Чалавек заўсёды турбуецца пра свой лёс, пра поспех у справах, пра здароўе, пра каханне. Яго цікавіць будучыня. Менавіта таму ў старажытных беларусаў варажба зрабілася ўсеагульнай -- папулярнай. Яна яшчэ з першабытных часоў набыла статус аднаго з самых значных абрадаў, які быў часткай агульных сакральных дзеянняў. Да варожбаў рыхтаваліся загадзя і старанна, выконваліся пэўныя ўмовы. Прамінулі стагоддзі, а гэты абрад не толькі не знік, а паспяхова дажыў да нашых дзён і паступова ператварыўся ў любімы занятак насельніцтва напярэдадні вялікіх свят. Вядома, што самы лепшы час для народных варожбаў Каляды, час таямнічы і чароўны...
"Мы людзi няпростыя, з далёкага краю..."
На Беларусі па афіцыйным календары ў залежнасці ад веравызнання Каляды святкуюцца ў розныя даты: у католікаў з 24 снежня па 6 студзеня і ў праваслаўных вернікаў з 6 па 21 студзеня. Але ж язычніцкія Каляды не мелі дачынення ні да католікаў, ні да праваслаўных. Разыходжанне адбылося пазней і звязана з гісторыяй рэлігійных канфесій у нашым краі. Асаблівасць каляднага перыяду для нашых продкаў палягала ў тым, што яны верылі: падчас зімовага сонцазвароту знікаюць прасторавыя межы паміж светам памерлых і жывых людзей. У выніку гэтага на зямлю вяртаюцца душы продкаў і істоты нечалавечай прыроды. Пазней, у хрысціянскія часы іх сталі называць нячыстай сілай. Але тады, у пракаветныя, па глыбокім перакананні нашых прашчураў, яны усе разам рабілі магчымым кантакт чалавека з іншасветам, тым светам, дзе, па народных уяўленнях, пішуцца лёсы людзей. " І раскрываецца зямля, і ніжэй апускаецца неба. Адмыкаюцца ўсе магчымыя сховішчы і норы, каб адтуль выбухнула, вырвалася тая ўсюдыісная няўлоўная сіла, што ледзь дачакалася свайго часу. Імкнецца гэтае нябачнае войска да чалавека, каб падхапіць яго з сабою, завіхурыць-закружыць і адкрыць яму вочы і вушы. Зрабіць тайнае ўяўным, а невядомае - вядомым".
Нездарма на рытуальную вячэру - Вялікую Куццю, запрашаліся не толькі сямейнікі, але і душы памерлых продкаў - Дзяды. Іх прысутнасць гарантавала жыццё і дабрабыт усяму роду. Нездарма пасля першай Куцці па вёсцы пачыналі хадзіць калядоўнікі, якія і сімвалізавалі прадстаўнікоў тагасвету, былі носьбітамі долі ўсёй грамады. Прыналежнасць да нечалавечага свету выяўлялася вобразамі ражаных: Каза - сымбаль плоднасці і ўрадлівасці, Дзед-павадыр - увасабленне Бога, Журавель або Бусел - божыя птушкі, Цыган ці Салдат - чужынцы. У гурт калядоўшчыкаў абавязкова ўваходзіў механоша - зборшчык і ахоўнік ахвяраванняў, музыка, звычайна дудар - чараўнік, пасярэднік паміж сусветамі. У калядных песнях таксама падкрэслiваўся надзвычайны статус калядоўнікаў: " Мы людзi няпростыя, з далёкага краю//Хлопцы небывалыя з-пад самага Раю// Iдзём кругом света аж да самага Лета".
Перад Другой - Шчодрай (Ласай) Куццёй, якая каляндарна супадала са святкаваннем Новага году, гаспадар загадзя ў якасці ахвяры прадстаўнікам іншасвету біў кормную свінню. Яшчэ ў канцы ХIХ ст. захаваўся архаiчны звычай варажбы па вантробках забiтай жывёлы, што адпавядае падобнаму ў Старажытным Рыме. Так, калi кроў лiлася моцна, «будзе дажджлiвае лета, калi каса (селязёнка) даўгая - даўгое лета, каса рэзка звужаецца да канца - удалымi будуць толькi першыя пасевы, якога зерня болей у трыбухох - тое лепей уродзiць». Калi ж на «Ласую Каляду» пакаштаваць мяса са свiнной галавы, «на працягу году не заблукаеш у лесе». А вада, тройчы пралiтая праз свiнны лыч, лiчылася дзейсным сродкам ад дзiцячых сурокаў.
"То хлапец, то ўдавец..."
І вось, калі наступаў самы таямнічы момант на Шчодрую Куццю -- апоўнач, калі старое сканчалася, а новае яшчэ не пачыналася, калі "адкрываліся нябёсы", і мяжа паміж тым і гэтым светам знікала, можна было распачаць дыялог з прадстаўнікамі нечелавечай прыроды. І тады на першы план выходзiла варажба. Відавочна, што больш за ўсё пытанні лёсу цікавілі моладзь перадшлюбнага ўзросту - дзяўчат і хлопцаў, якія марылі стварыць сваю сям'ю. У большай ступені прыадчыніць таямніцы заўтрашняга дня імкнуліся дзяўчаты. Ім трэба было рыхтавацца да пераходу ў іншую, чужую сям'ю, таму карцела даведацца, адкуль, з якога боку будзе хлопец, чыйго роду, як да яго ставіцца радзіна і аднавяскоўцы, якім характарам надзяліў яго Бог, да чаго ён здатны, і якім гаспадаром стане з цягам часу.
Характэрна, што сам працэс варажбы адбываўся з дапамогай аб'ектаў, якiя сымбалiзавалi мяжу памiж сваім і чужым светам: на ростанях, каля калодзежа, возера, ракi, плата, пад акном, каля брамы... Так, напрыклад, каб даведацца, у якi бок iсцi замуж, дзяўчына iшла апоўначы на ростанi i слухала, з якога боку забрэшуць сабакi. У іншым выпадку дзяўчаты з хлопцамі выбягалі да плота і лічылі калы, прыгаворваючы: " То кол, то калец, то кавалер, то ўдавец", альбо: " То тын, то тынец, то хлапец, то ўдавец". Хлопцы ж казалі: " То кол, то каліна, то ўдава, то дзяўчына". Слова, вымаўленае на апошнім калку, давала падставу для высноваў. А яшчэ на "Шчадрэц" дзяўчаты выпякалі кожная па аладцы і зносілі іх у адну хату. Раскладалі аладкі ў рад і клікалі сабаку. Чыю ён першую з'есць - " тая першая выйдзе замуж, чыю скіне ў памыйнае вядро - тая ўтопіцца, а бывае, возьме чыю аладку, зацягне куды і не з'есць, то тая ўжо дзеўка разыдзецца з хлопцам".
Каб вызначыць характар будучага мужа, дзяўчаты запрашалі замужнюю жанчыну. Тая выганяла маладзіц у сенцы, а сама ставіла колькі талерак, пад іх па чарзе падкладала: хлеб, пярсцёнак, шчотку, шыла, голку, пацеркі, ключы, вугалёк, венік, пясок. Потым яна клікала дзяўчат і прапаноўвала брацца за тую ці іншую талерку. Тая, якая выцягне пярсцёнак, верыла, што ў наступным годзе выйдзе замуж за маладога і прыгожага, калі пацеркі - будзе плакаць увесь год. Але, не дай Божа, пад талеркай апынецца пясок - дзяўчыну чакала смерць. Венік абяцаў старога мужа, ключы і хлеб азначалі багацце ў замужнім жыцці, шчотка - злоснага і прыдзірлівага мужа, шыла - шаўца, а голка адпаведна - краўца. Калі ж дзяўчына хацела даведацца, якога нораву будзе яе будучы абраннік, яна павінна была на Шчодрую Куццю кінуць у раку камень. Калі камень гучна пойдзе на дно - муж будзе злосны, а калі ціха - рахманы. Таксама ставілі шклянку ці лыжку з вадою на акно: калі вада дастаіць да ранку - муж будзе цвярозы, а калі пральецца - п'яніца.
Небяспечныя варожбы
Менавіта ў гэты небяспечны час - апоўначы на Другую Куццю, калі тагасвет зусім побач, спраўджваюцца самыя небяспечныя варожбы. Але толькі ў такі час, калі чалавек кантактуе з цёмнымі сіламі, ён можа даведацца пра свой лёс. Таму так карцела, не гледзячы на забабонны, апынуцца ў небяспечным месцы, да прыкладу, у лазні, ці ў закінутай хаце, а часам нават і на могілках, каб здзейсніць задуманае -- атрымаць інфармацыю пра будучыню. Вядома, што потым хрысціянскія святары ўсяляк змагаліся з "чартоўскімі варожбамі", але жаданні маладых дзяўчат даведацца пра суджанага былі мацней за іх саміх. І каб хоць трошкі апраўдаць свае дзеянні, яны перад варожбамі здымалі з сябе нацельныя крыжыкі і ахоўныя паясы, а парой і чыталі спецыяльныя замовы, дзе прасілі Бога адступіцца ад чалавека, клікалі чорта.
Самымі страшнымі варожбамі лічыліся варожбы з люстэркам. Вядома, што само люстэрка ўспрымалася як таямнічая рэч, праз якую можна было зазірнуць у тагасвет. З гэтага люстранога шляху, асветленага па баках свечкамі, і павінен быў з'явіцца суджаны. І калі люстэрка рабілася цьмяным, чакалі яго прыход. Верылі, што доўгачаканы жаніх можа ўвайсці да варажбіткі, загаварыць з ёй, нават дастаць падарунак. Дзяўчыне ж трэба было своечасова сказаць "Чур мяне!", каб прывід знік і не нанёс шкоды. Тое самае адносілася і да варожбаў, калі дзяўчына запрашала суджанага на вячэру. У такіх выпадках бралі з сабою пеўня, каб ягоны своечасовы крык напалохаў нячыстую сілу. Дасведчаныя людзі запэўнівалі, што падчас такіх варожбаў з'яўляецца не сам суджаны, а чорт у яго выглядзе. Таму, каб не здарылася бяды, забаранялася прыносіць на варожбы ўсё, што можа рэзаць-калоць. Не выпадковы і выраз "Чур мяне!". Як лічуць, Чур - імя аднаго з язчніцкіх бостваў межаў і ростаняў, які ахоўваў чалавека ад нячысцікаў, і адзіны, хто меў над імі асаблівую ўладу. І "зацурацца" азначала папрасіць дапамогі ў Чура.
У адным з калядных паданняў распавядаецца пра смелую дзяўчыну, якая прыйшла з сяброўкамі паваражыць у закінутую хату, зняла з сябе крыж і "запрасіла суджанага на вячэру". І тут на парозе з'явіўся прыгожы малады хлопец, узяў дзяўчыну пад руку і звёз на багатай брычцы. Яна стала ягонай жонкай, жыла ў дастатку, толькі муж не адпускаў яе да сваякоў. Аднойчы дзяўчына захварэла і папрасіла мужа, каб той прывёз да яе хросную. Тая прыехала і тут жа павесіла на шыю хрэсніцы нацельны крыжык. Раптам малады чалавек разам з багатым домам зніклі, а жанчыны апынуліся пасярод пустэльнага начнога поля.
Крывое вока бачыць далёка
На працягу ўсiх Калядаў забаранялася займацца так званымі "крывымi" працамi: пляценнем, шыццём, прадзеннем ды iншымі, бо гэта магло прывесьцi да нараджэння «крывых», скалечаных дзяцей i жывёлы. Дарэчы, у народнай культуры беларусаў крывым разумелася ўсё тое, што мела дачыненне да іншасвету і лічылася патэнцыйна небяспечным. Таму і таямнічыя калядныя вечары судакранання з чарадзейнымі істотамі таксама атрымалі назву "крывыя". Вось легенда, якая распавядае пра адзін з такіх вечароў:
Адна дзяўчына была настолькі працавітай і здатнай да работы, што не зважала нават на святыя калядныя вечары. Вось, аднойчы яна прала да поўначы. Раптам чуе, як нехта стукае ў акенца. На пытанне, "хто там?", пачула ў адказ: "Трэба, каб ты за ноч напрала дванаццаць верацён. І спяшайся, калі не зробіш да раніцы, назаўтра рыхтуй сабе труну". Спужалася дзяўчына, нават валасы дыбарам сталі. Перахрысцілася тры разы і асцярожна вызірнула на ганак. Нікога. Толькі груда ільну ляжыць. Прынесла яна лён у хату, а сама думае: "Што рабіць? Але, воля Божая, трэба прасці". Вырашала яна падмануць лёс, абматала кудзелю ільнянымі анучкамі, а зверху напрала нітак у два рады, і такім чынам усе дванаццаць верацён былі гатовыя. А тым часам развіднела, прачнулася маці дзяўчыны і ўбачыўшы, што яе дачка ўсю ноч працавала, напалохана спытала, адкуль у хаце кудзеля з'явілася. Дзяўчына маўчыць, нікому нічога не кажа, толькі вынесла прадзіва і рэшту ільну ў камору. А ільну столькі, што хапіла б працы з ім на дванаццаць дзён і вечароў, не менш. Легла спаць, а позна ўвечары прачнулася, памалілася і пайшла ў камору паглядзець на сваю работу. А там - пуста, куды што падзелася?! І тут зноў голас: "Шчасце тваё, што ўсё зрабіла, а не тое загінула б, трэба ўшаноўваць шчодрыя вечары! А калі яшчэ будзеш так рабіць, я ў тры разы болей прынясу". Спужалася дзяўчына, але наважылася вызірнуць у акно. У цьмяным святле месяца яна ўбачыла старога, крывога на адно вока і з доўгай белай барадою, які нёс на плячах дванаццаць верацён. Дзяўчына самлела і яшчэ два тыдні цяжка хварэла, ледзьве жывая засталася...
Сёння містычны свет нашых продкаў, іх забабоны і звычаі, магчыма, пададуцца наіўнымі і прастадушнымі. Але варта кожнаму, хто не пачуваецца на гэтай зямлі абыякава, пашукаць і разгадаць тыя таямніцы, што злучалі некалі нашых Дзядоў з Космасам, дазвалялі ім нароўні з багамі трымаць у раўнавазе нябесныя і зямныя законы.