Сёння мы ўсё часцей звяртаемся да вытокаў сваёй гісторыі. Пераасэнсоўваем тое, што ведалі раней, адчыняем новыя старонкі. Найбольш цікавымі для даследавання і пераасэнсавання з'яўляюцца яскравыя і шматгранныя асобы. Безумоўна, такой з'яўляецца неапалітанская прынцэса, польская каралева і вялікая княгіня Вялікага Княства Літоўскага Бона Сфорца Д'Арагона. Легенды пра гэту бясспрэчна вялікую жанчыну і цяпер выклікаюць неадназначную рэакцыю ў тых, хто чытае або піша пра яе. Часцей за ўсё сустракаюцца такія характарыстыкі, як "прыгожая жонка, руплівая маці, злая свякруха". Створана шмат літаратурных твораў з супрацьлеглымі поглядамі на Бону Сфорца.
А кім была насамрэч гэтая таямнічая італьянка? Давайце, на падставе некаторых легенд, паданняў і гістарычных звестак паспрабуем разгадаць яе загадкавы вобраз.
Каралевамі не нараджаюцца
Нарадзілася Бона 2 лютага 1494 года ў сям'і міланскага герцага Джавані-Галеаца Сфорцы і ўнучкі неапалітанскага караля Фердынанда І Д'Арагона Ізабэлы. Багацце і ўлада з самай калыскі вызначылі лёс дзяўчынкі. Яе адукацыя была ўсебаковай і вытанчанай. Сярод яе першых настаўнікаў - Хрызастома Калона, паэт школы Петраркі, які выкладаў ёй гісторыю, тэалогію, латынь, права, геаграфію, прыродазнаўства, філасофію і матэматыку. З другімі настаўнікамі яна займалася музыкай і танцамі. Спрыялі яе развіццю і свецкае жыццё, тэатральныя прадстаўленні, гульні і маскарады. Калі яна падрасла, то з захапленнем наведвала публічныя навуковыя дыспуты, была знаёмая з вядомымі мастакамі. Яшчэ дзяўчынкай Бона пазаёмілася і размаўляла з самім Леанарда да Вінчы падчас яго працы над славутай "Таемнай вячэрай". Любіла ўпрыгожванні, вартасць якіх палягала не толькі на каштоўных камянях, але і на тым, што былі яны праўдзівымі творамі мастацтва. Але больш за ўсё маладой асобе падабалася ездзіць вярхом на кані ды паляваць.
Ішоў час, Боне споўнілася 23 гады, варта было падбаць пра замуства, па мерках XVI стагоддзя яна заседзелася ў дзеўках. Тым не менш дзяўчына, якая на думку многіх суайчыннікаў вылучалася не толькі розумам, але і прыгажосцю, не спяшалася, прыдзірліва выбірала сярод вартых прэтэндэнтаў на сваю руку найгаднейшага. Яна цаніла сябе дастаткова высока і патрабавала ад лёсу не менш, чым караля.
І лёс даў ёй такі шанец. Яе жаніх, кароль польскі і вялікі князі літоўскі, Жыгімонт І быў больш чым удвая старэйшы за Бону. Яго, саракавасьмігадовага, у кастрычніку 1515 года спасцігла гора, ён згубіў каханую жонку Барбару Заполію, якая пакінула пасля сябе толькі дзвюх дачок. Дзяржаўныя традыцыі патрабавалі ад няўцешнага ўдаўца сына-спадчынніка. Для паўторнага шлюбу прыдворныя прапанавалі свайму манарху мноства прэтэндэнтак. Сярод іх былі прынцэса Элеанора Габсбург, каралева Джавана IV Арагонская, удовая мазавецкая княгіня Ганна, якая паходзіла з магнацкага роду Радзівілаў. Усе яны былі высакароднымі і гожымі, за кожнай стаяла магутная магнацкая групоўка. Кароль не спяшаўся, доўга абмяркоўваў з прыдворнымі варыянты будучага шлюбу. Нарэшце ён спыніўся на Боне са Сфорцаў. У красавіку 1517 года прадстаўнікі нявесты Хрызастома Калона і Зыгмунд Герберштэйн прывезлі ў Вільню яе партрэт, і Жыгамонт І упершыню пабачыў сваю будучую жонку. Як сведчаць хронікі, маладая Бона на партрэце была падобна да анёла. Тым не менш, жаніх усумніўся ў шчырасці мастака, але лёс другой жонкі манарха вырашыў маленькі зялёны пантофлік герцагіні, прад'яўлены сватамі жаніху. Выбар быў зроблены, пантофлік абудзіў у Жыгімонце палкія жаданні.
Нягледзячы на гэта, упершыню Жыгімонт і Бона ўбачылі адзін аднаго толькі праз чатыры месяцы пасля афіцыйнага шлюбу. Спачатку за нявестай для манарха з Польшчы выправілася цэлае пасольства. Пры гэтым сам Жыгімонт застаўся дома. Афіцыйны шлюб адбыўся 6 снежня 1517 года ў горадзе Бары ў Італіі, якраз на дзень Святога Мікалая, патрона гэтага горада. Караля замяніў адзін з прыдворных, Станіслаў Астрарог, які падчас шлюбнай цырымоніі сядзеў побач з нявестай. Кожны раз, калі рытуал вымагаў пацалунка, Астрарог цалаваў свае пальцы і потым дакранаўся імі да маладой. Так захоўваліся і шлюбны рытуал, і цнота нявесты. Бона была ў выключна прыгожай і бязмерна каштоўнай сукні, абшытай залатымі бляшкамі. Пад канец снежня яна ў суправаджэнні трохсот італьянцаў рушыла ў Польшчу, а 11 красавіка 1518 года перасякла мяжу сваёй новай Бацькаўшчыны. Праз нейкі час кароль і вялікі князь нарэшце сустрэў сваю законную жонку непадалёк ад Кракава на полі, засланым пурпуровым сукном перад чырвоным намётам. Бона пацалавала яго ў руку, а той прытуліў яе галаву да грудзей. Стралялі гарматы, а шматлікія прыдворныя коннай калонай рушылі да Вавеля. 18 красавіка 1518 года ў зале, абабітай залацістай матэрыяй, адбылася шлюбная бяседа і каранацыя Боны. Жыгімонту быў ўжо 51 год, новай жонцы - 24. Праз год у Боны нарадзілася дачка. Жыгімонт быў вельмі расчараваны. Але неўзабаве каралева зноў зацяжарала, і 1 жніўня 1520 года доўгачаканы каралевіч пабачыў свет. Пры хрышчэнні ён атрымаў радавое імя Жыгімонт і амбіцыйнае - Аўгуст.
Прадбачлівая маці і мудрая правіцельніца
У вачах суайчыннікаў новая каралева не была ўжо першай маладосці. Аднак, падданыя сведчылі, што яна вызначалася прыгажосцю. Паэты параўноўвалі яе з багінямі ды німфамі, і гэта не было толькі ліслівасцю. Невысокая, з роўнымі і белымі зубамі, яна мела светлыя валасы, а вейкі і бровы зусім цёмныя, " рукі, прыгажэй за якія знайсці немагчыма, ды па-анёльску цудоўныя вочы " - так пісаў Астрарог з Бары ў Кракаў. Была вельмі зграбная і выдатна танчыла. З гадамі Бона папаўнела. На партрэтах пастарэлай манархіні нельга ўгледзець былых слядоў прыгажосці, апроч вялікіх, выразных вачэй.
Няглядзячы на прывабнасць, італьянку не вельмі любілі на новай радзіме. У літаратуры можна сустрэць такую характарыстыку каралевы: " Жыгімонт Стары быў жанаты на жахлівай жанчыне - Боне Сфорца, якая сваімі інтрыгамі і непамернымі тратамі з казны паскорыла ягоную смерць ". А як жа было папраўдзе? Вядома, што не толькі сваёй прыгажосцю славілася новая каралева. Найважнейшай вартасцю дачкі Сфорцаў было разуменне палітыкі, якая спалучалася з нерастрачанай энергіяй і амбіцыямі. Бона вызначалася моцнай воляю і ўменнем прымаць грунтоўныя рашэнні. Дзякуючы гэтаму, яна ўмацоўвала каралеўскую ўладу, абмяжоўвала ўплыў магнатаў і аб'ядноўвала вакол сябе прагрэсіўных адукаваных людзей. Да таго ж яна прыклала шмат намаганняў, каб замацаваць кароны Літвы і Польшчы за сваім сынам. І гэта ёй удалося.
Жыгімонту Аўгусту было ўсяго два гады, калі каралева-маці дамаглася пацверджання законных правоў сына на Вялікае Княства Літоўскае. Дзеля гэтага яна заручылася падтрымкай буйных магнатаў Юрыя Радзівіла і Альбрэхта Гаштольда. У выніку на вялікакняжацкі пасад Жыгімонт Аўгуст узышоў 18 кастрычніка 1529 года. Менавіта ў гэты дзень дзевяцігадовы хлопчык атрымаў меч і шапку вялікага князя і заняў месца паміж маці і бацькам у троннай залі віленскага замка. За ўсю гісторыю вялікіх літоўскіх князёў ён стаў самым юным. Праз год стараннямі маці яшчэ пры жыцці бацькі яго абралі каралём Польшчы. Менавіта тады Жыгімонт І і атрымаў мянушку-прыдомак Стары.
Апроч старэйшай дачкі Ізабэлы, каралева нарадзіла яшчэ трох - Соф'ю, Ганну і Кацярыну. Перадусім Бона была цудоўнай маці, клапатлівай, мудрай і прадбачлівай. Каб яе дзяржава і яна сама мелі вагу ў тагачаснай Еўропе і ўплывалі на яе палітыку, яна зладзіла сваім дочкам дынастычныя шлюбы. Ізабэла стала каралевай Вугоршчыны, Кацярына - каралевай Швецыі, Соф'я - вялікай герцагіняй Браўншвейг-Вольфенбютэльскай, Ганна ўзяла шлюб з князем Сяміграддзя (Трансільваніі) Стэфанам Баторыем, які ў 1576 годзе стаў каралём Рэчы Паспалітай.
Што тычыцца Жыгімонта Старога, ён адразу пасля шлюбнай бяседы ўпадабаў сваю новую жонку. Перш за ўсё яна прывабіла яго сваёй прыгажосцю, а з цягам часу і ўвогуле займела над ім уладу як моцная асоба. Нягледзячы на сваю мудрасць, лаяльнасць, справядлівасць і сумленнасць, з гадамі стары кароль траціў сваю энергію і ўсё часцей дазваляў італьянцы ўплываць на свае палітычныя рашэнні. Некаторыя прыдворныя так і казалі: " Каралева да таго апанавала караля, што без яе волі нічога не робіцца ". Аднак гэта не азначала, што Бона цалкам падпарадкавала сабе Жыгімонта. Па-першае, ён заўсёды лічыўся з думкамі сваіх саноўнікаў і сенатараў, па-другое, ягоныя некаторыя палітычныя погляды адрозніваліся ад поглядаў каралевы. Шмат хто з гісторыкаў мяркуе, што перадапошні Ягелон на польскім і вялікакняскім троне быў энергічным і ўплывовым дзяржаўным дзеячом.
Каралева і вялікая княгіня
У даведачнай літаратуры мы часцей за ўсё можам прачытаць, што " Бона Сфорца - польская каралева ". Але Жыгімонт І з'яўляўся для жыхароў Вялікага Княства вялікім князем Літоўскім. Натуральна, што і Бона са Сфорцаў для тагачасных беларусаў была вялікай княгіняй Літоўскай. Якая ж яе роля ў развіцці беларускіх земляў? Вядома, што каралева жыла пераважна ў Вільні і добра авалодала старабеларускай мовай. Дзякуючы яе падтрымцы, у 1529 годзе быў выдадзены Першы Статут ВКЛ, шмат будавалася школ, храмаў, шпіталяў, многія гарады і мястэчкі атрымалі магдэбурскае права. Па яе загадзе была праведзена рэформа ў сельскай гаспадарцы - уведзена валочная памера. Адначасова з гэтым Бона правяла ў сваіх уладаннях адміністратыўную рэформу, падзяліўшы землі на войтаўствы. У другой палове 1530-х гадоў Бона стала галоўнай кіраўніцай мытаў ВКЛ, такім чынам яна дала пачатак памежнай службе ў Беларусі. У непраходных беларускіх пушчах паўставалі паселішчы, эканомамі якіх каралева прызначала пераважна дробную шляхту. Яна пабудавала канал у ваколіцах Пінска і мост праз Буг. Да нашых дзён у Кобрыне захаваўся канал Боны, які з'яўляецца самым старым гідратэхнічным збудаваннем Беларусі. Яшчэ адной сферай, куды каралева ўклала свае намаганні, было вінаградарства. На Гарадзеншчыне, Давыд-Гарадокскіх, Клецкіх і Пінскіх землях вырошчвалі вінаград для вінаробства.
У сваіх уладаннях Бона развярнула кіпучую дзейнасць. Калі яна прыехала на раку Ясельда, ёй так спадабалася мясцовасць, што яна вырашыла пабудаваць на беразе ракі сваю рэзідэнцыю. Так у Моталі быў узведзены шыкоўны каралеўскі палац, руіны якога яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя выглядалі даволі-такі салідна. Дарэчы, дзякуючы Боне, у беларускай мове з'явілася само слова "палац" ад італьянскага рэнесанснага "palazzo". А сярод мясцовых жыхароў Мотыля дагэтуль распаўсюджаны прозвішчы накшталт Палто, Кузюр, Базан - гэта нашчадкі італьянцаў, якія ў XVI стагоддзі былі пераселены на Палессе і неслі службу ў палацы. Сёння галоўную вуліцу сучаснага Мотыля назвалі ў гонар вялікай княгіні Літоўскай - Палац каралевы Боны. Бона Сфорца значна паспрыяла і развіццю аднаго з самых вядомых беларускіх гарадоў - Гродна. Па яе загадзе тут забрукавалі вуліцы і гандлёвую плошчу, горад атрымаў вадаправод і дзве гарадскія пячаткі: урадавую і асобна гандлёвую (для лавы). Плюс да гэтага ў горадзе з'явіўся знакаміты гарадскі ратушны гадзіннік, для ягонага нагляду і абслугоўвання ў 1541 годзе Бона загадала ўзяць на службу спецыяльнага майстра. І вось ужо пяць стагоддзяў цудоўны механізм не толькі спраўна адлічвае час, але і з'яўляецца сімвалам горада.
Нягледзячы на тое, што польскія, беларускія і ўкраінскія гістарычныя хронікі не занадта пахвальна азываліся пра каралеву, менавіта гэтыя землі абавязаны ёй незвычайным культурным і гаспадарчым уздымам. Сфорца прыўнесла італьянскую раскошу ў літоўскі княжы і польскі каралеўскі двары, змяніўшы некаторыя грубыя норавы мясцовай шляхты. Яна істотна абмежавала абжорства і п'янства на афіцыйных прыёмах, скараціла час, адведзены на застольныя бяседы. Новая каралева прывезла з сабой шматлікую світу італьянскіх майстроў і кухараў. На сталах кракаўскіх і віленскіх магнатаў з'явіліся невядомыя раней тут гародніна і садавіна. Гэта салата і памідоры, памяранцы і цытрына, інжыр і аліўкі, разынкі і міндаль. Яна ж завяла звычай есці відэльцам. Гэтая навіна спачатку была пашырана ў арыстакратычных колах, а пасля стала папулярна ў дамах сярэдняй шляхты і мяшчан. Бона прынесла на нашы землі моду на ўтрыманне пакаёвых птушак. Пры ёй у каралеўскіх палацах упершыню загучалі галасы папугаяў.
Але яе культурны ўнёсак значна большы, чым далучэнне нашай шляхты да агульнаеўрапейскіх традыцый. Дзякуючы Боне, Еўропа пачула "Песню пра зубра". Менавіта пры яе падтрымцы знакамітая паэма Міколы Гусоўскага была выдадзена ў 1523 годзе ў Кракаве. Удзячны паэт прысвяціў некалькі радкоў у прадмове і сваёй каралеве: "Мне добра вядома, найсвятлейшая пані, якога вялікага шчасця ты зычыш гэтаму каралеўству і як шмат разважаеш і дбаеш аб паляпшэнні ягонага становішча…"
Легенды і рэчаіснасць
Але, што б там ні казалі афіцыйныя хронікі і дакументы, кіраўнік дзяржавы, калі ён сапраўды харызматычны, то назаўсёды застанецца ў легендах і паданнях. Менавіта пра гэтую жанчыну больш, чым пра якую іншую манаршую асобу, у нас захавалася безліч паданняў і легенд. Наш народ добра ведаў і любіў сваю каралеву, а з цягам часу яна зрабілася нават міфалагізаванай асобай. Паколькі Бона была чужаземкай, у народным уяўленні яе постаць часамі атачалі падкрэсленай таямнічасцю, таму ў некаторых паданнях яна фігуруе ў якасці чараўніцы.З іменем Боны звязана шмат паданняў пра аб'екты сакральнага і гістарычнага ландшафту, асабліва ў тых рэгіёнах, дзе разлягаліся яе ўладанні. А іх было шмат, Жыгімонт Стары шчодра адорваў землямі сваю каханую жонку.
Адной з самых незвычайных легенд, якія дайшлі да нашага часу, і якія перадаюць містычны характар адносін нашых продкаў да таямнічай чужаземнай каралевы, гэта легенда пра замак у Мядзелі. Вядома, што ён быў пабудаваны ў XV стагоддзі на месцы старажытнага гарадзішча і з'яўляўся адным з найбуйнейшых каменных замкаў ВКЛ, створаным для абароны ад экспансіі крыжаносцаў. Ягоны меншы аналаг можна пабачыць сёння ў Троках -- сённяшнім Тракаі. Вядома таксама, што гэтыя мясціны ў XVI стагоддзі разам з возерам падарыў Боне яе муж. Сёння, на жаль, пасля шматлікіх войнаў ад замка амаль нічога не засталося, толькі напаўразбураныя падмуркі і фрагменты магутных валоў.
Легенда апавядае, быццам сучасны Мядзел некалі атачалі тры вельмі высокія і моцныя палацы-замкі, якія стаялі на асобных выспах. Назва ў кожнага з замкаў была свая: Мядзел, Мястра і Нарач. У нашыя дні гэтыя выспы тутэйшыя жыхары называюць не інакш, як Замак. Заснаванне палацаў-замкаў у народзе прыпісваюць каралеве Боне. Нават сцвярджаюць, што ў адным з іх яна пастаянна жыла. Называлася тое месца Мястра. Дык вось, пра каралеву людзі казалі, быццам яна вядзьмарка і ведае ўсё, што робіцца ў свеце, нават дзе і якія скарбы схаваны. Хаця ніколі не выязджала са свайго замка. Шмат добрага і карыснага зрабіла каралева для сваіх падданых: лекавала іх ад розных хвароб, заварожвала тутэйшыя мясціны ад змеяў і нават шмат разоў ратавала ад нашэсця ворагаў. Ішлі гады, а людзі ўсё ніяк не маглі разгадаць, адкуль у Боны такія здольнасці. І вось адзін выпадак раскрыў таямніцу. У вёску, якая знаходзілася непадалёк ад замка Боны, прывезлі паміраць хлопчыка-пастушка - яго ўкусіла гадзюка. Маці хлопчыка так галасіла, што каралева пачула яе ў сваім замку і паслала слуг даведацца, у чым рэч. Калі слугі сказалі, што ў вёсцы ад укусу змяі памірае хлопчык, Бона вельмі здзівілася. Па яе перакананні, змей у акрузе быць не павінна. Не звяртаючы ўвагі на слуг, каралева пачала нервова хадзіць па пакоі. Потым яна раптоўна нахілілася і выцягнула з-пад агромністага ложка невялікі куфар, упрыгожаны інкрустацыяй. Прысутныя слугі са здзіўленнем пабачылі, як каралева дастала адтуль драўляную фігурку ідала, у вачніцах якога гарэлі каштоўныя камяні. " Як такое магло здарыцца?" - запытала Бона ў ідала. Ідал загаварыў з ёй чалавечым голасам і пацвердзіў, што такога і сапраўды не можа быць, бо шмат гадоў таму яны абодва наклалі закляцце ад змей на ўсю мясцовасць. Відаць, хлопчык патрапіў у чужыя мясціны і цяпер, каб выратаваць яму жыццё, яго трэба тэрмінова даставіць у замак. Калі сяляне прынеслі пастушка, ён быў ужо нежывы. Каралева ў адзіноце доўга чаравала над ім. А людзі, стаіўшы дыханне, чакалі вынікаў, ніхто з іх не верыў, што мёртвага можна ажывіць. Таму моцна здзівіліся, калі пачулі крык ажыўшага хлопчыка, які клікаў сваю маці. Кабета доўга дзякавала каралеве за сына, а тая наказала ім жыць толькі ў сваім краі і ніколі яго не пакідаць.
Далей легенда распавядае, што Бона яшчэ доўга жыла ў сваім грозным і непрыступным замку, які ахоўвалі бясстрашныя каралеўскія ваяры. З усіх бакоў палац атачала вада, а з берага ён злучаўся мостам, які на ноч падымаўся, а днём апускаўся ў ваду, таму яго староннім нельга было ўбачыць. Некалькі разоў ворагі бралі замак у аблогу, аднак захапіць ніяк не маглі. Але неўзабаве распачалася вайна са шведамі, іх войскі падышлі да выспаў і ніяк не маглі ўцяміць, як дабрацца да замка. Ворагу дапамог выпадак. На вачах у разгубленых чужынцаў нейкая прыблудная карова пайшла па падводных мастках наўпрост да выспы. Тады за ёю кінуліся і ворагі. Пасля працяглага і бязлітаснага бою замак быў узяты, але каралева ўратавалася. Разам са слугамі яна ўцякла па падземным ходзе, выкапаным пад возерам. Ужо на беразе яна загадала слугам ісці наперад, а сама падышла да бліжэйшага калодзежа і кінула туды свайго драўлянага ідала. Пры гэтым яна прамовіла: " Ой, мядзел, ты мой мядзел, расстаемся мы з табою назаўсёды. Даруй, калі што не так зрабіла… " Больш Бону ў гэтых мясцінах ніхто не бачыў. А ад таго мядзела - кавалка па-майстэрску апрацаванага дрэва - пайшла назва паселішча - Мядзел. Цікава, што гэтае слова мае балцкае паходжанне і створана ад асновы medis -- дрэва, а ў перакладзе азначае "лясны, драўляны".
З імем каралевы Боны звязваюць і замак Белы Коваль у Смалянах на Аршаншчыне. Замак быў пабудаваны толькі ў першай палове XVII стагоддзя і разбураны ў часы Паўночнай вайны. Але мясцовыя людзі з задавальненнем расказваюць пра таямнічыя падземныя хады, па якіх Бона ездзіла на тройцы каней. Існуе і іншая легенда. Сцвярджаюць, быццам цёмнымі восеньскімі надвячоркамі, калі туман ад ракі Дзярноўкі пакрывае ўсё навокал, і толькі галоўка вежы вытыркаецца над белай дымкай, аднекуль з-пад зямлі чутна музыка. А ў акенцах вежы ў прывідным ледзь заўважным святле з'яўляецца сілуэт жанчыны. Гэта нібыта і ёсць каралева Бона.
Амаль кожны рагачоўскі жыхар распавядзе вам пра замак каралевы Боны, які больш чым пяць стагоддзяў узвышаўся ў гістарычным цэнтры Рагачова - на Замкавай Гары. У 1535 годзе замак быў цалкам спалены падчас вайны з Масковіяй. На ягоным месцы Бона пабудавала новы, прыгажэйшы і больш умацаваны. Кажуць, што дзеля гэтага яна запрасіла італьянскіх майстроў са сваёй радзімы. Паводле легенды, у дачку каралевы закахаўся чарнігаўскі князь. Ганарлівая ж італьянка шукала для сваёй дачкі больш уплывовага прэтэндэнта, таму схавала дачку ў Рагачоўскім замку. Дзень і ноч сцераглі дзяўчыну слугі каралевы. І князь вырашыў выкрасці яе. Дзеля гэтага ён пракапаў падземны ход аж да самай Замкавай Гары. Вось толькі выкраў князь сваю каханую, ці не - ніхто не ведае. Канец легенды згублены. Цяпер ад замка нічога не засталося, ягоныя рэшткі былі канчаткова разбураны падчас Другой сусветнай вайны. Па некаторых звестках, у рагачоўскім замку знаходзілася калекцыя партрэтаў вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх.
Часам легенда мае пад сабою больш менш сапраўдны грунт. Да прыкладу, на Піншчыне ёсць такі сакральны ландшафтны аб'ект, як Скамарохава Гара. Паводле падання, тут праязджала каралева Бона і сустрэла скамароха, які вёў мядзведзя. Коні спудзіліся, панеслі карэту, не разбіраючы дарогі, пакуль тая зусім не развалілася. Каралева цудам засталася жывой. На загад каралевы скамароха з мядзведзем жывымі закапалі на гары. Таму ўзгорак і атрымай сваю назву. Насамрэч, у жніўні 1527 года нягледзячы на тое, што Бона была цяжарнай, яна прыняла ўдзел у ловах, бо вельмі любіла паляванні. Справа адбывалася ў польскіх Непаламіцах, куды з Літвы прывезлі вялізнага мядзведзя. Звер спачатку паводзіў сябе ціха, але потым раз'юшыўся, задраў шмат сабак ды ўрэшце кінуўся на людзей і атакаваў каралеву. Тая рэзка павярнула каня, той спатыкнуўся і скінуў яе з сядла. Пасля гэтага выпадку Бона заўчасна нарадзіла сына, ахрышчанага Войцех Ольбрахт, які памёр у той жа дзень. У выніку Бона доўга хварэла ды болей не цяжарыла. Было ёй тады 33 гады, а Жыгімонту Старому - 60.
Каралева і жудасныя гісторыі пра яе
Нягледзячы на ўсё тое добрае, што рабіла каралева Бона для дзяржавы, яе не вельмі любілі на новай радзіме. Яна імкнулася перанесці на нашы, украінскія і польскія землі італьянскую мадэль кіравання дзяржавай. У дадатак да ўсяго, у звычку ўвайшоў выкуп магнацкіх уладанняў і раздача пасад, земляў асабліва набліжаным. А каранацыя малога Жыгімонта Аўгуста пры жывым бацьку выклікала абурэнне і настроіла супраць Боны амаль усю кіруючую эліту дзяржавы. І хаця, дзякуючы сваім талентам і багаццю, Боне ўдалося арганізаваць у сойме групу сваёй падтрымкі, ёй на новай бацькаўшчыне жылося няпроста.
Каб скіраваць народ і дробную шляхту супраць каралевы, зламыснікі пачалі распаўсюджваць неверагодныя чуткі пра яе. Асабліва жахлівыя гісторыі распавядалі пра Бону чамусьці ва Украіне. Як вядома, у тыя часы яе землі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Так, ва ўкраінскім Крамянцы, што на Цярнопальшчыне, захаваўся шэраг падобных паданняў. Горад Крамянец разам з навакольнымі землямі і замкам быў падараваны Жыгімонтам Старым сваёй жонцы ў 1536 годзе. Ім яна валодала дваццаць гадоў аж да самага свайго вяртання на радзіму. І хаця, каралева амаль не бывала тут, гара, дзе і цяпер знаходзяцца велічныя руіны замка, дагэтуль носіць яе імя -- Гара Боны.
Дык вось асабліва папулярнымі тут сталі байкі пра непамерную крыважэрнасць каралевы. Распавядалі, што даведаўшыся пра цудадзейныя якасці крыві цнатлівых дзяўчат, якая быццам дазваляе доўга заставацца маладой і прыгожай, Бона купалася ў крыві маладых сялянак. Каб здабыць каштоўную кроў, дзяўчат забівалі, выкідалі праз вакно замкавай вежы на кола з шыпамі. Казалі, што такім чынам каралева загубіла 300 цнатлівак. І гэта яшчэ не ўсё. Другое паданне кажа, што мост, якія злучае замак з супрацьлеглай гарой, быў зроблены Бонай з чалавечай скуры тых самых маладых дзяўчат, закатаваных да смерці. А з валос тых пакутніц каралева зрабіла парэнчы маста. Такія жахлівыя гісторыі паспрыялі другім чуткам, паводле якіх, каралева была звязана з нячыстай сілай. А замацаваліся такія падазрэнні пасля аднаго выпадку, калі падчас паездкі вакол Крамянца экіпаж каралевы зваліўся з вантавага моста. Здавалася, што выжыць пасля такога падзення немагчыма, тым не менш, каралева засталася жывая і здаровая. Кажуць, што яна была адзінай, хто выратаваўся.
Цікава, што падобныя жудасныя аповеды існавалі на Вугоршчыне і былі прысвечаны мясцовай графіне - Лізе Баторы, сваячніцы будучага караля Рэчы Паспалітай - Стэфана Баторыя. І што самае жахлівае, гэтыя аповеды не былі беспадстаўнымі. Графіня-вампірка сапраўды брала ванны, напоўненыя крывёю цнатлівых дзяўчат. Колькасць яе ахвяр складала сотні. Розгалас пра вампірку Лізу Баторы настолькі ўражваў людзей, што разыходзіўся далёка за межы яе радзімы. Натуральна, што такімі чуткамі і скарысталіся ворагі Боны. І трэба сказаць, паспяхова, нават сёння турыстам Крамянца распавядаюць гэтыя жахалкі.
Апроч крывавых баек вам у Крамянцы распавядуць яшчэ адну брудную гісторыю пра Бону, якая была папулярная ў часы яе кіравання сярод мясцовай шляхты. Нібыта кожную ноч маладая каралева ладзіла оргіі ў сваім крамянецкім замку з удзелам некалькіх дзесяткаў прыгожых ахоўнікаў. Сярод іх, кажуць, былі пераважна палякі, шатландцы і немцы. Чуткі пра гэта дайшлі да Жыгімонта Старога, для расследвання ён прызначыў спецыяльную камісію ў Крамянец. Факты пацвердзіліся, правяраючыя склалі нават спіс каханкаў, і кароль у шалу загадаў пакараць смерцю ўсіх палюбоўнікаў каралевы. Але Бона вымаліла ў мужа памілаванне для трох найбольш адданых ёй ахоўнікаў. Па спісу гэта былі трэці, дзевяты і дваццаць сёмы афіцэры. Сёння некаторыя бяруцца сцвярджаць, што менавіта пасля гэтага выпадку зрабілася папулярным у народзе падымаць тост за жанчын у такой паслядоўнасці.
Гэтая гісторыя бярэ свой пачатак, хутчэй за ўсё, з італьянскага мінулага Боны. Вядома, што на яе радзіме ў Італіі маральныя прынцыпы і грамадскія паводзіны розніліся ад тагачасных ліцвінскіх, польскіх і ўкраінскіх. Паводзіны італьянскіх жанчын ў сярэднявеччы былі больш раскутымі і фрывольнымі. Многія з іх нават у шлюбе не хавалі сваіх захапленняў другімі мужчынамі і часта мянялі каханкаў. Некаторыя гісторыкі пішуць, што маладую Бону яшчэ яе маці вучыла, нібыта, трэба спачатку пазнаць мужчыну, каб потым паспяхова ім кіраваць. Магчыма, будучы ўжо каралевай, яе дачка ў нечым і скарысталася яе парадамі, а гістарычныя факты пра гэта нічога не кажуць.
Тым не менш, дзякуючы Боне, нашы жанчыны змаглі адкрыць шыю і нават насіць дэкальтэ. Вядома, што дагэтуль яны як ангельскія пурытанкі насілі глухія і закрытыя да самага падбароддзя сукенкі. Затое ў другім выпадку каралева так і не змагла пераламіць адну з устойлівых традыцый нашага жаночага адзення. У Італіі на той час панавала мода на адкрытыя валасы, якія збіраліся ў пазалочаную сетку. Гэты звычай Бона спрабавала распаўсюдзіць і ў сваім каралеўстве. Аднак да такога наватарства тут аднесліся вельмі непрыхільна. Таму што ў шляхецкім асяроддзі існаваў непарушны звычай - цалкам хаваць свае валасы пад галаўным уборам. З часам каралева і сама была вымушана падпарадкавацца старадаўняму звычаю. Доказам гэтага з'яўляецца яе партрэт у сталыя гады, дзе мы бачым Бону з пакрытай галавой.
Сварка з сынам і ад'езд у Італію
Адна з самых растыражаваных крымінальных показак беларуска-польскай гісторыі -- нібыта каралева Бона атруціла сваю нявестку, другую жонку Жыгімонта Аўгуста, каралеву Барабару з Радзівілаў. Вядома, што каралева-маці была катэгарычна супраць таго, каб аўдавелая пасля першага шлюбу са Станіславам Гаштольдам Барбара пабралася другі раз з яе сынам і авалодала манаршым тронам. Прычын было шмат, але самая галоўная тая, што Барбара была бяздзетнай. А сапраўдная каралева, на думку многіх палітыкаў таго часу, у тым ліку і Боны, павінна абавязкова нарадзіць спадкаемца, іначай настане канец кіруючай дынастыі. Калі глядзець на гэта з боку карысці для дзяржавы, гэта цалкам цвярозая і правільная палітыка. Але Жыгімонт Аўгуст быў так закаханы ў сваю "Басеньку", што нічога не хацеў чуць пра дынастычныя шлюбы. І нягледзячы на тое, што і Жыгімонт Стары, і большасць магнатаў краіны былі супраць ягонага саюзу з Барбарай з Радзівілаў, у 1548 годзе, амаль адразу пасля смерці свайго бацькі, Жыгімонт Аўгуст афіцыйна прадставіў двару сваю абранніцу, з якой да гэтага таемна пабраўся шлюбам. Гэта раззлавала не толькі каралеву-маці, але і ўсю шляхту. Паміж сынам і маці пачалася "халодная вайна". Тым не менш ужо ў снежні 1550 года адбылася каранацыя Барбары. Але падчас гэтай урачыстасці маладая каралева і вялікая княгіня была ўжо смяртэльна хворая, а ў хуткім часе і ўвогуле пачала згараць як свечка. Усе намаганні лекараў вярнуць яе да жыцця былі безвыніковымі. Малады кароль падазраваў, што да смерці жонкі магла мець дачыненне ягоная маці, бо пры двары быў натоўп лекараў і аптэкараў старой каралевы, якіх яна прывезла з Італіі. А гэта краіна ў тыя часы славілася гучнымі гісторыямі пра атручванні. І хаця ў выпадку са смерцю Барбары доказаў атручвання ніхто не атрымаў, вышэйшая знаць Літвы і Польшчы ў гэтым не сумнявалася.
Пасля смерці і пахавання Барбары Бона, як ні намагалася, але так і не змагла не тое, што вярнуць любоў сына, а нават наладзіць з ім адносіны. Яна і надалей па-свойму любіла сына, і з ахвотаю засталася б у сваім каралеўстве, каб толькі Жыгімонт Аўгуст змяніўся да яе. Ды гэтага не настала. Тады манархіня пачала збірацца назад на сваю старую радзіму. Але сын забараняў ёй вяртацца ў Італію, нават прыстрашыў карамі ўсім тым, хто стане дапамагаць Боне з'ехаць. Загад той абвесцілі на Варшаўскім рынку. Абураная маці пісала: " ейны гвалт праз таго, каго ў жываце насіла, ад яго цярпела, і які, калі мае што добрае, дык ад яе мае. А ад яе жыццё, ад яе і каралеўская сталіца, за гэта ўсё… ён трымае яе ў няволі ". Толькі пасля ўмяшальніцтва яе дачкі Ізабэлы, якая звярнулася да брата, загад быў адменены.
І вось у лютым 1556 года Бона Сфорца выехала з Варшавы. Каралеўскі абоз суправаджалі закаваныя ў латы венгерскія гусары. Яны ахоўвалі не толькі жыццё Боны, але і 24 вазы са срэбрам, золатам і каштоўнасцямі. У дадатак вазы былі нагружаны мэбляй, дыванамі, фарфорам і начыннем, забраным з палацаў, якімі некалі валодала каралева. Багацце, якое за гады свайго праўлення нажыла Бона, было велізарным.
Дарэчы пра багацце каралевы Боны дагэтуль ходзяць легенды. Паводле адной з іх, запісанай у тым жа Крамянцы, перад ад'ездам у Італію, Бона са сваім абозам, нагружаным каштоўнасцямі з замкаў Беларусі і Украіны заехала ў крамянецкі замак. І там надзейна схавала скарб у глыбокім калодзежы на самай вяршыні Замкавай Гары. Легенда сцвярджае, што незлічонае багацце каралевы па сёння хаваецца ў руінах замка, а душа Боны не можа супакоіцца і час ад часу лунае над гарой, ахоўвае багацце. Тым не менш скарб можна здабыць. Дастанецца ён самаму смеламу і адважнаму маладзёну, які ў велікодную ноч паднімецца на Замкавую Гару і сустрэне там каралеву. Калі юнак адважыцца пяшчотным пацалункам выманіць у Боны ключ, яму адчыняцца дзверы скарбніцы. Каралева асабіста правядзе адважнага хлопца да сваіх багаццяў і дазволіць дакрануцца да іх. Колькі ён паспее ўзяць срэбра і золата, пакуль будуць біць велікодныя званы, тое і дастанецца яму. Але з апошнім бомам звона дзверы ў скарбніцу зачыняцца і, калі юнак не зможа спыніцца, ён назаўсёды застанецца ў падзямеллі ахоўваць разам з каралевай яе скарбы. Кажуць, што шмат хлопцаў спрабавалі завалодаць таямнічым скарбам, але пасля таго, як яны падымаліся на гару, іх больш ніхто і ніколі не бачыў…
Замест пасляслоўя
Насамрэч грошы Бона ўсёж-такі паспяхова прывезла ў Італію, але… пазычыла іх іспанскаму каралю Філіпу ІІ з манаршага дому Габсбургаў. Кажуць, там было амаль паўмільёна дукатаў, дзе кожная манета ўтрымлівала каля 3,5 грамаў золата. Сума фантастычная па тых часах. Гэта і стала фатальнай памылкай каралевы. Не жадаючы аддаваць пазыку, Філіп ІІ загадаў атруціць Бону. Прысуд здзейсніў асабісты лекар Боны Ян Антоніа, падкуплены іспанскім каралём.
Памерла Бона ў 63-гадовым узросце ў поўнай адзіноце. Яе пахавалі даволі сціпла. Любімы сын, дзеля якога маці згубіла давер і павагу ў магнатэрыі і шляхты, так і не дараваў ёй нават пасля смерці. Ён не прыехаў на пахаванне. Цела каралевы спачатку паклалі ў замкавую капліцу, і яно ледзьве не згарэла, калі труна ўспыхнула ад полымя свечак. Тады дачка Боны Ганна Ягелонка, жонка Семіградскага князя Стэфана Баторыя, будучага караля Рэчы Паспалітай, заказала для маці багатае надмагілле, якое да нашых дзён захавалася ў базіліцы Святога Мікалая ў Бары. Каб замацаваць памяць пра сваю вялікую маці, Ганна Ягелонка загадала надаць былому ўладанню Боны - Пружанам - магдэбургскія прывілеі і статус горада, герб якога вельмі нагадвае міланскі радавы герб Сфорцаў.
Так скончылася жыццё адной з самых незвычайных і загадкавых жанчын у гісторыі: каханай жонкі-прыгажуні, цудоўнай і клапатлівай маці, нядобразычлівай свякрухі, мудрага дзяржаўнага дзеяча і паспяховай рэфарматаркі. І як кажуць старажытныя: "Multi sunt vocati, pauci vero electi" - Шмат пакліканых, але мала абраных.