Папярэдняя старонка: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Жорсткі раманс 


Аўтар: Клімковіч Ірына,
Дадана: 28-03-2012,
Крыніца: Маладосць №8-2011.



Жорсткі раманс або "Любоў не картошка, а кроў - не вада"

Каханне можа браць розныя формы і абрысы, яно можа мець розны характар… Якім толькі мы яго не ўяўляем, якія толькі эпітэты мы не падбіраем для яго азначэння… так мы імкнёмся азначыць яго межы. Каханне ўзаемнае і непадзеленае, з першага погляду, поўнае жарсці, ненажэрнае, нясцерпнае, і ўрэшце -- жорсткае Вось, вось, менавіта жорсткае, якое заканчваецца жахлівымі трагедыямі. Менавіта пра такія гісторыі спявалі некалі нашы бацькі і прадзеды ў ранейшых песнях -- гарадскіх рамансах. І такія рамансы былі тады вельмі папулярнымі.

Але чаму былі? Алена Кукрэш, прафесійная піяністка, выкладчыца фартэпіяна ў педагагічным універсітэце (БДПУ) і аўтар нашумелай у апошнія часы кнігі "Жорсткі раманс", сцвярджае, што сельскія жыхары, якія чулі гэтыя песні ад сваіх матуль і бабуль, з задавальненнем і пранікнёнасцю выконваюць іх і сёння, не пакідаючы абыякавымі ніводнага слухача .

Усё пачыналася з " Маруся атравілась…"

" Ўжо вечар вечарае, ўсе з фабрыкі ідуць, //Маруся атравілась, в бальніцу павязуць. //Прывезлі у бальніцу, паклалі на краваць, //Два доктара й сястрыца старалісь жызнь спасаць. //--Спасайце, не спасайце, мне жызнь не дарага, //Любіла я мілова, такога падлеца. //Давалі ёй пілюлі, ана іх не піла, //Давалі ёй мікстуры, ана іх не піла. //Уваходзіт он в часовню і відзіт прэд сабой, //Лежыт его Маруся с распушэнай косой. //-- Маруся ты Маруся аткрой сваі глаза, //Но еслі не адкроеш, памру з табою я."

Малюнак, зроблены на гітары, якая знаходзіцца ў прыватнай калекцыі В. Бычкоўскага з в. Бабровічы Івацэвіцкага р-на.

Вось менавіта з гэтага тэкста, "надрыўна-перажывацельнага", усё і пачалося. Калі ён патрапіўся на вочы, Алена Мікалаеўна, як і многія прафесійныя беларускія музыкі, ставілася вельмі скептычна да такога роду песень, а фалькларысты нашай краіны дагэтуль наогул не даследавалі такі жанр, як "жорсткі раманс", больш таго, да нядаўняга часу не прызнавалі яго. Не пачала б свае даследаванні і Алена Кукрэш, таму што ў аспірантуру яна паступіла зусім на іншую спецыяльнасць - культуралогію. І хаця там яна займалася вывучэннем музыкі 1920-50-х гадоў ХХ ст., дзе было шмат мелодый, створаных на народным матэрыяле, гэты жанр быў ёй амаль незнаёмы. Але здарылася так, што яе навуковы кіраўнік сышоў з кафедры, за якой была замацавана Алена, і ёй давялося мяняць тэму сваіх даследаванняў. Спачатку Алена была ў разгубленасці, не ведала, у які бок кінуцца. На дапамогу ёй прыйшоў яе сябар і ранейшы калега, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Аляксандравіч Васілевіч, загадчык кафедры этналогіі і фалькларыстыкі, дзе яны разам некалі працавалі. Васілевіч і прапанаваў ёй памяняць тэму, бо культуралогія не мае да фальклору ніякіх адносінаў. Каб зацікавіць, паказаў ёй тэкст " Маруся атравілася…", сказаў, што падобных тэкстаў шмат і, што гэта недаследаваны пласт беларускай фалькларыстыкі. Што ў Беларусі жорсткія рамансы ніколі ўсур'ёз не збіраліся і не даследаваліся, што няма ніводнага зборніка песень. Алена была ў жаху, яна думала, што з яе здзекуюцца. Але калі яна паехала ў восеньскую фальклорную экспедыцыю па вёсках са сваімі студэнтамі і пачала мэтанакіравана збіраць песні такога кшталту, пачула, з якой пяшчотай і аддачай спяваюць іх беларускія жанчыны. Яна зразумела, гэта яе лёс, і ад яго нікуды не падзецца.

Прайшло чатыры гады, напоўненыя цікавымі фальклорнымі экспедыцыямі і руплівымі даследаваннямі, назбіралася шмат песенных тэкстаў і нотных запісаў да іх. З гэтага багацця, плюс архіў факультэта народнай культуры БДПУ і атрымалася кніга "Жорсткі раманс". Кніга, куды ўвайшлі пад 900 тэкстаў, выйшла ў выдавецтве "Кнігазбор" у 2010 годзе на сродкі аўтара. Але гэта не ўсё, сцвярджае А. Кукрэш, дома ў яе захоўваецца 4000 такіх запісаў, а колькі аўдыёкасет і дыскаў - не пералічыць! І цяпер, дзякуючы Алене, якая з'яўляецца першым на Беларусі даследчыкам жорсткага раманса, гэтым цікавым і незвычайным жанрам зацікавіліся многія выкладчыкі і студэнты сталічных гуманітарных ВНУ. І не толькі, Алена з дакладам пра жорсткі раманс аб'ездзіла іншыя краіны і высветліла, што такая з'ява існуе не толькі ў нас, але і ў Балгарыі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіне, Чэхіі… Толькі ў нашых паўднёвых суседзяў такія песні ніхто дагэтуль не даследаваў. Алена Мікалаеўна першая там падняла гэтую тэму, ёю зацікавіліся, пачалі вывучаць, і ўжо на леташняй канферэнцыі ў Кіеве з'явіліся першыя даклады пра "раманс на суржыку" - так украінцы называюць свой "жорсткі раманс". Суржык - гэта наша трасянка, бо гэтыя песні, як вядома, патрапілі ў Беларусь з Расіі.

"…паменяемо жызнь, дзеравенскую на гарацкую…"

Так, да нас жорсткі раманс прыйшоў з Расіі, праз салдат, прадстаўнікоў розных прафесійных груп, перасяленцаў. Пасля падаўлення Вышыванка з в. Бабровічы Івацэвіцкага р-на. нацыянальна-вызваленчага руху 1863 года царскі ўрад прыняў сур'ёзныя меры па ўмацаванню ўсіх структур улады надзейнымі кадрамі і "русіфікацыі Паўночна-Заходняга краю", як у той час афіцыйна называлі Беларусь. Як раз тады ў грамадстве набіралі сілу новыя капіталістычныя адносіны, пашыралася будаўніцтва фабрык і заводаў. Туды і былі запрошаны спецыялісты з Расіі, шмат спецыялістаў, якія займалі кіруючыя пасады і лічыліся перадавымі дасведчанымі людзьмі. Апроч іх сюды прыехала мноства працоўнага люду, іх заваблівалі недарагім жытлом, высокім заробкам. Усе яны былі абсалютна далёкімі ад беларускай культуры, больш таго, яны прывезлі ў Беларусь сваю культуру, у тым ліку культуру рускага мяшчанскага раманса. Раманса, які меў сваю багатую стогадовую гісторыю і які перажыў не адну метамарфозу ў працэсе станаўлення. Напрыканцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя на прасторах Расійскай імперыі якраз складаўся новы клас - мяшчане, гэта тыя людзі, якія прыехалі з вёскі на працу ў горад, і чый гадавы заробак складаў да 500 тагачасных рублёў. Мяшчане пачалі ствараць своеасаблівую культуру, якая складалася з элементаў сялянскай і гарадской, якая ўвабрала ў сябе ўсё самае павярхоўнае і лёгкае для ўспрыняцця. Сярод мяшчан былі папулярнымі прыпеўкі і бытавыя рамансы, танцы накшталт кадрылі, лубочны жывапіс, дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва і г.д.

У той жа час у Беларусі ў сувязі з палітычнымі пераменамі - адменай прыгоннага права, ростам гарадоў - у людзей з'явілася магчымасць з'ехаць у горад. Сельскіх жыхароў горад прывабліваў свабодай, няяснымі, але прыцягальнымі перспектывамі, магчымасцю змяніць лад жыцця: " …Давай, Каця мая, паменяемо жызнь, //Дзеравенскую на гарацкую…". Да таго ж зрабілася модным мяняць свае звычкі, манеру апранацца. Лічылася недарэчным спяваць традыцыйныя вясковыя песні, што выглядала б як вяртанне да старога стылю жыцця і думак. Не ўсе новаспечаныя гараджане былі адукаванымі, мала хто з іх мог нават чытаць, затое было жаданне адпавядаць асяроддзю, быць як усе навокал. Так, у жорсткіх рамансах можна знайсці апісанне інтэр'ераў і самых модных гардэробаў таго часу, якія вельмі моцна адрозніваюцца ад традыцыйнага адзення сялян: " Круглаліцая, губкі банцікам //Прыпудрана была слегка, //Шляпа чорная з кропным банцікам. //Так прылічна адзета была ". Або: " Цыліндра от сонца сверкает. //Одзевшы свой белы касцюм, //Па летняму саду гуляя, //Я встреціл дзевчонку адну. " Так, адмовіўшыся ад сваёй народнай традыцыйнай лірыкі, сяляне пачалі актыўна ўбіраць новае, моднае і гарадское, у тым ліку гарадскі, мяшчанскі або жорсткі раманс.

Але жыхары вёсак не ўсе прыжыліся ў горадзе. Тут іх чакала цяжкая праца з раніцы да ночы, дванаццацігадзінны працоўны дзень. Замест прыгожых сялянскіх даляглядаў і спеваў птушак - задымленыя рабочыя ўскраіны, брудныя цесныя кватэры, напоўненыя прусакамі і клапамі, бясконцыя хваробы… Жорсткае жыццё выклікала і жорсткія адносіны паміж людзьмі. Як, да прыкладу, у рамансе-калыханцы " Спі ты, спі, мая ты крошка… ", дзе падманутая хлопцам дзяўчына гадуе сама дзіця: "…Падрасцёшь, мая крошка, //Будзе легче нам. //Я ж цебя, мая ты дзетка, //В стацыон атдам. //В стацыоне круг шырокій, //Ты там дажывёш. //Дактарей і санітарав //Зашчішчаць пайдзёш ". Шмат хто не вытрымліваў, вяртаўся назад у вёску і прывозіў з сабой гарадскія песні, якія спявалі зрусіфікаванай мовай - на трасянцы. Тым не менш, тыя песні знаходзілі водгук у сэрцах простых людзей, таму што ў іх апісвалася іх прыватнае жыццё, цяжкое і трагічнае. А магчыма, з-за адсутнасці кіно і тэлевізара людзі так давалі волю сваім пачуццям, і праз перажыванне чужых лёсаў самавызначаліся. Як бы там ні было, гарадскі раманс пачаў патроху пранікаць у вёску, сустрэў там сваіх прыхільнікаў, зрабіўся папулярным. Людзі перапісвалі тэксты песень ад рукі, перадавалі вусна ад чалавека да чалавека. У выніку ён дажыў і да нашага часу, і сёння яго можна пачуць з вуснаў вясковых бабуль.

Букет жахлівых гісторый

Перадусім, жорсткі раманс - асаблівы фальклорны жанр, ён абавязкова мае ў сваёй аснове аўтарскі тэкст. Гэта рамансы А.С. Пушкіна " Вышыванка з в. Аброва, Івацэвіцкі р-н. Черная шаль ", М.А. Някрасава " Огородник ", А.У. Кальцова " Хуторок " і г.д. Да прыкладу раманс " Сидел рыбак веселый " быў напісаны М.Ю. Лермантавым яшчэ ў юнацтве (верш " Тростник ") па матывах народных англійскіх балад, аднак ў ХХ стагоддзі ён перажыў пік папулярнасці і пасля шматразовага перапісвання тэксту ніхто з выканаўцаў ужо не ведаў імя аўтара. Не менш хадавым стаў гэты раманс і ў нас. Яго беларускі варыянт " Была я маладая у мачахі адна… " распавядае пра тое, як брат-распуснік забівае сваю зводную сястру, бо яна адмаўляе яму ў каханні, і сястра пераўтвараецца ў трыснёг: "…Тады жэ он, брадзяга, ударыл в грудзь нажом //І труп зарыў ў магілу на беразе крутом. //А на маёй магіле парос бальшой трасняк, //А ў трасняку таілась ўся моладасць мая… "

Сярод даследчыкаў жорсткага рамансу існуе меркаванне, што сваім узнікненнем і папулярнасцю ён абавязаны народнай баладзе, пашыранай у фальклоры кожнага народа, у тым ліку і беларускага. Паміж баладай і жорсткім рамансам сапраўдны шмат агульнага. У баладах таксама распавядаецца гісторыя з асабістага або сямейнага жыцця, апісваюцца выключна трагічныя падзеі. Нават сюжэты і назвы твораў падобныя. Баладныя: " Падманутая дзяўчына ", " Брат прадае сястру", " Муж прапівае жонку ", " Мачаха загубіла падчарку ". Ім адпавядаюць назвы жорсткіх рамансаў: " Сястра атруціла брата ", " Брат спакусіў сястру ", " Кара хлопца за забойства ", " Адмова дзяцей ад бацькоў "… Але ў баладах няма надрыву і смакавання жорсткасці, адсутнічае экзатызм. Дзеянне там адбываецца ў родным, знаёмым асяродку, ды і напісана балада традыцыйнай фальклорнай моваю.

Жорсткі раманс на Беларусі мае вельмі шырокую і разнастайную тэматыку, дзе можна вызначыць трохі больш за дзесяць сюжэтаў. Яны адрозніваюцца адзін ад аднаго ў асноўным прычынай трагедыі. А выбар канцоўкі і зусім невялікі: забойства, самагубства, трагічная смерць героя або гераіні. І такі раманс нездарма завецца жорсткім. Жыццё сапраўды вельмі жорстка абыходзіцца з героямі рамансаў. Фатальны збег акалічнасцяў, фатальныя выпадкі нішчаць крохкі свет мяшчанскага шчасця, дзе асноўная каштоўнасць - каханне. Кветка кахання жыве нядоўга, яна марнее на вачах слухачоў. Жарсці герояў даведзены да мяжы, да надрыву, калі няма іншага выйсця апроч смерці. Тут усё назаўсёды, раманс увогуле імкнецца спыніць імгненне і працягнуць яго навечна. Ніякіх кампрамісаў, ніякіх паўтонаў. Калі фарбы - то яскравыя, лубочныя. Як у нашых маляванках і вышыванках, дзе дакладна перададзены настрой і тэматыка жорсткага раманса. І не дзіва - адзін стыль, адна культура.

Самы ж распаўсюджаны і любімы сюжэт жорсткага раманса - спакушэнне і падман дзяўчыны падступным спакуснікам. Падманутай нічога не застаецца, як звесці рахункі з жыццём: утапіцца, атруціцца, зарэзацца, легчы пад цягнік, або адпомсціць падманшчыку праз яго забойства ці забойства яго новай каханкі. Да прыкладу: " …Любоў не картошка, а кроў не вада, //Любіў мяне мілы, а бросіў наўсегда. //Каб бросіў мяне ён адну, //А ён мне падбросіў дзіцятку малу. //Гэтую я дзіцятку сястрэ прыкажу, //Сваю я галоўку пад поезд палажу, //Поезд праедзе - я буду ляжаць, //А ты, ізменшчык, -- з другою гуляць ". Або другі выпадак: "…Разгарэлася кроў у грудзі маладой, //Каця ножык у грудзі ванзіла: //-- За ізмену тваю, што ты бросіл, падлец, //І за всё я цебе атамсціла ".

Але справа не заўсёды даходзіць да забойства. Часам усё ператвараецца ў фарс. Так, у рамансе " Аднажды весенней парою…" гісторыя распавядаецца ад імя аднаго спакусніка, які гуляў з жанчынай чатыры гады, а " на пятый я ёй ізменіл ". Ён і застаўся б непакараным, калі б не застудзіў зуб: "…От этой мучыцельнай болі //Всю ноч, как безумный, рыдал…" Нараніцу, не вытрываўшы болю, ён пабег да дантыста. А там: "...скруціў мае рукі назад, //Четыре здоровые зуба, //Он выташчыл мне іх падрад… " Наш герой зноў " …як безумный, рыдаў ", а " жэншчына-врач хохатала ". Урачом аказалася тая самая жанчына, якую ён некалі кінуў. Напрыканцы яна яму кажа: " Выходзь із майго кабінета, //Бері сваі зубы в карман, //Насі іх всегда пры жылеце //І помні пра подлы абман ". Заканчваецца раманс словамі: " Цыліндр на сонцэ сіяет, //Дамой я іду без зубоў. //І как атамсціць, я не знаю //За эту Марусі любоў ".

Героі жорсткага раманса маюць схільнасць да маралізатарства і павучэння, любяць даваць парады: " Асталась Олі две мінуты жыць, //Вот ана сказала: "Нельзя двух любіць! "; " Паслушайце падружкі, што буду гаварыць: //Любов'ю не займайцесь, любовь на смерць гразіт "; " Зачэм было крэпка ўлбляцца? //Зачэм было крэпка любіць? //Любоў не ўмее смяяцца, //Любоў не ўмее шуціць. //Любоў усягда можа насмяяцца, //Любоў усягда можа пагубіць ".

Такім чынам, нягледзячы на ўсю прастату і нязграбнасць, жорсткі раманс уражвае, пужае і смяшыць слухачоў, але гэта самая яскравая праява кітчу ў беларускім фальклоры ніколі не пакідае абыякавым. Больш таго, тое, што мы называем мяшчанскім або жорсткім рамансам, народныя выканаўцы называюць прыгожа, паэтычна і пяшчотна: "жалючымі, слязлівымі, разлучнымі, душэраздзірацельнымі, праўдзівымі, жаласлівымі, перажывацельнымі, даўняшнімі, мілымі, любезнымі, страдацельнымі, сардэчнымі, душэўнымі песнямі". І з імі цяжка не пагадзіцца.

№1 - Малюнак, зроблены на гітары, якая знаходзіцца ў прыватнай калекцыі В. Бычкоўскага з в. Бабровічы Івацэвіцкага р-на №2 -- Вышыванка з в. Бабровічы Івацэвіцкага р-на № - Вышыванка з в. Аброва, Івацэвіцкі р-н
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX