Папярэдняя старонка: Баўтовіч Міхась

Паходжанне і зямельныя валоданні аўтара 'Полацкае шляхты' 


Аўтар: Баўтовiч М.,
Дадана: 23-08-2023,
Крыніца: Баўтовіч М. М. Паходжанне і зямельныя валоданні аўтара 'Полацкае шляхты' // Краеведение: проблемы и перспективы развития в ХХI веке : материалы научно-практической конференции (Полоцк, 2–3 декабря 2021 г.) / сост. И. П. Воднева. – Полоцк : 2022. – С. 17-24..

Спампаваць




РАДАВОД

Вайніслаў Савіч-Заблоцкі значную ўвагу надаваў паходжанню свайго роду, спрабаваў даследваць генеалагічныя сувязі. Верагоднай прычынай таго была ранняя страта бацькі, а трохі пазней і дзеда. Вакол яго не засталося асобы, якая магла б перадаць нейкія сямейныя паданні, показкі, што складаюць гісторыю кожнага роду і надаюць яму адметнасць. Пасталеўшы, Вайніслаў працягваў шукаць самастойна, пэўна выбудоўваў для сябе нейкія генеалагічныя канструкцыі. Але пры нястачы факталагічнага матарыялу збудаваная схема не магла адпавядаць рэчаіснасці. Ужо на эміграцыі, грунтуючыся на радках з бацькавага верша "Над калыскай Вайніся": "Чытай гісторыю тваіх Продкаў: у Завішы, прашчуры / Гонар, праўда ўшанаваныя, Сям'і тваёй дэвіз…" [16, s. 102], - сын ставіць назву герба "Суліма" (радавы герб удзельніка Грунвальдзкае бітвы Завішы Чорнага) на пачатку свайго прозвішча, нібы заяўляючы гэтым, што ён з роду Завішаў. Апрача таго на аркушах паперы для ліставання Вайніслаў адмыслова цісне той самы радавы герб. Але ж хаця б нейкія мінімальныя звесткі пра повязь Савічаў-Заблоцкіх з Завішамі адсутнічаюць і наадварот даследнікі мяркуюць, што найхутчэй род Савічаў сербскага паходжання. Не зашкодзіць тады тут адзначыць, што акрамя непасрэднае прыналежнасці да роду існавалі Ілл. 1.  Радаводнае дрэва Вайніслава Савіча-Заблоцкага. і іншыя шляхі набыцця шляхецтва і гербу. Прыкладам праз набілітацыю або адопцыю. Гэтак 2 кастрычніка 1413 г. у часе падпісання Гарадзельскае ўніі нейкі ліцвінскі баярын Радзівіл атрымаў ад далёкага сваяка Завішы Станіслава Гамрата герб Суліма. Пазней 3 траўня 1526 г. у Гданьску пасля пацыфікацыі гданьскага паспольства Фёдар Данілавіч з Віцебска з роднымі братамі Саўлам, Эмануілам і Юрыям Зыляевічамі атрымлівае ад караля шляхецтва з наданнем ім гербу Суліма. Адаптавалі іх шляхцічы Ян Гамрат з Асека і кашталян інаўлодзкі Пётра Служэўскі, абодвы таго самага гербу [9, s. 180]. Найхутчэй падобным чынам набыў герб і пратапласт роду Савічаў. Да генеалагічных фантазіяў Заблоцкага належыць і ягоная заява пра блізкае сваяцтва з расейскім адміралам Восіпам Сулімам [6, s. 124], які належаў да палтаўскае шляхты і паходзіў з роду запароскага гетмана Івана Сулімы. Прыблізна ў тым самым часе (1876 год) Вайніслаў пачынае карыстацца тытулам граф [5, s. 600]. З гэтае прычыны варта ўважлівей прыгледзіцца да радаводу гэтага без сумневу найбольш высакароднага з беларускіх літаратараў ХІХ ст. Пачнем жа з матчынае галіны.

Ілл. 2.  Падмурак сядзібы Заблоцкіх-Розэнаў у Мікалаеве (2011).  У міжваенным часе тут была школа.

Маці літаратара Станіслава Мірская была дачкой віленскага межавога судздзі Яна Эвангеліста Мірскага, уладальніка Казакова і Шаркеляў. У 1821 годзе рашэннем Сэнату Каралеўства Польскага прадстаўнік іншае галіны роду Ян Тамаш Тэафіл Мірскі "без прадстаўлення доказаў" атрымаў дазвол карыстацца княскім тытулам і прыдомкам Святаполк. І гэта не зважаючы на тое, што першая згадка пра княскае паходжанне Мірскіх з'явілася толькі ў 1707 годзе ў панегерычнай генеалогіі князёў Агінскіх "Genealogia domu Ogińskich, na blasze sztychowana", якую выдала друкарня Віленскай акадэміі. Даследнікі ўважаюць Мірскіх за псэўдакнязёў [15, s. 664], аднак некаторыя літаратары трымаюцца іншае думкі: "На Літве ёсць некалькі дзесяткаў дамоў, што княскага тытулу насіць ня хочуць, але маюць на гэта права. Ня толькі Агінскія, але і Пузыны, Міцкевічы, Свірскія, Ваньковічы, Мірскія носяць на гербах мітру і ёсць сапраўднымі князьмі, чаго ніколі прызнаваць не хацелі праз закаханасць у шляхецкую роўнасць і па-другое, што тое князёўства сапраўднаму шляхцічу дадавала?" [10, s. 11-12]. Найхутчэй жа пратапласт Мірскіх Андрэй паходзіў з старажытнага полацкага баярскага роду Сяньковічаў таго, што і вядомыя з полацкае рэвізіі 1552 году баяры Яцка Быстрэйскі і Іван Стрэжоўскі. Былі яны павязаныя па кудзелі з князьмі Ямантовічамі-Падбярэскімі, але самі князьмі не былі. Хай сабе будуць князьмі, калі на тое была згода Сэнату. Аднак як гэта можа тычыцца Заблоцкіх? Баярын, шляхтіч, князь - усе гэтыя тытулы шчыльна павязаныя з вайсковай справай і таму традыцыйна перадаваліся па мужчынскай лініі. Пабранне шлюбам з жанчынай княскага паходжання не магло быць падставай, каб княскі тытул перанесці на род мужа. Мусім тады прызнаць, што Вайніслаў Савіч-Заблоцкі бяспраўна скарыстоўваў гэты тытул, як у адносінах да сваёй асобы, гэтак і да бацькі [16, s. 100]. А усёж такі княская кроў у жылах аўтара "Полацкае шляхты" струменіла, бо род ягонае прабабулі Канстанцыі Гінвіл-Кульвец выводзіўся ад літоўскага князя Даўспрунка, брата Міндоўга.

У адрозненні ад Мірскіх Савічы з'явіліся ў Браслаўскім павеце ў XVII ст. Яшчэ ў XVI ст. некалькі Савічоў з каралеўскага дазволу трымалі забалоцкае староства, што непадалёк Воршы. Магчыма адсюль іхныя нашчадкі займелі прыдомак Заблоцкія. Аднак не выключана, што назва можа паходзіць і ад маёнтка Заблоцішкі (літ.: Zablatiškė, сёння ў Ігналінскім р-не Уцянскага павета Літвы), якім прадстаўнікі роду валодалі да 1829 году [14, s. 10]. Дык вось, у першай палове XVII ст. Іван Савіч, пакінуўшы свайму малодшаму брату Гаўрыле маёмасць у Смаленскім ваяводстве, нададзеную каралём іхняму бацьку Сямёну, выехаў да Браслаўскага павету, дзе набыў маёнткі Арцёмавічы і Стаўрова. Пры канцы XVIII ст. Заблоцкія трымалі маёнткі, якія месціліся на тэрыторыі, што абыймала парафіі Езяроскую (літ.: Zarasai), Даўгеліскую (літ.: Daugėliškis), Салоцкую (літ.: Salakas) і Свянцянскую (літ.: Švenčionys) Браслаўскага дэканату. Сёння ўсе пазначаныя мясціны знаходзяцца ў складзе Літоўскае рэспублікі [7, s. 52, 110, 111, 113, 257, 263, 289].

Калі ж параўноўваць продкаў Вайніслава, дык найбольш знакамітым быў род ягонай бабулі Зоф'і Ганны Рудаміна-Дусяцкай, якая па бацькоўскай лініі мела выдатных палітычных дзеячоў Вялікага княства Літоўскага: Яна, наваградскага кашталяна (1636-1646); Пятра, кашталяна дорпацкага (1639-1643) і смаленскага (1643-1649); Крыштапа, кашталяна полацкага (1645-1654) і ваяводу менскага (1654-1655). Прадстаўнікі з матчынага боку (Шчыты-Неміровічы) былі дакладна ня менш, калі нават ня больш, заслужанымі: Ян, намеснік полацкі часоў князя Вітаўта (1412-1413); Андрэй, гетман польны літоўскі (1536-1541) і ваявода кіеўскі (1514-1541); Ян, намеснік віцебскі (1520-1528); Крыштап, кашталян смаленскі (1713-1720); Язэп, кашталян мсціслаўскі (1740-1745); Ян, кашталян інфлянцкі (1754-1760); Язэп, кашталян берасцейскі (1783-1790), і нарэшце Зоф'ін дзед Юстыніян, пісар скарбовы літоўскі (1777-1788).

МАЁМАСЦЬ

У прашэнні 15 кастрычніка 1887 году, пададзеным на імя расейскага амбасадара ў Брусэлі князя Льва Ўрусава, Вайніслаў Савіч-Заблоцкі пісаў, што быў некалі ўладальнікам маёнткаў Панчаны ў Дзісненскім павеце Віленскае губэрні і Труды ў Гарадоцкім павеце Віцебскае губерні, якія змушаны быў прадаць, каб пакрыць выдаткі ў часе знаходжання на эміграцыі [3, с. 457]. Яшчэ раней, у 1880 годзе Вайніслаў згадваў, што бацька ягоны памёр у радавым маёнтку Мікалаеве [16, s. 100], да якога дарэчы належалі і памянёныя Ілл. 4. Рэшткі прысадаў ў маёнтку Панчаны Заблоцкіх, а потым Стацкевічаў (2014). Труды. Маёнтак гэты трапіў да Заблоцкіх недзе на мяжы XVIII-XIX ст., бо яшчэ ў 1789 годзе Якуб Заблоцкі трымаў маёнтак Кузьмішкі, што ў 10 км на паўднёвы ўсход ад Езяросаў. У 1802 г. Якубаў бацька Антон Заблоцкі прадаў радавыя Кузьмішкі сваякам Салмановічам. Пэўна ў гэтым часе Якуб і набывае Мікалаеў. Пасля 1810 г. Заблоцкі пабраўся шлюбам з удавой Яна Корсака Кацярынай з Лапацінскіх, дачкой скарбовага пісара ВКЛ Ігната Лапацінскага [17, s. 160]. У 1814-1817 гг. Якуб займаў пасаду маршалка Ілл. 3.  Мапа наваколля Панчанаў і Друйкі (1932). гарадоцкага павету. Пасля спачыну Кацярыны ў 1819 г. ён збудоўвае ў Мікалаеве капліцу, якую прыпісалі да каталіцкай парафіі ў Непаротах. Згаданы Якуб Заблоцкі прыходзіўся дзядзькам Вайніслававаму дзеду Вінцэнту. Меў Якуб з Кацярынай адзінага сына Ігната, які з'ехаў на Валынь і пэўна памёр у маладым узросце [18, s. 114]. Верагодна таму пасля смерці Якуба ў 1838 г. Вінцэнт і стаў уладальнікам Мікалаева. Да таго часу дзед Вайніслава валодаў пэўна толькі Бярнаткамі, што ў 10 км на поўнач ад Кузьмішак. Мог ён пэўны час трымаць і нейкія іншыя маёнткі, бо Вінцэнтаў сын Канстанцін, а бацька Вайніслава, нарадзіўся не ў Бярнатках (дзе нарадзіўся сам Вінцэнт), і не ў Друйцы, што былі сядзібай Рудаміна-Дусяцкіх [8, s. 500] і дзе нарадзілася маці Канстанціна, але ў Відзах. Аднак выглядае на тое, што пасля скону Вінцэнта на маёнтак знайшліся і іншыя прэтындэнты, бо сам Вайніслаў адзначае, што валодаў ён адно толькі Трудамі, а ня ўсім Мікалаевым. 23 снежня 1865 г. выйшаў імператарскі загад "О воспрещeніи лицамъ польскaго происхожденiя вновь прioбрeтать помѣщичьи имѣнiя въ девяти Западныхъ губeрнiяхъ", што значна ўскладняла продаж маёнтку. У 1870 годзе, скарыстаўшы з імператарскага дазволу балтыйскім немцам набываць зямельную маёмасць, барон Фрыдрых Розэн купляе суседні маёнтак Мосар [11, s. 399]. Гэты карнэт Фрыдрых Розэн гербу Ружы быў павязаны сваяцтвам з Мірскімі, бо ягоная дачка Лізавета, што пазней валодала Мікалаевым, была замужам за нейкім князем Эдуардам Святаполк-Мірскім [13, s. 229]. Пэўна ў гэтым жа часе Розэнамі набыты і суседні Мікалаеў [2, с. 286, 411].

Панчаны, дзе нарадзіўся Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, раней былі часткаю маёнтка Друйка ягонага прадзеда Язэпа Рудаміны-Дусяцкага. У 1823 г. удава па Язэпе Барбара з Шчытоў-Неміровічаў падзяліла маёнтак між дочкамі. Казіміра, якая пабралася шлюбам з Тамашом Лапацінскім, атрымала ўласна Друйку з вёскамі Вэрды, Захеўка, Яя, Русцы, Букоўшчына і засценкам Дзявелі. Зоф'і ж, якая выйшла замуж за Вінцэнта Заблоцкага, дасталася паўночная частка маёнтку з вёскамі Абалоннем і вадзяным млыном, Пунцэвічамі, Войсай, Вальцінамі, Бліноўшчынай, засценкамі Бубалоўшчынай і Баравымі. Маёнтак гэты займеў назву Панчаны. Пасля скону Зоф'і Заблоцкай маёмасць дасталася ў спадчыну адзінаму ейнаму ўнуку Вайніславу [12, s. 764].

Яшчэ ў 1873 г. маёнтак Панчаны належаў Заблоцкаму [4, с. 78]. Прададзены ён быў пэўна ў 1878 годзе, бо 30 кастрычніка гэтага году ў лісце да Юзафа Крашэўскага Вайніслаў пісаў, што чакае грашовае падтрымкі з Літвы. Пазней Заблоцкі згадваў, што продаж здзейсніў муж ягонае кузыны Марыі Яраслаў Клёт на падставе даверчага лісту [3, с. 456].

Грошы ад продажу маёнткаў ледзве пакрывалі выдаткі на пражыццё на эміграцыі, бо знайсці літаратару сталую працу ў іншамоўных краінах было надзвычай цяжка. У 1886 годзе ў лісце да ўкраінскага культурніцкага дзеяча Міхаіла Драгаманава Савіч-Заблоцкі гэтак характарызаваў свой маёмасны стан: "Цяпер, пан з паноў, нi кала нi двара, нi псячай нават будкi ня маю" [1, с. 315].

Спіс літаратуры і крыніц

1. Беларуская лiтаратура ХІХ стагоддзя: хрэстаматыя / склад.: А.А. Лойка, В.П. Рагойша. - Выд. 2-е. - Мінск : Вышэйшая школа, 1988. - 486 с.

2. Памятная книжка Витебской губернии на 1878 год / сост. А. М. Сементовский. - Витебск : Витебский Губернский Статистический комитет, 1878. - 416 с.

3. Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст. / уклад. Г. В. Кісялёў. - 2-е выд. - Мінск : Беларуская навука, 2003. - 549 с.

4. Список волостей и сельских обществ по мировым участкам Виленской губернии 1873 года : - Вильна. - 1873. - 227 с.

5. Album Muzeum Narodowego w Rapperswyllu / Muzeum Narodowy w Rapperswyllu ; red. J. I. Kraszewski. - Lwów : J. Dobrzański i K. Gorman, 1876. - 608 s.

6. Limanowski, B. Pamiętniki : w 4 tomach / B. Limanowski. - Warszawa : Książka i Wiedza, 1958. - T. 2 : 1870-1907. - 848 s.

7. Opisy parafii diecezji wileńskiej z 1784 roku [Электронны рэсурс] : w 3 tomach / J. Maroszek (red.) - Białystok : Uniwersytet w Bialymstoku, 2009. - Т. 1 : Dekanat Brasław / Opr. K. Jodczyk. - 457 s. - Рэжым доступу http://pbc.biaman.pl/dlibra/doccontent?id=13702. - Дата доступу: 18.10.2021.

8. Pakoszowa Elżbieta z Rudominów. Pamiętnik / E. Pakoszowa // Kronika Rodzinna. - 1881. - nr.16. s. 499-508.

9. Piekosiński, F. O dynastycznem szlachty polskiej pochodzeniu / F. Piekosiński. - Kraków : Akademia Umiejętności, 1888. - 292 s.

10. Rzewuski, H. Pamiątki JPana Seweryna Soplicy, cześnika parnawskiego : w 4 tomach / H. Rzewuski. - Paryż : A. Jełowicki i Spółka, 1839-1841. - T. 3-4. - 1841. - 379 s.

11. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich : w 15 tomach / red. F. Sulimierski [i inni]. - Warszawa : 1880-1902. - Т. 6 : [Malczyce - Netreba]. - 1885. - 960 s.

12. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich : w 15 tomach / red. F. Sulimierski [i inni]. - Warszawa : 1880-1902. - Т. 8 : [Perepiatycha - Pożajście]. - 1887. - 960 s.

13. Stackelberg, Otto Magnus von. Genealogisches Handbuch der estländischen Ritterschaft : in 3 Bd. / Otto Magnus von Stackelberg. - Görlitz : Starke Verlag, 1930-1935. - Band 1. - 1935. - 729 S.

14. Uwiadomienie // Kuryer litewski. - 1829. - 10 Czerwca. - s. 10.

15. Wolff, J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / J. Wolff. - Warszawa : Gebethner i Wolff, 1895. - 664 s.

16. Wydawnictwo na cele dobroczynne Samborskie / wyd. G. Kohn. - Sambor : J. Czaiński, 1880. - IV, 196 s.

17. Żychliński, T. Złota Księga Szlachty Polskiej : w 31 tomie / T. Żychliński. - Poznań : J. Leitgeber, 1879-1908. - T. 4. - 1882. - 452 s.

18. Żychliński, T. Złota Księga Szlachty Polskiej : w 31 tomie / T. Żychliński. - Poznań : J. Leitgeber, 1879-1908. - T. 30. - 1907. - 168 s.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX