Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Старына: публічны вобраз і сацыяльны канцэпт 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 17-03-2011,
Крыніца: Дзярновіч А. 'Старына': публічны вобраз і сацыяльны канцэпт // Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі: У 6 т. Т. 2: Протарэнесанс і Адраджэнне / С. І. Санько [і інш.]; НАНБ, ІФ. Мн.: Беларуская навука, 2010. § 6.11, с. 429—438..

Спампаваць




Грамадскі кансерватызм

Аналіз дакументальных матэрыялаў Вялікага Княства Літоўскага XV-XVI стст. дазваляе заўважыць адну важную заканамернасць - у прынцып вялікакняскай палітыкі было ўзведзенае правіла непарушнасці "старыны", звычаяў і парадкаў, што склаліся на працягу дзесяцігоддзяў. Як абяцаў вялікі князь, "бо мы новин не уводим, а старины не рухаем" [РИБ-27 1910: 595-596]. Але прынцып "старыны" быў не толькі важным элементам афіцыйнай ідэалогіі, але складаў і неад'емную рысу тагачаснай масавай свядомасці, менталітэту насельніцтва ўсёй дзяржавы.

Для ўсіх станаў насельніцтва ВКЛ "старына" была сінонімам справядлівых парадкаў, нават ідэалам, адступленне ад якога разглядалася як недапушчальныя "крыўды" і "навіны". Але для кожнага сацыяльнага слою гэтае паняцце было напоўненае сваім канкрэтным зместам. Меркавалася, што гэты "змест" - жыццёвы ўклад, вызначаны статус, аб'ёмы правоў і абавязкаў, - былі ўласцівы і дасталіся ад продкаў, канкрэтна, "бацькоў і дзядоў". Што было вельмі важна для трансляцыі сацыяльных інстытутаў. Аргументацыя "ад старыны" была ўсім зразумелай, гэтая мова звычаёвага права знітоўвала паміж сабой "нізы" і "вярхі" грамадства ў рамках неаднароднага з пункту гледжання праваўладання соцыума. Звычайнае ж права было той сістэмай правіл паводзін, якія выпрацоўваліся працяглым часам і набывалі юрыдычнае значэнне, санкцыянаваліся дзяржаўнаю ўладай. "Старына", такім чынам, выступала ментальна-прававой асновай існавання грамадства. Але звычаёвае права, як сукупнасць стыхійна паўсталых прававых норм, пры ўсім іх тардыцыяналізме і кансерватызме [Юхо 1991: 9], фармавалася тады, калі яно атрымлівала санкцыю дзяржаўнай улады.


Час узнікнення

Азнаямленне з крыніцамі дазваляе прыйсці да высновы, што традыцыя, арыентаваная на "старыну", узнікла даволі позна. Вельмі цяжка можна казаць нешта пэўнае пра Кіеўскі перыяд [Кром 1994: 69]. Больш таго, найноўшыя даследаванні паказваюць, што казаць пра непасрэдную прававую рэцэпцыю даўнярускага права ў прававой спадчыне ВКЛ не зусім карэктна [Ващук 2009: 197].

Вядома, немагчыма вызначыць дакладную дату зараджэння традыцыі "старыны", як немагчыма назваць падобную дату для любой іншай старажытнай гістарычнай з'явы. Але тэндэнцыю выявіць можна і яна заключалася ў паступовым пераходзе ад побытавых выразаў і формул да абагульненага паняцця "старыны", як прынцыпу нязменнасці традыцыйных парадкаў і ладу, як ідэалу сацыяльнай справядлівасці. Важнай вяхой у гэтым працэсе стала мяжа XIV-XV стст. [Кром 1994: 70]. А само звычаёвае права было пануючым у ВКЛ да сярэдзіны XV ст., а затым пачало толькі паступова замяняцца пісаным правам, у якім многія нормы звычаёвага права набылі форму закона ў выглядзе "лістоў", прывілеяў, соймавых пастаноў, статутаў і іншых прававых актаў [Юхо 1992: 137].

Ужо ў канцы XIV ст. стары парадак стаў супрацьпастаўляцца навацыям, якія ўспрымаліся негатыўна. Паняцце "старына" заняло цэнтральнае месца ў сістэме каштоўнасцяў - менавіта ключавыя паняцці ўтвараюць дуальныя апазіцыі, які ствараюць сістэму каардынат у маральнай, прававой і іншых сферах жыцця. Кожнае з гэтых вызначэнняў набывае свой семантычны шэраг. "Старына" атрымлівае сінонімы "по давному", "здавна", "подлуг давного обычая". Навацыі называюць "новинами" і яны трапляюцца ў тэкстах побач з такімі негатыўнымі характарыстыкамі, як «кривды» і «тяжкости». І што важна - нейкага прамежкавага, нейтральнага ланцуга паміж імі няма. Праўда, выяўлялася ўстойлівая традыцыя інтэрпрэтаваць "старыну" на сваю карысць. "Старына" зусім не была нейкай нейтральнай аб'ектыўнай дадзенасцю - вакол яе распаляліся жарсці ды сутыкаліся супрацьлеглыя інтарэсы.


Зямельнае права

Вельмі часта прынцып "старыны" выкарыстоўваўся пры абгрунтаванні права на зямельныя ўладанні. Пад час судовых спрэчак бакі імкнуліся давесці, што спрэчныя двор ці вёска належалі іх продкам. Даўнасць жа ўладання вымяралася людскімі пакаленнямі, але мяжа "пагружэння" ў мінулае - два пакаленні, бацькі і дзяды. Прадзедаў жа прыгадвалі вельмі рэдка і толькі ў тым выпадку, калі ў родзе меліся нейкія дакументы з тых часоў [ПГ-1 1977: 64, № 16; ПГ-2 1978: 178, № 241]. Спасылкі на дакладнае ўказанне гадоў (10, 20, 30 і г. д.) не вельмі частае і фактычна выконвае ролі дапаўнення да сцверджання таго, што сам землеўладальнік ці ягоны бацька фактычна трымалі гэтую зямлю.

Увогуле ж, землеўладальнікі спасылаліся не на абстрактную даўнасць, а на канкрэтнае, дакладна вызначанае мінулае - у якім жылі іхныя продкі, названыя па імені [Кром 1991: 540]. Магчыма, такі абмежаваны лік продкаў (бацькі і дзяды) тлумачыцца панаваннем вуснай традыцыі, якая складае натуральную мяжу чалавечай памяці. Адбываліся нават выпадкі, калі бок, які валодаў "лістом" на зямельныя ўладанні, мог прайграць справу, бо іншы бок мог абвесціць такі "ліст" фальшывым, падробленым ці атрыманым незаконна - і ў гэтым выпадку галоўным аргументам аказвалася спасылка на саму даўнасць валодання спрэчнай зямлёй.

Але і гэтая даўнасць, на якую спасылаліся ўладальнікі зямлі, валодала пэўнай "рухомасці", перасоўваючыся ў часе. Баяры канца XV ст., баронячы свае правы на зямлю, спасылаліся на "пажалаванні" іх дзядамі ці дзядзькамі бацькі, альбо іншых сваякоў таго ж пакалення, атрыманыя ад вялікіх князёў Вітаўта (1392-1430), Жыгімонта Кейстутавіча (1432-1440) ці ў пачатку кіравання Казіміра Ягайлавіча (1440-1492) - гэта значыць, у першай палове XV ст. Але ўжо ў пачатку каралявання Жыгімонта Старога (1506-1548) спасылаліся на наданні Казіміра Ягайлавіча і Аляксандра Казіміравіча (1492-1506). У канцы ж доўгага ўладарання караля і вялікага князя Жыгімонта І спасылаліся на акты Аляксандра ці самога Жыгімонта. Змянялася пакаленне землеўладальнікаў і адначасова перамяшчаліся рамкі "актуальнай старыны", найглыбейшы рубеж якой адстаяў ад тагачаснага актуальнага часу на 70-80 гадоў [Кром 1991: 541], але звычайна на 50-ці гадоў. Родавая памяць у перыяд панавання вуснай традыцыі не паглыблялася далей бацькоў і дзядоў.

Увогуле ж, спасылка на дзядоў і бацькоў патрабавалася не толькі для абгрунтавання уладальніцкіх праў на зямлю, але, увогуле, для пацвярджэння сацыяльнага статусу той ці іншай асобы, у тым ліку, мяшчан. Але ў разуменні "старыны" паміж баярамі і сялянамі ўсё ж існавала розніца. Для першых "старына" была сінонімам даўнасці, якой яны маглі абгрунтоўваць свае палітычныя і эканамічныя прывілеі [Голубеў 2006: 630]. Сяляне ж настойліва супрацьдзейнічалі падвышэнню павіннасцяў. І гэта цалкам зразумела, бо ва ўмовах перавагі норм звычаёвага права аднойчы ўведзеныя павіннасці маглі стаць прэцэдэнтам і пераўтварыцца ў "старыну" [Кром 1991: 543].


Рэгіянальная панарама

Прынцып, а хутчэй, "мова" "старыны" былі засвоены і вярхоўнаю ўладаю. "Старына" была агульнадзяржаўнай палітыкай, аднолькава зразумелай ва ўсіх землях разлеглага Вялікага Княства Літоўскага. І гэта пры тым, што "таўшчыня" культурнага слою ў розных рэгіёнах дзяржавы была рознай. Уласна ліцвінская дзяржаўнасць вяла свой адлік з сярэдзіны ХІІІ ст. Больш багатымі былі палітычныя і прававыя традыцыі зямель былой рурыкавіцкай Кіеўскай Русі. Унармаванасць падобных традыцый даследчыкі фіксуюць і на паўночным усходзе ад ВКЛ - у Вялікім Ноўгарадзе «по старине» складаліся граматы ўжо ў 1260-х гадах [Грамоты ВНП 1949: 9-10]. У Маскве ж гэты прынцып замацоўваецца з пачатку XIV ст. [Акты СВР 1964: 15, № 3].

Паралель паняццю "старыны", а можа і правобраз гэтай рэаліі з прававога пункту гледжання мы знаходзім у Візантыі, дзе ў шэрагу імператарскіх навел (указаў) гаворка вядзецца пра неабходнасць максімальнай павагі да старога і праверанага закону, роўна таксама як і да гістарычна праверанага звычаю [Хвостова 2009: 202]. Перагляд старых законаў, іх выпраўленне ці адмена ды замена новымі разглядаецца як мера надзвычайная, якая дапускаецца толькі ў выпадках крайняй неабходнасці. Падобнаму акту павінны была папярэднічаць падрабязны аналіз рэаліяў і разнастайныя спробы дапоўніць старыя законы выданнем новых часовых пастаноў ці стварэннем прававых прэцэндэнтаў.

У ВКЛ "культ старыны" дасягнуў пэўнай спеласці ўжо ў канцы XIV ст. Існавала ўжо даволі разгалінаваная тэрміналогія паняцця са сваімі адценнямі - «из века», «издавна», «по старине», «подлуг обычая». "Старына", па сутнасці, ахоплівала ўсе сферы жыцця Вялікага Княства: землеўладанне, падаткі і павіннасці, пошліны, нават знешнюю палітыку [Кром 1994: 71]. Але свайго апагею прынцып "старыны" дасягнуў у канцы XV - першай палове XVI стст., практычна стаўшы ў перыяд Рэнесансу афіцыйнай палітыкай. Можна сцвярджаць, што ў гэты перыяд менталітэт самкнуўся з афіцыйнай ідэалогіяй, спасылкі на "старыну" сталі неабходным атрыбутам гаспадарскіх (вялікакняскіх) прывілеяў. Настаў перыяд класічнага панавання формулы «мы никому новины не вводим, а старины не рушаем». Такім чынам, "навіны" і "крыўды" супрацьпастаўляліся даўнім звычаям.

Вельмі цікава выявіць існаванне "старыны" і ў знешняй палітыцы ВКЛ. У зносінах з суседзямі гэта найперш азначала непарушнасць даўніх межаў і сфер уплыву, выкананне саюзніцкіх абавязкаў. У гэтай сферы працягласць "старыны" была відавочна большай, амаль у два разы, чым у зямельных справах - у дамове з Масквой 1449 г. за ўзор браліся часы Альгерда, Ягайлы і Вітаўта, то бок спасылкі паглыбляліся амаль на сто галоў. У першай палове XVI ст. рытуальна працягвалі спасылацца на часы Вітаўта, але рэальна новыя дамовы з Масквой базаваліся на актах 1494 і 1508 гг. "Старына" заставалася ідэалам, але яе рэальны змест з часам паступова абнаўляўся [Кром 1991: 544].


"Сведкі добрыя" і дэмаркацыя дзяржаўных межаў

Вельмі паказальным таксама можа быць прыклад дэмаркацыі мяжы Вялікага Княства Літоўскага з Лівоніяй, абставіны правядзення якой абвастрала якраз праблему пакаленняў.

Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі: У 6 т. Т. 2.

22 cтудзеня 1542 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары накіраваў сваіх пасланцаў гаспадарскіх Івана Глебавіча Корсака і Яна Кміту Сакаловіча, каб яны «границы пописовали стародавъныи, пана Радивиловы долъгость и широкость, какъ долъго и широко Нεмцы забрали земъли господара Короля Его милости, земълями пана Мистра Лифлянтъского почонъшы отъ озера Курчомъ, аж до границъ Московъскихъ». Гэта было сапраўдным падарожжам у край, які для аўтараў XVI ст. усё яшчэ заставаўся крыху загадкавым і часам прыгадваўся ў паўміфічным кантэксце. Дэмаркацыі 1542 г. цалкам прысвечана Кніга Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага № 560.

Падчас той дэмаркацыі ў інтэрпрэтацыі таго ці іншага маркера мяжы маглі ўзнікаць дыскусіі. Таму асабліва важнымі тут былі паказанні сведкаў. Вось як гэта выглядела ў Дрысвяцкім павеце: «Какъ жо на тыи знали старыи пана Радивиловы границы, врадъникъ Дрысвεцъкий панъ Сεмεнъ Мацъковичъ ставилъ пεрεдъ нами свεтъковъ людεй старихъ, вεри годъныхъ… Тыε вси свεтъки свεтъчыли тымъ ωбычаεмъ, мы памεтаεмъ, коли панъ Радивилъ εзъдилъ и граничилъ з нεмъцы за Его милости Короля Казимира. В тотъ часъ ωтъцовε наши εзъдили с паномъ Радивиломъ, и насъ в тотъ часъ, дεтεй своих, зъ собою брали. И тотъ εзъдъ памεтаεмъ, и границу пана Радивилову…» [РГАДА Ф. 389, спр. 560: 14-14 v.; Метрыка-560 2007: 51]. У выпадку, калі сведкі па стану здароўя не маглі непасрэдна прыбыць на мяжу, то іх «на возехъ вывозили до насъ [памежных камісараў - А.Дз.], которие не могли ходить, предъ старостою асветъчыли тымъ ωбычаемъ, в одно слово поведаючы…» [РГАДА Ф. 389, спр. 560: 10 v.; Метрыка-560 2007: 46].

Крыніца падае крытэрыі, паводле якіх адбіраліся такія сведкі: «…ставили пεрεдъ нами свεтъковъ добрыхъ, людεй старыхъ, вεры годъныхъ». Гэтых сведкаў «на возехъ вывозили до насъ [да памежных камісараў - А. Дз.], которие не могли ходить, предъ старостою асветъчыли тымъ ωбычаемъ, в одно слово поведаючы…». Яшчэ цікавая дэталь - пры дэмаркацыях на мяжу наўмысна бралі дзяцей, каб яны ў будучым маглі выступаць у якасці памежных сведкаў. Прынамсі, так было падчас Радзівілавай дэмаркацыі 1473 г., і ў 1542 г. гэтыя ўжо дарослыя людзі, сведчылі на мяжы: «…мы памεтаεмъ, коли панъ Радивилъ εздилъ и граничилъ з нεмъцы за Его м(и)л(о)сти Королӕ Казимира. В тотъ часъ ωтъцовε наши ε здили с паномъ Радивиломъ, и насъ в тотъ часъ, дεтε й свои х, зъ собою брали. И тотъ εздъ памεтаεмъ, и границу пана Радивилову".

Тэрміналагічна сведкі («люди старие, вεри годъные») выразна аддзелены ад афіцыйных публічных сведкаў («вижей»), функцыі якіх прапісаныя ў Статуце ВКЛ 1529 г. Пазначэнне сведкаў пры дэмаркацыі сугучнае з назваю так званых "пабочных сведкаў" у Статуце - «людей добрих, вери годъныхъ». Менавіта пабочныя, а не афіцыйныя сведкі з'яўляюцца ў працэдуры дэмаркацыі галоўнымі, у адрозненні ад крымінальных ці грамадзянскіх справах, дзе Статут 1529 г. узаконіў наяўнасць пры віжах пабочных сведкаў, якія былі як бы «грамадскім дадаткам» да афіцыйных (неаспрэчных) сведкаў, інстытут якіх зведаў сваю эвалюцыю [Поліщук 2003: 10-11; Zakrzewski 1985: 153-165]. Звязана гэта з тым, што сведкі - мясцовыя жыхары, з'яўляліся рэальнымі носьбітамі тапаграфічнай інфармацыі. Гэтыя сведкі рэпрэзэнтавалі традыцыю вуснага права, пра што гаворыць спасылка на звычай: «…асвεтъчыли тымъ ωбычаεмъ» [РГАДА Ф. 389, спр. 560: 10 v.; Метрыка-560 2007: 46].

Уся гэта гісторыя з «выбудоўванем запамінання» мяжы пацвярджае тэзісы даследчыкаў сярэднявечнай культуры пра тое, што людзі той эпохі вымяралі час - яны былі абыякавымі да дакладнага часу і па-просту не ўмелі яго вымяраць [Блок 1986: 137-138; Кром 1994: 79]. Густ дакладнасці з яго павагай да лічбы і ліку, быў чуждым для людзей таго часу, нават высокапастаўленым. У кожнай жа мясцовасці час успрымаўся лакальна і антрапаморфна - гэта значыць, час працякаў у адпаведнасці са зменаю пакаленняў, ён быў «родавым ці сямейным часам», ланцужком чалавечых генерацый [Гуревич 1972: 88-89, 92]. Гісторыя з апытаннем сведкаў і стварэнне механізму «трансляцыі памяці» на мяжы з Лівоніяй выдатна ілюструе функцыянаванне прынцыпаў звычаёвага права. «Даведацца старыны» азначала распытаць мясцовых жыхароў - знаўцаў мясцовага «старадаўняга звычаю».

Але самае інтрыгоўнае, што "старына" стала таксама абгрунтаваннем для шматлікіх гаспадарчых і сацыяльна-прававых навацый у Вялікім Княстве Літоўскім XVI ст.


Лозунг сацыяльных навацый

Менавіта ў той час, калі са старонак дзяржаўных актаў ВКЛ вярхоўная ўлада ў асобе вялікага князя ўсё мацней заяўляла пра вернасць традыцыям "старыны", у самім Вялікім Княстве адбываліся каласальныя трансфармацыі: у шэрагу гарадоў уводзілася Магдэбургскае права; адбывалася фармаванне юрыдычна раўнапраўнага і з прававога пункту гледжання адзінага шляхецкага стану, што падмацоўвалася на ідэалагічным узроўні крышталізацыя "легенды пра Палемона"; адначасова знікалі апошнія рэшткі ўдзелаў, на тэрыторыі якіх агульнадзяржаўнае права дзейнічала з пэўнымі выняткамі; праз Статуты, адбывалася кадыфікацыя самога земскага права ВКЛ; афармлялася Канцылярыя ВКЛ, як цэнтральны органа выканаўчай улады; ад ініцыятыў каралевы Боны першай паловы XVI ст. і праз "Валочную памеру" 1557 г. адбылася рэформа ўсяго аграрнага ладу дзяржавы. Нарэшце, нарасталі ўнійныя працэсы з Каронай Польскай, якія стваралі новую дзяржаўна-прававую рэальнасць.

Гэты парадокс можа быць вытлумачаны праз узаемадзеянне звычаёвага і пісанага права. Але гэтае тлумачэнне, якое выглядае даволі лагічным, у рэчаіснасці не ўзнікае аўтаматычна. Бо сам працэс перапляцення гэтых рэаліяў у XVI ст. мае сваю перадгісторыю. Сапраўды, патрабавалася даволі шмат часу, каб назапасіўся сам пласт традыцыі, склаўся і ўтрываўся жыццёвы лад, які можна было б прыняць за ўзор. Верагодна, менавіта таму ў Вялікім Княстве Літоўскім апагей культу "старыны" прыпаў ужо на позняе Сярэднявечча. З іншага ж боку, самі змены, якія пачаліся, павінны былі ўзбудзіць трывогу за сваю "старыну". Таму зусім невыпадкова, што большасць спасылак на "старыну" ўтрымліваецца ў скаргах на парушэнне старога парадку [Кром 1994: 72].

Апроч таго, як мы можам пераканацца, грамадства позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу зусім не было бесканфліктным - паводле тых дакументаў, што захаваліся ў Метрыцы ВКЛ з канца XV ст., рэгулярна адбываліся судовыя цяжбы, у якія ўцягваўся вялікі князь як вярхоўны суддзя свайго гаспадарства. Судовыя кнігі і Кнігі Запісаў Метрыкі поўняцца такімі справамі, дзе за формуламі паважнага звароту да вялікага князя хаваюцца эмоцыі нявырашаных, найчасцей зямельных, спрэчак паміж суседзямі і сваякамі. Атрымліваецца, што дэкларацыі прыхільнасці да "старыны" зусім не перашкаджалі ўзнікненню гэтых канфліктаў. У такой сітуацыі апазіцыя "старыны" / "навіны" ўводзіла гэтыя канфлікты ў прававое рэчышча і паказвала шляхі вырашэння падобных спрэчак. Але калі адзінай "старыны" не існавала, іх было зашмат - лакальных і прыватных, - то "навіны" наадварот, заўжды былі не "свае", а "чужыя".

Працяглы час грамадства бачыла ў непарушнасці "старыны" ідэал сацыяльнай справядлівасці - такім чынам захоўвалася ілюзія стабільнасці, нязменнасці парадкаў, што засталіся ад продкаў. Людзі той эпохі прасоўваліся наперад са звернутым у мінулае позіркам [Ле Гоф 1992: 183]. Здавалася, што шматлікія "навіны", многія з якіх лёгка было адмяніць спасылкай на "старыну", не былі ў стане пахіснуць асноваў. Між тым, незваротныя змены ў грамадстве Вялікага Княства ўжо пачаліся, але да пэўнага часу яны не ўсведамляліся грамадствам. Механізм непрыметнай эвалюцыі быў запушчаны.

Як мы бачыла, познесярэднявечнае грамадства валодала "кароткай памяццю" - ужо праз два пакаленні мінулае гублялася з далягляду. Атрымліваецца, змены даволі лёгка маглі прышчапіцца і праз нейкі час самі станавіліся паважанай "старыной". Фактычна, застаючыся ідэалам, змест "старыны" ўвесь час абнаўлялася. Да таго ж, дзейнічаў прынцып ацэначнай выбіральнасці - "добрыя" новаўвядзенні бесперашкодна траплялі ў грамадства ў выглядзе ільгот і прывілеяў, іхняй навізны па-просту не заўважалі. Ільготы, прывілеі, якія, безумоўна, уносілі значныя змены ў звыклы лад жыцця, добразычліва ўспрымаліся насельніцтвам і праблема "навін" не ўздымалася. Добрым чынам гэта ілюструюць прывілею на магдэбургскае права для гарадоў ВКЛ. Таксама не лічыліся "навінамі" тыя падатковыя льготы, якія атрымлівалі гарады і паветы ў сувязі з ваеннымі разбурэннямі, пажарамі ці іншымі бедствамі.

Недзе да першай паловы - сярэдзіны XVI ст. у дыялогу вуснай і пісьмовай традыцыі першынства належала вуснай. У той час "старына" грунтавалася на гэтай традыцыі, на памяці і на паказаннях сведкаў-старажылаў. На працягу XV - першай паловы XVI стст. насельніцтва са значна меншым даверам ставілася да пісьмовых дакументаў ("лістоў"), чым да "жывой" традыцыі. Ліст мог згарэць пад час пажару, яго можна было сфальшаваць ці абвесціць незаконным. У такіх выпадках справа вырашалася звычайным сродкам - апытаннем і прысягаю сведак. Але сітуацыя пачала змяняцца ў другой палове XVI ст. - у зямельных цяжбах бакі ў абгрунтаванні сваіх пазіцый усё часцей пачалі прадстаўляць дакументы. І цяпер мінулае паглыблялася на недасяжную для памяці глыбіню. У 1551 г. полацкі святар Міхайла Фёдаравіч спасылаўся на купчую грамату свайго продка, які жыў пры Вітаўце [ПГ-1 1977: 63, № 15]. І паказаў гэты дакумент, якому было больш за 120 год! Праўда, пры гэтым заяўляльнік спасылаўся на лісты судовыя "ваяводы Полацкага нябошчыка пана Пятра Мантыгірдавіча". Хоць Пётр Янавіч Мантыгірдавіч "Белы" быў ваяводай не Полацкім, а Троцкім і маршалкам гаспадарскім (1491-1497) [Urzędnicy 1994: 222]. Як бачым, прынцып дакладнасці пісанага права тут спрацоўвала яшчэ не да канца - у тэксце ліста яўна гучыць інтэрпрэтацыя самога святара.

Калі ў XV - першай палове XVI стст. "старына" карысталася найбольшым шанаваннем, то на мяжы XVI-XVIІ стст. яе прыцягальнасць для жыхароў Вялікага Княства стала паступова блякнуць. Таксама пачала паступова размывацца такая функцыя "старыны", як магчымасць выконваць функцыю мовы міжсаслоўнай камунікацыі. Для шляхты справядлівасць чым далей, тым больш асацыявалася з прывілеямі, правамі і вольнасцямі, замацаванымі ў дакументах. Падобныя працэсы адлюстраваліся і на ўзроўні афіцыйнай мовы ўлады - гаспадары (каралі і вялікія князі) ужо не рэпрэзентавалі сябе, як абаронцаў "старыны", але гарантавалі захоўванне правоў і прывілеяў, то бок рэаліяў, адлюстраваных у пісаным праве. Жыгімонт ІІІ Ваза ў адным з прывілеяў 1589 г. абяцаў бараніць "усе правы, прывілеі і вольнасці, як публічныя, так і асабістыя" [АВАК-VII 1874: 99, № 25].


Такім чынам, няпросты працэс узаемадзеянне "старыны і "навіны" ілюструе працэс абнаўлення культуры і шляхі яе эвалюцыі. Культ "старыны" не мог перашкаджаць эвалюцыі грамадства - гэтая ментальная заслона мела некалькі шлюзаў, якімі былі рухомасць "старыны" ў часе; і этычна-ацэначныя прынцып у яе ўспрыняцці. Але кансерватыўны ідэал, які панаваў у грамадстве, прадвызначаў і своеасаблівасць сацыяльнага абнаўлення - утварыўся механізм непрыкметнай эвалюцыі [Кром 1994: 85].

Звяртаючыся да мінулага і шануючы яго, нашыя продкі няўхільна прасоўваліся па шляху мадэрнізацыі ўласнага грамадства.


Спіс крыніц і латіратуры

АВАК-VII 1874 - Акты, издаваемые Виленскою Археографическою Коммиссiею. - Вильна: Въ Типографiи А. Г. Сыркина, 1874. - T. VII: Акты Городненскаго гродскаго суда. - 614, 80 с.

Акты СВР 1964 - Акты социально-экономической истории Северо-Восточной Руси конца XIV - начала XVI вв. - М.: Изд-во АН СССР, 1964. - Т. ІІІ: Акты мелких владельцев, 1964. - 688 с.

Блок 1986 - Блок М. Феодальное общество // Блок М. Апология истории или Ремесло историка. - М.: Наука, 1986. - С. 122-181.

Ващук 2009 - Ващук Д. "Абыхмо держали ихъ подле права ихъ земъли" (Населення Київщини та Волині і великокнязівська влада в XV-XVI ст.). - Київ: Інститут історіі НАНУ, 2009. - 320 с.

Голубеў 2006 - Голубеў В. «Старына» // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. - Мн.: БелЭн, 2006. - Т. 2. - С. 630.

Грамоты ВНП 1949 - Грамоты Великого Новгорода и Пскова / Институт истории АН СССР, Ленинградское отделение; Под ред. С. Н. Валка. - М.; Л.: Изд-во АН СССР, 1949. - 407 с.

Гуревич 1972 - Гуревич А. Я. Категории средневековой культуры. - М.: Искусство, 1972. - 318 с.

Кром 1991 - Кром М. Понятие «старины» в политической и правовой культуре Великого княжества Литовского XV-XVI вв.) // Наш радавод. - Гродна: БФК, Гродз. абл. адз., 1991. - Кн. 3. - Ч. 3. - С. 540-544.

Кром 1994 - Кром М. «Старина» как категория средневекового менталитета (по материалам Великого княжества Литовского XIV - начала XVII вв.) // Mediaevalia Ucrainica: ментальність та історія ідей / НАНУ, Археографічна комісія. - Киïв, 1994. - Т. ІІІ. - С. 68-85.

Ле Гоф 1992 - Ле Гоф Ж. Цивилизация средневекового Запада. - М.: Прогресс, 1992. - 376 с.

Метрыка-560 2007 - Метрыка Вялікага княства Літоўскага: Кніга 560 (1542 год): Кніга перапісаў № 3 (копія канца XVI ст.) / Падрыхтаваў А. І. Дзярновіч. - Мн.: Беларуская навука, 2007. - 157 с.

Поліщук 2003 - Поліщук В. В. Офіційні свідки в структкрі Луцького замкового уряду до реформ 1564-1566 років (службове підпорядкування і правові послугі). Автореферат дис. … канд. іст. наук: 07.00.01 / НАН Украïни, Iнститут украïнознавства імені I. Крип'якевича, Iнститут народознавства. - Киïв, 2003. - 18 с.

ПГ-1 1977 - Полоцкие грамоты XIII - начала XVI вв. / ИИ СССР АН СССР; Сост. А. Л. Хорошкевич. - [Вып. 1]. - М., 1977. - 228 с.

ПГ-2 1978 - Полоцкие грамоты XIII - начала XVI вв. / ИИ СССР АН СССР; Сост. А. Л. Хорошкевич. - Вып. ІІ. - М., 1978. - 219 с.

РГАДА Ф. 389, спр. 560 - Расійскі Дзяржаўны Архіў Старажытных Актаў (Масква). - Ф. 389 («Литовская Метрика»). - Воп. 1. - Ч. 1. - Спр. 560.

РИБ-27 1910 - Русская историческая библиотека. - СПб.: Сенатская типография, 1910. - Т. 27: Литовская Метрика. Отдел 1. Часть 1. Книги записей. Т. 1.

Хвостова 2009 - Хвостова К. В. Византийская цивилизация как историческая парадигма. - СПб.: Алетейя, 2009. - 206 с.

Юхо 1992 - Юхо А. Я. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі: Вучэб. дапам. - Мн.: Універсітэцкае, 1992. - 270 с.

Юхо 1991 - Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. - Мн.: Беларусь, 1991. - 238 с.

Urzędnicy 1994 - Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVIII wieku. Spisy / Opracowali H. Lulewicz i A. Rachuba. - Kórnik: Biblioteka Kórnicka, 1994. - 255 s.

Zakrzewski 1985 - Zakrzewski A. Wiż w prawie Litewskim XVI w. // Czasopismo Prawno-Historyczne. - 1985. - T. XXXVII. - Z. 2. - S. 153-165.


Анатацыя

Аналіз дакументальных матэрыялаў Вялікага Княства Літоўскага XV-XVI стст. дазваляе заўважыць адну важную заканамернасць - у прынцып вялікакняскай палітыкі было ўзведзенае правіла непарушнасці "старыны", звычаяў і парадкаў, што склаліся на працягу дзесяцігоддзяў. Як абяцаў вялікі князь, "бо мы новин не уводим, а старины не рухаем". Але прынцып "старыны" быў не толькі важным элементам афіцыйнай ідэалогіі, але складаў і неад'емную рысу тагачаснай масавай свядомасці, менталітэту насельніцтва ўсёй дзяржавы.

Для ўсіх станаў насельніцтва ВКЛ "старына" была сінонімам справядлівых парадкаў, нават ідэалам, адступленне ад якога разглядалася як недапушчальныя "крыўды" і "навіны". Але для кожнага сацыяльнага слою гэтае паняцце было напоўненае сваім канкрэтным зместам. Меркавалася, што гэты "змест" - жыццёвы ўклад, вызначаны статус, аб'ёмы правоў і абавязкаў, - былі ўласцівы і дасталіся ад продкаў, канкрэтна, "бацькоў і дзядоў". Што было вельмі важна для трансляцыі сацыяльных інстытутаў. Аргументацыя "ад старыны" была ўсім зразумелай, гэтая мова звычаёвага права знітоўвала паміж сабой "нізы" і "вярхі" грамадства ў рамках неаднароднага з пункту гледжання праваўладання соцыума. "Старына", такім чынам, выступала ментальна-прававой асновай існавання грамадства.

Але самае інтрыгоўнае, што "старына" стала таксама абгрунтаваннем для шматлікіх гаспадарчых і сацыяльна-прававых навацый у Вялікім Княстве Літоўскім XVI ст. Менавіта ў той час, калі са старонак дзяржаўных актаў ВКЛ вярхоўная ўлада ў асобе вялікага князя ўсё мацней заяўляла пра вернасць традыцыям "старыны", у самім Вялікім Княстве адбываліся каласальныя сацыяльныя і палітычныя трансфармацыі.

Няпросты працэс узаемадзеянне "старыны і "навіны" ілюструе працэс абнаўлення культуры і шляхі яе эвалюцыі. Культ "старыны" не мог перашкаджаць эвалюцыі грамадства. Гэтая ментальная заслона мела некалькі шлюзаў: "старына" была рухомай у часе, пашыраючыся, звычайна, толькі на два папярэднія пакаленні; дзейнічаў этычна-ацэначныя прынцып у яе ўспрыняцці. Але кансерватыўны ідэал, які панаваў у грамадстве, прадвызначаў і своеасаблівасць сацыяльнага абнаўлення - утварыўся механізм непрыкметнай эвалюцыі

Калі ў XV - першай палове XVI стст. "старына" карысталася найбольшым шанаваннем, то на мяжы XVI-XVIІ стст. яе прыцягальнасць для жыхароў Вялікага Княства стала паступова блякнуць. Таксама пачала паступова размывацца такая функцыя "старыны", як магчымасць выконваць функцыю мовы міжсаслоўнай камунікацыі. Для шляхты справядлівасць чым далей, тым больш асацыявалася з прывілеямі, правамі і вольнасцямі, замацаванымі ў дакументах.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX