Папярэдняя старонка: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Насустрач вясне 


Аўтар: Клімковіч Ірына,
Дадана: 25-03-2012,
Крыніца: Маладосць №2-2012.



Вядома, што традыцыі і звычаі кожнай нацыі змяняюцца і трансфармуюцца. Адны з іх, далёкія ад сённяшняга дня, часам забываюцца, другія, наадварот, не спяшаюцца адыйсці ў нябыт і працягваюць жыць у новай форме. Сёння мы пагаворым пра зімовае беларускае народнае свята - Грамніцы. У народным календары яно прыпадае на 2 лютага ў католікаў і на 15 лютага - у праваслаўных. Нягледзячы на тое, што гэта вельмі старажытнае свята і бярэ свае карані ў далёкім мінулым нашых продкаў, яно не згубіла сваёй папулярнасці і сёння. Чаму? Давайце разбірацца.

"...Зіма плачучы, а Лета скачучы..."

Беларусы здаўна заўважылі дзіўную асаблівасць Прыроды: у лютым пасля моцных маразоў наступае раптоўнае пацяпленне, чуецца першы Во Пярун жахнуў!. гром. Усё гэта завецца прыгожым словам - прадвесне. Сапраўды, зусім не па-зімоваму свеціць сонца, выклікаючы капяжы, даўжэе дзень і, не зважаючы на сцюжу, маразы і завірухі, якія здараюцца ў такі час, у паветры адчуваецца пах блізкай вясны. Безумоўна, такую з'яву прыроды нашы продкі не маглі абысці ўвагай і пазначылі гэты пераломны момант днём, які сімвалізаваў сустрэчу зімы з вясною. Адсюль і другая назва свята - Стрэчанне, ад царкоўнаславянскага "Сретенье". Толькі ў хрысціянстве гэта знаменавала сустрэчу Сімяона з Ісусам Хрыстом, сустрэчу Старога і Новага запаветаў, а ў народзе тлумачылася як сустрэча сыходзячай зімовай сцюжы з наноў народжаным сонечным цяплом будучага лета. Нават песня абрадавая захавалася: " А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне, //Зіма з летам стрэлася, стрэлася. //Лета зіму піхнула, піхнула //І ножку звіхнула, звіхнула. //Зіма пайшла плачучы, плачучы, //Лета пайшло скачучы, скачучы".

Са Стрэчаннем усё зразумела. А вось чаму Грамніцы? Магчыма, ад слова "грымоты". Адказ знаходзіцца ў старажытным светаўспрыманні беларусаў. Згодна легендзе, назва свята звязана з культам бога грому і маланак - Пяруна, або як яго яшчэ называлі, Грамаўніка. Боства, якое пасылае на зямлю першыя ўрадлівыя дажджы. Дагэтуль у вёсках падчас моцнага грому людзі кажуць: "Во Пярун жахнуў!". А калі ўбачаць маланку, дадаюць: "Гэта Пярун стрэлы кідае". І па глыбокім перакананні беларусаў, менавіта, Грамніцы былі тым адзіным днём сярод зімы, калі можна было пачуць гром і ўбачыць маланкі. Продкі тады казалі, што гэта Грамаўнік зганяе з зямлі розных нячысцікаў, выпрабоўваючы на іх свае агнявыя стрэлы. Але не так усё проста, першыя грымоты і бліскавіцы маглі сыходзіць не толькі ад магутнага Грамаўніка. Вядома таксама, што ў яго мелася жонка і звалі яе Грамаўніца. Па ўяўленням нашых продкаў, яна сімвалізавала багіню лета, была прыгожай, мажной кабетай з пладамі ў руках, а яе галаву ўпрыгожвалі спелыя каласы. Грамаўніца апекавалася сялянамі, яе прасілі пра доўгачаканы дождж на палеткі, ад яе чакалі багатага ўраджаю.

Беларусы верылі: калі Пярун і яго жонка клаліся на зіму спаць, менавіта Грамаўніца прачыналася сярод зімы і ўглядалася на зямлю, каб упэўніцца ці ўсё ў парадку, ці не лютуе боства зімы і маразоў - Зюзя. Ці зразумеў ён, што ягоны час скончыўся і варта саступіць сваё месца жыццядайнай цеплыні і веснавому сонцу. І калі Грамаўніца не была ўпэўнена ў добрых паводзінах Зюзі, яна выказвала незадавальненне тым, што пасылала на зямлю стрэлы-маланкі і першыя веснавыя грымоты.

Як і Дадола-Перуніца або Пярыня, нябесная багіня старажытных славян, жонка і памочніца Перуна, якая кіравала дажджамі, навальніцамі і маланкамі, апекавалася парадзіхамі і дзецьмі. Кажуць, што Перуніца пераняла некаторыя функцыі Вялікай Багіні Маці, самага старадаўняга боства славян яшчэ з часоў Матрыярхату, яна мела шмат абліччаў і імён. Уяўлялі яе і багіняй Вясны, і Ранішняй Зарой, а называлі яе і Лада, і Лёля, а часам і Дзева-Грамаўніца, быццам падкрэсліваючы, што яна разам з мужам уладарыць над грымотамі.

У паўднёвых славян гэтую багіню называлі Чароўнай Грамавіцай. На Украіне яе імя - Паляныця, так там называецца і рытульны хлеб, які гаспадыні выпякаюць у гонар асаблівых свят. Шмат у якіх казках і песнях - гэта вобраз Дзевы-Ваяркі, уладарнага і моцнага боку жаночага пачатку. У народнай фантазіі Дзеву Перуніцу ўяўлялі з залатой "грамавой" дзідай, асабістай зброяй, якую яна скіроўвала супраць сваіх ворагаў. А Зюзя, увасабленне злыдухаў цемры, холаду і хваробаў, як мы ўбачым ніжэй, быў яе ворагам. Таму цалкам верагодна, што аўтарства першага грому і навальніцы сярод зімы належала не Перуну, а Чароўнай Грамаўніцы.

Такім чынам, свята Грамніцы атрымала сваю назву ў гонар жонкі Перуна, якая прачыналася пасярод зімы. А вось чаму яна прачыналася менавіта 2 лютага, няўжо нашы продкі так дакладна вылічылі сярэдзіну зімы? Магчыма. Але ёсць больш сакральнае тлумачэнне такому факту.

Боствы і людзі

Згадаем прамінулае, такое важнае для беларусаў свята, як Каляды. Рэч у тым, што для земляроба сярэдняй геаграфічнай паласы час з кастрычніка па снежань - перыяд, калі Прырода быццам замірае і спыняе сваё дыханне. Тады ў свядомасці чалавека зіма асацыіруецца з панаваннем Падземны цар у вобразе мядзведзя. ліхіх сіл, якія знішчаюць усё жывое. Больш таго, здаецца, што Цемра перамагае Святло. Дзень робіцца карацейшым, а ноч даўжэе. Каб пераадолець Ліха, беларускі селянін выкарыстоўваў калядную Зорку - штучны сімвал Сонца, якую калядоўшчыкі насілі ад хаты да хаты цягам двух тыдняў: з 24 снежня па 7 студзеня. Беларусы верылі, што іх Зорка і адпаведныя абрады калядавання дапамогуць адрадзіцца сапраўднаму Сонцу і перамагчы Цемру. Так яно і адбывалася: Дзень павялічваўся, а Ноч памяншалася. У выніку пачынаўся новы сонечны цыкл, а разам з ім і новы аграрны год, які абяцаў прыход цяпла і святла, адраджэнне апладняючых сіл Зямлі. Так нашы продкі разумелі пабудову Космасу і ягоныя законы. А калі іх не выконваць, касмічная цыклічнасць парушыцца, і настане суцэльны Хаос. Менавіта таму для нашых продкаў Каляды мелі выключнае значэнне.

Вядомы даследчык беларускай міфалогіі ХІХ ст. Адам Кіркор, абапіраючыся на беларускі фальклорны матэрыял, сцвярджаў, што Каляды адлюстроўваюць нараджэнне новага Божышча - Дажбога. Гэтае боства сімвалізуе светлае сонца і выступае як сын Перуна і ягонай жонкі Грамаўніцы. Сутнасць Калядаў даследчык тлумачыў як адлюстраванне барацьбы падземнага цара Карачуна, або гаспадара маразоў Зюзі, з самім Перуном. Перад зімовым сонцаваротам падземны цар прадчувае, што павінен нарадзіцца Божыч, і таму імкнецца знішчыць дзіця. Сваім нараджэннем маладое боства святла і сонца сімвалізуе смерць падземнага боства цемры і холаду. Каб гэтага не адбылася, Зюзя ператвараецца ў мядзведзя, збірае зграю ваўкоў - увасабленне мяцеліц, і разам з імі ганяецца за жонкай Перуна - Грамаўніцай. Але багіня, якая ў гэты момант сышла з неба, хаваецца ў зарасніках вербалозу і нараджае Божыча - Дажбога.

Мы цудоўна ведаем, што дзіцёнак пасля нараджэння вельмі кволы. Дагэтуль лічаць, што пакуль наноўнароджаны не адужае, яго нельга паказваць нават сваякам і сябрам, каб не сурочыць. Быццам немаўля яшчэ сорак дзён пасля народзінаў знаходзіцца ў пераходным стане і захоўвае сувязь з тагасветам. Таму агледзіны і адбываліся пасля сарака дзён з моманту нараджэння. Лічылі: калі дзіцёнак пражыў сорак дзён, ён адаптаваўся да нашага свету, і яму не пагражаюць ні сурокі, ні хваробы. Так заведзена ў людзей. А як паводзяць у дадзеных абставінах сябе боствы?

Згодна старадаўняму ўяўленню беларусаў, багі не моцна адрозніваліся ад людзей. Больш таго, яны былі як людзі, і выглядалі як людзі, адчувалі і паводзілі сябе як людзі. Так і бог Сонца - Дажбог, сын Перуна і Грамаўніцы, таксама адчуваў сябе ўсе сорак дзён у небяспецы. Яно і не дзіўна: сілы Цемры і Холаду яшчэ не згубілі сваёй моцы і ўсё яшчэ ўладараць на зямлі, Дзень таксама пакуль кароткі, а Ноч - доўгая. Але надыходзіць 2 лютага, Дажбогу спаўняецца сорак дзён. Ягоная сіла павялічваецца. Верыць у нарастаючую моц маладога бога і ягоная маці, багіня Вясны і Лета - Грамаўніца. Верыць настолькі, што наважваецца паказаць яго богу Зімы і маразоў - Зюзю і тым самым даць зразумець, што час саступіць месца наноўнароджанаму боству. Каб такія агледзіны былі больш пераканаўчымі, яна суправаджае іх упэўненымі раскатамі грымотаў і бляскам маланак. Ну вось, цяпер мы з вамі канчаткова высветлілі, чаму для нашых продкаў так важна было адзначаць свята Грамніцы менавіта 2 лютага.

Дарэчы, Грамаўніца ў беларускай міфалогіі, як багіня лета, мела яшчэ адно імя, яе звалі Цёця. І паводле Кіркора, ёй было прысвечана свята Грамнічнай Божай Маці, ці Грамніцы, якое святкуецца католікамі 15 лютага і сёння. Таксама вядома, што Божая Маці - прасвятая Дзева Марыя прыйшла першы раз з Ісусам Хрыстом на руках у Іерусалімскі храм толькі на саракавы дзень пасля нараджэння Сына Божага. Так патрабавалі старажытныя іўдзейскія законы: жанчына, якая нарадзіла дзіця, не мела права наведваць Божы храм да сарака дзён. Менавіта ў гэты дзень і адбылася сустрэча (стрэчанне) у Іерусалімскім храме старца Сімяона і прарочыцы Ганны з Ісусам Хрыстом, калі туды прыйшлі Іосіф з Марыяй і прынеслі Божага Сына, каб выказаць Богу падзяку за нараджэнне дзіцяці і прынесці свае ахвяраванні. Цікава, што хрысціянскія багасловы называлі старца Сімяона Богапрымальнікам, і яму была прадказана смерць, як толькі ён убачыць Месію. Ці не здаецца вам, што тут праглядаюцца дзіўныя параўнанні з прыведзенымі вышэй міфамі беларусаў-язычнікаў.

Магія Грамнічнай свечкі

Перыяд ад пачатку да сярэдзіны лютага, калі зіма пачынае паступова саступаць месца вясне, меў важнае значэнне не толькі для нашых продкаў. Выратаванне маладога Божыча ад сіл цемры і холаду. Раней у гэтыя дні старадаўнія рымляне адзначалі Луперкаліі, а язычнікі-кельты святкавалі Кэндлмас (Candlemas) - Свята Свячы. Дарэчы, апошняе свята таксама было прысвечана старажытнаму жаночаму боству - багіні Брыджэт. Пасля прыняцця хрысціянства яна ператварылася ў Святую Брыгіту. Але ўсе гэтыя святы аб'ядноўвала адно - у іх аснове з пракаветных часоў быў закладзены рытуал ушанавання Агню. Што такое сполах бліскавіцы на вясновым небе, як не праява Боскага Полымя! Таму, як зямное адлюстраванне Нябеснага Агню падчас святкавання, запальвалі мноства вогнішчаў. Каля іх адбываліся ачышчальныя рытуалы і другія магічныя дзеянні, якія павінны былі садзейнічаць плоднасці людзей і жывёл, іх абароне ад варожых сіл.

Сёння ў нашай традыцыі свята агню сімвалізуе ўшанаванне Грамнічнай Свечкі. Некалі, выказваючы сваю прыхільнасць і падтрымку богу Грамавіку і ягонай жонцы - Грамаўніцы, у час свята продкі беларусаў падносілі ім розныя ахвяраванні. Па рэштках рытуалаў, звязаных з Грамнічнай свечкай, Зямное вогнішча як адлюстраванне Нябеснага Агню. можна меркаваць, што напярэдадні ахвярапрынашэнняў у месцах ушанавання язычніцкім багам - капішчах, запальвалі рытуальны агонь. Гэтым агнём язычніцкі святар накрыж абпальваў валасы ўдзельнікам абраду, ад чаго тыя атрымлівалі духоўнае ачышчэнне. Цалкам верагодна, што на ахвяраванне прыносілі васковы крыжык і вялікую Грамнічную Свечку, якую запальвалі ад сакральнага вогнішча і такім чынам асвячалі. Потым яе забіралі дадому для правядзення магічных дзеянняў на падворку, у хаце і, як надзейны ахоўны сродак ад розных няшчасцяў.

Ва Украіне грамнічныя свечкі традыцыйна выраблялі жанчыны, асабліва - дзяўчыны. Вельмі часта яны былі зроблены з трох свечак, сплеценых у касу, але не да канца: наверсе разыходзіліся ў выглядзе трызуба. Беларускія грамнічныя свечы былі адлюстраваннем Жывога Агню, Перуновай моцы і рабіліся пераважна мужчынамі. Воск для іх рыхтаваўся загадзя. Кожны гаспадар выплаўляў свячу самастойна ў суботу перад святам. Вядома, што яе памер складаў сённяшнія сорак чатыры сантыметры ў даўжыню, а па вышыні не менш за дваццаць. Такія памеры дазвалялі па неабходнасці хаваць яе ў рукаў ці за крысо світкі, каб ніхто не здагадаўся пра яе месцазнаходжанне.

Грамнічныя свечкі - моцны сродак народнай магіі. Па старажытных уяўленнях, такая свечка пазбаўляе сілы чары ведзьмакоў і адганяе нячысцікаў. З іх дапамогай можна было адвесці маланку і навальніцу ад хаты, вёскі ці поля. Альбо наадварот - заклікаць падчас сухменю дождж з грымотамі. Такая свечка дапамагала і падчас важных гаспадарчых прац: пры выгане свойскай жывёлы, першым ворыве, зборы ўраджаю і нарыхтоўцы зерня. Яе бралі з сабой, калі ішлі сватацца, або калі бабка-павітуха прымала нованароджанага, выкарыстоўвалі пры памінанні продкаў: на траціны, саракавіны, гадавіну, на Дзяды, Радаўніцу і Задушны дзень, давалі паміраючаму чалавеку, каб той без перашкод мог сысці да прадзедаў. Свечкай абкурвалі дом памерлага, каб душа яго супакоілася. Воск ад яе давалі хворым як лекі.

Пазней, у хрысціянскія часы, на тэрыторыі Польшчы і Беларусі адначасова са стрэчаньскімі набажэнствамі ў храме захаваліся і ранейшыя абрадавыя дзеянні, звязаныя з Грамнічнай свечкай. Напярэдадні Грамніц у кожнай сям'і дагэтуль робяць з воску ці купляюць у храме свечкі. Сённяшнія святары падчас святочных набажэнстваў чытаюць над імі адпаведныя малітвы, акрапляюць іх свянцонай вадой. У выніку яны набываюць свае цудадзейныя і апатрапейныя якасці. Зрэшты, як і велікоднае яйка або галінкі вярбы, асвечаныя падчас Вербнай Нядзелі.

Яшчэ ў першай палове ХХ ст., вярнуўшыся дахаты з такога набажэнства, гаспадар, як і ягоны далёкі продак, абпальваў крыж-накрыж у сябе на галаве валасы, а потым тое ж рабіў па старэйшынству з усімі сямейнікамі. Падобны рытуал праводзіўся і над жывёлай: на іх поўсці таксама выпальваліся крыжыкі.Потым прастуквалі свечкай усе сцены, перакрыцці і дзверы хаты і гаспадарчых пабудоў. Гэтыя дзеянні павінны былі ўберагчы сям'ю ад маланкі і другіх няшчасцяў. Пасля гэтага свячу хавалі ў патаемнае месца або захоўвалі ў бажніцы перад абразамі. Калі хворы чалавек цяжка паміраў, запальвалі Грамнічную свечку і глядзелі, у які бок пойдзе ад яе дым. Як за дзверы, хворы хутка памрэ, калі разыходзіцца па хаце - будзе пэўны час жыць. Тыя кропелькі ад Грамнічнай свечкі, якія сцякалі ўніз і, застываючы, абломваліся, насілі пры сабе як ахоўныя амулеты. У некаторых выпадках з такіх кропелек вылеплівалі хворую частку цела, асвячалі ў храме і насілі ўвесь час з сабою ў спадзяванні вылекавацца.

"На Грамніцы - паўзіміцы"

Сучасныя павер'і і прыкметы таксама звязаны з Грамнічнай свечкай. Падчас святочнага набажэнства ў цэрквах або касцёлах глядзяць на запаленыя свечкі. Калі яны патрэскваюць у час гарэння, то летам, як мяркуюць, будзе шмат навальнічных дзён. Грамнічныя свечкі запальвалі і запальваюць у наш час ва ўсе самыя галоўныя і важныя моманты людскога жыцця - ад народзінаў да пахавання. Дарэчы, і сёння ў народнай традыцыі існуе табу: Грамнічныя свечкі, як і вербачкі, асвечаныя ў царкве і прынесеныя дадому, нельга нікому ні даваць, ні пазычаць. А свечкі нават прыбіраюць ад чужога вока. Менавіта таму, што там схавана сакральная сутнасць сям'і, своеасаблівы абярэг, які належыць толькі гэтаму дому і гэтым людзям, і нікому болей.

Але не толькі па Грамнічным свечкам вызначаюць сваё жыццё сучасныя беларусы. Па-ранейшаму актуальны звычай, калі бацькі або сваякі праводзяць у войска сына і жадаюць яму здароўя, то апырскваюць яго стрэчаньскай вадой. Паводле народных вераванняў, пасля купання ў пельцы на Стрэчанне чалавек робіцца моцным і трывалым. Назіраюць і за надвор'ем падчас свята. Калі на Грамніцы здараецца вялікі мароз, вераць, што снег праляжыць нядоўга, а лета будзе пагоднае і сухое. Мяцеліца сведчыць пра зацяжную вясну. Пацяпленне -- непагоднае і неўраджайнае лета. Розныя прыкметы і назіранні продкаў і сёння гавораць самі за сябе: "Калі на Грамніцы певень з-пад страхі нап'ецца вадзіцы, то на Юр'я вол пад'есць травіцы"; "На Стрэчанне рана ўзыходзіць сонца - будзе ранні лён"; "Капеж на Грамніцы - добры ўраджай пшаніцы"; "На Грамніцы - паўзіміцы, а хлеба - палавіца"; "Да Грамніц не скідай з рук рукавіц, а як прыйшлі Грамніцы, то ўжо не трэба рукавіцы" і г.д.

Мінулі стагоддзі, забываюцца імёны старадаўніх бостваў. Але і ў пачатку ХХІ ст. свята Грамніцы нагадвае нам у сярэдзіне зімы пра тое, што нават сярод самых цяжкіх бедстваў і выпрабаванняў можа з'явіцца праменьчык святла. Як яркая маланка сярод лютай зімы. Таму заўсёды застаецца надзея на абнаўленне жыцця, якое непазбежна надыходзіць разам з першымі грымотамі, маланкай і вясновым дажджом. А запаленая з любоўю і пяшчотай Грамнічная свечка можа вызірнуць з кожнага акенца ласкавым сонейкам.

Малюнкі Аляксандра Каршакевіча

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX