Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Прускі сцэнарый для Інфлянтаў 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 20-01-2011,
Крыніца: Алег Дзярновіч. 'Прускі' сцэнарый для Інфлянтаў: да пытання выкарыстання катэгорый 'інтэграцыя' і 'інкарпарацыя' ў дачыненні да XVI ст. // Праблемы інтэграцыі і інкарпарацыі ў развіцці Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў перыяд ранняга Новага часу. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 440-годдзю Люблінскай уніі (Мінск, 15-17 кастрычніка 2009 г.). Мн.: БІП Плюс, 2010. С. 86-93..



Да пытання выкарыстання катэгорый "інтэграцыя" і "інкарпарацыя" ў дачыненні да XVI ст.

1. Інфлянцкі напрамак.

Яшчэ ў канцы XV ст. усталявалася практыка, калі ў сістэме Ягелонскай манархіі за зносіны з Інфлянтамі адказвала дыпламатыя Вялікага княства Літоўскага. Менавіта пісары і сакратары Іван Сапега, Станіслаў Скоп і Ян Філіпавіч накіроўваліся ў розныя часы ў Інфлянты як паслы гаспадара ці паноў-рады ВКЛ. Але склад дыпламатаў ВКЛ, якія забяспечвалі сувязі з Інфлянтамі, не абмяжоўваўся толькі супрацоўнікамі канцылярыі. Іншыя саноўнікі ВКЛ часцей за пісараў канцылярыі ўзначальвалі пасольствы. Як выдатнай можна ацаніць ролю дыпламатаў Войцеха Янавіча Клочкі, Войцеха Нарбутавіча і Юрыя Янавіча Завішыча ў арганізацыі зносін з Інфлянтамі [1].

Ягелоны (Аляксандр і Жыгімонт Стары) падчас свайго знаходжання ў Польшчы для накіравання пасольстваў у Інфлянты выкарыстоўвалі таксама каронных саноўнікаў - Альберта Гурскага і Мікалая Дзялыньскага. Двойчы туды ездзіў толькі М. Дзялыньскі, яго місія 1533 г. была звязана са "справай каад'ютара" і адносінамі Ягелонаў з Прусіяй. Тое, што накіроўваўся польскі пасол, было абумоўлена яшчэ і тым, што менавіта польскія каралі лічыліся пратэктарамі Рыжскага арцыбіскупства - ўпершыню такое права было прызнана імператарам Карлам IV Люксембургскім за Казімірам Вялікім у 1366 г. [2]


2. Праект прускага герцага Альбрэхта.

Пасля секулярызацыі Прусіі ў 1525 г. герцаг Альбрэхт сфармуляваў праект стварэння вялікай балтыйскай дзяржавы Гогенцолернаў, якая б складалася з Прусіі ды Інфлянтаў. Дзеля рэалізацыі сваіх планаў Альбрэхт спадзяваўся выкарыстаць Польшчу і ВКЛ.

Хутка пасля ўтварэння Прускага герцагства новаабвешчаны герцаг Альбрэхт сфармуляваў ідэю падпарадкавання Інфлянтаў Ягелонам у якасці лена. Адразу гэта можа падацца парадаксальным, што чалавек, які ў якасці Вялікага магістра прыклаў шмат намаганняў на тое, каб вызваліцца з-пад кантролю Ягелонаў і ў 1519-1521 гг. нават вёў вайну з Польшчаю, цяпер прапаноўваў Жыгімонту Старому ўзмацніць яго ўладу над Балтыкай. Але герцаг Альбрэхт меў уласныя дынастычныя планы - з дапамогаю польскага караля ён разлічваў зрабіць свайго брата Вільгельма рыжскім арцыбіскупам, а потым стварыць балтыйскую дзяржаву Гогенцолернаў [3]. І хоць апошняя мэта Альбрэхта так і не была рэалізавана, але ўдзел дыпламатыі Жыгімонта Старога дапамог Вільгельму Брандэнбургскаму стаць каад'ютарам, а ў Інфлянтах умацавалася партыя, якая звязвала будучыню гэтага края з цесным саюзам з ВКЛ і Польшчаю. Надалей імя арцыбіскупа Вільгельма неаднаразова будзе фігураваць у дакументах зносін паміж Інфлянтамі і ВКЛ.


3. Перамовы пра лёс Інфлянтаў.

3. Усю другую чвэрць і сярэдзіну XVI ст. паміж Ягелонамі (ужо Жыгімонтам Старым і Жыгімонтам Аўгустам) ды герцагам Альбрэхтам працягваліся таемныя дыскусіі пра перспектывы Інфлянтаў.

У пачатку 1533 г. герцаг Альбрэхт звярнуўся да канцлера і віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда з прапановай умяшацца ў справы Інфлянтаў і нават выслаць для падтрымкі Вільгельма ваенны корпус. У сваім адказе 20 лютага 1533 г. канцлер напісаў пра немагчымасць інтэрвенцыі ВКЛ [4]. Надалей патрэбу ўмяшання ВКЛ у інфлянцкія справы актыўна прапагандаваў пасланнік герцага Альбрэхта ў Вільні Мікалай Ніпшыц. Тут ён знайшоў падтрымку віленскага біскупа князя Яна, які паспрабаваў сфармуляваць канцэпцыю пратэктарства ВКЛ над рыжскім арцыбіскупствам. Прававыя падставы ўмяшання ў справы Інфлянтаў фармуляваліся ў тым ліку і дзеля таго, каб пераканаць Жыгімонта Старога.

У 1552 г. патаемная дыскусія пра перспектывы Інфлянтаў аднавілася [5] - кароль Жыгімонт Аўгуст і герцаг Альбрэхт двойчы сустракаліся дзеля гэтага ў Крупішках і Брайтэнштайне [6]. Да гэтых перамоў толькі часткова быў далучаны мальбаркскі ваявода Ахацы Цэмa (Achacy Cema, Achatius von Zehmen), які стаў галоўным кансультантам караля ў інфлянцкіх справах. Менавіта ваяводзе належала выказванне ў лісце да герцага Альбрэхта, што Інфлянты павінна стаць ленам Ягелонскай манархіі, "у супрацьлеглым выпадку яны падуць здабычай Масквы" [7]. У ВКЛ партыю магнатаў, якія патрабавалі большага пранікнення ў справы Інфлянтаў, узначальваў канцлер Мікалай Радзівіл Чорны.

Можна меркаваць, што на той час быў сфармуляваны план трывалага далучэння Інфлянтаў да агульнай сістэмы абароны ад Маскоўскай дзяржавы. У 1554 г. герцаг Альбрэхт падсумаваў вынікі перамоў і ў таемным мемарыяле ад 13 жніўня (кампрамісным адносна інтарэсаў ВКЛ) прапанаваў каралю наступальную стратэгію: утварэнне дабраахвотнага саюза і аб'яднанне Польшчы, ВКЛ, Прусіі і Інфлянтаў ( "die vortrewliche, einmutige Zusammensetzung und Voreinigung mit Polen , Litauen, Preussen und Lifland "); рэалізацыя адносна Інфлянтаў таго ж сцэнарыя ("modus procedendi"), які быў здзейснены ў дачыненні да Прусіі ("und dan, ob die Wege mit Lifland, wie alhe , Gott lob, zuPreussen geschehen, zu finden und zu behandeln") [8]. Як бачым, сцэнарый геапалітычнай трансфармацыі Інфлянтаў да сярэдзіны 1550-х гг. быў ужо выпрацаваны. Як можна меркаваць, будучым леннікам польскага караля мусіў стаць арцыбіскуп Вільгельм, які знаходзіўся ў жывых стасунках з Кёнігсбергам.


4. Геапалітычны ландшафт.

У XVI ст. усё меней заставалася месца для існавання самастойных Інфлянтаў - новыя геапалітычныя планы пачынаюць вылучаць суседзі Інфлянцкай Канфедэрацыі [9]. У 1547 г. Іван Грозны абвяшчае сябе царом і Расійская дзяржава паўстае ў новым статусе [10]. Пасля разрыву ў 1523 г Кальмарскай уніі з Даніяй на арэну актыўнай палітыкі выходзіць новая вялікая дзяржава балтыйскага рэгіёна - Швецыя, дзе ўсталёўваецца дынамічная дынастыя Вазаў, якая пачала праводзіць спачатку палітыку цэнтралізацыі краіны, а потым і знешняй экспансіі. Традыцыйныя інтарэсы ў Рызе мела ВКЛ [11], да таго ж актывізацыя міжнароднага гандлю збожжам, у які ўцягнулася таксама шляхта, значна падвысіла каштоўнасць інфлянцкіх портаў для ВКЛ. Тэрытарыяльныя ўладанні Вялікага княства даходзілі да берагоў Балтыйскага мора, але вузкі пас зямлі паміж Прусіяй ды Інфлянтамі і невялікая прыморская Паланга не маглі задаволіць патрэбаў ВКЛ у забеспячэнні ўласнага марскога гандлю. Невыпадкова гаспадарная каралева Бона дамагалася ад Альбрэхта вусця Нёмана [12]. Дадамо сюды яшчэ рэлігійны фактар - пратэстанцкая магнатэрыя ВКЛ, найперш канцлер Мікалай Радзівіл Чорны, стала ініцыявала ўсё большае пранікненне Княства ў Інфлянты, дзе пашыралася Рэфармацыя [13]. Гісторыкамі выказвалася меркаванне, што Мікалай Радзівіл Чорны не быў першапачаткова паінфармаваны аб таемных перамовах паміж Жыгімонтам Аўгустам і Альбрэхтам, але праз два гады, падчас знаходжання ў Вільні, кароль пераканаў свайго канцлера, што ленныя адносіны Інфлянтаў будуць для ВКЛ важней за прасоўванне мяжы з Прусіяй на Балтыйскім узбярэжжы [14]. Яшчэ 3 cнежня 1552 г. Жыгімонт Аўгуст пісаў Альбрэхту, што справы Інфлянтаў павінны быць аформлены ў Вільні, а не ў Польшчы [15]; сам жа прускі герцаг першапачаткова прапаноўваў, каб Інфлянты былі непасрэдна падпарадкаваны Польшчы.

Такім чынам, у самім Вялікім княстве Літоўскім узніклі свае канцэпцыі інфлянцкай палітыкі - ад ідэі пратэктарата ВКЛ над Рыжскім арцыбіскупствам (віленскі біскуп Ян) да патрабавання большага ўдзелу ВКЛ у справах Інфлянтаў (канцлер Мікалай Радзівіл Чорны). Не зусім зразумела, наколькі важнымі быі тут рэлігійныя інтарэсы пратэстанцкай магнатэрыі ВКЛ.

Знакам трывожнай будучыні для Інфлянтаў стала ў 1556 г. камета Фабрыцыюса. Як адзначыў у сваёй "Хроніцы" Бальтазар Русаў, у гэты час адбываўся ландтаг у Вольмары. Інфлянцкія чыны сабраліся на піры, калі ім прынеслі вестку, што на небе з'явілася дзіўная зорка, падобная сваім хвастом на мятлу. Саноўнікі папрасілі аднаго дэрпцкага каноніка, які таксама прысутнічаў на ўрачыстасцях, каб ён, як вучоны чалавек, выйшаў паглядзець на зорку і выказаў сваё меркаванне. Тады канонік пачаў казаць, што ён добра ведае, што гэта такое - гэта камета, а яны "звычайна не прадказваюць нічога добрага" [16].


5. Усталяванне прынцыпаў кандамініума і альтэрнату.

У вядомым акце 1561 г. Pacta subjectionis не было адназначна акрэслена, да якой з дзяржаў Ягелонаў далучалася новая правінцыя - паводле дакументу Інфлянты пераходзілі ў падпарадкаванне манарху. Былі ўнесены змены ў тытулатуру Жыгімонта Аўгуста, які стаў "rex Poloniae, magnus dux Lithuaniae, Russiae, Prussiae, Masoviae, Samogitiae, Livoniaeque, dominus et haeres". Між тым, пры двары Жыгімонта Аўгуста (а, дакладней, пры дварах - віленскім і кракаўскім) адбывалася даволі напружаная дыскусія пра далейшы лёс Інфлянтаў. Паны-рада ВКЛ, лідэрам якіх быў Мікалай Радзівіл Чорны, жадалі афармлення дзяржаўных сувязей краю з Княствам. У пэўным сэнсе гэты лагер падтрымліваў Жыгімонт Аўгуст, жадаючы тым самым падвысіць статус ВКЛ у сістэме Ягелонскай манархіі. У Польшчы кракаўскі біскуп і падканцлер Філіп Паднеўскі, як і дэлегацыя малапалян да караля, настойвалі на далучэнні Інфлянтаў непасрэдна да Польшчы. Гэту ж ідэю прапагандаваў прускі герцаг Альбрэхт. Тагачасныя дыскусіі вакол дзяржаўна-прававога лёсу балтыйскай краіны атрымалі ў гістарыяграфіі назву negotium Liv о niense [17].

Можна сцвярджаць, што ў 1561 г. не адбылася інкарпарацыя Інфлянтаў у склад ВКЛ ці Польшчы; акт 1561 г. варта ацэньваць як персанальную унію Інфлянтаў з ВКЛ. Як спадчынны ўладар у ВКЛ, Жыгімонт Аўгуст мог дзейнічаць тут больш свабодна, чым у Польшчы. У самой Польшчы дыскусіі адносна перспектыў Інфлянтаў не закончыліся фармуляваннем выразнай пазіцыі, якая б была прынята ўсёй польскай элітай. Фактычна, улада караля ў Інфлянтах была толькі вайсковай, бо ў некаторых мясцовасцях краю стаялі войскі ВКЛ і Польшчы.

Замацоўваючы свой кантроль у Інфлянтах, Ягелонская дынастыя скарыстала палітычныя мадэлі, ужо апрабіраваныя на працягу папярэдніх ста гадоў у Прусіі. Як паводле Торуньскага міру 1466 г. адная частка Прусіі (заходняя) адыйшла да Польскага каралеўства, а другая (усходняя) стала ленам польскага караля, так і ў Інфлянтах Латгалія стала ваяводствам ВКЛ, а Курляндыя - леннай тэрыторыяй Рэчы Паспалітай. Падобным жа быў і сцэнарый паводзін нямецкіх лідэраў (Альбрэхта Брандэнбургскага і Готгарда Кетлера), а менавіта: Рэфармацыя, секулярызацыя ды роспуск ордэнскіх арганізацый; пераўтварэнне ордэнскіх тэрыторый у спадчынныя герцагствы, ленныя Ягелонам.

Фармальна ВКЛ мелай менш юрыдычных правоў на Інфлянты ў параўнанні з Каронай (пратэктарат польскіх каралёў над рыжскім арцыбіскупствам; яшчэ адна фармальная зачэпка - ленныя правы Польшчы над Княскай Прусіяй). Але палітычныя і гаспадарча-гандлёвыя інтарэсы ВКЛ у Інфлянтах былі куды большыя, чым Польшчы. Фактычна ж Жыгімонт Аўгуст правёў палітыку інкарпарацыі Інфлянтаў. Хоць, асабліва напачатку, гэты працэс характарызаваўся асцярожнасцю і яго можна акрэсліць як рэгіянальная палітычная інтэграцыя. Але сітуацыя Інфлянцкай вайны пакідала мала магчымасцяў для выбару і ўсё скончылася ў XVI ст. падзелам Інфлянтаў паміж вялікімі дзяржавамі рэгіёна ды поўнай інтэграцыяй частак былых Інфлянтаў у рамках адпаведных дзяржаў.

Падсумоўваючы палітычныя і дыпламатычныя дачыненні Інфлянтаў з ВКЛ і Польшчай у 1550-1560-х гг. [18], можна прапанаваць наступную храналогію унійнага працэсу:

- 31 жніўня 1559 г. на сойме ВКЛ у Вільні Жыгімонт Аўгуст прыняў пад сваю апеку і пратэкцыю Інфлянцкі ордэн;

- 28 лістапада 1561 г. на сойме ВКЛ у Вільні Інфлянцкі ордэн падпарадкаваўся асабіста Жыгімонту Аўгусту; былі ўзгоднены Pacta subjectionis і Privilegium Sigismundi Augusti; гэтыя дамоўленасці можна разглядаць як персанальную унію з ВКЛ;

- 5 сакавіка 1562 г. у Рызе было завершана афармленне Pacta subjectionis і Privilegium Sigismundi Augusti; заканчэнне працэсу секулярызацыі і роспуску Лівонскага ордэна, які распачаўся 28 лістапада 1561 г., а таксама ўтварэнне леннага Курляндскага герцагства;

- 25 снежня 1566 г. на Гарадзенскім сойме ВКЛ правабярэжная Лівонія пад назваю Задзвінскага княства ўключана ў склад ВКЛ;

- 3 жніўня 1569 г. на аб'яднаўчым сойме ў Любліне Задзвінскае княства (Інфлянты) перайшло пад супольную ўладу ВКЛ і Польшчы; Курляндскае герцагства засталося васалам Рэчы Паспалітай.


6. Да пытання аб тэарэтычных аспектах аб'яднаўчых працэсаў.

Інтэграцыя ў агульным сэнсе абазначае аб'яднанне, узаемапранікненне. Аб'яднанне якіх-небудзь элементаў (частак) у цэлае. Працэс узаемнага збліжэння і ўтварэнне ўзаемасувязей. Палітычная інтэграцыя - фармаванне пэўнага цэльнага комплексу палітычных сістэм на ўзроўні паміж дзяржавамі.

Нейкі варыянт інтэграцыі у сярэдзіне XVI ст. і з самага пачатку Інфлянцкай вайны мог быць рэалізаваны ў адносінах Інфлянтаў і ВКЛ, фактар палітычнага ўплыву Польскага каралеўства у сістэме Ягелонскай манархіі, розніца ў палітычных і эканамічных зацікаўленасцях эліт ВКЛ і Польшчы маглі паспрыяць гэтаму. Але вайскова-палітычныя падзеі павярнуліся такім чынам, што тая частка Інфлянтаў, якую Рэчы Паспалітай удалося адстаяць (Латгалія), была практычна інкарпаравана. Наяўнасць двух намінальных суб'ектаў у палітычным полі Рэчы Паспалітай выявілася ва ўсталяванні рэжымаў кандамініума і альтэрнату.

Адносна Курляндыі на працягу канца XVI-XVII стст. можна казаць пра дзеянне прынцыпаў інтэграцыі - пакуль у працэс рэальна не ўмяшалася ўжо Расія. З гэтага часу паўнезалежны статус Курляндскага герцагства стаў прадметам сатыры.



[1] Аб удзеле дыпламатыі ВКЛ у зносінах з Інфлянтамі гл. падр.: Дзярновіч А. "…in nostra Livonia". Дакументальныя крыніцы па гісторыі палітычных адносінаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Лівоніяй у канцы XV - першай палове XVI cт.: Сістэматызацыя і актавы аналіз. Т. І. Мінск, 2003. С. 224-295.

[2] Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August król polski i wielki książę litewski 1520-1562. Warszawa, 1996. S. 374.

[3] Gierowski J. A. Historia Polski 1505-1764. Warszawa, 1988. S. 126.

[4] У пачатку ХХ ст. Зыгмунт Калянкоўскі меў магчымасць пазнаёміцца з арыгіналам гэтага ліста ў зборах Кёнігсбергскага Таемнага Архіву: Kolankowski L. Zygmunt August wielki książe Litwy do roku 1548. Lwów, 1913. S. 253; Дзярновіч А. "…in nostra Livonia". С. 205, № 150.

[5] Агляд гістарыяграфіі пра "інфлянцкі крызіс" 1552-1561 гг. гл.: Stancelis V. LDK vaidmuo Livonijos krizėje 1552-1561 m.: svarbiausios istoriografinės problemos // Lituanistica. 1998. Nr 4 (36). P. 3-17.

[6] Спасылкі на гэтыя перамовы ў лістах Караля Жыгімонта Аўгуста да герцага Альбрэхта ў 1552 і 1553 гг.: Elementa ad fontium editiones / Ed. C. Lanсkorońska. Vol. XXXІ. Romae, 1974. Р. 68, 70, 90.

[7] Цытата паводле: Małłek J. Prusy Książęce a Prusy Królewskie w latach 1525-1548. Warszawa, 1976. S. 102.

[8] Die Berichte und Briefe des Rats und Gesandten Herzog Albrechts von Preussen A[ha]sverus v. Brandt / Hrsg. von A. Bezzenberger. H. 4 (1550-1559). Königsberg, 1921. S. 481-490; Kolankowski L. Polska Jagiellonów. Olsztyn, 1991. S. 197; Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August. S. 378. У сваім адказе Жыгімонт Аўгуст пісаў, што Інфлянты рэальна могуць атрымаць дапамогу толькі з боку ВКЛ і Польшчы: Die Berichte und Briefe... S. 486-490).

[9] Гл.: Kłodziński A. Stosunki Polski i Litwy z Inflantami przed zatargiem z r. 1556/57 // Kwartalnik Historyczny. 1908. T. XXII. S. 344-391; Rasmussen K. Die livländische Krise 1554-1561. København, 1973; Bodniak S. Polska a Bałtyk za ostatniego Jagiellona. Kórnik, 1946.

[10] Гэтая праблема прыцягвала ўвагу многіх даследчыкаў: Angermann N. Studien zur Livlandpolitik Ivan Groznyjs. Marburg/Lahn, 1972; Donnert E. Der livländische Ordensritterstaat und Russland 1558-1583. Berlin, 1963; Tiberg E. Die Politik Moskau gegenüber Alt-Livland 1550-1558 // Zeitschrift für Ostforschung. 1975. Bd. 25. S. 577-617; Tiberg E. Zur Vorgeschichte des Livländischen Krieges: Die Beziehungen zwischen Moskau und Litauen 1549-1562. Uppsala, 1984.

[11] Якое значэнне мела Рыга для Полацка і Віцебска, можна зразумець з дакументаў цэнтральнай улады ў XVI ст.: Lietuvos Metrika - Lithuanian Metrica - Литовская Метрика. Kn. 8 (1499-1514): Užrašymų knyga 8 / Parengė Algirdas Baliulis, Romualdas Firkovičius, Darius Antanavičius. Vilnius, 1995. № 387, с. 291; № 613, с. 453; № 622, с. 462; Lietuvos Metrika - Lithuanian Metrica - Литовская Метрика. Kn. 25 (1387-1546): Užrašymų kn. 25 / Parengė Darius Antanavičius ir Algirdas Baliulis. Vilnius, 1998. № 116, с. 174.

[12] Małłek J. Prusy Książęce a Prusy Królewskie w latach 1525-1548. S. 189; Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August. S. 373, 394. Тут каралева абапіралася на пазіцыю паноў-рады ВКЛ; Мікалай Радзівіл Чорны быў упэўнены, што межы Прусіі ніколі не пераходзілі на правы бераг Нёмана. Гл.: Jasnowski J. Mikołaj Czarny Radziwiłł 1515-1565, kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939. S. 51, 131. Магчыма, з гэтай праблемай быў звязаны і планаваны ў 1552 г. візіт Жыгімонта Аўгуста ў прускі порт Мемель (Клайпеда), які не адбыўся (Elementa ad fontium editiones / Ed. C. Lanсkorońska. Vol. XXXІX. Romae, 1976. P. 149, 163; Elementa ad fontium editiones / Ed. C. Lanсkorońska, L. Olech. Vol. LXV. Romae, 1986. P. 128, 132). Гэтаму ж пытанню прысвечана і перапіска Альбрэхта з Жыгімонтам Аўгустам і кароннымі саноўнікамі (Elementa ad fontium editiones. Vol. LXV. P. 142, 158, 169; Elementa ad fontium editiones / Ed. C. Lanсkorońska, L. Olech. Vol. LXVI. Romae, 1987. P. 150, 178).

[13] Гаспадарчыя і ідэалагічныя фактары экспансіі ВКЛ у Інфлянты ў XVI ст., асабліва ў канцы стагоддзя, разглядзеў Юры Шаўцоў: «Літоўскі сэпаратызм» канца XVI ст. // Спадчына. 1995. № 2. С. 112-136; Ён жа. Пратэстанцкі мэсіянізм Яна Кішкі // Спадчына. 1995. № 3. С. 211-248.

[14] Jasnowski J. Mikołaj Czarny Radziwiłł... S. 135; Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August... S. 377, 395, рrz. 23.

[15] Elementa, Vol. 31, p. 70. Гэтую пазіцыю Жыгімонт Аўгуст яшчэ раз зазначыў у 1555 г. падчас перамоў з Брандтам - паслом герцага Альбрэхта: Elementa ad fontium editiones / Ed. C. Lanсkorońska. Vol. XLVI. Romae, 1978. P. 508-510.

[16] Рюссов Б. Ливонская хроника // Cборникъ материаловъ и статей по истории Прибалтийского края. Т. ІІ. Рига, 1879. С. 344.

[17] Гл. падр.: Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August... S. 391, 404-407.

[18] Агляд гістарыяграфіі праблемы гл.: Stancelis V. The Annexation of Livonia to the Grand Duchy of Lithuania: Historiographical Controversies // Lithuanian Historical Studies. 2000. Vol. 5. P. 21-44.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX