Папярэдняя старонка: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Час збіраць камяні 


Аўтар: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына,
Дадана: 29-12-2011,
Крыніца: Маладосць № 06 за 2011 год.



На тэрыторыі Беларусі, як нідзе ў Еўропе, месціцца вялікая колькасць камянёў. Гэта характэрны і непаўторны элемент нашага ландшафту, сведкі ледавіковых працэсаў, а таксама помнікі гісторыі і культуры. Дзейнасць чалавека адбіваецца на іх захаванасці. На жаль, час ад часу знішчаюцца каштоўныя па складу і форме буйныя валуны. Камяні каштоўныя не толькі сваёй формай і незвычайным складам. Яны заўсёды ўплывалі на творчую фантазію нашых продкаў, фарміравалі духоўны свет беларусаў, з імі звязаны легенды і паданні. Больш за тры сотні валуноў абвешчана помнікамі прыроды і толькі нязначная колькасць помнікамі гісторыі і культуры.

Сляды каменнай гісторыі

Між іншым, такіх сакральных камянёў улічана больш за паўтысячы! Адна з найцікавейшых разнавіднасцяў культавых валуноў - камяні-следавікі. Асаблівасцю такіх камянёў з'яўляюцца адбіткі слядоў на іх паверхі ў выглядзе чалавечага ступака, або звярыных лапаў. Выемкі на камнях падзяляюцца на прыродныя, якія па сваёй форме і сапраўды нагадваюць след пэўнай істоты, і штучныя.

Культ камянёў-следавікоў узнік у другой палове другога тысячагоддзя да нашай эры, у канцы бронзавага веку. У той час існавала строгая забарона ствараць выявы багоў. Але зварот да нябачнага бога вымушаў чалавека шукаць адзнакі яго прысутнасці. У сувязі з гэтым з'явіліся выявы «слядоў бога». Зразумела, што з пашырэннем хрысьціянства многія следавікі сталі аб'ектамі пакланення, а слядкі на камянях атаясамліваліся са слядамі Хрыста і хрысціянскіх святых. Уласцівасць камянёў-следавікоў збіраць і доўга захоўваць дажджавую ваду заўважана даўно. І сапраўды, у сухое і спякотнае надвор'е выбіты след заўсёды вільготны. Да таго ж, са збіраемай у слядах вадой звязана мноства легендаў. Паўсюдна вада са слядкоў лічыцца гаючай і святой.

Тым не менш, нага, а тым больш, ступак лічыліся самымі міфалагізаванымі часткамі цела, звязанымі з іншасветам: падземным светам, куды ўсё сыходзіць, паміраючы, і адкуль усё вяртаецца, нараджаецца наноў. А ногі, як вядома, больш за ўсё набліжаны да зямлі, судакранаюцца з ёю непасрэдна. Таму старажытныя людзі ўспрымалі ступак як асобую частку цела, праз якую душа сыходзіць на той свет. У беларускіх замовах ад хвароб іх таксама выганялі з чалавека праз ногі. Нездарма міфалогія індаеўрапейцаў захоўвае памяць пра культ ступакоў яшчэ з эпохі бронзавага веку. Згодна міфалагічным уяўленням, «наўя костка» знаходзіцца менавіта ў ступаку. Згадаем, да прыкладу, знахарскія маніпуляцыі са следам для наслання порчы на людзей. У беларускіх міфалагічных расповядах вельмі папулярны матывы слядоў, пакінутых продкамі ў памінальныя дні на папярэдне рассыпаным попеле або жвіры. Дарэчы, у старажытнай традыцыі нашага народу раней існаваў звычай рабіць памінальныя кладкі з выразанымі на іх слядкамі нябожчыка і класці іх у балоцістыя мясціны, якія, паводле дахрысціянскіх вераванняў, былі ўваходам у іншасвет. Лічылася, што душа пасля смерці доўга блукае па свеце, пакуль не знойдзе туды дарогу. Кладкі ж са ступаком павінны былі дапамагчы ёй у такой сітуацыі. А загадкавыя валуны са слядкамі, што раскіданы па Беларусі, звычайна месцяцца ў нізінных і балоцістых мясцінах, побач з крыніцай ці ручаём. Ці не яны былі сведкамі далёкіх і таямнічых памінальных абрадаў нашых продкаў?

На тэрыторыі Беларусі камянёў са слядкамі на іх паверхні налічылі ўжо больш за сотню. У асноўным яны маюць невялікія памеры. Найчасцей на камені месціцца адзін слядок, але зрэдку сустракаюцца і два, і нават тры. Валуны з адбіткамі далоні адзінкавыя.

Маці Божая "хадзіла" па Беларусі

Вельмі папулярныя ў народзе слядкі Божай Маці. Мяркуючы па тых легендах і паданнях, якія прыйшлі да нас з глыбінь стагоддзяў, і якія мы Камень-следавік, які захоўваецца ў Жыровічах. прывядзем як прыклад пазней, беларусы заўсёды верылі ў тое, што Божая Маці час ад часу спускаецца з нябёсаў і ходзіць па нашай зямлі, таемна дапамагаючы ўсім нямоглым і пакутным. Адным з доказаў таго, што Багародзіца «хадзіла» па Беларусі, лічацца сляды з адбіткамі яе ног на камянях. Паводле сабранай навукоўцамі інфармацыі, у нас такіх валуноў некалькі дзесяткаў, і ў розных куточках Беларусі іх называюць па-рознаму: След Маткі Боскай, След Божай Маці (такіх зафіксавана больш за дваццаць), След Багародзіцы, Стапа Божай Маці, След Святой Дзевы, След Найсвяцейшай Панны, След Дзевы Марыі, а таксама след святой Магдаленкі і інш. У некаторых месцах ямку побач са слядком лічаць за след кіёчка.

На культавых камянях можна пабачыць не толькі след ад Багародзіцы. Адзін з самых вядомых следавікоў з выявай Яе далоні знаходзіцца ў Жыровічах.Паводле падання, на гэтым камні адбылося другое з'яўленне абраза Жыровіцкай Божай Маці ў XVI ст., пасля чаго там засталіся сляды далоні і пальцаў правай рукі Найсвяцейшай Багародзіцы. Сёння гэты камень захоўваецца ў алтары галоўнага храма Жыровіцкага манастыра. Ён месціцца пад высокім прастолам, што стаіць пасярэдзіне царкоўнага алтара і завецца - Святы Прастол. Некалі ў народзе хадзіла пагалоска, што святы камень лекуе ад усялякіх хваробаў, а таксама дапамагае бяздзетным жанчынам ад бясплоддзя, а маладой дзяўчыне спашле добрага жаніха. Нават дочкі ўсясільных магнатаў Вялікага княства Літоўскага маліліся каменю аб удалым шлюбе.

Камень са слядком Божай Маці ляжыць на ўзгорку каля вёсак Добры Бор і Падгорная Баранавіцкага раёна. Яшчэ не так даўно хрысціянскія паломнікі па дарозе да цудатворнага абраза Жыровіцкай Божай Маці абавязкова заходзілі пакланіцца і святому каменю. Сёння на камень кладуць грошы, зашпількі для валасоў, а вакол на кустоўе вешаюць стужкі, амулеты, нізкі пацерак, ружанцы. Прычым, грошы кладуць розныя, апроч беларускіх - расійскія, польскія, украінскія, літоўскія і інш.

Згодна паданню, калісьці ў навакольных мясцінах праходзіла Багародзіца, спатыкнулася аб камень і параніла нагу. Тады Божая Маці спусцілася з узгорка да ручая, які працякае ніжэй, і абмыла там рану. У народнай памяці захавалася і больш старадаўняе паданне, якое звязана з дахрысціянскім персанажам - волатам або асілкам. Таму і камень гэты часам завуць Асілкавым. Распавядаюць, быццам некалі каля камня заснуў волат, а ў той самы час тут праходзіў атрад татарскіх вершнікаў. Яны вырашылі ўзяць соннага волата ў палон. Пачалася бойка, падчас якой асілак ступіў адной нагой на камень. Раптам ягоная сіла ўдзесяцярылася, і ён перамог ворагаў. Пасля таго, як пра незвычайную падзею даведаліся людзі, яны пачалі хадзіць да каменя і ўшаноўваць яго. Прайшлі часы, а гаючая сіла камня і дагэтуль жыве ў народнай памяці. Вераць, што ён лекуе не толькі людзей, але і жывёл. Старажылы расказваюць, што нядаўна да святыні прыводзілі на лячэнне кароў і авечак.

У вёсцы Малькавічы Ганцавіцкага раёна метровы камень са следам Божай Маці ляжыць на ўзгорку старых могілак. Захавалася і паданне. Быццам тут непадалёк ад каменя ў невялікай рачулцы пад гарой Божая Маці, стаміўшыся, мыла свае ногі, а потым на камні абцірала іх, ад чаго на валуне застаўся след. У вёсцы Канюхі Бераставіцкага раёна камень са «Следам Божай Маці» знаходзіцца сярод балота. У вёсцы распавядаюць: даўным-даўно быў час, калі людзі перасталі верыць у Бога. Тады Бог раззлаваўся і наслаў патоп. Божая Маці, наадварот, па глыбокім перакананні простага народа, заўсёды шкадавала людзей, таму выправілася ў падарожжа. Але паўсюль было поўна вады, таму яна ішла па камянях. Дзе ступала нага Божай Маці, заставаўся след, а дзе яна абапіралася на кіёчак - утварылася дзірачка.

На ўзгорку сярод поля над крыніцай непадалёк ад вёскі Брады Пружанскага раёна ляжыць камень, які ў народзе завецца «Слядок Божай Маці». Побач растуць маладыя бярозкі і пастаўлена некалькі металічных крыжоў. Увесь комплекс абнесены плотам. Па звестках мясцовых жыхароў, вада з крыніцы лічыцца лекавай, «ставіць на ногі», а раней тут на свята Зелянец адбываліся паломніцтвы, але цяпер, калі крыніца перасыхае, людзей прыходзіць усё меней і меней. Яшчэ пасля Другой сусветнай вайны, калі людзям не было чаго есці, да каменя хадзілі прасіць дастатку і дабрабыту.

У вёсцы Камайск Докшыцкага раёна сляпому жабраку быццам некалі аб'явілася Прасвятая Багародзіца, якая стаяла на мясцовым камні. Яна паклікала старога і загадала яму ісці да ўладальніка гэтай мясцовасці, каб патрабаваць ад таго пабудовы царквы на месцы яе аб'яўлення. Жабрак так і зрабіў, пасля чаго стаў відушчым. Над каменем узвялі храм у гонар Багародзіцы. У вёсцы Пятровічы Смалявіцкага раёна некалі шанавалі авальны камень даўжынёй 70 см і шырынёй каля паўметра. Па расповядах вяскоўцаў, на камені выразна быў бачны адбітак правай нагі Божай Маці і след ад яе кіёчка. Згодна легендзе, калі Багародзіца праходзіла па беларускай зямлі і ішла праз Ляды і Пятровічы, яна спынялася адпачыць ў гэтых месцах. І паўсюль, дзе ступала нага Божай Маці, пачыналі біць крынічкі, а на камянях адбіліся сляды Яе ног. Доўгі час каля камня ў Пятровічах была добраўладкаваная крыніца, вада якой лічылася лекавай. Але пасля правядзення меліярацыйных работ яе засыпалі, а камень прыціснулі бетоннай плітой.

І сам Бог "адпачываў" тут

Некалі на Случчыне непадалёк ад в. Маяк(былая Дзюрдзева) ва ўрочышчы Стары гасцінец ляжаў агромністы камень. У народзе яго называлі Святым Камень са следам Святога Антонія каля касцёла, в. Струбніца, Мастоўскі р-н. і казалі, што там раней стаяў крыж. І быццам на гэтым камені адпачываў сам Бог, абапёршыся локцем на яго. Вераць, што паглыбленне на камені засталося ад локця Збавіцеля. Людзі прыходзілі да святыні пакланіцца і памаліцца каля яе. І дапамагала, асабліва дзецям. Калі хто пакутаваў ад перапуду ці праклёну, прыходзілі да каменя і клалі на яго ў каго што было: каласок, абараначак, хлеб, сыр... А яшчэ мох, якім быў аброслы камень, беражліва саскрэбвалі, гатуючы з яго напоі ад усялякіх напасцяў. Але прыйшлі савецкія часы, і, калі будавалі дарогу, паспрабавалі разбіць той камень на дробныя кавалкі. Але камень быў незвычайна моцны і волатаўскіх памераў. Таму пры вялікіх намаганнях удалося разбіць яго толькі на тры вялікія часткі. Куды падзеліся дзве з іх, ніхто не ведае, а трэцяя ляжыць цяпер у канцы в. Маяк і зберагае ў сабе таямніцы мінулага.

Пра слядкі на некаторых камянях кажуць, што іх пакінуў «нейкі святы». У мястэчку Грозава Капыльскага раёна расказвалі, што след на валуне пакінуў святы Мікалай, калі ішоў у бліжэйшую царкву «тварыць цуды». Такое ж паданне можна было пачуць і пра камень у в. Куцаўшчына Капыльскага раёна. У апошнім выпадку над каменем была пабудавана спачатку драўляная каплічка, а потым яе замянілі цаглянай.

Хутчэй за ўсё, слядкі на камянях, якія прыпісваюць мужчынскім персанажам, у старажытнасці звязвалі з культамі тых бостваў, якія адносіліся да хтанічнай сферы. Так, існуе меркаванне пра сувязь камянёў-следавікоў з культам Вялеса, апекуна свойскай жывёлы, які потым трансфармаваўся ў шанаванне святога Мікалая або святога Уласія. Апроч святога Мікалая, ёсць інфармацыя пра слядкі, якія пакінулі святыя Пётр і Антоні. Так, камень-следавік пад назвай «Нага Пятра» яшчэ ў пачатку ХІХ ст. ляжаў на вяршыні Траецкай Гары, што над ракой Свіслаччу ў Мінску. Цяпер, як вядома, на вяршыні гары Тэатр оперы і балету. Камень са следам святога Антонія ляжыць у наш час каля ўваходных касцельных дзвярэй у в. Струбніца Мастоўскага раёна. З другога боку ад уваходу стаіць архаічная каменная кропельніца. Але паданне пра гэты камень ўзгадвае чамусьці каралеву Бону. Нібыта раней у гэтай мясцовасці быў густы і непралазны лес, дзе любіла час ад часу паляваць сама каралева Бона. Аднойчы яна падчас палявання згубіла сваіх улюбёных семярых сабак. Тады яна спынілася каля каменя і пачала маліцца. Неўзабаве паляўнічыя псы знайшліся. Тады быццам і вырашылі пабудаваць на гэтым месцы касцёл.

Помняць камяні і такое...

Цікавы камень ляжыць каля вёскі Сянежыцы Навагрудскага раёна. На ім месцяцца два слядкі. Адзін лічаць выявай пальцаў, а другі - выявай Культавы камень на вясковых могілках у в. Сянежычы Навагрудскага р-на. пяткі. Пальцы нібыта пакінула Багародзіца, а пятку - чорт, які гнаўся за ёй. Дагнаць Божую Маці чорт не змог, таму што яна схавалася ў манастыр і стала рабіць там цуды. Існуе і другое паданне, якое тлумачаць знакі на камені тым, што іх пакінулі шведы, каб паказаць, куды яны накіроўваюцца (Янчук, 1889). Камень ляжыць на ўзгорку вялікага могільніка. Па расповядах мясцовых людзей, некалі побач стаяла яшчэ і каплічка. У тыя ж часы да каменя збіраліся на Пакроў, і на гары ладзіўся кірмаш. Яшчэ на памяці старажылаў і тое, як у гэты дзень спачатку маліліся каля каменя, штосьці ў яго прасілі. Потым яму прыносілі ахвяру - воўну, лён, тканіны, яйкі, грошы, цукеркі. Пасля малітваў і ахвяраванняў жанчыны на каленях паўзлі да каплічкі, дзе святары спраўлялі набажэнствы. Каплічка, дарэчы, знаходзілася за кіламетр ад следавіка, у рове з крыніцай. Цікава, што цяпер у вёсцы можна пачуць і другое паданне, якое падрабязна тлумачыць паходжанне і Святога рова, і Святой крынічкі і след... Божай Маці.

«У аднаго старога пана не было дзяцей. Пачуўшы, што ў ягонага служкі з'явілася немаўлятка, вырашыў адабраць яго. Маладая жанчына схавала сыночка. Але хтосьці падказаў пану, дзе шукаць. Калі ён прыйшоў на патрэбнае месца, знайшоў «жаданы цуд». Жанчына схапіла дзіця і пабегла, пан за ёй. Прабягаючы каля царквы, убачыла, што дарогу "замінае камень". Пераскокваючы праз яго, яна адной нагой зачапілася і ўпала, пакінуўшы след. Не ў стане падняцца, жанчына папаўзла на каленях. Дабраўшыся да гары, яна пачала плакаць, сунуцца далей яна не магла. Дзе падалі слёзы - з'явілася крынічка. Каб дапамагчы жанчыне, гара расступілася, аддзяліўшы яе ад пераследавальніка. Жанчына знікла, а тое месца "Святым рвом завуць". Тую жанчыну ў народзе празвалі Маці Божай, а пана - чортам.»

У гэтай вёсачцы вераць таксама, што камень можа дапамагчы і ад бясплоднасці. Тут расказваюць пра адну жанчыну, якая ніяк не магла абзавесціся дзеткамі. Усё ёй не шанцавала. То мёртвае народзіца, то пачне расці на радасць бацькам, а потым яго не стане. Неяк «старэйшыя параілі гэтай гаспадыньцы дзетак у каменя папрасіць. На Пакровы прынесла ахвяру, папаўзла ў Святы роў. Пяцёх выгадавала...». Вернікі каля каменя моляцца і цяпер, прычым, след Божай Маці цалуюць, а ў след чорта плююць. У наш час каля камня адбываюцца маленні на Радаўніцу і нават прыязджае святар. Як і раней, каменю прыносяць ахвяры, але сёння гэта ў асноўным грошы і кветкі.


Безумоўна, што прыведзеныя вышэй паданні аформіліся пад уплывам хрысціянскай рэлігійнай свядомасці. Аднак наўрад ці яны адэкватна адлюстроўваюць першапачатковае прызначэнне дадзеных помнікаў - камянёў са слядкамі. Нягледзячы на тысячагоддзе прыняцця хрысціянства, у нашай краіне дагэтуль захаваліся паганскія абрады і звычаі. Жыхары вёсак, мястэчак і гарадоў і сёння лічаць камяні-следавікі святымі і лекавымі. Калі ж такі камень знаходзіцца побач з водным патокам, то і вада тая ўшаноўваецца як «жывая» і цудадзейная. Яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя этнографы пераканаліся, наколькі старыя вераванні і звычаі жывыя і няўміручыя. Валунам-следавікам, як прыносілі некалі ахвяраванні (воўну, грошы), так робяць гэта і ў наш час. Прычым, такія камяні шанавалі і шануюць людзі розных хрысціянскіх канфесій: як праваслаўныя, так і каталікі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX