Папярэдняя старонка: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Археалагічныя артэфакты ў міфалагічным успрыманні беларусаў 


Аўтар: Дучыц Л. У.,
Дадана: 30-05-2013,
Крыніца: Гісторыя і археалогія гарадзішча Маскавічы: зборнік навуковых артыкулаў / Пад рэдакцыяй А.Я. Тараса. - Рыга: выданне Інстытута беларускай гісторыі і культуры, 2013 - 386 с.



Старыя рэчы ў зямлі і ў вадзе людзі знаходзілі заўсёды. З цягам часу яны траплялі да калекцыянераў і ў музеі [46, c.16 ] . У сялянскім асяроддзі яшчэ да нядаўняга часу існавалі свае адносіны да знаходак.

1. ‹‹Перуновы стрэлы›› ( сакральнасць каменных сякер ).

Каменныя рубілы і сякеры з адтулінамі ў народзе атрымалі назвы Перуновы стрэлы, Грамавыя стрэлы , Крамнёвыя стрэлы, Стрэлы Перуна, Перуноўкі, Грамніцы, Чортавы пальцы, Чортавы пазуры (пазуркі), а на паўзмежжы з Літвой - Перкуна кулька і г.д.

Паўсюдна з'яўленне каменных сякер звязвалася з навальніцай. Так, у мястэчку Жалудок Шчучынскага раёна яны прыпісваліся прароку Іллі, які імі ‹‹ забіваў злых духаў›› [46, c. 100]. На Браслаўшчыне былі ўпэўнены , што ‹‹стрэламі пярун б'е чорта падчас навальніцы›› [48a, c. 33]. У многіх мясцінах гаварылі :- ‹‹ пасля з'яўлення каменныя стрэлы на працягу 7 або 12 гадоў знаходзяцца ў зямлі, і , толькі потым выходзяць на паверхню›› [46, c. 4; 47, c. 27; 37, c. 103]. У некаторых раёнах лічылася , што Пярун мае дзесяць такіх каменных кулек на кожным з пальцаў, адзінадцатую трымае ў далоні, і , толькі дванадцатая ляціць на зямлю. Пры гэтым яна разаграваецца і глыбока ўваходзіць у глебу, а праз дзесяць гадоў выходзіць на паверхню. У к. ХІХст. у Іказні на Браслаўшчыне сцвярджалі, што грамавыя стрэлы застаюцца ў зямлі на 12-ці сажаннай глыбіні на працягу 12 гадоў [46, c. 5].

Знаходка ‹‹пярункі ›› лічылася вялікім шчасцем, і пра гэта стараліся не расказваць. Часам сяляне нават спецыяльна займаліся пошукамі каменных сякер [47, c.95,136]. Па павер'ях Перуновы стрэлы прыносілі дому і гаспадарцы шчасце [54, c. 76-77], ахоўвалі ад маланкі і пажару [58, c.83; 46, c. 5; 64; 36, c.246], валодалі сілай пладароддзя [5, c. 267-268]. Іх захоўвалі каля парога, ў гумнах утыркалі ў дзюрку слупа, а ў хлявах, дзе стаялі каровы, ў вароты ‹‹каб ведзьма не прыйшла і не адняла ў кароў малако››[54, c. 76-77; 37, c. 103-104]. У многіх месцах пры пачатку будаўніцтва каменныя сякеры клалі пад першы вянок будынка[74, s. 8]. На беразе ракі Гайны на Барысаўшчыне каменны клін з нейкай ахоўнай мэтай быў уладкаваны на ліпе. У той жа мясцовасці пярункі клалі ў квашню каб хлеб добра падыходзіў і выпякаўся [37, c. 103]. Іх клалі на падаконнік, каб гладкімі былі тканіны падвешвалі каля ткацкага станка [74, s. 9]. Каменныя сякеры захоўвалі нават у храмах [46, c. 11].

Пярункі лячылі розныя хваробы ў людзей і жывёл. Хворае месца расціралі сякерай, або прыкладалі ёй разагрэтай [5, c. 267-268; 44, c.39; 66, c. 5-6; 74, s. 8]. Пярункамі лячылі зубны боль[59,c. 80-82], апёкі, спалох, вывіх, пералом, ‹‹дурное вока››[36, c. 242; 54, c. 76-77]. Каменныя сякеры выкарыстоўвалі ў выглядзе парашка з вадой як лекі ад болі жывата [46, c. 100; 47, c.27, 136], ад прастуды [19, c. 987]. У в. Дукрава Дзятлаўскага раёна такім парашком лячылі парэзы [47, c. 13] .

Асаблівай магічнай сілай валодалі сякеры са свідраванымі адтулінамі. Іх падвешвалі ў якасці ‹‹курынага бога›› у хлявах [ 22, c.704; 23, c. 724 ]. Праз адтуліну пралівалі ваду і пасля такога дзеяння яна лічылася лекавай [5,c. 267-268; 1, c. 38-50; 41, c. 163; 71, c. 149-190]. Хворыя жанчыны праз адтуліны ў сякеры выдаўлівалі грудное малако [ 23, c. 725].

Падобныя спосабы лекавання існавалі і ў адносінах да хатняй жывёлы. У мястэчку Неманойтэ былога Трокскага павету каменнай сякерай расціралі хворае месца ў свіней ад пухлінаў[ 46, c. 12], а ў Калонішках на Браслаўшчыне- вымя ў кароў [ 48, c. 23]. Хворым жывёлам таксама давалі нашкрабаны з сякеры парашок з вадой [ 49, c. 101]. Пры грудзіне карову даілі праз адтуліну сякеры [ 23, c. 725].

Вядомы і шэраг практычных спосабаў выкарыстання каменных сякер. Іх клалі ў жбанок з малаком як сродак ад яго закісання, або калі яно мела нядобры смак. Гэта называлася ‹‹парыць гладыш››[ 37, c. 103]. У в. Сухнавальня каля Ліды каменныя сякеры выкарыстоўвалі ў якасці саляных песцікаў[46, c. 92 ], а на Падзвінні і на Смаленшчыне ў якасці грузікаў падвешвалі да рыбацкіх сетак [65, c. 82; 59, c. 83-84; 36, c. 245, 250]. Каменнымі сякерамі разбівалі арэхі, таўклі талакно, забівалі цвікі [53, c. 25], прыстасоўвалі ў якасці гіры пры ачыстцы дымавых труб [ 15, c. 3].

Па павер'ях калі насіць з сабой перунову стралу, то можна было ўсіх адолець[78, s.37-40]. Пра тое, што сякерку ў якасці амулета насілі за пазухай ці пад фартухам, згадваюць многія даследчыкі [34, c. 11; 66, c. 5-7; 75, s.416]. Вядомы таксама знаходкі пярунак у курганных пахаваннях пач. П тыс.( Лепельскі, Віцебскі, Себежскі паветы былой Віцебскай губерніі ) [ 15, c. 3, 4, 6].

Са знойдзенымі Перуновымі стрэламі рэдка раставаліся. У 1920-ыя гады на тэрыторыі савецкай Беларусі навукоўцы і музейныя работнікі ў час экспедыцый зафіксавалі што амаль у кожнай вёсцы ў старых жанчын ёсць каменныя кліны ці сякеры і аддаць іх яны не згаджаюцца ні за якія грошы[ 28, c. 187; 64]. Але здаралася дзеля навукі ахвяравалі свае талісманы. Так, у в. Мураў Замак ( Бярэзінскі раён ) адна сялянка некалі атрымала ў спадчыну каменную сякеру як лекавы сродак ад усіх хваробаў, захоўвала яе сорак гадоў і падаравала археалагічнай экспедыцыі [56, c. 89-90]. У 1925г. археолагу А. Ляўданскаму клін-амулет у в. Юр'ева Смалявіцкага раёна перадаў селянін Т. Шэмпель. У 1905г. калі ён ішоў на руска-японскую вайну гэты клін з чорнага каменя ў якасці амулета ад куль атрымаў ад свайго крэўнага Л. Крыстафовіча з в. Вялікае Залужжа. Памеры кліна 7, 5 х 3, 7см і таўшчыня 1, 9см. Чалавек здаровым вярнуўся з вайны і калі ўжо ягоны сын ішоў на руска-нямецкую вайну ( 1 сусветную), перадаў пярунку яму. Той таксама вярнуўся здаровым [37, c. 105].

Акрамя каменных кліноў і сякер як лекавы сродак выкарыстоўвалі знаходкі апрацаванага крэмня ( наканечнікі стрэл, нажы ). Лячылі ўколамі астрыя [55, c.116]. Крамянёвыя стрэлы прыстасоўвалі таксама для крэсіваў [36,c. 238, 240; 55, c.16].

Гаворачы пра каменныя сякеры варта ўзгадаць пра існаванне шматлікіх паданняў, дзе героі ( волаты, асілкі, багатыры, браты і інш.) перакідваюцца праз раку менавіта каменнымі сякерамі. Многія міфічныя героі гінуць ад удару каменнай сякеры [61, c. 350-373; 62, c. 354-368]. Напрыклад, на Расоншчыне з гарой Літоўшчынай звязана паданне паводле якога літоўцы біліся каменнымі сякерамі праз праку Свольну. У Смалявіцкім раёне праз раку Усяжу нібыта біліся сякерамі два багатыры. У в. Вялікія Нямкі Веткаўскага раёна перакідваліся каменнымі сякерамі міфічныя князі Серык і Чэнчык.

На Рагнедавай Гары ў Расонскім раёне ў бітве быў забіты каменнай сякерай полацкі князь Рагвалод [59, c. 83-87]. На гары Літоўка каля в. Чарнавокі Верхнядзвінскага р-на нібыта ‹‹ў час даўняй вайны жылі асілкі-літоўцы, якія кідалі каменныя сякеры на гару Заточынку каля в. Дабраплёсы , месца святкавання Купалля››[51, c. 8]. Каля фальварка Тупічын непадалёк ад в. Валынеж Касцюковіцкага раёна адзін з вялікіх насыпаў у курганным могільніку называлі Волатава Магіла. Расказвалі, што малодшы брат забіў каменнай сякерай старэйшага брата і пахаваў у кургане [44, c. 447].

2. Уяўленні і павер'і аб выкапнёвых костках

Асаблівую ўвагу ў народзе заўжды прыцягвалі вялізныя косткі мамантаў і іншых вымерлых жывёлін. У іх бачылі рэшткі волатаў ( веліканаў), якія сышлі ў зямлю[ 14, c. 18], косткі дзікіх людзей [ 10, c. 98-102], астанкі багатыроў-казакаў, шведаў, французаў і інш .[8, c. 644].Такія косткі стараліся захоўваць. Лічылася, што яны прыносяць шчасце і поспех у гаспадарцы. Іх закладалі ў сцены пры будаўніцтве, трымалі ў дамах, замках, ратушах, храмах [79, s. 125]. Так, у в. Сідорак былога Раслаўскага павету на Смаленшчыне ў капліцы ляжала гіганцкае ‹‹ тапарышча ад сякеры нейкага велікана-заснавальніка вёскі ››[8, c. 643-644].У мястэчку Кохавыні ў Галіччыне ў касцёле захоўвалася ‹‹нага волата››[72, c. 110]. У к. ХІХст. у Ваўкавыску пры будаўніцтве вакзала знайшлі два мамантавыя клыкі. Адзін з іх потым устанавілі ў зале , а другі перадалі ў Віленскі музей[ 40, c. 175]. Таксама ў к. ХІХст. у мясцовасці Сухары былога Чавускага павету ў балоце, пры ўпадзенні ракі Басі ў Проню знайшлі шкілет маманта. Часткі біўня патрапілі ў музей ў Мінск, а астатняе ў якасці сакральнага сродка расцягнулі сяляне [44, c. 450]. У некаторых раёнах косткі маманта і іншых выкапнёвых жывёл шкраблі і атрыманы парашок пілі з вадой як лекі[ 7, c. 285].

Часта пры земляных работах траплялі на старадаўнія забытыя могільнікі. Знойдзеныя там косткі прыпісвалі веліканам -першанасельнікам, веліканам з часоў да Кацярыны І , людзям з часоў да н. э. , а таксама шведам , татарам, французам, казакам і інш.[43, c.30-33],або чужым людзям[68, c. 9-10; 9, c. 26].У в. Касцянёва Шчучынскага р-на на старадаўнейшым гарадзішчы ў часы сярэднявечча былі могілкі і іх вонкавыя прыкметы ўжо даўно зніклі, але зараз калі знаходзяць там косткі , то кажуць , што яны ад вайны з кітайцамі.

Звычайна знойдзеныя чалавечыя косткі скідвалі назад ў яму[ 46, c.40; 47, c. 46-47]. Але даволі частыя і выпадкі выкарыстання такіх знаходак ў якасці лекаў, асабліва ад зубнога болю[ 70, c. 64]. У 1886г. археолаг М. Янчук на тэрыторыі сучаснага Старадарожскага раёна раскопваў курганныя пахаванні, і , калі мясцовыя людзі даведаліся пра адкапаны шкілет , то да яго прыйшлі сялянкі і ўпрошвалі аддаць ім зубы з чэрапа. Яны былі ўпэўненыя , што пры зубным болі трэба пацерці зубам нябожчыка [ 73, c. 83].

У Скідзелі каля Гродна косткі і чарапы людзей выкарыстоўвалі як сродак ад ліхаманкі [9, c. 63]. На Смаленшчыне знойдзенай у старой магіле косткай аьводзілі хворае месца [ 27, c. 149]. У к. ХІХ ст. вядомы і іншыя выпадкі адносінаў да знойдзеных чалавечых костак. Так, у в. Ніз Слонімскага р-на некаторыя мясцовыя жыхары збіралі косткі з курганоў і прадавалі іх рамізнікам , якія ездзілі і набывалі косткі як сыравіну для вытворчасці мыла і інш. рэчаў [ 40, c. 167-168].

3. Адносіны да знойдзеных у зямлі старадаўніх рэчаў

Акрамя каменных прылад працы і выкапнёвых костак магічнымі лічыліся ў першую чаргу гліняныя і шыферныя праселкі. У адных мясцінах іх называлі залатнік , у другіх-памочнік [ 37, c. 89; 40, c. 177-178; 57, c. 212; 60, c.86-87]. Звычайна такія рэчы выкарыстоўвалі для лячэння ‹‹утробы››(жывата). Яшчэ ў пач. 1920-ых гадоў на Барысаўшчыне хворае месца націралі праселкам і лічылі , што пасля гэтага ў жываце паварушыўся залатнік [ 37, c. 89]. У некаторых вёсках праселкам расціралі жывот , пры гэтым шапталі замовы і прасілі ці загадвалі, каб залатнік стаў на месца. Такі звычай быў зафіксаваны ў 1930-ым годзе ў в. Лучыцы на рацэ Пціч. У гэтай жа вёсцы нацёрты з праселка парашок з вадой давалі хворым людзям і скаціне [57, c. 212-213]. У в. Какошчыцы на Слонімшчыне гліняныя праселкі расціралі ў парашок , парылі з гарэлкай і ў такім выглядзе пілі ад болі страўніка [ 40, c. 177-178].

Сакралізаванымі былі знойдзеныя старадаўнія манеты. Іх змяшчалі пад падушкай, каля печы, прышывалі да адзення ў якасці гузікаў, імі ўпрыгожвалі абразы [50, c. 78-99 ]. З манет сашкрабалі метал і з вадой давалі піць як ўніверсальны сродак ад усіх хваробаў [ 54, c.76-77; 60, c. 55]. У к. ХІХ ст. на Смаленшчыне расцёртую ў парашок медзь пілі ад пералому костак [ 26, c. 587 ], а на Чарнігаўшчыне сцёртую медзь змешвалі з апілкамі, макам, і хлебам [ 17, c. 36, 269].

У пач. ХХст. каля Полацка старадаўнія манеты захоўвалі ў якасці лекаў, якія дапамагаюць пры пераломе костак у чалавека і жывёл [ 29, c. 360-361 ]. На Гродзеншчыне некалі лічылі, што для таго , каб п'яніца перастаў напівацца, то трэба знойдзеную на могілках манету ( ці костку) пакласці ў ваду і праз суткі даць яе выпіць[ 77, s. 113 ].

Метал сашкрабалі і са знойдзеных старых рэчаў. Напрыклад, у пачатку 1920-ых гадоў археолаг А. Ляўданскі ў в. Тачылішча Смалявіцкага р-на сустрэў селяніна, які шкрабаў медзь са знойдзенай ім падвескі. Ён патлумачыў, што медзь патрэбна для лячэння жывёлы [37, c. 101 ]. У археалагічнай і краязнаўчай літаратуры ёсць паведамленні аб тым , што знойдзеныя металічныя старадаўнія рэчы аддавалі на пераплаўку вясковым кавалям. Так, у к. ХІХ ст. ў Іказні на Браслаўшчыне каваль поўнасцю пераплавіў кальчугу [ 46, c. 5 ]. Шмат паведамленняў аб зарыцці назад у зямлю адкапаных рэчаў, асабліва на месцах старых могілак. Напрыклад , у в. Саўцы на Гродзеншчыне селянін знайшоў ружжо і адразу ж зарыў яго , а ў в. Дзераўная на Слонімшчыне адразу ж быў зарыты знойдзены вялікі меч [ 47, c. 14, 22 ]. У Лебедзеве Маладзечанскага р-на разам з касцямі ў магілу зарылі назад і жалезнае кап'ё [ 46, c. 40 ].

У некаторых мясцінах расказвалі пра сны пасля такіх знаходак. У в. Чарнаўчыцы на Брэстчыне пры распашцы курганоў чалавек знайшоў ‹‹штык і шаблю›› і забраў іх. У сне ён атрымаў указанне і па яму зарыў рэчы назад. У в. Казённыя Канюхі каля Індуры паблізу Гродна селянін прынёс дахаты выкапаны меч. З таго часу кожную ноч яму стаў аб'яўляцца вершнік на белым кані і патрабаваў меч. Чалавек вярнуў меч і з таго часу гэтае месца ведалі ўсе, і яно было авеяна страхам [47, c. 46, 101].

У некаторых раёнах сакральнымі прызнаваліся выкапнёвыя жалезныя сякеры. Такі вялікі ‹‹молат Іллі-Прарока›› ў якасці рэліквіі захоўваўся ў алтары аднаго з храмаў былога Бельскага павету на Смаленшчыне. У 1897г. яго перадалі ў сховішча Смаленскага Царкоўна-археалагічнага камітэта [6, c. 35 ]. У літаратуры ёсць згадкі пра знойдзенага ў 1684г. у Віцебску ў развалінах старога будынка залатога ідала Перуна. Быццам бы яго разрубілі на часткі і адну нават паслалі папе Рымскаму [ 59, c. 73-74 ].

4. Лёс адкапаных незвычайных валуноў і вырабаў з іх

У літаратуры часта можна сустрэць паведамленні пра адкапаныя камяні са знакамі, надпісамі, малюнкамі. Адны з іх знойдзены на месцах познесярэднявечных могілак, другія- на месцах памятных падзей, трэція некалі з'яўляліся памежнымі знакамі і г.д. Вядома пра шэраг адкапаных сакральных валуноў з рознага кшталту выемкамі, а таксама пра каменныя крыжы і ідалы. Многія з іх потым пераносілі на могілкі, да культавых пабудоў ці ўнутр іх. У сярэдзіне ХІХ ст. каля в. Шайбакі Шчучынскага р-на знайшлі камень з высечанай на ім выявай ( галава чалавека, галава каня, лук, стрэлы і незразумелы надпіс). Палічылі , што гэта помнік у гонар перамргі князя Эрдвіла над палкаводцам хана Батыя Шэйбакам у 1242г. Мясцовы памешчык збіў малюнак і ўсталяваў камень на магіле сваёй жонкі [32, c. 217 ].

У 1887г. у Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны музей з мястэчка Пагост ( Бярэзінскі р-н ) паступіла фатаграфія камня са знакамі. У анатацыі гаварылася , што камень знойдзены ў лесе. Мясцовыя яўрэі палічылі , што надпіс зроблены на іх мове і паклалі камень каля ўваходу ў сінагогу [ 25, c. 70 ].У пачатку ХХст. каля дарогі з в. Елькі ў в. Кулешы ( непадалёк ад храма в. Сынкавічы ) быў адкапаны камень вышынёй больш за 1м. У 1913г. мясцовыя краязнаўцы зрабілі прамалёўку знакаў і адаслалі ў Кракаўскі археалагічны музей. Лёс жа каменя невядомы [ 45, c. 142 ]. Тры невялікія апрацаваныя камяні з выемкамі ў пач.ХХст. былі адкапаны на адным з узвышшаў каля Навагрудка. Па форме яны нагадвалі зернацёркі. Адзін з гэтых камянёў знойдзены на глыбіні некалькіх метраў. Два камяні паставілі на ганку сядзібы, а адзін выкарыстоўвалі на кухні замест макотры [76, s. 15 ]. У гэтыя ж часы на пагорку каля в. Унтальянка Барысаўскага р-на адкапалі камень падобны на ступу. Побач знайшлі яшчэ невялікія камяні і старадаўнія рэчы. ‹‹Ступу›› забралі ў лазню грэць ваду [ 4, c. 2 ]. У 1950-ыя гады на беразе Беразіны каля Бабруйска быў знойдзены камень з адшліфаванай выемкай памерам з вядро. Камень знаходзіцца ў экспазіціі Бабруйскага краязнаўчага музея. Другі падобны камень у 1980-ыя гады адкапаны пры пракладцы вуліцы ў новым мікрараёне Бабруйска і з тых часоў стаіць каля брамы гаражнага кааператыва ў якасці кветачніцы. Дыяметр каменя 0,72м, вышыня 0,42-0,46м, дыяметр выемкі 0,33м і глыбіня яе 0,3м.

Знойдзеныя незвычайныя валуны часта ўмуроўвалі ў падмуркі і сцены храмаў [ 24, c. 327 ]. У 1974г. пры раскопках Барысаглебскай царквы ў Полацку сярод рэшткаў падмурка выяўлены камень дыяметрам 1м, вышынёй 0,5м [ 69, N 477 ]. Падобны камень знойдзены і ў падмурку Малога храма на тэрыторыі Заслаўскага замка [ 21, c. 27-30 ]. У шэрагу касцёлаў, пабудаваных у пач. ХХст., у ніжняй частцы сцен умураваны надмагільныя пліты са старых закінутых могільнікаў ( Новыя Васілішкі і Ляцк Шчучынскага р-на, Крошын Баранавіцкага р-на і інш. ). У храмы пераносілі знойдзеныя камяні-следавікі. Так, у ХVІІст. у лесе каля Барысава знайшлі следавік і перанеслі яго ў горад у касцёл Прасвятой Багародзіцы [ 52, c. 1-7 ]. Некалі трапіў ў царкву і следавік у в. Лукава Маларыцкага р-на. У Камайску Докшыцкага р-на над следавіком пабудавалі храм.

Неаднаразова адкопвалі каменных ідалаў. У 1887г. у лесе каля былой вёскі Пярэспа непадалёк ад в. Ульянавічы Сенненскага р-на знайшлі чатырохтварага ідала і перанеслі яго на могілкі [ 2, c. 11-13 ]. Таксама на могілках былі ўсталяваны ідалы ў Мінеўшчыне Ваўкавыскага р-на [ 30, c. 34 ], у в. Буцькі Пружанскага р-на [ 32, c. 130 ]. Лёс ідала з Пярэспы нам невядомы, ідал з Мінеўшчыны не так даўно знік, а ідал з Буцькаў перавезены ў Пружанскі краязнаўчы музей. Ёсць паведамленні , што ў ХІХст. у капліцы на могілках каля в. Алізаравічы былога Рэчыцкага павету паставілі знойдзенага каменнага ідала [41, c. 176 ]. Адзін са знойдзеных ідалаў быў устаноўлены на ўзгорку пры дарозе з Рэчыцы ў Бабруйск [ 63, c. 181 ]. У в. Івашкавічы Зэльвенскага р-на ідалападобны камень спачатку патрапіў на могілкі, потым яго перанеслі ў храм і адтуль ён знік [ 30, c. 36 ]. Яшчэ ў 1970-ыя гады каля вёсак Грабаўцы і Залуззе Жабінкаўскага р-на на ростанях стаялі каменныя крыжападобныя ідалы [ 33, c. 22 ]. Пасля іх перавезлі ў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей.

Святымі лічыліся каменныя крыжы знойдзеныя ў зямлі, асабліва на месцах старадаўніх могілак. Напрыклад, у к. ХІХст. каля Лукомля ў Чашніцкім р-не на полі сяляне адкапалі каменны крыж. Яго паклалі на падводу , але нібыта коні не маглі скрануцца з месца. Тады запрасілі святара , які прачытаў малітвы і акрапіў крыж святой вадой. Пасля гэтага коні хутка давезлі крыж да царквы. Пры пабудове новай царквы гэты крыж паклалі ў падлогу [ 12, c. 218 ].

З валуноў і каменных крыжоў, таксама як і са знойдзеных каменных сякер, костак, старадаўніх манет і металічных рэчаў, сашкрабалі парашок і пілі яго з вадой як лекі. Часта такія валуны насілі назвы ‹‹Лекавы

камень››. Так, у в. Раменікі Іўеўскага р-на парашок з каменя выкарыстоўвалі ад вар'яцтва [ 46, c. 92 ]. Лекавыя камяні былі ў Пагосце, Верасніцы і Казаргаці на Тураўшчыне [ 42, c. 47; 67, c. 21-28 ]. У Пагосце Жыткавіцкага р-на нават і зараз у капліцы на могілках шкрабуць парашок з каменнага крыжа. Старыя жанчыны ўпэўнены, што такі парашок вельмі дзейсны ад розных хваробаў. У некаторых мясцінах лекавым лічыцца мох з сакральных валуноў , а таксама дажджавая вада з выемак [ 28, c. 50-51 ].

Такім чынам, археалагічныя артэфакты займаюць пэўную ролю ў духоўнай культуры і знахарстве беларусаў. Магічнымі заўсёды лічыліся каменныя рубілы, сякеры і стрэлы, гліняныя і шыферныя праселкі, косткі вымершых жывёлін, чалавечыя косткі са старых могілак, старадаўнія манеты і металічныя ўпрыгажэнні, незвычайныя валуны ( асабліва са знакамі і выемкамі ) і вырабы з іх ( ідалы , кропельніцы, крыжы ).

Літаратура

1. Авенариус, Н. П. Раскопки в северо-западном крае. В Минской губернии. / Н. П. Авенариус // Отчет Археологической комиссии за 1889г. -М., 1892.-С. 38-50.

2. Аникиевич, К. Т. Сенненский уезд Могилевской губернии. / К.Т. Аникиевич.-Могилев, губ. 1907.-150с.

3. Анучин, Д. Из поездки к истокам Днепра, Западной Двины и Волги . /Д. Анучин // Северный Архив. -1891.-№ 1.-С. 119-162.

4. Археалагічная справа № 12. //НАА ІГ НАНБ.-№ 312.

5. Афанасьев , А. И. Поэтические воззрения славян на природу. /А. И. Афанасьев. Т. 1.--М., Издание К. Солдатенкова. 1865-800с.

6. Бараг, Л. Г. ‹‹Асілкі›› белорусских сказок и преданий ( к вопросу о формировании восточнославянского эпоса ) / Л. Г. Бараг // РФ. Народная поэзия славян. -М-Л., Изд-во Академии наук СССР. 1963.-Т. 8.-С. 29-40.

7. Белова, О. В. Славянский бестиарий: Словарь названий и символики. / О. В. Белова. - М.: Рос. Акад. наук, Ин-т славяноведения. Индрик, 2001.-318с.

8. Белова, О. В. ‹‹Кости великанов›› как реликвии ‹‹народного христианства››. / О. В. Белова // Восточнославянские реликвии.- Прогресс-Традиция. Сборник статей. Центр восточнохристианской культуры. Редактор-составитель А. М. Лидов. 2003. -С. 638-647.

9. Белова, О.В. Этнокультурные стереотипы в славянской народной традиции. / О. В. Белова. М: Российская академия наук, Ин-т славяноведения. Индрик, 2005.-287с.

10. Белова, О. В., Петрухин, В. Я. Фольклор и книжность: миф и исторические реалии. / О. В. Белова, В.Я. Петрухин. М: Наука. 2008.-263с.

11. Богданович, А. Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов ( Этнографический очерк ) / А. Е. Богданович.-Гродно. Губернская типография, 1895.-186с.

12. Веревкин, М. Записка об археологических памятниках Витебской губернии. / М. Веревкин // Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне 1Х Археологического съезда.-Вильна. Тип. А. Г. Сыркина, 1893.-. 187-224.

13. Веселовский, А. Мелкие заметки к былинам ( Уголок русского эпоса в Саге о Тидрике Бернском ) / А. Веселовский // ЖМНП.-1896. № 8.-С. 235-277.

14. Веселовский, А. Н. Русские и вильтины в Саге о Тидрике Бернском ( Веронском ) / А. Н. Веселовский // Известия отделения русского языка и словесности императорской Академии наук. Спб., 1906. Т. Х1. Кн. 3.-С. 1-190.

15. Виленский музей древностей. Тип. О. Завадского. Вильна. 1892. -С. 1-12., 22 таблицы.

16. Виноградова, Л. Н. Та вода, которая…( Признаки, определяющие магические свойства воды ) / Л. Н. Виноградова // Признаковое пространство культуры. Отд. Этнолингвистики и фольклора ( отв. Ред. С. М. Толстая ). М., Индрик. 2002.-С. 32-60.

17. Гринченко, Б. Д.. Этнографические материалы, собранные в Черниговской и соседних с ней губерниях. Вып.1. / Б.Д. Гринченко.-Чернигов. Тип. Губ. Земства. 1895.-308с.

18. Даркевич, В. П. Топор как символ Перуна в древнерусском язычестве /В. П. Даркевич //СА.-1961.-№ 4.-С. 91-102.

19. Добровольский, В. Н. Смоленский областной словарь. / В. Н. Добровольский.-Смоленск. Тип. П. А. Силина. 1914.-1022с.

20. Дучыц Л.У. Археалагічныя помнікі ў назвах , вераваннях і паданнях беларусаў /Л.У.Дучыц. Мн: Навука і тэхніка, 1993.-59с.

21. Заяц, Ю. А. Заслаўскі замак / Ю.А. Заяц // Памяць. Заслаўе. Мн. -2000.-С. 27-30.

22. Зеленин, Д. К. Описание рукописей ученого архива императорского русского географического общества. Издание Императорского русского географического общества. / Д. К. Зеленин. Вып. 2. Петроград. Типография А. В. Орлова, 1915.-483-988с.

23. Зеленин, Д. К. Магическая функция примитивных орудий. / Д. К. Зеленин // Известия АН СССР. Отд. Общесв. Наук. М., 1931.-№ 6-. 713-754.

24. Иванова-Бучатская, Ю. В. Культовые камни Северной Германии / Ю. В. Иванова-Бучатская // Археология, история. Нумизматика, этнография Восточной Европы ( Сб. статей памяти проф. И. В. Дубова ). Спб. 2004.-С. 323-328.

25. Известия Государственной Российской археологической комиссии. Вып. 34. 1910. -С.70.

26. Историко-статистическте описание прихода села Гривы Смоленской Епархии Сычевского уезда //См. Еп. Вед. 1873. № 14.-С. 565-588.

27. Историко-статистическое описание села Засижья Васильевского прихода, Дорогобужского уезда //См. Еп. Вед. 1891. № 3.-С. 145-151.

28. Каваленя, А. Зьм. Археалагічныя росшукі ў вярхоўях рэк Друці, Усяж-Бук і Лукомкі / А. Зьм. Каваленя // Запіскі аддзелу гуманітарных навук Беларускай Акадэміі навук. Працы секцыі археалогіі. Менск, 1932.-Т.Ш. -С. 187-195.

29. Каменная плита с письменами в дер. Старое Рачино // Записки Северо-Западного отделения императорского Русского географического общества. Вильна, 1911. Кн. 2. -С. 360-361.

30. Квятковская, А. В. Ятвяжские могильники Беларуси ( к. Х1-ХVПвв. ) /А.В. Квятковская . Институт истории Литвы.Vilnius. Diemedzio leidykla, 1998.-327с.

31. Киркор, А. Шейбак-Поле /А. Киркор // Известия императорского археологического Общества. Спб., 1859.-Т. 1. Вып. 3.-С. 217.

32. Коробушкина, Т. Н. Курганы Брестского Побужья / Т. Н. Коробушкина. Мн., Наука и техника, под. Ред . д. ист. наук Э. М. Загорульского, 1993.-132с.

33. Короткевич, В. Б. Памятники истории и культуры / В. Б. Короткевич. Мн. Наука и техника, 1978.-80с.

34. Крывальцэвіч, М. М. Культ каменных сякер на Беларусі / М. М. Крывальцэвіч //Старонкі гісторыі Беларусі.-Мн. Навука і тэхніка. 1992.-С. 7-12.

35. Левкиевская, Е. Е. Куриный Бог / Е. Е. Левкиевская // Славянские древности.-Этнолингвистический словарь в 5т. Рос. Акад. наук, Ин-т славяноведения; под общ. Ред. Н. И. Толстого. М.: Международные отношения. Т.3. -С. 59-60.

36. Лявданский, А.Н. Некоторые данные о каменном веке и культуре бронзовой эпохи в Смоленской губернии / А. Н. Лявданский // Смоленский государственный университет. Научные известия. Общественно-гуманитарные науки. -Смоленск. 1927.-С. 219-259.

37. Ляўданскі, А. Раскопкі і археалагічныя разведкі ў Барысаўскім павеце // А. Ляўданскі. Менск. Інстытут беларускай культуры, 1925.-122с.

38. Ляўкоў, Э., Карабанаў, А., Дучыц, Л., Зайкоўскі, Э., Вінакураў, В. Культавыя камяні Беларусі /Э. Ляўкоў, А. Карабанаў, Л. Дучыц, Э. Зайкоўскі, В. Вінакураў //Культавыя камяні Беларусі / З глыбі вякоў. Наш край. Гістарычна-культуралагічны зборнік.-Мн. Беларуская навука. 1997.-С. 47-68.

39. Міфалагічныя ўяўленні беларусаў ( укладальнік В. С. Новак) Мн. Права і эканоміка. 2010.-533с.

40. Михайловский, Е. Археологический очерк Слонимского уезда Гродненской губернии. /Е. Михайловский. // Труды Виленского отделения Московского предварительнрого комитета по устройству в Вильне 1Х Археологического съезда. Вильна. Тип. А.Г. Сыркина. 1893. -С. 165-186.

41. Мялешка, М. Камень у вераваннях і паданнях беларуса / М. Мялешка // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кн. 4. Працы катэдры этнаграфіі. Т. 1. Сшытак 1. Менск. 1928.-С. 155-182.

42. Народнае апавяданне аб Тураве // Наш край. Мн. 1928. № 8-9 ( 35-36 ).-С. 47-47.

43. ‹‹Народная Библия››: Восточнославянские этнологические легенды. Российская академия наук. Институт славяноведения. М. Индрик. 2004.-575с.

44. Обозрение раскопок, находок, приобретений древностей музеями и прочими в России и за-границею. // Археологические известия и заметки, издаваемые Московским археологическим обществом. М.Товарищество типографии А. И. Мамонтова. 1893. Т. 1., № Х1.-С. 446-454.

45. Поболь, Л. Д. Древности Белоруссии в музеях Польши. / Л. Д. Поболь. Научный редактор доктор исторических наук Ю. В. Кухаренко. Мн., Наука и техника, 1979.-208с.

46. Покровский, Ф. В. Археологическая карта Виленской губернии. /Ф.В. Покровский. Вильна. Тип. А. Г. Сыркина. 1893.-164с.

47. Покровский, Ф. В. Археологическая карта Гродненской губернии. / Ф. В. Покровский. Вильна. Тип. А. Г. Сыркина. 1895. -166с.

48. Покровский , Ф. В. Археологическая карта Ковенской губернии. / Ф. В. Покровский. Вильна. Тип. А. Г. Сыркина. 1899.-161с.

49. Покровский, Ф. В. К исследованию бассейна Вилии в археологическом отношении. / Ф. В. Покровский. М. Тип. Г. Лисснера, А. Гешеля. 1899.-101с.

50. Потин, В. М. Монета в быту, обычаях и верованиях Руси Х-ХVПвв. / В. М. Потин. // Экономика, политика и культура в свете нумизматики. Сб. научных трудов. Л. Наука. 1982. С. 78-99.

51. Пракоф'ева, Ю. С., Лобач, У. А. Сакральная геаграфія Беларускага Падзвіння. / Ю. С. Пракоф'ева, У. А. Лобач // 70 лет Витебской области. Инновационное развитие Придвинского края ( Региональная научно-практическая конференция студентов, магистрантов и аспирантов. Сборник научных трудов.- Новополоцк.-2007.-С. 7-12.

52. Путевые заметки стольника П. А. Толстого‹‹ О Могилёвской губернии в 1697-1698гг.›› // Могилёвская старина. Сборник статей‹‹ Могилёвских Губернских ведомостей››. Вып.1. 1898 и 1899гг. Могилёв.-1900.-С. 1--7.

53. Романов, Е. Р. Материалы по исторической топографии Витебской губернии. Уезд Велижский. / Е. Р. Романов. Могилёв. 1898.-308с.

54. Романов, Е. Р. Археологическая заметка / Е. Р. Романов // Могилёвская старина. Сб. Статей ‹‹ Могилёвских Губернских ведомостей››. Вып. 2. 1900-1901.-С. 76-77.

55. Романов, Е. Р. К археологии Северо-Западного края России. / Е. Р. Романов. Вмльна. Тип. А. Г. Сыркина. 1911.-18с.

56. Рынейскі, А. Разведачная археалагічная экспедыцыя. / А. Рынейскі. // Наш край. 1929. № 8-9 ( 47-48 ). -С. 87-89.

57. Рынейскі, А. Археалагічныя разведкі на рацэ Пціч ( матэрыялы да археалагічнай карты ) / А. Рынейскі // Запіскі аддзелу гуманітарных навук Беларускай Акадэміі навук. Працы секцыі археалёгіі. Т. 3. Менск, 1932.-С. 196-214.

58. Сементовский, А. Памятники старины Витебской губернии. / А. Сементовский. Спб. Тип. К. Вульфа. 1867.-74с.

59. Сементовский, А. М. Белорусские древности. / А. М. Сементовский. Вып. 1. Спб., 1890-136с.

60. Сицинский, А. А. Акушерская помощь в Минской губернии ( 1880-1889 ). Спб. 1893. Тип. П. П. Сойкина.-208с.

61. Смирнов, Ю. И. Первожители с единственным топором.//Балто-славянские исследования . 1997. Сб. Научных трудов. М., Индрик. 1998. С. 350-373.

62. Смирнов, Ю. И. Перебрасывание единственного топора. // Балто-славянские исследования. Сб. Научных трудов. Т. 18. М., Языки славянских культур. 2009. С. 354-368.

63. Срезневский, И. И. Збручский идол Краковского музея / И. И. Срезневский. // Записки императорского археологического общества. Т. 5. Спб. 1853.-С.163-196.

64. Троська, Я. Старое гарадзішча ( Магілёўшчына. Чачэвіцкі раён )./ Я. Троська .// Савецкая Беларусь. 1925. 21 лістапада ( № 264 ).

65. Тышкевич, К. О курганах в Литве и Западной Руси ( Археологические исследования графа К. Тышкевича). / К. Тышкевич. Вильна. 1865. -268с.

66. Формозов, А. А. Начало изучения каменного века в России. / А. А. Формозов. М.: Наука. 1983.-127с.

67. Чайкоўскі, П. Народная легенда аб Тураве. / П. Чайкоўскі .// Наш край. 1929. № 8-9.-С. 21-28.

68. ‹‹Чужие›› в Полесье ( публикация и комментарии О. В. Беловой) //ЖС. 2000. № 3.-С. 9-10.

69. Штыхов, Г. В. Отчёт о полевых исследованиях 1974г. // Г. В. Штыхов //Архіў археалагічнай навуковай дакументацыі ДНУ ‹‹ Інстытут гісторыі НАН Беларусі ››. Справа № 477.

70. Шулицкий, И. К. Археологическая и историко-географическая заметка преподавателя Свислочской учительской семинарии. / И. К. Шулицкий// Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне 1Х Археологического съезда. Вильна. Тип. А. Г. Сыркина. 1893. -С. 60-65.

71. Щепанская, Т. Б. Проминальная символика. / Т. Б. Щепанская .//Женщина и вещественный мир культуры у народов Европы и России. Сб. музея антропологии и этнографии им. Петра Великого ( Кунсткамера ). Спб .: ПВ, 1999. С. 149-190.

72. Яворский, Ю. Из галицко-русских народных сказаний и суеверий //ЖС. Вып. 1. Спб. 1897. -С. 110-111.

73. Янчук, Н. По Минской губернии ( Заметки из поездки в 1886г.) / Н. Янчук // Труды этнографического отделения императорского Общества любителей естествознания, антропологии и этнографии. Кн. 1Х. Вып. 1. Т. 61. М. Тип. А. Левенсон и К. 1889. -С. 57-112.

74. Dowgird T. Wiadomosc o wyrobach z kamienia gladzonego znalezionych na Zmudzi I Litwie. Dzial 1V. Antropologja. // Pamietnik fizyjograficzny. T. X. W-wa. 1890. S. 3-9.

75. Federowski, M. Lud Bialoruski na Rusi Litewskiej. /M. Federowski.T. 1. Krakow. 1897.-509s.

76. Kulwiec, K. Zywe kamienie / K. Kulwiec // Ziemia. 1910. -S. 15.

77. Przesady I wierzenia ludu naszego //Kwartalnik litewski. T. 6. N 6. 1911. S. 110-114.

78. Tyszkiewicz, E.( T… Eus.) Rzut oka na zrodla archeologii krajowej, czyli opisanie zabytkow niektorych starozytnosci odkrytych w zach. Gubierniach cesarstwa Rosyjskiego. 8. Wilno. 1842.-56s.

79. Zmorski, R. Podania i basni ludu./ R. Zmorski. W-wa. Nowy Swiat. 1902-158s.

80.

Скарачэнні

ЖМНП-Журнал Министерства Народного просвещения ; ЖС- Живая старина ; РФ- Русский фольклор ; СА- Советская археология ; СБ-Савецкая Беларусь ; См. Еп. Вед. - Смоленские Епархиальные ведомости

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX