Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Шмат сэнсаў Рэспублікі 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 04-10-2009,
Крыніца: Найясьнейшая Рэч Паспалітая: Цывілізацыя-Культура-Рэлігія-Палітыка-Авантура-Героіка-Успамін / Укладальнік Алег Дзярновіч. - Мінск: І. П. Логвінаў, 2007. (Кнігарня 'Наша Ніва'). С. 5-14..



Нашыя абшары

На захадзе гэтая дзяржава, Рэч Паспалітая, суседнічала з Брандэнбургам і Прусіяй, а на ўсходзе - з Расеяй. Вялікае Княства Літоўскае праз Інфлянты межавала са Швэцыяй. Польшча (ці, як яе называлі, Карона) суседнічала з габзбургскімі краінамі (Чэхія, Вугоршчына), а праз Дзікае Поле, Малдову і Сяміградзьдзе абедзве дзяржавы кантактавалі з Крымскім Ханствам ды Турэччынай. У часы найбольшага тэрытарыяльнага пашырэньня тэрыторыя Рэчы Паспалітай дасягала блізка 1 млн. кв. км. (990 000), зь іх на Вялікае Княства (ужо без украінскіх ваяводзтваў) прыпадала траціна: разам са Смаленшчынай у першай палове XVII ст. плошча ВКЛ складала 380 тыс. кв. км., а ад 1678 г. 306 тыс. кв. км. і ўжо не змянялася амаль стагодзьдзе, да падзелаў Рэчы Паспалітай.

Апроч уласна тэрыторыі Рэчы Паспалітай, у леннай залежнасці ад Польшчы ад 1525 г. знаходзілася Прусія. Ад 1561 г. у падвойным лене (Польшчы і ВКЛ) была Курляндыя (Заходняя Латвія). "Малыя" Інфлянты (Усходня-Паўднёвая Латвія) зьяўляліся кандамінімумам, г. зн. былі сумесным валоданьнем ВКЛ і Польшчы. У той ці іншай сувязі з Рэччу Паспалітай знаходзіліся румынскія княствы Валахія і Малдова. Увесь час не сьціхалі інтрыгі вакол чэска-нямецкай Сілезіі. Такім чынам, адміністрацыйны і палітычны ўплыў Рэчы Паспалітай пашыраўся па-за яе межамі.

Колькасьць жыхароў абедзьвюх дзяржаваў Рэчы Паспалітай, Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага, напрыканцы XVI ст. дасягала каля 7,5 млн. чалавекаў - у Эўропе ці навакол яе болей людзей жыло ў Францыі, Нямеччыне, Італіі, Расеі, Гішпаніі ды Турцыі. У першай жа палове XVII ст. колькасць жыхароў дасягнула 10 млн. Каля паловы зь іх складалі палякі. Перад Люблінскай уніяй (1569 г.) насельніцтва Вялікага Княства дасягнула 3 млн. Пасьля ж заключэньня ўніі, калі паўночна-ўкраінскія землі адышлі да Польшчы, у ВКЛ засталося жыць 2,6 млн. чалавекаў. Да сярэдзіны ж XVII ст. працягваўся пэрыяд дэмаграфічнага росту, у Літве і Паўночна-Заходняй Беларусі шчыльнасьць насельніцтва наблізілася да максімуму, які забясьпечваўся тагачасным узроўнем гаспадаркі - 16-20 чалавекаў на квадратны кілямэтар. На 1650 г. у Вялікім Княства пражывала 3,1 млн. чалавекаў, зь іх у Літве - каля 920-950 тыс. чалавекаў, у Беларусі - 2,1 млн. чалавекаў. Пасьля войнаў і дэмаграфічнага крызысу другой паловы XVII - пачатку XVIII ст. насельніцтва Рэчы Паспалітай зной пачало расьці і ў другой палове XVIII ст. дасягнула ўзроўню сярэдзіны XVII ст. Але ўсе пэрыяды ў рамках Рэчы Паспалітай колькасьць насельніцтва Польшчы пераважала над колькасцю жыхароў ВКЛ.

Вось так паводле зьнешніх прыкметаў выглядала дзяржава, утвораная ў выніку падпісаньня Люблінскай уніі 1 ліпеня 1569 г. Ад заключэньня ўніі выйгралі і прайгралі ўсе бакі. Вялікае Княства Літоўскае страціла ўкраінскія землі, але амаль цалкам пазбавілася ад набегаў крымскіх татараў і пагрозы маштабных вайнаў з Турэччынай. Пры дапамозе Польшчы ў Інфлянцкай вайне адбыўся пералом і як мяркуюць дасьледчыкі, менавіта ўнія дазволіла падоўжыць існаваньне Вялікага Княства на некалькі стагоддзяў. Вынікам жа рэалізацыі гэтай новай формы дзяржаўнасьць стала негвалтоўная палянізацыя грамадзства ВКЛ.

Польшча атрымала значныя тэрыторыі ў выглядзе зямель, што раней уваходзілі ў склад ВКЛ. Але "набыткам" стала таксама неспакойная мяжа з Расеяй. Празьмерна разрослыя тэрыторыі на паўднёвым-ўсходзе абяцалі новыя сутычкі з Крымам і Атаманскай Портай. Наперадзе былі казацкія войны. На Польшчу ж прыпалі асноўныя ваенныя выдаткі фэдэратыўнай дзяржавы.

Для нас жа важнае тое, што Рэч Паспалітая была створаная паводле тагачасных прававых нормаў носьбітамі грамадзянскіх правоў, якія тады належалі шляхце. І як бы мы не ацэньвалі далейшы лёс гэтай дзяржавы, якія б рахункі не выстаўлялі да яе лідараў і палітыкаў, як бы не захапляліся культурнымі набыткамі і праявамі патрыятызму, мусім прызнаць - Рэч Паспалітая таксама была дзяржаваю нашых продкаў. У такім разе ўсе прэтэнзіі мы прад'яўляем і да саміх сябе.


Што да тэрміну

Добравядомы тэрмін Рэч Паспалітая зьяўляецца адпаведнікам лацінскага словазлучэньня res publica, што можна перакласьці як "грамадзкая / публічная справа". У польскім перакладзе тэрмінам Rzeczpospolita з канца XV ст. звыкла сталі пазначаць польскую дзяржаву, хоць мяркуецца, што традыцыя ўжываньня лацінскага тэрміна ў такім кантэксце ідзе яшчэ з пачатку ХІІІ ст. У XV-XVІ стст. тэрмін Рэч Паспалітая выкарыстоўваўся і ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе ён меў значэньне дзяржавы як агульнай справы, агульных інтарэсаў і агульнага дабра. Жыгімонт Аўгуст у віленскім прывілеі 1565 г. так характарызаваў звароты да яго грамадзянаў ВКЛ: "Ижъ будечи нам Господарю (г. з. вялікаму князю - А. Дз.) на великом сойме вальном въ месте нашемъ столечномъ Виленскомъ... зо всимъ рыцерствомъ землъ всего панства Великого Князства Литовского, где прикладаючи потребы Речи Посполитое того панства нашого донесли просбы свое..." Ужо пасьля Люблінскай уніі 1569 г. назва Рэч Паспалітая была выкарыстана для пазначэньня супольнай дзяржавы, але зусім не зьяўлялася яе афіцыйным назовам, а тым больш палянізмам у беларускай мове, як некаторыя схільныя меркаваць. У расейскую мову словазлучэньне Рэч Паспалітая патрапіла менавіта зь беларускай.

Ці няма тут супярэчнасьці, што спадчынная манархія, якой у XV ст. яшчэ было Вялікае Княства Літоўскае, называецца Рэспублікай? І як разумець сумяшчэньне тытулаў караля ці вялікага князя з Рэспублікай? Ужо ў XVII ст. галяндзкі юрыст Гуга Гроцыюс пісаў, што ў Рэчы Паспалітай кароль атрымлівае ўладу пад пэўнымі ўмовамі і яго ўлада не зьяўляецца тым самым неабмежаванаю - гэтая "формула улады" ліквідуе Маестат (вялікасць) караля, функцыі якога, у выніку, нагадваюць прэзыдэнцкія. Зноў узьнікае пытаньне - ці справядлівыя асацыяцыі рэспублікі толькі з выбарнасьцю яе цэнтральных органаў улады? Відавочна, што сучаснае разуменьне тэрміну рэспубліка нельга цалкам прыкладаць да эпохі XV-XVІ стст.


Рэспубліка - гэта Сувэрэнітэт

Тэарэтычную завершанасьць у пачатку Новага часу канцэпцыя " res publica", як дзяржава, атрымала ў працах французкага юрыста XVI ст. Жана Бадэна (1530-1596; Jean Bodin, лацінізаваная форма Johanus Bodinius). Ён жа ўвёў у якасьці навуковага паняцьця і палітыка-прававога прынцыпу тэрмін "сувэрэнітэт", які застаўся зьнітаваны з паняцьцем рэспубліка. "Сувэрэнітэт ёсьць абсалютная і вечная ўлада Рэспублікі", - так Ж. Бадэн акрэсьліў гэтую сувязь у сваёй працы "Шэсьць кніг пра Рэспубліку" ("Six livres de la République"). Кніга пабачыла сьвет у 1576 г. па-французку, а ў 1584 г. аўтар сам пераклаў яе на лацінскую мову. Праца пра Рэспубліку стала галоўным творам Жана Бадэна і прынесла яму эўрапейскую cлаву.

Аўтар пісаў, што сувэрэнная ўлада Рэспублікі распаўсюджваецца на ўсё грамадзтва і гэтым самым мае публічна характар, зьяўляецца спэцыфічнай прыкметаю дзяржавы. "…варта бачыць у кожнай Рэспубліцы тых, хто трымае сувэрэнітэт, каб меркаваць пра тое, якая гэта дзяржава: у тым выпадку, калі сувэрэнітэт увасабляецца ў адным гаспадары, то мы назавем яго Манархіяй, калі да яго мае адносіны ўвесь народ, то мы скажам, што дзяржава зьяўляецца народнай; калі толькі меншая частка народу, мы будзем лічыць дзяржаву Арыстакратычнай". Дасьледчыкамі ўжо адзначалася, што словы "Манархія" і "Арыстакратычная" Ж. Бадэн пісаў з прапісных літараў, а "народная" - з малой. І гэта ёсьць сьведчаньнем прававой пазыцыі юрыста. Увогуле Ж. Бадэн дапускаў, што Сувэрэнітэт можа ўвасабляцца ў кожнай з названых ім форм кіраваньня. Але сам ён меркаваў, што пасьлядоўная і поўная рэалізацыя Сувэрэнітэту адбываецца толькі ў манархіі. Жан Бадэн - прыхільнік спадчыннай манархіі як вышэйшай формы Рэспублікі. Між тым, ён крытычна ставіўся да абсалютнай манархіі і называў тры фактары, якія могуць абмежаваць уладу манарха:

1) калі манарх парушыць Боскія ці натуральныя законы;

2) падвысіць падаткі без атрыманьня згоды адпаведных упаўнаважаных інстытуцыяў дзяржавы;

3) адмовіцца ад выкананьня міжнародных пагадненьняў.

Ж. Бадэн адышоў ад разуменьня палітычнай улады ў інтэрпрэтацыі выключна праз рымскае права і сярэднявечную практыку. Французкі юрыст крытыкаваў таксама антычных аўтараў за тое, што яны вылучалі формы дзяржаўнага кіраваньня на груньце ідэі Справядлівасьці, у той час як трэба зыходзіць з ідэі і прынцыпа Сувэрэнітэту. Паводле Бадэна Сувэрэнітэт зьяўляецца вытворным ад згоды народу (менавіта палітычнага народу) і ў той жа час сьцвярджаецца прымусам.

Такім чынам, Рэспубліка ў Бадэна адпавядае паняцьцю Сувэрэнітэт, і калі той толькі ўвасабляецца ў дзяржаве, то Рэспубліка адпавядае Дзяржаве, пажадана - манархічнай. Не выпадкова таму ў англійскіх выданьнях яшчэ XVII ст. Рэспубліку Бадэна перакладалі як "Commonweal" - у сэнсе "супольнасьць", "дзяржава".

Сваім вучэньнем пра сувэрэнітэт Ж. Бадэн стварыў стройную публічна-прававую канструкцыю новай эўрапейскай дзяржавы. Французкі юрыст валодаў рэалістычнай накіраванасьцю думкі, выхаванай старанным вывучэньнем "Палітыкі" Арыстоцеля, да якой Ж. Бадэн напісаў падрабязныя камэнтары. Менавіта пад уплывам Арыстоцеля ў Ж. Бадэна склалася ўсьведамленьне неабходнасьці параўнаўча-гістарычнага вывучэньня разнастайных форм дзяржаўнага кіраваньня з мэтаю стварэньня агульнага палітычнага вучэньня.


Экскурсавод па Парыжу для ліцьвінаў

Можна сьцвярджаць, што досьвед і гістарычныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага паўплывалі на фармаваньне канцэпцыі Жана Бадэна. На карысьць гэтага маюцца зьвесткі зь біяграфіі, а таксама выказваньні самога клясыка прававой думкі. Сам Бадэн часта адыходзіў ад чыста акадэмічных і тэарэтычных заняткаў. Моцны тэмпэрамент і прыродныя схільнасьці так ці інакш прыводзілі яго на шлях служэньня грамадзтву.

Калі ў 1573 г. пасольства Рэчы Паспалітай накіроўвалася да Генрыха Валуа, герцага Анжуйскага, каб пранаваць яму карону, то ў жніўні таго ж году ў Мэцы, непадалёку ад французкай мяжы, паслоў сустрэў і зачытаў ім прывітальную прамову біскуп Шарль дэ Кар. Пра палітычны народ (шляхту) Рэчы Паспалітай там было сказана, што ён "ніколі не зносіў тыраніі ніводнага ўладара, што бадай адзіны сярод народаў утрымаў старадаўняе права выбару караля, якое існавала яшчэ ў залатым веку". У акружэньне біскупа ўваходзіў і разам зь ім сустракаў паслоў Рэчы Паспалітай Жан Бадэн, які на наступны год апублікаваў тэкст прамовы па-французку. Французкія і польскія даследчыкі мяркуюць, што гэты тэкст для біскупа напісаў уласна Бадэн. І хоць выбарнасьць караля не была ідэалам Ж. Бадэна, але і вышэйпрыведзеная цытата адпавядае поглядам французкага юрыста на канцэпцыю Сувэрэнітэту як на паўнату ўлады і пераемнасьць права.

Ж. Бадэн суправаджаў паслоў Рэчы Паспалітай па шляху ў Парыж і знаёміў з гэтым горадам. Як мінімум, Бадэн выкарыстаў паслоў як крыніцу інфармацыі пра палітычны лад буйнейшай цэнтральна-эўрапейскай дзяржавы, пра што неаднаразова пісаў у сваёй працы "Рэспубліка". Таксама ён узгадваў імя Аляксандра Пронскага - прадстаўніка Вялікага Княства Літоўскага ў аб'яднаным пасольстве.

Князь Аляксандр Фрыдэрык Пронскі (каля 1550 - каля 1595), род якога паходзіў ад Рурыкавічаў, маладыя гады правёў пры двары французкага караля Карла ІХ, брата Генрыха Валуа. Што важна, ён вызнаваў кальвінізм і таму ўскосна быў уцягнуты ў барацьбу паміж католікамі і гугенотамі ў Францыі, а таксама рэпрэзэнтаваў пазіцыю пратэстантаў ВКЛ у перамовах з французкім каралеўскім домам. Нагадаем, што ўсяго толькі за год да прыезду пасольства Рэчы Паспалітай у Парыжы адбылася разьня пратэстантаў - Барталамееўская ноч (24 жніўня 1572 г.).

Імя Ж. Бадэна значылася ў сьпісе сьвіты будучага караля Генрыха ў Рэч Паспалітую, калі той у лютым 1574 г., пад час выключна халоднай зімы, прыехаў у сваю новую краіну. Ужо потым, пасля дэтранізацыі Генрыха Валуа, Ж. Бадэн настойліваў на легітымнасьці прэтэнзій французкага караля Генрыха ІІІ на трон Рэчы Паспалітай. У любым выпадку Жан Бадэн атрымаў магчымасьць досыць блізка пазнаёміцца з прававымі традыцыямі Рэчы Паспалітай, што паўплывала на распрацоўку яго канцэпцыяў. Усю сваю навуковую кар'еру Ж. Бадэн імкнуўся да сыстэматызацыі і ўпарадкаваньня: "...шматгранасьць ды неўпарадкаванасьць чалавечай дзейнасьць, шматлікія сьведчаньні гісторыі, у якіх дзеяньні і справы людзей павязаныя з пэўнымі заняткамі, уяўляюць сабой такі запас разнароднага матэрыялу, што гістарычныя працы ня могуць быць зразуметымі без выразнай сыстэмы, інакш іхны зьмест ненадоўга затрымаецца ў памяці".

Праца "Шэсць кніг пра Рэспубліку" выйшаў у сьвет праз два гады пасьля гісторыі з абраньнем на трон Рэчы Паспалітай і тайным ад'ездам адтуль 18-19 чэрвеня 1574 г. караля Генрыха.


Эвалюцыя тэрміну

Для юрыстаў XVI ст. тэрмін Рэспубліка меў маральна-прававыя асьпэкты, а не сымбалізаваў пра прынцып выбарнасьці кіраўніка дзяржавы. У 1588 г. у Статуце ВКЛ гэтае разуменьне было акрэсьлена наступным чынам: «Обачывали то усих веков люди мудрые, же в кождой Речи Посполитой чоловеку почстивому ничого не маеть быти дорожшого над вольность».

Эвалюцыя тэрміну прывяла да таго, што менавіта аспэкт выбарнасьці цэнтральнай улады (як рэалізацыя прынцыпу Сувэрэнітэту) замацаваўся за паняцьцем Рэспубліка. Найбольш выразна такое разуменьне Рэспублікі было сфармулявана на пачатку ХІХ ст. "апосталам" аб'яднаньня Італіі Джузэпэ Мадзіні, які ў сваім вучэньні зыходзіў з чыста спірытуалістычных ідэй. Бог зьяўляецца сьвету ў паступальным развіцьці і ўзвышэньні народаў. Выказьнікам Боскай волі зьяўляецца народ, а адзіная годная форма дзяржаўнага ладу - рэспубліка. Волевыяўленьне шляхам падачы галасоў - сьвятарны абрад, у якім народ выконвае сваё прызначэньне. Ня нейкі адзін чалавек, але ўвесь народ стане мэсіяй новага адкрыцьця.

На гэтым этапе тэрміналягічная трансфармацыя не спынілася. Сёньня мы маем прыклады многіх дзяржаваў, якія называюцца рэспублікамі, але зьяўляюцца звычайнымі дэспатыямі ці ваеннымі дыктатурамі. Іхныя ўладары кіруюць так, быццам бы яны перакананыя, што ніколі не памруць. Але наўрад ці ім удасца нас падмануць.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX