Папярэдняя старонка: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

А мы Масленіцу дажыдалі... 


Аўтар: Клімковіч Ірына,
Дадана: 06-06-2011,
Крыніца: Маладосць № 2 за 2009 год.



Масленіца, Масленка — старажытнае свята, якое ўзнікла ў нашых продкаў задоўга да хрысціянства і сімвалізавала сабою культ прыроды, адраджэнне плодных сіл зямлі. Лічыцца, што першапачаткова свята звязвалася з днём вясновага сонцазвароту, але з прыняццем веры ў Хрыста цяпер яно папярэднічае Вялікаму посту. Сёння яно не мае ў народным календары канкрэтнай даты, а пачынаецца за восем тыдняў да Вялікадня, або за сем дзён да перадвялікоднага сямітыднёвага посту. Гэта ў прамежку ад 7 лютага да 14 сакавіка. Свята працягваецца роўна тыдзень і яшчэ завецца Сырным тыднем або Сырніцай, таму што асноўнай ежай у гэтыя дні апроч рыбы, масла, малака і яек з’яўляецца сыр.

«Каб былі гладкія і тлустыя...»

Масленіца — свята вельмі старадаўняе і таму дайшло да нас у трансфармаваным, скажоным выглядзе. Шмат якія традыцыі незваротна згублены. Прыкладам, у дахрысціянскія часы святкаванне Сырніцы расцягвалася амаль на месяц. Пачыналася яно са сціплых прысвяткаў, звязаных з жывёлагадоўляй, праводзіліся абрады Святы Улас. «ўлашчвання дамавіка», які апекаваўся свойскай жывёлай, а ў некаторых выпадках атаясамліваўся і з душамі продкаў. Менавіта на Масленіцу пачынаўся новы малочны год і прыбытак пагалоўя жывёлы ў гаспадарцы. Нездарма ў старажытныя часы шматлікія рытуалы гэтых дзён былі звернуты да язычніцкага бога Вялеса — ахоўніка хатняй жывёлы і багацця на падвор’і. Сыр, масла, тварог і іншыя малочныя прадукты, якія так шчодра выстаўляліся на святочны стол, у першую чаргу трэба разглядаць як ахвярную ежу апекуну сялянскай гаспадаркі Вялесу. У гонар старажытнага боства было названа і жаночае свята Валосся або Улас, якое адзначалася нашымі продкамі ў масленічны чацвер. На Магілёўшчыне да цяперашняга часу захавалася павер’е, якое, калі перадаваць словамі жыхароў Чэрыкаўскага раёна, гучыць так: «Ета ўсігда сабіраліся жэншчыны асобенна, у каго скот, і танцувалі, пелі, гулялі, каб каровы не ялывалі, што б карова пагуляла ды цялілася. А калі не будзеш гуляць Масленку, дык карова будзя ялыўка».

З прыняццем хрысцiянства адным з цэнтральных момантаў Масленiцы стаў чацвер — пачатак свята. У гэты дзень ушаноўваўся Святы Уласiй. Уласiю ў 312 годзе язычнiкi адсеклi галаву за веру ў Хрыста. Легенда распавядае, што святы пакутнік Улас быў заступнікам лясных звяроў і апекаваўся беднымі людзьмі. Неяк ён вярнуў беднай удаве вепрука, якога скраў у яе воўк. На абразе, які звычайна раней вешалі ў хлявах, гэты святы традыцыйна малюецца ў атачэнні худобы. У многiх мясцiнах Беларусi i сёння масленiчны чацвер завуць «Святы Улас» або «Валос», а раней яго называлі яшчэ Тлустым і Крывым. У гэты дзень жанчыны з самага ранку завiхалiся каля печы, гатавалі багатыя стравы са свiнiны i ялавiчыны, пяклi блiны: іржаныя, аўсяныя цi ячныя. Першы блiн, яшчэ гарачы, клалi на дахавае акенца — для продкаў. Блінамі і аладкамі частавалі нават кароў, «каб былi гладкiя i тлустыя», а «мiр-грамада» выбiрала сабе на новы сезон пастуха. Моладзь выстройвалася i вадзiла па вёсцы «масленiцу», распальвалі вогнішча, вакол якога вадзілі карагоды, спявалі масленічныя песні.

Менавіта вясновы сонцазварот доўгі час быў для славян рысай адліку Новага года. Таму да XIV стагоддзя для нашых продкаў год пачынаўся з сакавіка. А па старадаўніх павер’ях лічылася: як сустрэне чалавек надыходзячы год, такім той і будзе. Таму і не скупіліся старажытныя беларусы на шчодрае застолле і весялосць у Масленіцу. Акрамя сакральна-рытуальных страў, на стол падаваліся наступныя дзівосы жаночага кулінарнага ўмельства: верашчака, сырніца, усялякія поліўкі (рыбныя, мясныя, крывяныя), кісялі (журавінавыя і аўсяныя), перапечкі з каноплямі, затушаныя ў печы або з макам і мёдам саладухі, аўсяныя талокны, ячменныя праснакі ці пернікі і г.д.

«Масленка катліва — пакатацца міла!»

«Мы думалі, Масленіца сем нядзелік... Ажно Масленіца сем дзянёчкаў» — спяваецца ў народнай масленічнай песні. І нягледзячы на тое, што Масленіца была скарочана царквой да тыднёвага тэрміну, яна захавала ў гэты кароткі тэрмін цэлы блок асноўных рытуальных дзействаў. Так, каб зафіксаваць ушанаванне продкаў і забяспечыць ахову сям’і і грамады, шмат дзе на Беларусі ў суботу перад Сырным тыднем адзначалі «Масляныя Дзяды»: хадзілі на могілкі і прыводзілі да ладу магілы сваякоў. На само свята ў многіх мясцовасцях вешалі арэлі, прывязаўшы доўгую вяроўку да сука дрэва. Потым гушкаліся на арэлях. Моладзь нават праводзіла паміж сабою спаборніцтвы — хто вышэй узляціць. У масленічныя дні, асабліва на заканчэнне свята — ад пятніцы да нядзелі, аб’язджалі вакол вёскі маладых коней, быкоў і валоў, якія дасягнулі трохгадовага ўзросту. Пры гэтым упрыгожвалі ўсю вупраж рознакаляровымі стужкамі, на дугу прыбівалі званочкі і шархуны. Дбайныя гаспадары на Масленiцу абнаўлялi санi: новыя санi зацягвалi на горку, на iх садзiлiся чалавек 20-25 i ляцелi з гары. Верылі, што толькi такiя санi i будуць потым лёгкiя на хаду. У падобных, здавалася б, звычайных гуляннях захаваліся рэлікты старажытнай магіі. Чым з вышэйшай горкі з’едуць сані, тым вышэйшым вырасце лён і іншыя расліны. Аб’ездамі на маладых конях і валах вакол вёскі выганялі, згодна бытуючых вераванняў, «нячыстую сілу». Гэтаму садзейнічалі гукі шархуноў і званочкаў. Гушканне на арэлях, як верылі, таксама спрыяла росту раслін, а паветра, якое абвявала чалавека ў час гушкання, павінна было зняць з яго ўсе хваробы і надзяліць моцным здароўем.

На Віцебшчыне ў першыя дні Сырніцы сем’ямі наведвалі сваіх «павівальных бабак». Унукі разам з бацькамі прыносілі бабулі вялікі пірог і яе дзецям па маленькаму піражку. Бабка ў сваю чаргу частавала іх гарэлкай, блінамі і малозівам — таплёным малаком ад каровы, якая нядаўна ацялілася. У пятнiцу зяцi хадзiлi на блiны да цешчы, а ў суботу сваякоў прымалi нявесткi. Абавязковымi гасцямi ўсiх святочных застолляў былi: бабка-павiтуха i хросныя бацька з мацi. І дагэтуль у беларусаў захаваўся звычай наведваць родзiчаў на масленiчным тыднi. Да таго ж, Сырны тыдзень заканчваўся тым, што сямейнікі прасілі адзін у аднаго прабачэння за ўсе магчымыя крыўды і грахі.

Магічны сродак стымуляцыі шлюбу

Масленіца была яшчэ святам маладых, якія справілі вяселле на працягу года. Звычайна па сырных вечарах дзеўкi i бабы адпраўлялiся да маладых, вызывалi іх з хаты асаблiвымi песнямi, бралi ў круг, з песняй вадзiлi карагод. Маладая частавала жанчын і дзяўчат абаранкамі, сырам, тварагом і іншымі стравамі. На наступны дзень той жа кампаніяй завітвалі да карчмы, дзе муж маладзіцы частаваў усіх гарэлкаю і рознымі прысмакамі. Паралельна на Масленіцу адбываліся рытуалы над той моладдзю, якой па ўзросце трэба было пабрацца шлюбам, але яны па нейкіх прычынах не выканалі свайго жыццёвага абавязку — працягу рода. А гэтая акалічнасць пагражала дабрабыту ўсёй грамады. Такія дзяўчаты і хлопцы мусілі цярпець сімвалічнае асуджэнне і пакаранне. Мясцовыя зацейнікі, сустрэўшы на вуліцы хлопцаў, якія доўга не жаніліся — усё перабіралі дзяўчат, прывязвалі ім да нагі калодку, цурбэлак, або спявалі пад вокнамі песні-дражнілкі. Тады «вінаватыя» мусілі адкуплівацца пачастункамі ці грашыма. Раней на Смаленшчыне падчас свята Масленкі з усёй вёскі збіраліся кабеты і прывязвалі папругу з аднаго боку да невялікага тоўстага бервяна, а з другога — да нагі халасцяка. Калі хлопец не хацеў цягаць бервяно за сабой цэлы дзень, ён павінен быў адкупіцца. У Мінскай губерні гурт хлопцаў цягаў такое бервяно па вуліцы ад хаты да хаты, дзе жылі дарослыя дзяўчаты. Кожная дзяўчына плаціла выкуп за калодку: запрашала хлопцаў у хату і частавала іх. Калі ж грамада не прыпынялася з калодкаю перад хатай, дзе жыла дзяўчына, то гэта лiчылася для яе абразай.

У абрадзе валачэння калодкі заўважны і шлюбныя матывы. Масленічная калодка была падставай і для таго, каб звярнуць увагу на тых дзяўчат і хлопцаў, якія падабаліся адно аднаму і збіраліся праз некаторы час пабрацца шлюбам. Так, на Гомельшчыне казалі: «У пятніцу ўвечары дзеўкі прычапляюць хлопцам калодкі. Больш жаніхам прычапляюць. А яны госцяць іх. А ў суботу адчэпліваюць» . Найчасцей такі абрад зводзіў хлопцаў і дзяўчат, хай нават і ў жартаўлівай форме. Прыкладам, раней на Смаленшчыне на Масленку хлопцы і дзеўкі збіраліся разам, гулялі, а якой-небудзь адной парачцы прывязвалі своеасаблівую «калодку» — стужку з кветкай. Потым іх віншавалі і казалі, што яны павінны згуляць вяселле. На Віцебшчыне калодку цягалі па дварах хлопцаў і дзяўчат, вызначаючы такім чынам будучыя пары: «качалі калоду мальцы і дзеўкі, апрадзялялі, каго з кім пажэнюць у гэты год, смяяліся так». На Гомельшчыне на Масленку жанчыны збіралі па вёсцы калоды, на якіх звычайна сякуць дровы, а затым нагрувашчвалі іх адна на адну, быццам «будавалі хату хлопцу і дзеўцы на выданні». З тэмай прывязвання калодкі абыгрываецца і фразеалагізм «шлюбныя сувязі»: «калодку прывязваюць маладым, каб жаніх прывязаўся і замуж дзеўка пайшла».

Масленка ў Еўропе

Масленка — свята не толькі беларусаў, але практычна і ўсёй астатняй Еўропы. Традыцыя святкаваць прыход вясны захавалася ў розных гарадах і краінах ад Сібіры да Іспаніі. У краінах Заходняй Еўропы Масленка паступова разгортваецца ў агульны карнавал, дзе падчас свята заціхаюць сваркі і спрэчкі, паўсюль пануе нястрыманая весялосць, гучаць смех і жарты. У Шатландыі на Масленку было прынята пячы праснакі. У складзеныя чоўнікам далоні насыпалі прыгаршчЫ аўсянай мукі, затым муку моцна сціскалі ў далонях і апускалі ў халодную ваду. Атрымоўваўся шар, які потым выпякалі ў прысаку. У адным з гарадоў Англіі здаўна кожны год праводзяцца спаборніцтвы сярод жанчын па бегу з блінамі. У 11.45 гучаць бомы «бліннага звана». Кожная кабета бяжыць з гарачай патэльняй і блінам. Правілы спаборніцтва патрабуюць, каб удзельніцы спаборніцтва былі не маладзей за 18 гадоў, на кожнай абавязкова — фартук і хустка, а падчас бегу трэба не менш за тры разы падкінуць блін на патэльни і злавіць яго. Кабета, якая першай перадасць блін званару, лічыцца чэмпіёнкай блінных гонак на год і атрымлівае пацалунак званара. У школах Даніі ў гэтыя дні ладзяцца тэатралізаваныя відовішчы, канцэрты. Школьнікі абменьваюцца знакамі ўвагі, перадаюць сваім сябрам праз знаёмых жартаўлівыя лісты без зваротнага адраса. Калі хлопчык атрымае такі ліст ад дзяўчынкі і адгадае яе імя, то на Вялікдзень яна падорыць яму шакалад.

Калі на нашай Масленцы тых хлопцаў, хто не спяшаўся з жаніцьбай, раней прымушалі цягаць па вёсцы калодку, у Польшчы дзяўчаты і цяпер, жартам усыпіўшы пільнасць кавалераў аладкамі, пончыкамі і гарэлкай, потым абавязкова іх жартам адчубяць — адцягаюць за валасы. А ў апошні дзень Масленкі ў польскай карчме скрыпач будзе «прадаваць» незамужніх дзяўчат. У Чэхіі падчас гэтага вясёлага свята маладыя хлопцы з перапэцканымі вугалем тварамі, абыходзячы вакол вёскі, таксама цягаюць за сабой размаляваны драўляны брус — «клацік». Ён вешаецца кожнай сустрэчнай дзяўчыне на шыю, або прывязваецца да рукі ці нагі. Калі жадаеш адкупіцца — плаці. У Сербіі халасцякоў абавязкова працягнуць па вёсцы ў свіных ночвах, а на дах іх дома пасадзяць фігуру саламянага дзеда.

Спальванне «Масленіцы»

Кульмінацыяй свята, яго галоўным абрадам было спальванне ці знішчэнне пудзіла «Масленіцы», або як яго яшчэ называлі — пудзіла Мары. Пудзіла з песнямі насілі па вёсцы, а потым за ваколіцай тапілі, спальвалі, раздзіралі на часткі, вешалі на дрэва, або разбівалі кіямі, скідалі ў глыбокія яры, закопвалі ў ямы і д.т.п. Чаму, здавалася б, на такім вясёлым і жыццярадасным свяце адбывалася такое змрочнае і невясёлае дзеянне? Рэч у тым, што масленічныя дні для нашых продкаў былі яшчэ своеасаблівай рытуальнай мяжой на заканчэнні года, калі адыходзіла зіма са сваімі маразамі і сцюжай, і наступала доўгачаканая вясна з цеплынёй і ласкавым сонцам. А ўзнікненне абрада спальвання пудзіла можна з упэўненасцю аднесці да былой язычніцкай традыцыі знішчэння на агні ўсяго непатрэбнага і старога.

Яшчэ з дахрысціянскіх часоў і на працягу некалькіх наступных за імі стагоддзяў у беларусаў захоўваўся звычай спальваць на агні зношаны абутак, старыя лахманы, адзенне хворых і памерлых людзей. Палілі і Масленіцу — антрапаморфную ляльку зімы, пудзіла якой рабілі з саломы, апраналі ў кашулю апошняга памерлага ў вёсцы чалавека, падпярэзвалі пасам дзяўчыны, якая апошняю пабралася шлюбам. Нашы продкі верылі, што гэтая міфічная істота ў далейшым іх жыцці стала б варожай чалавеку, яна сімвалічна ўвасабляла ў сабе стары год, ліха, холад ці адпаведных ім духаў, якія, як і зношаны абутак, адзенне і іншыя непатрэбныя рэчы, трэба знішчыць на агні або назаўсёды пазбавіцца ад іх іншым чынам. Усё старое і варожае павінна было застацца за парогам старога года. Усе думкі і чаканні чалавека, закладзеныя ў масленічных абрадах, былі звернуты да Сонца, якое ўсё больш і больш сагравала Зямлю і прымушала яе вяртацца да штогадовага Жыцця. Да таго ж, абрад спальвання пудзіла ўяўляў сабой не толькі важны момант ачышчэння агнём, але і своеасаблівы момант калектыўнай псіхатэрапіі. Канцэнтрацыя энергіі і вера ўсіх супольнікаў былі скіраваны на выгнанне смерці, хваробаў, голаду, нечысці, збавення ад бяды.


Прайшлі стагоддзі. Але старажытнае свята, поўнае жартаў, гульняў, ігрышчаў, карагодаў, не сышло ў нябыт. Яно і цяпер, як вясёлыя провады зімы, асветлена радасным чаканнем блізкага цяпла, вясновага абнаўлення прыроды. Яно і цяпер з’яўляецца калектыўным лекарам — ачышчае нашы душы і вяртае добры настрой.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX