Папярэдняя старонка: Чарнякевіч Андрэй

Міністр БНР: дзіўныя шляхі Яўгена Ладнова 


Аўтар: Чарнякевіч А. М.,
Дадана: 14-09-2017,
Крыніца: Чарнякевіч, А. М. Міністр БНР: дзіўныя шляхі Яўгена Ладнова / А. М. Чарнякевіч // Личность в истории: героическое и трагическое: сборник материалов Пятой междунар. науч.-практ. конф., посвящ. 20-летию историч. ф-та, Брест, 23-24 ноября 2011 г. / БрГУ им. А. С. Пушкина: редкол.: М. Э. Чесновский (гл. ред.) [и др.]. - Брест: БрГУ, 2012. - С. 243-249.



94(476)(092 Я.Ладноў)

Андрэй Чарнякевіч

(Гродна)

Non mirari, non indignari, sed intelligere *

Адразу прызнаемся, звярнуцца да біяграфіі гэтага дзеяча ці дачакацца працы на гэтую тэму ад сваіх калегаў, хацелася ўжо дастаткова даўно - міністар БНР, кіраўнік беларускай дэлегацыі ў Парыжы ды, наогул, неардынарная асоба. Што яшчэ трыба гісторыку?! Нажаль, акрамя кароткай біяграфіі ў энцыклапедыі гісторыі Беларусі, якая перакочовывае з аднаго выдання ў другое, асоба Яўгена Ладнова да сёння не дачакалася больш грунтоўнага даследвання [ 14, с. 396;]. І справа, нават, не ў адсутнасці крыніц, прынамсі, не толькі. Хутчэй, праблема ў іншым: Яўген Ладноў з'яўляецца антыгероям беларускай гісторыі, а таму не ўпісваецца ва ўжо звычайны шэраг постацей нацыянальнага пантыёну!

Гэткім чынам, перад намі беларукі палітычны авантурыст ды "рэнегат", дарэчы, так сама чарговы, а калі больш дакладна - здраднік ды правакатар. Што гэта азначае ў дачыненне да беларускага руха - справа асобнага, вялікага, а можа - і не аднаго, артыкула (Адзначым толькі, што лёс Я. Ладнова, у нейкім сэнсе, тыповы, калі гаворка ідзе пра беларускіх дзеячоў г.зв. паланафільскага накірунка, гэткіх як бацькі ды сына Адамовічаў, Паўла Аляксюка, Рамуальда Зянкевіча, Арсена Паўлюкевіча ды іншы.). Мы жа паспрабуем засяродзіць увагу ўласна толькі на самым моманце "здрады", каб лепш зразумець, месца і ролю гэтай постаці.

Сучаснікі, за некаторым выключэннем, пакінулі не шмат успамінаў пра самаго Яўгена Ладнова [18]. І гэта зразмела, калі ўлічыць ягоную рэпутацыю агента польскай дыфензівы і, мягка кажучы, не зусім зраўнаважанай асобы. Тым больш каштоўнай, хаця, магчыма, не да канца аб'ектыўнай, падаецца ўзгадка пра былога міністра БНР былога ж прэм'ера беларускага ўрада Антона Луцкевіча, які ў сваіх паказаннях на допытах у НКУС адзначыў наступнае: "…Трэба заўважыць, што ён валодаў нейкім асаблівым талентам заваражваць і пераконваць людзей: у першы момант яму нават вельмі цяжка нешта заспрэчыць, гэтак уплывае ён на слухачоў" [12, с. 244;]

Якім Яўген Ладноў быў на сам рэч - мы ўжо не даведаемся. Затое, вядома, што ён, прафесійны вайсковы, нарадзіўся 7 ліпеня 1880 года ў горадзе Двінску, Віцебскай губерні, прымаў удзел у падзеях рэвалюцыі 1905 года ды ваяваў на франтах Першай Сусветнай. Пасля лютаўскай рэвалюцыі з'яўляўся намеснікам старшыні Харкаўскага губернскага савета сялянскіх дэпутатаў. Тады ж прыпадае знаёмства Я. Ладнова з беларускім рухам - ён прысутнiчаў на Першым Усебеларускiм кангрэсе ды, нават, быў абраны ў склад яго выканкама [4; 10, с. 353;14, с. 329;].

Адразу ўдакладнім. Усе, ці амаль усе факты з пачаткаў ягонай біяграфіі мы падаем услед за самім… Яўгенам Ладновым, што прымушае адносіцца да іх вельмі асярожна. Тым часам, шлях Я. Ладнова ў беларускі рух прасочыць дастаткова ня проста. Ягонае імя, і сапраўда, сустракаецца ў сярод удзельнікаў Усебеларускага з'езда ў канцы 1917 года, на якім ён, нават, выбіраецца ў сакратары прэзідыўма (Я. Ладноў быў у спісе сяброў Рады І-га Усебеларускага з'езда, у якасці "капітана энэральнаго Штабу" [8, с. 35, 37]). У 1918 годзе, зноў жа з уласных слоў, удзельнічае ў партызанскай і падпольнай барацьбе супраць нямецкіх акупантаў на Украіне [14, с. 32].

Вясну 1918 года Яўген Ладноў сустрэў на Украіне, дзе, сярод іншага, прымаў удзел у працах дэлегацыі Народнага Сакратарыята БНР - спачатку, у якасці "запрошанага на паседжанне сябра Рады БНР", а ўжо пазней - як кансультант. У канцы красавіка, калі Я. Ладноў зноў з'ехаў у Харкаў, дэлегацыі планавала накіраваць яго ў складзе асобнай місіі ў Курск [7 , с. 117, 121, 130]. Тады ж, як падаецца, закладваюцца ягоныя цесныя адносіны з Аляксандрам Цвікевічам…

У канцы 1918 года капітан Я. Ладноў апынуўся ў Адэсе, адкуль, ужо як сябра мясцовага Беларускага нацыянальнага камітэта накіроўваецца ў Парыж [7 , с. 340]. Згодна пазнейшым звесткам Антона Луцкевіча, Я. Ладнова далучылі ў склад парыжскай дэлегацыі па ініцыятыве ўсё таго ж А. Цвікевіча [ 12 , с. 238].

У 1918 ваенны мiнiстр ва ўрадзе БНР, са снежня 1919 мiнiстр замежных спраў, магчыма, сябра БПС-Р, у лютым 1919 года Яўген Ладноў прызначаны ўрадам БНР членам, пазней - старшынёй беларускай дэлегацыi на Парыжскую мiрную канферэнцыю, а ўжо 11 мая загадам урада БНР атрымаў званне палкоўніка! Адначасова, як міністру нацыянальнай абароны, яму надаваліся паўнамоцтва "весьці перагаворы з замежнымі ўрадамі і іх прадстаўнікамі ва ўсіх пытаньнях, якія датычаць нацыянальнай абароны БНР" [7 , с. 345-346; 14 , с. 329].

Менавіта Я. Ладноў пры пасрэдніцтве палкоўніка де Вуліча ды французкай выведкі выступіў ініцыятарам сустрэчы А. Луцкевіча з польскім прым'ерам І. Падарэўскім летам 1919 года ў Парыжы [3 , s. 9; 11 , s. 56-64]. Пры гэтым, прынамсі ў лістах, паслядоўна заховывае антыпольскую пазіцыі і выказваецца прыхільнікам сбліжэння з коламі расійскай эміграцыі [7 , с. 495-496] (Больш за тое, у жніўні 1920 года старшыня беларускай дэлегацыі ў Парыжы даў некалькі кантраверсыйных інтэрв'ю французкім выданням, у якіх выказаўся за аўтаномію для Беларусі ў складзе федэратыўнай Расіі [8, с. 874]).

Пазней, у кнізе "Огнём и мечём, голодом и болезнями" сам Я. Ладноў гэтак апісаў далейшыя падзеі: …У сакавіку 1921 г., відны польскі дыпламат запрашае ў Варшаву. Еду. Уручаю дакументы - польскаму ўраду ды штабу. …Палякі паабяцалі падтрымку. Еду ў Вільню. Інфармую беларускіх грамадскіх дзеячоў. Прапаную аб'яднацца, уключаючы крайне правых, падтрымаць славянскую Польшчу і - саюзную Францую - супраць германа-савецкай змовы. Прапановы прынята аднагалосна. З боку палякаў абяцанай падтрымкі няма. Рэпрэсіі супраць беларусаў. Сябры здзіўлены. У чым справа?! Маё становішча?! Нябачная рука паўсюль зачыняе перада мною дзьвер.

Стварылася невыносная маральная атмасфера. Мне навязваюць ролю нейкага агента; кажу і дзейнічаю адкрыта, пішу, падпісваю, прашу і публікую. Маўчанне. Тайная клевета, злоба, шыпенне…" [10 , с. 354 ].

На сам рэч, усё адбывалася куды больш празаічна. У канцы 1920 года Я. Ладноў у Парыжы пачынае перамовы з прадстаўнікамі Расійскага палітычнага камітэта - Філосафавым ды палкоўнікам Няхлюдавым. Пры чым, у нарадах бралі ўдзел, так сама, прадстаўнікі французскага парламента, якіх, сярод іншага, цікавілі пытання аб прадстаўленне Францыі канцэсій на тэрыторыі Беларусі. У худкім часе прайшло некалькі сустрэч беларуска-расейскай дэлегацыі з прадстаўнікамі французскага МЗС і, нават, самім генералам Вейганам! Адначасова значна пагоршыўя фінансавы стан беларускай дэлегацыі ў Парыжы, што прымусіла выбіраць палітычную арыентацыю. На гэты раз - паміж Коўнай, дзе знаходзіўся ўрад БНР на чале з В. Ластоўскім, і Варшавай, адкуль шлі настойлівыя прапановы аб супрацоўніцтве [5 , l. 50-51.; 14 , с. 329].

"…У гэты час, - паведамляў у сваім лісце адзін з супрацоўнікаў беларускай дэлегацыі ў Парыжы Кахоўскі, - з Прагі вярнуўся сябра нашай дэлегацыі генерал Вент і ўпрост пачаў казаць пры мне ды Ладнове, што трэба пакончыць з Коўнай і пачаць справу з Польшчай, дзе ў яго ёсць сувязі праз ягонага сябра генерала Жэлігоўскага і што ён бярэцца гэтыя справы ўстроіць. На гэта палкоўнік Ладноў пачаў распытаваць Вента, ці сапраўды дадуць грошы і як бы лепш гэта магчыма было зрабіць…". У выніку, быў распрацаваны агульны план, які прадугледжваў, што палякі дазволяць стварыць беларускі ўрад, які б апіраўся на армію С. Балаховіча, а Я. Ладноў, прызнаўшы яго, аўтаматычна далучыцца ў склад новага ўрада, разам з дэлегацыяй. Адначасова, планавалася, атрымаць падтрымку з боку ўплывовых французскіх сфераў. Пасля чарговай адсутнасці Я. Ладнова - гэтым разам ён адпачываў у Вісбадане, - з Варшавы на імя парыжскай дэлегацыі прыйшла кароценькая тэлеграма ад Вента, з адным толькі словам: "Віншую" [5 , l. 51 r.-52]

Імкнучыся любым коштам утрымаць найбольш уплывовых віленскіх беларускіх дзеячаў у рэчышчы прыхільнай да Польшчы палітыкі, ІІ аддзел Генеральнага штаба робіць стаўку на Яўгена Ладнова. У лютым 1921 года Я. Ладноў быў ужо гатовы выехаць у Варшаву, аднак, ён усё яшчэ не спяшаўся канчаткова парваць з беларускім урадам у Коўне. "…Не ведаю. - пісаў той жа Кахоўскі ў літоўскі МЗС, - што зараз прадпрымае Ладноў…, аднак, у выніку поспеху задуманага прадпрыемства, ягоныя вынікі неадкладна дадуць пра сабе знаць і будуць чараваты наступствамі, як для саміх Беларусаў, гэтак і для маладой літоўскай дзяржавы" [5 , l. 52 - 53].

Трэба памятаць, што ў самой Вільні сярод часткі беларускіх дзеячоў захоўвалася пэўная дыстанцыя да ўрада В. Ластоўскага. У фондах бібліятэкі Урублеўскага захаваўся чарнавік ліста да "Міністра Загранічных Спраў і Абароны Беларускае Народнае Рэспублікі Ладнова", напісанага ад імя Віленскага БНК. "У адказ на Вашае запытанне, - гаварылася ў ім, - паведамляю, што постуляты дэклярацыі Бел. Нац. К-ту ў Вільні, празначанай на кэнфэрэнцыю ў Бруксэлі, былі ўложаны апіраючыся на інфармацыі Ураду Ластоўскага аб тайнай умове між гэтым Урадам і Урадам Літ. Рэсп. Азнаёміўшыся цяпер з аўтэнтычным тэкстам сказанай умовы, заяўляю, што інфармацыі Ураду Ластоўскага былі фальшывыя, і гэтым Бел. Нац. К-т быў уведзен у абмылку, палажыўшы ў аснову сваіх постулятаў не самую умову, а сфальшаваны змест яе" [6 , l. 3 r.].

Зусім іншая сітуацыя ўтварылася ў гэты перыяд на тэрыторыі «Сярэдняй Літвы», якая фармальна заставалася па за межамі ІІ Рэчы Паспалітай. Палітычная напружанасць вакол Віленскага пытання, як і адсутнасць адзінай кардынальнай лініі з боку Польшчы, спрыялі рэанімацыі федэралістычнай канцэпцыі і ўласна праекта ўтварэння «Беларускага П'емонта". І вось гэтае заданне - утрымаць віленскіх беларусаў у рэчышчы польскай дзяржаўнасці, як раз і было даручана Я. Ладнову [22, s. 6, 39]. «Ладноў на дадзены момант з'яўляецца адным з галоўных інфарматараў нашага Генеральнага штаба. На вывядоўчую акцыю Ладнова было асыгнавана 5 тысяч франкаў у месяц. Тэрыторыя дзейнасці з'яўляецца Парыж і Прага". - Паведамляў у сярэдзіне 1921 года бліжэй невядомы карэспандэнт, прыпушчальна - афіцэр ІІ аддзела, кіруючыя кола польскага Міністэрства замежных справаў [3, s.27-28].

Прыехаўшы у сакавіку 1921 г. ў Вільню, Яўген Ладноў здолеў пераканаць мясцовых дзеячоў у неабходнасці стварэння адзінага каардынацыйнага цэнтра беларускага руху, які б адцягнуў частку беларусаў з-пад уплываў Літвы (чытай -Нямеччыны) ды Савецкай Расіі, і тым самым падтрымаў Ю. Пілсудскага ў ягоных намаганнях па стварэнні адміністратыўна-аўтаномнай адзінкі ў складзе польскай дзяржавы.

Сам Ладноў у 1923 г. заяўляў, што ён "на аснове дакументаў і канфідэнцыяльнай інфармацыі" здолеў давесці беларускім дзеячам, што паміж Савецкай Расіяй і Нямеччынай заключана патаемная змова, якая скіравана супраць Польшчы і Антанты і мае на мэце: 1) Паўздзейнічаць на абвастрэнне адносін паміж палякамі і беларусамі, літоўцамі і ўкраінцамі, выклікаць нацыянальныя, рэлігійныя і класавыя сутычкі; 2) На рэпрэсіі польскіх уладаў адказаць узмацненнем антыпольскай прапаганды ў краіне і ў замежнай прэсе; 3) У адпаведны момант ўзняць нацыянальнае паўстанне на Беларусі, Валыні, у Галіччыне і ў Сілезіі; 4) Выклікаць узброеную інтэрвенцыю Савецкай Расіі ў абарону «ўцісканых братоў» і такім чынам ліквідаваць Польшчу [21].

У выніку 17 красавіка 1921 года быў створаны гэтак званы Беларускі дзяржаўны камітэт, якому Найвышэйшая Рада, якая знаходзілася фармальна ў апазіцыі да ўрада В. Ластоўскага, дэлегавала свае паўнамоцтвы галоўнага беларускага прадстаўнічага органа [8 , с. 1082-1083] ("Пілсудчыкі, уступіўшыя ў перамовы з Дзяржаўным камітэтам, - пісаў пазней у сваіх паказаннях Б. Тарашкевіч, які выступаў адным з актыўных стваральнікаў новай арганізацыі, - …сцвярджалі, што Пілсудскі мае цвёрды намер вырашыць віленскае пытанне ў аўтаномна-федэралісцкім сэнсе з краёвым сеймам у Вільні"[17 , с.130-185]). Сярод іншага, камітэт упаўнаважыў Я. Ладнова падпісаць дамову аб узаемадзеянні з генералам Станіславам Булак-Балаховічам [1 , арк. 30-35адв-41адв, 45адв.-49; 7 , с. 1090-1091;].

Амаль адразу Я. Ладноў пакідае Вільню, але замест Коўна, дзе на яго чакае В. Ластоўскі і ўрад БНР, накіровываецца спачатку да Прагі (7 мая), дзе сустракаецца з А. Цвікевічам, Вершынінам ды Вейтам, а адтуль - зноў у Парыж. Пры гэтым, ён увесь час падтрымлівае сувязь з Дзяржаўным камітэтам [3, ark. 31-35].

Аднак, у хуткім часе, усе крокі беларускіх дзеячоў ў гэтым накірунку былі спынены, а сам камітэт, пасля таго, як беларусам стала вядомым аб сувязях Я. Ладнова з ІІ аддзелам, ліквідаваны. Даволі верагодна, што інфармацыя супраць міністра БНР магла паходзіць ад тых польскіх палітычных сілаў, якія не бачылі перспектываў у далейшай рэалізацыі «федэралістычнай канцэпцыі» і ў дадзеным выпадку выступалі праціўнікамі ІІ аддзела [17].

У выніку, 8 траўня 1921 года Я. Ладноў быў выключаны са склада ўрада БНР [14, с. 329]. Калі ён вярнуўся ў Парыж - яго чакала распараджэнне з боку В. Ластоўскага здаць усе справы дэлегацыі на рукі генерала Ц. Кандратовіча. Больш за тое. Пад час палітычнай канферэнцыі ў Празе ў кастрычніку 1921 года наўмысна створаная камісі ў складзе прадстаўнікоў розных палітычных груповак прыняла пратакол у справе абвінавачвання Ладновым Ураду БНР на чале з В. Ластоўскім у супрацоўніцтве з нямецкімі і расейскімі манархістамі, а самому былому міністру запрапанавала… грамадскі суд [8, с. 1228].

У тым жа 1921 годзе Я. Ладноў увайшоў у склад Беларускага камітэта ў Варшаве дзе заняў месца віца-старшыні, аднак, пазней фактычна прысвоіў сабе кіраўніцтва ў гэтай арганізацыі [13 , с. 337;]. Аўтар некалькіх кніг пад шыльдай таго ж Варшаўскага БНК, якія прафінансаваў ІІ аддзел: "Огнём и мечём, голодом и болезнями", "Przeciwko blokowi z niemcami» ды «Les protocols de Ludendorff-Stinnes-Tchitcherine». У іх ён даказваў, пры дапамозе тэндэнцыйна падабраных фактаў, што Расія была знішчана дзякуючы нямецкім інтрыгам, а зараз такі ж лёс можп чакаць і Польшчу [ 10; 19; 20]. Аднак, параза пад час парламенцкіх выбараў восенню 1922 года, пазбавіла Варшаўскі БНК дзяржаўных субсыдыяў і паспрыяла поўнаму ўпадку гэтых установаў.

На фоне далейшага пашэрэння ўплываў Беларускага пасольскага клубу 7 красавіка 1923 года Я. Ладноў і Л. Дубейкаўскі выступаюць з чарговай дэкларацыяй пратэста ад імя Варшаўскага БНК. Падобны крок, аднак, стаўся шмат у чым актам палітычнага самагубства, канчаткова замацаваўшы за аўтарамі кляймо агентаў ІІ аддзела Генеральнага штабу - польскай дыфензівы і адштурхнуўшы іх ня толькі ад беларускага руху, але... і ад саміх польскіх уладаў.

У выніку 10 мая 1923 Беларускае Прэс-бюро распаўсюдзiла iнфармацыю пра тое, што Я. Ладноў з'яўляецца правакатарам i рэкамендавала ўсiм беларускiм арганiзацыям i дзеячам "пазбягаць блiзкага знаёмства з iм" [8 с. 1375;14 , с. 329]. Вельмі хутка ягонае імя ператвараецца ў сімбал нацыянальнай здрады і супрацоўніцтва з Польшчай, што тады ўспрымалася, як сінонімы [8, с. 1372-1373]

У худкім часе, постаць Яўгена Ладнова наогул знікае з палітычнага жыцця беларусаў у Польшчы. Па некаторых дадзеных, пазней ён жыў у Берліне, што вельмі дзіўна, улічваючы ягоныя адносіны да Нямеччыны, і, нават, падрыхтаваў на імя прэзідэнта Германіі Гіндэнбурга шэраг дакументаў пра падрыўную дзейнасць масонскіх лож у Еўропе [14 , с. 329]. Акрамя таго, вядома, што жонка Ладнова - Марыя Васільёўна, памерла ва Францыі ў 1967 годзе і пахавана на могілках у Сэнт-Жэнев'е-де-Буа, а гэта можа ўскосна сведчыь пра далейшы лёс і яе мужа [15, с. 25. ].

На прыканцы - кароткая цытата з кнігі Яўгена Ладнова: "Жадаю дабра роднай, блізкай Польшчы, - Пісаў ён, - і не сустракаю падтрымкі. Усею душой люблю славян - беларусаў, украінцаў, рускіх, палякаў, сербаў, чэхаў ды інш.. Усім сэрцам люблю і адданы Францыі. Жадаю дабра - немцам, іўдэям, усяму чалавецтву. …Нікому не жадаю зла" [10, с. 355 ].

Крыніцы і літаратура:

1. Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). - Ф. 60. - Воп. 3. - Спр. 456;

2. Archiwóm Akt Nowych w Warszawie (AAN). - MSZ. - t. 6672 a; TSK. - t. 99;

3. AAN. - TSK. - t. 99;

4. Centrałny Archiwóm Wojskowy (CAW). - Oddzial II Sztabu Generałnego. - Syg. I. 303.4.2543;

5. Lietuvos centrinis valstybes archyvas (LCVA). - F. 382. - Ap. 7. - b. 119;

6. Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka Rankraščių skyrius. - F. 21. - vnt. 305;

7. Архівы Беларускай народнай рэспублікі. - - Том І. - Кніга 1. - Вільня-Нью-Ёрк-Менск-Прага: Беларускі інстытут навукі й мастацтва, таварыства беларускага пісьменства Наша ніва, 1998;

8. Архівы Беларуская Народнай Рэспублікі. - Том І. - Кніга 2. - Вільня-Нью-Ёрк-Менск-Прага: Беларускі інстытут навукі й мастацтва, таварыства беларускага пісьменства Наша ніва, 1998;

9. Кароткі нарыс беларускага пытаньня. - Рэдактары: А. Вашкевіч, А. Пашкевіч, А. Чарнякевіч. - Мінск, 2009. - с. 396;

10. Ладнов Е. Огнём и мечём, голодом и болезнями. - Варшава, Издат. белор. комитета, 1922. - с. 353;

11. Лазько Р. Спробы заключэння беларуска-польскага саюза ў 1919 г. // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. -2001. - № 15. - s. 56-64;

12. Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху. - Беласток-Вільня, 2010 - с. 244;

13. Ляхоўскі У. Беларускі камітэт у Варшаве // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 2. - Мн.: БелЭн, 2003. - с. 337;

14. Міхнюк Ул. "Ладноў Яўген Міхайлавіч" // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. - Т. 4. - Мн.: БелЭн, 1997. - с. 329;

15. Незабытые могилы. Российское зарубежье: некрологи 1917-1999: В 6 т. Т. 4. Л-Н / Рос. гос. б-ка; Сост. В. Н. Чуваков; Под ред. Е. В. Макаревич. - М.: «Пашков дом», 2004. - 700 с.;

16. Пашкевіч А. Беларускія паланафільскія арганізацыі і дзеячы падчас парламенцкіх выбараў у Польшчы ў 1922 г. // Problemy cywilizacyjnego rozwoju Bialorusi, Polski, Rosji i Ukrainy od konca XVIII do XXI wieku / Pod redakcja Piotra Franaszka, Aleksandra N. Nieczuchrina. - Krakow: Wydawnictwo Uniwersytetu Jagiellonskiego, 2007. - s. 161;

17. Тарашкевіч Б. Аутабіяграфія (падрыхтавалі да друку А.Валахновіч, У.Міхнюк) // Спадчына. - 1996. - № 5. - С.130-185;

18. Философов Д. Полковник Ладнов // За свободу. - 1924-№ 34;

19. Ladnoff E. Les protocols de Ludendorff-Stinnes-Tchitcherine. - Varsovie, 1923. - s. 40;

20. Ładnow E. Przeciwko blokowi z niemcami. - Baranowiczy, 1922. - s. 16;

21. Ładnow E., Dubiejkowski L. List do redakcji // Kurjer Poranny. - 1923. - 12 kwietnia. - Nr. 73.

22. Sylwester Wojewódski przed Sądem Marszałkowskim, War., Wydawnictwo Sejmowe, 1997;



*Ні здіўляцца, ні злавацца, а зразумець (з лац.)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX