Папярэдняя старонка: Баўтовіч Міхась

Плач над спаленым Полацкам 


Аўтар: Баўтовіч Міхась,
Дадана: 11-11-2017,
Крыніца: Баўтовіч Міхась. Плач над спаленым Полацкам // Сборник докладов научно-краеведческой конференции к 90-летию Краеведческого музея Полоцка (7-8 декабря 2016 г.) / Национальный Полоцкий историко-культурный музей-запаведник; сост. И. П. Воднева. [Электронный ресурс].

Спампаваць




Дэвулінскае замірэнне між Рэччу Паспалітай і Расейскай дзяржавай, што прадугледжвала супакой на межах ад 4 студзеня 1619 г. да 5 ліпеня 1633 г., не прынесла трывалага міру. Масква рыхтавалася да рэваншу і таму гуртавала войска, так што праз 10 гадоў колькасць яго перавысіла 90 000 жаўнераў. 30 красавіка 1632 г. у Варшаве памірае ад інсульту кароль Жыгімонт ІІІ Ваза. Сітуацыя бескаралеўя падштурхнула маскоўскае кіраўніцтва да актыўных вайсковых дзеянняў і Земскі сабор у Маскве, не чакаючы на сканчэнне тэрміну Дэвулінскага замірэння, 20 чэрвеня 1632 г. прыняў рашэнне аб пачатку чарговае вайны з Рэччу Паспалітай. 20 верасня 1632 г., у той час калі эліта Рэчы Паспалітай сабралася ў Варшаве на элекцыйны сойм, расейскае войска на чале з ваяводам Міхайлам Шэіным рушыла з Мажайску ў заходнім кірунку. Галоўнай мэтай вайсковых дзеянняў, распачатых расейскім бокам, было здабыццё Смаленску, з гэтае прычыны збройны канфлікт 1632-1634 гг. часцяком мянуюць Смаленскай вайной.

Мапа да артыкула.

Аднак апрача галоўных сілаў, сканцэнтраваных у раёне Смаленск - Дарагабуж, дзейнічалі асобныя расейскія вайсковыя групы, задачай якіх было адцягнуць як мага больш войскаў Рэчы Паспалітай ад Смаленску і гэтым аблегчыць яго здабыццё. Гэтак на поўначы ў Вялікіх Луках знаходзілася групоўка пад началам вялікалуцкага ваяводы Пятра Рапніна. Мела яна каля 2000 вайскоўцаў ня толькі ў пешых палках, але і конных, што дазваляла здзяйсняць рэйды ўглыб тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Першай удалай акцыяй гэтай групоўкі была выправа на Невель. Расейскі аддзел, які налічваў каля 800 жаўнераў, 20 лістапада 1632 г. узяў у аблогу Невель. Наступнага дня пасьля няўдалага для абаронцаў бою быў заняты пасад, а праз чатыры дні, ня маючы ніадкуль падмогі капітуляваў малы гарнізон замку (60 чал.) на чале са смаленскім падстоліем Пятром Мравінскім. [1, c. 141] Заняцьцё Неўля адчыняла расейскім аддзелам шляхі на Віцебск і Полацк. У той самы час войска пскоўскага ваяводы Фёдара Ялецкага выпадам з Апочкі заняло Себеж. [2, c. 238] Ужо праз некалькі дзён была здзейсненая выправа ў раён возера Турычына, што між Неўлем і Полацкам. 7 снежня зноў рэйд, гэтым разам да возера Нешчарда. 25 снежня чарговы рэйд у полацкім кірунку ў раён возера Колпіна. Невялікія аддзелы мясцовай шляхты спрабавалі чыніць супраціў, аднак, як прыкладам аддзел Корсака пад Себежам, былі разбітыя лічэбна значна большымі расейскімі групоўкамі. [3, c. 300] Полацкае жыхарства пачало рэальна адчуваць навіслую над горадам пагрозу. [4] Насамперш яно лічыла, што віной таму Пётар Мравінскі, які здачай Неўля адчыніў шлях ворагу да старажытнага гораду. [5] Полацкая шляхта на грамнічным сойміку 5 лютага 1633 г. абавязалася сфармаваць гайдуцкую харугву над началам мясцовага ротмістра Аляксандра Рыпінскага. [6] Полацкі ваявода Януш Кішка, які ўзімку 1633 г. знаходзіўся ў Полацку неаднойчы прасіў польнага гетмана Крыштапа Радзівіла прыслаць якую-небудзь харугву для прыкрыцця горада з поўначы, аднак дзейснае падтрымкі не атрымаў. Польнага гетмана больш абыходзіла праблема фармавання вайсковае групоўкі, каб з надыходам цяпла пачаць ціснуць на расейскае войска Шэіна, што ўзяла ў аблогу Смаленск. Ён рассылаў усім ваяводам Вялікага Княства звароты, каб фармавалі харугвы і высылалі да яго пад Смаленск.

У сакавіку 1633 г. каранацыйны сойм Рэчы Паспалітай прыняў уставу №18 аб паправе памежных замкаў, у якой абавязаўся "Памежныя замкі ВКЛ, то бок Полацкі, Мсціслаўскі, Віцебскі, Суражскі, Вяліжскі, Гомельскі, Рэчыцкі, Усвяцкі, наколькі магчыма рэстаўраваць і добра паправіць нашым коштам абяцаем". [7, c. 375] Аднак нейкіх зрухаў, што да ўмацавання горада, пасля гэтай дэклярацыі ў Полацку не было заўважана. З надыходам вясны сітуацыя яшчэ болей пагоршылася. 2 траўня 1633 году расейскі аддзел з Неўля дасягнуў Юравічаў, што пад самым Полацкам. [1, c. 159] На паўночным захадзе конны аддзел выпадам з Себежа 15 траўня спаліў Асвею, а пасля дайшоў і да Друі. [2, c. 238] Але пакуль у Полацку стаялі аддзелы, што мусілі пазней пайсці пад Смаленск усё выглядала ня надта трагічна. На поўначы дзейнічала конная харугва Аляксандра Віскоўскага, якая спрабавала вязаць надыходзячыя з Неўля варожыя аддзелы. Але не заўсёды гэта атрымлівалася, бо ў другой палове траўня расейцы зноў былі пад Юравічамі. [1, c. 161] Ваявода ж Кішка, атрымаўшы 27 траўня ад караля Ўладзіслава прыпаведны ліст на фармаванне казацкае харугвы ў 100 вершнікаў [8], займаўся падобна гэтай справай. Выразна відаць, што прыярытэты ў будучага вялікага гэтмана Кішкі былі іншыя, чым прыкладам у віцебскага ваяводы Сымона Сангушкі, які ўласным коштам сфармаваў аддзел для абароны горада, сам шчыльна займаўся паправай абарончых збудаванняў, урэшце калі ў чэрвені вялікі расейскі аддзел высланы ваяводам Сямёнам Празароўскім падыйшоў пад гарадзкія муры, ён умелым кіраваннем здолеў адстаяць Віцебск. Ваявода ж полацкі недзе на пачатку чэрвеня, даручыўшы лёс горада свайму намесніку падваяводу Яну Лісоўскаму, на чале сфармаванага аддзела рушыў на заклік свайго швагра палявога гетмана Крыштапа Радзівіла. Полацк застаўся сам на сам з варожаю сілаю, што насоўвалася з поўначы.

