У апошнія дзесяцігоддзі значна ўзрасла цікавасць навукоўцаў да вясковых святынь як культурнай з'явы "народнага хрысціянства". Такія святыні ўключаюць комплекс прыродных (крыніца, камень, узгорак, дрэва) і штучных (крыжы, капліца, могільнік) аб'ектаў. Статус іх сакральнасці звычайна бярэ пачатак з глыбокай старажытнасці, а элементы хрысціянскай дагматыкі і абраднасці тут другасныя. Кожны такі аб'ект мае свой прыход і свайго даглядчыка, які ў савецкія часы нават замяняў святара.
На дадзены момант (на сярэдзіну 2013 г.) сабрана інфармацыя больш чым пра тры сотні такога кшталту вясковых святынь. Гэта звесткі пісьмовых крыніц, дадзеныя навуковай і краязнаўчай літаратуры, перыядычных выданняў і вынікі 130 экспедыцый Этна-гістарычнага цэнтра "Явар" ( пачынаючы з 2000 г., здзейсненых за кошт удзельнікаў).
Дзесятая частка такіх святынь мае назву Прошча. У асноўным яны прыпадаюць на тэрыторыю Паўночнага Палесся, але ёсць і ў іншых раёнах: Мсціслаўская Прошча [22, с. 58--59], Каханавіцкая Прошча ў Верхнядзвінскім р-не [27, с. 664], Хочанкава Прошча ў Слаўгарадскім р-не [56, с.153] і інш. Прошчы сустракаюцца на Украіне [19,с. 49] і ў Расіі [4,с.317].
Калі з'явілася назва Прошча ў адносінах да святынь народнага хрысціянства, дакладна невядома. У 1624 г. Актавыя кнігі Слуцкага замка ўжо згадваюць в. Прошчыцы каля горада [2, с. 268-271]. Яшчэ ў пачатку ХХІ ст. каля гэтай вёскі крыніцу называлі Прошча. У 1732 г. маёнтак Прошчыцы існаваў на тэрыторыі Наваградскага ваяводства [1, с. 534-536]. У 1786 г. крыніца-калодзеж пад назвай Прошча згадваецца на балоце паблізу маёнтка Зарэчча Полацкага ваяводства [7, с. 217].
Ужо назапашана значная бібліяграфія па вызначэнню тэрміна Прошча. У сярэдзіне ХIХ ст. П. Шпілеўскі пісаў: "Прошча - месца, дзе звярталіся да святой заступніцы з просьбай або малітвай. Яны з'явіліся на тых месцах, дзе ў даўнейшыя часы здзяйсняліся розныя язычніцкія службы і ахвярапрынашэнні" [52, с. 90-91]. У 1870 г. І. І. Насовіч пісаў: "Прошча - асвечанае месца пры крыніцы з пастаўленым распяццем ці капліцай з абразом. У дзень Прэпалавення, або падобнага свята, туды з царквы робяць хрэсны ход" [28, с. 535]. У 1870-я гады С. Максімаў падкрэсліваў, што "Прошчы знаходзяцца пад асобай апекай Св. Пятніцы, але не той, святой грэчаскай царквы, а другой -- сваёй, якую паказваюць у выглядзе драўлянай скульптуры" [21, с.429].
Шмат увагі прошчам надаваў М. Янчук падчас сваёй экспедыцыі па Мінскай губерніі ў 1886 г. Ён пісаў: "Прошча - менавіта маленне аб "прашчэнні" (дараванні) грахоў з прынашэннем ахвяраванняў ў якім-небудзь святым цудадзейным месцы", а "ісці на прошчу"- значыць ісці на багамолле". Даследчык лічыў, што з прошчамі ў беларусаў звязаны язычніцкі культ месяца, які ўжываецца з хрысціянскімі дагматамі. Гэта праяўляецца ў пакланенні прошчам менавіта на маладзік, або ў маладзіковыя нядзелі [54, с. 11, 13, 72].
У канцы ХІХ ст. М. Вяроўкін, працуючы ў Віцебскім архіве, зрабіў выснову, што: "Прошча -- гэта азначанае месца хаджэння на багамолле" [7, с. 217, 220]. У пачатку ХХ ст. А. Сержпутоўскі пісаў: "Для збаўлення ад нямогласці агромністай папулярнасцю карыстаюцца прошчы (цудатворныя мясціны -- камяні, крыніцы, дрэвы)" [44, с. 29]. М. Доўнар-Запольскі падкрэсліваў: "Прошча - гэта ключ ці калодзеж, звычайна дзе-небудзь у лесе ці на балоце. Зрабіўшыся з якой-небудзь нагоды аб'ектам пакланення, такое месца вабіць да сябе паломнікаў. Кожны з іх пакідае на прошчы свае пасільныя дары - ручнік, пасму ільну. Дзяўчаты кладуць стужкі, або абвязваюць імі зруб калодзежа. Грошы кідаюць звычайна ў ваду. У такіх месцах хнеўзхабаве з'яўляюцца крыжы, ставяць абразы, будуюць капліцу" [11, с. 281].
М. Нікіфароўскі зазначаў: "Хадзіць на прошчу - на абетнае богамаленне ў шанаванае месца" [29, с.201]. Е. Раманаў пісаў: "Народ любіць хадзіць на суседнія храмавыя святы, "прошчы", у асаблівасці ў тыя цэрквы, дзе іконы лічацца цудатворнымі. Туды ідуць па зароку і нясуць ахвяраванні, у адпаведнасці з часам: сала, хатніх жывёл і птушак, мёд, хлеб, лён, воўну, сувоі, воск, пярсцёнкі, грошы ..." [23, с. 35].
Вялікая цікавасць да прошчаў сярод навукоўцаў назіралася ў 1920-ыя гады. У 1925 г. краязнаўчы зборнік "Віцебшчына" надрукаваў анкету па зборы звестак пра помнікі старажытнасці дзе засяроджвалася ўвага на выяўленні месцаў з назвай "Прошча" [36, с. 121-124]. На наступны год падобную анкету ў краязнаўчым часопісе "Наш край" надрукаваў этнограф М. Мялешка. Вучоны засяроджваў увагу на формах ушанавання прошчаў і дням (святам) пакланення [26, с. 43]. У 1926 г. вызначэнне слова "прошча" прыведзена ў Беларуска-расійскім слоўніку - "Прошча - цудатворнае месца (калодзезь са святой вадой); паломніцтва да гэтага месца [3, с. 251]. Потым М. Каспяровіч у "Віцебскім краёвым слоўніку" адзначаў: "Прошча - гэта богамолле" [18, с. 250].
Затым доўгія гады назва "Прошча" увогуле не згадвалася ў літаратуры. І толькі ў 1980 г. "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (у 5-ці тамах) пад рэдакцыяй К. Крапівы прыводзіць вызначэнне: "Прошча -- месца (крыніца, камень і падобнае) надзеленае, паводле ўяўленняў веруючых, надзвычайнай сілай [31, с. 402]. З тых часоў пра прошчы ўжо згадваюць розныя энцыклапедыі [14, с.374-376].
Існуюць і другія лакальныя тлумачэнні слова "прошча": - свянцоны хлеб [46, с. 116], асобны від павучанняў, якія гаварылі на пахаваннях [38, с. 165-166]; назва нядзелі Сырнага тыдня, які пачынаецца "прашчэннем" (дараваннем) людзям іх зграшэнняў [53, с. 589].
Падчас экспедыцый Этна-гістарычнага цэнтра "Явар" таксама быў зафіксаваны шэраг тлумачэнняў назвы "Прошча". Так, у в. Прошыка (Прошчыца) Крупскага р-на ў 2001 г. мясцовая жыхарка А. М. Скумская (1914 г.н.) назву крыніцы Прошча патлумачыла тым, што "раней тут жылі бедна і прасілі ў людзей хлеба". У гэтым жа годзе ў в. Прошчыца Слуцкага р-на, якая згадваецца ў дакументах з 1624 г., настаўніца беларускай мовы і літаратуры А. У. Уласевіч расказала мясцовае паданне пра крыніцу Прошча : "Калісьці ў суседняй вёсцы жыў пан, і яго дачку звалі Прошча. Яна папрасіла бацьку пабудаваць дом, выйшла замуж і жыла тут. Ад таго і назва в. Прошчыца, а крыніцы -- Прошча". У 2004 г. у в. Заазер'е Акцябрскага р-на і в. Хутар Светлагорскага р-на пра паходжанне назваў "Прошча" людзі казалі, што завуцца яны так ад таго, што сюды ідуць прасіць у Бога "прашчэння" (прабачэння). У в. Любонічы Кіраўскага р-на ў 2005 г. па словах В. А. Лазаковіч (1925 г.н.) было занатавана, быццам назва "Прошча" паходзіць ад таго, што нейкі багаты лясны стражнік выгнаў служанку. Потым на гары яму аб'явіўся абраз. Ён забраў яго дадому, але той зноў апынуўся на гары. Тады стражнік пабкдаваў на гары царкву і назваў гэта месца Прошча. Такім чынам, прасіў "прашчэння" (даравання) за свой учынак.
Усяго ўдалося сабраць інфармацыю пра 34 пункты, якія маюць назву "Прошча" ці блізкія да яе. Экспедыцыі Этна-гістарычнага цэнтра "Явар" пабывалі на 15-ці прошчах. Выявілася, што восем з іх дзейнічаюць і сёння. Сем прошчаў знішчаны ў савецкія часы, але памяць пра іх ў народзе добра захавалася. Пра самую раннюю з васьмі дзейсных прошчаў інфармацыя ёсць пра Крывіцкую або Куніцкую прошчу каля в. Крывічы Салігорскага р-на. У 1853 г. яе апісаў П. Шпілеўскі менавіта пад назвай Прошча. У той час на ўзгорку стаяла драўляная цэркаўка, а побач каплічка без дзвярэй і з адным акенцам. У каплічцы захоўвалася копія абраза з арыгінала, які быў у царкве. Вакол ужо тады быў могільнік з каменнымі і высокімі драўлянымі крыжамі. Вылучаліся і сляды курганных пахаванняў. Сюды збіралася шмат людзей менавіта ў маладзіковыя нядзелі [52, с. 90--91]. Экспедыцыя "Явара" наведала прошчу на праваслаўны Вялікдзень ў 2008 г. На месцы некалі разбуранага храма стаялі тры вялікія драўляныя крыжы, пакрытыя двускатным дахам. Каля кожнага крыжа прымацаваны ахвярны столік. Захаваліся камяні ад падмурка храма, і з часам зарадзілася традыцыя менавіта на Вялікдзень пакрываць гэтыя камяні белымі абрусамі.
Як пра адну з ранніх можна гаварыць пра Любоніцкую Прошчу ў Кіраўскім р-не на Святой або Дзявіч-Гары. Назву Дзявіч-Гара яшчэ ў 1822 г. зафіксаваў З. Даленга-Хадакоўскі [12, с. 161]. Потым ў 1864 г. Мікалай-архімандрыт зазаначыў, што тут ў 1839 г. была пабудавана Багародзіцкая царква [30, с. 239]. "Памятная книжка Минской губернии на 1878 год" называе Дзявіч-Горскую царкву як прыпісную да Любоніцкага храма [37, с.109]. Некалі сюды хадзілі ў Правадную Нядзелю хрэсным ходам, а абракаліся ў маладзіковыя нядзелі. У другой палове 1930-х гадоў царква была разбурана, але людзі працягвалі хадзіць на святое месца. Камуністы рабілі засады і з каламі накідваліся на веруючых. Тады людзі сталі дамаўляцца і кожны год збіраліся на прошчы ў розныя святы. Цяпер хрэсны ход з Любоніцкай царквы ідзе на прошчу на другі дзеень Тройцы. На гары стаяць крыжы і ахярны столік, а непадалёк Жываносная крыніца.
У 1868 г. прошчу каля в. Заазер'е Акцябрскага р-на пад назвай Рудабельская Прошча апісаў святар С-цоў у газеце "Минские губернские ведомости" [49, № 50]. У 1878 г. пра яе ўзгадана ў "Памятной книжке Минской губернии" [37, с.112]. У 1893 г. яе апісваў М. Доўнар-Запольскі [10 с. 419-425]. У 2012 г. паданні пра прошчу надрукаваў А. Рогалеў [40, с.88]. Гэта прошча ўключала камень са следам Багародзіц, крыніцу і Заазерскае возера, а непадалёк яшчэ і святы дуб. Урочышча звалі не толькі "Прошча", але яшчэ і "Камень". Пра прошчу шмат паданняў (камень сам прыкаціўся, камень ад падмурка царквы выкаціўся ў возера, дзе затанула вёска). Цяпер на Тройцу сюды ідуць хрэсным ходам з г.п. Акцябрскі. Экспедыцыя "Явара " наведала прошчу ў 2004 г. На гэты час над крыніцай быў узведзены новы зруб і навес, а побач складзены кавалкі нейкага каменя.
Прошча каля в. Будча ў Ганцавіцкім р-не згадваецца ў 1879 г. у кнізе " Описание церквей и приходов Минской Епархии. Слуцкий уезд".Там гаворыцца пра Успенскую царкву ў лесе ва ўрочышчы "Царкавішча" або "Ізбійскі Бор". Паводле падання, на гэтым месцы нейкаму селяніну ў сне аб'явілася ікона Найсвяцейшай Багародзіцы [33, с.94-96]. Апісанне прошчы змешчана ў некалькіх сучасных публікацыях [41, с. 258-261; 42, с.15]. Экспедыцыя "Явара" наведвала прошчу ў маі 2006 г. і на свята Успення (Прачыстую) ў 2010 г. На Успенне на прошчы адбывалася богаслужэнне, і прысутнічала шмат людзей з усіх навакольных вёсак. Удалося зафіксаваць і вельмі архаічнае паданне, дзе гаворыцца, што згубіўся вол (конь), а потым знайшоўся на гэтым месцы. Таму яно і лічыцца святым.
Шмат інфармацыі пра Прошчу, што каля в. Шчыткавічы Старадарожскага р-на. Упершыню яе апісаў І. Сербаў у працы "Беларусы-сакуны. Краткий этнографический очерк". Паводле падання, тут, ва ўрочышчы Барысаў Гай, аб'явілася Божая Маці [43, с. 42--47]. У 1929 г. пра яе пісаў слуцкі краязнавец У. Мікіцінскі. Ён зазначаў, што тады ў кожную маладзіковую нядзелю прыязджаў поп, і адбывалася богаслужэнне [25, с. 40-41]. Пра паклонную сасну на гэтай прошчы ў 1933 г. узгадваў Н. Нікольскі [31, с.23]. Экспедыцыя "Явара" пабывала на прошчы ў 2001 г. На лясным узгорку стаялі крыжы і некалькі надмагільных цэментных помнікаў. Адна са старых соснаў ў народзе лічылася святой, і з ямкі каля яе бралі пясок як лекавы сродак. Мясцовыя сцвярджаюць, нібыта гэты пясок дапамагае ад хвароб вачэй і жаночых хвароб. Раней на прошчу хадзілі ў маладзіковыя нядзелі. Цяпер на прошчу ходзяць на Радаўніцу.
Прошча Карытнае/ Коханава ў Асіповіцкім р-не дакладна існавала ў пачатку ХХ ст. і была знішчана ў 1924 г. [17, № 146]. Але, магчыма, гэта пра яе ўзгадваў Мікалай-архімандрыт у 1864 г. як пра Багародзічную царкву пры двары Замосін [30, с. 238]. Паводле падання, на гэтым месцы двум старцам-сляпцам аб'явілася ікона Божай Маці [16, с. 26-27]. Экспедыцыі "Явара" некалькі разоў наведвалі гэтую прошчу. Цяпер святкаванні і водасвяцце тут адбываюцца ў асноўным на Успенне (Прачыстую) 28-29 жніўня. Збіраецца вялікая колькасць паломнікаў, і прыязджаюць святары з навакольных храмаў і з Мінска.
Дзве прошчы, дзе пабывалі экспедыцыі "Явара" узніклі ў сярэдзіне ХХ ст. Гэта святыні каля в. Хутар Светлагорскага р-на і в. Морач Салігорскага р-на. Яны знаходзяцца ва ўрочышчах Прошча або Царкавішча. Каля в. Хутар прошча з'явілася на месцы былой царквы, разбуранай ў 1936/37 гг. Агляд мясцовасці дазваляе меркаваць, што гэтае месца магло быць паклонным яшчэ з часоў язычніцтва. Узгорак, дзе месціцца святыня, знаходзіцца сярод балот, і да яго вядуць сцежкі ад усіх навакольных вёсак, што размешчаны на даволі вялікай адлегласці. Побач з прошчай у старой дубраве курганны могільнік, а каля ўзгорка былі некалі крыніца і камень-следавік.
Упершыню пра прошчу стала вядома ад мясцовых краязнаўцаў. Экспедыцыя "Явара" пабывала тут у 2004 г. на Тройцу. Менавіта ў гэты дзень сюды збіраюцца людзі, каб апрануць крыжы, якіх на прошчы больш за дваццаць. Прычым кожны род мае свой крыж. На крыжы вешаюць ручнікі, фартушкі, стужкі, хусткі, на перакладзіны кладуць цукеркі і печыва. Потым кленчаць і моляцца. Калі ставяць новы крыж, то робяць гэта менавіта апоўначы. Паводле падання, уначы на ўзгорку можна ўбачыць агеньчыкі. Гэта знак таго, што тут закапана золата. У 2007 г. на прошчы пабывалі журналісты газеты "Культура" і апісалі яе [50, с.10-11].
Назва "Прошча" замацавалася і за месцам былой царквы (Уваскрасенскай?) у в. Морач Салігорскага р-на. Крыжы тут пастаўлены на месцы алтарнай часткі, а дзе была капліца - расце дуб, які апэрэзваюць фартушкамі. На прошчу ходзяць па розных святах, моляцца Богу, спяваюць духоўныя песні [39, с.189]. Экспедыцыя "Явара" была тут ў 2001 г. і зафіксавала, што мясцовыя жыхары прыходзяць на прошчу як у звычайную царкву, моляцца і абракаюцца.
Як было зафіксавана падчас экспедыцый, на пяць святынь разам з паломнікамі хадзілі і святары. Гэта ў вёсках Крывічы, Любонічы, Будча, Заазер'е і Карытнае, а ў Шчыткавічы, Хутар, Морач - толькі паломнікі.
Адзначана, што сем святынь ужо не дзейнічаюць. Гэта названая вышэй прошча (крыніца) у в. Прошчыцы каля Слуцка, тым не менш, саму зарослую крынічку яшчэ могуць паказаць. Ад самай знакамітай прошчы Случчыны - Еўліцкай прошчы, што каля в. Еўлічы, засталася толькі памяць, а на яе месцы цяпер поле. Пра яе пісалі М. Янчук 54, с.12], А. Сержпутоўскі 45, с. 217-218]. Паводле А. Сержпутоўскага, на гэтым месцы Багародзіца аб'явілася дзяўчынцы 8-9 гадоў і сказала паставіць крыж. Потым дзяўчынка памерла, а паломнікі пабудавалі царкву. Людзі ішлі сюды ў першую маладзіковую нядзелю. Першы раз святыню знішчылі ў 1930-я гады. У часы вайны яна была адноўлена, пастаўлены вялікія крыжы. У 1962 г. крыжы знішчылі, і засталася толькі людская памяць (занатавана "Яварам" у 2001г.).
Яшчэ ў 1861 г. "Памятная книжка Могилевской губернии" ўзгадвала ў мястэчку Свержань на Рагачоўшчыне Прашчэнскую капліцу над крыніцай пры рацэ Рэкоцін. На Узнясенне хрэсны ход ішоў ад касцёла да гэтай крыніцы, і там праходзілі вялікія кірмашы (ярмалкі) [24, с.13]. У 2009 г. экспедыцыя "Явара" наведала Свержань. Гэта ўжо знікаючая вёска, але пра былую веліч колішняга мястэчка гавораць рэшткі мураванай царквы, узведзенай у 1864 г. на месцы былога уніяцкага храма. Традыцыю хрэсных працэсій на Прашчэнскую крыніцу пераняла праваслаўная царква. У 1860-я гады над крыніцай згадваецца драўляная капліца. Паводле падання, на гэтым месцы аб'явіўся цудатворны абраз [35, с. 119--120]. Цяпер крыніца зарасла, і знайсці яе цяжка, але людзі старэйшага пакалення памятаюць, што да крыніцы, якую называлі Святы Калодзеж ці Капліца, хадзілі і кідалі туды манеты і пацеркі.
У 2001 г. экспедыцыя "Явара" пабывала ў в. Прошыка (Прошчыца) Крупскага р-на, на беразе воз Селява. Звестак пра прошчу не было, але прываблівала назва вёскі. І, сапраўды, аказалася, што тут ёсць крыніца Прошча. Раней была каплічка, і штогод на свята Пятра і Паўла па праваслаўнаму абраду прыязджаў святар асвячаць ваду, ладзіліся вялікія фэсты. Але ў 1936/37 гг. прошчу знішчылі.
Цэркаўку-прошчу памятаюць ў в. Карма Уздзенскага р-на. У царкве ўшаноўвалі драўляную скульптуру нейкага святога, і каля царквы была крынічка [9, 24чэрвеня]. Святыня знішчана ў 1930-я гады.
Восенню 2012 г. у в. Семежава Капыльскага р-на старажылы ўспаміналі, што нізіннае месца каля луга некалі называлі Прошча, але ўжо больш нічога сказаць не змаглі.
У 1920-я гады каля г.п. Арэхаўск Аршанскага р-на адзін з заліваў Пляханаўскага возера звалі Юр'еўская прыстань, і там дзейнічала Юр'еўская Прошча. Побач захаваўся курганны могільнік, быў камень-следавік. На свята Юр'я адбываліся вялікія кірмашы [6, с. 65].
Ужо ніякіх слядоў не захавалася ад некалі шырокавядомай прошчы каля в. Пярэжыр Пухавіцкага р-на. Яна згадваецца ў 1879 г. ў выданні "Описание церквей и приходов Минской Епархии. Игуменский уезд" [34, с.102]. Потым пра яе пісаў М. Доўнар-Запольскі [10, с.423; 11, с. 281], а затым А. Багдановіч [5, с. 23-24]. У 1980-я гады прошчу даследваў геолаг Э. Ляўкоў, які вёў пошукі знакамітых паклонных камянёў Мар'я і Дзям'ян. У 1992 г. ён надрукаваў сабраныя звесткі ў кнізе "Маўклівыя сведкі мінуўшчыны". На прошчы была царква і каля яе камень Мар'я вышынёй крыху больш за метр, а порбач ахярны камень з паглыбленнем. Камень Дзям'ян ляжаў на аддаленні. На прошчу хадзілі на маладзік, Спас і на Прачысту. Абрад пачынаўся перад каменем Мар'я: яму раскладалі падарункі (абракаліся). Потым тройчы на каленях абыходзілі вакол цэркаўкі і ўкленчыўшы падыходзілі да стода, цалавалі яго, прасілі дапамогі. Яшчэ ў першай траціне ХХ ст., як і ў канцы ХІХ ст. каменю неслі жывых парсюкоў, сала, яйкі, ручнікі, хусткі, палатно, хлеб, грошы. У каменя прасілі пазбавіць хвароб, даць нарачонага, добры ўраджай.
Э. Ляўкоў занатаваў дзве легенды пра Пярэжарскую прошчу. Паводле адной з іх, на Вялікдзень Дзям'ян пайшоў араць поле, а Мар'я прынесла яму есці. За працу ў святочны дзень Бог ператварыў грэшнікаў, а таксама быкоў і сабаку ў камяні. Паводле другой легенды, Дзям'ян і Мар'я ратаваліся ад патопу і плылі на лодцы. Каля прошчы, якая ўзвышалася сярод вады, іх прыбіла да берага. Уцекачы маглі выратавацца, але толькі з умовай: пакуль не спадзе вада, нельга азірацца. Раптам недзе ззаду грымнуў пярун, яны азірнуліся і адразу ж скамянелі [20, с.90-92].
Яшчэ дакладна не лакалізавана месца некалі знакамітай Вызнянскай Прошчы ў Салігорскім р-не (цяпер в. Чырвоная Слабада). Пра гэту святыню пісаў А. Сержпутоўскі ў 1908 г. [44, с.25--33] і ў 1930 г. [45, с. 25-33, 216-217]. На прошчы некалі быў камень "Божая Ножка". Паводле падання, каля каменя адной, а потым і другой жанчыне аб'явілася Божая Маці і прасіла, каб на камені, дзе яна сядзела, зладзілі прошчу. Так і сталася, потым сюды хадзілі ў першую маладзіковую нядзелю.
Канкрэтна пакуль яшчэ не лакалізавана і Лісічанская Прошча. У 2001 г. удалося пачуць ад мясцовага насельніцтва, што недзе каля Лісічанскай Пушчы (в. Лісічаны Крупскага р-на) ёсць прошча. Некаторыя гаварылі, што дадзеная прошча недзе пад Новалукомлем. Надзея знайсці гэтую святыню ёсць. Паводле "Списка населенных мест Могилевской губернии" (1910 г.) в. Прошчыцы была каля возера Гузонін былога Шаўраўскага прыходу і адносілася да пошты мястэчка Чарэя [48, с. 73]. Цяпер гэта на тэрыторыі Чашніцкага р-на.
Вартая ўвагі назва в. Прошкава ў Глыбоцкім р-не. Там ёсць Залатая Горка, на ёй стары могільнік і драўляная каплічка [13, № 757]. Паводле публікацый, вядома, што ў пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Грэскай воласці на Случчыне былі засценкі Прошчын-І і Прошчын-ІІ, в. Прошкі да 1973 г. існавала ў Шаркаўшчынскім р-не, а в. Прошкі яшчэ існуе і цяпер у Верхнядзвінскім р-не.
М. Янчук ў 1886 г. па сваіх назіраннях па Мінскай губерніі да прошчаў залічыў яшчэ пяць вясковых святынь: Сянежыцы Наваградскага р-на, Святую Гару каля вв. Верхлес/Гудавічы Чэрвенскага р-на, крыніцу ва ўрочышчы Вольск каля Качэрычаў (цяпер г.п. Кіраўск), крыніцу каля Ракава Валожынскага р-на і Мар'іну Горку [54, с.15-17]. Пра гэтыя святыні ёсць і іншыя згадкі ў літаратуры: пра Верхлес [15, с. 70-73], пра урочышча Вольск [30, с. 237], пра Ракаў [30, с.3--10]. Найбольш інфармацыі пра Мар'іну Горку. Паводле Мікалая-архімандрыта, Мар'інагорская ікона аб'явілася нейкаму Сідару. Яна вылечыла яго і загадала паставіць крыж і царкву на гары. Сюды пайшлі паломнікі і ў 1871 г. на прынашэнні багамольцаў пабудавалі царкву (пячорная царква была ў гонар Найсвяцейшай Багародзіцы, а верхняя -- у гонар князя Аляксандра Неўскага) [32, с. 13-17; 8, с. 71-82].
Магчыма, прошчай з'яўлялася і Святая Гара або Мір-Гара каля в. Сорагі на Случчыне [47, с.25]. Але ўсе гэтыя святыні патрабуюць больш дэталёвага даследавання.
На прошчы хадзілі і праваслаўныя, і католікі. Як ужо ўзгадвалася, у Свержані Рагачоўскага р-на спачатку на прошчу ішоў хрэсны ход ад касцёла, а потым традыцыя перайшла да праваслаўнай царквы. Паводле выдання "Slownik Geograficzny Ziem Polskich", у 1888 г. в Прошчыцы Слуцкага р-на ўваходзіла ў каталіцкую парафію, а ў в. Прошкава Глыбоцкага р-на на могілках была каталіцкая капліца [59, s. 63-64]. Пры аглядзе старых могілак на Крывіцкай Прошчы ў Салігорскім р-не ў 2008 г. зафіксаваны каменныя надмагіллі і каменныя крыжы з надпісамі лацінскімі літарамі.
Варта звярнуць увагу і на адносіны царквы да прошчаў. У многіх месцах святары насцярожана ставіліся да ўшанавання прыродных святынь. Так, у Заазер'і Акцябрскага р-на (на Рудабельскай Прошчы) яшчэ ў 1868 г. па просьбам святароў паліцыя не раз разбівала святы камень, але вернікі складалі яго, і ён карыстаўся яшчэ большай папулярнасцю. Тады над камнем пабудавалі капліцу [49, № 50 ]. Па звестках М. Янчука, у 1880-я гады ў Еўлічах на Случчыне святар не прызнаваў прошчу, і, калі ён раптоўна памёр, то людзі палічылі гэта карай за тое, што ён не хацеў ісці на святое месца [54, с.12].
Аналіз сабраных звестак пра прошчы паказвае, што ў асноўным іх узнікненне звязана з паданнямі пра з'яўленнем на гэтым месцы абраза Божай Маці ці самой Божай Маці. Абраканні звычайна адбываліся на маладзік або ў маладзіковыя нядзелі, што звязана з культам месяца. Малітоўныя звяртанні да маладога месяца шырока вядомы ў фальклоры многіх народаў і ў першую чаргу адносяцца да лекавай магіі [57, р.487]. З прыняццем хрысціянства на тэрыторыі Беларусі, як элемент праваслаўнай і каталіцкай веры, шырока распаўсюдзіўся культ Божай Маці [58, с. 137-141]. Менавіта ў прошчах назіраецца спалучэнне архаічнай формы пакланення маладому месяцу і хрысціянскага культу Божай Маці - культу, які, хутчэй за ўсё, з'яўляецца трансфармацыяй старажытнага жаночага боства.
ЛІТАРАТУРА:
1. Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссией. -- Т. 12. Акты главного Литовского трибунала. -- Вильна: в тип. Губернского Правления, 1883. -651с.
2. Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссией -- Т. 18. Акты о копных судах. -- Вильна: в тип. Губернского Правления, 1891.-577с.
3. Байкоў, М. Беларуска-расійскі слоўнік / М. Байкоў, С. Некрашэвіч. - Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925.- 356с.
4. Бернштам, Т. А. Приходская жизнь русской деревни (Очерки по церковной этнографии) // Т. А. Бернштам. -Спб: Российская Академия наук. Музей антропологии и этнографии им. Петра Великого (Кунсткамера), 2007.-413с.
5. Богданович, А. Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Этнографический очерк /А. Е. Богданович.- Гродно: Губернская типография, 1895.-186с.
6. Васілеўскі, Д. З матар'ялаў да археалагічнай карты Аршанскай акругі /Д. Васілеўскі //Наш край, штомесячнік Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. -- Мінск, 1926.- №6-7 (9-10) - С. 64-67.
7. Веревкин, М. Записка об археологических памятниках Витебской губернии /М. Веревкин //Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне 1Х Археологического съезда. -- Вильна: Тип. А. Г. Сыркина, 1893.- С. 187-224.
8. Г. Игумен Минской губернии //Минские Епархиальные ведомости. 1888.- №3. Часть неофициальная.- С. 71-82.
9. Гаручы, В. Мінск - Зарэчча /В. Гаручы //Беларусь.-1920 - 24 чэрвеня.
10. Довнар-Запольский, М.В. Заметки по этнографии белорусов / М. В. Довнар-Запольский //Живая старина. Журнал о русском фольклоре и традиционной культуре. -- Вып. 3. - Спб, 1893.-- С. 419-425.
11. Довнар-Запольский, М. В. Исследования и статьи /М. В. Довнар-Запольский. - Киев: Издание А. П. Сапунова, Типография 1-й Киевской артели печатного дела. 1909. -- Т. 1.- 486с.
12. Доленга-Ходаковский, З. Донесения о первых успехах путешествия в России Зорияна Долуга-Ходаковского из Москвы 19 липца 1822 г./ З. Доленга-Ходаковский //Русский исторический сборник, издаваемый императорским обществом истории и древностей Российских / ред. проф. Погодін. --Т.7. - Москва: В Універсітетской тіпографіі, 1844.- 378с.
13. Дучиц, Л. В. Отчет об археологических раскопках и разведках на северо-западе Витебской области в 1891 году //Л. В. Дучиц //Архіў археалагічнай навуковай дакументацыі ДНУ "Інстытут гісторыі НАН Беларусі". -- Справа № 757.- 61с, 173іл.
14. Дучыц, Л. Прошча /Л.Дучыц., Э.Зайкоўскі., І. Клімковіч //Міфалогія беларусаў. Энцыклапедычны слоўнік. Мінск: Беларусь, 2011.- С. 374-376.
15. Зайкоўскі, Э. Камяні шмат аб чым гавораць /Э. Зайкоўскі //Мастацтва Беларусі. -1990 - № 1.- С. 70-73.
16. Зайкаўскі, Э. М. Жыватворныя крыніцы Беларусі /Э. М. Зайкоўскі, Л. У. Дучыц .- Мінск: Ураджай, 2001.-110с.
17. Камуніст (Бабруйская акруговая газета), -- 1924 год, -- № 146.
18. Каспяровіч, М. І. Віцебскі краёвы слоўнік А-Я. Матэрыялы /пад рэд. М. Я. Байкова, Б.І. Эпімах-Шыпілы. Інстытут беларускай культуры /М. І. Каспяровіч.- Віцебск: Заря Запада, 1927.- 372с.
19. Листопад, О. Феномен святых криниц /О. Листопад. -- Киев: Геопрінт, 2002.-73с.
20. Ляўкоў, Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны /Э.А. Ляўкоў. -- Мінск: Навука і тэхніка, 1992.-215с.
21. Максимов, С. В. Куль хлеба. Нечистая, неведомая и крестная сила /С. Максимов. - Смоленск: Фирма "Русич", 1995.-671с. (Факсимильное здание).
22. Максимов, С. Бродячая Русь Христа-ради. - Спб: Тіпография товарищества "Общественная польза". - 1877. - 465с.
23. Материалы по этнографии Гродненской губернии. -- Вып.1. /Под ред. Е. Р. Романова. -- Вильна: Изд. Управления виленского учебного округа, 1911.-237с.
24. Места, в которых в известные дни бывает большое стечение народа //Памятная книжка Могилевской губернии на 1861 г. -- Могилев: 1861.- С. 6-15.
25. Мікіцінскі, У. Дванаццаць дзён краязнаўчага вандравання / У. Мікіцінскі //Наш край. - Мінск, 1929. - №2(4).-С. 35-43.
26. Мялешка, М. Апытальны ліст да зьбірання народных вераванняў і прадстсаўленняў, звязаных з каменем, і вестак аб каменных помніках гісторыка-археналагічнай значнасці /М. Мялешка //Наш край. - Мінск, 1926.- №1(4) - С. 43-46.
27. Наблюдатель. Торжественное перенесение иконы священно-мученика Власия в село Стрелки Дрисенского уезда //Полоцкие епархиальные ведомости. -1908 - № 29 - С. 658-669.
28. Насовіч, І. І. Слоўнік беларускай мовы /І. І. Насовіч. - Мінск: Выдавецтва "Беларуская савецкая энцыклапедыя імя П. Броўкі", 1983 -756с. (Факсімільнае выданне паводле "Словарь белорусского наречия". -- Спб: Типография Императорской Академии наук. 1870).
29. Никифоровский, Н. Я. Полупословицы и полупоговорки, употребляемые в Витебской Белоруссии /Н. Я. Никифоровский ///Записки Северо-Западного отделения Императорского Русского Географического Общества. -- Кн. 1. - Вильна, 1910.- С. 197-207.
30. Николай-архимандрит. Историко-статистическое описание Минской Епархии / Николай -архимандрит. - Спб: В тіпографіі духовного журнала "Страннік",1864-315с.
31. Нікольскі, Н. М. Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераннях беларускага сялянства /Н. М. Нікольскі //Працы секцыі этнаграфіі. -- Вып.3.-- Мінск: Бел. АН. Інстытут гісторыі імя М. Н. Пакроўскага, 1933.-136с., іл.
32. О Мараинно-Горской церкви //Минские епархиальные ведомости. -- 1876. -- № 1, Часть неофициальная. -- С. 13-17.
33. Описание церквей и приходов Минской епархии. Слуцкий уезд) составлено по официально затребованным ри причтов сведениям). Минск. Типолитография Б. И. Соломонова. 1878-1879. Приложение к "Минским епархиальным ведомостям" за 1878-1879 гг.-272с.
34. Описание церквей и приходов Минской епархии. Игуменский уезд (составлено по официально затребованным от причтов сведениям), Минск: Типография Б.И. Соломонова, 1878-1879. Приложение к «Минским Епархиальным Ведомостям» за 1878-1879 гг. - 260с.
35. Опыт описания Могилевской губернии. В 3кн. Кн.2 (составлена по программе и под редакцией А. С. Дембовецкого). Репринтное издание. Могилев: АмелияПринт, 2008 - 1000с. ( оригинал. Могилев на Днепре, Типография Губернского правления. 1884).
36. Падручнік для збірання вестак аб камепнных помніках беларускай старасветчыны //Віцебшчына. -- Т.1. Неперыядычны орган Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства. / пад рэд. М. І. Касьпяровіча. -- Віцебск. Выд. Таварыства. -- 1925.- С. 121-124.
37. Памятная книжка Минской губернии на 1878 г. Ч.1. - Минск: Типография Губернского правления, 1878. -374с.
38. "Проща" или "подзякования" //Литовские епархиальные ведомости. - Вильня,1894. -- № 19.- С. 165-166.
39. Раманюк, М. Беларускія народныя крыжы /М. Раманюк. - Вильня: "Наша Ніва", Дзяніс Раманюк, 2000.-221с., іл.
40. Рогалев, А.Ф. Скрытый смысл географических названий, легенд и преданий (по материалам Беларуси) / А.Ф. Рогалев. - Гомель: Барк, 2012. - 207с., ил.
41. Савеня, В. Некаторыя аспекты гісторыі в. Будча ў люстэрку фальклорнай прозы /В. Савеня // Фалькларыстычныя даследаванні (Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі). Зб. Артыкулаў. -- Вып. 7. -- Мінск: РГВШ. 2010.-С. 258-261.
42. Сем цудаў Ганцаўшчыны. - Ганцавічы, 2011.- 18 с.
43. Сербов, И. А. Белорусы-сакуны. Краткий этнографический очерк /И. А. Сербов.//Сб. Отд. Русского языка и словесности Академии наук. -- Т.94. -- № 1. -- 1915. -180с., ил.
44. Сержпутовский, А. Очерки Белоруссии /А. Сержпутовский //Живая старина. Журнал о русском фольклоре и традиционной культуре. -- Вып. - 1908. -- С. 25--33.
45. Сержпутоўскі, А. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мінск: Друкарня Беларускай Акадэміі навук, 1930. -276с.
46. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. -- Т.4. / уклад. Ю. Ф. Мацкевіч і інш.; рэд. Ю. Ф. Мацкевіч. -- Мінск: Навука і тэхніка, 1984. - 616с.
47. Случчына. Першы зборнік Слуцкага таварыства краязнаўства. - Слуцк, 1930. - 42с.
48. Список населенных мест Могилевской губернии /под редакцией у. секретаря Губернского статистического комитета Г. П. Пожарова. -Могилев, 1910.- 250с.
49. С-цевъ, К. Пресвятой камень /С-цевъ //Минские губернские ведомости. Издание Минского губернского статистического комитета. -1868. - №50.
50. Старжынскі, А. "Хутар" як сінонім еднасці /А. Старжынскі, А. Спрынчан //Культура. -- 2007. -- № 14.-С. 10-11.
51. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы у 5 т. -- Т.4. / пад рэд. Верштарт Г. Ф., Прышчэпчык Г. М. -- Мінск: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1980-767с.
52. Шпілеўскі, П. М. Беларусь ў абрадах і казках / пераклад А. Вашчанкі. -- Мінск: Літаратура і мастацтва, 2010.- 303с.
53. Энциклопедический словарь / Под ред К. К. Арсеньева, Ф. Ф. Петрушевского. Изд. Ф. А. Брокгауз, И. А. Ефрон.-- Т. ХХVа. -- Спб., 1898.-497-958с., ил.
54. Янчук, Н. По Минской губернии (заметки из поездки в 1886году) /Н.А. Янчук. --. Москва: Типография А.Левенсон и К, 1889. -130с.
55. Ярмолович, В. С. Список населеных мест Минской губернии /В.Я. Ярмолович . - Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1909. - 231с.
56. Яшкін, І. Я. Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідранімія./І. Я. Яшкін. -- Мінск: Навука і тэхніка, 1971- 255с.
57. Jasiûnaite, B. Maldelės ą jauną mėnulis rytų lietuvos folklore: etnolingvistinis aspektas / B. Jasiûnaite //Baltistica. XLI(3). - 2006. P. 473-488.
58. Mironowicz A/ Kult ikon Matki Bożej na Białorusi //Białostocki przegląd kresowy. T. V.Dziedzictwo przeszlości kultur narodowych / Pod redakcią naukową J. F. Nosowicza. - Bialystok, 1996. -- S. 137-141.
59. Slownik Geograficzny Ziem Polskich. -- T. 9. -- W-wa, 1888. - 960s.
Даклад прачытаны на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў", якая адбылася ў НАН Беларусі (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры) 25-26 красавіка 2013 г.