Гэта і наша Рэч Паспалітая
Манархія кампрамісу
Яшчэ не прайшло і ста гадоў, як Імперыя Габсбургаў спыніла сваё існаванне. Манархія, якая грала першасныя ролі на еўрапейскай сцэне знікла, як планета Фаэтон, што пакінула пасля сябе метэарытны пас з новых дзяржаў, самых фантастычных ідэй і напаўзабытых падзей. Ніхто з жыхароў гэтай дзяржавы не быў ёй задаволены. Венгры, якія праз паўстанні дамагліся пераўтварэння імперыі ў 1867 г. у дуалістычную Аўстра-Венгрыю з шырокай аўтаноміяй ва ўнутраных справах, так і не дасягнулі тады поўнай незалежнасці. Аўстрыйцы былі раздражнёныя саступкам венграм. Чэхі да самага канца існавання імперыі, у якой яны былі самай урбанізаванай і індустрыялізаванай нацыяй, так і не дасягнулі ў ёй такога ж статуса, як венгры. Для харватаў і румын, якія насялялі землі Венгерскай кароны, венгерскі шавінізм быў горшым за аўтарытарызм Габсбургаў. Аўстра-Венгерская манархія не перажыла Першай Сусветнай вайны.
Але засталіся сімвалы. Вены - як музычнай сталіцы Еўропы. Венскі неўролаг і стваральнік псіхааналіза Зігмунд Фрейд паходзіў з Мараваў, з сям'і галіцыйскіх габрэяў. У Празе нарадзіўся трывожны талент Франца Кафкі. Галіцыя і Львоў сталі натуральнай базай для развіцця ўкраінскага нацыяналізму. Нідзе пад разборамі, палякі не пачуваліся так вольна, як у Кракаве. У Аўстра-Венгрыі была выпрацавана свая версія стылю мадэрн - сэцэсія, якая аб'ядноўвае архітэктуру Прагі і Будапешта.
Як бы там ні было, венскім палітыкам удавалася досыць доўга ўтрымліваць кампраміс паміж такімі рознымі народамі імперыі. Мастацтва кампрамісу нарадзіла фенаменальную культуру. Ніхто з жыхароў гэтай дзяржавы не быў ёй задаволены, але ў іх нашчадкаў нарадзілася пачуццё настальгіі па той краіне. Мне бачыцца тут, няхай і аддаленая, але аналогія з Рэччу Паспалітай - з яе паразамі і яе дасягненнямі.
Грамадзянская прастора
Куды б на абшарах былой Рэчы Паспалітай не прывялі б нашыя маршруты падарожнікаў, мы непазбежна знойдзем сляды лучнасці культурнай прасторы: магдэбургскія ратушы ад падрасійскага цяпер Вяліжа да падольскага Камянца; стылістыка барока, запачаткаваная менавіта ўжо ў часы Рэчы Паспалітай - ад фары ў Нясвіжы, першага помніка барока ва ўсёй дзяржаве, да другога такога падобнага ўжо ў Кракаве - касцёл Пятра і Паўла.
Грамадзянская культура ў Рэчы Паспалітай была прыналежнасцю не толькі шляхты, якую таксама называлі народам палітычным. Вельмі моцна традыцыі самакіравання знітоўвалі мяшчанскія грамады. Грамадзянская свядомасць мяшчанства тых гарадоў, якія ўдзельнічалі ў палітычным жыцці цэлага краю (Кракаў, Вільня, Гданьск, Львоў, Люблін, Познань, а пазней і Варшава), адбівалася моцным рэхам сярод эліт малых мястэчак. Уласна за грамадзянскія правы змагаліся і казакі, часам выходзячы па-за законныя рамкі. Паводле ўласнага права, санкцыянаванага цэнтральнай уладай, арганізоўвалася жыццё габрэяў, а таксама армян. Значна пазней, ўжо у часы Касцюшкоўскага паўстання, усведамленне прыналежнасці да грамадства стала пранікаць і ў сялянскае асяроддзе.
Вядома, справядлівымі будуць дакоры да Рэчы Паспалітай, што ў ёй толькі абмежаваная колькасць жыхарства валодала поўнымі грамадзянскімі правамі - ад 8 % да 10 % усяго насельніцтва краю. Але не будзем забывацца на тое, што працэс сацыяльнай эмансіпацыі мог быць толькі паступовым, паслядоўна ахопліваючы розныя маёмасныя і гендэрныя пласты грамадства. У Афінах Перыкла, рэспубліканскім Рыме, а таксама Англіі, Швейцарыі, Трансільваніі і Нідэрландах Новага часу толькі грамадзяне, колькасць якіх не перасягала гэтыя самыя 10 % жыхароў, маглі ўплываць на лёс сваіх дзяржаў і суграмадзян. Яны надавалі кшталт палітычнай культуры публічнага жыцця і фармавалі межы выканаўчай улады. У Францыі яшчэ ў 1831-1848 гг. выбарчым правам валодала ледзьва 1,5 % грамадзянаў, а ў Англіі ў 1832 г. атрымала яго 3,2 % жыхароў. Таксама як у XVI, так і на пачатку ХІХ стст. нідзе галаву дзяржавы, апроч Рэчы Паспалітай, рэгулярна не абіралі ўсе грамадзяне.
Рэч Паспалітая стала прытулкам для палітычных эмігрантаў і рэлігійных дысідэнтаў з усёй Еўропы - ад шатландскіх кальвіністаў у XVI-XVII стст. да расійскіх старавераў у канцы XVIІ-XVIІI стст. Аж да канца існавання Рэчы Паспалітай яе крытыкі, а нават і ворага, імкнуліся атрымаць тут індыгенат - прызнання шляхецтва, а значыць і ўсіх грамадзянскіх правоў, стаць дэ-юрэ грамадзянамі Рэчы Паспалітай. Сярод такіх новых грамадзянаў былі арыстакраты імперыі Габсбургаў, валадары і саноўнікі Малдовы, а таксама расійскія фаварыты Меншыкаў і Пацёмкін.
Пры ўсіх праблемах і пагрозах, звязаных з негвалтоўнай паланізацыяй эліт, ніводны народ Рэчы Паспалітай не страціў сваёй этнічнасці. Адрозныя гістарычная свядомасць і мовы, асобнае права, уласныя традыцыі і матэрыяльная культура на працягу ўсяго існавання Рэчы Паспалітай спрыяла захаванню "малых айчынаў" - Польшчы, Літвы, Русі і Прусіі. За часамі Рэчы Паспалітай у самой гэтай дзяржаве паняцце "Польшча" ніколі не распаўсюджвалася на Беларусь ці Украіну, альбо ўвогуле на Вялікае Княства Літоўскае.
У часы паўстання Хмяльніцкага дайшло да ўзброенага канфлікту, што вымушаў жыхароў да выбару паміж айчынай супольнай і ўласнай. Большасць шляхты "рускай" на тэрыторыі Ўкраіны (але не Беларусі) падтрымала казацтва і ўзняло вайну з Рэччу Паспалітай. Меншасць, але такія фаміліі, як Вішнявецкія ды Заслаўскія, сталі на бок Рэчы Паспалітай. Кіеўскі ваявода і праваслаўны сенатар Адам Кісель, які па даручэнні караля вёў беспаспяховыя перамовы з Хмяльніцкім, не выбіраў паміж Польшчай і Ўкраінай, але паміж Рэччу Паспалітай і казацтвам, якое, паводле яго думкі, нішчыла шляхецкую мадэль грамадзянскай дзяржавы.
"Пашырэнне Польшчы" на ўсход у свядомасці палякаў і часткі літвінаў адбылося ўжо пасля заняпаду Рэчы Паспалітай. Польскі сон і мары пра страчаныя вольнасці - асабістыя, грамадзянскія і дзяржаўныя, - сканцэнтравалі ўвагу на гісторыю Рэчы Паспалітай, якая пад пяром паэтаў, літаратараў, пэндзлем мастакоў, але таксама і ў гістарычных манаграфіях рабілася ўсё больш "польскай".
У адказ на гэты польскі "гістарыяграфічны імперыялізм" беларусы, літоўцы і ўкраінцы адсякалі тое, што іх лучыла з Рэччу Паспалітай. Літоўцы і беларусы выбудоўвалі дзяржаўны сепаратызм ВКЛ і падкрэслівалі ўсе моманты, якія паказвалі на тое, што яны маглі аб'ядноўвацца з ворагамі Рэчы Паспалітай. Беларусы і ўкраінцы амаль выракліся сваёй шляхты і створанай ёю дзяржавы, прызнаючы за сваю гісторыю сацыяльныя бунты, казацкія паўстанні і ўсялякую палітычную і культурную дзейнасць, скіраваную супраць пальшчызны.
Сёння беларускія, украінскія, а таксама літоўскія школьнікі са старонак сваіх падручнікаў навучаюцца ўзаемным прэтэнзіям. Кожны з бакоў можа выставіць, найперш да Польшчы, спіс фундаментальных крыўд. Некаторыя з іх будуць справядлівымі. Тым часам, асабліва ў Беларусі і Ўкраіне, не навучаюць пачуццю гонару за традыцыі мясцовага самакіравання і супольнага парламентарызму.
Жыхары і грамадзяне Рэчы Паспалітай перажывалі моманты трыумфу і канчатковай паразы. Але іх гістарычна-палітычны досвед складае істотную частку агульнаеўрапейскай дэмакратычнай гісторыі.