На першы погляд простая біяграфія кадравага расейскага вайскоўца. Пятнаццаць гадоў навучання ў Санкт-Петэрбурскім імпэратарскім сухапутным кадэцкім корпусе. Потым больш за чвэрць стагодздзя ўдзелу ў розных войнах, чынімых Расейскай імпэрыяй: паходы, бітвы, зноў паходы і зноў бітвы. Урэшце смерць на поле бою. Аднак, без увагі на мноства прысвечанных генэралу Кульнёву артыкулаў і працаў, і праз 200 гадоў пасля гібелі застаўся неразвязаным шэраг пытанняў, што да біяграфіі героя. Насамперш тычыцца гэта ключавых момантаў у жыцці героя: нараджэння і смерці.
Нараджэнне. Дагэтуль маюцца сур'ёзныя праблемы з вызначэньнм месца нараджэння Якава. Першыя паведамленні аб генэрале канцэнтравалі ўвагу на ягоных вайсковай дзейнасці. Гэтак у 1813 годзе часопіс "Сын отечества" ў невялікім артыкуле, пры згадцы аб нараджэнні, невыразна адзначыў, што Кульнёў "нарадзіўся ў высакароднай сям'і ў Пскоўскай губэрні" [1, с.131], амаль тое ж самае праз 10 гадоў паўтарыў С.І. Ушакоў у выданні " Деяния российских полководцев и генералов …" [2, с.117]. Але набрала ўжо моцы і версія, угрунтаваная на творы не даследчыка, але паэта Васіля Жукоўскага. Выкладзеная яна ў оде "Певец во стане русских воинов", што спачатку распаўсюджвалася вайсковым кіраўніцтвам у агітацыйных мэтах праз улёткі, а першае афіцыйнае выданне з'явілася пры канцы 1812 году ў "Вестнике Европы" [3, с.185]. Вызначэнне кароткае і ёмістае:
Где жизнь судьба ему дала,
Там брань его сразила;
Где колыбель его была,
Там днесь его могила.
Ніжэй паэт дадаў тлумачэнне, у якім ня казаў сцвярджальна пра месца нараджэння: "Кульнёў забіты ў 30 вярстах ад мястэчка Люцына, дзе жыла ягоная маці і дзе ён правёў сваё дзяцінства." Але паданне ўжо жыло сваім уласным жыццём. І сёння часцяком можна сустрэць творы аўтараў, якія пашыраюць гэтую вэрсію [4, с.168]. Праз тры дзесятка гадоў у сваім апісанні Ваеннай галерэі Зімовага палацу ў Санкт-Пецярбургу ваенны гісторык генэрал А.І. Міхайлоўскі-Данілеўскі без спасылкі на нейкія дакуманты сцвердзіў, што Якаў "нарадзіўся 22 ліпеня 1763 годзе ў Люцыне, уезным горадзе Віцебскай губэрні" [5, с.1]. Магчыма гэтаму паспрыяла ранейшая згадка С.І. Ушаковым пра тое, што Якаў Пятровіч часам сціпла зваў сябе "Люцынскім Дон-Кіхотам" [2, с.157]. Так або інакш, але гэтая тэза запанавала між ваенных гісторыкаў [6]. І цяпер яна сталася паноўнай. Зрэдку разглядалася вэрсія, аб нараджэнні будучага генэрала ў радавым маёнтку Кульнёвых Болдырава Казельскага ўезду Калужскае губэрні. Да такое думкі падштурхоўваў і Сінодік Опцінай пустыні, што згадваў героя [7, с.282]. Але сам Якаў у лісце 1805 г. да брата Івана пісаў адно " Пасля з'еду ў агульную нашу вёсачку Болдырава", што не давала падставаў для сцверджання [8, с.60].
Вось тут варта адзначыць, што найчасцей згаданыя мясціны Люцын (цяпер Лудза, Латвія) або Сівошына ля Полацка*) ня могуць усур'ёз разглядацца як месцы нараджэння будучага генэрала з аднае простае прычыны. ... У 1763 годзе калі нарадзіўся Якаў гэтыя мясціны ўваходзілі ў склад Інфлянцкага і Полацкага ваяводстваў Рэчы Паспалітай адпаведна. У 1763 годзе ніякіх расейскіх войскаў у Рэчы Паспалітай не было. Апошнія вайсковыя часткі, што выводзіліся з Прусіі ў Расею пасля сканчэння Сямігадовай вайны (1756-1762) прайшлі праз Полацк у лістападзе 1762 году [9, с.345]. А Цвярскі драгунскі полк, дзе служыў бацька Якава Пётар Васілевіч, быў выведзены яшчэ раней, бо камандзір гэтага палка А.В. Сувораў атрымаў новае прызначэнне 26 жніўня 1762 году. Дзе ж тады магло нарадзіцца дзіцё. Барон Румель, падаючы радавод Кульнёвых, адзначае, што старэйшы на год Іван [10, л.1.] нарадзіўся ў Бранску [11, с. 631]. Выглядае на тое, што гэты горад мае больш падставаў лічыцца месцам нараджэння Якава, чым усе вышэй згаданыя. Але непадобна, каб і праз дзвесці гадоў нехта здолеў наблізіцца, дзеля выпраўлення, да ўжо пакрытай алеем карціны жыцця героя.
Дзяцінства. Апрача таго, што Люцын ня можна лічыць месцам нараджэння Якава, але і сцверджанні пра гады дзяцінства ў гэтым невялікім мястэчку, якія сустракаем у В.Жукоўскага і Д.Давыдава, могуць быць прынятыя толькі з пэўнымі тлумачэннямі. Іван і Якаў яшчэ ў 1770 годзе былі аддадзеныя бацькам у Імпэратарскі сухапутны шляхетны кадэцкі корпус у Санкт-Пецярбургу, то бок да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772г.) і прызначэння ў 1773 годзе Пятра Васілевіча камісарам у Полацкаю губэрню**), а пазней Люцынскім гараднічым. Як і іншыя кадэты яны маглі прыязджаць да бацькоў толькі на вакацыі. Зразумела гэта ня ставіць пад сумнеў піетэту хлопцаў да адзінага сталага месца жыхарства сям'і былога вайскоўца, бо цягам 10 гадоў летні час бавілі яны тут.
Служба. Пасля сканчэння кадэцкага корпуса Кульнёў шмат гадоў служыў у розных расейскіх вайсковых частках: Чарнігаўскі пяхотны полк (1785), Санктпецярбурскі драгунскі полк (1785-1794), Пераяслаўскі конна-егерскі полк (1794-1797), Сумскі гусарскі полк (1797-1806), Гродзенскі гусарскі полк (1806-1812). Вайсковая служба Кульнёву была да спадобы, інакш не пачулі б сведкі з ягоных вуснаў надта парадаксальнае фразы " Люблю матушку Россию за то, что у нас всегда хоть в одном углу да дерутся". Біёграфы часцяком адзначаюць гуманізм кадравага вайскоўца ў часе швэдскае вайны, але надта сцісла апісваюць ягоны ўдзел у падаўленні паўстання пад началам Тадэвуша Касцюшкі. Але ж пазбягаць гэтага нельга, бо Кульнёў адным з першых уварваўся ў варшаўскае прадмесце Прагу, за што атрымаў чын маёра. На чале абаронцаў былі генэралы Якуб Ясінскі і Тадэвуш Корсак з Данева, што ля Ветрына. Іхнюю адвагу згадваў Адам Міцкевіч у першай кнізе паэмы "Пан Тадэвуш" у гэткіх словах:
Далей Ясінскі, юны прыгажун схмурнелы,
А поруч Корсак, сябра неадступны, смелы
Сякуць на шанцах Прагі маскалёў заўзята. [12, с. 309].
Пасля захопу Прагі 4 лістапада 1794 году былі пасечаныя ня толькі абаронцы і два згаданых генэрала, але па падліках навукоўцаў да дваццаці тысячаў цывільных грамадзянаў. А.В. Сувораў паведамляючы пра захоп горада пісаў: "Жудаснае было разліццё крыві, вуліцы на кожным кроку пакрытыя забітымі. Усе пляцы заваленыя целамі. … У Празе па вуліцах і плошчах кроў цякла ручаямі". Паўстае пытанне пра ступень адказнасці камадзіра перадавога аддзелу расейскае арміі за рэпрэсіі безабаронных грамадзянаў. Здаецца маюцца падставы для сур'ёзнае развагі.
Апошні бой. Урэшце пачатак напалеонаўскае кампаніі 1812г. і апошні бой генэрал-маёра. Ужо ў апісанні боя над Дрысай 20 ліпеня маюцца супярэчнасці. Паводле першага апісання " Генерал Кульнёў перайшоў праз Дрысу дзеля пагоні за ім (корпусам Удзіна). Вораг, злучыўшыся з новымі карпусамі, спыніўся, і з прычыны вялікае перавагі ў сіле, прымушае расейскую пяхоту пераправіцца зноў праз раку. Адважны Кульнёў з Гродзенскім гусарскім палком моцна стаіць супраць французаў, якія імкнуць усімі сіламі на расейскі авангард, паказвае цуды адвагі, перашкаджае ім перабрацца праз раку." [1, с.135]. Камадзір жа францускага 23-га егерскага палка палкоўнік Марцэлен дэ Марбо падае іншую версію: " Надыйшла ноч, калі заставы, якія паставілі назіраць за Дрысай, паведамілі, што вораг перабіраецца праз раку. ... Восем расейскіх батальёнаў з батарэяй з 14 гарматаў паставілі лагер на нашым баку ракі, у той час калі астатняя частка арміі засталася на другім баку, без сумневу рыхтуючыся наступнага дня напасці на нас. Гэтай авангарднай групай кіраваў Кульнёў" [13, с. 90]. Тактычную памылку Кульнёва Марбо прыпісвае ўздзеянню гарэлкі, аматарам якой паводле аўтара мэмуараў быў Якаў Пятровіч. Расейскія даследчыкі катэгарычна не даюць веры словам францускага афіцэра. Аднак, што да гарэлкі, дык фінскі паэт Ёган Людвік Рунэберг, словамі з паэмы "Аповяды прапаршчыка Штоля" не дазваляе пакінуць па-за ўвагай словы Марбо:
Вот впрямь умел всем братом быть,
И умереть, и славно жить:
Он первый - сечь, колоть, рубить
И первый - лихо пить!
На вайсковай радзе генэрал Легран прапанаваў скарыстаць памылку Кульнёва і зранку 20 ліпеня ўдарыць па расейскім лагеры. Гэткім чынам паводле Марбо не Кульнёў са сваімі 8 батальёнамі нападаў на францускі ар'ергард, але францускія ўдарныя часткі спланаваным ударам ачышчалі левабярэжжа Дрысы ад расейскіх вайскоўцаў. Ускосна версію Марбо пацвярджае ў сваіх успамінах прапаршчык Пермскага пяхотнага палка Дружынін, апавядаючы пра адшуканне пасля адыходу французаў да Полацка распранутага цела генэрала [14, с.208-213], прычынай гэтага мог быць нечаканы напад французаў на досвітку. Гэтае паведамленне расейскімі біёграфамі не аналізуецца, бо паводле склаўшаеся канцэпцыі герой мусіць актыўным, стойкім і пажадана заўсёды перамагаць. Гэткім чынам біяграфія адважнага вайскоўца паступава набірае агіяграфічных рысаў.
Смерць. Абставіны смерці генэрала расейскія гісторыкі згодна падаюць паводле рапарта ад 21.07.1812г. камандуючага першым асобным корпусам генэрала П.Х.Вітгенштэйна: "На нашым баку страты таксама не малыя, асабліва са смерцю адважнага генэрала-маёра Кульнёва, якому ўчора ядром адарвала абедзве нагі і ён на месцы памёр" [15, с.166-169]. З часам сціслае паведамленне абрастала новымі падрабязнасцямі. Кульнёў пасля няўдалае атакі прыкрываў адыход войскаў, злез з каня, падыйшоў да батарэі і тут францускім ядром яму адарвала абедзве нагі. Вайсковец і паэт, але ня сведка падзеяў, Д. Давыдаў уклаў у ягоныя вусны перадсмяротную прамову. Цяжка паранены генэрал здымае з сябе Георгіеўскі крыж і кажа падначаленым, што абступілі яго: " Забярыце! Хай вораг, калі знойдзе маё цела, прыме яго за цела простага шараговага жаўнера і не ганарыцца, што забіў расейскага генэрала " [8, 119]. Іншыя дадаюць яшчэ і прапагандовы заклік: " Сябры! Ратуйце нашую Айчыну! Не саступайце ані кроку радзімай зямлі! Перамога чакае вас!" [16, с.121].
Барон дэ Марбо па-іншаму падае абставіны смерці генэрала, сцвярджаючы, што бачыў усё на ўласныя вочы. Француская атака застала расейскіх жаўнераў знянацку і "Генэрал Кульнёў, ледзьве прачнуўшыся, далучыўся да групы з 2000 чалавек, з якіх толькі адна траціна мела мушкеты. Механічна рухаючыся з гэтым натоўпам ён дасягнуў броду. ... Элітная рота, раззлаваная смерцю свайго капітана (М.Курто), з ярасцю наскочыла на расейцаў і большасць з іх знішчыла. Генэрал Кульнёў, хістаючыся на кані з прычыны нецвярозасці, напаў на сяржанта Ляжандра, але той праткнуў яго шабляй у горла і генэрал зваліўся мёртвым да ягоных ног. Спадар дэ Сэгюр у сваім расповядзе аб паходзе 1812 году***), укладае ў вусны перадсмяротную прамову на узор герояў Гамэра. Я быў на адлегласці некалькіх крокаў ад сяржанта Ляжандра, калі той уваткнуў сваю шаблю ў горла Кульнёву, і магу сведчыць, што расейскі генэрал зваліўся не прамовіўшы ні слова" [13, с.96-97]. Цяжка вызначыць чыя версія болей адпавядае рэчаіснасці. Падобна, кропку ў гэтай спрэчцы магла б паставіць эксгумацыя рэштак расейскага вайскоўца, што ад 1832г. захоўваюцца ў Ільзэнбергу (цяпер Ілзэскалнс, Латвія) у царкве абраза Маці Божай "Усіх засмучаных радасць". Важна іншае, і тут варта пагадзіцца з Марцэленам дэ Марбо, ці то з адарванымі нагамі, ці то з шабляй у горле адважны генэрал ня здольны быў на прыпісаныя яму палкія прамовы. Як і цяжка ўявіць, што ў мітусні агульнага адступлення вакол паміраючага сабраліся ўдзячныя слухачы. Варта адзначыць, што гэтыя пазнейшыя фантазіі біёграфаў, а насамперш Д.Давыдава, спрычыніліся да стварэння не ўгрунтаваных на фактах ўяўленняў.
Што стаўленне да асобы Кульнёва, як і пісанне біяграфіі генэрал-маёра з цягам часу пачало рабіцца ў некрытычны спосаб і набыло форму жыццяпісу святога сведчыць і наяўнасць ля труны ў Кульнеўскай царкве ў Ільзэнбергу ядра, якое нібыта забіла вайскоўца [17]. Гэта надта нагадвае атрыбуты пакутаў, што часта захоўваюцца ў храмах ля мошчаў святых пакутнікаў. Але, калі верыць успамінам саміх расейскіх вайскоўцаў, адыход быў нагэтулькі сьпешным, што ў часе яго згублена было цела генэрала. Адшукалі яго толькі на наступны дзень пасля вяртання на былыя пазыцыі. Цяжка ўявіць, каб нехта невядомы бег у гэты час праз Дрысу з семяфутавым ядром у кішэні, і потым (не пры помніку Кульнёву ля Сівошына) праз 20 гадоў таемна выклаў яго ля труны ў новазбудаваным храме ў Ільзэнбергу.
Гэткім чынам прапанаваны сёння абраз Якава Кульнёва, маляваны пэндзлямі шматлікіх творцаў, ня шмат мае агульнага з сапраўднай карцінай жыцця і смерці расейскага афіцэра часоў Напалеонаўскае інвазіі.
*) дзе паводле паэтычнае фантазіі В. Жукоўскага нарадзіўся і дзе загінуў Кульнёў.
**) так у тэкстах, хаця загад Кацярыны ІІ аб утварэнні Полацкай губэрні датаваны 24.VIII.1776г.
***) маецца на ўвазе выданне Philippe Paul Ségur. Histoire de Napoléon et de la grande-armée pendant l'année 1812, T.1, Bruxelles, 1825, s.175. Аўтар у гэтым выпадку скарыстаў расейскія крыніцы.
Літаратура:
1. Краткое известие о жизни и подвигах генерала-майора Кульнева // Сын отечества. - ч. IX. 1813.
2. Ушаков, С.И. Деяния российских полководцев и генералов, ознаменовавших себя в достопамятную войну 1812, 1813, 1814 и 1815 годов. / С.И. Ушаков. - СПб. 1822. - ч. 4.
3. Жуковский, В. Певец в стане русских воинов / В. Жуковский // Вестник Европы. - 1812. - № 23 и 24.
4. Пикуль, В.С. Жизнь генерала-рыцаря / В.С. Пикуль // Кровь, слезы и лавры. - Л. 1988.
5. Михайловский-Данилевский, А.И. Я.П. Кульнев / А.И. Михайловский-Данилевский // Военная галерея Зимнего дворца. - СПб. 1846. - Т.I.
6. Елец, Ю. Л. Герой Отечественной войны - Кульнев / Ю. Л. Елец. - СПб. 1912.
7. Леонид, Архимандрит. Историческое описание Козельской Введенской Оптиной Пустыни / Архимандрит Леонид. - СПб. 1862.
8. Давыдов, Д. Вспоминания о Кульневе в Финляндии / Д. Давыдов // Военные записки - М. 1982.
9. Acta monasterii Polocensis S.Sophiae // Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. - Вильно. 1874. - Т.10.
10. Государственный Архив Самарской области. Ф.803. Оп.3. Д.145.
11. Руммель, В.В. Родословие Кульневых / В.В. Руммель // Русская Старина. - СПб. 1887. - Вып. 3.
12. Міцкевіч, А. Пан Тадэвуш або Апошні наезд у Літве / А. Міцкевіч. - Мн. 1998.
13. Marbot, Jean-Baptiste Antoine Marcelin de. Mémoires du général baron de Marbot / J.-B.A.M. de Marbot. - Paris, 1892. - T.3: Polotsk - La Beresina - Leipzig - Waterloo / J.-B.A.M. de Marbot. - 1892.
14. Дружинин, А. И. Из воспоминаний / А. И. Дружинин // 1812 год в дневниках, записках и воспоминаниях современников.- Вильна. 1904. - Вып. 3.
15. Донесение П.Х.Витгенштейна // Исторический, статистический и географический журнал. - 1812. - ч.3. - кн.2 (август).
16. Цехановский, В.П. История 18 драгунского Клястицкого его Королевского Величества Великого Герцога Гессенского полка 1651, 1806-1886 / В.П. Цехановский. - Варшава. 1886.
17. Никифоров, Иван. На торжествах в Кульневе / Иван Никифоров // Слово. - Рига. 1927. - № 585.