Падваявода Лісоўскі, атрымаўшы звесткі пра планаванае новае расейскае ўварванне, намагаўся сабраць войскі для абароны Полацку і хоць уласнымі коштамі паправіць гарадскія ўмацаванні. Але гэта яму не ўдалося. У сваім пратэсце ад 11 чэрвеня ён усклаў віну на частку гараджанаў, што адмовіліся, як даць сродкі на рамонт умацаванняў, гэтак і на перавод, дзеля зручнасці абароны, жыхароў Запалоцкага пасаду да пасаду Вялікага, а таксама на часовы ўвод у горад харугвы Аляксандра Віскоўскага. На што тыя гараджаны прынеслі да магістрату афіцыйную адмову і пагражалі пачаць збор грошай на зняццё падваяводы. Адмова была засведчаная генэралам Полацкага ваяводства Янам Пнеўскім і зарэгістраваная ў магістрацкай кнізе пісарам Янам Дзягілевічам. Пазней 6 ліпеня Лісоўскі ўнёс паўторны пратэст ужо ў новую магістрацкую кнігу, матывуючы гэта тым, што сведкі полацкі ленвойт Ян Хармінскі і бурмістар Канстанцін Стэфановіч у часе расейскае навалы загінулі, а магістрацкія кнігі згарэлі. [9, с. № 94, c. 271-272] Аб прычыне адмовы гараджанаў можна толькі здагадвацца, бо тэкст іхняе адмовы не захаваўся. Сітуацыя была супярэчлівай, бо паводле прывілею на майдборскае права, дадзенага месту Полацкаму князем Аляксандрам у 1498 годзе палачаны "у выпадку неспакою або нейкай іншай земскае патрэбы, а асабліва з прыказання нашага, будуць абавязаныя на загад намесніка, які на той час у замку нашым будзе, быць паслухмянымі дзеля абароны, гэтак доўга, пакуль будзе патрэба." [10, №159, c. 180] Варта звярнуць увагу на тое "на загад намесніка", бо намеснікам быў Януш Кішка, а Ян Лісоўскі быў толькі намеснікам намесніка. Па-другое дзяржава сама на сойме, што згадана вышэй, абавязалася прафінансаваць рамонт умацаванняў. Праўда з уставы няясна ці тычыцца гэтае абавязацельства ўсяго гораду, або на ўвазе меўся толькі Верхні Замак. Выглядае на тое, што рашэнні пратэстантаў ляжалі ў тагачасным прававым полі, бо пратэст Лісоўскага не пацягнуў за сабой нейкіх юрыдычных наступстваў. Так або інакш, але падобна нішто ўжо не магло ўратаваць горад. Часу на рэалізацыю нейкіх абарончых планаў 11 чэрвеня проста не было. Цяпер што да вайсковае моцы, якая на той час была ў Полацку. Звесткі расейскае выведкі ад пачатку вайны стала фіксуюць гарнізон Верхняга Замку ў колькасці блізу 80 гайдукоў. [11, №458, c. 426] Пазнейшыя сведчанні відавочцаў падзеяў пісара Яна Дзягілевіча і полацкага падсудка Міхала Тышкевіча ацэньваюць яго ў 50-60 жаўнераў. [12, c. 28, 38] Харугвы Аляксандра Віскоўскага ў Полацку не было, бо падваявода Лісоўскі ня здолеў дамовіцца аб пастоі. Не было і харугвы ротмістра Тарусы, пра што сведчыць пазнейшая скарга Яна Лісоўскага. [13, c. 38] Верагодна ў горадзе месцілася частка былога гарнізона Неўля, што паводле дамовы з расейцамі сыйшла разам з Пятром Мравінскім, бо расейскі рапарт аб захопе Полацка паведамляў аб тым, што між забраных у палон быў ротмістар Юры Пабядзінскі, які ў лістападзе 1632 г. бараніў Невель. [1, c. 140, 168] Таксама тут пэўна знаходзілася полацкая гайдуцкая харугва Аляксандра Рыпінскага, што магло стаць падставай для адмовы палачанаў ад дапамогі Аляксандра Віскоўскага. Верагодна Рыпінскі ў часе штурму загінуў і гэта пэўна пра яго ваявода Пётар Рапнін пісаў да Масквы "ротмістра гайдуцкого забілі". [3, c. 301] Такім чынам у Вялікім пасадзе магло быць недзе 150-200 ваяроў і горад быў здольны змагацца, каб ня тое, што адбылося пазней.

Вялікалуцкі ваявода Рапнін дазнаўшыся, што пасля сыходу харугвы Януша Кішкі ў Полацку дадатковых вайсковых аддзелаў не засталося, 8 чэрвеня 1633 г. выслаў групу ў складзе каля пяці сотняў жаўнераў у бок Полацка, а невельскаму ваяводзе Мікіфару Пляшчэееву загадаў, каб ён свае часткі далучыў да згаданае групоўкі дзеля супольнага паходу. Злучэнне аддзелаў адбылося наступнага дня ля возера Язна [1, c. 165], дзе невельская групоўка праводзіла карныя акцыі. Агульная колькасць жаўнераў аб'яднанае групоўкі склала ня менш за 1000. Праважатым быў прызначаны былы невельскі бурмістар Грыша Радзецкі, які зарэкамендаваў сябе ў мінулым 1632 годзе, калі ў часе перамоваў усяляк спрыяў здачы Неўля. Хутка перасоўваючыся, групоўка дасягнула Полацка недзе ўначы з 12 на 13 чэрвеня. Удар было вырашана нанесці на світанні. Папярэдне былі агледжаныя ўмацаванні і вызначанае месца прарыву. Грыша на чале аддзела з 50 жаўнераў выламаў чатыры старыя тыніны ў абарончым плоце і прабраўся ў горад. Калі да месца пралому падыйшлі два ўстрывожаныя вартавыя, Грыша пачаў размаўляць з імі "па-літоўску" і, прыманіўшы, зарэзаў. [14, л. 158] Пасля гэтага аддзел прабраўся да праяздное брамы і, ссекшы варту, расчыніў дарогу стралецкім сотням, што стаялі напагатове. Пэўна гэта была Невельская брама ў паўночна-усходнім муры Вялікага пасаду, праз якую звычайна кіраваліся ў бок Юравічаў, Краснаполля, Неўля. Месцілася яна ў раёне сучаснай гарадской лазні. [15, c. 166 ] На ўзыходзе сонца горад патануў у крыках, ёнках, вогнішчах пажараў, разлітой крыві. Замкавая варта, зачыніўшы брамы Верхняга Замку, нічым дапамагчы не магла і толькі глядзела на вынішчэнне горада. Спроба падваяводы чыніць супраціў захопнікам была безвынікоўнай, невялікі аддзел быў адкінуты назад за замкавыя муры. Але і спроба нападнікаў захапіць замак таксама не была ўдалай. [1, c. 167] Падсудак Міхал Тышкевіч перад апостальскай камісіяй у справе беатыфікацыі Язафата Кунцэвіча, што засядала 3 жніўня 1637 г. у полацкім замку, падаваў за прычыну тое, што "калі маскалі, чатыры гады таму места Полацк агнём и мечам спустошылі і да замку, дзе было пакладзенае цела слугі Божага Язафата ўжо падбіраліся, убачылі на замкавых валах выйшаўшае супраць сябе войска, хаця больш за 60 чалавек у замку не было." [12, c. 38]

Марсава гулянне ў Полацку доўжылася цягам ўсяго дня да самае ночы. Як сведчыць расейскі рапарт: "большой острог ... взяли и выжгли и польских и литовских людей посекли и языков поимали... И острог и в остроге дворы и лавки и гостиный двор и за Полотою посады выжгли и высекли без остатку, и многие литовские люди в Двине-реке потонули ..." [14, c. 119-120] Спаленыя Вялікі і Запалоцкі пасады з абарончымі збудаваннямі, спаленая ратуша з магістрацкімі кнігамі, што захоўваліся тут, спаленыя цэрквы і дамы разам з людзьмі. Полацк стаў суцэльным папялішчам. Пісар Ян Дзягілевіч, пачынаючы праз некалькі дзён новую магістрацкую кнігу, пісаў: "Кніга справ мескіх Полоцкіх по окрутном спліондрованю места Полоцкого року 1633 мца Юня с дня 12 на день 13, под который час всі першые кнігі погорелі, а так знову тые кнігі в том же месте Полоцком почінаются в том же року 1633 мца Юня семнадцатого дня." [16, c. 393] Кіраўніцтва расейскай групоўкі зважаючы, на тое, што на папялішчы ані пракарміцца, ані бараніцца ад магчымага надыходу вайсковых аддзелаў Рэчы Паспалітай немагчыма, прыняло рашэнне тэрмінова вяртацца да Неўля. Забраўшы з сабой вялікі палон, гарматы з гарадскіх муроў, званы з цэркваў расейцы рушылі ў адваротны шлях. 16 чэрвеня з нарабаваным дабром групоўка прыйшла да Неўля. Для абаронцаў жа Полацка так і засталося таямніцай як расейскае войска захапіла горад. З гэтае прычыны пайшлі чуткі пра тое, што здраднікі былі ў горадзе. Гэтая пагалоска шырылася ня толькі між люду, але і ў кіроўных колах, таму і вялікі канцлер літоўскі Альбрыхт Радзівіл па атрыманні 5 ліпеня сумнае весткі занатаваў у дзённіку: "Места Полацкае праз здраду схізматыкаў Масквой захопленае і спаленае" [17, c. 164] У такой форме быў паінфармаваны і кароль Уладзіслаў. Полацкае спаленне 1633 г. ня выклікала такога вялікага грамадскага рэзанансу, як прыкладам полацкія падзеі 1563 г. Хаця рэгіянальныя летапісы, віцебскі Панцырнага і Аверкі [18, c. 195] ды магілёўскі Сурты і Трубніцкага [19, c. 241], укладзеныя на мяжы XVIII ст., не абмінулі ўвагай трагічную полацкую падзею.

Найбольш чулым водгукам на полацкую трагедыю быў паэтычны твор ананімнага аўтара пад назвай "Палёгка болю і жалю ад спалення і знішчэння места Полацка ворагам Маскоўскім 2-га ліпеня 1633 году" (Ulżenie bolu y żalu przes spalenie y spustoszenie miasta Połocka od nieprzyjaciela Moskiewskiego w roku 1633, miesiąca July, dnia 2.) У 1859 г. твор быў адшуканы Віктарам Каліноўскім (старэйшым братам кіраўніка паўстання ў Літве і Беларусі ў 1863 г.) у архіве Імператарскай публічнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу, перапісаны і трапіў да бібліятэкі Браніцкіх у Сухой. [20, c. 121] Сёння захоўваецца ў Галоўным архіве старадаўніх актаў у Варшаве. Арыгінал мусіць знаходзіцца між дакументаў аддзела рукапісаў Расейскай нацыянальнай бібліятэкі. Паўторна твор быў перапісаны з арыгіналу галандскай даследчыцай Ганнай Круазэ ван дэр Коп і надрукаваны ў 1913 г. у львоўскім часопісе "Літаратурныя нататкі". [21, с. 212-214]

Пра асобу самога аўтара можна выказаць толькі здагадкі. Найхутчэй паходзіў з Беларусі, бо большасць твораў ў рукапісным зборніку павязаныя як раз з ёй. [22, c. 255-256] Быў найверагодней каталіком, бо пры канцы твора маем надпіс на лаціне "Finis".

Галоўнай частцы пад назвай "Плач над Полацкам" папярэднічаюць аж тры прадмовы: дзве паэтычных і адна ў прозе. У першай з іх, што мае назву "Прадмова да ўсіх", можна заўважыць дакор ня толькі полацкаму ваяводу Янушу Кішке, які пайшоў да Смаленску здабываць славу, пакінуўшы горад безабаронным, але і іншым паноўным асобам:

Тут вялікія магнаты пашану здабываюць

Тут жа ворагі свае войскі рыхтуюць

Назва галоўнай часткі "Плач над Полацкам" і спасылкі на Стары Запавет лучаць твор з плачам біблейскага прарока Ярэмы над апусцелым Ерусалімам, з ягоным "... Госпад спаслаў на яго гора за мноства ягоных злачынстваў. Дзяцей яго вядуць у няволю пад наглядам прыгнятальніка." Магчыма да аўтара дайшла згаданая вышэй пагалоска пра верагодную датычнасць палачанаў да спалення горада ворагам, таму і маецца ўрывак са згадкай біблейскіх Садома і Гаморы:

Згадаўшы тыя месты Садом і Гамору,

Калі зыйшлі з неба агні нябачныя

Спаліўшы ўсё, у нішто абярнуўшы

Агнём серчаным, нічога не пакінуўшы.

Безумоўна тут не йдзецца пра біблейскія грахі палачанаў, адно толькі алюзія на старазапаветны сюжэт, бо ніжэй аўтар піша:

Згадаўшы набажэнствы, якія там гучалі

Ў дамах божых, і палка заўсёды квітнелі,

Цяпер жа заціхлі, за што мілы Божа

Ты сам будзь жа помстай, бо ніхто не паможа

Урэшце аўтар сканчае свой плач палкай малітвай да Бога:

Усе мы да Цябе ў адзін голас клічам

І аб помсце над імі пакорліва просім

Раструшч ворагаў і іх ганарлівыя рогі

Цалкам зьнішчы ды суцеш люд свой убогі.

Post scriptum. Палачаны, тыя хто не загінуў і ня трапіў у няволю, пакідалі спустошаны горад, бо жыць не было дзе. З той самай прычыны і полацкія езуіты перанеслі калегію да свайго маёнтку Экімань. Горад паступова паміраў. Сумныя весткі з Полацка прымусілі караля 8 жніўня з Барысава на дарозе да Смаленску звярнуцца да палачанаў з заклікам вяртацца і пачаць адбудоўваць горад і ягоныя ўмацаванні. У тых, хто не адгукнецца на заклік, кароль абяцаў канфіскаваць зямлю і перадаць іншым забудоўшчыкам. [9, №95, c. 273] Падобна і прывілей караля на пабудову Багаяўленскага манастыра ад 12 ліпеня 1633 г. трэба тлумачыць болей катастрафічным станам гораду чымсці талеранцыяй манарха. Да восені сітуацыя не палепшылася. Людзі ўладкоўваліся дзе магчыма, частка, забраўшы рэчы, што ацалелі пасля пагрому, перабіралася да не ахопленых вайной паселішчаў, што часова знаходзіліся пад расейскім кантролем. У адказ на скаргу Лісоўскага кароль з Воршы скіраваў 22 жніўня загад ротмістру Тарусе, каб той пад пагрозай смерці рушыў да Полацка і заставаўся там дзеля абарону горада. [23, c. 14] 7 лістапада кароль паўторна звяртаўся да палачанаў з Багданавай ваколіцы пад Смаленскам, патрабуючы вяртання, непаслухмяным жа пагражаў канфіскацыяй маёмасці. [9, №97, c. 276] Пэўна толькі ў наступным годзе горад пачаў вяртацца да жыцця.

Што да галоўнага "героя" Полацкага паходу невельскага экс-бурмістра Грышы Радзецкага, дык той пайшоў на падвышэнне і ўрэшце даслужыўся да чыну луцкага казацкага атаману. Атрымаў зямлю, праўда не ў Рэчы Паспалітай, а за мяжой на маскоўскім баку ракі Ловаці, што ў 35 км на паўночны ўсход ад Неўля. [24, c. 254] Атрымаў той Грыша ад расейскае ўлады шмат матэрыяльных дабротаў, аднак дзяцей яму Бог не даў. [1, c. 171] Пэўна справядліва.

ЛІТАРАТУРА

1. Малов, А.В. Начальный период Смоленской войны на направлении Великие Луки - Невель - Полоцк (до 3 июня 1633 г.) / А.В. Малов // Памяти Лукичева : Сборник статей по истории и источниковедению / ред. Ю. М. Эскин. - Москва : Древлехранилище, 2006. - 816 c.

2. Псковская летопись, изданная на иждивении Общества истории и древностей российских, при Московском университете / М. Погодиным. - Москва : В Университетской типографии, 1837. - 307 с.

3. Волков, В.А. Войны и войска Московского государства / В.А. Волков. - Москва : Эксмо, 2004. - 576 с.

4. List obywateli województwa połockiego do Krzysztofa II księcia Radziwiłła, hetmana polnego litewskiego, z prośbą o posiłki przeciw Moskwie. 1632.12.06 // Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. - Archiwum Radziwiłłów. Dział II. Nr. 1076.

5. Manifestacja mieszczan połockich, wniesiona przeciw Piotrowi Mrowińskiemu, w związku z wydaniem przez niego Newla wojskom moskiewskim. 1633.04.06 // Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. - Archiwum Radziwiłłów. Dział II. Nr. 1111.

6. Uchwała urzędników i obywateli województwa połockiego, decydująca o powołaniu żołnierzy i poborze na wojnę z Moskwą. 1633.02.05 // Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. - Archiwum Radziwiłłów. Dział II. Nr. 1104.

7. Konstytucye seymu walnego koronacyi Króla JMci roku Bożego 1633 // Volumina legum: Przedruk Zbioru praw staraniem XX. pijarów w Warszawie od roku 1732 do roku 1782, wydanego. - Petersburg : Nakładem i drukiem Jozafata Ohryzki, - 1859. - T. ІІІ. Аb anno 1609 ad annum 1640. - 487 s.

8. List przypowiedni Władysława IV, króla polskiego, wydany Januszowi Kiszce, wojewodzie połockiemu na 100 koni jazdy kozackiej. 1633.05.27 // Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. - Archiwum Radziwiłłów. Dział II. Nr. 1113.

9. Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при управлении Виленского учебного округа. - Вильна : 1867. - Т. 1. - 409 с.

10. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической Комиссией. - Санкт-Петербург : Типография II Отделения Собственной Е. И. В. Канцелярии, 1846. - Т. 1 : 1340-1506. - 375 с.

11. Акты Московского государства, изданные Императорской Академией Наук / ред. Н.А. Попов. - Санкт-Петербург: Типография Императорской Академии наук, 1890, - Т.1 : Разрядный приказ. Московский стол. 1571-1634. - 767 с.

12. Komissya Apostolska w sprawe beatyfikacyi slugi Bożego Jozafata Kuncewicza, arcybiskupa polockiego // Rocznik Towarzystwa Historyczno-Literackiego w Paryżu. - Paryż, 1868. - 441 s.

13. Сагановіч, Генадзь. Вайна на полацка-віцебскім рубяжы ў 1632-1633 г. і "паўстанне" ў Полацку / Генадзь Сагановіч // Беларускі гістарычны агляд, - Мінск, 2011. - Сш. 1-2. - С. 21-42.

14. Российский государственный архив древних актов. - Ф. 210 (Разрядный приказ). Оп. 11 (Столбцы Новгородского стола). № 25.

15. Тарасаў, С.В. Полацк ІХ-XVII стст. / С.В. Тарасаў. - Мінск : Беларуская навука, 1998. - 184 с.

16. Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской / ред. А. М. Сазонов. - Витебск : Типография губернского правления, 1873. - Вып. 4. - 432 с.

17. Radziwiłł, A.S. Pamiętniki Albrychta Stanisława X. Radziwiłła kanclerza W. Litewskiego / A.S. Radziwiłł. - Poznań : wyd. z rękopismu przez Edwarda Raczyńskiego, 1839. - T. 1. - 435 s.

18. Летопись Панцырного и Аверки // Полное собрание русских летописей, - Москва : Наука, 1975. - Т. 32. - С. 193-205.

19. Могилевская хроника Т. Р. Сурты и Ю. Трубницкого // Полное собрание русских летописей, - Москва : Наука, 1980. - Т. 35. - С. 239-281.

20. Przewodnik Bibliograficzny. - Kraków : G. Gebethner i Spółka, 1909. - T.XXXII.

21. Croisette van der Kop, Anna. Pokłosie z rękopisów petersburskich : dawne pieśni polskie / Anna Croisette van der Kop // Pamiętnik Literacki, - Lwów : 1913. - Z. 2. - S. 206-217.

22. Korzeniowski, Józef. Zapiski z rękopisów Cesarskiej Biblioteki Publicznej w Petersburgu i innych bibliotek petersburgskich: sprawozdanie z podróży naukowych odbytych w 1891-1892 i w 1907 r / Józef Korzeniowski - Kraków : Nakładem Akademii Umiejętności, 1910. - 448 s.

23. Lipiński, Wacław. Organizacja odsieczy i działania wrześniowe pod Smoleńskiem w r. 1633 / Wacław Lipiński // Przegląd Historyczno-Wojskowy, - Warszawa : 1933. - T. VI. - С. 1-53.

24. Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской / ред. А. М. Сазонов. - Витебск : Типография губернского правления, 1872. - Вып. 3. - 444 c.

ДАДАТАК.

Ulżenie bolu y żalu przes spalenie y spustoszenie miasta Połocka

od nieprzyjaciela Moskiewskiego w roku 1633, miesiąca July, dnia 2.

DO WSZYSTKICH PRZEMOWA.

Złoto bierzcie bogacze, tu zaś pismo leży.

Y wy tegoż dostaycie siedzący na wieży

Pobrani, którzy teraz lamentuiącemi

Głosami wykrzykacie bardzo żałosnymi.

5. Tu wielcy potentaci honory znayduią,

Tu zaś nieprzyiaciele swe woyska szykuią,

Aby wniwecz obrocieć, w swoich myślach knuią

To miasto zacne Połock y nic nie żałuią.

Możesz niżey obaczyć, co się w ten czas działo

10. Y co się nad Połockiem tych dni pokazało.

Może się tu wszelaka zadziwić kraina,

Jakowa na świat wyszła tych czasów nowina.

DO CZYTELNIKA.

Dziwić się nie potrzeba, gdyżto przywoyto,

Woynę od wieków toczyć wszystkiem znakomito.

15. Wspomni sobie na dawne króle starożytne,

Którzy wojnę toczyli ustawicznie i te

Woynę zawsze toczą nigdy nieprzestaiąc,

Y dzieł rycerskich zawsze nie zaniechywaiąc.

Czytay sobie kroyniki, tam obaczyć możesz,

20. A obaczywszy w ten czas temu wierzać będziesz.

PRZEDMOWA.

Co w ludziach żałość sprawuie wam tego szerokością pisma

opisować nie potrzeba, gdyż sami wiadomi jesteście, ale co

się w ten czas nad Połockiem działo, iako naykrocey opiszę.

LAMENT NAD POŁOCKIEM.

Nieszczęsna, ach nieszczęsna ta godzina była,

O ktorey do Połocka chałastra przybyła

Moskiewska, aby też to miasto spustoszyła

Y wniwecz ogniem mieczem z gruntu wywróciła.

25. Przypadszy prawie zdradą ogniem miasto palą

A niewinnych o ziemię ludzi mieczem walą,

Plony tak wielkie biorą: wiążą powrozami;

Groza wspomnieć, co czynią nad cnemi żonami.

A niewinne panienki coż ym uczynieli,

30. Yże się tak okrutnie nad niemi pastwili.

Toż się też y na małych dziatkach pokazało,

Użal się miły Boże, co nad nimi stało.

Ociec dziś płacze syna, także matka cory,

Że nieszczęśnie pobrani od swoych maciory;

35. Wzaiemnym też sposobem syn oyca żałuie,

A iednakże nad nimi nikt się nie zlituie.

Niemiełosierny tyran tak z nimi sprawuie

A ich bez miłosierdzia okrutnie katuie.

Wszyscy krzyczą y płaczą, rzewnie narzekaią,

40. A ostatniey godziny co moment czekaią,

Wspomniawszy one miasta Gomorę, Sodomę,

Kiedy spadały z nieba ognie niewidome,

Spaliwszy wszystko wniwecz obróciwszy,

Ogniem bardzo siarczanym nic nie zostawiwszy.

45. Toż też dzisia niezbożny ten tyran sprawuie,

Wszystko w niwecz obraca, nic nie zostawuie,

Aby też y ostatek, więc się tego waży,

Lecz ych Bóg wszechmogący z tych myśli obnaży.

Mocna w Bogu nadzieia, że ten iuż obroni

50. Y od nieprzyiacielskiey chytrości uchroni,

Nie pomoże w zamysłach y owszem potłumi,

Jak niegdy Faraona na wieki zagubi,

W morzu czerwonym to iest zatopi w krwi ludzi,

Aby się iuż na potem nie ważyli drudzy,

55. Wspomniawszy nabożeństwa iakie tam słynęły

W domach bożych y zawsze gorąco kwitnęły,

A teraz iuż usiały, czego miły Boże

Ty sam bądź pomsta, bo nikt nie wspomoże.

Do ciebie się ucieka ten lud utrapiony,

60. Prosząc y pragnąc z nieba od Ciebie obrony,

Gdyś Ty sam jest obrońcą y odkupicielem,

Racz że z tego więzienia być wybawicielem.

Usłysz płacz y wołanie więźniów okowanych

Do ciężkiego więzienia okrutnie podanych.

65. My wszyscy iednostaynie do Ciebie wołamy

A o pomstę nad nimi pokornie prosimy.

Zetrzy nieprzyiacioły y ich harde rogi

Wniwecz obroć a pociesz ten swoy lud ubogi,

Aby więcey nasz Panie nierozpościerali

70. Sławy swoiey nad nami, ochotnie żądamy. Finis.

Палёгка болю і жалю ад спалення і знішчэння Полацка

ворагам Маскоўскім 2-га ліпеня 1633 году.

ПРАДМОВА ДА ЎСІХ.

Бярыце золата багатыя, тут жа пісьмо ляжыць.

І яго ж атрымайце тыя, што ў вязьніцы сядзяць

Забраныя, якія цяпер тужлівымі

Галасамі ўсклікаюць надзвычай жаласнымі.

5. Тут вялікія магнаты пашану здабываюць,

Тут жа ворагі свае войскі рыхтуюць,

Каб да шчэнту знішчыць, у думках сваіх плануюць

Гэта места цудоўнае Полацк і зусім не шкадуюць.

Ніжэй можаш бачыць, што ў гэты час адбывалася

10. І што з Полацкам ў дні тыя сталася.

Можа тут здзівіцца кожная краіна,

Якая ў тым часе на свет прыйшла навіна.

ДА ЧЫТАЧА.

Здзіўляцца ня трэба, калі ж гэта прыстойна,

Ад веку войны весці для ўсіх цудоўна.

15. Згадай сабе здаўна каралі старажытныя,

Якія вялі войны няспынна і гэтую

Вайну ўвесь час вядуць хады не спыняючы,

І рыцарскіх справаў не перапыняючы.

Чытай сабе хронікі, там убачыць зможаш,

20. А ўбачыўшы цяпер гэтаму верыць будзеш.

ПРАДМОВА.

Што ў людзях выклікае жаласць таго вам разлеглым

апісаннем апісваць няма патрэбы, бо самі абазнаныя, але што

ў гэты час з Полацкам сталася, найсціслым чынам апішу.

ПЛАЧ НАД ПОЛАЦКАМ

Нясчаснай, ой нясчаснай была гэта гадзіна,

У якой да Полацку зграя прыступіла

Маскоўская, каб гэтае места зністожыць

І цалкам мечам і агнём з зямлі зрынуць.

25. Напаўшы праўда што здрадай агнём места палюць

А людзей бязвінных на зямлю мечам валюць,

Бяруць палон вялікі: вяроўкамі вяжуць;

Страшна згадаць, што з жонамі цнатлівымі робяць.

А дзеўчыны нявінныя што ім учынілі,

30. Што гэтак жорстка здекваліся над імі.

Тое ж і на дзетках малых паказалі,

Зжалься Божа мілы, што з імі стала.

Бацька сёння аплаквае сына, а маці дочак,

Што няшчасныя забраны ад сваіх матуляў;

35. Падобным жа чынам сын бацьку шкадуе,

Аднак жа ніхто іх не пашкадуе.

Туран неміласэрны над імі пануе

І іх бязлітасна жостка катуе.

Усе крычаць і плачуць, з жальбай наракаюць,

40. І гадзіны апошняй штомоманту чакаюць,

Згадаўшы тыя месты Садом і Гамору,

Калі зыйшлі з неба агні нябачныя,

Спаліўшы ўсё, у нішто абярнуўшы,

Агнём серчаным, нічога не пакінуўшы.

45. Тое ж сёння бязбожны тыран учыняе,

Усё ў попел ператварае, нічога не пакідае,

Каб жа і да рэшты, бо пра гэта мысліць,

Але Бог усемагутны іх думкі праявіць.

Моцная на Бога надзея, што ён ужо абароніць

50. І ад варожага падступства заслоніць,

Не паможа ў задумах і наадварот зашкодзіць,

Як некалі Фараона на векі загубіць,

У чырвоным моры, то бок патопіць у крыві люду,

Каб ужо не наважыліся іншыя потым,

55. Згадаўшы набажэнствы, якія там гучалі

Ў дамах божых, і палка заўсёды квітнелі,

Цяпер жа заціхлі, за што мілы Божа

Ты сам будзь жа помстай, бо ніхто не паможа

Да цябе зьвяртаецца гэты люд засмучаны,

60. Молячы і прагнучы з неба ад Цябе абароны,

Калі ж Ты сам ёсць абаронцам і адкупіцелем,

Прызволь з гэтай няволі быць выбавіцелем.

Пачуй плач і малітвы вязняў закаваных

У цяжкую няволю жорстка забраных.

65. Усе мы да Цябе ў адзін голас клічам

І аб помсце над імі пакорліва просім.

Раструшч ворагаў і іх ганарлівыя рогі

Цалкам зьнішчы ды суцеш люд свой убогі,

Каб болей, Божа наш, не распрасціралі

70. Улады сваёй над намі, прагна жадаем. Finis.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX