Папярэдняя старонка: Цьвікевіч А. І.

Аб аргументах ад роздуму 


Аўтар: Цьвікевіч Аляксандар,
Дадана: 23-09-2011,
Крыніца: Спадчына № 1-1998 С. 24-31.



АБ АРГУМАНТАХ АД РОЗДУМУ I АБ АРГУМАНТАХ АД СЭРЦА

Друкуецца зь невялікімі скаротамі паводле віленскага часапісу "Студэнцкая Думка" (1925 г., № 1-3), дзе падпісаны псэўданімам А.Галынец.
(з цыклю "Штодзённыя думкі")


I.

(...) Ясна: нацыянальнае адраджэньне творыць у першую чаргу ня розум, а пачуцьцё народа. Мы кажам, - у першую чаргу, бо, калі пачуцьцё праб'ець сабе шлях i адраджэньне нацыі выявіцца ў даказаных фактах, толькі тагды на падмогу яму i для аканчальнага растлумачаньня i апраўданьня гэтых фактаў прыходзіць розум, навука, філёлёгічная i філёзоўская крытыка, фігуральна кажучы, "цяжкая артылерыя". На вялікім прыкладзе гэта можа давясьці, цікуючы за разьвіцьцём нацыянальных рухаў у Эўропе, у новыя часы. Вядома, прыкладам, што нацыянальныя рухі ў Італіі, у Нямеччыне, рухі славянскіх народаў пад уціскам Турэччыны i Аўстра-Вэнгерскай манархіі абхапляўшыя сабой шырокія масы i ўздымаўшыя ix на вялікія чыннасьці, - усе яны не сустрачалі спагаду з боку рацыяналістычнае навукі. Апошняя доўгі час не вызнавала народнасьці дастойным чыньнікам дзяржаўнага будаўніцтва, лічыла сябе i свае абстрактныя прынцыпы вышэй за ўсе i сустрачала народныя імкненьні акрэсьляна варожа. I толькі, калі нацыянальнае начала перэмагло, пасьля вялікіх войнаў за нацыянальную незалежнасьць - ужо ў сярэдзіне XIX века, - навука пераходзіць на новыя рэйкі. Канта з яго абстрактнымі катагорыямі ("Дзяржава ёсьць аб'еднаньне людзей пад юрыдычным законам"), у якіх ня было мейсца эмоцыі, заменяе Савіньні, Шэльлінг, Гегель з ix "гістарычнай школай" i апотэозай "народнага духа". На малым прыкладзе гэта відаць з дробных фактаў нашае сучаснасьці: калі сілай падзей, у выніку перамогі новага жыцьця над старым ладам, паўстала Беларусь як незалежная краіна, - шмат хто з сучасных вучоных, раней воража i адмоўна ставіўшыхся да беларускай мовы, пачынаюць яе адкрыта вызнаваць i апраўдываць (гл. пазыцыю проф. Расторгуева, акад. Карскага i інш. "Маладая Беларусь", с. 45).

Сябры ўраду БНР i прадстаўнікі беларускай эміграцыі падчас утварэньня Беларускае Рады ў Празе. У першым шэрагу сядзяць (зьлева направа): Мікола Вяршынін, Аляксандар Цьвікевіч; у другім шэрагу стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Аляксандар Галавінскі, Бруна Мілер. Прага, 1923 г. (БДАМЛІМ.).

Зара кожнага нацыянальнага адраджэньня пачынаецца ня розумам, а сэрцам, пачынаецца ня формулай, а песьняй. Поэт - вось хто звычайна зьяўляецца ініцыятарам нацыянальнага абуджэньня, вось хто адкрывае першую страніцу "Новага Завета". Роля вучонага - чародная i другарадная - яна выцекае, сьледуе за рольлю поэта. Гомэр у Грэкаў у Афінах, трубадуры i манэстрэлі ў раманскіх народаў, падобныя ім мінэзінгэры i майстэрзінгэры ў народаў гэрманскіх; у чэхаў - поэт Пухмайер i яго школа, у сэрбаў Давідовіч i яго плеяда, у харватаў - Гай, Вукотіновіч, Прерадовіч; у баўгараў - Славейкаў, Геров; у ўкраінцаў Шэўчэнка, у латышоў - Вайдэнбаўм i Райніс "маладой Латвіі", у індусаў - Рабіндранат Тагор - i так бяз канца. У нас беларусаў запраўдным пачынальнікам нацыянальнага руху трэба лічыць народнага поэта Багушэвіча.

Падобнае зьявішча зусім натуральнае. Песьня бліжэй стаіць да жыцьця, яна пяець яго, вылетаець з душы i вуснаў, так што нават элемэнт волі, г. зн. пэўнай духовай напружанасьці, патрэбны ў іншых галінах творчасьці, тут амаль адсутны. Поэт i яго песьня таму зьяўляюцца першымі на ніве нацыянальнага ўсьведамленьня - "першымі ластаўкамі!", - што для ix узьнікнавеньня заўсёды істнуець адпаведны грунт. Народ, які не памёр, жыве ў сваей песьні, што гаворыць аб яго сумах, радасьцях, аб усім, што яго акружаець. Поэту, як сыну народа, што зьвязаны з ім нявіднымі ніцямі i адчуваець яго пульс, - вядома песьня народная, яе матыў i зьмест. Гэткім чынам, у яго ёсьць ужо гатовы матэрыял, якому трэба толькі прыдаць адпаведны літэратурны выгляд.

Поэту, каб тварыць, ня трэба спэцыяльнай падгатоўкі, як прыкладам гісторыку, юрысту ці хіміку. Каб мець сваіх уласных вучоных, нацыі трэба прайсыді даўгую школу, прарабіць значную культурную працу. Таленты хіміка, астранома, мэдыка рэалізуюцца не адразу, а пасьля шматгадовай тэхнічнай спэцыялізацыі. Талент поэта - дар Божы, i рэалізуецца ён звычайна з моманту свайго адкрыцыдя. Праўда, вышэйшыя асягненьні, вяршыны творчасыді даюцца поэту ня адразу. Багатыя зьместам i дасканалыя па фор­ме творы поэта выходзяць з-пад яго пяра толькі пасьля грунтоўнага пазнаньня ім як сябе самога, так i ўсяго народнага быту, пасьля цярпялівай працы над сваім дараваньнем. Але звычайна поэт пяе сваю песьню не пытаючыся ні сябе, ні другіх аб сваёй дасьпеласці, аб сваім "праве" на песьню - у гэтым крыецца некрытычная par excellence істота поэтычнага дару.

Поэт i яго песьня зьяўляюцца першымі ластаўкамі нацыянальнага адраджэньня яшчэ i з другое прычыны. Зьяўленьне ix як першых выклікаецца ня толькі ўнутранымі i вонкавымі варункамі, дзякуючы якім i сярод якіх ён творыць, - але таксама i мэтамі, якія ставіць ён прад сабой. Мэта гэта - узварушыць народ з пасыўнай астоі, прабудзіць у ім свайго "Я", выкаваць у ім волю для барацьбы за будучыну. Хутчэй за ўсё i лепш за ўсё асягаець гэтай мэты песьня i поэтычны верш. Гэта таму, што яна дзеіць безпасрэдна на душу народа, а душа народа, яго пачуцьцёвыя перажываньні, як ведама, ёсьць галоўны фактар у нацыянальным абуджэньні. У кожнай барацьбе найбольшую ролю адыгрывае змагарная эмоцыя, якую, ласьне, i абуджае i ўзгадоўвае поэт, далёкі ад сьцюдзёнага разрахунку сіл, караючы ўсё трусьлівае, сьпяваючы аба ўсім гэроічным, клічучы на ахвярнае змаганьне са злом, несправядлівасьцю i насільствам.

На апошку - песьня, гэта запраўдны "аргумант ад сэрца" [1],- дзеіць i захоплівае сабой найбольшую грамаду людзей. Лік асоб, што знаёміцца з імі, не ў параўнаньню большы за той, што знаёміцца з аргумантамі навукі. Гарызонт уплываў поэзіі i літэратуры - неабмежана шырокі. Аргумантам гэтым захопліваецца i пераконваецца асьвечаны i неасьвечаны, багаты i бедны, стары i малады. Прад натхнёным заклікам поэта, які зварачваецца да сэрца людзей, падаюць соцыяльныя, рэлігійныя, клясавыя перэгародкі. Для запраўднага поэтычнага генія ня істнуець нават i час: са ўсіх іншых правадыроў нацыі поэт найбольш няўміручы.

Ён сеіць сваё зярнё на агульнай народнай ніве i на ўсе часы,- вось чаму са ўсіх сейбітаў поэт выходзіць на родны палетак раней за ўсіх.


II.

Пэрыяд адраджэньня Беларусі, сучасьнікамі якога мы зьяўляемся, ёсыдь пэрыяд пераважна, a мо'i выключна літэратурна-поэтычны. Мы не абмылімся, калі скажам, што да сёньняшняга дня беларускі адраджэнскі pyx вядзе i пасувае наперад беларускі пісьменьнік ці бліжэй - беларускі поэт. Беларускае аповесьці i рамана, як наагул сур'ёзнай прозы, яшчэ няма. Яшчэ не дасьпеў яе час. Тым больш не дасьпеў час i для беларускай навукі, - яна ёсьць справа заўтрашняга дня. Мы жывем, калі можна так характарызаваць, у эпоху свайго "нацыянальнага романтызму", а романтызм, як ведама, заўсёды "пяяў i будзе пяяць у вершах". Элемэнт глыбокага цікаваньня жыцьця, крытычнага думаньня над яго праблемамі, што даецца ў выніку прозаічнага твору, - усё гэта яшчэ наперадзі. Пакуль што мы маем верш, - пераважна лірычны, што таксама характарызуе романтычны ўклон творчасьці. Але тое, што мы маем у гэтай галіне, нагэтулькі багата, дасканала, сьвежа i арыгінальна, што мы можам быць зусім спакойнымі за сваю будучыну.

Беларусь нашых дзён прысутна пры разсьвітаньні свай­го творчага духа. Да зэніту яшчэ далека, - але гэтае разсьвітаньне нагэтулькі багата зьместам i барвамі, што поўдзень нашага рэнэсансу абяцае быць пагодным i слаўным.

Наша поэзыя - добра завостраны меч, - духовы меч, што крышыць мур сьцюдзёнасьці i недавера. Поэт нясе гэты меч - ён б'ець ім у сэрца людзей, мінаючы розум, разсявае сум i цемру сучаснай гадзіны. Для ўсіх недаверкаў, для ўсіх "слабых духам" гэты меч - песьня - ёсьць адзінае збавеньне: "Бійце ў сэрца ix, бійце мечамі, не давайце чужынцамі быць"... - гэты заклік узмацуе не адну хістаючуюся душу i выведзе на адпаведны шлях не адзін заплутаны ро­зум.

I запраўды, шмат хто з інтэлігэнтных працаўнікоў быў скіраваны на нацыянальны шлях, ласьне, гэтым мячом,- песьняй i вершам, налітымі сьлязьмі i кроўю. У ўкраінскім адраджэньні да ліку ix належыць гэткі выдатны чалавек, як Міхайло Драгаманов. Гэта ён прызнаваўся, што "вывучэньне ўкраінскіх песняў прымусіла яго моцна палюбіць гэты народ". Ласьне, народная песьня i гэній Шаўчэнкі зрабіў з яго, заядлага расейскага космополіта, - адным з галоўных будаўнічых украінскае справы. Вядома таксама, што нават i зрусыфікаваны Гоголь, нават i той пісаў сваім сябром у Кіеў: "пришлите мне песен украинских: я задыхаюсь в здешней петербургской атмосфере".

Скептычна настроены інтэлігэнт можа заўважыць, што сучасная беларуская поэзыя ня мае вялікай вартасьці, дзеля таго, што яна надзвычайна аднаадменна: пераважаючую частку яе становяць сумныя песьні аб горы, нядолі, нудзе i бядоце. Такі характар быццам не абяцае Беларусі нічога добрага. Доля бадзяньня пад чужой прынукай, доля беднасьці, забітасьці, небарацтва, аб чым поўна ў нашай літэратуры, сьведчыць аб заняпадзе народнае энэргіі, аб пэўнай волявой дэгэнэрацыі. I скептыкам ды пэсымістам здаецца, што калі ў беларусаў няма іншай духовай стравы, дык гэтую атруту трэба кінуць. Каб уратавацца ад духовай сьмерці, трэба ўхапіцца за больш бадзёрую, больш актыўную i надзейную літэратуру, хоць бы яна была чужая. Па ix перакананьню характар беларускай поэзыі сьведчыць, што быццам народ беларускі, як арыгінальна-творчая нацыя,- няжыцьцёвы, a непакоіцца тым, што няжыцьцёва ня мае сэнсу. "Падаючага штурхні,- казаў Ніцшэ,- усё роўна з штучнага выхаваньня нічога здаровага i годнаго будучыны ня выйдзе". Нашыя правінцыяльныя ніцшэанцы вельмі спагадаюць гэткім мысьлям.

Мы павінны згадзіцца, што цяперашняя (ня сёньняшняя!) беларуская поэзыя маець пэўныя аднабокасьці. Яна сама ў гэтым шчыра прызнаецца. Разьвярніце найбольш салідны збор твораў першага поэта Беларусі Янкі Купалы: на першай старонцы вы знойдзеце эпічна-спакойную заяву, што ў ім "больш за ўсё нуды праклятай". Так яно i ёсьць, i з гэтым нельга спрачацца. Поэзыя - люстэрка жыцьця, i калі жыцьцё ненармальнае i горкае, дык i поэзыя будзе горкай i нуднай. Але рабіць адсюль пэсымістычны вывад - зусім дарма.

Мы добра ведаем, што некаторыя асаблівасьці нашага нацыянальнага "Я", якімі мы хацелі-б гардзіцца, шмат хто з чужынцаў лічыць за вялікія хібы. Так, прыкладам, нашую прыраджоную скромнасьць лічуць за забітасьць, за хвараблівую, арганічную няздольнасьць; адсутнасьць у нас захапнасьці, якая ў гісторыі ўзгадоўваецца колёнізацыйнымі імкненьнямі, прыймаюць за адзнаку слабасьці; нашую прыроджаную мягкасьць i лагоднасьць, што сьведчыць аб гістарычнай культурнасьці беларускага народу, прыймаюць за адсутнасьць цьвёрдасьці, трываласьці i ўпартасьці ў барацьбе.

Мы добра ведаем гэтыя агідныя, абрыдлыя прыпеўкі аб "забитых белоруссах", аб "biednych kmiotkach". I трэба згадзіцца, што да гэтых прыпевак мы самі - сьвядома ці несьвядома [2] - дакладалі руку.

Але, паўтараем, ад гэтых прызнаньняў таксама далёка да пэсымізаў у думках аб будучыне Беларусі, як неба далё­ка ад зямлі. З рэдкай правяднасьцю зразумеў гэта знамяніты "гарун" Беларусі - Аляксандар Прушынскі. У сваім дынамічным вершу "Паэту" ён загадвае:

Прашу цябе, мой брат, сьпявай аб нашым горы,
Аб тым, што ёсьць цяпер i што даўней было,
I што на ўсякі твар кладзець, як плуг, разоры,
I што ў мільёнах душ разоры правяло.
Прашу цябе, сьпявай аб горы песьнь адну ты,
I наш гаротны лес рабі яшчэ цяжэй. -
Тады, убачыш сам,- парвуцца духа путы
I будзе ясны дзень да нас тагды бліжэй...
(курс. мой.- Г.).

Так, ласьне, i ёсьць: песьня аб горы пяецца поэтам не для таго, каб народ нікнуў i занепадаў яшчэ больш, а для таго, каб ён выгартоўваў у сабе новую сілу, далейшую здольнасьць перанясьці цяжары сучаснасьці. Гаротная песьня - гэта той молат, які "дробіць шкло, куець булат".

Рука поэта часта сьвядома нацягвае стралу народных цярпеньняў: чым больш напружанасьць - тым далей паляціць страла вызваленьня.

I дарма імкнуліся бы нас штурхаць нашыя вучоныя схолястыкі, нашыя інтэлігэнтныя мяшчане: заштурханыя ў вякох, мы абіліся i на штурчкі ўжо не рэагуем. Ня падаць гатовы мы, a ўстаць. Устаць ува весь гіганскі ўзрост буйнага дванадцацёх мільённага ўваскросшага народу. Устаць са сьветлым чалом, на якім яшчэ зіяюць раны ад стагодняга цярновага вянца, са словам божай праўды на вуснах, закутых у вяках пячаткай маўчаньня.

Слова свабоды нашай ужо грыміць,- i сьмешнымі здаюцца нам палахлівыя, хаваючыся, шчырачыя зубы прарочаства. Яны загінуць як цені ночы.

Поэт наш вядзе нас да сонца! Дарогу беларускаму поэту!



[1]Я сьведама не раблю рожніцы паміж песьняй-сьпевам i песьняй-вершам. У данным выпадку гэта адно i тое: побач i разам з беларускім поэтам ідзе беларускі нацыянальны хор i наадварот, побач з хорам ідзе беларускі поэт. Для характэрыстыкі даволі прачытаць аб тым, як адбіваецца "заваяваньне" новадалучаных да Савецкай Беларусі ўсходніх абшараў. Калі Менску трэба паказаць жыхарству гэтага абшару, "што мае Беларусь",- калі яму трэба ўзбудзіць у ix нацыянальнае пачуцце,- ён пасылае туды перш за ўсё беларускі хор i сваіх поэтаў. I можна быць пэўным да канца, што, ласьне, яны, а ня соткі прапагандыстаў, хоць бы нават шчырых i таленавітых,- узбудзяць гэты гібеючы ў нацыянальнай несьвядомосьці абшар.

[2]Да сьвядомага памяншэньня свайго значэньня мы залічаем вельмі няўдалы спосаб беларускіх літэратараў выбіраць сабе псэўданімы. Рэдка які з гэтых псэўданімаў (ix наагул залішне многа!) сьведчыць аб упэўненасьці аўтараў у сваіх сілах.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX