў (663), 3 ваенныя сходы (191) i 2 тэатры. Як бачна, усе згуртаванні былі разлічаныя на пэўныя колы грамадства, без удзелу простых людзей.

Самадзяржаўе асабліва пільна назірала за тымі арганізацыямі, якія па характару дзейнасці непасрэдна сутыкаліся народам. У царскай Расеі адсутнічала сістэма дзяржаўнага сацыяльнага дагляду. Таму дабрачыннасцю займаліся фактычна ўсе прыватныя таварыствы, якія знаходзіліся пад татальным паліцэйскім кантролем. Больш за ўсё ўрад баяўся ўзнікнення сапраўдных прафесійных саюзаў. Паводле статуту аб грамадскай апецы 1892 г., утварэнне філантрапічных аб'яднанняў было выключнай кампетэнцыяй МУС або паліцыі. Адпаведны дазвол заснавальнікі атрымоўвалі тады, калі ўжо мелі гатовы капітал - каб "не рассчитывали на лотереи и другие неверные доходы". Публічныя латарэі, дабрачынныя зборы, добраахвотныя ахвяраванні грашыма i рэчамі дазваляліся выключна на карысць бедных. Паколькі грашовыя зборы маглі служыць i "для целей преступных и грозящих государственному и общественному порядку", то грошы дабрачынныя таварыствы ўносілі на рахункі банкаў i крэдытных установаў, што азначала штогадовую справаздачнасць аб фінансах. Кантроль дзяржавы над грамадскімі аб'яднаннямі, такім чынам, быў поўны.

Бальшыня дабрачынных таварыстваў існавала пры падтрымцы мецэнатаў. Фінансавыя цяжкасці прымусілі, да прыкладу, Мінскае таварыства дапамогі навучэнцам у лістападзе 1892 г. прасіць дазволу разыграць у латарэю карціну І.Айвазоўскага "Морской вид", якую мастак фундаваў згуртаванню. Нават тэатральныя кулісы разыгрываліся на латарэях, як гэта здарылася з полацкім музычна-драматычным гуртком у 1884 г.

Працоўным забаранялася самастойна адстойваць свае інтарэсы, ім прапаноўвалася цалкам даверыцца апякунству ўраду, паліцыі, філантропам з дабрачынных установаў. Крывадушнасць апошніх не ведала межаў. Яны будавалі помнікі царскай сям'i, абслугоўвалі дзяржаву, надавалі ўсяму характар агульнарускай справы. Сродкі ж выбіваліся прымусова з сялянаў праз павятовых выпраўнікаў i валасныя праўленні. Вытрасалі грошы i з ніжэйшых чыноў.

Па Еўропе ўжо блукаў "прывід камунізму", а сацыялістычнымі ідэямі былі апантаныя не адны толькі рэвалюцыянеры-бамбісты. Нават манархі шчыра лічылі сацыялізмам нацыяналізацыю ці адзяржаўленне якой-небудзь чыгункі або казармы. У губернях жа царскай Расеі амаль усё было казённым i дзяржаўным. Нават малазначныя грамадскія згуртаванні кантралявала, а то i стварала паліцыя. У той жа час татальны паліцэйскі кантроль палітызаваў чыннасці нават надзейных таварыстваў i непазбежна штурхаў ix сяброў з паліцэйскіх абдымкаў на радыкальныя шляхі дзейнасці. Паліцэйскі сацыялізм царызму лагічна пераходзіў у дзяржаўны сацыялізм бальшавікоў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX