Папярэдняя старонка: Баўтовіч Міхась

Вацлаў Бубноўскі - вучань Івана Хруцкага 


Аўтар: Баўтовіч Міхась,
Дадана: 14-06-2017,
Крыніца: Баўтовіч Міхась. Вацлаў Бубноўскі - вучань Івана Хруцкага // Іван Хруцкі: мастацтва ў дыялогу культур : матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага жывапісца XIX стагоддзя Івана Фаміча Хруцкага (5 верасня 2010 года, г. Полацк). - Мінск : Белпрынт, 2010. - 167 с.; іл. С.77-83.



Сёньня больш менш вядома пра род Iвана Хруцкага, насамперш дзякуючы намаганьням ягонай праўнучкі Ядзьвігі Маціеўскай. Пра род жа жонкі мастака Ганны Хруцкай (народж. Бубноўскай) зьвестак замала, хаця і ў ім маюцца асобы ня менш таленавітыя.

Вацлаў Бубноўскі(здымак 1920-х гадоў).

Брат Ганны Ксавэр'еўны Аляксандар Бубноўскі пабраўся шлюбам з Францішкай Корсак. У 1878 годзе ён валодаў землямі Глаты і Дубянец [1, с. 339]. У сям'і нарадзілася чацьвёра дзетак. Старэйшым сынам быў Ксавэры, які прыйшоў на сьвет у 1860 годзе. У пачатку 1880-х ён навучаўся ў Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі ў Маскве. Паселішчы, якімі валодалі Бубноўскія, на карце 1929 г.; Алтар касьцёла Яна Хрысьціцеля ў Служаве. 12 сьнежня 1884 году быў арыштаваны ў маёнтку Прасіменцы ля Полацку (цяпер у межах горада) з прычыны наяўнасьці ягонага імя ў паперах вядомага народавольца Германа Лапаціна. Сьледзтва цягнулася да сярэдзіны 1886 году, але даказаць віну Ксавэрыя следчыя ня здолелі. У 1906 годзе Ксавэры валодаў фальваркам Навагуршчына Арцейкавіцкае воласьці. Ва ўладаньні ж бацькі заставаліся маёнткі Дубянец 1-ы і Дубянец 2-і, фальваркі Забалотнікі і Ракава, засьценак Вайтоўка (усе Узьнясенскае воласьці). [2, с. 297, 302-304]

Больш жа вядомым стаўся малодшы Вацлаў, якога можна назваць духоўным спадкаемцам Івана Хруцкага. Нарадзіўся Вацлаў 15 жніўня 1865 году ў маёнтку Дубянец (7 км на паўночны захад ад Расонаў). З прычыны таго, што ў паперах скульптар запісаў месцам нараджэньня "Дубянец каля Полацка" гісторыкі аднесьлі Бубноўскага да ўраджэнцаў Полацкага раёну [3, с. 639]. Аднак Полацкі раён ня тоесны Полацкаму павету ХІХ ст. Мясьціны згаданых вышэй бацькавых маёнткаў у Вазьнясенскай воласьці цяпер уваходзяць у склад Расонскага раёну. Які ж з двух Дубянцоў належыць прыймаць за месца нараджэньня Вацлава. Паводле "Сьпіса населеных месцаў …" Дубянец 1-ы знаходзіўся ў 10 км ад валаснога цэнтра Альбрэхтова, а Дубянец 2-і - у 12 км [2, с. 303].

На карце 1929 году Дубянец 1-ы мае назву Нова-Дубянец, а Дубянец 2-і - Стара-Дубянец. Прыгледзіўшыся ўважліва да зьмешчаных на карце плянаў заўважым, што Дубянец 2-і (або Стара-Дубянец) больш адпавядае выгляду шляхецкага двара (гаспадарчыя пабудовы, сад), чым Дубянец 1-ы, плян якога адпавядае звычайнай вёсцы. Сёньня з былых уладаньняў Бубноўскіх захавалася толькі вёска Глаты. На месцах Дубянцоў, Ракава і Вайтоўкі нейкіх сьлядоў пабудоваў не захавалася. Спробы выявіць на абодвух могілках у вёсцы Глаты пахаваньні некага з Бубноўскіх былі няўдалымі. Сям'я найхутчэй належала да рыма-каталіцкай парафіі Гарбачова-Абытокі, магчыма і пахаваныя недзе там.

Зь дзяцінства Вацлаў быў слабога здароўя і бацькі позна аддалі яго вучыцца, пачатковую адукацыю атрымаў дома. З маленства падабалася яму ляпіць з хлеба фігуркі розных жывёлаў, людзей. Найвялікшым задавальненьнем для малога былі адведзіны цёткі Ганны ў Захарнічах, калі можна было аглядаць карціны, вучыцца пачаткам маляваньня ў свайго знакамітага дзядзькі. Пад уплывам Івана Хруцкага Вацлаў вырашыў паступіць на вучобу ў Маскоўскую вучэльню жывапісу, скульптуры і дойлідзтва (Московское училище живописи, ваяния и зодчества).

Аднак правучыўся там нядоўга і ў 1888 годзе зьехаў да Кракава, дзе працягнуў навучаньне ў Школе прыгожых мастацтваў (Szkoła Sztuk Pięknych), якой кіраваў Ян Матэйка. Ягонымі настаўнікамі былі мастак Ісыдор Яблонскі і скульптар Альфрэд Даўн. Пасьля сканчэньня ў 1895 годзе асноўнага курсу Вацлаў практыкаваўся ў парыскай Акадэміі Каляросі (Academie Colarossi), якую скончыў і Поль Гагэн. У 1896 годзе Бубноўскі працягваў навучаньне ў Кракаве на аддзеленьні скульптуры, потым яшчэ год у Ваза з жабай і яшчаркай;  Вазон з жаночай фігурай. Акадэміі прыгожых мастацтваў (Akademie der Bildenden Künste) у Мюнхене. Пасьля вяртаньня ў Кракаў пачаў займацца дэкаратыўнай скульптурай і ўжытковым мастацтвам.

У 1898 г., пабраўшыся шлюбам з Зоф'яй Галецкай, Бубноўскі перабіраецца да Варшавы. Выстаўляе свае творы ў Таварыстве спрыяньня прыгожым мастацтвам (скульптуры Амбон з выявамі эвангелістаў; Хрысьцільня з барэльефам ‘Выгнаньне з Раю’. Жывапіс, Аза, Галава Мадоны, Хрыстос), вырабляе для фірмы братоў Лапенскіх шэраг мэдальёнаў выдатных суайчыньнікаў. Шчыльна працуе зь вядомым варшаўскім скульптарам Зыгмунтам Ота, супольная скульптурная група для фасаду будынка Таварыства спрыяньня прыгожым мастацтвам у Варшаве адзначана першай прэміяй.

Пасьля нядоўгага побыту ў Варшаве ў 1900 г. скульптар перабіраецца ў вёску Служава, што знаходзіцца на поўначы Польшчы ў Куяўскім ваяводзтве. Пэўна Бубноўскаму, як і ягонаму знакамітаму дзядзьке, не да спадобы быў тлум вялікіх местаў. Запрасіў Вацлава ў Служава ўладальнік вёскі Лявон Вадзінскі, зь якім той пазнаёміўся ў Парыжы. Вадзінскі задумаў рэстаўрацыю старога, збудаванага ў 1560 годзе, позьнегатыцкага касьцёлу Яна Хрысьціцеля. Нутраное аздабленьне ён даручыў Бубноўскаму. Скульптарам быў выкананы алтар, дзе разьмешчаныя дзьве скульптуры "Багародзіца зь дзіцём" і "Пьета". Створаны амбон з выявамі эвангелістаў, хрысьцільня з барэльефам "Выгнаньне з Раю", аздобленыя калятарская ложа і арганныя хоры. Праца скончаная ў 1903 годзе. У часе працы над аздабленьнем касьцёлу скульптар не парывае кантактаў з Таварыствам спрыяньня прыгожым мастацтвам і ў 1900, 1902, 1903, 1906 бярэ ўдзел у ладжаных празь яго выставах.

Вадзінскі быў надта задаволены выглядам інтэр'еру храма і, жадаючы працягнуць супрацоўніцтва са скульптарам, заклаў на ўласныя сродкі невялікую фабрыку керамічных вырабаў, што пачала працаваць паводле праектаў Вацлава Бубноўскага. Яна выпускала розныя дэкаратыўныя збаны, кубкі, вазы, попельніцы, фігуркі, якія карысталіся вялікім попытам у турыстаў, што наведвалі недалёкае ад Служава курортнае мястэчка Цехацінак.

У 1905 годзе Бубноўскі, назапасіўшы грошай, набыў у Вадзінскага ў Александрове старую карчму з садам, дзе заклаў сваю скульптурна-керамічную майстэрню. У гэтай майстэрні ў 1905 годзе ён стварыў на замову пяць скульптур, што сёньня ўпрыгожваюць фасад касьцёла Пятра і Паўла ў Цехацінку.

Фасад касьцёла ў Цехацінку;  Галерэя сьвятых на фасадзе касьцёла.

Тутака ж былі створаныя з тэракоты стацыі крыжовае дарогі для касьцёлаў у Нешаве і Рацёнжку. Да таго ж часу належыць рэльефнае пано вырабленае для алтара касьцёла Перамяненьня Гасподняга ў Александрове. Маленькае мястэчка цалкам задаваляла скульптара і ён асеў тут на стала. Ляпіў з задавальненьнем у правінцыйнай цішы, аднак прадукцыя добра куплялася ў Варшаве. Даходзіла яна і да Бэрліну зь Лёнданам. Перарвала задумы скульптара сьмерць у 1914 годзе жонкі і першая сусьветная вайна. Бубноўскага апанавала дэпрэсія.

Выява 3-й стацыі і Крыжовае Дарогі (з касьцёла Сьв. Ядзьвігі ў Нешаве);   Выява 8-й стацыі Крыжовае Дарогі (касьцёл Усіх Сьвятых у Рацёнжку); Заснулая німфа;   Слон (мініятура).

Прайшло некалькі гадоў. Скульптар другі раз пабраўся шлюбам, абранніцай ягонай стала мясцовая выхавацелька Алена Дурайская. У іх нарадзілася дачка Марыя (у замустве Фішар). Пасьля набыцьця Польшчай незалежнасьці Бубноўскі абмяжоўвае кантакты з творчым асяродкам Варшавы, не прыймаючы новых павеваў. З твораў гэтае пары можна адзначыць створаны ў 1919 г. бюст жонкі. Ад 1922 году скульптар працуе настаўнікам маляваньня ў Александроўскай гімназыі. Ціха працягвае працу ў сваёй майстэрні. У складзе Ўлацлаўскае рамеснае палаты прыймае ўдзел у Прамыслова-рамеснай выставе, што праходзіла ў Гдыні з 26 чэрвеня па 1 верасьня 1935 году. Праца керамічнае майстэрні Бубноўскага на выставе была адзначаная срэбным медалём.

1939 год. Новая вайна. Сродкаў для існаваньня не стае і творца пачынае паступова прадаваць сваю калекцыю. У сьнежні 1944 году на запаленьне лёгкіх захварэла жонка і празь некалькі дзён памерла. Неўзабаве цяжка захварэў сам Бубноўскі і адышоў у іншы сьвет 26 траўня 1945 году. Пахаваны побач з жонкай на могілках у Александрове.

Вокладка кнігі, выдадзенай Улацлаўскім музэем.

У 1998 годзе за значны культурны ўносак Вацлаў Бубноўскі уганараваны званьнем ганаровага грамадзяніна Александрова.

Нарэшце ў 2009 годзе ў сьвет выходзіць першае грунтоўнае выданьне, прысьвечанае творчасьці майстра [4].


Сьпіс літаратуры

1. Памятная книжка Витебской губернии на 1878 год / сост. А.М. Сементовский. - Витебск Витебский губернский статистический комитет, 1878. - 416 с.

2. Список населенных мест Витебской губернии / под ред. А. П. Сапунова. - Витебск : Витебский губернский статистический комитет, 1906. - 450 с.

3. Памяць : гіст.-дакум. хроніка Полацкага раёна / рэд. Л.М. Базулька, Г. П. Берліна, Р. І. Маслоўскі. - Мінск : Вышэйшая школа, 1999. - 700 с.

4. Krystyna Kotula. Wacław Bębnowski 1865-1945. Katalog dzieł ze zbiorów Muzeum Ziemi Kujawskiej i Dobrzyńskiej we Włocławku. - Włocławek : Muzeum Ziemi Kujawskiej i Dobrzyńskiej, 2009. - 112 s.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX