Папярэдняя старонка: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Божымі слядамі 


Аўтар: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына,
Дадана: 04-06-2011,
Крыніца: Маладосць № 6 за 2003 год.



Па дарогах Любаншчыны і Случчыны

Падарожжа адбылося па так званых вясковых святынях Случчыны. Вы спытаецеся: што такое наогул «вясковыя святыні»? У апошні час вясковымі святынямі прынята называць такія шанаваныя ў народзе аб'екты, як святыя камяні, крыніцы, калодзежы, узгоркі, горы, азёры, балоты, дрэвы, гаі і г. д. Пра іх у кожнай мясцовасці існуюць легенды і паданні, часам вельмі падобныя, нягледзячы на тое, што запісаны яны ў розных рэгіёнах. Такія аб'екты існуюць і ўшаноўваюцца шмат у якіх народаў, каля іх адбываюцца прысвечаныя ім абрады ці рэлігійныя святы. Вясковыя святыні, натуральна, на Беларусі існавалі раней і існуюць у сённяшні час. Цікавасць да іх вымагае, нарэшце, заняцца даследаваннем гэтай унікальнай з'явы нашай культуры.

Вырашылі мы пачаць са Случчыны, бо яна найбольш знакамітая святымі мясцінамі, якія ў народзе завуцца прошчамі. Тлумачальны слоўнік пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы вызначае такое паняцце, як «прошча» — месца, надзеленае, паводле ўяўленняў веруючых, надзвычайнай сілай. Гэта можа быць крыніца, камень і г. д. Людмілай Дучыц па архіўных дадзеных быў распрацаваны маршрут. Так, напрыклад, у апытальных лістах за 1924 год (архіў Ін-та гісторыі) яна знайшла звесткі пра святы калодзеж і камень з Божым слядком у лесе непадалёк ад вёскі Дарасіно Любанскага раёна. Яшчэ гэты помнік вядомы па працах М. Янчука.

Першы раз мы былі там 19 жніўніўня 2000 года. Як вядома, у гэты дзень святкуецца другі Спас, які завецца Вялікім, Сярэднім ці Яблычным. Наогул жа на Беларусі святы Спаса складаюцца з трох частак: 14 жніўня -- Першы, або Мядовы, які яшчэ завецца Макавеем, 19 жніўня — Яблычны і 29 жніўня -- Трэці, ці Малы, Хлебны, або Арэхавы Спас. Гэтыя святы існавалі раней за хрысціянства, і ў язычніцкай рэлігіі пад сённяшнім Спасам разумеўся Дух ураджаю, а можа, гэтае Святы камень, в. Ператок, Любанскі р-н. боства ўзначальвала цэлы пантэон духаў поля, лесу, лугу, саду... І калі паспявалі тыя ці іншыя плады, трэба было прынесці гэтым боствам у ахвяру так званыя ахвяры-первінкі дзеля забеспячэння наступнага ўраджаю. Звычайна такія ахвяры складаліся ў адпаведных сакральных месцах, да прыкладу, каля святых азёр, калодзежаў крыніц.

Як аказалася, каля вёскі Дарасіно, пасёлка-цагельні Радуга ў лесе і сапраўды захаваўся святы калодзеж, вакол якога стаяць 11 драўляных крыжоў.

Пасля размоў з мясцовай жанчынай, якая нарадзілася ў 30-я гады — Наталляй Башурай, нам стала вядома, што да калодзежа людзі ходзяць у асноўным на Макавея, а таксама на Прэпалавенне, гэта на чацвёрты тыдзень пасля Вялікадня, у сераду. На Макавей сюды прыязджае святар, які ходзіць па руху сонца вакол калодзежа, і за ім увесь ход так абыходзіць калодзеж тры разы. У традыцыйнай культуры — гэта жыццядайны накірунак. Набажэнства пачынаецца звычайна а адзінаццатай гадзіне. Сюды едуць здалёк — з вёсак Дубнікі, Касцюкі, Ператок, Ракавічы, Юшкавічы і іншых, нават з Салігорска. Прыязджаюць не толькі старыя, але і маладыя з дзецьмі. Святар спраўляе службу за столікам, які стаіць каля калодзежа. На гэты столік і вакол яго ставіцца посуд з вадой, слоікі з мёдам, макам і букеты чарнічніку. Святар асвячае вадой з калодзежа ўсе гэтыя рэчы, пасля чаго яны разбіраюцца людзьмі па хатах і захоўваюцца амаль цэлы год. Лічыцца, што яны бароняць ад усялякіх хвароб і ліха як людзей, так і жывёлу. А што да Макавея, назва якога быццам утварылася ад слова мак, дык беларусы спрадвеку надавалі гэтай расліне значэнне ахоўнага сродку ад ведзьмакоў і дэманічных істот.

Тут мы бачым зліццё, сімбіёз дзвюх рэлігій: язычніцтва і хрысціянства. Наогул, царква не змагла адолець старажытныя вераванні і погляды селяніна на Спасаўскія святы, таму часткова асімілявала іх і, як у спрадвечныя часы, па меры выспявання тых ці іншых культур: ці то маку, яблыкаў, ці арэхаў і хлеба, у пару медазбору асвячае на кожнае са святаў гэтыя прадукты, частку якіх хрысціянскія вернікі пакідаюць цяпер на ахвяраванне ў Божым храме.

Калі мы распыталі мясцовых жанчын пра гэтае святое месца, яны расказалі, што раней тут біла крыніца, а побач ляжаў камень, вада бруіла проста з-пад яго. Потым людзі зрабілі драўляны зруб, бо крыжы ў савецкія часы ставіць забаранялася. На гэтым месцы ў 50—70-я гады ладзіліся фэсты, сюды прыязджалі аўталаўкі. Жанчыны таксама згадалі, што некалі даўно тут стаяла капліца. Апошнія дзесяць гадоў крыжы каля калодзежа ставяць усе, хто мае ў тым патрэбу. На крыжы навешваюць самаробныя фартушкі, вышываныя ручнікі, стужкі, пасы. Калі крыж струхнее, яго спальваюць, а попел закопваюць пад сасной.

Існуюць дзве легенды ўзнікнення гэтай прошчы.

Адна з іх кажа, што некалі хлопчык Максім пасвіў тут кароў, стаміўся, вельмі хацеў піць, але паблізу нідзе не знайшлося вады. Хлопчык прылёг і заснуў. Раптам ён адчуў, што нехта крануў яго за плячо і сказаў: «Прачніся, Максімка». Хлопчык расплюшчыў вочы і ўбачыў анёла з распрастанымі крыламі, а побач цурчэла крынічка.

Другая легенда гаворыць, што чалавек араў поле на валах, таксама стаміўся і прылёг адпачыць. Далей падзеі адбываліся па аналогіі з першай легендай. Лес навокал сапраўды даволі малады, таму цалкам магчыма, што раней на гэтым месцы было поле.

Другім аб'ектам нашага даследавання стаў святы камень, які знаходзіцца проста на ўзараным полі каля вёскі Ператок Любанскага раёна. Гэты камень мае назву Слядок Божы або Божы камень. Пра яго напісана ў кніжцы Э.Ляўкова «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны» 1992 года выдання. Аўтар лічыць, што камень трэба захаваць не толькі як культавы рарытэт, але і геалагічны помнік: ён аскепак дэвонскага пескавіку.

Вакол Божага каменя — тры бярозы, рэшткі яшчэ адной — чацвёртай, вялікі металічны крыж і адзін маленькі. На камені і сапраўды можна разгледзець тры невялікія слядкі, нібыта адбіткі ступакоў. Сюды прыходзяць у першую нядзелю пасля маладзіка, а таксама ў Заквітаючую нядзелю ўвосень, льюць ваду ў дзіркі-слядкі. Камень пранізаны адтулінамі, ёсць сярод іх і скразныя. Калі вада пройдзе праз адну дзірку і выльецца з другой, яе збіраюць, і яна лічыцца лекавай. Ёю лечаць раматус, запаленні, розныя застарэлыя хваробы. Мясцовыя людзі заўсёды, калі падыходзяць да каменя, кажуць: «Памажы, Божа!»

Каменю дагэтуль складаюць ахвяры. Раней неслі хто што меў: яблыкі, яйкі, сыр, палатно, ручнікі. Цяпер каменю ахвяруюць у асноўным грошы, калі-нікалі ўбачыш там яблык ці цукерку. Раней на крыжы каля каменя навязвалі і саматканыя палотны, цяпер навязваюць толькі ручнікі. Жыхарка Ператок, 90-гадовая бабуля Ганна Caланец распавядала нам, што ўсё прынесенае на камень раней забіралі тры старцы, якія жылі ў вёсцы Таль. Старцы былі сляпыя і жабравалі разам з павадырамі. Ганна Мікалаеўна павяла нам і гісторыю з уласнага дзяцінства пра сваю маці, якая, калі захварэла, папрасіла дачку схадзіць да каменя памаліцца і паабяцаць перад ім, што цягам усяго года будзе адразаць старцам-жабракам палатно на торбы, калі тыя зойдуць да іх у хату. Ганна так і зрабіла — яе маці неўзабаве ачуняла.

Па расказах Ганны Саланец, раней кол каменя стаяла шмат крыжоў, на іх шалі ручнікі — тканыя і вышываныя, вакол была агароджа і стаялі лавы. Сама вёска Ператок узнікла ў 1914 годзе, сюды ў асноўным перасяліліся выхадцы з вёскі Taль, а даўней на яе месцы рос лясок.

Пра ўзнікненне гэтай прошчы існуч кое паданне: нехта захварэў, і яму сказалі ісці да каменя, чалавек прыйшоў і ачуняў.

Трэцім аб'ектам нашага даследавання была Святая Гара, або Мір-Гара, якая Камень-следавік, в. Сорагі, Слуцкі р-н. знаходзіцца каля вёскі Сорагі Слуцкага раёна. Да гэтай жа вёскі адносіцца культавы камень-следавік пад назвай “Божы слядок”, які знаходзіцца ў полі за паселішчам. Каменю моляцца, каб дапамог у хваробах і падчас засухі.

Але ўся нашая ўвага была сканцэнтравана на гары. Гэта самае высокае месца ў раёне, парослае лесам, у сонечныя дні яно праглядаецца з адлегласці ў пятнаццаць кіламетраў. Гэтае месца ў народзе таксама завецца прошчай.

Па паданні, на гары некалі расла caсна, і аднойчы на ёй цудоўным чынам з'явіўся абраз. Міналі стагоддзі, і ад Святой сасны застаўся толькі пень, на які доўгі час раз на год, на Пакровы, сяляне зносілі масла, сыр, мёд, палатно і іншыя ахвяры. Пасля над гэтым пнём была пабудавана драўляная царква з купалам, якая насіла назву Свята-Пакроўская і была заснавана князёўнай Соф’яй Слуцкай, жонкай князя Януша Радзівіла. Гэта адбылося ў XVII стагоддзі. З таго часу на Пакровы тут пачалі ладзіцца вялікія святы і кірмашы, сюды з'язджаліся сяляне, рамеснікі, купцы з вёсак і мястэчак Случчыны, Старадарожчыны і Любаншчыны.

Калі ва ўзросце 26-ці гадоў пры першых родах Соф'я Слуцкая памерла разам з дзіцем, яна была далучана праваслаўнай царквой да ліку святых. Тады абраз у яе гонар змясцілі ў той царкве. І людзі перш, чым пачаць гандаль, маліліся Святой Соф'і Слуцкай. Так працягвалася да 30-х гадоў XX стагоддзя, калі паўсюль на Беларусі ўлады пачалі зачыняць і разбураць храмы ўсіх канфесій. Toe самае адбылося і са Свята-Пакроўскай царквой. Ваяўнічыя атэісты з вёскі Сорагі разбурылі храм і выкарысталі бярвенне на пабудову калгаснае сядзібы. Мясцовае начальства спрабавала ладзіць на гары святы ўраджаю, тут пераможцам уручалі граматы. Такое адбылося некалькі разоў, але пад прымусам. Пад гарой мясцовыя ўлады пабудавалі свінаферму. Пасля гэтага вяскоўцы болыш не збіраюцца на разбуранай святыні.

Цяпер на месцы царквы стаіць драўляны геадэзічны маяк, ужо стары, нахіліўся. Паблізу ёсць дубовая лавачка. На паўднёвым схіле гары знаходзіцца каля сарака курганоў.

Пра паходжанне другой назвы гары — Мір-Гара расказвае паданне: у наваколлі калісьці жылі два князі, і іх дружыны хадзілі адна на адну вайной. Але адноіічы князі без зброі сустрэліся на гары і замірыліся. Адсюль і пайшла назва.

У 1995 годзе на Мір-Гары быў пастаўлены крыж у памяць Соф'і Слуцкай. Тэты крыж стаіць там і цяпер, людзі, якім неабыякава гэтая святыня, часам прыходзяць да гэтага сімвалічнага крыжа і пакідаюць там кветкі ці яблыкі, як своеасаблівую даніну-водкуп за ўчыненае ранейшымі ўладамі дзікунства.

Хочацца верыць, што нягледзячы на шматлікія выпрабаванні, якія выпалі нашаму народу, усё ж такі захаваліся святыя мясціны ў спрадвечным сэнсе гэтага слова. На гэтыя святыя мясціны — прошчы, на працягу стагоддзяў прыходзілі і прыходзяць беларусы, пакідаючы там свой боль і адчай. І гэтыя мясціны сапраўды іх ачышчаюць, лечаць не толькі іхнія целы, але і душы. І мы, сённяшнія людзі гэтай зямлі, павінны не толькі зберагаць і ахоўваць гэтыя мясціны, але і разумець сэнс іх святасці. Мы павінны разумець: жывуць святыні, будзе жыць і існаваць спрадвечная Беларусь, будзем жыць, існаваць мы, як нацыя з багатымі і старадаўнімі традыцыямі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX