Папярэдняя старонка: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Магічнае кола продкаў 


Аўтар: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына,
Дадана: 20-05-2011,
Крыніца: Маладосць за 2003 год, №8.



ПАДАРОЖЖА ПА МІНШЧЫНЕ

У гэтым падарожжы мы збіраліся наведаць і агледзець культавыя камяні, ну і, вядома, іншае цікавае, што трапіцца ў дарозе. Культ камянёў на Беларусі вядзе пачатак ад архаічных часоў. Тады ў нашых продкаў яшчэ не склалася пэўная рэлігія, людзі проста надавалі навакольным з'явам чалавечыя якасці, абагаўлялі неба, зямлю, камяні, дрэвы, крыніцы, жывёлаў, расліны... Прычына абагаўлення камянёў - іх спецыфічныя якасці, з-за якіх у першабытнага чалавека і з'явіліся асаблівыя да іх адмысловыя адносіны. Нашых продкаў уражвала цвёрдасць каменя, яго непахіснасць, нязменнасць у параўнанні з жывой прыродай. У сваю чаргу, гэтыя якасці і далі ім падставу верыць, што камень - неўміручая істота. Крыху фантазіі, а яе ў прашчураў было ці не болей, чым у нас, і ў выветраных, вычасаных ледавіком каменных формах продкі ўгадвалі людскія твары, сляды, адбіткі рук, абрысы жывёл. Як тут не паверыць, што перад табой таямнічая істота? I жыве яна сваім, не такім, як іншыя, жыццём, толькі на першы погляд здаецца мёртвай, нерухомай.

Так ці інакш, першапачаткова чалавек бачыў у камені таямнічую жывую істоту. Наступная стадыя - гэтая жывая істота набывала чалавечыя рысы. У пазнейшыя часы чалавек ужо глядзеў на камень, як на жытло духаў, абагаўлёных істот. Культ камянёў існаваў ува ўсім свеце. Першыя выявы бостваў Старажытнай Грэцыі, дзе пазней былі створаны цуды мастацкай скульптуры, гэта самыя звычайныя камяні. Старажытнагрэчаскі гісторык Герадот згадваў, што першабытныя помнікі, пастаўленыя боствам, не мелі нават прэтэнзій на якое-небудзь падабенства з чалавечай постаццю, гэта былі проста неабчасаныя камяні. Ім тамтэйшыя жыхары і прыносілі дары. Вялізныя пабудовы з камянёў, так званыя мегаліты, сустракаюцца па ўсёй Еўропе, а таксама ў Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, у Індыі і далей, на выспах Акіяніі. На прасторы ад Сібіры і да Чорнага мора іх называюць кромлехамі. Усе гэтыя камяні ўяўляюць сабой выявы бостваў, да якіх раней звярталіся з малітвамі і па дапамогу.

У Еўропе культ камянёў бытаваў вельмі доўга. Ва ўсёй Заходняй Еўропе яшчэ ў XVI ст. з амбона святарамі чыталіся прамовы супраць культу камянёў. Значыцца, тэты культ яшчэ тады існаваў, не гаворачы ўжо пра ранняе сярэдневякоўе, калі ўводзіліся царкоўныя і свецкія забароны супраць пакланення камяням. А ў некаторых горных частках Нарвегіі сяляне яшчэ ў XVII ст. збіралі круглыя камяні і мылі іх кожны чацвер увечары. Потым змазвалі каровіным тлушчам, клалі перад вогнішчам на пачэснае месца. А ў адпаведныя дні года купалі іх у піве, каб яны аддзячылі людзям шчасцем і дабрабытам. У Полынчы ў горадзе Чэнстахове праз кальварыю цячэ рэчка Цендрова. Маленькія каменьчыкі з гэтай рэчкі лічацца лекавымі. Імі націраюць хворыя месцы як у чалавека, так і ў кароў. Гэты звычай быў зафіксаваны яшчэ ў пачатку XX стагоддзя. На Беларусі за 12 кіламетраў ад Магілёва на правым беразе Дняпра ёсць веска Палы кавічы. На ўскрайку паселішча з высокай тары збягае святы ручай. Жанчыны з гэтай вёскі шукаюць у ручаі маленькія каменьчыкі. Потым дома яны выпарваюць імі свае гарлачыкі для малака. Лічыцца, што пасля гэтага жывёла будзе здаровая, дасць болын малака і ніякае ліха да яе не прыстане. Гэта таксама дакументальна зафіксавана даследчыкамі на пачатку XX стагоддзя.

На Беларусі даследаваннем гэтага культу займаліся такія навукоўцы, як А. Кіркор, М. Янчук, М. Мялешка, Я. Тышкевіч, П. Шпілеўскі, П. Шэйн, А. Багдановіч, Е. Раманаў, М. Доўнар-Запольскі і іншыя. Паводле А. Кіркора, яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. на Беларусі амаль кожны вялікі ці незвычайнай формы камень быў культавым, ушаноўваўся тутэйшым насельніцтвам. Наконт паходжання кожнага такога каменя існавала сваё паданне. На сённяшні час навукоўцамі на Беларусі ўлічана болын за 400 культавых камянёў. Гэта камяні-абярэгі, камяні-следавікі (след пакінула Маці Божая ці нейкі святы, нават чорт); камяні-скарбнікі (паданні пра закапаныя пад імі скарбы); акамянелыя істота ці вёскі, азёры, храмы (акамянелі з-за непаслушэнства Богу); камяні-краўцы, ці камяні-шаўцы (у гэтых камянях, па паданнях, жыве чорт ці змей, які шые боты ці вопратку). Значная частка культавых камянёў звязваецца з паганскімі боствамі - Дажджбогаў камень, Волас-камень, Пярун-камень...

Культ камянёў распаўсюджаны амаль па ўсім свеце, ён быў і застаўся вельмі важнай рысай у традыцыйнай культуры беларусаў.


Першым пунктам нашага падарожжа стала мястэчка Грэск. Тут старыя жанчын паведамілі, што чулі пра камень са следам Святога Мікалая каля мястэчка Грозава... М. Янчук у 1886 г. згадаў камень са следам Святога Мікалая паміж Слуцкам і Грозавам. Паводле паданняў, след пакінуў Святы Мікалай, калі ішоў у царкву паказваць цуды. У 1923 г. М. Мялешка паўтарыў гэтыя дадзеныя. У Апытальнь лістах 1924 г. (Архіў інстытута гісторі HAH Беларусі) гаворыцца пра камень-следавік у Грозаўскай воласці. Распавядаецца, што над каменем была пабудавана драўляная капліца, а ў 1913 годзе мясцовы пан уфундаваў каменную капліцу.

Мы ўжо былі ўзрадаваліся, але, як выявілася, зарана. У самім Грозаве ніхто пра камень нічога не чуў і не ведаў. Размаўлялі са старой - былой настаўніцай гісторі Соф'яй Паўлаўнай Цімошык, ёй каля 90 гадоў, і цяперашнім настаўнікам гісторыі (на жаль, мы не спыталіся ў яго прозвішча). Абодва карэнныя жыхары, але пра камень ніхто з іх не чуў. Затое паблізу, за ярам знаходзіцца Міколіна Гара, і на ёй могільнік. На гары некалі стаяла капліца Святога Мікалая. Бясспрэчна, тут некалі існаваў культ Святога Мікалая, аднаго з самых шануемых святых па ўсёй Беларусі.

Побач з мястэчкам Грозава захаваліся рэшткі маёнтка, пабудаванага ў другой палове XVIII ст. У ім раней месцілася школа. Цяпер будынак пусты. На месцы суседняй вёскі Папоўцы быў манастыр, які потым перавялі ў Слуцк. С. П. Цімошык сказала, што, паводле падання, Грозава заснавана ў X ст. Па адным з варыянтаў - заснавалі яго італьянцы.

У самім Грозаве захаваўся будынак былога касцёла XVI ст. У канцы XIX ст. царскія чыноўнікі касцёл зачынілі, будынак перабудавалі пад царкву. У савецкія часы храм да непазнавальнасці перарабілі і змясцілі там клуб, які дзейнічае і па сёння. Побач з будынкам расце вялізны дуб. Паводле мясцовай легенды, пад ім калісьці адпачываў цар Іван Жахлівы (Грозны), адкуль і назва мястэчка. Гэта другая версія паходжання назвы.

Непадалёк ад дуба і касцёла-царквы-клуба знаходзіцца памятны крыж паўстанцам 1920 года, узведзены ў 1992 годзе. Ён пастаўлены ў гонар заснавання тут, у Грозаве, 2-га палка абаронцаў БНР у часы слуцкага паўстання.

Як бачым, у адным беларускім мястэчку захаваўся ўвесь пласт нашай супярэчнай і неадназначнай гісторыі.


Далейшым пунктам нашай экспедыцыі быў агляд культавага каменя і капліцы на могілках у вёсцы Кудзінавічы Пацейкаўскага сельсавета.

Культавы камень-следавік на могілках в. Кудзінавічы Капыльскага р-на.

Пра камень паведаміла яшчэ ў 1989 годзе мясцовая жыхарка Праскоўся Фёдараўна Галкіна. Яна даслала ліст у Акадэмію навук у адказ на артыкул археолага Людмілы Дучыц у газеце, які меў назву "У скарбніцу гісторыі Беларусі". Там распавядалася пра культавыя камяні. Праскоўся Фёдараўна Абракальныя крыжы каля культавага каменя-следавіка на могілках у в. Кудзінавічы Капыльскага р-на. адпісала, што камень знаходзіцца на ўскрайку вёскі Кудзінавічы, на саміх могілках, і завецца "Божы Слядок" ці "След Хрыста". На камені быццам бы знаходзіцца адбітак Хрыстовай ступні і след ад Хрыстовага кійка, на які ён абапіраўся. Пасля дажджу ў гэтых адбітках накопліваецца вада, яна лічыцца гаючай і дапамагае ад хвароб вачэй. Побач з каменем знаходзіцца драўляная, на каменным падмурку, старая каплічка. Там жа стаіць і стары драўляны крыж, на які навязаны ручнікі. У гады Другой сусветнай вайны сюды прыязджалі святары з Нясвіжа, ладзіліся народныя фэсты. Сёння камень ушаноўваецца на Дзевятнік (дзевятая нядзеля пасля Вялікадня) і ў дзень Святога Роха. Сюды прыносяць ахвяры: палатно, яйкі, яблыкі, дробныя грошы. ( Здымкі зроблены ў 2007 г. на праваслаўны Вялікдзень)

У 1999 годзе на гэтым месцы праводзіў даследаванні археолаг Лявон Калядзінскі. Каля каменя быў зроблены невялікі шурф, у ім знойдзены манеты савецкай чаканкі, чарапок ад глінянага гаршка, гузік, медная манета часоў Рэчы Паспалітай. Потым Л. Калядзінскі надрукаваў у мясцовай капыльскай газеце невялікі артыкул пра свае знаходкі. Па словах навукоўца, гэты камень з'яўляецца помнікам археалогіі, адносіцца да камянёў-следавікоў, якіх на Беларусі налічваецца больш за 70. Камяні-следавікі як сакральныя помнікі чалавецтва вядомы ўжо з эпохі бронзавага веку (ІІІ-ІІ тысячыгоддзі да н.э.). "Сляды" на іх маглі нагадваць сваімі абрысамі адбітак лапы жывёлы ці птушкі або ступні чалавека. Такія камяні абагаўлялі, прыносілі ім ахвяры. У хрысціянскі час на іх выбівалі крыжы ці ставілі побач, а то і ўзводзілі каплічку.

Калі мы наведалі камень у верасні 2000 года, то і сапраўды ўбачылі на ім слядок, падобны на след ад ступні чалавека, ямку з вадой і рэльефны крыжык. Побач з каменем стаяў драўляны крыж, абвешаны ручнікамі і самаробнымі стужкамі. Тут жа знаходзілася напаўразбураная драўляная каплічка. На камені было шмат грошай (купюры - 1, 5, 20 рублёў).

Пры апытанні мясцовых людзей мы зафіксавалі наступнае: да каменя ходзяць найбольш на Дзевятнік і на Святога Роха; ваду з ямкі на камені п'юць і ёй праціраюць вочы. Нам казалі, што раней каменю ахвяравалі палатно, лён, сыр, масла, сала, грошы, кветкі. Калі хварэла карова, то на камень клалі масла, а калі свіння - сала і грошы.

Існуе і мясцовае паданне пра гэты святы камень: калі не было яшчэ могільніка, у гэтых мясцінах лютавала эпідэмія халеры. Людзі пачалі хадзіць да каменя і прасіць, каб ён пазбавіў іх ад хваробы. Але дапамогі ад каменя не было. Тады вырашылі пабудаваць царкву.

Потым, сыходзячы са звестак М. Янчука і М. Мялешкі, мы шукалі культавы камень каля вёскі Куцаўшчына Вялікараеўскага сельсавета. У самой вёсцы ніхто нічога не ведаў пра камень. Пасля апытання другіх людзей мы даведаліся, што жыхары вёскі на Ўздвіжанне хадзілі маліцца ў каменную капліцу ў суседнюю вёску Кукавічы (па другі бок шашы Нясвіж-Капыль), а таксама да каменя ў вёсцы Кудзінавічы, пра які мы ўжо згадвалі.

Каплічка, якая, магчыма, пабудавана над культавым каменем  паміж вёскамі Куцаўшчына і Макраны Клецкага р-на.

Едзем у вёску Кукавічы. Аглядаем мясцовыя могілкі, дзе павінна была захавацца каменная капліца. Каля могілак яшчэ ў савецкія часы пабудавана свінаферма, паўсюль бруд і смецце, як каля могілак, так і на іх саміх. Ад каплічкі амаль нічога не засталося, толькі рэшткі падмурка. Ёсць яшчэ два доты часоў савецка-польскай мяжы, дый тыя засмечаныя. Сярод гэтай занядбанасці і разбурэння ўражваюць сем металічных аднолькавых крыжоў, вышыня якіх прыкладна 25 м. Зямля вакол крыжоў дагледжана, старанна падмецена, высаджаны кветкі. На некаторых захаваліся рэшткі металічных шыльдачак, на адной з іх бачна дата: "1905". Па расказах мясцовых жыхароў, гэтыя крыжы пастаўлены на магілах польскіх паноў, што жылі ў суседнім маёнтку, а даглядае іх нейкая жанчына, нанятая нашчадкамі тых паноў.

Нашы інфарматары: Зінаіда Сільвестраўна, Марыя Канановіч і Ганна Канановіч паведамілі нам, што ў капліцу хадзілі маліцца на Уздвіжанне. Некаторыя ўспамінаюць камень, які мы шукаем. Па іх словах, ён знаходзіўся справа каля ўвахода ў капліцу. На камені нібыта былі нейкія надпісы. Яму ахвяравалі грошы, кветкі, палотны... Пазней гэты камень быццам бы забралі ў маёнтак тыя самыя паны і паклалі ў падмурак.

Такім чынам, сам камень мы і не знайшлі, але сляды існавання, пакланення яму і гісторыю яго знікнення прасачылі. Але самае цікавае, што гэтым каменем цікавіліся не толькі мы, па словах згаданых вышэй жанчын, не так даўно нехта з замежнікаў таксама распытваў пра гэты знакаміты камень.

Драўлянае распяцце Хрыста з аброчнымі ручнікамі ў каплічны паміж вёскамі Куцаўшчына і Макраны, Клецкі р-н.

Яшчэ што ўразіла нас у гэтай паездцы, дык гэта расповед васьмідзесяцігадовай A. JI. Канановіч пра старажытны абрад ткання вялізнага палатна, з якім абыходзілі вёску. Такое палатно завецца ў народзе абыдзённікам. Яго ткалі ў якой-небудзь адной хаце за дзень ці за ноч старыя жанчыны ці ўдовы. 3 гэтым палатном абыходзілі потым вакол вёскі ці поля, праганялі праз яго жывёлу. Гэта архаічнае дзеянне стварала вакол той прасторы, якую хацелі абараніць, нешта накшталт магічнага кола, якое аберагала яе ад усялякіх бед, хвароб, няшчасцяў, пошасцей. Такія дзеянні рабіліся падчас вайны, эпідэмій ці яшчэ пры якіх цяжкіх выпрабаваннях. У гады Другой сусветнай вайны жанчыны вёскі Кукавічы сабраліся ў адну з начэй у асобнай хаце, выткалі такі абыдзённік-ручнік і яшчэ да ўзыходу сонца абышлі з ім вёску. А мужчыны, якія не сышлі на вайну, за ноч зрабілі з дрэва так званыя абыдзённыя крыжы і таксама да ўзыходу сонца паставіді іх за вёскай. І вось калі вяскоўцы зрабілі ўсё так, як шмат стагоддзяў таму рабілі іх продкі, каб не парушаўся раней заведзены парадак, няшчасце абышло бокам іх родную прастору, вёску Кукавічы, - усе іхныя мужчыны вярнуліся з вайны жывыя і здаровыя.

А што ж здарылася цяпер? Чаму ў гэтай вёсцы, дый шмат яшчэ дзе на Беларусі такая занядбанасць нашых старадаўніх звычаяў? Чамґу мы забыліся на запаветы мудрых продкаўтпрашчураў, чаму парушаем законы, заведзеныя імі калісьці, не даглядаем і не захоўваем мясціны іхняга супакаення? Чаму наша старажытная, дадзеная нам і толькі нам прастора-радзіма напаўняецца чужымі нам сімваламі, вобразамі? Чаму памірае наша ўнікальная культура? Ці ж няма каму сёння саткаць палатно-абярэг, паставіць ахоўныя крыжы і абкружыць імі нашу шматпакутную радзіму?..


1 кастрычніка 2000 года мы выправіліся на пошукі каменя-следавіка каля вёсак Макраны - Кунцаўшчына Клецкага раёна, Нагорнінскага сельскага савета. Пра гэты камень паведамлялі М. Янчук у 1886 г. і М. Мялешка ў 1928 годзе. Спіс населеных пунктаў Мінскай губерні за 1912 г. называе ў гэтай мясцовасці маёнтак Кунцаўшчыну. Выявілася, што сёння існуюць вялікая вёска Кунцаўшчына і нават дзве вёскі Макраны. Адна з іх, меншая, завецца Макраны Кунцаўшчынскія...

Камень у краязнаўчай літаратуры апісваўся даследчыкамі як камень-следавік з малюнкамі ступні і рукі чалавека. У літаратуры згадвалася, што да каменя раней хадзілі на Дзевятнік, маліліся і цалавалі яго.

Цяпер пра камень ніхто нічога не ведае. Надзея Аляксееўна Коршун 1925 г. нараджэння і Юлія Прохараўна Турэйка 1911 г. н. расказвалі, што яны ходзяць на Дзевятнік у капліцу каля царквы і кладуць каля крыжа сала, масла, грошы.

Царква знаходзіцца паміж дзвюма вёскамі. Калі мы падышлі да царквы, то і сапраўды ўбачылі побач маленькую каплічку. Дзверы - на зашчапцы, і можна было свабодна трапіць у сярэдзіну. У самой каплічцы можа змясціцца толькі некалькі чалавек. Падлога высокая, стаіць крыж, на ім павязаны ручнікі, каля яго місачка, у якой на той момант ляжаў яблык. Расповеды пра ахвяраванні на Дзевятнік і маленькая каплічка даюць падставы меркаваць, што, магчыма, на гэтым месцы быў раней камень. Можа, каля яго таксама стаяў крыж, потым і была пабудавана невялікая каплічка, як гэта традыцыйна рабілася ў беларусаў. Але за савецкім часам капліца і царква неаднойчы разбураліся, і, магчыма, камень куды-небудзь перасунулі ці замуравалі ў падлогу. (Здымкі капліцы і драўлянага ўкрыжавання зробены ў 2007 г. на праваслаўны Вялікдзень)

Ад Макранаў і Кунцаўшчыны мы выправіліся да вёскі Урведзь Морацкага сельскага савета Клецкага раёна. У вёсцы мы распытвалі пра гару Кадзідла, звесткі пра яе ёсць у выданні «Описание церквей и приходов Минской Епархии. Слуцкий уезд». Там паведамляецца, што калісьці на гары знайшлі соль, пачалі яе здабываць і выкарыстоўваць, але гэтая соль аказалася шкоднай, шмат людзей атруцілася ёю. Тады народ са святарствам праклялі гэтае месца, і гара правалілася пад зямлю. Гэтыя звесткі пададзены хрысціянскімі святарамі, і хутчэй за ўсё там раней было вельмі шануемае язычнікамі месца. Можа, і сапраўды, здабывалі соль, якая прымалася за лекавую. Вядома, што ў традыцыйным побыце нашых продкаў соль па сваім сакральным статусе займала другое пасля хлеба месца і ў народнай магіі лічылася абарончым сродкам ад усялякіх хвароб як чалавека, так і жывёлы.

Пасля прыходу хрысціянства, каб адпрэчыць людзей ад «бесаўшчыны», бацькамі царквы было складзена падобнае паданне. I такіх паданняў па ўсёй Беларусі сустракаецца шмат. Правальваюцца ці сыходзяць пад ваду вёскі, гарады, корчмы з-за непаслушэнства Богу, за працу ў Божае свята.

Нам адразу пашанцавала ў пошуках гэтай унікальнай гары. Каля вясковай крамы было шмат людзей, яны пацвердзілі, што за вёскай ёсць гара Кадзідла і на ёй стаіць высокі маяк. Два чалавекі - Пётр Ігнатавіч Павядайла 1927 г.н. і малады настаўнік малявання 1976 г.н. Сяргей Казіміравіч Казлоўскі згадзіліся стаць нашымі праваднікамі. Чаму ў гары такая назва, ніхто не здолеў адказаць. Калі мы ехалі на месца, то заўважылі, што мясцовасць паступова павышаецца, але вакол амаль усё было ўзарана, апроч невялікага пагорка. Таму зблізку і здавалася, што гары на самай справе не існує. Насамрэч, гэты пагорак - самы высокі пункт мясцовага ландшафту, і з яго адкрываюцца надзвычай шырокія далягляды... Вось і атрымалася, што гара нібыта знікла пад зямлёю.


Наступны пункт нашага падарожжа сённяшняя вёска Леніна - былое легендарнае мястэчка Раманава. Вабіла нас вартае ўвагі гарадзішча Замак, пра якое ў 20-я гады XX стагоддзя мясцовы краязнаўца запісаў паданне. Нібыта раней на гэтым месцы стаяў замак, дзе жыла князёўна. Напалі на мястэчка шведы. Княжна, каб не трапіць у рукі ворагам, кінула ў студню сваё багацце і сама кінулася следам... Старшыня Ленінскага сельскага савета Марыя Сяргееўна Ясючэня расказала, што назва мястэчка нібыта пайшла ад таго, што ў замку жыў князь Раман. У яго была дачка. Яе хацелі ґвалтам аддаць замуж, але яна збегла з царквы і падземным ходам перабралася ў замак, выбегла на вал і там кінулася ў калодзеж...

Зноў кінулася ў калодзеж... Паданні такога тыпу вельмі распаўсюджаны па ўсёй Еўропе і нават шырэй. Навукоўцы лічаць гэты сюжэт яшчэ праіндаеўрапейскім. Матыў яго заўсёды адзін і той жа - жанчына кідаецца са скалы (ці з гары, з гарадскіх, замкавых муроў), каб не стаць здабычай ворагаў, якія напалі на яе радзіму. Гэты матыў сустракаецца яшчэ ў самых ранніх і архаічных паданнях. Выкарыстоўваўся ён і ў старажытнай пісьмовай літаратуры. У розных славянскіх народаў падобным чынам тлумачацца такія назвы, як Дзявочая ці Дзіўя тара. У болыпасці выпадкаў з гэтых гор скідваюцца ці скатваюцца ў мора, раку, калодзеж ці топяцца ў балоце маладыя князёўны ці простыя дзяўчаты, якія ўцякаюць ад ворагаў, ад паноў, ад некаханых жаніхоў. Падабенства такіх міфаў і паданняў, тых формаў, у якіх яны перадаюцца, на думку некаторых навукоўцаў, суадносіцца з абрадам прынясення дзяўчын у ахвяру вадзяным дэманам і багам, каб паўплываць на ўрадлівасць. Такія навукоўцы, як Дж. Фрэзер і Л. Штэрнберг пераканаўча давялі, што паводле старажытных вераванняў палавыя стасункі паміж людзьмі і багамі садзейнічалі ўраджайнасці і ўрадлівасці. Багі ўраджайнасці лічыліся асабліва юрлівымі, служэнне ім вымагала чалавечых ахвярапрынашэнняў. У ахвяру прыносілі дзяўчат ці юнакоў, гледзячы якога полу было тое ці іншае воднае боства. Звычайна боства надзялялася мужчынскімі рысамі - вадзяны змей ці цмок. Адсюль і большасць ахвяр - дзяўчаты. Такія міфы ўзніклі ў часы, калі нашыя продкі былі яшчэ паляўнічымі, а земляробствам толькі пачыналі займацца. Стасункі паміж людзьмі былі абшчынна-родавыя. I прынясенне ў ахвяру князёўны, як сакральнай асобы, на думку нашых продкаў, ішло на карысць усяму роду. Такая ахвяра патрапляла адразу ў іншасвет. Па вераваннях нашых прашчураў, іншасвет знаходзіўся пад зямлёй ці на высокай гары, а патрапіць туды магчыма было толькі з водных прастораў, як з мяжы паміж гэтым і тым светам. Уваход у царства памерлых ахоўвала тое самае вадзяное боства.

Так і ў выпадку з нападам ворагаў на родныя мясціны. Тут ужо прыносілася выкупляльная ахвяра. Людзі думалі, што яны чым-небудзь прагнявілі продкаў, даўно не прыносілі ахвяр. І таму трэба было ўлагодзіць гаспадара вады, каб ён вызваліў краіну ад варожай навалы. Потым, калі земляробства пачало развівацца, развіліся і адпаведныя яму формы сацыяльнага жыцця, сямейных адносін, звязаных з правам уласнасці на зямлю. Таксама змянілася рэлігія, з'явіліся новыя багі. Узмацнілася бацькоўская любоў, а яна адмаўляе прынясенне ў ахвяру дзяцей. Цяпер сімпатыі на баку ахвяры, а не бога. Але абрад па традыцыі яшчэ працягваў некаторы час існаваць, хоць людзі ўжо і не памяталі, навошта яны так робяць. У памяці людзей засталіся толькі жудасныя выпадкі скідвання дзяўчыны з гары ці са сцяны замка. Народная памяць у легендах і паданнях тлумачыла іх па-свойму. Пазней у ахвяру сталі прыносіць спачатку палонных, каб свае пазбеглі гэтага лёсу, а яшчэ пазней рабіць лялькі, якія замянялі дзяўчат. Абрад кідання ў вадаём слядка з нагі зафіксаваны даследчыкамі яшчэ нават у канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў, прынамсі, у нас на Барысаўшчыне. Пра гэта мы распавядзём вам у наступных публікацыях.

Людзі з вёскі Леніна паказалі нам пяць крыжоў, якія яны аднавілі на спрадвечных месцах, і расказалі што, быццам у мясцовай царкве Баграціён схаваў залатую шапку... Але гэтае паданне мае іншыя віытокі. Пра іх раскажам пазней.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX