Мінская архітэктурная спадчына на малюнках Анатоля Наліваева
"Ідзі малюй!"
Уявіце сабе карціну - у пасляваенным Мінску, у якім рабіць здымкі руінаў - гэта прэрагатыва толькі афіцыйных органаў, рэгулярна на эцюды выходзіць чатырнаццацігадовы хлопец. Ягоныя практыкаванні выглядаюць бязвінна, бо ён усяго толькі практыкуецца. У сапраўднасці, што стане зразумела добра пазней, гэтыя замалёўкі былі рэалізацыяй плану па фіксацыі культурнай спадчыны Мінска, лёс якой заставаўся вельмі няпэўным. Свайго неафіцыйнага вучня на падобныя эцюды скіраваў слынны мінскі мастак-педагог Сяргей Каткоў, які заснаваў, стаўшую потым знакамітай, студыю пры Палацы піянераў [1]. Вучань жа быў неафіцыйны, бо юнак насамрэч хадзіў у музычную школу, але Каткоў заўважыў ягоную цікавасць да выяўленчага мастацтва і адметнасць стылю - фатаграфічны малюнак.
Каткоў накіроўвае вучня ў розныя куткі горада, ён цэніць, як мастак-пачатковец фіксуе архітэктурныя аб'екты, тое, што ўзносіцца сярод куродыму панявечанага горада. Пра імпазантны дом ля галоўнага будынку Міністэрства ўнутраных спраў ён так і сказаў: "Ідзі малюй, гэтага дома можа хутка ня быць!"
Той вучань - Анатоль Наліваеў. Свае "фатаграфічныя" замалёўкі, выкананыя ў канцы 1940-х акварэллю, у шасцідзесятых гадах ён перавёў у тэмперу, дзякуючы чаму яны і захаваліся. Сёння калекцыя Анатоля Наліваева ўтрымлівае нязвыклыя ракурсы і малавядомыя дэталі з гістарычнай спадчыны Мінску, аднавіць якія мы ўжо часта не ў стане.
Брама
Адлюстраваная на малюнку Анатоля Наліваева брама - зусім малавядомы аб'ект. Паводле размяшчэння яе ўдалося лакалізаваць у раёне сённяшняй Кастрычніцкай плошчы, побач з Палацам культуры прафсаюзаў, уздоўж яго бакавога фасаду - за брамай выглядаюць ацалелыя тады вежы каталіцкай Кафедры. Мінскі краязнаўца Віталь Кірычэнка адшукаў здымак 1949 г., які сведчыць, што тады брама яшчэ стаяла [2]. Малюнак Наліваева датаваны 1946 г. і брама на ім выглядае яшчэ ў лепшым стане. Брама ўяўляе сабой тыповы ўзор "правінцыйнага мадэрну" з алюзіямі на класіцызм і была ўзведзена з чырвонай цэглы на прыватным пляцы, хутчэй за ўсё, на мяжы ХІХ і ХХ стст. Трэба прызнаць, што гэты, у сутнасці, прыклад "малой архітэктурнай формы", узбагачаў вобраз горада. Падобна, што брама патрапіла ў трасіроўку цэнтральнага праспекту і шансаў на яе захаванне было мала.
Палац Чапскага
Зусім іншая сітуацыя складалася з другой пабудовай - палацам злева ад сучаснага будынка Міністэрства Унутраных Спраў. Анатоль Наліваеў зафіксаваў стан пабудоў на 1948 г. - над сядзібай МУС (да рэвалюцыі ў гэтым неакласістычным будынку размяшчалася Мінскае Земляробчае Таварыства Ўзаемнага Страхавання) яшчэ знаходзіцца скульптура багіні плоднасці і земляробства Дэметры, аднаўленнем якой у 2004 г. справядліва ганарыўся міністр Уладзімір Навумаў. А сам палац у прыймальным стане і, відавочна, прыдатны да рэстаўрацыі. Цяпер жа на гэтым месцы цяпер знаходзіцца ювелірная крама "Чараўніца" (пр. Незалежнасці, 13). Той даўні будынак заслугоўвае, каб быць названы адным з найпрыгажэйшых у горадзе таго часу. Трохпавярховы палац упрыгожаны ніжнім ярусам аркад, а акцэнтам усяго будынка ёсць эркер, які выступае з асноўнага аб'ёму палаца на ўсю яго вышыню.
Спатрэбіліся зрабіць пэўныя росшукі, каб зразумець, што даволі добра захаваны пасля вайны будынак - гэта палац Мінскага гарадскога галавы графа Караля Чапскага, сына вядомага калекцыянера са Станькава ды даволі паспяховага расійскага адміністратара Эмерыка Гутэн-Чапскага - наўгародскага губернатара і дырэктара Ляснога дэпартамента імперыі.Постаць Караля сама па сабе выбітная - чатыры разы ён абіраўся галавою Мінскага самакіравання (з 1890 па 1901, апошняя кадэнцыя няпоўная), з яго іменем у Мінску звязаныя ўвядзенне электрычнага асвятлення, будаўніцтва конкі, умацаванне берагоў Свіслачы, узвядзенне новых мастоў, павелічэнне магутнасці водаправоду, значнае паляпшэнне санітарнага стану гораду, ажыўленне фінансавых інстытутаў, адкрыццё гімназій, шпіталёў, публічнай бібліятэкі, забрукоўка вуліц... Фактычна, пад кіраўніцтвам Чапскага Мінск пераўтвараўся ў новаеўрапейскі горад. Абраны першы раз гарадскім галавою ва ўзросце 30 гадоў, Караль Чапскі яшчэ пры жыцці быў празваны "пераўтваральнікам Мінску". І гэта нягледзячы на складаныя адносіны з Мінскім губернатарам князем Мікалаем Трубяцкім. Чапскаму ж належаў бровар "Багемія" (сённяшні піўзавод "Аліварыя") [3].
9 ліпеня 1863 г. граф Караль падаў у Мінскую гарадскую ўправу хадайніцтва аб дазволе на будоўлю і зацвярджэнні плану трохпавярховага мураванага будынку на Захар'еўскай вуліцы. А ў 1894 г. палац у аснове сваёй быў ужо ўзведзены [4]. Аўтарства праекту новай Мінскай адметнасці належала слыннаму пецярбургскаму архітэктару Віктару Шрэтэру, які працаваў у стылістыцы нэарэнэсанса [5]. Цяпер зразумела, адкуль гэтыя рысы стылю гістарызму ў палацы Чапскага.
Апроч жылых памяшканняў Чапскі запланаваў для свайго палаца і грамадскія функцыі - на першым паверсе (якраз там, дзе аркады) размясцілася Мінскае Таварыства Сельскай Гаспадаркі, на чале якога стаяла яшчэ адна легендарная асоба - фундатар касцёлы Св. Сымона і Алены (Чырвонага касцёлу) Эдвард Вайніловіч (якія асобы, які маштаб!)), парэшткі якога рупнасцю пробашча а. Уладзіслава Завальнюка ў 2006 г. былі перавезеныя з Польшчы і перапахаваныя ля фундаванага ім касцёлу. У Мінскае Таварыства Сельскай Гаспадаркі ўваходзілі буйнейшыя землеўладальнікі краю, і пад яго кіраўніцтвам ладзіліся навуковыя даследаванні, арганізоўваліся сельскагаспадарчыя выставы і інш., што мусіла спрыяць развіццю аграрнага сектара Беларусі. З 1912 г., ужо пасля заўчаснай смерці графа ў 1904 г., у палацы месцілася агульнатаварная біржа.
Пасля Другой сусветнай вайны, калі праектавалася першая чарга новай забудовы тагачаснай вул. Савецкай, каля 1949 г. палац Чапскага быў знесены, хоць ён зусім не замінаў трасіроўцы новага праспекту - мы бачым, што будынак МУС, што знаходзіўся на адной лініі з палацам, цудоўна захаваўся. Ад вуліцы Валадарскага да Гарадскога валу (Урыцкага) на працягу 1950-1954 гадоў быў узведзены будынак паводле праекту архітэктараў Міхала Асмалоўскага і Генадзя Баданава, у якім, між іншым, размясціўся кінатэатр "Цэнтральны". Сам па сабе гэты будынак ёсць някепскім узорам савецкай архітэктуры. Але ці варта было дзеля яго бурыць будынак-папярэднік? Мінск страціў адзін з самых адметных сваіх грамадзянскай будынкаў.
Вуліца Гандлёвая
Трагедыя вуліцы Няміга ў пачатку 1970-х і ў нашыя дні добра вядомая. Драма ж вуліцы Гандлёвай зусім пазабытая. Я таксама меркаваў, што асноўныя разбурэнні адбыліся на ёй падчас вайны. Але архіўныя здымкі, а таксама малюнкі Наліваева сведчаць, што яшчэ ў канцы 1940-х гадоў гэтая вуліца, што аблямоўвала уздоўж Свіслачы старажытны раён Мінска пад назвай Верхні горад, існавала. Больш таго, выяўленыя Віталём Кірычэнка ў нетрах Беларускага Дзяржаўнага Архіву Навукова-Тэхнічнай Дакументацыі інвентарызацыйныя здымкі сведчаць, што яшчэ ў 1960-х Гандлёвая была забудаваная капітальнымі будынкамі [6]. Значыць, знішчэнне Гандлёвай адбылося недзе ў той жа час, што і Нямігі, можа, крыху раней.
Сёння гэтую вуліцу спрабуюць адбудаваць у рамках інвестыцыйнага праекту пад лозунгам "Адлюстраванне статусу". Размяшчэнне за фасадамі будынкаў паркінгаў не дазваляе гэтыя працы назваць сапраўднай рэканструкцыяй. Таксама не ясна, наколькі ў праектных працах выкарыстоўваліся архіўныя матэрыялы.
Між тым, вуліца Гандлёвая, што некалі не была самым рэспектабельным, есць абсалютна неабходнай для закончанасці ўсяго ансамбля Верхняга гораду, хоць б з аднаго, узбярэжнага боку. Такія раёны, а не толькі выбітныя помнікі, ствараюць цэльную тканку старажытнага горада. Нам гэтага так не хапае!
P. S. Летам 2009 г. (з 25 чэрвеня па 1 жніўня) у галерэі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў рамках праекта "Беларусь нескароная" адбылася выстава твораў Антоля Наліваева "Мінскія пейзажы з 1945 па 1960 гг.", на якой былі прадстаўленыя і ўсе апісаныя тут творы. Аўтар гэтага артыкула лічыць за гонар, што да адкрыцця выставы спрычыніліся і яго публікацыі ў прэсе пра калекцыю мастака.
[1] Сяргей Катко ў (нарадзіўся 01.10.1911 у весцы Скрыніцана Пензенскай вобл. Расіі, памёр у Мінску 17.02.1976) - мастак і педагог, заслужаны настаўнік Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1931 г. скончыў Пензенскі мастацкі педагагічны тэхнікум, а ад 1937 па 1971 гг. працаваў кіраўніком і педагогам студыі мінскага Палаца піянераў і школьнікаў. Выкладаў у Мінскай мастацкай вучэльні імя Аляксея Глебава і Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Івана Ахрэмчыка. Працаваў у станкавым жывапісе - пераважна ў жанрах пейзажа і нацюрморта. Для большасці мастакоў і аматараў мастацтва яго імя асацыюецца менавіта з педагагічнай дзейнасцю. Са студыі пры Палацы піянераў і школьнікаў, якую Каткоў заснаваў у 1937 г., выйшлі такія вядомыя беларускія мастакі, як Май Данцыг, Зоя Літвінава, Уладзімір Стэльмашонак, Уладзімір Тоўсцік, Нэлі Шчасная.
[2] Кірычэнка В. І. Мінск. Гісторыя пасляваеннага аднаўлення. 1944-1952 гг. Мн.: Беларусь, 2004. С. 169, іл. 167.
[3] Падрабязней пра дзейнасць Караля Чапскага гл.: Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. Мн., Беларусь, 2007. С. 29-39.
[4] Архіўныя матэрыялы пра палац Чапскага гл.: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1, воп. 1, спр. 4836. Першай з даследчыкаў увяла ў навуковы ўжытак гэтыя матэрыялы гісторык архітэктуры Вольга Кукуня: Кукуня О. Дам на Захарьевской // Архитектура и строительство. 2008, № 12.
[5] Николаева Т. И. Виктор Шретер. Ленинград: Лениздат, 1991.
[6] Кірычэнка В. І. Мінск. 1960-1969. Дзесяцігадовы шлях сталіцы. Мн.: Беларусь, 2007. С. 154-158.