ПЛАЧ ПА ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ
(ДА ГІСТОРЫІ ТРАНСЛІТЭРАЦЫІ МЕТРЫКІ ВКЛ У 1777-1780-Х ГАДАХ)
Abstract: Aleh DZIARNOVIČ. Płač pa Vialikim Kniastvie (da historyi transliteracyi Metryki VKL u 1777-1780-ch hadach) [Lament on the Grand Duchy (To the History of the Transliteration of the Metrica in 1777 - 1780 th)] // METRICIANA: Daśledavańni i materyjały Metryki Vialikaha Kniastva Litoŭskaha. Vol. II (ATHENAEUM: Commentarii Historiae et Culturae. VIII, 2003). P. 33-54.
During 1747 - 1751 the Metrica of the Grand Duchy of Lithuania (GDL) was transported from Vilnius to Warsaw to the Royal Archive. January 10, 1777 Constant Council (Government of Commonwealth) has decided to begin copying of the Books of the Metrica of the 15-16 Centuries written in Old-Belarusian language. It was the transliteration from the Cyrillic into the Latin font. Copyists have created 29 large Volumes of new copies from 62 oldest Books of the Metrica of the GDL. These copies are saved in the Central Archive of the Ancient Acts in Warsaw (AGAD). The first Book of transliterated copies begins with the emotional and patriotic Foreword. The text hymns of the Grand Duchy of Lithuania, in it the concept of a heroic history of this country is represented. The Foreword was written by Antoni Korvin Kasakoŭski (Antoni Korwin Kossakowski) which supervised over a copying of the Metrica of the GDL. Analysing of the Kasakoŭski family, author comes to the conclusion that such an emotional feeling like patriotism may reduce in treachery.
Лішні раз пераконваешся ў невычарпальнасці тэмы Метрыкі. Дастаткова ўзяцца за здавалася б звыклы сюжэт, і абавязкова патрапіш на новыя для сябе факты і нечаканыя ўражанні. Так і цяпер, працуючы ўвесну 2002 г. [1] у Архіве Старажытных Актаў у Варшаве (AGAD), я вырашыў пазнаёміцца з транслітэраванай копіяй Метрыкі, зробленай у другой палове XVIII ст. [2] Маючы справу з матэрыяламі XVI ст. пераважна паводле копіі канца XVI - пачатку XVII стст., для мяне не паўставала асаблівай патрэбы вывучаць транслітэраваную версію. Але варта атрымаць хоць бы вонкавае ўражанне, пабачыць колеры і малюнкі ўступнай часткі, якая была ўведзеная ў копію Метрыкі ВКЛ яе перапісчыкамі.
Гісторыя перапіскі
На працягу 1747-1751 гг. Метрыка ВКЛ з Вільні была перавезеная ў Каралеўскі архіў у Варшаву, дзе разам з Кароннай Метрыкаю яна склала Таемны архіў - гэта значыць асобны, ведамасны. Паводле пастановы Пастаяннай Рады ад 10 студзеня 1777 г. у Варшаве пачалася перапіска кніг Метрыкі ВКЛ лацінскай графікай. Праўдападобна, што ў варшаўскіх канцылярскіх службоўцаў маглі ўзнікаць праблемы з чытаннем кірылічных тэкстаў, напісаных да таго ж скорапісам. Але Ірэна Сулкоўска-Курасёва звяртае таксама ўвагу на неабходнасць уніфікацыі прынцыпаў працы з Метрыкамі Кароннай і ВКЛ: "Obie Metryki - Koronna i Litewska - w drugiej połowie XVIII w. były wspólnie przechowywane i użytkowane, co wytworzyło między nimi powіązania kancelaryjne w postaci częściowej kopii Metryki Litewskiej i sumariuszy niemal całości tego zespołu wykonanych alfabetem łacińskim dla użytku kancelarii koronnej" [3].
Тады было створана 29 вялікіх тамоў новых копіяў з 62 найдаўнейшых кніг Метрыкі, якія сёння захоўваюцца ў Галоўным Архіве Старажытных Актаў у Варшаве (AGAD) [4]. Паводле старой варшаўскай нумарацыі (да 1787 г.) перапісаны Кнігі №№ 1-66, але пад час працы не былі створаныя копіі Кніг № 54 (паводле сучаснай валавой нумарацыі № 13), № 60 (№ 235) і № 64 (№ 236) [5]. Таксама Кніга № 2 з'яўляецца копіяй Кнігі № 1 [6], таму перапісваць асобна яе не мела сэнсу.
Цікавай падаецца ацэнка маштабаў працы самімі перапісчыкамі ў тэксце, які будзе аналізавацца ніжэй: "…jest ona [pracа - А. Дз.] poniekąd nudna, będzie długa, potrzebująca miejsca, ćiągu i pilnośći" [7]. Кіраўнік гэтай канцылярскай каманды не ўпэўнены, што яму ўдасца закончыць перапіску, але спадзяецца, што Кароль і Пастаянная Рада аддадуць яго наступцы загад завяршыць працу: "W[asza] K[rólewska] M[iłość] z Radą swoją nieustającą w Czas przyszły, spodzieję się że się zechce, temu, kto moje służenia miejsce zastąpi rozkazać kończyc". У іншым месцы сцвярджаецца, што заканчэнне працы па стварэнню копіі Метрыкі "należy zostawić czasowi".
З тэксту таксама вынікае, што перапісчыкі Метрыкі складалі адпаведную прысягу, дзе, праўдападобна, былі замацаваны абавязкі дакладна перадаваць тэкст дакументаў: "Tym czasem: Ja Wierny WKMśći Poddany, to czynie, doczego wiedzie mnie przyśięgła powinność".
Такая важная акцыя, як стварэнне копіі гаспадарскага архіва ВКЛ, была абстаўленая адпаведнай сімволікай. Службовец канцылярыі, што кіраваў стварэннем новых кніг-копій, размясціў у першай кнізе-копіі адмысловую прадмову. Апроч таго, уступны тэкст аздоблены партрэтам Караля Станіслава Аўгуста і пастаральнымі мініяцюрамі: сюжэтнымі сцэнамі "пастух вядзе карову на вадапой" і "вязанне снапа", а таксама выявай анёла. Invocatio (рэлігійнае прысвячэнне) і datum (вызначэнне часу стварэння дакумента), з якіх распачынаецца ўся прадмова, таксама размешчаныя ў дэкаратыўным картушы. Трэба прыгадаць, якая інтэлектуальная мода панавала ў другой палове ХVIII ст. - у эпоху Асветніцтва з яго прагрэсізмам і пачуццёвым сенсуалізмам. Такія лірычныя малюнкі арганічна глядзеліся ў афіцыйных паперах, спалучаючы гратэскавы рэалізм з дыдактызмам і сентыменталізмам.
Для мяне нечаканасцю стала тое, што пасля гэтых пастаральных сюжэтаў размешчаны моцна экспрэсіўны тэкст, які мае асобны загаловак - "Potomność". У гэтай Прадмове маецца акрэсленне канцэпцыі прававой дзяржавы ("Prawo gdzie w pogardzie, biedna tam Ojczyzna"), падаецца ідэал Караля і прынцыпаў кіравання краем ("Rzekniesz: nie mogł PAN sprawić zepsułego swiata. Nie mogł Praw władzy obok umieścić na swym stole. Dość zrobił: że ich więcej gryźć nie będą mole. Coż przeszłość zapomną się przekliną niedość na tem. Jeszcze się przed potomnym masz oczyszczać Światem… Że Kraju rząd był, prawa, w nieszczęśliwym stanie, łożył KRÓL zdrowie, skarby, by to wszystko sprawił"). Як бачым, нягледзячы на дыдактычныя мэты, сама Прадмова, асабліва ў сваёй прэамбульнай частцы, не пазбаўленая пэўнага герметызму.
Але сам тэкст больш прысвечаны былой славе: "O! Wieki! O! Czasy! Gdzie sąście! Kto was powróci! Kto was ośpiewa! Jak słodkie wasze wspomnienie!" Далей аўтар ужо не ўзмацняе сродкі моўнай выразнасці, але канкрэтызуе свае думкі: "Tej nieśmiertelnej Przeszłości, tych Czasów, w które Królowie, Narodu naszego, mając wszędy, nieodstępne boku swojego Rady, to wszystko, czynili Sami: Comocny, rozstropny, łagodny, pożyteczny, czyli na przyszłość, sprawiedliwy, bezpieczny, równy, albo, straszny, i ukazuiący Sąsiędzckiem Mocóm, rząd składa. O! Witoldzie! O! Jagiełło! O! Zygmuncie! Kazimierzu! Alexandrze! O! Wasze, i okolnych z Państwy Waszymi, Czasy!"
У спісе манархаў, слава часоў якіх беспаваротна знікла, падаюцца імёны толькі тых, хто ў канцы XIV - пачатку XVI стст. былі альбо выключна Вялікімі князямі Літоўскімі, як Вітаўт і Жыгімонт Кейстутавіч, альбо Вялікімі князямі Літоўскімі і Каралямі Польскімі, як Ягайла, Казімір, Аляксандр. У той жа час Ян Альбрэхт, сын Казіміра і старэйшы брат Аляксандра, не прыгаданы ў гэтым тэксце, бо ён меў годнасць Караля Польскага, але не Вялікага князя Літоўскага. Такім чынам, у сваім эмацыйна напружаным тэксце аўтар прадмовы апелюе да дзяржаўнай традыцыі Вялікага Княства Літоўскага і менавіта па Вялікаму Княству ўзносіць ён лямант.
Але не менш важныя ў гэтай дзяржаўнай традыцыі для аўтара прадмовы з'яўляюцца і зносіны з суседзямі - ідэалізаванымі вернымі саюзнікамі і васаламі: "O! Abdułłach Mendligierej, Aminiak, Murtazy, Jemir, Jamgurczy, Abłungierym, Szyhahmet, Tywikiel! Perekopscy, Nahayscy, Zawołgscy, Astarachańscy [, Kasimowscy] chańscy, Carowie, Ksiązęta! O! Woloszscy Stefanowie! I inni, w te Wieki graniczący! Raz dobrzy i spokojni sąsiedzi, raz Królow i Narodu naszego dannicy, hołdownicy, o pomoc przywrocenie do Dziedzictw swoich: O przytułek, w spomożenie zasilenie, błagający, raz na obronę Kraju naszego, z Ucznemi, Wojskami wywołani, walczący, i potne swoie konie w pobitych nieprzyiacioł namiotach uwiązujący!"
Магчыма, асобнага тлумачэння патрабуе выкарыстанне ў Прадмове азначэнняў "польскі" - "Poda Ci Polski dzieje", "potęgi ostrości Szabli Polskiej". І ў ранейшыя часы - у канцы XVI-XVII ст., слова "польскі" стала выконваць функцыю прыметніка да назвы федэратыўнай дзяржавы - Рэчы Паспалітай. Падобна, што найперш такая тэрміналогія замацавалася сярод суседзяў, а з фармаваннем адзінага шляхецкага стану была цалкам прынятая і ўнутры дзяржавы. Як аналогію можна прыгадаць прыметнік "брытанскі", які з пачатку XVIII ст. акрэсліваў не толькі Англію і Уэльс, а таксама і Шатландыю. У XVIII ст., у час стварэння Прадмовы да копіі Метрыкі ВКЛ, ліцвінская свядомасць як бы ўваходзіла ў ярусы шляхецкай ідэнтычнасці, якія вянчаліся агульнадзяржаўнай прыналежнасцю - польскай, - да Рэчы Паспалітай. Зрэшты, нейкія нутраныя супярэчнасці з-за супадзення агульнадзяржаўнага акрэслення і канкрэтнага этнічнага ўсё ж існавалі, што не магло быць фактарам кансалідацыі федэратыўнай дзяржавы. Зрэшты, і шатландцы сёння не называюць сябе брытанцамі.
Традыцыя Трэнасу
Экспрэсіўная вобразнасць прадмовы адсылае чытачоў да ўжо архаічнай у другой палове XVIII ст. традыцыі трэнасаў. Першапачаткова трэны (грэц. thrēnos - плач), фрэны, ляманты ствараліся як пахавальныя казанні на смерць слыннай асобы [8]. "Threny" выбітнага польскага паэта Яна Каханоўскага (першае выданне - 1580 г.), напісаныя з нагоды асабістай трагедыі - смерці дачкі Уршулі, сталі адным з найбольш папулярных свецкіх твораў у Рэчы Паспалітай у канцы XVI - першай палове XVII стст.
У другой палове XVI ст. ужо ў Вялікім Княстве Літоўскім, а, дакладней, у 1576-1578 гадах у Слуцку, пры двары Юрыя Алелькавіча, "гісторыкам-паэтам" Мацеем Стрыйкоўскім была напісана паэма-хроніка "O początkach, wywodach, dzielnościach, sprawach rycerskich i domowych sławnego narodu litewskiego, żemojdzkiego i ruskiego…" [9] Па сваёй гістарычнай панарамнасці і адчуванню незваротнасці стратаў уступная частка працы Стрыйкоўскага блізкая да Прадмовы копіі Метрыкі:
Gdzie Gasztołd, Kieżgał, Wierszuł z skarby bogatymi,
Zabrzeżińcy, Litowar z państwy obfitymi?
Wszyscy jako mgła przeszli, a spraw ich nie znamy,
A ledwo, iż tu byli kiedyś, wspominamy.
Gdzie wasze święte sprawy, oni Radziwilowie,
Moniwidy, gdzie mężni są Chodkiewiczowie?
Gdzie dziś Kiszków hetmanów godna sława zaszła
I z Ostrogu onych książąt mężna dzielność zgasła?
Gdzie [z] Zbarażu, z Wiśniowca, z Zasławia kniaziowie?
Gdzie Sanguszkowie, w wojnie szczęśliwej wodzowie,
Którzy Ojczyznię swoją przeważną dzielnością
Szczycili, za to dziś są zakryci ciemnością.
Także i oni, wielscy litewscy księdzowie
W prochu leżą, ledwo się s nich Witołd ozowie.
A ono takich Witołdów tysiąc w Litwie było!
Cóż potym, gdy bez pisma wszystko s nimi zgniło.
W Moskwi Olgierd kopiją sam o ścianę skruszył,
Kiejstut praktyk i Lubart w Prusiech się krwią juszył.
Oni to przywłaszczają wszystko Witołdowi,
Bo żaden spraw swych pismem nie dał potomkowi.
Przeto, iż pióro złote dotąd nie powstało,
By heroes litewskie wieczności podało,
My ołowiem budzim po wtóre ich cnoty,
Niech ona dzielność ich bierze dank sławnej roboty [10].
Паэтычныя радкі Стрыйкоўскага падказваюць нам, дзеля чаго робяцца ўсе гэтыя пералічэнні слаўных асобаў - аўтар падае кароткі выклад сваёй гераічнай канцэпцыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Падобныя ж мэты ставіў перад сабой і стваральнік Прадмовы да Метрыкі ВКЛ. Застаецца пытанне, ці быў службовец канцылярыі XVIII ст. знаёмы з творам XVI ст., бо паэму-хроніку "O początkach…" апублікавалі толькі праз 400 гадоў пасля яе стварэння - у 1978 г.
Але ж маюцца і друкаваныя ў XVII ст. творы гэтага жанру. У 1608 г. Мялеці Сматрыцкі напісаў свой палемічны "Трэнас" або "Лямант адзінай Святой Апостальскай Усходняй Царквы з тлумачэннем дагматаў веры" (выдадзены ў 1610 г.). Узяўшы за аснову жанр "ляманту", Сматрыцкі быў арыгінальным у пашырэнні яго межаў і магчымасцяў [11]. Вобраз-алегорыя Царквы, якая плача - гэта творчая знаходка пісьменніка. Трэнас прысвячаецца ўжо не толькі асобе, аплакваюцца цэлыя канфесіі і грамадскія інстытуты. Твор Сматрыцкага больш баракальны, формулы зваротаў і заклікаў да слаўных асобаў, пералічэння іх імёнаў у гэтым палемічным помніку найбольш класічныя для жанру: «Дзе зараз той каштоўны каменьчык, як свяцільнік ззяючы карбункул, якія паміж іншымі перламі, як сонца паміж зорамі, у кароне галавы маёй насіла - дом князёў Астрожскіх, які бляскам светласці старажытнай веры сваёй над усімі іншымі свяціў? Дзе і іншыя дарагія і таксама каштоўныя той жа кароны каменні, дабрародныя рускіх князёў дамы, неацэнныя сапфіры, бясцэнныя дыяменты, княжаты Слуцкія, Заслаўскія, Збаражскія, Вішнявецкія, Сангушкі, Чартарыйскія, Пронскія, Ружанскія, Саламярэцкія, Галаўчынскія, Крошынскія, Масальскія, Горскія, Сакалінскія, Лукомскія, Пузыны і іншыя без лічбы, якіх пералічваць паасобку была б доўгая справа? Дзе пры гэтых і іншыя неацэнныя мае скарбы, радавітыя, гавару, слаўныя, вялікадумныя, моцныя і старадаўнія, ва ўсім свеце ў добрай пашане, праслаўленыя адвагаю і мужнасцю народу рускага дамы - Хадкевічы, Глябовічы, Кішкі, Сапегі, Дарагастайскія, Войны, Валовічы, Зяновічы, Пацы, Халецкія, Тышкевічы, Корсакі, Храбтовічы, Трызны, Гарнастайскія, Бокіі, Мышкі, Госкія, Сямашкі, Гулевічы, Ярмалінскія, Чалганскія, Каліноўскія, Кірдзеі, Загароўскія, Мялешкі, Багавіціны, Паўлоўскія, Сасноўскія, Скуміны, Пацеі і іншыя?» [12]
З «Трэнасам» Мялеція Сматрыцкага сваім ідэйным зместам шмат у чым пераклікаецца паэма-«лямант» «На жалосное преставление отца Леонтия Карповича» (1620) [13]. Тэматычна і паводле стылістыкі да трэнасаў далучаюцца творы ўкраінскай літаратуры: «Лямент дому княжат Острозских...» (1603), «Песнь [в] Волошэх о Хоцімю зложона» (1620), «Верше на жалобный погреб зацного рыцера Петра Конашевича Сагайдачного» Касіяна Саковіча (1622). Гэта былі панегірычныя і элегійныя, але не віншавальныя творы [14]. Трэба адзначыць, што названыя тэксты ўсталёўвалі ў Рэчы Паспалітай літаратурную традыцыю агітацыйна-дыдактычнай функцыі трэнасаў. Такі ж кірунак быў развіты і ў польскамоўных творах, два з якіх нагадваюць «Трэнас» Мялеція Сматрыцкага: «Плач тужлівай Польшчы...» («Lament frasowej Polski na polaki... napisany przed sejmem») - рукапіс, датаваны 1639 г. у зборніку Самюэля Дамяновіча [15], і «Жалобны голас маці да сыноў Айчыны» («Głos płaczliwy matki do synów Oyczyzny do obywatelów tak Koronnych iako y W. X. L.»; Без месца выдання, 1697) [16]. Гэтыя творы маюць выразнае грамадскае гучанне.
Такі невялікі агляд літаратурных і гістарыяграфічных помнікаў спатрэбіўся, каб паказаць, як у канцы XVI - XVII стст. трэнас эвалюцыянаваў ад сведчанняў асабістай жалобы ці ўзнясення выдатнай асобы - да палітычнага тэксту. Прадмова да транслітэраванай копіі Метрыкі паўстала на фоне багатай традыцыі трэнасаў. Усё ж з'яўленне тэксту гэтага жанру ў 1777 г. застаецца феноменам, наўмыснай аўтарскай архаізацыяй, якая адсылае чытача бліжэй да эпохі, што аплакваецца ў тэксце.
Аўтарства прадмовы
Сам тэкст прадмовы напісаны даволі вялікім і ахайным почыркам, які пазначым як Почырк І. У самым канцы гэтай нарацыі пададзеная своеасаблівая інтытуляцыя - вызначэнне асобы, ад якой зыходзіць дакумент. Усё тым жа Почыркам І напісана: "Waszej Królewskiej Mośći, Hospodara M(oj)ego Najmiłościwszego, Prześwietnej Nieustaiącej Rady". Пасля слова "Najmiłościwszego" ў фразу зробленая ўстаўка іншаю рукою (Почыркам ІІ): "Najwieczniej Jej poddany I naiżyczliwiejszy". І тым жа Почыркам ІІ у самым канцы дапісана: "Posłuszny obywateł Antoni Korwin Kossakowski". Такім чынам, аўтарства тэксту прадмовы вызначаецца зусім дакладна, а больш хуткі Почырк ІІ належыць, хутчэй за ўсё, самому Антонію Корвіну Касакоўскаму. Варта крыху прыпыніцца на біяграфіі гэтай новай для метрыстыкі асобы.
Прыналежны да гербу "Слепаўрон" прыдомку "Корвін" Антоні Касакоўскі нарадзіўся ў 1735 г. Ён даволі традыцыйна распачынаў сваю службовую кар'еру - у 1759 г. быў абраны дэпутатам Трыбуналу ВКЛ, а 10.ІХ.1762 г. атрымаў годнасць харужага пяцігорскага войскаў ВКЛ. У элекцыі Станіслава Аўгуста ў 1764 г. браў удзел ужо як ротмістр і стражнік Ковенскі. А каля 1765 г. Антоні Касакоўскі заняў важную для нашай тэмы пасаду - пісара земскага Ковенскага [17]. Менавіта канцылярыйская дзейнасць пакінула яго імя ў гісторыі. Праз тое, што Антоні Касакоўскі як пісар ведаў кірылічнае пісьмо і старабеларускую мову, у 1777 г. у Варшаве ён быў пакліканы да арганізацыі транслітэрацыі і капіявання кніг Метрыкі ВКЛ. С. Пташыцкі проста называў яго "перакладчыкам рускай мовы" [18]. Тое, што Антоні Касакоўскі выканаў значную ролю ў працэсе транслітэрацыі, сведчыць прадмова яго аўтарства. Гаворачы пра Aнтонія Касакоўскага, фактычна можна казаць пра адкрыццё новага імя сярод метрыкантаў.
У пэўным сэнсе ўступны тэкст да Метрыкі напісаны як палітычны маніфест. Каб ацаніць грамадскае гучанне гэтай прадмовы, трэба прыгадаць тагачасны палітычны кантэкст і лёс сям'і Касакоўскіх у другой палове XVIII ст.
Касакоўскія
Антоні быў старэйшым братам дзвюх вельмі заўважных у Вялікім Княстве асобаў - Язэпа Казіміра (нарадзіўся ў 1738 г.) і Шымана Марціна (нарадзіўся ў 1741 г.) Касакоўскіх [19]. Юзаф абраў духоўную кар'еру і ў 1781 г. стаў біскупам Інфлянцкім. Між іншым, з інфлянцкімі пасадамі надалей быў звязаны і Антоні, які ў 1789 г. атрымаў годнасць кашталяна Інфлянцкага [20].
Калі ў 1788 г. названы пазней Чатырохгадовым (Вялікім) сейм пачаў рэалізоўваць свае рэформы, а потым у 1791 г. зацвердзіў Канстытуцыю 3 мая, малодшыя Касакоўскія апынуліся ў ліку лідэраў Таргавіцкай канфедэрацыі, створанай у красавіку-маі 1792 г. з мэтаю рэстаўрацыі ранейшага дзяржаўнага ладу. Падобна, што Канстытуцыя 3 мая магла даць шанец на мадэрнізацыю краіны, але атмасфера эйфарыі вакол прыняцця Канстытуцыі аказалася паказной і часовай. Замах на састарэлы дзяржаўна-палітычны лад зноў раскалоў грамадства і стаў выгаднай зачэпкай для замежнага ўмяшання [21]. Правадыры Сейму абвясцілі сваіх праціўнікаў ворагамі Айчыны і здраднікамі, Канстытуцыю было забаронена нават інтэрпрэтаваць.
У Вялікім Княстве апаненты рэформаў 25 чэрвеня 1792 г. у Вільні ўтварылі Генеральную канфедэрацыю ВКЛ, Акт якой адрэдагаваў Язэп Касакоўскі. І калі Канстытуцыя 3 мая фактычна пераўтварала Рэч Паспалітую ва ўнітарную дзяржаву, то канфедэраты ВКЛ прысягнулі ўмацоўваць непадзельнасць дзяржавы і захоўваць унію ВКЛ з Польшчай. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ 13 жніўня 1792 г. пагадзілася злучыцца з Генеральнай Кароннай канфедэрацыяй пры ўмове захавання ранейшай уніі, самастойнай судовай сістэмы і традыцыі правядзення сеймаў у Гародні.
Імкнучыся рэалізоўваць аўтанамісцкую адносна Польшчы палітыку, Язэп Касакоўскі, апроч іншага радца Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ, дамогся падзелу Скарбовай Камісіі Абодвух Народаў і аднаўлення дзейнасці ў Гародні Скарбовай Камісіі ВКЛ, а таксама вылучэння Адукацыйнай Камісіі ВКЛ са складу Нацыянальнай Адукацыйнай Камісіі. Шыман Касакоўскі, які прыбыў у Айчыну разам з корпусам расійскіх інтэрвентаў [22], быў прызначаны Генеральнай канфедэрацыяй ВКЛ польным гетманам [23]. Як сцвярджалі сучаснікі, кіраванне Касакоўскіх у Вялікім Княстве адзначанае пераследам палітычных праціўнікаў, рабаваннем дзяржаўнай і канфіскацыяй прыватнай маёмасці. А ўвогуле за таргавічанамі стаялі расійскія штыкі і грошы.
Падчас паўстання 1794 г. братоў Касакоўскіх арыштавалі. Найбольшую нянавісць выклікаў Шыман - генерал-паручнік расійскіх войскаў і польны гетман ВКЛ. 25 красавіка 1794 г. аб 11-й гадзіне перад aпаўднем, адразу ж пасля вынясення выраку, яго публічна павесілі на Ратушным пляцы ў Вільні "на французскі манер" - на ліхтары [24]. Біскуп Язэп быў пакараны смерцю 9 мая 1794 г. на Кракаўскім прадмесці ў Варшаве [25].
Антоні Касакоўскі таксама далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 г. Аддзел Рамуальда Гедройца арыштаваў Антонія ў красавіку 1794 г. ва ўласнай сядзібе - у Марцінішках пад Вільняй. Патрыятычная прэса патрабавала паставіць яго перад крымінальным судом. На пачатку чэрвеня Касцюшка асабіста загадаў вызваліць з-пад варты Антонія Касакоўскага. Праз тры гады, 25 верасня 1798 г., аўтар прадмовы да транслітэраванай Метрыкі незаўважна для іншых памёр у сваім доме ў Марцінішках.
Польскія гісторыкі, якія даследуюць эпоху Разбораў, маюць рацыю, калі сцвярджаюць, што асобны патрыятызм Вялікага Княства быў для Рэчы Паспалітай сепаратызмам і разбураў аб'яднаную дзяржаву, а таксама ў канцы XVIII ст. часта кідаў патрыётаў Вялікага Княства ў абдымкі Расіі. Хоць вядома, выключна польскі погляд далёка не ўсё можа патлумачыць у тых падзеях.
Асабіста мяне тэкст Антонія Касакоўскага і далейшы лёс аўтара пераконвае, што паміж палкім патрыятызмам і здрадаю існуе вельмі хісткая мяжа. Ідэолагі ствараюць свае гістарычныя ўтопіі і праз уласную заангажаванасць гатовыя перайсці да іх адмаўлення [26]. У такім разе, Прадмова да Метрыкі была не толькі плачам па Вялікім Княстве, але і па аўтару гэтай Прадмовы - па самім сабе.
Прынцыпы перадачы тэксту і моўны каментар
Археаграфічныя інструкцыі не патрабуюць пры выданні тэкстаў XVIII ст. [27] такой жа ступені знешняй адэкватнасці, як пры выданні крыніцаў пачатку XVI ст. Пры публікацыі тэкстаў эпохі Новага часу дазваляецца мадэрнізацыя графічных сістэм, па магчымасці, захоўваючы асаблівасці мовы крыніцы. Але падаецца, што Прадмова да транслітэраванай Метрыкі змушае публікатара больш уважліва ставіцца да матэрыі тэксту.
Такім чынам, тэкст Прадмовы ўзнаўляецца з максімальным набліжэннем да арыгіналу, з захаваннем усіх літар. У публікацыі не праводзіцца ў адпаведнасці з сучаснымі правіламі польскай мовы замена літары y на j і i [28], альбо і на j, x на ks. Захоўваюцца ўсе вялікія літары арыгіналу, а таксама знакі пунктуацыі, пры гэтым у крыніцы знак "зорачка" ( *) не заўжды адпавядае кропцы, часам ён бліжэй да знака паўзы, а тое і клічніка.
У тэксце не заўжды паслядоўна ўжываюцца надрадковыя знакі, да прыкладу - "królewski" i "krolewski". Таксама ł часта перадаецца праз l, літара ż праз z. У адрозненне ад сучаснай польскай мовы мягкасць ń, ś i ć у тэксце Прадмовы графічна паказваецца перад галосным і (да прыкладу - "Nayiasńieyszego", "w ćieniach"). Як чытаць такі тэкст, дзе над многімі польскімі літарамі адсутнічаюць дыякрытычныя знакі? Аналогія ўзнікае з Інтэрнетам, дзе такое здараецца вельмі часта - напісанне польскага тэксту спрашчаюць, але разуменне ад гэтага не знікае. Гэта быў адзін з аргументаў на карысць таго, каб пакінуць тэкст не мадэрнізаваным і не праўленым.
У тэксце Прадмовы, напісанай па-польску, адчувальны ўплыў беларускай мовы. Паказальнае тут выкарыстанне абагульненай назвы Караля і Вялікага князя, якое ўласціва старабеларускім тэкстам Метрыкі ВКЛ - "hospodar" [29] (напрыклад - "Hospodara Mojego Najmiłośćiwszego").
Вельмі цікавым з пункту гледжанне ўзаемадзеяння моў уяўляецца наяўнасць у тэксце з'яваў польска-беларускай моўнай інтэрферэнцыі [30]. Падобная з'ява для пачатку XVII ст. прааналізаваная паводле "Гістарычных запісак" Фёдара Еўлашоўскага [31], але пры адваротнай перадачы - старабеларускай кірыліцай польскіх моўных сегментаў. Адхіленні ад нормаў польскай мовы абумоўлены на фанэтычным узроўні тым, што пры ўспрыняцці чужога слова слухач імкнецца знайсці ў ім комплекс фанем сваёй мовы, раскласці яго на тыя спалучэнні фанем, якія ёсць у яго роднай мове. Такая няправільная, з пункту погляду іншай мовы, інтэрпрэтацыя яе фактаў і складае аснову інтэрферэнцыі наогул, у тым ліку і фанетычнай.
У тэксце сустракаюцца прыклады інтэрпрэтацыі польскіх насавога галоснага ą праз спалучэнне адпаведнага ротавага галоснага з насавым зычным: "sąsiedzi" пішацца як "somsiedzi", дзе ą раскладаецца на о і m. Тут мы маем справу з такім відам інтэрферэнцыі як перараскладанне складанай фанемы на дыферэнцыяльныя прыкметы, кожная з якіх атрымлівае асобную графічную фіксацыю і такім чынам набывае значэнне самастойнай фанемы.
Яшчэ адзін від інтэрпрэтацыі ў нашым тэксце - гэта такая беларуская асаблівасць як дэназалізацыя (страта насавога рэзанасу). Характэрны прыклад - у дзеяслове "donosić" у першай асобе адзіночнага ліку цяперашняга часу ("donoszę") насавы галосны ę на канцы слова пераходзіць у ротавы е ("donosze").
Праяўленне інтэрферэнцыі ў мове перапісчыкаў Метрыкі дазваляе вытлумачыць арфарграфічную сістэму тэксту Прадмовы, якая, на першы погляд, можа падацца часам хаатычнай. Але ва ўжыванні нейкага нетрадыцыйнага арфаграфічнага прыёму існуе зусім пэўная заканамернасць, якая знаходзіць сваё вытлумачэнне з пункту гледжання беларуска-польскага моўнага ўзаемадзеяння. Дарэчы, і слова "hospodara" мусіла было б па-польску правільна пісацца "hospodarza", але тут мы маем прамую кальку з "господаря" Метрыкі ВКЛ і таксама прыклад фанетычнага недаадрознення.
Перапісчыкі, якія разам з Антоніем Корвінам Касакоўскім у 1777 г. прыбылі з Вільні ў Варшаву, не былі дасканалымі знаўцамі польскай мовы і на іх канцылярскую дзейнасць уплывала стыхія беларускай мовы.
У публікацыі канец рукапіснага радка пазначаны рыскай "/", канец аркуша дзвюма рыскамі "//". Нумары аркушаў рукапiсу ўключаныя ў тэкст. Пасля знака заканчэння аркуша "//" у квадратных дужках набiраецца нумар наступнага аркуша. Адваротны бок аркуша пазначаецца літарай "v." - "verso". Ужо адзначалася, што ў археаграфічнай практыцы для тэкстаў XVIII ст. такая дакладнасць перадачы схемы тэксту з'яўляецца зусім не абавязковай. Але ў нашым выпадку варта пазначаць канцы радкоў і аркушаў. Звязанае гэта, апроч іншага, з тым, што сам тэкст Прадмовы часам складана арганізаваны і выкарыстаны як элемент аздаблення, уключаны ў картушы і г. д.
Публікуемы паводле гэтых прынцыпаў тэкст можа выглядаць крыху грувасткім, але перашкодаў у разуменні Прадмовы не ўзнікае. Затое тэкст перадаецца найбольш адэкватна арыгіналу.
1777 г. чэрвеня 13. Варшава. - Прадмова Антонія Корвіна Касакоўскага да транслітэраванай копіі Метрыкі ВКЛ
AGAD. Zespół Metryka Litewska, Księga 191A, аркуш 1-7. Арыгінал.
[ I - асноўны почырк кнігі, II - почырк Антонія Корвіна Касакоўскага (?)]
[1] I-W Imie BOGA / Wszechmogącego za Panowania Nayiasńiey/szego STANISŁAWA AUGUSTA / Króla Polskiego Wielkiego / Xiązęci Litewskiego, Ru/skiego, Pruskiego, y Innych etc / Pana, Pana Naszego Miłościwe(go) / Z wyraznego Jego Królewskiego / Wieliczeństwa rozkazania, za / zdaniem Nieustaiącey przy / boku JEgo Krolewskim zostaiącey / Rady AKTA Oboyga Na/rodow w Metryce W o=X o=L o= [32] znay/duiące się Roku MDCCLXXVII / Miesiąca Czerwca Dnia 13 / Panowania JEgo Królewskiey / Mosći, XIII Roku przepisywać / zaczęte. //
[Гэты тэкст размешчыны ў картушы, наверсе - герб Рэчы Паспалітай] [33]
[1 v.] [Iдылічны малюнак: пастух вядзе карову на вадапой]
[Лацінская сентэнцыя:] Disciplina regit, corrigit et in ordinem vedigit.
[2] [Партрэт караля Станіслава Аўгуста] [34]
[2 v.] [Выява анёла]
[4] POTOMNOSC s
gdy czas przeszly z rachun/ki przyzowiesz, Poda Ci Polski dzieie: Co więc / o nich powiesz. Zamniemasz s sprzykrzy Ci się slękniesz zadumniana [35] * Poruszy Cie do gniewu nie iedna odmiana * Lecz iak KROLA mądre / Wyrazy zobaczysz * Lzami zlana, Twarz Panską / ucscić pieśńią raczysz * Powie Ci o Nim SLA/WA, bo Ja umie chowac * Wielkich Krolow i / w ćieniach by mogli wiekować * Jey odglos nie/smiertelny, poki słonce swieći * Głosząc czyny z nim / równo przez cały krąg leci * Wiadoma więc nadarzeń niecne wyklniesz lata * Rzekniesz: nie mogł PAN sprawic zepsułego swiata * Ni mogł Praw / władzy obok umieścic na swym stole * Dośc Zrobił: / ze ich więcey grysc nie będą mole * Coz przeszłość / zapomną się przekliną niedosć natem * Jeszcze / się przed potomnym masz oczyszczać Swiatem * Od/dasz z Spraw śćisłą liczbę. Twoy upor drzemanie * / Ze Kraiu rząd, był, prawa, w nieszczęśliwym stanie * / Lozył KROL zdrowie, skarby, by to wszystko sprawił * / Lecz nierząd dobrym chęciom oporem się stawił * / Ladrzą krnąbrych potomków nie iedne mogiły / (a) ze ten złoty porządku gnusno opuściły * Jak się / stanie bo kozdy, kto rozum ma, przyzna * KROL, / Prawo, gdzie w pogardzie, biedna tam Oyczyzna * / Nadzieią znisz twe loty pozwol się sprowadzić * Ach / zawsze czas przytomny o porządku radzić * Zgo/do sluchay, zaufay, na tak dobrym Panie * Uznasz ze Kray zakwitnie, przez JEgo staranie * ∞ (a) Lege ze złoty czas porządku //
[6] Мініяцюра: вязанне снапа
NAYJASNJEYSZY KROLU! /
Przeswjetna Rado! /
Wyrazną Waszey Krolewskjej Mosci / wole którą przeswietna nieustaiąca Rada, zda/niem swoim, iednomyslnie uwielbiła, ia, nie z usta // [6 v.] nawiaiąc się zaczolem wypełniać. O to iuz skutki: / Prawda: MILOSCIWY HOSPODARU. Przeswietna Rado! ia, sam do tey pozney pracy, i którey dokonczе/nie nalezy zostawić czasowi: byłeby on dla dobra / Narodu naszego był stateczniejszy, iak dotąd mia/łem niewymarną ochotę: wzdy: porządliwość wiado/mośći, wrodzona człowiekowi abym oczewisciey dopa/trzywszy, iuz osadzonych w wiecznośći PANOW Na/rodowych przestronność rządzenia, iak wolny obywatel, / y przystosowawszy sternictwo, władność, zachowania się z graniczącemi. Owych do ninieyszego, pod iakim / niebios wyroki zmartwic nas chcieli czasu / [36]: acz niesą / One tak nielitośćiwe, tak tyranskie, y niewolące, aby na / kogo niechcącego iarmo zelazne narzucały: / [37] do pochwał / Tym sprawiedliwie naleznych, y spiewanych od Potomno/sci, przydał moie uszanowanie: y nadto: Ich grobowce / złał Lzami, kwieciem obsypał. /
O! Wieki! O! Czasy! gdzie sąśćie! kto was powróći! kto / was ospiewa! iak słodkie wasze wspomnienie! /
Jakiego ia WASZEY KROLEWSKIEY MOSCI, y / rodowitosćią, którą iednoczy, upowaznia, zgodna miłość / dobra powszechnego Swietnym Obywatelom, Przeswietną te Radę składaiącym, nayrostropnieyszym Męzom, / po naydłuzszym opatrznie od oney wspieranym pa/nowaniu, winienem bez końca zyczyć. /
Ludzkie umysły rozliczne, sklonnośći wazenia, za/bawy, czynienia, upodobania. Ja, / zasmakowałem na/der, rozpływam się, wcenieniu. Tey niesmiertelney Przeszłośći, tych Czasów, w które KROLOWIE, Narodu / naszego, maiąc wszędy, nieodstępne boku swoiego Ra/dy, to wszystko, czynili Sami: Comocny, rostropny, / lagodny, pozyteczny, czyli na przyszłość, sprawiedli/wy, bezpieczny, równy, albo, straszny, y ukazuiący Som/siędzckiem [38] Mocóm, rząd składa. O! Witoldzie! O! / Jagiełło! O! Zygmuncie! Kazimierzu! Alexandrze! / O! Wasze, y okolnych z Państwy Waszymi, Czasy! / O! Abdułłach Mendligierey, Aminiak, Murtazy, / Iemir, Iamgurczy, Abłungierym, Szyhahmet, Ty/wikiel! Perekopscy, Nahayscy, Zawolgscy, Astara/chanscy [39] // [7] chanscy* [40] Carowie, Xiązęta! O! Woloszscy Stefa/nowie! y inni, w te Wieki graniczący! raz dobrzy / y spokoyni somsiedzi [41], raz Krolów y Narodu na/szego dannicy, hołdownicy, o pomoc przywrocenie / do Dziedzictw swoich: O przytułek, wspomozenie zaśilenie, błagający, raż na obronę Kraju na/szego, z Ucznemi, Woyskami wywołani, walczący, / y potne swoie konie w pobitych nieprzyiacioł namio/tach uwiązuiący! Wy Swiadkowie choć wzmiesza/nych z Ziemią popiołach rządu, potęgi ostrośći Sza/bli Polskiey, ale to iuż przeszło: O! Czasy! / Co ia! Wiele o tym napisano: zostaie wiele wiele nienapisa/nego Ia W. K. Msći y Przeswietney IEGO Nieu/staiącey Radzie, do widzenia, tę początkową pracę / przynoszę iest ona poniekąd nudna, będzie długa, / potrzebuiąca mieysca, ćiągu y pilnośći. Abym / więc choć mam ochote, one do skutku przywiodł / y iuz sobie niepodchlebiam, y o tym donosze [42]. W= K= M o / z Radą swoią nieustaiącą w Czas przyszły, spodzie/ię się że się zechce, temu, kto moje słuzenia mieysce / zastąpi rozkazać kończyc Tym czasem: Ia Wierny / WKMśći Poddany, to czynie, doczego wiedzie mnie / przyśięgła powinność. /
Waszey Królewskiey Mośći /
Hospodara M(oi)ego Naymiłośćiwszego -I /
II-Naiwieczniej Jej poddany /
I naiżyczliwiejszy -II [43] /
I-Przeswietney Nieustaiącey Rady -I /
II-Posłuszny obywatel /
Antoni Korwin Kossakowski -II [44] /
[Далей тэкст кнігі напісаны почыркам І. На арк. 7v. Знаходзіцца спіс асобаў Пастаяннай Рады]
1777 г. чэрвеня 13. Варшава. - Прадмова Антонія Корвіна Касакоўскага да транслітэраванай копіі Метрыкі ВКЛ (Пераклад на беларускую мову) [45]
AGAD. Zespół Metryka Litewska, Księga 191A, аркуш 1-7. Арыгінал.
[ I - асноўны почырк кнігі, II - почырк Антонія Корвіна Касакоўскага (?)]
[1] I -У Імя БОГА Усемагутнага, за Панаваннем Найсвятлейшага СТАНІСЛАВА АЎГУСТА Караля Польскага, Вялікага Князя Літоўскага, Рускага, Прускага і Іншых etc. Пана, Пана Нашага Міласцівага, па выразнаму Яго Каралеўскай Вялікасці загаду, паводле меркавання Пастаяннай пры боку Яго Каралеўскім прысутнай Рады, АКТЫ Абодвух Народаў, якія знаходзяцца у Метрыцы ВКЛ, Году MDCCLXXVII, Месяца Чэрвеня, дня 13, Панавання Яго Каралеўскай Міласці ХІІІ Году, перапісваць пачата. //
[4] НАШЧАДАК,
калі час мінулы паклічаш да рахункаў, падам Табе Польскую гісторыю. Што ж пра яе скажаш? Надакучлівыя павучанні Ты адкінеш у задумленні. Падштурхне Цябе да гневу не адна перамена. Але пабачыш, як мудры словы КАРАЛЯ. Заліты слязьмі Твар Панскі пажадаеш ушанаваць песняй. Распавяду Табе пра Яго СЛАВУ, бо Я умею выхоўваць. [Слава] Вялікіх Каралёў і ў ценю магла б працягвацца вечна. Яе водгук бессмяротны, пакуль свеціць сонца. Абвяшчаючы іх учынкі, яна ляціць праз цэлы круг. Вядома ж, даганяючы ганебнае, праклянеш гады. Вымавіш: ня мог БОГ паправіць сапсаваны свет! Ня мог размясціць Закон каля ўлады на сваім троне! Зрабіў досыць, што не будзе іх болей грызці моль. Што ж, мінуўшчына забудзецца, праклінаючы яе за нікчэмнасць. Яшчэ перад нашчадкам мусіш ачысціць Свет. Адмовішся ад малой лічбы Спраў. Твая ўпартасць прыхаваная. Бо Краю ўрад, права былі ў нешчаслівым стане, аддаваў КАРОЛЬ здароўе, скарбы, каб тое ўсё паправіць. Але безуладдзе аказвала супраціў добрым намерам. Ладзячы непаслухмяным нашчадкам ня толькі магілы, а апатычна пакінулі гэты залаты парадак. Так станецца, бо кожны, хто разумее, мае прызнаць: дзе ў пагардзе КАРОЛЬ, Права, бедная там Айчына. Надзея знішчыць такі стан мей ласку спраўдзіцца. Ах, заўжды час свядомы аб парадку раіцца. Згодны слухаць, даверся такому добраму Пану. Даведаешся, што Край заквітнее праз Яго стараннасць, (а) [праз закон] [46] cтане залатым часам парадку. //
[6] НАЙСВЯТЛЕЙШЫ КАРОЛЬ!
Цудоўная Рада!
Выяўляючы Вашай Каралеўскай Міласці волю, перад якой цудоўная пастаянная Рада меркаваннем сваім аднагалосна схіляецца, я, не чакаючы іншых тлумачэнняў з Вашых вуснаў, [47] // [6 v.] пачаў выконваць. Праўда - о, гэта ўжо вынікі. МІЛАСЦІВЫ ГАСПАДАР, Цудоўная Рада! Я сам [далучыўся] да гэтай позняй працы, заканчэнне якой належыць пакінуць часу. Была бы яна для дабра Народу нашага станоўчай, як да таго меў вялікую ахвоту. Упарадкаванасць паведамленняў, уласцівая чалавеку як свабоднаму грамадзяніну, каб відавочней прыглядзеўшыся на велічнасць кіравання ўжо пазасталых у вечнасці Народных УЛАДАРОЎ, іх правадырства, уладарнасць, захаванне адносінаў з суседзямі. Тыя да цяперашняга часы, хацелі нас спаралізаваць пад якой-небыць падставаю. Але ж нясуцца яны так бязлітасна, так па-тыранску і па-нявольніцку, каб на кагось нязгоднага на пахвальбу накінуць жалезнае ярмо. Тым справядлівей належыць апяваць Нашчадкам і надаваць маё ўшанаванне - і надта [ўшанавання]. Іх магілы абліў слязьмі, абсыпаў кветкамі.
О, Вякі! О, Часы! Дзе вы ёсць! Хто вас верне! Хто вас апяе! Як соладкі вашыя ўзгадкі!
Іх я павінен бясконца зычыць ВАШАЙ КАРАЛЕЎСКАЙ МІЛАСЦІ і сапраўдным Выдатным Грамадзянам, якія складаюць Цудоўную гэтую Раду, што аб'ядноўвае, упаўнаважвае дзеля любові да агульнага дабра найспрактыванейшых Мужоў, дзеля прадбачлівай падтрымкі яе ўладарання.
Людскія розумы адрозныя, [як і] ахвота абдумвання, забаваў, здзяйсненняў, прыхільнасцяў. Я адчуў надзвычайны смак, растаяў, ацаніў Тую несмяротную Мінуўшчыну, тыя Часы, у якія КАРАЛІ Народу нашага, маючы паўсюль неадступна пры сваім боку Раду, учынялі ўсё гэта самі: здзяйснялі ўладу моцна, разважна, асцярожна, карысна, ці, на будучыню, справядліва, бяспечна, роўна альбо застрашаючы і стрымліваючы Суседскую Магутнасць. О, Вітаўт! О, Ягайла! О, Жыгімонт! Казімір! Аляксандр! О, Вашыя і блізкія да Панавання Вашага Часы! О, Абдулах Мендлігірэй, Аміняк, Муртаза, Ямір, Ямгарчы, Абдулгерым, Шыхагмет, Тывікель! Перакопцы, Нагайцы, Заволжцы, Астраханцы, Касімаўцы // [7] - Ханы, Цары, Князі! О, Валахі Стэфанавыя! І іншыя ў тыя Вякі сумежнікі! Раз добрыя і спакойныя суседзі, раз Каралёў і Народу нашага даннікі, васалы, якія моляць аб дапамозе ў вяртанні сваёй Спадчыны, аб прытулку, аб дапамозе падмацаваннем. Раз змагаючыся, пакліканыя на абарону Краю нашага, і прывязваючы сваіх потных каней у намётах разбітых непрыяцеляў! Вы хоць і Сведкі змяшанай з прахам Зямлі збруі [48], сілы і вастрыні Шаблі Польскай, але гэта ўжо прайшло. О, Часы! Што я! Багата аб тым напісана, застаецца багата-багата ненапісанага. Я В[ашай] К[аралеўскай] Міласці і Цудоўнай ВАШАЙ Пастаяннай Радзе для азнаямлення гэтую пачатковую працу прыношу. Ёсць яна часткова нуднай, будзе доўгай, патрабуе месца, працягласці і пільнасці. Такім чынам, хоць маю ахвоту яе прывесці да поспеху і ўжо сябе не хвалю, аб гэтым даношу. В[ашая] К[аралеўская] М[іласць] з Радаю сваёй пастаяннай у Будучыні, спадзяюся, калі захоча, таму, хто майго служэння месца заступіць, загадае закончыць. Тым часам, Я, Верны В[ашае] К[аралеўскае] М[іла]сці Падданы, гэта раблю, да чаго вядзе мяне абавязак прысягі.
Вашай Каралеўскай М(іл)асці
Гаспадара М(ай)го Найміласцівага - I
II -Найвечны Яе падданы
І найзычлівейшы - II [49]
I -Цудоўнай Пастаяннай Рады - I
II -Паслухмяны грамадзянін
Антоні Корвін Касакоўскі -II [50]
[1] Праца над гэтым матэрыялам стала магчымаю, дзякуючы ўдзелу ў сэсіі "Rzeczpospolita XVI-XVIII wieku: Źródła narracyjne" Ośrodku Badań nad Tradycją Antyczną w Europie Środkowo-Wschodniej Варшаўскага універсітэта.
[2] Трэба адзначыць, што ў польскай архівістычнай традыцыі да перапісанай у XVIII ст. Метрыкі ВКЛ стала выкарыстоўваюць тэрмін "транскрыпцыя". Між іншым, лінгвістычнае вызначэнне транскрыпцыі як адназначнай фіксацыі на пісьме гукавых характарыстык адзінак мовы ( Лингвистический энциклопедический словарь. М., 1990. С. 517-518) не зусім пасуе да спосабу перадачы мовы Метрыкі ВКЛ. Куды ўжо бліжэй тут "транскрыпцыя практычная". Гэты тэрмін пазначае запіс іншамоўных слоў сродкамі нацыянальнага алфавіту з улікам іх вымаўлення. Практычная транскрыпцыя грунтуецца на правілах перадачы графем альбо графічных спалучэнняў адной мовы графемамі ці графічнымі спалучэннямі іншай мовы. У адрозненне ад транслітэрацыі гэтыя правілы павінны ўлічваць тое, як графемы і графічныя спалучэнні прамаўляюцца ў кожным канкрэтным выпадку (гл. падрабязней: С у п е р а н с к а я А. В. Теоретические основы практической транскрипции. М., 1978). Падаецца, што больш адпаведным перапіску Метрыкі ВКЛ у варшаўскай канцылярыі варта акрэсліць як "транслітэрацыя", што азначае палітарную перадачу тэксту, запісанага пры дапамозе адной графічнай сістэмы (кірыліцы), сродкамі іншай графічнай сістэмы (лацінкай).
[3] Sułkowska-Kurasiowa I. Metryka Litewska - charakterystyka i dzieje // Archeion. T. 65, 1977. S. 91.
[4] AGAD. Zespół Metryka Litewska. ML 191A - ML 219.
[5] G r i m s t e d P. K., S u ł k o w s k a - K u r a s i o w a I. The "Lithuanian Metrica" in Moscow and Warsaw: Reconstruction the Archives of the Grand Duchy of Lithuania. Cambridge (Massachusetts, USA), 1984. P. 17, А-70. Даволі распаўсюджаным з'яўляецца меркаванне, што тады было перапісана 66 кніг - гэтая інфармацыя патрапіла і ў энцыклапедычныя выданні ( Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мн., 1999. С. 124). Але ж для мяне тут поўнай яснасці няма. Ірэна Сулкоўска-Курасёва адзначала, што неперапісанымі засталіся толькі кнігі № 54 і № 60 (паводле старой варшаўскай нумарацыі): S u ł k o w s k a - K u r a s i o w a I. Metryka Litewska - charakterystyka i dzieje. S. 104-105.
[6] П т а ш и ц к і й С. Л. Описаніе книгъ и актовъ Литовской Метрики. СПб., 1887. С. 81.
[7] Пры цытаванні ў каментарыях фрагментаў дакумента выкарыстоўваецца сучасная польская арфаграфія, у адрозненні ад публікацыі крыніцы, дзе тэкст падаецца ў адпаведнасці з напісаннем у арыгінале. Захоўваецца пунктуацыя арыгіналу.
[8] У 1585 г. верны слуга склаў жалобную паэму на смерць князя Міхала Вішнявецкага і назваў яе "Epicedion" (пахавальны плач, грэц.), што дае нам яшчэ адну сінанімічную назву жалобных панегірыкаў (гл. Я к о в е н к о, Наталя. Паралельний св іт. Дослідження з історіï уявлень та ідей в Украïні XVI - XVII c т. Киïв, 2002. С. 148-153).
[9] W o j t k o w i a k, Zbysław. Maciej Stryjkowski - dziejopis Wielkiego Księstwa Litewskiego. Kalendarium życia i dziełalności. Poznań, 1990. S. 194.
[10] S t r y j k o w s k i, Maciej. O początkach, wywodach, dzielnościach, sprawach rycerskich i domowych sławnego narodu litewskiego, żemojdzkiego i ruskiego, przedtym nigdy od żadnego ani kuszone, ani opisane, z natchnienia Bożego a uprzejmie pilnego doświadczenia / Opracowała Julia Radziszewska. Warzawa, 1978. S. 42-43.
[11] К о р о т к и й В. Г. Творческий путь Мелетия Смотрицкого. Мн., 1987. С. 53.
[12] Сучасны беларускі пераклад Уладзіміра Кароткага са старапольскай мовы: Мялеці С м а т р ы ц к і. Трэнас // Беларусь. 1991, № 6. С. 11.
[13] Гл. падрабязней: П р а ш к о в і ч М. "Лямент..." на смерць Лявона Карповіча // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1974, № 1. С. 121-129.
[14] Цікава прасачыць, як элементы стылістыкі трэнасаў у XVII ст. траплялі ў «палітызаваныя» тэксты, але вельмі прыватнага, фамільнага ўжытку, што можна бачыць на прыкладзе «Кронічкі» ўкраінскага шляхціча з-пад Астрогу Ёахіма Ерлыча (19.V.1598 - пасля 1673): J e r l i c z, Joachim. Latopisiec albo kroniczka. T. 1-2 / Z rękopisu wydał K. Wł. Wojcicki. Warszawa, 1853.
[15] Lietuvos Valstybės Istorijos Archyvas, Vilnius / Літоўскі Дзяржаўны Гістарычны Архіў (Вільня). Воп. 2, спр. 46, арк. 151-159.
[16] Lietuvos Mokslų Akademijos Bibliotekas / Бібліятэка Акадэміі Навук Літвы. Аддзел рэдкіх кніг, Р-17/2-187/7.
[17] Polski słownik biograficzny. T. XIV, z. 61. Wrocław - Warszawa - Kraków, 1968-1969. S. 262-263.
[18] П т а ш и ц к і й С. Л. Описаніе книгъ и актовъ Литовской Метрики. СПб., 1887. С. 12.
[19] Гл. падрабязней пра дзейнасць братоў Касакоўскіх: Š m i g e l s k y t ė, Ramunė. Lietuvos konfederacijos vadovų brolių Kosakovskių veikla 1793 metų Gardino seime // Lietuvos valstyb ė XII - XVIII a . Vilnius, 1997. P. 409-421.
[20] Нагадаем, што Інфлянты падпалі пад уладу Расіі яшчэ ў выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітае ў 1772 г. Таму інфлянцкія пасады надалей былі толькі ганаровымі.
[21] А н і ш ч а н к а, Яўген. Інкарпарацыя Беларусі ў Расейскую імперыю за Кацярынай ІІ: Пад крылы двухгаловага арла // Спадчына. 1996, № 3. С. 54.
[22] Але ж яшчэ ў часы Барскай канфедэрацыі ў ліпені-верасні 1771 г. Шыман Касакоўскі са сваім 2-тысячным аддзелам прайшоў з дыверсійным рэйдам па Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі, змагаючыся з расійскімі войскамі.
[23] Гэтую пасаду зліквідавала Канстытуцыя 3 мая.
[24] Смяротны вырак Шыману Касакоўскаму нядаўна апублікаваны: Стогн. Паўстанне і вайна 1794 года ў Літоўскай правінцыі. Дакументы / Укладальнік Яўген Анішчанка. Мн., 2002. № 25, с. 62-63.
[25] Менавіта гэтыя падзеі апісваюцца ў адным з твораў беларускай палітычнай сатыры канца XVIII ст., знойдзеным у Бібліятэцы Асалінскіх - "Razhowor impieratrycy z Ilgiesztromom listowny dnia 28 apryla 1794 h." Ва ўяўным ліставанні камандаючы расійскімі войскамі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай барон Іосіф Ігельстром так адказвае на пытанне імператрыцы Кацярыны ІІ аб лёсе прарасійскіх саноўнікаў:
"Odni siediat w niewoli, druhich powiszali -
Troch hietmaniw, Ankwycza, i pop Kosakowskoj
Powieszon, nie moh ujci w Moskwu z ziemli Polskoj...
A jeszcze mnoha panow bolszych wisieci majut
Tak ciepier w Polszczy lachi druh z druhom diłajut".
Наяўнасць у тэксце значнай колькасці ўкраінізмаў дазволіла Адаму Мальдзісу зрабіць выснову, што аўтар цытаванага твору вырас на беларуска-ўкраінскім моўным памежжы, дзесьці на Палессі - гл. : М а л ь д з і с А. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна XVII - XVIII ст.). Мн., 1980. С. 286-287.
[26] У нечым падобныя прыклады можна знайсці яшчэ ў гісторыі Рэчы Паспалітай XVIII ст., гл.: K ą d z i e l a Ł. Mi ę dzy zdrad ą a s ł u ż b ą Rzeczypospolitej . Fryderyk Moszyński w latach 1792-1793. Warszawa, 1993.
[27] Instrukcja wydawnicza dla z r ó deł historycznych od XVI do połowy XIX wieku / Pod red. K. Lepszego. Wrocław, 1953. Nr. 1; Методические рекомендации по изданию и описанию Литовской Метрики / Сост. А. Л. Хорошкевич и С. М. Каштанов. Вильнюс, 1985. С. 125.
[28] Такую практыку пры публікацыі матэрыялаў XVII ст. таксама выкарыстоўвае Генрык Люлевіч: Metryka Litewska . Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskiego: Wojewódstwo trockie 1690 r. / Opracował H. Lulewicz. Warszawa, 2000. S. 23.
[29] У сучаснай польскай мове слова hospodar замацавалася як гістарызм для пазначэння тытулу гаспадароў Малдавіі і Валахіі, і фанетычна, арфаграфічна ды сэнсава адрозніваецца ад слова gospodarz.
[30] На гэтую асаблівасць пад час рэцэнзавання тэксту звярнуў увагу аўтара калега Свяжынскі, за што выказваю яму словы падзякі.
[31] С в я ж ы н с к і У. М. Польска-беларуская фанетычная інтэрферэнцыя у «Дзённіку» Ф. Еўлашоўскага // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1975, № 4. С. 131-137; Яго ж. «Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага. Мн., 1990. С. 47-48.
[32] W(ielkieg) o X(ięstw) a L(itewskieg) o.
[33] Факсіміле аркуша апублікаванае: G r i m s t e d P. K., S u ł k o w s k a - K u r a s i o w a I. The "Lithuanian Metrica". Ill. 5.
[34] Факсіміле аркуша апублікаванае: G r i m s t e d P. K., S u ł k o w s k a - K u r a s i o w a I. The "Lithuanian Metrica". Ill. 6
[35] Так у тэксце.
[36] Гэтая нахіленая рыска маецца ў арыгінале.
[37] Гэтая нахіленая рыска маецца ў арыгінале.
[38] Так у тэксце - перараскладанне "ą" на "o" i "m".
[39] Так у тэксце, павінна было быць "Astrachanscy".
[40] * cпасылка ў тэксце: "Kasimowscy". Касімаўскае ханства займала тэрыторыю па рацэ Ака ў паўночна-усходняй частцы сучаснай Разанскай вобл. Расіі. Праіснавала прыблізна да 1681 г., апошнія ханы прынялі хрысціянства (гл. падрабязней: Босворт, Клиффорд Эдмунд. Мусульманские династии. Справочник по хронологии и генеологии. М., 1971. С. 206).
[41] Перараскладанне "ą" на "o" i "m".
[42] Дэназалізацыя - страта насавога рэзанансу ў "ę".
[43] Дапісана рукой Антонія Корвіна Касакоўскага.
[44] Дапісана рукой Антонія Корвіна Касакоўскага.
[45] Паводле парады калегі Валерыя Мянжынскага, зважаючы на лексічныя, арфаграфічныя і сінтаксічныя складанасці пальшчызны гэтага тэксту, аўтар вырашыў зрабіць пераклад Прадмовы. За мэты ставілася перадача сэнсу, стылю ды вобразнасці тэксту. Але гэта пераклад менавіта на сучасную беларускую мову, а не даслоўная перадача арыгіналу. Бо трэба прызнацца - прытрымліванне апошняга прынцыпу не дазволіць сэнсава адэкватна перакласці тэкст. Таму публікатар спыніўся на вольнай версіі перакладу Прадмовы.
[46] У арыгінале L ege (лац.) - аblativus instrumenti singularis ад lex (закон).
[47] "…nie z usta nawiaiąc się".
[48] Гістарычнае значэнне слова "rząd".
[49] Дапісана рукой Антонія Корвіна Касакоўскага.
[50] Дапісана рукой Антонія Корвіна Касакоўскага.