4 сакавіка 1484 года ў каралеўскім замку ў Горадні скончыў свой зямны шлях сын караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Казіміра IV малады каралевіч Казімір, які меў трохі больш за 25 гадоў. Сумавалі бацька і маці, сумавалі родныя, што не стала найбольш чулага, разважнага і пабожнага з каралевічаў. Цела ягонае было перавезенае ў сталічную Вільню і ўрачыста пахаванае ў капліцы катэдральнага касцёла святога Станіслава. Цікава, што неўзабаве пасля пахавання пачалі дзеяцца розныя цуды, пра якія пазней падрабязна было напісана ў Acta Sanctorum. [1, с. 337-357]
Малодшы брат Казіміра, вялікі князь Аляксандар, заняўшы ў 1501 годзе пасад караля Польшчы, накіроўвае ў Рым да Папы Аляксандра VI тагачаснага пробашча віленскай катэдры Эразма Цялка з просьбаю выслаць прадстаўніка для разгляду неардынарных здарэнняў і вывучэння жыцця каралевіча Казіміра. У 1517 г. Апостальскі Пасад прыймае рашэнне і ўтварае камісію ў справе кананізацыі каралевіча. Хто ведае, магчыма, кананізацыйны працэс заняў бы нашмат больш часу, калі б не цуд, які падштурхнуў і духоўных асобаў ВКЛ, і каралеўскую сям'ю ды і сам Апостальскі Пасад да паскарэння справы.
Улетку 1518 г. у паўночную частку Вялікага Княства ўварваліся некалькі маскоўскіх палкоў на чале з наўгародскім намеснікам Васілём Шуйскім і ягонымі найлепшымі ваяводамі: братам Іванам Шуйскім - пскоўскім намеснікам і дарагабускім ваяводам Міхайлам Кісліцай. Польскія крыніцы ацэньваюць агульную колькасць інтэрвентаў у 50 000 чалавек, расейскія крыніцы канкрэтную колькасць не пазначаюць, але паведамляюць пра значнасць вайсковае групоўкі. Васіль Шуйскі яшчэ ў 1513 годзе хадзіў з вайсковай выправай на Полацк, таму дарога і мясцовасць былі яму добра знаёмыя. Пад Полацкам маскоўскія ваяводы аб'ядналіся з мэтай захопу старажытнага горада, аднак палачаны здавацца не збіраліся і мужна бараніліся. Пачалася працяглая аблога. Групоўка з 2 000 ваяроў на чале з полацкім ваяводам Альбрэхтам Гаштольдам і Янам Баратынскім спяшалася на дапамогу абложанаму гораду, але шырокая і паўнаводная Дзвіна не давала магчымасці перабрацца з вайсковым рыштункам на паўночны бок. І раптам, паводле шматлікіх сведчанняў, перад ваярамі з'явіўся вершнік у белым адзенні на белым кані, які знакамі паказваў, каб ішлі за ім. Войска рушыла да вады і ўбачыла, што тут пралягае добры брод. Перайшоўшы праз Дзвіну, жаўнеры Вялікага Княства раптоўна ўдарылі ў спіну значна большаму маскоўскаму войску. [2, с.9; 3, с. 55-58] У шэрагах захопнікаў пачалася паніка. Частка маскавітаў кінулася да Дзвіны і патанула ў ёй. Як адзначаў гісторык Марцін Кромэр ў казанні на пахаванні караля і вялікага князя Жыгімонта, колькасць загінуўшых маскоўскіх вайскоўцаў перавысіла 7000. [4, с. 38] Асноўная ж групоўка, пакідаўшы аблогавыя прылады, вайсковы рыштунак і параненых, спешна пасунулася ў бок Вялікіх Лукаў. [5, с. 234] Гэты дзень, 15 жніўня [6, с. 95-96], на ўсё жыццё застаўся ў памяці тых маскоўскіх ваяроў, што засталіся жывымі. Палачаны ж, якія ўжо амаль страцілі надзею на дапамогу, былі надзвычай уражаныя цудоўным выратаваннем. Расейскія гісторыкі М. М. Карамзін і С. М. Салаўёў, пішучы пра неспадзяваную паразу пад Полацкам, спрабавалі патлумачыць адыход маскоўскага войска голадам, аднак іх тлумачэнне не пераконвае, бо ж гэта была не зіма, а самы час збору ўраджаю.
Кароль і вялікі князь Жыгімонт І Стары адразу пасля атрымання весткі пра цуд над Дзвіной выслаў да Рыму просьбу як найхутчэй прыслаць у Вільню свайго прадстаўніка. [7, с. 43] Апостальскі Пасад чуйна паставіўся да просьбы манарха і накіраваў сваім легатам біскупа Захара Ферэру. Той прыехаў у сталіцу Вялікага Княства 2 верасня 1520 г. і пасля апытання шматлікіх сведкаў падрыхтаваў 11 снежня ў Вільні матэрыялы працэсу, якія былі надрукаваныя ў наступным годзе ў Кракаве [8, с. 91] пад назвай "Жыццё блаславёнага Казіміра-вызнаўцы" . [9]
У тым самым годзе Папа Леў Х кананізаваў каралевіча, аднак прадстаўнік каралеўскага двара плоцкі біскуп Цёлак, які павінен быў прывезці дакументы, памёр ў верасні 1522 году, стаўшы ахвярай эпідэміі чумы. Пазней у 1527 годзе ў часе захопу і рабавання Рыма нямецкім войскам Карла V дакумэнты былі незваротна страчаныя. Аднак гэта не зашкодзіла пашырэнню культа святога Казіміра ў Вялікім княстве Літоўскім. Пачалі з'яўляцца першыя абразы святога, у прыватнасці той, што знаходзіцца праваруч ягонай труны ў віленскай катэдры.
Урэшце віленская капітула на чале з біскупам Бенэдыктам Войнам на сваім паседжанні 6 лютага 1602 году вырашыла выслаць да Рыму віленскага каноніка Рыгора Свяціцкага з мэтай атрымаць у Папы Клемента VІІІ булу, якая б зацвяржала папярэдняе рашэнне Святога Пасаду. Рашэнне духоўнае ўлады падтрымаў і кароль Жыгімонт ІІІ Ваза. 7 лістапада 1602 года Папа Клемент VІІІ на падставе дакумэнтаў пададзеных Свяціцкім і з парады адмысловае камісіі булай "Quae ad sanctorum" пацвердзіў рашэнне свайго папярэдніка Папы Льва Х і далучыў каралевіча Казіміра да супольнасці святых, каб у дзень 4 сакавіка святы Казімір, " які яшчэ пры святой памяці папярэдніку нашым Папе Льву Х быў залічаны да святых, мог быць шанаваны і ўслаўляемы як свецкім, гэтак і законным духавенствам як прыватна, гэтак і публічна ў касцёлах ".
Да гэтага часу належыць першы вядомы абраз з выявамі жыцця і цудаў св. Казіміра, які выканаў у Рыме вядомы мастак Джакома Лаўра. Праца рабілася пэўна на замову князя Станіслава Любамірскага, які на той час навучаўся ў Італіі, бо ўнізе змешчаны ягоны герб. На абразу, што мае назоў "S. Casimirus Polonus princeps Poloniae" , святы намаляваны ў адзеннні, уласцівым высакародным асобам старажытнага Рыму. На адным з бакавых абразкоў (№9) правабоч цэнтральнае выявы мастаком адлюстраваная падзея 1518 году пад Полацкам. Пад абразком надпіс "Exercitum Polonum post mortem ei apparens per fluvium traducit" (Пасля смерці зьявіўшыся польскаму войску, перавеў яго праз раку) .
Аднак цэнтральная выява святога не задаволіла ані свецкіх, ані духоўных герархаў Рэчы Паспалітай. З гэтае прычыны праз некалькі гадоў, замаўляючы кёльнскаму майстру Пятру Авэраду (Peter Overradt) шэраг медзярытаў з выявамі святых пад назвай "Icones et miracula sanctorum Poloniae" , заказчык абірае за ўзор выяву святога з абраза капліцы віленскае катэдры. Кёльнскі абраз святога Казіміра мае назву "S. Casimirus de regia Iagellonia stirpe Casimiri Regis filius Poloniae ac Litvaniae princes et patronus" ( Св. Казімір каралеўскага роду Ягелонаў сын караля Казіміра, князь і апякун Польшчы і Літвы) . Выразна відаць ягонае стылёвае падабенства з абразом, выкананым раней Джакомам Лаўрам. Аднак цэнтральная выява тут мае больш гістарычнага падабенства і выкананая ў адпаведнасці з царкоўнай выяўленчай традыцыяй. На абразы між іншых цудаў гэтак сама знайшлося месца для цуда пад Полацкам. Надпіс пад выявай №11 паведамляе: "Exercitui Regis Polo[niae] Sub Polocia p[er] fluvium [...]ctabile con[tra] Moscos visibilis dux et auctor victoriae fuit a[nn]o 1518" (Войска караля Польскага пад Полацкам праз раку [перавёў], супраць маскавітаў бачным ваяводам і стваральнікам перамогі быў. 1518 год) .
Варта адзначыць, што яшчэ неаднойчы святы Казімір спрыяў абаронцам Айчыны. Гэтак было 23 чэрвеня 1601 г. у бітве пад Кокэнгаўзэнам (Кокнэсэ, Латвія), 23 верасня 1604 г. пад Вітэнштайнам (Пайдэ, Эстонія) і 27 верасня 1605 г. пад Кірхгольмам (Саласпілс, Латвія), калі войска на чале з Янам Каралем Хадкевічам перамагала значна большыя швэдскія войскі. [1, с. 21-22] Ня дзіва, што віленскае выданне 1638 году службы святому Казіміру ўтрымлівае апрача згаданае службы і службу падзякі за перамогу на туркамі пад Хоцінам 10 кастрычніка 1621 г. [10]
У 1621 годзе Папа Павел V прыймае рашэнне пашырыць культ святога на ўсю Каталіцкую царкву і далучыць яго да рымскага брэвіару. З гэтае прычыны манах Гілярыён з Неапалітанскага аўгустынскага манастыру абагульняе звесткі пра святога Казіміра і, пераклаўшы іх на італьянскую мову, пускае ў 1629 годзе ў свет пад назвай " Кароткі агляд жыцця, смерці і цудаў святога князя Казіміра, сына Вялікага караля польскага Казіміра, паведамленае мансыньёрам Захарам Ферэрам, Кромэрам, Стрыйкоўскім і іншымі. Сабрана і пушчана ў свет Найвялебным айцом Гілярыёнам братам манастыра святога Антонія, басаногіх італьянскіх аўгустынцаў ...". Між шасці змешчаных тут медзярытаў мастака Нікалё Пэры пачэснае месца займае выява пераходу войска праз Дзвіну. Папярэднічае ёй надпіс: "З'яўляецца бачным св. Казімір падобна вайскоўцу, які быў апрануты ў белую вопратку на белым кані, і паказвае шлях жаўнерам, каб перайсці бясьпечна раку, і гэткім чынам атрымаць перамогу над маскавітамі. Цуд II." [11, с. 105]
Ад часу пацверджання Святым Пасадам кананізацыі каралевіча культ святога Казіміра ў Вялікім Княстве ўсё шырыцца, пра яго апавядаюць як пра апекуна ўсяе краіны. У 1636 годзе Папа Урбан VIII, ідучы на сустрач вернікам, абвяшчае святога Казіміра апекуном Вялікага княства Літоўскага.
У 1650 годзе Каталіцкая царква ўрачыста адзначала чарговы Юбілей. На ўрачыстасцях прысутнічаў плоцкі канонік і пробашч крамянецкі Станіслаў Ліпскі, які меў казань аб святым Станіславе. Без сумневу з ягонае ініцыятывы пабачыла свет выданне "Стрыманыя амбіцыі" , прысвечанае святому Казіміру. Яно ўтрымлівае песню, напісаную рымскім літаратарам Марыё Чэвалі і абраз, які выканаў сын Джакома Лаўры Мікеле. Ён узяў за аснову абраз, зроблены ў 1603 годзе ягоным бацькам, а цэнтральную выяву пазычыў з абраза Пятра Авэрада. Унізе замест герба Любамірскага быў змешчаны радавы герб Ліпскіх "Лада". Зразумела, што прысутнічала тут і выява полацкай падзеі. [12, с. 3]
Пасля чарговай крывавае вайны з усходнім суседам гетман вялікі літоўскі Міхал Казімір Пац закладае ў Вільні ў падзяку за перамогу касцёл Пятра і Паўла на Антокалі. Першая з правага боку капліца атрымлівае назву "Capella SS. Militum martyrum" (Капліца св. Ваяроў пакутнікаў). У верхняй частцы капліцы заказчык пажадаў змясціць выяву пераводу святым Казімірам войска праз Дзвіну. Мо зроблена гэта было на ўспамін пра перамогу, атрыманую войскам Вялікага княства Літоўскага над расейскім 4 лістапада 1661 году ля Кушлікаў на беразе той самай Дзвіны. Праца віртуозна выкананая мілянскім скульптарам Джавані П'етра Пэрці недзе ў 1677-1684 гг.
Сталася традыцыяй звяртацца па дапамогу да святога Казіміра ў справе абароны ад ворагаў. Да яго ж у 1683 годзе перад паходам пад Вену супраць туркаў звяртаўся кароль Ян ІІІ Сабескі і ягонаму ж заступніцтву прыпісваў перамогу над захопнікам. Яму ж кароль прысвяціў збудаваны ў 1688-1692 гг. у гонар венскае перамогі касцёл на рынку Новага места ў Варшаве.
Просты ж люд ў вершы-малітве гэтак звяртаўся да святога:
Княжа нязломны, святы Казіміру,
Сын каралеўскі і слава Айчыны,
Ты нібы зорка, што засвяціла
Над нашай зямлёю...
Езуіты, будуючы ў XVIII ст. у Горадні касцёл у гонар Францішка Ксавэрыя, таксама ўшанавалі святога Казіміра і слаўную перамогу пад Полацкам. Верхняя выява ў правым бакавым алтары нагадвае пра тую векапомную падзею. На абразу каралевіч, у адрозненне ад пісанага ў кананізацыйных матэрыялах, намаляваны ня ў белым аддзенні, а ў чырвонай мантыі і са сцягам у руцэ.
Знакаміты мастак Францішак Смуглевіч таксама не забыўся на апекуна Вялікага княства Літоўскага. Практыкуючы ў Рыме ў 1763-1784 гг., малюе ён для збудаванага яшчэ пры канцы ХVI ст. у Вечным Горадзе касцёла святога Станіслава абраз "Святы Казімір дапамагае войску ў бітве пад Полацкам".
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай асоба святога Казіміра, як абаронцы Айчыны, страціла актуальнасць, бо знікла дзяржава за абаронцу якой уважалі каралевіча. А разам з гэтым знікла і полацкая тэма. Толькі ў ХХ-м стагоддзі з паўстаннем на крушнях Расейскае імперыі новых краінаў аднавілася належнае шанаванне святога. Насамперш гэта тычыцца незалежнай Літвы, дзе выразна назіраецца аднаўленне Казімірыяны.
Літоўскі мастак Ёнас Мацкявічус, запрошаны да аздаблення катэдры новапаўсталае Панявескае эпархіі, выконвае ў 1932 годзе ў алтарнай частцы касцёла Ўладара Хрыста ў Панявежы фрэскавы роспіс пад назовам "Цуд ля Полацку". Фрэска памерам 22х14 метраў спалучае ў сабе рысы дзвюх падзеяў: уласна полацкі цуд і іншы цуд з часу тае самае вайны (1519), калі святы Казімір з'явіўся ў нябёсах і дапамог літоўскаму войску перамагчы ворага.
У 1986 годзе мастак Антанас Кмеляўскас выконвае для збудаванай у 1924 годзе паводле праекту Антона Вівульскага капліцы З'яўлення Найсвятой Дзевы Марыі ў невялікім жамойцкім мястэчку Шылаве (між Шаўлямі і Расенамі) некалькі абразоў, якія былі размешчаныя над алтаром. Адзін з іх паказвае нам святога Казіміра на белым кані ў кароне, які жэстам запрашае згуртаваўшыхся на беразе ваяроў ісці за ім праз Дзвіну.
І пэўна апошняя мастацкая праца на полацкую тэму гэтак сама належыць пэндзлю прафэсара Кмяляўскаса. У 2006 годзе для алтара невялікага, збудаванага яшчэ ў 1784 годзе, касцёла святога Казіміра ў вёсцы Вежайчай, што бліз Клайпеды, мастак стварае абраз святога. Пастава каралевіча ў адрозненне ад папярэдняй працы Кмяляўскаса, больш статычная і ўрачыстая. Тут святы Казімір выглядае падобным да абраза ў віленскім катэдральным касцёле св. Станіслава, але які сядзіць на белым кані.
Натуральна паўстае пытанне: дзе тое месца, што мае такую багатую шматвекавую іканаграфічную гісторыю, падзеі, што паўплывала на культуры розных народаў, а насамперш на лёс самога Полацка? Алберт Віюк Каяловіч у "Зборы фактаў, датычных стану царквы ў Вялікім княстве Літоўскім" падае інфармацыю, што полацкія езуіты, атрымаўшы на падставе прывілея караля Сцяпана Батуры мясцовасць, дзе ў 1518 г. здарыўся цуд, збудавалі тут у 1642 годзе драўляны касцёл святога Казіміра. [13, с. 33] Словы Каяловіча вартыя даверу, бо ў полацкай езуіцкай калегііі ў 1649-1652 гадах выкладаў філязофію ягоны малодшы брат Казімір, які ў 1672 годзе заняў пасаду рэктара гэтай установы. Езуіцкі картограф Ян Няпрэцкі пазначае на сваёй карце, што ў 1749 годзе выйшла з друку ў Нюрэнбергу, Казімірова ля Дзвіны. Звестак жа пра тое, якім жыццём жыў касцёл і што за ўрачыстасці адбываліся тут у дзень святога Казіміра, не захавалася. Толькі з "Lustratora Połockiego z Dobr Ex-Iezuickich..." [14], складзенага ў 1774 годзе рэвізорам Гіляром Абрампальскім для перадачы дзяржаве маёмасці скасаванага Папам Клементам ХIV Таварыства Ісуса, мы дазнаемся, што ў Казімірове стаіць "касцёл св. Казіміра, якому патрэбны рамонт з прычыны перакосу сценаў і адной нахіленай вежы. А ў касцёле, акрамя алтара і абразоў, больш нічога няма" .
Пра той самы касцёл, што стаяў на месцы, дзе ваяры Альбрэхта Гаштольда і Яна Баратынскага былі сведкамі цуду, ёсць яшчэ згадка з першай паловы ХІХ стагоддзя. Выхаванец Полацкае калегіі езуітаў, пісьменнік Ян Баршчэўскі ў апавяданні "Плачка" , паведамляючы пра з'яўленне ў розных месцах Полацка і наваколля жанчыны ў белым строі з чорным уборам на галаве і чорнай хусткай на плячах (Багародзіца Тужлівая), піша, што бачылі Яе "найчасцей у пакінутых дамах, у пустых касцёлах і на руінах ". І далей апавядае, што "бачылі Яе і каля касцёла святога Казіміра. Сядзела Яна перад дзвярыма гэтай святыні ад заходу аж да ўсходу сонца.. .". [15, с. 134] Адсюль напрошваецца выснова, што пасля выгнання езуітаў, касцёл пуставаў, або службы ладзіліся зрэдку.
Далей ужо звестак ані пра брод, ані пра касцёл, няма. Захавалася толькі назва вёскі Казімірова, дзе ён стаяў. На пачатку ХХ ст. у гэтай вёсцы быў толькі праваслаўны прыход царквы Ўспення Багародзіцы.
Як тут адшукаць на Дзвіне месца таго вялікага, але прызабытага цуду, які здзейсніў святы Казімір? Каштоўную дапамогу можам атрымаць ад таго ж Яна Баршчэўскага. Знакаміты пісьменнік, з замілаваннем апісваючы ў 1844 г. у нарысе "Полацак " мясціны, дзе прайшлі ягоныя дзіцячыя і юнацкія гады, заўважае: "У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў апавяданні тутэйшых жыхароў мае нейкую гістарычную памятку; на другім беразе Дзвіны за некалькі вёрстаў адсюль стаіць невялічкі касцёл св. Казіміра; тут, апавядаюць, з'явіўся Казімір перад войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння паказваюць у тым месцы пад Струнню пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла войска ". [15, с. 91]
Падобна, што месца тое трэба шукаць між Струнню на адным баку Дзвіны і Казіміровам - на другім. Адлегласць жа па Дзвіне паміж вёскамі блізу трох кіламетраў. З гэтай мэтаю едзем да вёскі Слабада, што стаіць на беразе Дзвіны за 700 м на ўсход ад Струнні. На гародзе корпаецца сталага веку мужчына. На пытанне пра бліжэйшы брод на Дзвіне адказвае, што "раней сапраўды трохі далей, дзе ўліваецца ў Дзвіну Насіліцкая рэчка, быў дагодны брод, складзены з камянёў, які выглядаў, нібы брукаваная дарога з аднога берагу ракі на другі. Кажуць, што ў даўніну нейкае войска, магчыма французскае, перайшло тут рэчку ". Людская памяць - рэч недасканалая, гэтак безліч крывіцкіх курганоў сяляны часта звалі французскімі або шведскімі магіламі. Дакументы ж 1812 года пераправу войскаў у гэтым месцы не фіксуюць. З іх вынікае, што французы занялі Полацк па паўднёвым беразе Дзвіны з боку Дзісны. Галоўныя сілы пайшлі далей на Вулу і Бешанковічы, а асобны аддзел пераправіўшыся на паўночны бок у Полацку, рушыў уздоўж Дзвіны ў кірунку Віцебска, кантралюючы перасоўванні расейскіх войскаў. Гэты аддзел злучыўся з галоўнымі сіламі, перайшоўшы Дзвіну ў Бешанковічах. Аднак нейкае войска тут, пэўна ж, пераходзіла, і войскам гэтым была дружына Вялікага княства Літоўскага, што ішла ўлетку 1518 года на дапамогу Полацку. Апісанне броду, дадзенае жыхаром Слабады, надта падобнае да апісання Яна Баршчэўскага. Брод, паводле словаў старога, зрылі адносна нядаўна, калі чысцілі рэчышча.
Перабіраемся на другі бок Дзвіны. Едзем карыстаючыся апісаннем Экіманскае парафіі Полацкага дэканату з 1784 году: "Мінуўшы Барысаглебскі манастыр, маючы па левай руцэ Дзвіну і адкрытае поле, па правай - вялікі лес, праз два вялікія валы праз мілю маем Казьянкі, двор і вёску пана Шаўмана адразу ля дарогі па левай руцэ. Далей праз некалькі сотняў крокаў маючы па правым баку - лес, па левым - поле, карчма Яго Вялебнасці айца архібіскупа над самай Дзвіной. Адсюль праз паўтары вярсты адкрытым полем - вёска Кулакі айца ігумена. Далей пяшчанай дарогай праз некалькі сотняў крокаў карчма і Казіміроўская слабада пана Шаўмана, ад двара якога і касцёла Казіміра ў левы бок звілістай сцежкай праз масток да сажалкі пры млынку на рэчцы Казіміроўцы, што ўпадае ў Дзвіну ля самага двара. " [16, с. 54] Тут у Казімірове ад 80-гадовай жанчыны даведаліся, што найбліжэйшы ад вёскі брод быў ніжэй па рацэ: "Недзе ў 1980 г., калі была вялікая сухмень, узровень вады ў Дзвіне быў такім нізкім, што весляры, пераплываючы брод на лодцы, білі вёсламі па камянях. Тады пачалі паглыбляць рэчышча і зрылі брод ". Жанчына ня чула пра існаванне ў вёсцы касцёла, адно толькі магла згадаць пра панскі двор і Ўспенскую царкву на могілках, пры дарозе да вёскі Шаўкова. Гэткім чынам, сабраныя па розныя бакі Дзвіны ў Слабадзе і Казімірове звесткі пра брод, адсылалі нас да аднаго месца на рацэ. Трохі прайшоўшы з Казімірова берагам у бок Струнні і спусціўшыся па пакручастым схіле да Дзвіны, убачылі насупраць утоку Насіліцкай рэчкі, захаваную каля берага частку былога брода даўжынёй недзе метраў з дзесяць. Праз яго імкліва каціла свае воды магутная рака.
Ну вось нарэшце і яно, месца забытага цуду над Дзвіной!
Літаратура:
1. Acta sanctorvm Martii a Ioanne Bollando S.I. colligi feliciter coepta. A Godefrido Henschenio et Daniele Papebrochio eiusdem Societatis Iesu aucta, digesta & illustrata. Tomvs 1. Cui præmittitur tractatus de vita, virtutibus et operibus Ioannis Bollandi, arduo labori gloriose immortui. Subiunguntur Synaxarion Basiliy Imper. et Acta Græca ad octo primos, qui hic contine[n]tur, dies pertine[n]tia. Antverpiæ : Apvd Iacobvm Mevrsivm, 1668.
2. Swiecicki, Gregorius. Theatrvm S. Casimiri. In Qvo Ipsivs Prosapia, Vita, Miracvla & illustris pompa in solemni eiusdem apotheoseos instrauratione, Vilnæ Lithuaniæ Metropoli, VI. Id. Maij, Anno D[omi]ni M.DC.IV. instituta graphice proponuntur. Vilnae : Operis typographicis Academiae Societatis Iesu, 1604.
3. Piotr Pękalski. Żywoty świętych patronów polskich : z ośmią rycinami . Kraków : w drukarni C. K. Uniwersytetu Jagiellońskiego, 1862.
4. Martinus Cromerus. Oratio Martini Cromeri in fvnere optimi & maximi principis, Sigismundi, eius nominis primi Polonorum, Litvanorum, Russorum, Prussorum, & Masouiorum Regis, c ., Crac[coviae], Apud Viduam Hiero. Vieto., 1548.
5. Lipnicki, Augustyn. Życie, cuda i cześć świętego Kazimierza Królewicza Polskiego, Wielkiego Księcia Litewskiego . Wilno : Józef Zawadzki, 1907.
6. Wapowski, Bernard. Rocznika świeto-krzyskiego dopełnienie drugie z kodexu IX, 1492-1556 // Monumenta Poloniae historica. Pomniki dziejowe Polski . T. 3, Lwów : w komisie Księgarni Gubrynowicza i Schmidta, 1878.
7. Fryderyk Papée. Święty Kazimierz królewicz Polski . Lwow : Macierz Polska, 1902.
8. Janocki, Jan Daniel. Janociana : sive Clarorum Atque Illustrium Poloniae Auctorum Maecenatumque Memoriae Miscellae . Vol. 2, 1779, Varsaviae ; Lipsiae. Apud Michaelem Groellium,
9. Ferreri, Zaccaria. Vita Beati Casimiri Confessoris : ex serenissimis Poloni[a]e regibus & magnis Lituani[a]e ducibus clarissimia a a Reverendissimo patre d[omi]no Zacharia Ferrerio Vicentino pontifice Gardien[se]: in Polonia[m] & Lituania[m] legato apostolico ex fide dignor[um] testium depositionibus scripta. [Cracoviae] : [Johann Haller], [1521].
10. Officium S. Casimiri confessoris M.D. Lithuaniae patroni, ab Urbano VIII pontifice maximo ad instantiam illustrissimi ac reverendissimi domini d. Abrahami Woyna. D. g. episcopi Vilnensis in dioecesi Vilnensi per Octavam recitari concessum . Vilnae : typis Academicis Societatis Iesu, 1638.
11. Fra Hilarione. II breve compendio della vita, morte e miracoli del Santissimo Prencipe Casimire, Figlio del Magno Casimiro re di Polonia, riferita da Monsignore Zaccharia Ferrerie, da Cromero, Stryikovio, et altri. Raccolta e data in luce dal R. P. Fra Hilarione di Sant' Antonio scalzo Agostiniano d'Italia con alcune cose notabili nel fine per ammaestramento de Prencip i. Napoli : per Aegidio Longo, 1629.
12. Cevoli, Mario. L'ambitione soggiogata. Canzone del signor Mario Cevoli romano. In lode di S. Casimiro Prencipe di Polonia . In Roma : Per Lodouico Grignani, 1650.
13. Wiiuk Koiałowicz, Albertus. Miscellanea rerum ad statum Ecclesiasticum in Magno Lituaniae Ducatu pertinentium. Collecta ab Alberto Wiiuk Koiałowicz Societ. Iesu, S. Theol. Doct. Almae Universitatis Vilnensis Procancellario, et Ordinario S. Theolo. Professore. Vilnae : Typis Academicis, 1650.
14. [Obrompalski, Hilary]. Lustrator Połocki z Dobr Ex–Iezuickich, ad Archivum J. O. Xcia, Jmci. Radziwiłła, Mar. Gener. Konf.: WXL. C. D., рукапіс, 1774 г. // Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. Кніга паступленняў-17, № 20222.
15. Баршчэўскі, Ян. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях . Мінск. Мастацкая літаратура, 1990.
16. Bartlomiej Gawrylczyk. Dekanat Połocki w świetle opisów parafii z 1784 roku , Białystok. 2005.