Папярэдняя старонка: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Прошчы Беларусі 


Аўтар: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына,
Дадана: 20-05-2011,
Крыніца: Маладосць №12 за 2003 год.



ПАДАРОЖЖА ПА БАРЫСАЎСКІМ РАЁНЕ

Гэтае падарожжа нам дапамог наладзіць барысаўскі краязнаўца, рэдактар мясцовай газеты «Гоман Барысаўшчыны» Міхась Мацельскі. Газета выходзіць раз на месяц, у ёй друкуецца шмат краязнаўчых і гістарычных матэрыялаў. Міхась сустрэў нас пры ўездзе ў горад на вуліцы Гагарына.


Першым пунктам стаў старадаўні могільнік пад вёскай Вялікае Стахава. Пра яго некалькі гадоў назад згадваў археолаг Уладзімір Ксяндзоў. I сапраўды, каля вёскі, на беразе Бярэзіны, дакладней, на поплаве, знаходзяцца сучасныя могілкі, а ў самым цэнтры захаваліся курганы XI-XII стст. Вакол іх шмат старадаўніх пахаванняў. На гэтым месцы хавалі людзей больш за тысячу гадоў.


Вяртаемся ў горад і едзем праз чыгуначную станцыю Бярэзіна ў лес. Там пад Барысавам знаходзіцца святая крыніца. Самім знайсці яе вельмі цяжка. Міхасю пра яе расказаў мясцовы чалавек, які апошні раз бываў там яшчэ ў дзяцінстве да вайны. Крынічка цячэ з-пад гары. Цяпер яна абкапаная, для вады зроблены адмысловы рышток. Над вытокам пабудаваны калодзеж з накрыўкай. Вакол калодзежа - тры драўляныя крыжы. На іх павязаныя стужкі, на адным з крыжоў прымацаваны нават нацельны крыжык. Вакол на дрэвах таксама павязаныя стужкі і прымацаваныя штучныя кветкі. Недалёка ад крынічкі ляжыць вялікі камень трохкутнай формы, пасярэдзіне яго выбітае кола. Не зразумела, ці гэта былы ахвярнік, ці з каменя спрабавалі зрабіць жорны. На самой гары некалі стаяла царква, ад якой захаваўся падмурак, і як памяць пра храм - нядаўна пастаўлены вялікі драўляны крыж. Перад намі зноў адкрылася старадаўняя трохузроўневая мадэль пабудовы свету: неба - зямля - вада. Так нашы продкі ўяўлялі сабе Сусвет.


Далей едзем глядзець гарадзішча старажытнага Барысава. Першапачатковае гарадзішча знаходзіцца ў паселішчы Стара-Барысаў. Цікава, што на карце 1595 г. прыкладна на гэтым месцы паказана рэчка Барыса. Магчыма, адсюль і назва горада - як Віцебск ад ракі Віцьба, Полацк ад Палаты, Менск ад Менкі і г. д.

Гісторык В. М. Тацішчаў пісаў, што ў 1102 г. Барыс Усяславіч, князь полацкі, хадзіў на яцвягаў, перамог іх і, вярнуўшыся, паставіў горад у сваё імя. Магчыма; што і гэтак! У Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1127 г. Барысаў згадваецца як горад Полацкай зямлі (княства), калі ён з боем быў узяты кіеўскім князем Мсціславам Уладзіміравічам. Праз некалькі стагоддзяў Барысаў быў перанесены за 4 кіламетры ад свайго першапачатковага месцазнаходжання. Так узнік сённяшні Барысаў. У XIX ст. каля чыгуначнай станцыі ўзнік яшчэ і Нова-Барысаў (частка сучаснага Барысава).

На месцы першапачатковага горада ў другой палове XVIII ст. заставаліся толькі два шляхецкія фальваркі, невялікі драўляны касцёл і могілкі. Напрыканцы XVIII ст. у сувязі з ліквідацыяй Барысаўскага староства і пасля анексіі тутэйшых земляў у склад Расійскай імперыі Барысаў быў адабраны ў апошняга ста­росты Радзівіла, які меў сваю рэзідэнцыю ў барысаўскім замку. Таму Радзівілы былі вымушаныя тэрмінова шукаць для свайго маёнтка новае месца. Выбар паў на Стара-Барысаў, тут і быў узведзены самы пышны і багата аздоблены палац за ўсю гісторыю Барысава. Не шмат замкаў і палацаў на Беларусі маглі сапернічаць з ім.

Але прыйшоў 1812 год. Радзівілы, як і значная частка беларускіх магна­таў бачылі ў французах саюзнікаў і выступілі на іх баку. Невыпадкова Напалеон Банапарт спыняўся менавіта ў Стара-Барысаве. Пасля вайны маёнтак быў канфіскаваны ў Радзівілаў на карысць дзяржаўнай казны Расійскай імперыі, і ў далейшым ён перайшоў да вялікіх расійскіх князёў.

А пасля 1917 года адбыўся канчатковы заняпад маёнтка. Спачатку тут бы­ла размешчана жаночая семінарыя, потым некалькі разоў яго падзяляла надвае лінія фронту, потым у ім месціўся сельскагаспадарчы тэхнікум. Падчас другой сусветнай вайны маёнтак быў знішчаны канчаткова. Есць меркаванне, што яго знішчылі немцы падчас адступлення менавіта таму, што тут спыняўся Гітлер.

Цяпер на месцы маёнтка можна адшукаць толькі стары будынак эканома, склеп напалеонаўскага флігеля і занядбаны парк. Паўсюль смецце і заняпад, па руінах бегаюць куры, сабакі. У любой іншай краіне на такія месцы прывозяць турыстаў, тыя пакідаюць у горадзе грошы. Калі б аднавіць маёнтак5, з'явілася б яшчэ адна нагода згадаць пра Беларусь у кантэксце сусветнай гісторыі. Смешна? Горка і сумна? Усё разам.


Далей наш маршрут пралёг да Святога возера каля вёскі Дубяні. Святое возера каля в. Дубяні Барысаўскага р-на. Невялічкае возера вельмі прыгожае, на яго берагах растуць вялікія жоўтыя касачы. Пра яго існуе амаль біблейскае паданне: " Калісьці ў вёску пад выглядам убогага старца прыйшоў Хрыстос і папрасіўся пераначаваць. Ніхто яго не пускаў у хату, і толькі адна бедная жанчына, удава з дзіцем, дала яму прытулак. Раніцай Хрыстос сказаў жанчыне, каб тая збірала сваё дзіця і ішла разам з ім, але па дарозе яна ані ў якім разе не павінна азірацца назад, нават калі пачуе за спіной енкі і плач. Калі Хрыстос і жанчына з дзіцёнкам на руках выйшлі з вёскі, ззаду сапраўды пачуўся жахлівы шум. Жанчына не струмалася, нахілілася, нібыта паправіць лапаць, і з-пад прыполу спадніцы паглядзела, што робіцца ззаду: вёска і царква ў яе на вачах праваліліся пад зямлю, на іх месцы ўтварылася вялікае возера. А сама жанчына з дзіцёнкам ператварыліся ў вялізны камень".

 Святы камень “Акамянелая жанчына” непадалёк ад святога возера каля в. Дубяні Барысаўскага р-на.

І сапраўды, непадалёк ад возера ў лесе ляжыць вялікі камень, мясцовы люд называе яго "каменнай бабай" - акамянелай за непаслушэнства перад Богам жанчыны з дзіцём. Дакладнага месцазнаходжання каменя наш праваднік Міхась не ведаў. Мы знайшлі яго самі, інтуітыўна. Вялікі прыплюснуты валун, парослы мохам, дыяметрам каля двух метраў і вышынёй каля аднаго метра.

Калі вярталіся з лесу, то каля самога возера знайшлі маленькае савяня, якое, відаць, выпала з гнязда. Яно было падобнае да кацяняці: такая ж вялікая галава з вялізнымі вырачынымі вачыма. Гнязда, адкуль яно з'явілася, мы не знайшлі, таму пакінулі яго на тым месцы, дзе і пабачылі.


Потым мы пабывалі на святыні нашых продкаў - Бабінай Гары каля вёскі Хрост. Археолаг Эдвард Зайкоўскі вельмі зацікавіўся гэтым помнікам і вырашыў у будучым рабіць тут раскопкі.

Што сабой уяўляе святыня? Гэта ўзвышша, пасярэдзіне якога стаіць стэлападобны камень, а на ім з абодвух бакоў высечаныя крыжы і нейкія таямнічыя знакі. Вакол каменя, раней, яшчэ да пасадкі лесу, было выкладзена кола з валуноў. На нашу думку, на гары з такой назвай раней месцілася капішча, прысвечанае жаночаму боству, Багіні-Маці, увасабленню ураджаю, прыроды. Пакланенне такім узгоркам працягвалася да ХХ стагоддзя. Пазней на іх часта запальвалі агні на Купалле.

У беларускай мове слова "баба" вельмі распаўсюджана і мае шмат значэнняў. Гэта гаворыць пра тое, што некалі ў старажытнасці, магчыма, існаваў культ Бабы-прарадзіцелькі, так званай Вялікай Багіні-Маці.

Валун з высечаным на ім крыжам, які знаходзіцца на Бабінай Гары каля в. Хрост Барысаўскага р-на.

Мовазнаўца Ядвіга Казлоўзская-Дода лічыць, што слова "баба" і вытворныя ад яго мелі наступныя асацыяцыі і пераходы значэнняў: 1) варажбітка, чарадзейка, якая " гаварлівая", умее " загаворваць" - " знахарка, лекарка, бабка, акушэрка; 2) варажбітка - старэйшая і замужняя жанчына - баба; 3) старэйшая жанчына гэтага роду, маці бацькоў - баба; 4) старая жанчына, якая не працуе - жабрачка; 5) кепская і гаварлівая старая жанчына - пляткарка; 6) чараўніца - злая чараўніца; 7) чарадзейка - багіня; 8) баба - жанчына - пераноснае, у розных значэннях; 9) падобная па форме і падобная наогул - баба (печыва), "галаўны ўбор" і г.д.

Тэрмін «баба» ідзе як парны да «дзеда». У некаторых рэгіёнах Беларусі «ба­бы» замяшчаюць сабой назву памінальнага дня (наступны за Дзядамі) і саміх продкаў. А ў такой рытуальнай гульні-дзеі, як «Жаніцьба Цярэшкі» «баба» абазначае антрапаморфную выяву дажынкавага снапа. Нявыключана, што азначэнне «бабы», як вобраза продкаў, абумовіла такі міфічна-казачны, праславянскі персанаж, як Баба-яга, якая, на думку шмат якіх даследчыкаў архаічнай культуры славян, сама ўспрымаецца як першапродак, як архетып вышэйшай жаночай істоты, такой як маці-прародзічка.

Тут варта ўзгадаць, што каменныя крыжы і стоды таксама часта называюць тэрмінам «Баба». Ці не ёсць яны выявамі архаічных бостваў нашых продкаў?

На тэрыторыі Беларусі вядомыя горы з назвамі тыпу Баб'я гара або Бабуліна гара. Гэта блізу вёскі Радагошча Наваградскага раёна; блізу Полацка; вёскі Навікі Пастаўскага раёна; вёскі Лаапaтавічы Клімавіцкага раёна; у Глыбоцкім раёне. Сугучнымі «Бабе» з'яўляюцца назвы ўзгоркаў накшталт Мар'іна гара, Дзявочая гара, Паненская гара ды інш., таксама звязаныя з жаночым боствам.


Далей мы накіраваліся да вёскі Пупелічы (Крынічкі). Там за могілкамі, сярод узаранага поля, стаіць напалову ўрослы ў зямлю каменны крыж. Мясцовыя людзі гэтую святыню настолькі шануюць і паважаюць, што не наважваюцца нават чапаць. Наконт «чапаць» тут існує вельмі цікавае, ужо сучаснае, паданне, якое вам распавядзе кожны жыхар Пупелічаў і навакольных вёсак.

« Трактарыст, калі араў, зачапіў каменны крыж, які перашкаджаў яму працаваць далей. Таму ён вырашыў прыбраць камень з поля. Падчапіў крыж тросам і зацягнуў да лесу. Пасля штоноч трактарыст той сніў сон: каменны крыж казаў яму з дакорам: «Чаму ты мяне сцягнуў? Вярні мяне на месца!» I нарэшце чалавек не вытрымаў, адвёз крыж на месца і паставіў яго так, як ён і стаяў. Пасля та­го крыж болей яму ў снах не з'яўляўся».


Каля той жа вёскі ў лесе знаходзіцца Святая крынічка сярод балота. Калі казаць дакладна, крьнічак тут шмат, і ўсе яны выцякаюць з-пад гары, на якой калісьці стаяла царква, а цяпер на яе месцы крыж. Над галоўным вытокам, які завецца Святой крынічкай, пабудаваны даволі вялікі зруб пад дахам. Да зруба вядзе кладка. Усярэдзіне з абодвух бакоў размешчаны памосты. Насупраць увахода стаіць крыж з павязаным на ім ручніком, за які закладзены папяровыя грошы. У тым, што яна дагэтуль не за­бытая людзьмі, мы неўзабаве пераканаліся, як толькі вырашылі каля яе адпачыць і папалуднаваць. З чэрвеня 2001 го­да было вялікае хрысціянскае і дахрысціянскае свята - Тройца (Сёмуха).

Дык вось, як толькі мы размясціліся паблізу былога храма, дзе былі сляды вогнішчаў і стаялі калоды, то заўважылі, як да крынічкі прыехалі на двух калёсах, запрэжаных белымі коньмі, а потым і на трактары мясцовыя людзі. Было такое ўражанне, што сабралася цэлая вёска. Людзі ўладкаваліся за самаробнымі сталамі, лаўкамі, што былі пастаўленыя спецыяльна для падобных святкаванняў непадалёк ад крынічкі. Трымаліся яны з насцярогай. Але патроху напружанне спала, загучалі песні, пачуўся вясёлы смех, забегалі дзеці. 3 нашай кампаніі да іх накіраваліся некалькі чалавек з камерамі і паспрабавалі высветліць, якія песні спяваюць вяскоўцы. А раптам рытуальныя? Аказалася, што не рытуальныя, а самыя звычайныя, сучасныя. Але тое, што да крынічкі прыехала амаль уся вёска, уражвала, адчувалася - традыцыя захоўваецца. Дарэчы, паводле архіўных дадзеных, раней на гэтым мес­цы ладзіліся кірмашы і фэсты.

Сённяшні фэст падыходзіў да завяршэння. Каля Святой крынічкі сабраліся вясковыя людзі і людзі са сталіцы. I хаця сапраўднага кантакту не адбылося, нас аб'ядноўвала свята, нас аб'ядноўвала Святая крынічка, да якой спрадвеку прыходзілі нашыя продкі.


ПАДАРОЖЖА ПА ПУХАВІЦКІМ I СТАРАДАРОЖСКІМ РАЁНАХ

Нашым першым аб'ектам была вёска Арэшкавічы. У 1893 годзе даследчык старажытнай культуры беларусаў М. Доўнар-Запольскі ў часопісе «Живая старина» пісаў: «В Полужском приходе Игуменского уезда у деревни Орешковичи при р. Свислочи есть ключ, называемый Кипячка, вода его чиста и холодна. Крестьяне приписывают ёй целебные свойства, особенно при болезни глаз, грязь прикладывают к голове и другим частям тела. Но помогает эта вода только тогда, когда за нею отправляются до восхода солнца и бросают в ключ какую-либо мелкую монету...».

Мінаем Мар'іну Горку і едзем па шашы на Асіповічы, потым зварочваем на вёску Арэшкавічы, якая знаходзіцца на мяжы з Асіповіцкім раёнам. У вёсцы нам тлумачаць, як дабрацца да крынічкі. Шлях ляжыць праз вёску Вялікае Поле, у паўкіламетры ад якой і знаходзіцца крынічка. Там нашым правадніком згад- жаецца быць Анатоль Пятровіч Блашчынскі. Ён працуе ў Мінску на заводзе, а сюды прыязджае да маці... Анатоль Пятровіч прыводзіць нас да крынічкі, паблізу якой на палянцы - столік і лаўкі. Спускаемся да вады і там сярод зарасніку ляшчыны знаходзім дзве крынічкі. Праваднік кажа, што была яшчэ і трэцяя, але «зачынілася». Крынічкі па коле абкладзены камянямі, таму што вакол гразка. Увесь гэты комплекс завецца Кіпячкай, і невыпадкова - пясок пад вадой бруіць, струменіць, быццам кіпіць. Вада выбіваецца з-пад берага і потым ручаінай бяжыць у Свіслач.

Наш праваднік расказвае, што гадоў сорак таму яны з хлопцамі часта пра- водзілі паломнікаў з навакольных вёсак да гэтай крынічкі. Гэта был і ў асноўным старыя людзі, за паслугі яны давалі рубель на цукеркі. Звычайна гэтыя людзі ішлі да крыніцы ўвечары, каб дачакацца світанку і набраць гаючай вады. Па ўспамінах Анатоля Пятровіча, вада ў крынічцы раней бруіла так моцна, што часам было чуваць у вёсцы. Гэты расповед супадае з тым, пра што пісаў яшчэ ў канцы XIX ст. М. Доўнар-Запольскі - вада дапамагае толькі тады, калі па яе прыходзіць да ўзыходу сонца.


Далей едзем глядзець Сарафін-гару, або Сірафім-гару каля вёскі Суцін. Па архіўных дадзеных пачатку XX ст., на гары знаходзіліся Святая гара пад назвай Сірафім-Гара каля в. Суцін Пухавіцкага р-на. У чаканні  фэста і святара. Здымак зроблены 16 верасня 2010 г. – Дзень Святога Антонія, які тут адзначаецца штогод. каталіцкія могілкі, стаяў драўляны касцёл і прыгожая каплічка, каля якой месцілася па-мастацку выкананая скульптура Хрыста. Калі мы знайшлі гэтую гару, а яна аказалася на адлегласці двух кіламетраў ад вёскі Суцін, дык здзівіліся яе вышыні і пакручастасці. Наш мікрааўтобус ледзь на Сірафім-Гара, споведзь перад набажэнствам. яе ўз'ехаў. Па ўсёй яе агромністай паверхні раскінуліся вялікія могілкі, сучасныя і старыя ўперамешку. Былога касцёла, як і каплічкі, натуральна, не было, але тое месца, дзе раней стаяў касцёл, расчышчана. Смецце ссунута па баках, а на пляцоўцы зроблены алтар у выглядзе невялікай сцэны, ззаду якой пастаўлены вялікі дряўляны крыж. Перад алтаром укапана ў зямлю з дзесятак лавак. Сцэна і лаўкі пафарбаваныя ў цёмна-карычневы колер. Мясцовыя людзі расказалі нам, што вернікі прыходзяць сюды на Дзень святога Антонія, прыязджаюць ксяндзы і ладзяць службу ў касцёле пад адкрытым небам.

Калі ўлічыць, што горы заўсёды ўшаноўваліся на старажытнай Беларусі, іх вяршыні з'яўляліся месцам волевыяўлення прароцтваў багоў. Узгадайце вешчы сон князя Гедыміна і князя Тура на святых горах. Да таго ж у беларускай міфалогіі гара заўсёды сімвалізавала шлях для душ памерлых у вырай. Вось чаму ў старыя часы могілкі рабілі на вяршынях гор і ўзгоркаў. Каб продкі хутчэй маглі далучыцца да сваіх багоў, першапродкаў і адтуль кіраваць, апекавацца нашым светам. А малітва, прамоўленая на вяршыні гары, канечне ж, хутчэй дасягала сваёй мэты.

Што тычыцца цяперашняга касцёла пад адкрытым небам на Сірафім-гары, дык уяўляецца вельмі маляўнічая і ўзвышаная карціна: вернікі разам са святарамі размаўляюць з Богам, просяць яго дапамагчы ім у сённяшнім жыцці. І адразу ў неба ляціць велічная малітва за Беларусь.

Як бачым, звычай пакланяцца багам на ўзгорках дажыў да XXI стагоддзя.


Вьіязджаем на стары тракт Бабруйск - Слуцк - Нясвіж. Едзем да вёскі Шчыткавічы. У архіўных дадзеных, у кнігах такіх даследчыкаў, як А. Сербаў, М. Мікіцінскі, Н. Нікольскі можна знайсці цікавыя звесткі пра саму вёску і пра той рэлігійны феномен, што здаўна існує на гэтым месцы. Феномен має назву Могілкі на Сірафім-Гарэ. «Шчыткавіцкая прошча». Наогул што такое слова «прошча»? Якая яго этымалогія?

Адны лічаць, што гэта ад слова « прасіць»: бо калі хто моліцца, то кожны нешта просіць у Бога. Іншыя кажуць, што гэта ад рускамоўнага на беларускі лад « прашчаць»: таксама ж кожны просіць у Бога « прашчэння» за нядобрыя думкі, па-нашаму - даравання.

Паводле «крапівоўскага» тлумачальнага слоўніка беларускай мовы « прошча» - месца (крыніца, камень і падобнае), надзеленае па ўяўленнях веруючых надзвычайнай сілай. Дык вось, такіх месцаў шмат па ўсёй Беларусі, і ў духоўным жыцці беларускага сялянства яны заўсёды адыгрывалі вялікую ролю. Многім з іх пакланяюцца і сёння, пра некаторыя захавалася толькі народная па- мяць.

Пра з'яўленне кожнай святыні існує шэраг паданняў. Найчасцей расказва- юць, што на гэтым месцы аб'явіўся абраз Божай Маці або што Божая Маці ступіла на камень і пакінула слядок.

У многіх мясцінах такія святыні называюць «прошчамі». Тут адбываюцца маленні наконт «прашчэння за саграшэнні», просяць у Бога здароўя і ласкі ў розных гаспадарчых справах. Сюды носяць ахвяраванні - лён, палатно, воўну, масла, сыр, яйкі, кветкі, грошы. У народзе ўсе такія дзеянні называюцца « абраканне». На прошчах ставяць крыжы, на іх вешаюць ручнікі, стужкі, хвартухі.

Кожная святыня мела сваю «парафію», сваё свята і свайго апекуна-захавальніка. Па пэўных святах тут адбываліся фэсты, часта з вялікімі кірмашамі, куды збіралася па 5-10 тыс. чалавек і каля 200-300 старцаў-жабракоў. Ад бліжэйшага храма сюды ішлі хрэсным ходам. У некаторыя гістарычныя эпохі, асабліва пры савецкай уладзе, некаторыя прошчы выконвалі функцыі хрысціянскіх храмаў. Сюды неслі хрысціць дзяцей, ішлі маладыя ў час вяселля. Некато­рыя прошчы функцыяніруюць і сёння.

Этнографы пачалі вывучаць вясковыя святыні ў XIX ст. Яшчэ і цяпер цягнуцца дыскусіі па вызначэнні месца гэтых помнікаў у гісторыі культуры. Адны вучоныя звязваюць іх з наяўнасцю перажыткаў паганства, іншыя лічаць з'явай другаснай рэалізацыі. Але ўсе яны адзіныя ў тым, што вясковыя святыні ўключаюць элементы хрысціянскай дагматыкі і абраднасці, а таксама часткі да- хрысціянскіх культаў.

Жыхар вёскі Шчыткавічы Васіль Яфрэмавіч Стром правёў нас да знакамітай прошчы. Перад гэтым ён узяў з сабой Новы Запавет. Прошча знаходзіцца сярод рэдкага сасновага лесу і складаецца з некалькіх дзесяткаў драўляных крыжоў, абвязаных кавалачкамі тканіны, хвартушкамі, стужкамі. За крыжамі стаіць цэментаванае надмагілле з выбітым, але без надпісаў крыжам. Побач - вялікая сасна з расколатай карой (магчыма, ад удару маланкі), вакол сасны - каля дзесятка струхнелых крыжоў, абвешаных аброчнымі тканінамі. За ўсім комплек­сам растуць маленькія сасонкі, і на іх таксама навешаны вузкія кавалачкі тканіны. Перад крыжамі і соснамі ледзьве прыкметная ямка. Васіль Яфрэмавіч кажа, што пясочак з гэтай ямкі святы і валодае лекавымі якасцямі.

Паданне пра ўзнікненне Шчыткавіцкай прошчы ў вёсцы расказваюць ужо цэлае стагоддзе: "... за могілкамі, дзе быў Барысаў Гай, адной жанчыне ў час збірання грыбоў з'явілася «пані з дзіцем» і сказала ёй паставіць на тым месцы крыж. Жанчына не паслухалася, пасля чаго ў яе захварэлі вочы. Другі раз паўтарылася тое самае, жанчына адгаварылася і другі раз, тым, што сын яе не ў поўным розуме і таму няма каму паста­віць крыж. «Пані» сказала, што крыж паставіць той, каго першага сустрэне жанчына. Такім чалавекам быў ляснік, які і паставіў крыж. Пасля гэтага ў жанчыны вочы сталі відушчымі, вылекаваліся. А на тым месцы, дзе быў крыж, кажуць, што нібыта на зямлі застаўся след, што пакінула «паніна дзіця».

Пасля на гэтым месцы адным рабочым была пабудаваная каплічка. Сюды пачалося паломніцтва нават з далёкіх вёсак. Кожны, хто прыходзіў, каб вылекавацца, ставіў крыж, а на крыжы прыбіваў скрыначку для ахвяравання грошай, якія потым забіраў святар, а іншыя ахвяраванні, пакладзеныя пад крыжамі, забіралі жабракі.

Наш праваднік сказаў, што цяпер за гэтым месцам наглядає ён, робіць новыя крыжы, моліцца. Маліўся ён і пры нас, раскрыўшы Новы Запавет. Выглядала гэта вельмі велічна. Ён, як святар, стаяў каля цэментавага надмагілля, быццам каля алтара, паклаўшы на яго Новы Запавет. Адну руку паклаў на кнігу, другую ўзняў угару. Яго голас быў непахісны і цвёрды. Маліўся ён за сябе, сваіх сваякоў, сваю вёску, за іх дабрабыт і здароўе, за нашае здароўе і здароўе нашых дзяцей. Выглядала ўсё гэта вельмі пераканаўча і праўдападобна, унушальна, узрушвала. Нам стала зразумела, што ён і яго аднавяскоўцы прыходзяць сюды, як у храм, каб памаліцца. Абракаюцца, просяць Бога дапамагчы ім у іхнім нялёгкім жыцці.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX